№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць (Pride and Prejudice)

Урывак з рамана

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута

Частка першая

Раздзел І

Ніхто не будзе аспрэчваць ісціну, што любы малады чалавек годнага дастатку абавязкова мае патрэбу ў жонцы.

Як бы мала не былі вядомыя пачуцці і погляды такога чалавека, што толькі-толькі пасяліўся побач, гэтая ісціна так трывала сядзіць ў галовах усіх суседзяў, што яго адразу ж пачынаюць разглядаць як законную ўласнасць не той, дык іншай сваёй дачкі.

— Мой дарагі містэр Бэнэт, — сказала аднае раніцы місіс Бэнэт свайму мужу, — ці чулі вы, што Нэзэрфілд-парк урэшце арандавалі?

Містэр Бэнэт адказаў, што пакуль не чуў.

— Дык вось, яго арандавалі, — працягнула місіс Бэнэт. — Нядаўна прыходзіла місіс Лонг і ўсё мне расказала.

Містэр Бэнэт прамаўчаў.

— Хіба вы не хочаце ведаць, хто наш новы сусед? — нецярпліва ўсклікнула яго жонка.

Вы хочаце расказаць, а я не маю нічога супраць таго, каб паслухаць.

Гэтага было дастаткова.

— Дык вось, мой дарагі, місіс Лонг сказала, што Нэзэрфілд арандаваў вельмі багаты малады чалавек з Паўночнай Англіі. Ён прыязджаў туды ў панядзелак у карэце, запрэжанай чацверыком, каб агледзець маёнтак, і быў у такім захапленні, што адразу ж дамовіўся з містэрам Морысам. Ён хоча пераехаць да Міхайлава дня, і некаторыя яго слугі будуць там ужо пры канцы наступнага тыдня.

— Як яго завуць?

— Бінглі.

— Ён жанаты?

— Ах, дарагі мой, у тым і справа, што халасты! Халасты і багаты, чатыры ці пяць тысячаў гадавога прыбытку. Якая ўдача для нашых дзяўчатак!

— Удача? А пры чым тут нашыя дзяўчаткі?

— Мой дарагі містэр Бэнэт, — адказала яго жонка, — як вы можаце быць такім нудным?! Вы ж разумееце, што я маю на ўвазе яго жаніцьбу з адной з нашых дачок.

— Думаеце, ён збіраецца сюды з такім намерам?

— Намерам? Глупства, як вы можаце так гаварыць? Але цалкам магчыма, што ён закахаецца ў адну з іх, і таму вы мусіце наведацца да яго, як толькі ён прыедзе.

— Не бачу ніякай падставы рабіць гэта. Але вы можаце схадзіць да яго з дзяўчатамі ці адправіць іх саміх. Так будзе нават лепей, а то раптам містэр Бінглі ўпадабае вас найбольш? Вы ж нічым не горшая за нашых дачок.

— Мой дарагі, вы лёсціце мне! Калісьці, безумоўна, я і мела сваю долю прыгажосці, але цяпер ужо не кваплюся на славу незвычайнае красуні. Калі ў жанчыны пяць дарослых дачок, яна мусіць забыць пра ўласную прыгажосць.

— Думаю, у жанчыны на той час застаецца не так ужо і шмат пра што забываць.

— Але, мой дарагі, вы канечне мусіце паехаць да містэра Бінглі, як толькі ён тут паселіцца.

— Ну, на гэта я наўрад ці пагаджуся, будзьце ўпэўненая.

— Але падумайце пра вашых дачок. Толькі ўявіце, як добра ўладкавалася б адна з іх. Сэр Ўільям і лэдзі Лукас адразу ж кінуцца туды выключна з тае ж прычыны. А яны ж ніколі не наведваюць новых суседзяў! Вы абавязкова паедзеце да містэра Бінглі, бо іначай мы не зможам наносіць яму візіты.

— О, вы занадта далікатная. Насмелюся дапусціць, што містэр Бінглі будзе вельмі рады бачыць вас. Да таго ж я перадам яму з вамі цыдулачку са сваім бацькоўскім блаславеннем на яго шлюб з любой маёй дачкой — на яго густ. Мабыць, варта закінуць слоўца-другое за маю маленькую Лізі.

— Спадзяюся, вы гэтага не зробіце. Лізі нічым не лепшая за астатніх, і я ўпэўненая, што яна нават напалову не такая прыгожая, як Джэйн, і напалову не такая вясёлая, як Лідзія. Але вы заўсёды аддаяце перавагу ёй.

— Ніводная з іх нічым асабліва не вылучаецца, — адказаў ён. — Яны такія ж дурныя і цёмныя, як іншыя дзяўчаты. Проста Лізі крыху больш кемлівая за ўсіх астатніх.

— Містэр Бэнэт, як вы можаце так зневажаць уласных дзяцей? Вам проста падабаецца раздражняць мяне! Вы зусім не шкадуеце мае змучаныя нервы!

— Вы памыляецеся, мая дарагая. Я вельмі пачціва стаўлюся да вашых нерваў. Яны мае старыя сябры. Вы няспынна расказваеце мне пра іх апошнія дваццаць гадоў.

— Ах, вы нават не ўяўляеце, як я пакутую.

— Але я спадзяюся, усё палепшыцца, і вы дажывяце да таго часу, калі ў ваколіцы паселіцца безліч маладых людзей з прыбыткам чатыры тысячы на год.

— Хай іх будзе нават дваццаць, ніякае нам з гэтага карысці. Вы ж не захочаце да іх паехаць!

— Ну, калі ўжо іх будзе дваццаць, я збяруся і аб’еду іх усіх.

Містэр Бэнэт так нечакана спалучаў у сабе жывы розум, саркастычны гумар, стрыманасць і дзівацтва, што яго жонка нават пасля дваццаці трох гадоў сумеснага жыцця не магла яго зразумець. Зразумець яе характар было нашмат прасцей. Яна была жанчынай з пасрэдным розумам, слабой дасведчанасцю і няўстойлівым настроем. Калі яна была чымсьці незадаволеная, то лічыла, што ў яе праблемы з нервамі. Мэтай яе жыцця было выдаць дачок замуж, адзінай яе ўцехай — візіты і навіны.

 

Раздзел ІІ

Насамрэч містэр Бэнэт наведаў містэра Бінглі адным з першых. Ён ад пачатку збіраўся гэта зрабіць, хаця і ўпэўніваў жонку ў адваротным. Да самага вечара таго дня, калі візіт адбыўся, місіс Бэнэт нічога не ведала. Праўда адкрылася наступным чынам: назіраючы за тым, як яго другая дачка ўпрыгожвае капялюшык, містэр Бэнэт нечакана прамовіў:

— Спадзяюся, Лізі, містэру Бінглі спадабаецца.

— Наўрад ці мы даведаемся, што падабаецца містэру Бінглі! — пакрыўджана сказала яе маці. — Мы ж не зможам наведаць яго.

— Але вы забылі, мама, — запярэчыла Элізабэт, — што мы зможам сустрэць яго на балі і што місіс Лонг абяцала нас пазнаёміць.

— Не думаю, што місіс Лонг гэта зробіць. У яе самой дзве пляменніцы. Яна двудушная эгаістка, вось што я пра яе думаю!

— Цалкам з вамі згодны, — зазначыў містэр Бэнэт, — і я вельмі рады, што ў гэтай справе вы не будзеце ад яе залежаць.

Місіс Бэнэт не дала сабе клопату адказаць, але не маючы сіл стрымлівацца, накінулася на адну са сваіх дачок.

— Богам прашу, Кіці, перастань так кашляць! Пашкадуй урэшце мае нервы! Ты проста раздзіраеш іх сваім кашлем!

— Сапраўды, Кіці, ты кашляеш вельмі несвоечасова, — сказаў бацька. — Да кашлю варта ставіцца больш сур’ёзна.

— Я кашляю не таму, што мне так падабаецца, — раздражнёна адказала Кіці.

— Лізі, калі ў вас наступны баль?

— Праз два тыдні.

— Вось жа! — усклікнула маці. — Місіс Лонг вернецца толькі за дзень да балю, а значыць, яна не зможа нас прадставіць. Яна і сама не паспее з ім пазнаёміцца!

— Тады, дарагая, вы можаце зрабіць ёй паслугу і сама пазнаёміць яе з містэрам Бінглі.

— Гэта немагчыма, містэр Бэнэт, проста немагчыма, бо я ж сама яго не ведаю. Як вы можаце так з мяне здзекавацца?

— Я ў захапленні ад вашае абачлівасці. Два тыдні — гэта, безумоўна, зусім няшмат. Немагчыма па-сапраўднаму зразумець чалавека праз два тыдні знаёмства. Але калі мы не пазнаёмім яе з містэрам Бінглі, гэта зробіць хто-небудзь яшчэ. Думаю, яе дзяўчаты таксама могуць паспытаць шчасця. Упэўнены, яна будзе вельмі ўдзячная, і калі вы адмовіцеся ад гэтага пачэснага абавязку, я згодны ўзяць яго на сябе.

Дзяўчаты здзіўлена паглядзелі на свайго бацьку. Місіс Бэнэт ускрыкнула:

— Якое глупства!

— Што вы хочаце падкрэсліць такім сваім абурэннем? — здзівіўся ён. — Няўжо вы лічыце глупствам неабходнасць знаёміцца з новым чалавекам, трымаючыся пры гэтым пэўных усталяваных традыцыяй правілаў? Не магу з вамі цалкам пагадзіцца. Што ты думаеш з гэтай нагоды, Мэры? Ты ж у нас паненка глыбокага розуму, чытаеш сур’ёзныя кнігі і робіш выпіскі.

Мэры хацела адказаць што-небудзь разумнае, але не змагла нічога прыдумаць.

— Пакуль Мэры збіраецца з думкамі, — працягваў бацька, — давайце вернемся да містэра Бінглі.

— Гэты містэр Бінглі мне ўжо дадзеў! — усклікнула яго жонка.

— Шкада, што вы не сказалі гэта крыху раней. Калі б вы папярэдзілі мяне ўранку, я нізашто не паехаў бы да яго. На жаль, я ўжо нанёс яму візіт і цяпер пазбегнуць гэтага знаёмства няма ніякай мажлівасці.

Містэр Бэнэт атрымаў тое, чаго жадаў, — дамы былі надзвычай уражаныя, і місіс Бэнэт больш за ўсіх. Калі крыкі радасці крыху суцішыліся, яна пачала сцвярджаць, што менавіта гэтага і чакала.

— О, які вы добры, мой дарагі містэр Бэнэт! Я ведала, што ўрэшце пераканаю вас! Я не сумнявалася, што вы любіце сваіх дачок і не адмовіцеся ад такога знаёмства. О, як жа я рада! Як добра вы пажартавалі, пабываўшы ранкам у Нэзэрфілдзе і нічога нам не сказаўшы!

— Цяпер, Кіці, можаш кашляць колькі заўгодна, — сказаў містэр Бэнэт і пакінуў пакой, стомлены бурнай радасцю свае жонкі.

— Які цудоўны ў вас бацька, дзяўчаткі! — сказала яна, як толькі дзверы зачыніліся. — Нават не ведаю, як вы аддзячыце яму за такую дабрыню, ды і мне таксама. У нашыя гады, мушу прызнацца, не так ужо і прыемна кожны дзень заводзіць новыя знаёмствы. Але дзеля вас мы мусім ісці на ахвяры. Лідзія, мілая, хаця ты самая малодшая, думаю, містэр Бінглі будзе танчыць на наступным балі з табой.

— Ну і што! — смела прамовіла Лідзія. — Хай сабе я самая малодшая, затое я самая высокая.

Рэшта вечара прайшла ў абмеркаванні таго, як хутка містэр Бінглі верне ім візіт і праз які час варта будзе запрасіць яго на абед.

 

Раздзел ІІІ

Колькі ні спрабавала місіс Бэнэт разам са сваімі пяццю дочкамі выпытаць у мужа, як выглядае містэр Бінглі, ніякага больш-менш здавальняючага апісання выцягнуць з яго не атрымалася. Яны выкарысталі ўсе магчымыя тактыкі: наўпростыя пытанні, адцягненыя меркаванні, размовы здалёк — усё было марна: містэр Бэнэт не трапляў ні ў адну пастку, і яны былі вымушаныя задаволіцца звесткамі з другіх рук, атрыманымі ад суседкі, лэдзі Лукас. Яе водгук быў вельмі ухвальны. Сэр Ўільям быў у захапленні ад містэра Бінглі. Ён досыць малады, надзвычай прывабны, бязмежна прыязны і ў дадатак збіраецца быць на наступным балі разам з вялікай кампаніяй.

Лепшага і чакаць было нельга! Той, хто любіць танчыць, лёгка можа закахацца, і таму на сэрца містэра Бінглі строіліся самыя смелыя планы.

— Калі адна з маіх дачок стане шчаслівай гаспадыняй Нэзэрфілда, — казала місіс Бэнэт свайму мужу, — і астатнія таксама знойдуць сабе не горшую партыю, мне большага і не трэба.

Праз некалькі дзён містэр Бінглі вярнуў містэру Бэнэту візіт і дзесяць хвілін праседзеў з ім у бібліятэцы. Містэр Бінглі песціў надзею быць дапушчаным да маладых паненак, пра прыгажосць якіх ён так шмат чуў, але змог сустрэцца толькі з іх бацькам. Паненкам пашчасціла больш, бо, пазіраючы з верхняга акна, яны мелі магчымасць даведацца, што на ім быў сіні сурдут і што ён прыехаў на чорным кані.

Хутка пасля гэтага містэру Бінглі паслалі запрашэнне на абед. Місіс Бэнэт ужо склала меню, якое мела зрабіць гонар яе ўменню весці хатнюю гаспадарку, калі раптам прыйшоў адказ, які руйнаваў усе яе планы. Містэр Бінглі быў змушаны ад’ехаць на наступны дзень у Лондан і таму, на вялікі жаль, быў пазбаўлены шчасця прыняць запрашэнне і г.д., і г.д. Місіс Бэнэт была збянтэжаная — яна не магла ўявіць, якія такія справы клічуць яго ў горад адразу пасля прыезду ў Хартфардшыр, і пачала ўжо хвалявацца, што ён будзе пераязджаць з месца на месца, так і не ўладкаваўшыся ў Нэзэрфілдзе як мае быць. Лэдзі Лукас крыху супакоіла яе, сказаўшы, што, магчыма, ён паехаў у Лондан па сваіх сяброў, з якімі збіраецца наведацца на баль. Праз некаторы час разышліся чуткі, нібыта ён прывязе з сабой дванаццаць дамаў і сем джэнтльмэнаў. Колькасць дамаў надзвычай расстроіла дзяўчат, але за дзень да балю іх супакоіла новая вестка, што дамаў будзе не дванаццаць, а ўсяго шэсць — пяць яго сёстраў і адна кузіна. Калі ж уся кампанія ўвайшла ў бальную залю, апынулася, што гасцей усяго пяцёра — сам містэр Бінглі, дзве яго сястры, муж старэйшай з іх і яшчэ адзін малады чалавек.

Містэр Бінглі быў вельмі прыемным і шляхетным джэнтльмэнам прывабнага выгляду і з нязмушанымі манерамі, яго сёстры — вытанчанымі і свецкімі. Яго зяць, містэр Хёрст, выглядаў як джэнтльмэн — і толькі, затое яго сябар, містэр Дарсі, хутка забраў увагу ўсіх прысутных дзякуючы сваёй высокай і статнай паставе, правільным рысам, арыстакратычнаму абліччу, а таксама чутцы, якая ўжо праз пяць хвілін пасля яго з’яўлення абляцела ўсю залю, што яго маёнтак прыносіць дзесяць тысячаў фунтаў на год Джэнтльмэны пачалі лічыць яго вартай асобай, дамы пастанавілі, што ён нават прывыбнейшы за містэра Бінглі, і глядзелі на яго з глыбокім захапленнем амаль палову вечара. Аднак праз некаторы час усеагульнае захапленне сышло на нішто — пачалі гаварыць, што ён занадта пыхлівы, што лічыць ніжэй за свой гонар з кімсьці размаўляць і ўвогуле весяліцца, і нават значная маёмасць у Дэрбішыры не магла ўпрыгожыць яго змрочны і непрыязны выгляд і ўратаваць ад незайздросных параўнанняў з сябрам.

Містэр Бінглі хутка пазнаёміўся амаль з усімі паважанымі гасцямі. Ён быў жыццярадасны і адкрыты, не прапускаў ніводнага танцу, расстроіўся, што баль мусіць скончыцца так рана, і сказаў, што варта было б зладзіць яшчэ адзін у Нэзэрфілдзе. Яго выключныя якасці гаварылі самі за сябе. Як жа ён адрозніваецца ад свайго сябра! Містэр Дарсі танчыў толькі двойчы — адзін раз з місіс Хёрст і адзін раз з міс Бінглі, адмовіўся знаёміцца з іншымі дамамі і правёў большую частку вечара, шпацыруючы па залі і зрэдку перакідваючыся словам-другім са сваімі сябрамі. Яго характар быў акрэслены. Ён быў самым пыхлівым, самым непрыемным чалавекам на свеце, і ўсе спадзяваліся, што больш ніколі яго не ўбачаць. Самым лютым яго ворагам апынулася місіс Бэнэт: абурэнне гэтай дамы паводзінамі містэра Дарсі вырасла яшчэ больш, калі ён пагрэбаваў адной з яе дачок.

Праз недахоп кавалераў Элізабэт Бэнэт была вымушаная праседзець два танцы. Непадалёк ад яе стаяў містэр Дарсі, і яна выпадкова пачула яго размову з містэрам Бінглі, які скарыстаўся хвіліннай перадышкай, каб угаварыць сябра далучыцца да танцаў.

— Давай, Дарсі, — сказаў ён. — Я павінен прымусіць цябе танчыць. Я проста не магу бачыць, як ты стаіш тут, нібы слуп. Напраўду, запрасі каго-небудзь.

— Гэта абсалютна немагчыма. Ты ж ведаеш, я не люблю танчыць з дамамі, з якімі блізка не знаёмы. А на такім балі гэта будзе ўвогуле невыносна. Твае сёстры ўжо ангажаваныя, а апрача іх тут няма ніводнае жанчыны, танчыць з якой не было б для мяне пакутай.

— Нізашто на свеце не хацеў бы я быць такім прыдзірлівым, як ты, — усклікнуў містэр Бінглі. — Слова гонару, я ніколі раней не сустракаў столькі прывабных паненак, і некаторыя з іх напраўду прыгожыя.

— Ты танчыш з адзінай прывабнай паненкай у гэтай залі, — сказаў містэр Дарсі, пазіраючы на старэйшую міс Бэнэт.

— О, яна — найпрыўкраснейшае стварэнне, якое я бачыў! Але акурат за табой сядзіць адна з яе сёстраў, яна таксама вельмі мілая і, дазволю сабе сказаць, вельмі прыемная. Дазволь я папрашу маю даму пазнаёміць вас?

— Каторую ты маеш на ўвазе? — павярнуўшы галаву, Дарсі зірнуў на Элізабэт, але заўважыўшы, што яна таксама глядзіць на яго, тут жа адвярнуўся і халодна заўважыў: — Ну... цярпець можна, але яна не настолькі прыгожая, каб мяне завабіць. Я не маю настрою быць суцяшэннем паненцы, якой пагрэбавалі іншыя кавалеры. А таму лепш вяртайся да сваёй дамы, якая так міла табе ўсміхаецца, і не марнуй на мяне часу.

Бінглі ахвотна скарыстаўся гэтай парадай, яго сябар адышоў у іншы бок залі, а Элізабэт засталася на месцы, маючы да містэра Дарсі не самыя прыязныя пачуцці. Тым не менш яна з вялікім задавальненнем расказала гэтую гісторыю сваім сяброўкам, бо мела жыццярадасны і гарэзлівы нораў і сама любіла пакепліваць.

Уся сям’я прыемна прабавіла гэты вечар. Місіс Бэнэт бачыла, што нэзэрфілдская кампанія вельмі цёпла прымае яе старэйшую дачку: містэр Бінглі двойчы танчыў з ёй, яго сёстры таксама добра да яе паставіліся. Джэйн была задаволеная не менш за сваю маці, хаця і не выяўляла сваёй радасці так бурна. Элізабэт была радая за Джэйн. Мэры пачула, як нехта ў размове з міс Бінглі назваў яе самай адукаванай паненкай у ваколіцы. Кэтрын і Лідзіі пашчасціла не прапусціць ніводнага танцу — жадаць ад балю большага яны пакуль не навучыліся. Такім чынам, усе вярнуліся ў Лонгбарн — вёску, у якой жылі і дзе былі адной з самых паважаных сем’яў, — у найлепшым настроі. Містэр Бэнэт яшчэ не спаў. Сеўшы з кнігай, ён не заўважаў, як ляціць час, да таго ж, яму было вельмі цікава, як прайшоў вечар, на які яго сям’я так спадзявалася. Ён амаль чакаў, што яго жонка вернецца расчараванай, але хутка зразумеў, што яму давядзецца пачуць штосьці зусім іншае.

— О, мой дарагі містэр Бэнэт! — усклікнула яго жонка, ледзь зайшоўшы ў пакой. — Гэта быў надзвычай цудоўны вечар і надзвычай чароўны баль! Ах, калі б вы толькі там былі! Вы нават уявіць сабе не можаце, як захапляліся Джэйн! Усе казалі, якая яна прыгожая, а містэр Бінглі палічыў яе красуняй і двойчы з ёй танчыў! Падумаць толькі, мой дарагі, ён і праўда танчыў з ёй двойчы! І яна была адзінай, каго ён запрасіў два разы! Спачатку ён танчыў з міс Лукас. Я так абурылася, калі ўбачыла іх у пары! Аднак насамрэч ён не звярнуў на яе ніякай ўвагі — дый хто б звярнуў! Здаецца, Джэйн уразіла яго, як толькі пачаліся танцы. Таму ён дазнаўся, хто яна такая, папрасіў прадставіць яго і адразу ж запрасіў на два танцы! Пасля ён запрасіў міс Кінг, а за ёй — Мэраю Лукас, наступныя два танчыў зноў з Джэйн, пасля — з Лізі, а вось буланжэ ён танчыў...

— Калі б у яго было да мяне хоць крыху літасці, — нецярпліва перабіў яе муж, — ён танчыў бы ўдвая меней! Богам малю, хопіць пералічаць усіх яго дамаў. Хай бы ён вывіхнуў нагу пасля першага танцу!

— Але мой дарагі, я ў захапленні ад яго! Ён надзвычай прыемны малады чалавек! І яго сёстры такія чароўныя! Я ніколі не бачыла нічога больш выкшталцонага за іх строі! Мушу сказаць, карункі на ўбранні місіс Хёрст...

Тут яе зноў перарвалі: містэр Бэнэт быў рашуча супраць любых апісанняў строяў. Яго жонцы давялося шукаць іншую тэму, і яна з усёй зласлівасцю і некаторымі перабольшаннямі абрынулася на містэра Дарсі і яго абуральную грубасць.

— Але будзьце ўпэўнены, — скончыла яна, — Лізі няшмат страціла ад таго, што не дагадзіла яго густу. Ён надзвычай непрыемны і агідны чалавек, зусім не варты ўвагі. Гэтага пыхлівага і самазадаволенага Дарсі ніхто цярпець не можа! Ён шпацыраваў сабе туды-сюды, думаючы, што ён тут вышэйшы за ўсіх! Не настолькі прыгожая, каб з ім танчыць... Хацела б я, каб вы былі там і асадзілі яго, як вы гэта ўмееце! Не выношу гэтага чалавека!

 

Раздзел IV

Застаўшыся сам-насам з Элізабэт, Джэйн, да гэтага стрыманая ў пахвалах містэру Бінглі, расказала сястры, як моцна ён ёй спадабаўся.

— Ён менавіта такі, якім мусіць быць малады чалавек, — казала яна, — разумны, добры, жыццярадасны. Ні ў кога раней я не бачыла такіх цудоўных манераў — нязмушаных, але разам з тым такіх высакародных!

— Да таго ж, ён прыгожы, — адказала Элізабэт, — такі, якім і мае быць малады мужчына, калі толькі можа. А значыць, яго можна лічыць дасканалым.

— Мне было вельмі прыемна, калі ён другі раз запрасіў мяне на танец. Я гэтага зусім не чакала.

— Не чакала? Затое я чакала. У гэтым і палягае асноўнае адрозненне паміж намі. Прыязнасць і ўвага заўсёды здаюцца табе нечаканасцю, мне ж — ніколі. Што магло быць для яго больш натуральным, чым запрасіць цябе на другі танец? Ён не мог не заўважыць, што ты разоў у пяць прыгажэйшая за любую іншую жанчыну ў зале. Справа не ў яго ветлівасці. Хаця, канечне, ён вельмі прыемны, і я не супраць, што ты яго ўпадабала. Табе падабаліся і большыя дурні.

— Мілая Лізі!

— О, ты ж ведаеш, у цябе сапраўдны талент захапляцца людзьмі. Ты ніколі не бачыш у іх ніякіх недахопаў — у тваіх вачах увесь свет добры і прыязны. Ты ні разу ў жыцці ні пра кога не адазвалася кепска!

— Не варта спяшацца і кагосьці асуджаць. Але я заўсёды гавару тое, што думаю.

— А як жа іначай? Менавіта гэта найбольш мяне ўражвае. Як ты з тваім здаровым сэнсам можаш не заўважаць неразумнасць і бязглуздасць некаторых людзей? Паказная дабрыня нікога не здзівіць — яна паўсюль. Але толькі ты ўмееш з усёй шчырасцю, без аніякага разліку ці крывадушнасці бачыць у чалавеку толькі найлепшыя якасці, нават перабольшваць іх і не заўважаць нічога дрэннага. А сёстры містэра Бінглі табе таксама спадабаліся? Яны паводзілі сябе зусім не так, як ён.

— Безумоўна, не з першага погляду. Але пагаварыўшы з імі, я зразумела, што яны таксама вельмі прыязныя. Міс Бінглі збіраецца пасяліцца разам з братам і весці яго гаспадарку. Думаю, я не памылюся, калі скажу, што мы знойдзем у яе асобе вельмі прыемную суседку.

Хаця Элізабэт не пярэчыла сястры, пагадзіцца з ёй яна не магла: сёстры містэра Бінглі нават не спрабавалі стварыць на балі добрае ўражанне. Больш назіральная і менш памяркоўная, чым яе сястра, да таго ж не абмежаваная ў сваіх разважаннях сімпатыяй да кагосьці, Элізабэт была вельмі далёкая ад таго, каб захапляцца імі. Насамрэч, сёстры містэра Бінглі былі вельмі вытанчанымі дамамі, нават па-свойму добрымі, калі ўсё іх задавальняла, і досыць ветлівымі, калі ў іх было такое жаданне, але ганарлівымі і фанабэрлівымі. Яны абедзве былі прывабныя, атрымалі выхаванне ў адным з найлепшых прыватных пансіёнаў, валодалі дваццацю тысячамі фунтаў, трацілі больш грошаў, чым было варта, стасаваліся толькі з людзьмі свайго кола і мелі, такім чынам, усе падставы трымацца высокага пра сябе і нізкага — пра ўсіх астатніх. Яны паходзілі з паважанай сям’і Паўночнай Англіі — і гэтая акалічнасць нашмат лепш замацавалася ў іх памяці, чым тая, што сваім багаццем яны і іх брат абавязаныя гандлю.

Містэр Бінглі атрымаў у спадчыну каля ста тысячаў фунтаў. Яго бацька збіраўся набыць маёнтак, але не паспеў гэтага зрабіць. Сам Бінглі меў такі самы намер і нават ездзіў з гэтай мэтай у роднае графства. Але цяпер, калі ён пасяліўся ва ўтульным доме і меў права паляваць на сваіх землях, ніхто з яго сяброў, якія добра ведалі яго бестурботны характар, не сумняваўся, што ён застанецца ў Нэзэрфілдзе да канца сваіх дзён і пакіне справу заснавання маёнтку Бінглі сваім нашчадкам.

Яго сёстрам вельмі хацелася, каб ён займеў уласны фальварак, але, нягледзячы на тое, што пакуль ён быў усяго толькі арандатарам, міс Бінглі не збіралася адмаўляцца ад ролі гаспадыні за яго сталом. Місіс Хёрст, якая выйшла замуж за чалавека хутчэй бліскучага, чым багатага, таксама была не супраць таго, каб лічыць яго дом сваім, калі ў гэтым была патрэба. Містэр Бінглі ўсяго два гады як увайшоў ва ўзрост, калі па выпадковай рэкамендацыі наведаў Нэзэрфілд-хаўз. Ён за паўгадзіны агледзеў дом і, цалкам задаволены яго размяшчэннем і ўбраннем пакояў, а таксама тымі перавагамі, пра якія паведаміў яго гаспадар, адразу ж арандаваў маёнтак.

Нягледзячы на розныя характары, паміж ім і Дарсі ўсталявалася цеснае сяброўства. Дарсі цаніў Бінглі за яго адкрыты, бестурботны і памяркоўны нораў, хаця яго ўласны характар, быць незадаволеным якім у яго не мелася ніводнае падставы, быў цалкам процілеглы. Бінглі заўсёды давяраў меркаванням Дарсі і лічыўся з любымі яго суджэннямі. Дарсі меў больш глыбокую здольнасць да асэнсавання, і хаця Бінглі ніякім чынам не быў чалавекам абмежаваным, з іх дваіх менавіта Дарсі быў сапраўды разумным. У той самы час Дарсі быў напышлівы, замкнёны і пагардлівы, а яго манеры, якія хай сабе і сведчылі пра добрае выхаванне, не выклікалі ніякае прыхільнасці. У гэтым плане яго сябар меў перад ім значную перавагу. Бінглі падабаўся ўсім, з кім ён толькі сустракаўся, Дарсі ж часта адштурхоўваў ад сябе тых, хто быў навокал.

Іх меркаванні пра мерытанскі баль былі вельмі паказальныя. Бінглі яшчэ ніколі ў жыцці не сустракаў такіх прыемных людзей і такіх мілых паненак, усе паставіліся да яго надзвычай добра і ўважліва, ён не адчуў ніякай няёмкасці і цырымоннасці і вельмі хутка сышоўся з усімі прысутнымі. Што ж датычыць міс Бэнэт, то ён нават не мог уявіць, што такая анёльская прыгажосць існуе на свеце. Дарсі ж, наадварот, бачыў вакол сябе людзей непрыемных і безгустоўных, сярод якіх не было нікога, хто зацікавіў бы яго ці паставіўся б да яго з прыхільнасцю. Міс Бэнэт ён прызнаў мілаю, але яна зашмат усміхалася.

Місіс Хёрст і яе сястра дапусцілі, што ён мае рацыю, але прызналі міс Бэнэт мілай і прыемнай і абвясцілі, што яна проста чароўная і яны не супраць надалей падтрымліваць з ёй знаёмства. Такім чынам, міс Бэнэт засталася чароўнай паненкай, і іх брат пачуваўся вольным ставіцца да яе, як яму будзе заўгодна.

 

Раздзел V

Непадалёк ад Лонгбарна жыла сям’я, з якой Бэнэты сябравалі асабліва цесна. Сэр Ўільям Лукас калісьці займаўся ў Мерытане гандлем і прыдбаў такім чынам пэўнае багацце. Калі ён выконваў абавязкі мэра, то звярнуўся ад імя гараджанаў да караля і атрымаў з гэтай нагоды рыцарскае званне. Аднак ён прыняў гэты гонар надта блізка да сэрца: ён пачаў пагардліва ставіцца да свайго ранейшага занятку і ладу жыцця ў маленькім гандлёвым гарадку. Кінуўшы і тое, і другое, ён разам са сваёй сям’ёй пераехаў у дом, які з таго часу пачаў звацца Лукас-Лодж, за мілю ад Мерытана. У гэтым доме ён мог з задавальненнем аддацца думкам пра ўласную значнасць і, вызваліўшыся ад неабходнасці весці справы, заняцца на самоце выкананнем абавязкаў самага ветлівага ў свеце гаспадара, бо, нягледзячы на свой новы статус, сэр Ўільям зусім не зафанабэрыўся. Наадварот, ён ставіўся да ўсіх нязменнай увагай. Прадстаўленне да двара ў Сэнт-Джэймсе зрабіла яго, па прыродзе сваёй бяскрыўднага, добразычлівага і далікатнага, яшчэ больш выкшталцона пачцівым.

Лэдзі Лукас была добрай жанчынай, але не настолькі разумнай, каб не быць для місіс Бэнэт каштоўнай суседкай. У Лукасаў было некалькі дзяцей. Старэйшая дачка, разважлівая і кемлівая маладая жанчына дваццаці сямі гадоў, была блізкай сяброўкай Элізабэт.

Паненкі Лукас і паненкі Бэнэт абавязкова мусілі пагаварыць пра баль, а таму ўжо наступнай раніцай першыя апынуліся ў Лонгбарне, гатовыя слухаць і расказваць.

— Для вас, Шарлота, вечар пачаўся проста цудоўна, — з зайздроснай вытрымкай сказала місіс Бэнэт, — бо менавіта з вамі містэр Бінглі танчыў першы танец.

— Але, здаецца, другая дама спадабалася яму больш.

— Ах, вы гаворыце так пра Джэйн, бо ён танчыў з ёй двойчы? Шчыра кажучы, выглядае на тое, што ён сапраўды ўпадабаў яе, так, я думаю, упадабаў, бо я штосьці чула пра гэта — не помню дакладна, што, — у сувязі з містэрам Робінсанам.

— Вы, мабыць, маеце на ўвазе яго размову з містэрам Робінсанам, якую я выпадкова пачула. Няўжо я не расказвала? Містэр Робінсан пачаў яго распытваць, ці спадабаўся яму наш мерытанскі баль і ці не падаецца яму, што ў зале сабралася вельмі шмат прыгожых паненак, а таксама якая з іх падалася яму найпрыгажэйшай, і містэр Бінглі тут жа адказаў на апошняе пытанне: “Безумоўна, старэйшая міс Бэнэт — двух меркаванняў тут быць не можа”.

— Дальбог, вельмі рашуча сказана! Здаецца нават, што... Хаця не, ведаеце, з гэтага можа нічога не атрымацца...

— Здаецца, у падслухоўванні мне пашчасціла больш за цябе, Эліза, — сказала Шарлота. — Містэр Дарсі менш за свайго сябра варты таго, каб яго падслухалі. Бедная Эліза — цябе ўсяго толькі “можна цярпець”.

— Прашу вас, не трэба ўбіваць ёй у галаву, што варта браць да ўвагі яго дурныя словы. Ён такі непрыемны чалавек! Спадабацца яму было б сапраўдным няшчасцем. Місіс Лонг сказала мне ўчора вечарам, што ён паўгадзіны сядзеў побач з ёй і за гэты час не сказаў ёй ні слова.

— Вы ўпэўнены? Ці няма тут якой памылкі? — спытала Джэйн. — Я сама бачыла, як містэр Дарсі размаўляў з ёй.

— Ну так, яна нарэшце спытала ў яго, ці спадабаўся яму Нэзэрфілд, і яму нічога не заставалася, як адказаць на гэтае пытанне. Па яе словах, ён зрабіў гэта вельмі раздражнёна.

— Міс Бінглі сказала мне, — зазначыла Джэйн, — што ён ніколі не размаўляе шмат ні з кім, апроч сваіх блізкіх знаёмых. Але ўжо з імі ён у найвышэйшай ступені прыязны.

— Ды я ніколі ў гэта не паверу, мая дарагая. Калі ён быў такі ўжо прыязны, ён пагутарыў бы з місіс Лонг. Але я здагадваюся, у чым тут справа. Усе гавораць, нібыта яго проста раздзімае ад пыхлівасці, і я не сумняюся, што ён неяк дазнаўся, што місіс Лонг не трымае экіпажа і што на баль яна прыбыла ў наёмнай карэце.

— Мяне не турбуе яго нежаданне размаўляць з місіс Лонг, — сказала міс Лукас, — але хай бы ён патанчыў з Элізай.

— Я б на тваім месцы, Лізі, — сказала маці, — наступным разам сама б адмовілася з ім танчыць.

— Мяркую, што я магу з усёй упэўненасцю паабяцаць вам ніколі з ім не танчыць.

— Пыха ў гэтым выпадку, — сказала міс Лукас, — дадзявае мне менш, чым звычайна, бо яе цалкам можна прабачыць. Што тут дзівіцца, калі такі цудоўны малады чалавек, у якога ёсць імя, маёмасць і ўсё, чаго яму зажадаецца, трымаецца высокага пра сябе меркавання. Ён, так бы мовіць, мае поўнае права ганарыцца сабой.

— Усё гэта так, — адказала Элізабэт, — і я з лёгкасцю прабачыла б яго гордасць, калі б ён не абразіў маю.

— Гордасць, — заўважылі Мэры з захапленнем ад грунтоўнасці сваіх развагаў, — падаецца мне вельмі распаўсюджанай заганай. Усе прачытаныя мной кнігі даюць мне падставу сцвярджаць, што яна напраўду вельмі распаўсюдзілася, што чалавек мае да яе надзвычайную прыродную схільнасць і што мала хто сярод нас не пястуе ў душы пачуцця самазадаволенасці дзякуючы нейкай сваёй якасці, рэальнай ці выдуманай. Пыхлівасць і гордасць, між іншага, — вельмі розныя рэчы, нягледзячы на тое, што словы гэтыя часта ўжываюцца як сінонімы. Чалавек можа ганарыцца сабой і не быць пыхлівым. Гордасць — гэта пачуццё, звязанае з нашым меркаваннем пра сябе, пыхлівасць — з тым меркаваннем пра нас, якое мы хочам навязаць іншым.

— Калі б я быў такі багаты, як містэр Дарсі, — ускрыкнуў юны Лукас, што суправаджаў сёстраў, — то не хваляваўся б наконт сваёй пыхлівасці, а завёў бы зграю лісіных ганчакоў і кожны дзень распіваў бы бутэлечку віна.

— Калі б ты піў больш, чым трэба, — сказала місіс Бэнэт, — і калі б я цябе за гэтай справай заўважыла, я б адразу ж адабрала ў цябе бутэльку!

Хлопчык заспрачаўся, гаворачы, што не адабрала б, яна настойвала на тым, што адабрала б, і скончылася спрэчка толькі з ад’ездам гасцей.

Раздзел VI

Лонгбарнскія лэдзі ў хуткім часе наведалі нэзерфілдскіх дамаў, і візіт быў вернуты самым належным чынам. Прыемныя манеры міс Бэнэт зрабілі добрае ўражанне на місіс Хёрст і міс Бінглі, і хаця яны знайшлі маці невыноснай, а малодшых сёстраў — не вартымі таго, каб з імі гаварылі, старэйшым дочкамі далі зразумець, што з імі жадаюць пазнаёміцца бліжэй. Такая ўвага была прынятая Джэйн з вялікай прыемнасцю, аднак Элізабэт усё яшчэ бачылася фанабэрлівасць у іх стаўленні да іншых, у тым ліку нават да яе сястры, і яна прыняла іх з большай стрыманасцю; тым не менш яна ацаніла іх добразычлівае стаўленне да Джэйн, бо палічыла, што схільнасць іх брата адыгрывае тут не апошнюю ролю. Схільнасць гэтую заўважаў любы, хто бачыў іх разам, а Элізабэт заўважала яшчэ і тое, што Джэйн пачала паддавацца прыхільнасці, якую яна адчувала да яго ад пачатку знаёмства, і была гатовая вось-вось закахацца ў яго. З задавальненнем адзначала Элізабэт яшчэ і тое, што свет наўрад ці здолее гэта заўважыць, бо сіла пачуцця сястры лучылася з ураўнаважанасцю і заўсёднымі нязмушанымі манерамі, што мусіла адвесці ад яе любыя падазрэнні ў чымсьці недарэчным. Яна падзялілася сваімі думкамі з сяброўкай, міс Лукас.

— Мабыць, ёсць некаторая прыемнасць, — адказала ёй Шарлота, — ва ўменні добра трымацца ў такой сітуацыі на людзях. Але часам такая вытрымка — гэта хутчэй перашкода. Жанчына, з такім уменнем хаваючы сваю схільнасць не толькі ад свету, але і ад таго, на каго яна скіраваная, губляе магчымасць прывязаць яго да сябе, і ў такім выпадку яе слаба суцешыць думка пра тое, што свет таксама нічога не заўважыў. Любая прыхільнасць мае нешта ад удзячнасці альбо пыхі, а таму вельмі небяспечна пакідаць пачуццё на волю лёсу. Прыхільнасці з’яўляюцца нярэдка, бо што можа быць натуральнейшым за лёгкае захапленне? Але каму з нас стане сілаў на глыбокае каханне, калі яно не сустракае падтрымкі? У дзевяці выпадках з дзесяці жанчына дэманструе большую прыхільнасць, чым мае напраўду. Несумненна, Бінглі ўпадабаў тваю сястру, але калі яна не дапаможа яму, далей справа не зварухнецца.

— Але яна дапамагае яму настолькі, наколькі дазваляе яе характар. І калі я магу заўважыць яе сімпатыю, а ён — не, то ён надта недалёкі.

— Але не забывай пра тое, Эліза, што ён не ведае яе так, як ты.

— Калі жанчына ставіцца да мужчыны неабыякава і не спрабуе гэтага схаваць, ён мусіць нешта зразумець.

— Гэта цалкам магчыма, калі ён шмат яе бачыць. Аднак хаця Бінглі і Джэйн бачацца дастаткова часта, яны ніколі не бываюць разам па некалькі гадзінаў: сустракаючыся на балях і іншых мнагалюдных імпрэзах, яны не могуць кожны момант сваёй сустрэчы прысвяціць адно аднаму. А таму Джэйн варта як мага лепш выкарыстоўваць кожную хвіліну сустрэчы, калі яна можа завалодаць яго ўвагай. У яе будзе досыць часу закахацца самой, наколькі ёй заманецца, калі яна будзе ўпэўненая ў яго пачуццях.

— Някепскі план, — адказала Элізабэт, — для тых, хто хоча толькі аднаго: удала выйсці замуж. І калі б я вырашыла здабыць багатага мужа — ці мужа ўвогуле, — я б, мабыць, так і зрабіла. Але Джэйн адчувае іначай — у яе няма ніякага плану. Яна пакуль не можа быць упэўненая ні ў сапраўднасці сваёй уласнай прыхільнасці, ні ў яе разумнасці. Яны знаёмыя толькі два тыдні. Яна пратанчыла з ім чатыры танцы ў Мерытане, пасля бачылася з ім адным ранкам у яго доме і яшчэ чатыры разы абедала з ім у вялікай кампаніі. Гэтага мала, каб зразумець яго характар.

— Мала, калі глядзець на гэта тваімі вачыма. Калі б яна проста абедала з ім, то магла б меркаваць толькі пра яго апетыт. Але не забывай, што пры гэтым яны чатыры вечары правялі разам — а чатыры вечары могуць значыць вельмі шмат.

— Так, чатырох вечароў цалкам дастаткова для таго, каб упэўніцца, што абодва яны больш любяць гульню ў “дваццаць адно”, чым у “камэрс”. Але калі казаць пра іншыя, не менш важныя якасці, то я сумняюся, што тут былі зробленыя значныя дасягненні.

— Ну што ж, — сказала Шарлота, — я ад усяго сэрца зычу Джэйн поспеху, і калі б яна выйшла за яго замуж заўтра, я б думала, што ў яе столькі ж шансаў зрабіцца шчаслівай, як калі б яна вывучала яго характар цягам дванаццаці месяцаў. Шчаслівае замужжа — не больш як шчаслівы выпадак. Нават калі характары абодвух бакоў загадзя добра вядомыя і добра адпавядаюць адно аднаму, гэта зусім не абавязкова зробіць шлюб паспяховым. З часам муж і жонка заўсёды змяняюцца дастаткова, каб атрымаць сваю долю незадаволенасці, а таму лепш як мага меней ведаць пра недахопы таго чалавека, з якім збіраешся звязаць сваё жыццё.

— Шарлота, гэта проста смешна. Ты гаворыш безразважна. Ты сама ведаеш, што гаворыш безразважна, бо ніколі ў жыцці так не зрабіла б!

Занятая назіраннямі за пачуццямі містэра Бінглі да яе сястры, Элізабэт нават не падазравала, што сама зрабілася для яго сябра цікавым прадметам назірання. Спачатку містэр Дарсі быў далёкі ад таго, каб палічыць яе прывабнай: на балі ён глядзеў на яе без аніякай прыхільнасці і падчас наступнай сустрэчы звярнуў на яе ўвагу, шукаючы адны недахопы. Але варта было яму ўпэўніць сябе і сваіх сяброў у тым, што ў яе твары цяжка знайсці хоць адну правільную рысу, як адразу ён пачаў заўважаць, што цудоўны выраз цёмных вачэй надае гэтаму твару незвычайную праніклівасць. Гэтае адкрыццё пацягнула за сабой іншыя, не менш для яго крыўдныя. Нягледзячы на тое, што яго пільны позірк адшукаў у яе выглядзе не адно адхіленне ад дасканалай гармоніі, ён быў вымушаны прызнаць яе аблічча прыцягальным і лёгкім; насуперак свайму сцверджанню, што яе манеры не зусім свецкія, ён захапіўся яе жартаўлівасцю. Элізабэт нічога пра гэта не ведала. Для яе Дарсі заставаўся ўсяго толькі чалавекам, які паўсюль трымаецца з непрыязнасцю і які палічыў яе не настолькі прыгожай, каб запрасіць на танец.

Дарсі захацеў пазнаёміцца з ёй бліжэй, і, перш чым загаварыць з ёй самому, ён пачаў прыслухоўвацца да яе размоваў з іншымі. Такая цікаўнасць не засталася па-за ўвагай Элізабэт. Гэта адбылося ў сэра Ўільяма Лукаса, у якога сабралася шмат гасцей.

— Цікава, з якой нагоды, — спытала яна ў Шарлоты, — містэр Дарсі так прыслухоўваўся да маёй размовы з палкоўнікам Форстэрам?

— На гэтае пытанне можа адказаць толькі сам містэр Дарсі.

— Калі ён зробіць так яшчэ раз, я выразна дам яму зразумець, што заўважыла яго хітрыкі. У яго вельмі з’едлівы погляд, і калі я не буду трымацца з ім дзёрзка, то хутка пачну яго баяцца.

Калі праз некаторы час да іх наблізіўся містэр Дарсі, зрэшты, нават не збіраючыся завязаць размову, міс Лукас прапанавала сваёй сяброўцы самой звярнуцца да яго з пэўным пытаннем — і Элізабэт тут жа павярнулася да яго і спытала:

— А ці не здаецца вам, містэр Дарсі, што я гаварыла надзвычай пераканальна, падахвочваючы палкоўніка Форстэра даць у Мерытане баль?

— Вы гаварылі з вялікай палкасцю. Аднак баль — гэта тая тэма, якая заўсёды запальвае паненак.

— Вы ставіцеся да нас вельмі сурова.

— А цяпер паспрабуем падахвоціць цябе, — сказала міс Лукас. — Я зараз адчыню інструмент, Эліза, а што будзе далей, ты ведаеш.

— Для сяброўкі ты паводзішся вельмі дзіўна — заўсёды прымушаем мяне граць і спяваць перад усімі і кожным! Калі б уся мая пыхлівасць скіравалася ў сферу музыкі, цаны б табе не было, але ў нашым выпадку я не хацела б сядаць за інструмент перад тымі, хто прызвычаіўся да лепшага выканання.

Аднак пасля настойлівых просьбаў міс Лукас яна дадала:

— Што ж, трэба — значыць трэба, — і змрочна зірнуўшы на містэра Дарсі, працягнула. — Ёсць добрая старая прыказка, якую кожны тут, несумненна, ведае: “Лепш змаўчаць, чым сказаць” — і таму я буду лепш спяваць, чым гаварыць.

Спявала яна прыемна, але ніякім чынам не выбітна. Пасля песні-другой, яшчэ не паспеўшы адказаць на шматлікія просьбы працягнуць, яна была выцесненая з-за інструмента сваёй сястрой Мэры, якая значна ўступала сёстрам прыгажосцю і настойліва імкнулася пашыраць веды і развіваць таленты, а таму заўсёды была гатовая паказаць сябе.

У Мэры не было ні таленту, ні густу, і хаця пыхлівасць зрабіла яе стараннай, разам са стараннасцю ў ёй развілася педантычнасць і такія самазадаволеныя манеры, што ўсе яе поспехі зводзіліся на нішто. Нязмушаны і шчыры спеў Элізабэт слухалі з большым задавальненнем, хаця грала яна і напалову не так добра, як сястра. А таму пасля доўгага выступу Мэры была рада пачуць пахвалу і падзякі хаця б за шатландскія і ірландскія песенькі, сыграныя па просьбе маладзейшых сёстраў, якія разам з малодшымі Лукасамі і двума-трыма афіцэрамі наладзілі ў іншым канцы пакою танцы.

Містэр Дарсі стаяў непадалёк ад іх, маўкліва абураючыся такім спосабам прабавіць вечар, які выключае мажлівасць любое размовы. Ён быў занадта глыбока занураны ў свае думкі, каб заўважыць, што побач з ім стаіць сэр Ўільям Лукас, пакуль сам сэр Ўільям да яго не звярнуўся.

— Якая чароўная забава для моладзі, містэр Дарсі! Што можа параўнацца з танцамі? Мне здаецца, што танцы — гэта адно з найлепшых дасягненняў дасканалага грамадства.

— Несумненна, сэр. Да таго ж гэтае дасягненне вылучаецца тым, што яно ў пашане сярод найменш дасканалых грамадстваў у свеце. Любы дзікун можа танчыць.

Сэр Ўільям толькі ўсміхнуўся.

— Ваш сябар танчыць проста прыўкрасна, — працягнуў ён праз некаторы час, убачыўшы, што Бінглі далучыўся да моладзі, — і я не сумняюся, што ў гэтай справе вы, містэр Дарсі, таксама валодаеце майстэрствам.

— Мяркую, вы бачылі, як я танчыў у Мерытане, сэр.

— Натуральна, бачыў, і гэтае відовішча прынесла мне зусім не малое задавальненне. Вы часта танчыце ў Сэнт-Джэймсе?

— Ніколі.

— Вы не лічыце вартым такі спосаб выказаць сваю павагу гэтаму месцу?

— Па магчымасці я пазбягаю такога спосабу выказаць павагу чаму б там ні было.

— Як я разумею, у вас у горадзе свой дом?

Містэр Дарсі кіўнуў.

— Калісьці я падумваў пра тое, каб асталявацца ў горадзе, бо я ў захапленні ад свецкіх колаў. Але я зусім не ўпэўнены, што лонданскае паветра будзе карысным для лэдзі Лукас.

Ён спыніўся, чакаючы адказу, але суразмоўца не быў схільны спраўдзіць яго чаканні. У гэты момант да іх наблізілася Элізабэт, і сэр Ўільям, пажадаўшы праявіць галантнасць, звярнуўся да яе:

— Чаму вы не танчыце, мая дарагая міс Эліза? Містэр Дарсі, дазвольце мне адрэкамендаваць вам гэтую маладую лэдзі як надзвычай чароўную танцорку. Я ўпэўнены, што вы не адмовіцеся ад танцу, калі перад вамі такая прыгажуня.

І ўзяўшы яе руку, ён ужо намерваўся ўкласці яе ў руку містэра Дарсі, які хаця і выглядаў у найвышэйшай ступені здзіўленым, аднак не дэманстраваў ніякага жадання адмовіцца, калі Элізабэт рэзка адхінулася і з некаторай збянтэжанасцю сказала сэру Ўільяму:

— Напраўду, сэр, у мяне няма ніякага жадання танчыць. Я малю вас не рабіць выснову, нібыта я падышла да вас, спадзеючыся знайсці партнёра.

Містэр Дарсі з сур’ёзнай пачцівасцю пачаў прасіць яе зрабіць яму гонар, прыняўшы запрашэнне, але ўсё намарна — Элізабэт упарта трымалася свайго, і нават угаворы сэра Ўільяма яе не пахіснулі.

— Міс Эліза, вы танчыце проста выключна, і з вашага боку жорстка пазбаўляць мяне задавальнення глядзець на ваш танец. І хаця гэты джэнтльмен увогуле не аматар такіх забаваў, я ўпэўнены, што нават ён не можа мець ніякіх пярэчанняў супраць таго, каб зрабіць нам прыемнасць, патраціўшы паўгадзіны часу.

— Містэр Дарсі — сама ветлівасць, — з усмешкай сказала Элізабэт.

— Так яно і ёсць, мая дарагая міс Эліза, аднак улічваючы ўсе абставіны, мы не можам здзіўляцца такой ветлівасці. Бо хто мог бы адмовіцца ад такой партнёркі?

Элізабэт хітравата ўсміхнулася і рушыла прэч. Яна нічога не страціла ў вачах джэнтльмэна, і ён з той самай задаволенасцю працягваў пра яе думаць, калі да яго звярнулася міс Бінглі.

— Я здагадваюся, пра што вы цяпер задумаліся.

— Мяркую, што не.

— Вы разважаеце пра тое, як невыносна вечар за вечарам праводзіць такім чынам, у атачэнні такіх людзей, і я цалкам з вамі згодная. Мяне яшчэ ніколі так не дадзявалі! Гэтая шумная нудота, гэтая самазадаволеная нікчэмнасць усіх прысутных! Мне так хочацца пачуць вашыя рэзкія пра іх меркаванні!

— Упэўніваю вас, што гэтыя здагадкі цалкам памылковыя. Мой розум заняты куды больш прыемнымі думкамі. Я разважаў пра тое вялікае задавальненне, якое можа прынесці назіранне за парай прыўкрасных вачэй на твары прывабнай жанчыны.

Погляд міс Бінглі тут жа застыў на яго твары і яна пажадала даведацца, якая менавіта лэдзі мела гонар натхніць яго на такія развагі. Містэр Дарсі бясстрашна адказаў:

— Міс Элізабэт Бэнет.

— Міс Элізабэт Бэнет? — паўтарыла міс Бінглі. — Я ўся здзіўленне. І даўно яна карыстаецца такой прыхільнасцю? Прашу вас, папярэдзьце мяне, калі трэба будзе жадаць вам шчасця!

— Менавіта гэтых словаў я ад вас і чакаў. У дамаў вельмі імклівае ўяўленне — яно імгненна пераскоквае ад захаплення да кахання, ад кахання да шлюбу. Я не сумняваўся, што вы пажадаеце мне шчасця.

— Ну, калі вы ставіцеся да гэтага так сур’ёзна, я буду лічыць пытанне цалкам вырашаным. Вы прыдбаеце чароўную цешчу, якая, несумненна, заўсёды будзе з вамі ў Пэмберлі.

Містэр Дарсі безуважна слухаў, як яна забаўлялася такім чынам, і з прычыны, што яго вытрымка цалкам упэўнівала ў адсутнасці нагодаў для хвалявання, плынь яе дасціпнасці не спынялася яшчэ доўга.

 

Пад рэдакцыяй Антона Францішка Брыля

 

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2010

Чытайце таксама

Роберт Фэргюсан

Роберт Фэргюсан

Шатландскі паэт Роберт Фэргюсан нарадзіўся 5 верасня 1750 году ў сям’і Ўільяма Фэргюсана, бухгалтара банка брытанскай ільняной кампаніі ў Эдынбургу, і яго жонкі Маргарэт і быў адным з трох іх дзяцей, што засталіся ў жывых

Юльян Тувім

Юльян Тувім

Польскі паэт і перакладчык Юльян Тувім нарадзіўся ў горадзе Лодзь у польскай габрэйскай сям’і

Джэром Клапка Джэром

Джэром Клапка Джэром

Ангельскі пісьменнік-гумарыст, драматург, пастаянны супрацоўнік часопіса “Панч”.

Тадэвуш Бароўскі

Тадэвуш Бароўскі

Польскі паэт, адзін з самых уплывовых празаікаў паваеннага часу

3113