№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Тэрэза Вэйга

Слуга (O criado)

Апавяданне

Пераклад з партугальскай Наталля Козінцава


Яшчэ да таго як я нарадзілася, становішча маёй сям'і настолькі пагоршылася, што з усіх слугаў засталіся двое: адна, маладая, была штораз новая і ніколі надоўга не затрымлівалася, а другая – старая, яшчэ выхавання маёй нябожчыцы бабулі, да таго ж глухая і непачцівая. Пазней мой тата прыняў на службу дванаццацігадовага хлопца, які прасіўся на працу за ложак, ежу і новую вопратку да дня Усіх душ [1].

На той час мне было не больш за шэсць гадоў, таму я дрэнна памятаю, што тады адбывалася. Аднак па тым, што мне расказвалі і што я бачыла пасля сама, я ведаю, што мая маці не ўхваліла гэтага рашэння з самага пачатку. Адной з галоўных прычын яе скаргаў было тое, што хлопец быў не зусім слугой, хаця ў прынцыпе яму можна было даваць любое заданне. У асноўным ён хадзіў з маім бацькам у поле, аднак былі дні, калі ён заставаўся дома, вымушаючы тым самым маю маці прыдумляць яму работу, каб заняць яго. Яна лепш бы зрабіла ўсё сама, каб толькі не даводзілася трываць прысутнасць ненавіснага чужынца, які з ласкі майго бацькі карыстаўся сваім памежным і да канца не вызначаным становішчам. Гэта ўсё выклікала недарэчныя сітуацыі (уявіце служку ў белым саржавым пінжаку, які, нязмушана перакінуўшы праз плячо сурвэтку, падае талерку з печанай траской і бульбай). Але Афонсу так удала ўнікаў усіх хатніх прац, што мая маці, не маючы магчымасці яго пакараць, змірылася з ім як з непазбежнасцю і, як яна казала, выкінула яго са сваіх думак, як мёртвага сабаку.

Гэта нагода запытацца, што магло б быць сапраўднай прычынай такой антыпатыі маёй маці да бедака, які, дарэчы, выказваў вялікую адданасць сям’і і меў здольнасць злівацца са сценамі. Тэрэзінья, адна з сябровак дзяцінства маёй маці, аднойчы не ўтрымалася ад намёкаў, значэнне якіх я тады не зусім разумела. Карацей кажучы, пад сумнеў ставілася паходжанне хлопца, які ніколі не бачыў свайго бацькі і якога нарадзіла напаўзвар’яцелая дзеўка, дзікая, як сабакі з фермы, дзе яна жыла. Жанчына памерла вельмі маладая, і дзіця забрала да сябе карчмарка, бяздзетная ўдава. Яна з ім добра абыходзілася, выправіла яго ў школу ў чаравіках і з кайстрай, як дзіцёнка з добрай сям’і. Людзі казалі, што яна гадавала яго для сябе, і насамрэч, хлопец прызнаў, што збег ад яе, таму што Марыяна-карчмарка хацела выйсці за яго замуж і зрабіць яго гаспадаром карчмы, калі хлопцу споўніцца шаснаццаць. Шмат хто меркаваў, што ён пралічыўся, збегшы ад забяспечанай будучыні, якую яму хацелі даць дарма, замест таго каб скарыстацца з такой магчымасці. Іншыя ж думалі, што нягледзячы на малады ўзрост, хлопец лепш за каго-небудзь ведаў, што рабіў. Як бы там ні было, Афонсу не паддаўся на кпіны і ўтоіў падрабязнасці свайго мінулага жыцця. Гэтаксама ён ніколі не абмяркоўваў ніводнага загаду свайго гаспадара, якому быў вельмі адданы. Гэтае пачуццё прыхільнасці было ўзаемным і з гадамі толькі расло.

Калі мне было адзінаццаць, я з’ехала на лета ў Лісабон, дзе правяла два месяцы ў сваячкі. Па вяртанні мяне чакаў непрыемны сюрпрыз – выявілася, што ён спаў у маім пакоі – па загадзе майго бацькі, які лічыў недарэчным, каб адзін з самых халодных у доме пакояў пуставаў, а хлопец задыхаўся ў сваім заканурку на гарышчы. Засмучэнне і знявага напоўнілі мяне жаданнем адпомсціць. Я ўсё абшукала, спадзеючыся знайсці непрыемныя сляды яго прысутнасці, што-небудзь, у чым я магла б яго абвінаваціць, але пошукі не выявілі ніякага зладзейства: ніводнай плямы на фіранках, ніводнай паджарыны ад запалак на дне шуфлядаў. Усё скончылася тым, што я сказала маці, што пасля таго як ён там спаў, у пакоі застаўся нейкі пах, і я не хітрыла – ім набрынялі нават старонкі трэбніка, які я пакінула на камодзе. Маці загадала мне замаўчаць, але адразу ж пабегла расказаць ўсё бацьку – такое ў яе было жаданне давесці, што чужынец выклікаў непрыязнасць не ў яе адной. У той жа дзень за вячэрай я прайшла праз сорам прылюднага апытання наконт такога бязглуздага і беспадстаўнага абвінавачвання. Афонсу падаваў на стол. Ён затрымаўся на кухні, пакуль размова не згасла праз адсутнасць дыялогу, але калі вярнуўся у залю, то выглядаў так, быццам толькі што праглынуў вялікую абразу. Увечары ён рана сышоў, замест таго каб застацца гуляць у карты з бацькам. Я была ўпэўненая, што ён узненавідзеў мяне, і, супраць усялякай логікі, шкадавала аб гэтым, таму што, урэшце, не ўлічваючы справы з пакоем, нічога не мела супраць яго і, можа, нават стала б на яго бок, калі б мела голас пры вырашэнні гэтага пытання, і мая маці цалкам памылялася, калі меркавала, што дзіцячая зайздрасць ці гіпатэтычная абарона нашых правоў хоць неяк вызначала маё стаўленне да хлопца, у якім яна б знайшла яшчэ больш падставаў ненавідзець яго, калі б магла бачыць далей за свой нос.

Шмат гадоў стасункі паміж намі былі зведзеныя да мінімуму і практычна абмяжоўваліся толькі вітаннямі і развітаннямі ды просьбамі, без ніякай асабістай зацікаўленасці. Калі яму споўнілася васямнаццаць, ён перастаў начаваць у нашым доме, хаця для яго на гарышчы заўсёды быў падрыхтаваны ложак. Ён быў ужо мужчынам, спаў, дзе хацеў, – ці ў горных хацінах, ці ў доме сваёй старой апякункі, Марыяны-карчмаркі, з якой быў у вельмі добрых стасунках. Яго абавязкі не маглі зрабіцца больш разнастайнымі. Ён прычыняўся да ўсяго, згодна з жаданнямі майго бацькі. Ён быў і пастухом, і справаводам, і пасярэднікам, і кіроўцам, і механікам, і нават бухгалтарам – пасля кароткага навучання рахункаводству ў Бэжы [2]. Аднак перш за ўсё ён быў давераным чалавекам майго бацькі, чалавекам, якога ён вельмі цаніў – амаль гэтак жа, як сваю сям’ю. Бацька яго любіў, маці ненавідзела, і толькі, здаецца, я і Разаліна праходзілі міма яго, быццам не бачылі. Але аднойчы я раптам заўважыла яго нібы ўпершыню; а можа, час, як цярплівы ліцейшчык, зрабіў з нас дзве розныя істоты. На ім быў камбінезон у брудных масляных плямах, з вялікімі дзіркамі на каленях. Мусіць, ён толькі скончыў мыць машыну і адпачываў на кухні. Я ўвайшла, каб наліць шклянку вады, ён усміхнуўся, лёгка пацягнуўся, ствараючы атмасферу даверу, якую мне не хочацца тлумачыць толькі стомленасцю. Металічная маланка была расшпіленая да пояса, і ён машынальна паглажваў валасы на грудзях са спакойнай і стрыманай пачуццёвасцю, звычайнай для самцоў.

Я заўважыла, што ён нядаўна пастрыг троху кучаравыя валасы, і мне падабаецца, калі яны такія кароткія, па лініі галавы, быццам воўна чорненькай авечкі. Рысы яго твару былі ідэальныя (вар’ятка, кажуць, закрывала твар, каб схаваць прыгажосць, якая прываблівала мужчын), а што да цела, быццам улітае ў камбінезон, дык у ім прапарцыйна і прыемна спалучаліся мускулы і косці. Карацей, ён ідэальна мяне дапаўняў. Я затрымалася на кухні колькі магла, напоўніла тры каўшы вады і павольна выпіла іх, павярнуўшыся да яго, цешачыся тым зачараваннем, якое ў яго абудзіла і ў якое дазволіла сябе зацягнуць, ведаючы, аднак, што яно не можа да чагосьці прывесці (маё вяселле са стрыечным братам Антонію ўжо было прызначанае). Я так хацела прапанаваць яму штосьці, забрудзіць яго сумневамі і надзеямі, устрывожыць спакой яго існавання, мне было шкада растрачваць усе магчымасці здзяйснення, якія я чытала на яго закаханым твары, на яго амаль збялелых вуснах. О, як гэта бязлітасна – даваць нам толькі адно жыццё, ставіць нас кожны момант у непазбежнасць вымушанага выбару! Чалавек такі супярэчлівы! Я жадала Афонсу з тым жа імпэтам, які вымушаў мяне напівацца вадой, і ахвотна і без ваганняў выбірала мужам Антонію, у той час як маю душу марамі напаўняў іншы. Ён пазбягаў глядзець на мяне, а я не магла не аглядаць таго, хто цалкам задавальняў мае інтымныя памкненні. Усё яго цела вабіла мяне, як магніт, асабліва голыя грудзі, пакрытыя мяккімі валасамі. Я ўся напоўнілася вадой – ад яшчэ аднаго глытка я магла званітаваць. І толькі тады я выйшла, адчуваючы, што пакідаю яго ўзрушаным – унутрана і вонкава, сам-насам з наймацнейшым пачуццём у жыцці.

Прызнаюся, гэтыя цела і галава спакусілі мяне, і не мела значэння, якія недаследаваныя багацці маглі адкрыцца ўнутры. Дарэчы, з гэтага пункту гледжання я лічыла яго істотай дзіўнай, без асаблівых здольнасцяў, неадукаваным грубіянам. Пазней я была вымушаная перагледзець гэтае меркаванне: я пераканалася, што каб яго класіфікаваць, я не магла выкарыстоўваць такія выразы апрыёры. Калі супрацьлеглае грубасці – гэта далікатнасць, то магу сказаць, што ніколі ў сваім жыцці не ведала нічога далікатнейшага, а што датычыць недахопу адукаванасці, то тут не ўзнікла ніякіх глыбокіх супярэчнасцяў. Для слугі ў яго былі незвычайна вытанчаныя густы. Пацверджаннем гэтаму можа быць тое, што ён адмовіўся ад сялянскіх дзевак, а я ведала, што сярод іх ёсць шмат палявых красуняў, якія здольныя зрабіць усё, пра што іх папросіць мужчына, і потым спакойна паставіцца да таго, што ён вяртаецца назад у статак. Несумнеўным гонарам было тое, што ён аддаваў перавагу такой, як я, гэтае адрозненне цешыла мяне, і, у сваю чаргу, служыла доказам таго, што нават такі дзікун у любоўных пытаннях, можа паставіць пачуццё вышэй за інстынкт. Калі адбылася новая “сустрэча”, я ўжо была, што называецца, “нявестай”. Дзве швачкі працавалі над маім пасагам, у суботы мая маці ездзіла ў Бэжу па пакупкамі, і, калі я не памыляюся, у той час ужо былі скончаныя работы над маім будучым домам. Мне, галоўнай зацікаўленай, больш не трэба было ні аб чым думаць пасля вялікага Рашэння сказаць “Так, згодная!”, якое павінна было пакласці канец кашмару шматлікіх бяссонных начэй, і я, дасягнуўшы мэты свайго навучання і яшчэ не пачаўшы прадуктыўны раздзел свайго жыцця, з усімі яго складанасцямі і расчараваннямі, мела шмат вольнага часу, які магла выкарыстоўваць для свайго задавальнення на карысць целу, духу і нават (перавага бяздзейнасці) выратавання сваёй душы. Я сустракалася з Афонсу ў хаце ці, калі ўмовы не дазвалялі, пад рознымі падставамі ішла шукаць яго ў полі. Па добрым рахунку, я сустрэлася з ім не больш за тры-чатыры разы ў выпадковых прытулках, таму што добра ведала, што магу на сябе наклікаць, калі наш сакрэт будзе раскрыты. Дома заўсёды было лягчэй кантраляваць небяспеку, і я адчувала нават некаторае задавальненне ад мімавольнай слепаты тых, хто быў вакол нас, – і іншым разам так блізка да нас, што наша жыццё вісела на слабой клямцы. Прызнаюся, я тварыла дзёрзкія бязглуздзіцы, верачы ў сваю зорку, і таксама пакутавала ад агоніі: былі моманты, калі сэрца быццам біла ў звон ці, наадварот, пераставала біцца, нібы яго распыліла на тысячы часцінак стрэлам у самай сярэдзіне. Якая пакута – гулкія прыступкі лесвіцы, што вяла ў паддашак, доўгае чаканне за дзвярыма, за шафай, аднойчы за піяніна, дзе мне прышлося вынесці нясцерпныя слыхавыя пакуты, параўнальныя толькі з пакутамі Апакаліпсісу, і немагчыма было папрасіць Разаліну злітавацца, якая з адданай раз’юшанасцю націскала на педаль. І іншым разам, калі я спявала знакаміты верш Луізы Лабэ “Baise m’encor, baise moi” [3] і г.д. і адначасова перакладала яго майму спадарожніку, мая маці раз’юшана загрукатала ў дзверы (на шчасце, я закрыла іх на ключ), палічыўшы непрыстойным маё натхненне і словы верша і прымусіўшы мяне працягваць bocca chiusa! [4] Успамінаю гэтыя моманты – і зноў адчуваю іх узвышанасць, кідаючы ў агідную памыйную яму страх і насмешкі, хлусню і ілюзіі. Толькі адно ўдакладню, каб пазбегнуць памылковых высноваў: Афонсу быў найцнатлівейшым палюбоўнікам. Чым бы яны там ні займаліся з Марыянай-карчмаркай, гэта не зрабіла яго пажадлівым і грубым, і я таксама не дазволіла яму цалкам знішчыць адлегласць, якая раздзяляе слугу і дачку гаспадара, асабліва калі яна ўжо нявеста і ў такім душэўным стане, калі вяселле прымаецца як амаль адбыты факт. Ён ніколі не казаў, пра што думае, я нават лічу, што без мяне ён не аддаваўся раскошы думаць, а калі мы былі разам, тое, што з’яўлялася ў яго галаве, таксама не было думкамі праз недахоп часу ці звычкі, – гэта былі усяго толькі абрыўкі невыразных вобразаў, віхор вобразаў з яго жыцця – мінулага, цяперашняга і будучага – у якіх я была нечым растваральным, прывідам, ахінутым аблокамі, які з’яўляецца і знікае на кароткім адрэзку шляху паміж дзвюма дзвярыма. З майго боку, я не пакутаю ад віны праз тое, што заваблівала яго марнымі абяцаннямі. Я, натуральна, пазбягала згадваць кузэна Антонію (адваротнае было б агіднай праявай кепскага густу) і ніколі не казала Афонсу, што хачу быць шчаслівай з ім ці нешта такое ж уяўнае. Акрамя таго, нашы таемныя сустрэчы давалі няшмат магчымасцяў для доўгіх размоваў. Хвіліны праляталі. Навошта іх растрачваць на марныя тлумачэнняў? Ці бачылі вы, каб дзве жывёлы, якія нясуцца наўскач, трацілі час, гледзячы адна на адну ці аглядаючыся назад? Папраўдзе, мне трэба было падумаць аб тым, што мысліў Афонсу не так, як я, і ў рытме адначасова больш глыбокім і павольным. Акрамя таго, нават здымаючы з сябе увесь гонар майго паходжання, я не магла ігнараваць ступені адукаванасці – ён ледзьве закончыў чатырохгодку і меў толькі некаторае паняцце аб гандлёвых справах, калі я прайшла два цыклы [5] пятага класа, добра ведала французскую і ангельскую і ў найбліжэйшай будучыні магла атрымаць дыплом Alliance Francaise і сертыфікат Lower Cambridge. Таму было ясна, што паміж намі нічога не магло застацца, акрамя моцнага братэрскага сяброўства. Да таго ж, што нам заставалася рабіць? Усім было вядома пра мае заручыны, і ў нядзелі мой кузэн Антонію заязджаў за мной, і мы ехалі, іншы раз за сотні кіламетраў, на футбольную гульню ці на бой быкоў, заўсёды з маёй маці ці старой, якія віжавалі за намі на заднім сядзенні. Быў май, вяселле было прызначанае на верасень. Улічваючы гэтыя факты, толькі вар’ят мог уявіць, што я, насуперак усяму, пазбягала сваіх абавязкаў. Я, прызнаюся, забылася пра яго цяжкую спадчыну – невядомы бацька, маці-вар’ятка з невядома якімі заганамі, анёл-ахоўнік – пажадлівая п’яніца. Канечне, здаецца, галавою ён быў здаровы, не лічачы некаторых заганаў у разважаннях, але ўсе мы добра ведаем, што блытаніна ў розуме не заўсёды распазнаецца невукамі, якіх можна лёгка падмануць спакойным і паважным выглядам.


Развязка бязладзіцы, якая ўжо пачала ціснуць на маё сумленне, здарылася вялікім святочным днём у чэрвені, калі па ўсёй краіне гучалі фанфары і патрыятычныя спевы і па тэлевізары паказвалі натоўпы людзей, якія апладыявалі калонам фальклорных груп і гімнастаў, якія, нягледзячы на спёку, непахісна выконвалі свае практыкаванні. Кузэн Антонію паехаў у Гішпанію па справах, уся сям’я сабралася ў сваякоў, каб сачыць за святам па тэлевізары, і я, пакінутая на адзін дзень нявеста, спаслалася на галаўны боль, каб можна было спакойна пачытаць. Кніга – “Кірмаш пыхлівасці” – узняла мне настрой, і, знаходзячыся ў гуморы, я забылася на неабходныя асцярожнасці. Толькі гэтым можна растлумачыць, што я адкрыла дзверы, не спытаўшы, хто гэта, і ўбачыла перад сабой Афонсу, вельмі ўзрушанага. Спачатку мне падалося, што ён хістаецца, і я падумала, што ён паранены, але хутка зразумела, што такія дзіўныя паводзіны толькі адлюстроўвалі пачуццё, якое яго няволіла і магчымай прычынай якога была я, Агустына, далёкая ад усёй гэтай драмы.

Ён на адным дыханні сказаў мне, што, скарыстоўваючы адсутнасць маіх бацькоў, ён хацеў бы высветліць са мной сітуацыю, і ўлічваючы, што мы падабаемся адно аднаму, знайсці спосаб ажаніцца і развітацца без крыўдаў са спадаром Антонію. Я скамянела. Мужчына, які стаяў перада мной і рабіў мне такія прапановы, быў апрануты па-сялянску – у чорны нядзельны касцюм і белую кашулю, зашпіленую на ўсе гузікі. Боты, з тоўстай авечай скуры, свяціліся пад слоем сала. Для большай смеласці ён асвяжыў горла шклянкай гарэлкі, яго смурод акружаў мяне, так што я была вымушаная адварочваць твар убок. У думках я імгненна звярнулася да сваёй заступніцы – шчаснай Мансерат дэ лас Рыяс. Я ведала, што мне няма чаго хвалявацца (я не ўяўляла сабе, што ён можа ўжыць гвалт – ні праз свой тэмперамент, ні праз тое, што ён памятаў пра майго бацьку), але я баялася наткнуцца на стальны мур, аб які дарэмна разаб’юцца мае стрэлы. Я яшчэ падумала, што можна папрасіць яго выйсці, каб я змагла падумаць, і, як паслухаецца, замкнуцца на ключ і праз дзверы даць яму некалькі добрых парадаў. Таксама я магла б саступіць, выдумаць якую-небудзь хлусню, паабяцаць размову на наступны дзень. Афонсу нецярпліва тарабаніў костачкамі пальцаў у дзверы. “Ну што? Што вы мне скажаце? Клянуся, у вас ёсць свае думкі. Вы павінны лепш за мяне ведаць, што рабіць”.

Я не магла больш зацягваць, аналізаваць усе за і супраць: павінна я схлусіць ці выразаць ліха з коранем. “Афонсу, – сказала я, – ужо некалькі дзён я хачу з табой пагаварыць пра гэта, але гэтыя людзі ўсё больш назаляюць і не адстаюць. Я хацела сказаць табе наступнае: наша каханне немагчымае. Нам трэба перастаць размаўляць, і усё будзе як раней.”

Ён не варухнуўся. Так і застаўся з рукамі, выцягнутымі ўздоўж цела, і паглядзеў мне ў вочы бязглуздым позіркам, быццам толькі што пачуў анекдот на лаціне. “Што?” – спытаў праз некаторы час, павольна і недаверліва, так што я адчула сябе крыху менш бяспечна. “Тое, што ты толькі што пачуў. Не магу лепш растлумачыць.” – “Я не дурны, зразумею. Я ўжо нават пачынаю шмат чаго разумець, але не ведаю, што вы кажаце, так што гаварыце спачатку вы, Агустына, таму што трэба гаварыць, каб мы зразумелі адзін аднаго”.

Не чакаючы, каб голас зрабіўся больш агрэсіўным, я адразу расказала яму пра наша сваяцтва – у мяне не было іншага выйсця. “Ну, калі хочаш знаць, кажу табе, што мы брат і сястра па бацьку. Я даведалася пра гэта толькі тыдзень таму, ад адной старой, якая убачыла, як мы трымаемся за рукі, і вырашыла папярэдзіць мяне. Цяпер ты разумееш, чаму я пачала пазбягаць размоваў з табой. Хацела аберагчы цябе ад гэтага”.

Навіна, што мы брат і сястра, узрушыла яго больш, чым я чакала. Магчыма, ён пачаў думаць аб нашых паводзінах і палічыў іх жудаснымі, пачаў уяўляць, што за гэта ён будзе гарэць у вечным агні. Можа быць, ён таксама пакутаваў ад таго, што страчвае мяне і мусіць адмовіцца ад усіх сваіх надзеяў. Ён пачаў мармытаць: “Няшчасны я! Значыць, гаспадар – мой бацька?”. – “Здаецца, так, але ніхто не можа гэтага пацвердзіць. Ва ўсялякім выпадку, мы ж не хочам яго пакрыўдзіць, таму павінныя забыць пра тое, што адбылося, згодзен? Урэшце, усё будзе як раней”. Няшчасны, паўтараў ён, сціскаючы галаву рукамі, разгублена ходзячы па коле. Ён пайшоў, але перад гэтым я прымусіла яго прысягнуць, што ён нікому нічога не раскажа. У той самы дзень ён вярнуўся да Марыяны, і праз некаторы час яны ажаніліся. Сёння ён паважаны гандляр. Калі ён бачыць мяне, то ківае галавой гэтак жа, як і ўсякаму іншаму пакупніку, але мірганне вачэй выдае яго – ці, можа, гэта толькі мая фантазія? Ён патаўсцеў і валасы ўжо не завіваюцца. Але ўсё роўна мне падабаецца думаць, што ён мяне не забыў. Хто ведае? Жыццё такое зменлівае... я б зусім не здзівілася, калі б мне сказалі, што я дажыву свае апошнія дні побач з ім замест Марыяны-карчмаркі, збіраючы смутак і прадаючы гарэлку за прылаўкам.


[1] Дзень усіх душ – дзень памінання памерлых, адзначаецца каталіцкай царквой 2 лістапада.
[2] Бэжа (Beja) – адзін з галоўных гарадоў у партугальскім рэгіёне Алентэжу.
[3] “Baise m’encor, baise moi”(фр. “Цалуй мяне, цалуй ізноў”) – першыя радкі 18-га санету французскай паэткі эпохі Рэнесанса Луізы Лабэ (1526(?) – 1566).
[4] А bocca chiusa (італ.) – спевы з закрытым ротам.
[5] Гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі.


© Teresa Veiga e Edições Cotovia, Lda., Lisboa, 1992
© Наталля Козінцава, пераклад, 2010

Пераклад з партугальскай – Наталля Козінцава © 2013

Чытайце таксама

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

Рэй Бэроа

Рэй Бэроа

Дамінікана-амерыканскі паэт і крытык, лаўрэат прэміі Парыжскай акадэміі мастацтваў і навук

Ёзэф Чапэк

Ёзэф Чапэк

Чэшскі мастак, графік, фатограф, кніжны ілюстратар, эсэіст, брат Карэла Чапэка

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Аўтар адной кнігі — хто гэта? Былі выпадкі, калі пісьменнік напісаў адзін твор і замаўчаў

1051