№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Шарлота Пэркінс Гілман

Жоўтыя шпалеры (The Yellow Wallpaper)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева


Звычайным людзям накшталт нас з Джонам рэдка надараецца завалодаць родавым маёнткам на цэлае лета.

Каланіяльным асабняком, спадчыннай маёмасцю ці, прыкладам, домам з прывідамі – верх рамантыкі! Праўда, чакаць такіх падарункаў лёсу не выпадае.

Але я з гонарам заяўляю: нешта дзіўнаватае ў ім ёсць.

Іначай чаму яго здалі нам так танна? Чаму ён пуставаў так доўга?

Джон кпіць з мяне, але ў шлюбе так і мусіць быць.

Джон неймаверна практычны. Ён не выносіць рэлігіі, надзвычай гідзіцца забабонаў і адкрыта здзекуецца з любых аповедаў пра рэчы, якія немагчыма пабачыць, адчуць і раскласці на формулы.

Джон – доктар, і МАГЧЫМА (я б ніколі не сказала гэта жывой душы, але перада мною мёртвая папера, што для мяне вялікая палёгка) – МАГЧЫМА, гэта адна з прычынаў таго, што я ачуньваю так павольна.

Ведаеце, ён не верыць, што я хворая!

Але што тут зробіш?

Калі доктар з добрай рэпутацыяй, да таго ж твой уласны муж запэўнівае сяброў і родных, што з табою насамрэч нічога сур’ёзнага, усяго толькі часовая дэпрэсія – слаба выражаная схільнасць да істэрыі – што тут зробіш?

Мой брат – таксама доктар і таксама з добрай рэпутацыяй. Ён кажа тое самае.

Такім чынам, я прымаю фасфаты і фасфіты, ці як іх там, вітаміны, шпацыры, свежае паветра, фізічныя практыкаванні, і мне абсалютна забаронена “працаваць” да поўнага выздараўлення.

Асабіста я не згодная з іх метадамі лекавання.

Асабіста я лічу, што прыемны занятак, новы і захапляльны, прынясе мне больш карысці.

Але што тут зробіш?

І ўсё ж я пісала, нягледзячы на іх забароны. Але гэта НАСАМРЭЧ мяне стамляе, бо даводзіцца ўвесь час хавацца ці, у адваротным выпадку, натыкацца на моцны супраціў.

Часам я спрабую ўявіць, як бы я адчувала сябе, калі б у мяне было менш забаронаў, а больш стасункаў ды стымулаў. Але Джон кажа, што самае кепскае для мяне цяпер – гэта думаць пра мой стан, і, прызнаюся, ад такіх думак мне заўжды робіцца горш.

Таму я пакіну свой стан у спакоі і апішу дом.

Гэта найпрыгажэйшае месца! Дом стаіць у зацішку, наводдаль ад дарогі і мілі за тры ад вёскі. Наваколле нагадвае мне ангельскія краявіды, пра якія часам даводзіцца чытаць. Тут і жывыя агароджы, і муры, і замкнутыя вароты, і мноства хацінак для садоўнікаў і служак.

І НАЙЧАРОЎНЕЙШЫ сад! Я ніколі не бачыла такога саду – вялікага, цяністага, з акуратнымі сцежкамі, з увітымі вінаграднымі лозамі альтанкамі, дзе можна адпачыць.

Тут некалі былі і аранжарэі, але цяпер яны зусім занядбаныя.

Думаю, з гэтым маёнткам узніклі нейкія юрыдычныя праблемы, звязаныя, відаць, са спадкаемствам. Так ці іначай, тут ніхто не жыў гадамі.

Гэты факт ставіць пад сумнеў маю версію аб прывідах, але з домам усё адно адбываецца нешта дзіўнае. Я адчуваю.

Аднойчы месячным вечарам я нават падзялілася сваімі здагадкамі з Джонам, але ён запярэчыў, што гэта ўсяго толькі СКРАЗНЯК, і зачыніў акно.

Часам я злуюся на Джона без дай прычыны. Я ўпэўненая, што раней не адчувала ўсё так востра. Напэўна, гэта звязана з маёй цяперашняй нервовасцю.

Але Джон кажа, што калі я адчуваю злосць, то мне зусім не варта трымаць яе пад кантролем; таму я прыкладаю вялізныя высілкі, каб кантраляваць сябе, прынамсі ў яго прысутнасці, і гэта мяне надзвычай стамляе.

Мне не дужа падабаецца наш пакой. Я хацела той, што ўнізе. Яго вокны выходзяць на аркаду, на падвоканні квітнеюць ружы і вісяць такія прыгожыя старамодныя паркалёвыя парцьеры! Але Джон нават слухаць пра гэта не захацеў.

Ён сказаў, што там толькі адно акно і не хапае месца для другога ложка, да таго ж, побач няма пакоя, які б ён мог заняць.

Ён вельмі кахае і шкадуе мяне і нават кроку не дае ступіць без адмысловага прадпісання.

Увесь мой час распісаны па гадзінах, ён клапоціцца пра ўсё, і я адчуваю сябе страшна няўдзячнай, таму што болей не цаню гэтага.

Ён сказаў, што мы прыехалі сюды выключна праз мяне, каб я найлепшым чынам адпачыла і падыхала свежым паветрам. “Твае фізічныя нагрузкі залежаць ад твайго самаадчування, любая, а твой рацыён – ад твайго апетыту, – сказаў ён, – але дыхаць свежым паветрам ты можаш колькі заўгодна”. Таму мы занялі дзіцячы пакой на верхнім паверсе.

Гэта вялікае прасторнае памяшканне, што займае амаль увесь паверх, з вокнамі ва ўсе бакі свету, поўнае свежага паветра і сонечнага святла. Падаецца, раней гэта быў дзіцячы пакой, потым пакой для гульняў, потым для заняткаў, бо на вокнах тут краты, а на сценах бразготкі для малечы.

Фарба і шпалеры выглядаюць так, нібы тут займаўся цэлы клас хлопчыкаў. Я ніколі ў жыцці не бачыла горшых шпалераў – яны абадраныя вялікімі кавалкамі за спінкай ложка, распаўзаюцца нават там, дзе я ледзь магу дацягнуцца, і таксама знізу на сцяне насупраць; яркія ўзоры на іх дэманструюць здзяйсненне ўсіх магчымых грахоў супраць мастацкага густу.

Аднастайнасць узораў бянтэжыць вока, а іх рэзкасць раздражняе і прымушае ўглядацца. І калі часам паддаешся, пачынаеш зблізку сачыць за нязграбнымі і няпэўнымі крывымі малюнка, яны раптам гінуць, беспадстаўна змяняючы вугал падзення, рассыпаючыся на сотні касавурых аскепкаў.

Колер шпалераў брыдкі, нават агідны, брудна-жоўты, палінялы ад сонечнага святла, збольшага цьмяны, але месцамі вогненна-аранжавы, ці дзе-нідзе нават зеленаваты.

Нядзіўна, што дзеці ненавідзелі гэтыя шпалеры! Я б сама іх узненавідзела, калі б давялося тут доўга пажыць.

Вось ідзе Джон, таму заканчваю – ён цярпець не можа, калі я нешта пішу.


 

Мы тут ужо два тыдні, але дагэтуль, з першага дня жыцця тут, мне неяк не хацелася пісаць.

Цяпер я сяджу каля акна ў сваім жахлівым дзіцячым пакоі. Ніхто не замінае мне пісаць, а таму і няма патрэбы марнаваць сілы.

Джона не бывае цэлымі днямі, а часам і начамі, калі выпадкі захворванняў асабліва цяжкія.

Я цешуся, што мой выпадак зусім не цяжкі!

Але гэтыя праблемы з нервамі мяне ўсё роўна прыгнечваюць.

Джон нават не здагадваецца, як я насамрэч пакутую. Ён адно ведае, што няма ніякай ПРЫЧЫНЫ для пакут, і гэтага яму дастаткова.

Канечне, гэта ўсяго толькі нервы. Але бяздзейнасць так моцна цісне на мяне!

Я хацела дапамагаць Джону, быць яго аддушынай і супакаеннем, а цяпер я ўжо амаль абуза!

Ніхто не дасць веры, як цяжка мне выконваць тыя дробязі, якія мне пад сілу, – прыгожа апранацца, прымаць гасцей і гэтак далей.

На шчасце, Мэры добра клапоціцца пра дзіця. Пра маё любае дзіцятка!

Але я НЕ МАГУ быць з ім, і мяне гэта нервуе.

Думаю, Джона ніколі нічога не нервавала. Ён толькі смяецца з мяне праз гэтыя шпалеры!

Спачатку ён збіраўся быў іх змяніць, але потым сказаў, што я зашмат ўвагі надаю шпалерам, а для пацыента-неўротыка паддавацца такім фантазіям – найгоршае. Ён яшчэ пасмяяўся, што калі зменяць шпалеры, давядзецца замяніць і масіўны ложак, а потым зняць краты з вокнаў, памяняць тыя дзверы ля прыступак і гэтак далей.

– Ведаеш, знаходжанне тут ідзе табе толькі на карысць, – сказаў ён, – і я не збіраюся рабіць рамонт дзеля трох месяцаў адпачынку.

– Тады давай будзем жыць унізе, там такія цудоўныя пакоі! – папрасіла я.

Але ён прыцягнуў мяне да сябе, абняў, назваў беднаю гускаю і зазначыў, што спусціцца ў сутарэнне і, калі мне так хочацца, пабеліць і яго.

Безумоўна, наконт ложкаў, кратаў на вокнах ды іншага ён мае рацыю.

Гэта прасторны і ўтульны пакой, якога толькі і варта жадаць, і, канечне, я больш не буду назаляць яму сваімі капрызамі.

Папраўдзе, вялікі пакой пачынае мне падабацца, але толькі не гэтыя жудасныя шпалеры.

З аднаго акна я бачу сад: таямнічыя цяністыя альтанкі, пышныя старамодныя клумбы, высокія дрэвы і раскідзістыя кусты.

З другога адкрываецца выдатны краявід затокі і маленькага прыватнага прычалу, што прылягае да надзелу. Ад маёнтка праз засень дрэваў спускаецца да прычалу прыгожая сцежка. Я заўжды ўяўляю сабе людзей, якія гуляюць тут уздоўж шматлікіх сцежак і альтанак. Але Джон перасцярог мяне, каб я ні ў якім разе не займалася фантазёрствам. Ён кажа, што, маючы такую сілу ўяўлення і схільнасць выдумляць, як у мяне, нервовае расстройства з вялікай верагоднасцю можа прывесці да галюцынацый. А таму я павінна супрацьставіць гэтым выдумкам усю сваю сілу волі і здаровы розум. Я ж і спрабую гэта зрабіць.

Часам мне падаецца, што калі б я мела сілы ўсё апісаць на паперы, я змагла б аслабіць уціск сваіх фантазій, і мне б зрабілася лягчэй.

Але, на жаль, ад пісаніны я таксама моцна стамляюся.

Шкада, што тут няма нікога, з кім можна было б проста перамовіцца словам ці параіцца наконт маёй працы. Джон кажа, што калі я папраўлюся, мы запросім пагасціць кузэна Генры з Джуліяй, але пры гэтым зазначае, што ён хутчэй падкладзе покаўкі ў мой ложак, чым запросіць такіх актыўных людзей менавіта цяпер.

Я так хачу хутчэй паправіцца!

Але мне нельга пра гэта думаць. Шпалеры выглядаюць так, нібыта ВЕДАЮЦЬ, як страшна яны на мяне ўплываюць.

Я заўважаю паўтор аднаго і таго ж узору – нібыта перавернутая галава на зламанай шыі, што лупатымі вачыма назірае за мной.

Я проста злуюся ад яе нахабства і паўсюднасці. Уверсе, унізе, па баках – гэтыя галовы варушацца паўсюль і не міргаючы сочаць за мной. Я заўважыла адно месца, дзе сутык шпалераў кепска падагнаны, і вочы скачуць адно над другім уздоўж усёй лініі падзелу – адно зверху, другое знізу.

Ніколі раней я не бачыла, каб прадметы настолькі дзівілі. Хоць, думаю, кожны ведае, якое моцнае ўражанне яны здольныя рабіць! Калі ў дзяцінстве я часта ляжала без сну, то мяне больш забаўлялі і страшылі пустыя сцены і звычайная мэбля ў прыцемках, чым кагосьці – лялькі ў цацачнай краме.

Памятаю, як прыязна падміргвалі мне ручкі шуфлядак нашага вялікага старога пісьмовага стала і як адзін фатэль заўжды падаваўся мне надзейным сябрам. Мне ўяўлялася, што калі нейкая іншая рэч гляне на мяне сурова, я заўсёды магу плюхнуцца ў яго і заручыцца яго падтрымкай.

Аднак мэбля ў гэтым пакоі даволі недарэчная, праўда, мы прынеслі яе з ніжняга паверху. Мяркую, калі гэты пакой аддалі пад гульні, то ўсе рэчы для немаўлят давялося вынесці. І не дзіва, бо наступстваў такога дзіцячага дзікунства я яшчэ не бачыла!

Шпалеры, як я ўжо сказала, адарваныя вялікімі кавалкамі, хоць і надта шчыльна былі прылепленыя да сценаў! Таму, акрамя нянавісці, дзеці мусілі мець і вялікую долю ўпартасці!

Падлога абшарпаная, падзертая, патрэсканая. Шпаклёўка паміж масніцамі дзе-нідзе адсутнічае. А ложак – адзінае, што мы тут знайшлі, – выглядае так, нібы прайшоў праз мноства войнаў.

Але я прымірылася з усім, акрамя гэтых шпалераў.

Чую, як падымаецца сястра Джона. Яна такая слаўная дзяўчына і так клапоціцца пра мяне! Яна не павінная бачыць, як я пішу.

Яна спраўная і спрытная гаспадыня, іншага занятку ёй і не трэба! Я ўпэўненая, менавіта пісаніну яна лічыць прычынай маёй хваробы.

Але я магу спакойна пісаць, калі яна знаходзіцца далёка ад маіх вокнаў.

Адно з іх глядзіць на сцяжыну, на дзівосную звілістую цяністую сцяжыну. А з другога адкрываюцца краявіды з высачэзнымі вязамі і аксамітнымі паплавамі.

На шпалерах у цені часам вымалёўваецца ўзор, дужа непрыемны ад таго, што заўважны толькі пры пэўным асвятленні, ды і тое невыразна. Калі ж на яго падае сонечнае святло, я бачу нейкую дзіўную бясформенную здань, што крадзецца за гэтым бязглуздым і яркім верхнім узорам.

Сястра на лесвіцы!


 

Вось і прайшло чацвертага ліпеня, Дзень незалежнасці! Госці раз’ехаліся, а я адчуваю стому. Джон вырашыў, што стасункі з людзьмі могуць пайсці мне на карысць. Таму на тыдзень да нас завіталі маці, Нэлі і дзеці.

Канечне, я зусім нічога не раблю. Цяпер Джэні пільна за гэтым сочыць.

Але гэта ўсё адно моцна стамляе мяне.

Джон кажа, што калі я не пайду на папраўку, то ўвосеь ён адправіць мяне да Ўіра Мітчэла.

Але я зусім не хачу туды ехаць. Адна мая сяброўка неяк трапіла да яго і казала, што ён такі самы, як Джон ці мой брат, толькі яшчэ горшы!

І да таго ж, гэта вельмі складана – ехаць у такую далеч.

Падаецца, яно таго зусім не вартае, як і ўсё іншае, бо за што я ні вазьмуся, усё мяне раздражняе і злуе.

Я плачу без прычыны, плачу ўвесь час.

Канечне, не тады, калі побач Джон ці яшчэ нехта, а толькі калі я адна.

Я цяпер амаль заўжды ў самоце. Джона ў горадзе трымаюць сур’ёзна хворыя пацыенты, а Джэні такая чулая, што пакідае мяне адну, калі я гэтага жадаю.

Я гуляю крыху па парку ці па той цудоўнай сцяжыне, сяджу на ганку пад ружамі ці падоўгу ляжу тут.

А пакой мне падабаецца ўсё больш, нават нягледзячы на шпалеры. Мабыць, менавіта ДЗЯКУЮЧЫ шпалерам.

Яны проста не выходзяць у мяне з галавы!

Я ляжу на гэтым нязрушным ложку (думаю, ён прыбіты цвікамі) і гадзінамі назіраю за ўзорам на шпалерах. Для мяне гэта накшталт гімнастыкі. Напрыклад, я пачынаю знізу, у тым куце, дзе шпалеры непашкоджаныя, і ўжо сотым разам беспаспяхова сабе абяцаю, што ПРАСАЧУ гэты бязглузды ўзор да нейкага лагічнага канца.

Я крыху знаёмая з асновамі кампазіцыі. Гэты ўзор не паддаецца ні закону гармоніі, ні закону тоеснасці, ні закону сіметрыі – ніводнаму, пра які я чула.

Узор, канечне, паўтараецца ўпоперак, але зусім не ўздоўж.

І, прыгледзеўшыся, заўважаеш, што, з аднаго боку, кожнае вертыкальнае палатно нібы само па сабе, а тлустыя завіткі і закруткі – сумесь упадніцкага раманскага стылю і алкагольнага трызнення – паўзуць то ўверх, то ўніз па слупах бязглуздзіцы.

Але, з другога боку, яны відавочна звязаныя па дыяганалі, і іх размытыя контуры наслойваюцца адзін на адзін, наводзячы жах, нібы даўгія водарасці варушацца пад пластамі цёмнай вады.

Тое самае адбываецца з узорамі па гарызанталі, прынамсі, так падаецца спачатку, але я ўся змарнела, спрабуючы вызначыць іх паслядоўнасць у гэтым напрамку.

Для бардзюру скарысталі гарызантальныя палосы, што выдатным чынам дадае блытаніны.

На адной сцяне шпалеры амаль не пашкоджаныя. І калі сонца садзіцца, добра асвятляючы гэты кавалак сцяны, мне амаль удаецца заўважыць на ім закон восевай сіметрыі – падаецца, што перакрыжаваныя завіткі спачатку акружаюць агульны цэнтр, а потым нечакана імкнуць у бакі на аднолькавую адлегласць, канчаткова рассейваючыся.

Гэтыя назіранні мяне вельмі стамляюць, напэўна, мне варта крыху паспаць.


 

Не ведаю, чаму я мушу гэта пісаць.

Я не хачу.

Я, падаецца, не магу.

І яшчэ я ўпэўненая, Джон палічыў бы гэта абсурдным. Але я ПАВІННАЯ нейкім чынам выказаць свае думкі і пачуцці. Мне ад гэтага робіцца нашмат лепш!

Праўда, высілкі забіраюць больш, чым дае палёгка.

Цяпер палову дня я зусім нічога не раблю і вельмі часта кладуся адпачыць.

Джон кажа, мне нельга страчваць сілы, таму дае мне рыбін тлушч, розныя ўмацавальныя прэпараты, не кажучы ўжо пра піва, віно і сырое мяса.

Любы Джон! Ён так моцна кахае мяне і трываць не можа, калі мне кепска. Надоечы я спрабавала сур’ёзна пагаварыць з ім і папрасіць, каб ён дазволіў мне з’ездзіць да кузэна Генры і Джуліі.

Але ён адказаў, што я не ў стане ні паехаць да іх, ні, тым больш, ачуняць пасля вяртання. Ды і трымалася я таксама не найлепшым чынам, бо расплакалася, як толькі пачала гутарку.

Мне робіцца ўсё цяжэй думаць цвяроза. Відаць, ва ўсім вінаватая мая нервовая слабасць.

І тады любы Джон падняў мяне на рукі, занёс у спальню і паклаў у ложак. А потым сеў побач і чытаў мне, пакуль думкі мае не зблыталіся.

Ён сказаў, што я яго мілая, яго ўцеха, і ўсё, што ў яго ёсць, і што я павінна берагчы сябе дзеля яго і не хварэць.

Ён кажа, што ніхто, акрамя мяне, не можа мне дапамагчы вылечыцца і што я павінная скарыстаць усю сваю сілу волі і самакантроль, каб не дазволіць нейкім дурным фантазіям апанаваць мяне.

Адзінае, што мяне цешыць, – гэта здароўе і шчасце малога і тое, што яму не трэба жыць у гэтым дзіцячым пакоі з жахлівымі шпалерамі.

Калі б яго не занялі мы, ён дастаўся б майму любаму дзіцятку! Якое шчасце, што гэтага ўдалося пазбегнуць! Але я б ніколі ў жыцці не дапусціла, каб такой чуллівай істоце, як мой мілы хлопчык, выпала жыць у гэтым пакоі.

Я ніколі раней не задумвалася пра такое, але цяпер разумею, як добра, што Джон змясціў сюды мяне. Я ж нашмат лягчэй, чым дзіця, змагу гэта вытрываць.

Канечне, пры іх я больш не гавару пра шпалеры – я зрабілася разумнейшай. Але гэта не значыць, што я не назіраю за шпалерамі.

У іх ёсць нешта такое, пра што ніхто, акрамя мяне, не ведае і ніколі не здагадаецца.

За гэтымі ўзорамі хаваюцца нейкія цьмяныя сілуэты, што з кожным днём робяцца ўсё больш выразнымі.

Гэта адзін і той жа сілуэт, толькі памножаны шмат разоў.

Ён нагадвае жанчыну, што падае, падымаецца і паўзе за тым узорам. Мне яна не дужа падабаецца. Я пачынаю думаць, што лепш бы Джон забраў мяне адсюль!

Ды толькі з Джонам так цяжка размаўляць наконт майго выпадку – ён такі разумны і так мяне кахае.

І ўсё ж учора вечарам я паспрабавала гэта зрабіць.

Быў яркі месяц. Ён асвятляў усё наўкола, быццам сонца.

Часам я яго ненавіджу: здаецца, ён крадзецца так павольна і заўжды заглядае то ў адно акно, то ў другое.

Джон спаў, і мне вельмі не хацелася яго будзіць, таму я нерухома ляжала і назірала за промнямі месяца на хвалях шпалераў, аж пакуль мне не стала агідна.

Бляклая здань на шпалерах, здаецца, спрабавала расхістаць узор, нібыта намагалася выбрацца з-за яго.

Я ціхенька паднялася і падышла да шпалераў, каб праверыць, ці НАПРАЎДУ яны рухомыя, а калі вярнулася ў ложак, Джон ужо прачнуўся.

– Што здарылася, мая маленькая? – запытаўся ён. – Не варта так расхаджваць, прастудзішся.

Мне падалося, гэта быў зручны момант для размовы. Таму я сказала, што мне тут не падабаецца, што лепш бы ён забраў мяне адсюль.

– Ды што ты, любая?! Тэрмін арэнды заканчваецца толькі праз тры тыдні, і я не разумею, як гэта мы з’едзем раней, – сказаў ён. – Рамонт дома яшчэ не скончаны, і, магчыма, мне не ўдасца з’ехаць з гораду проста цяпер. Канечне, калі б табе пагражала небяспека, я мог бы і абавязкова зрабіў бы гэта, але ж табе насамрэч лепей, адчуваеш ты тое ці не. Я доктар, любая, і ведаю лепш. Ты набрала ў вазе і выглядаеш свяжэйшай, прытым у цябе ўжо палепшыўся апетыт. Я цяпер сапраўды менш хвалююся за твой стан.

– Я зусім не паправілася, прынамсі не нашмат. І апетыт у мяне можа быць лепшым увечары, калі ты побач. Алё ён прападае ўраніцы, калі цябе няма!

– Божачкі! – усклікнуў ён, абняўшы мяне. – Няхай яна будзе такою хвораю, як таго жадае. Але зараз давай лепш паспім і пагаворым пра гэта раніцай.

– І ты не паедзеш? – сумна запыталася я.

– Навошта, ды і як я магу? Засталося ўсяго тры тыдні, а потым мы выправімся ў невялічкае падарожжа на некалькі дзён, пакуль Джэні падрыхтуе дом да нашага вяртання. Любая, табе насамрэч лепш!

– Цялесна, можа, і лепш... – толькі пачала я, але тут жа асеклася, заўважыўшы, як ён сеў у ложку, як сурова і дакорліва паглядзеў на мяне. Я не змагла больш вымавіць ні слова.

– Мілая, – сказаў ён, – я прашу цябе дзеля мяне і нашага дзіцяці, а таксама дзеля цябе самой: ніколі не дазваляй такім думкам апаноўваць цябе! Няма нічога больш шкоднага і прывабнага для твайго тэмпераменту. Гэта дурныя пустыя выдумкі. Няўжо ты не давяраеш мне, калі я, доктар, кажу гэта?

Канечне, я больш ні слова не прамовіла на гэты конт, і ў хуткім часе мы леглі спаць. Ён думаў, я адразу заснула. Але ён памыляўся. Я яшчэ некалькі гадзінаў ляжала з адкрытымі вачыма, спрабуючы зразумець, паасобку ці разам рухаліся тыя ўзоры пярэдняга і задняга плану.


 

Пры дзённым святле непаслядоўнасць і няправільнасць такіх узораў робяцца добра заўважнымі. Здаровага чалавека яны проста выводзяць з сябе.

Колер шпалераў даволі злавесны, невыразны і раздражняльны. Узор жа выцягвае з мяне ўсе сокі, і калі, здаецца, я ўжо вывучыла яго і магу спакойна прасачыць ад пачатку да самага канца, ён нечакана перакульваецца, і ўсё трэба пачынаць наноў. Ён нібы пляскае мяне па твары, збівае з ног, топчацца па мне. Усё гэта нагадвае нейкі кепскі сон.

Узор задняга плану ўяўляе сабой квяцістую арабеску, падобную да грыба. Уявіце сабе паляну паганак, бясконцую чараду паганак, што прабіваюцца з-пад зямлі, што няспынна прарастаюць у несупынных канвульсіях. Узор вельмі падобны да гэтага.

Часам так яно і ёсць!

У гэтых шпалераў ёсць адна асаблівасць, якую ніхто, акрамя мяне, відаць, яшчэ не заўважыў. А менавіта: са зменаю асвятлення яны таксама мяняюцца.

Калі сонца ўрываецца з усходу і кідае свой першы просты і даўгі, такі доўгачаканы для мяне промень праз акно, шпалеры змяняюцца так хутка, што нават цяжка паверыць.

Таму я і сачу за імі бесперапынна.

У святле месяца – а калі ён на небе, то свеціць усю ноч навылёт – шпалеры зусім не тыя, што ўдзень.

Уночы пры любым асвятленні – ці то ў прыцемках, ці то ў святле свечкі або лямпы, але больш за ўсё пры месячным святле – яны робяцца прутамі! Я маю на ўвазе ўзор пярэдняга плану. Ды і жанчына за імі настолькі выразная!

Я доўгі час не магла разгледзець тую цьмяную здань за пярэднім узорам, але цяпер я амаль упэўненая – гэта жанчына.

Пры дзённым святле яна скараецца, паводзіць сябе спакойна. Мяркую, гэта ўзор яе стрымлівае.

Гэта так цікава, гадзінамі я адчуваю спакой.

Цяпер я ляжу ўсё больш. Джон кажа, гэта мне карысна і адзінае, што я магу, – спаць.

Таксама ён узяў за звычку укладваць мяне на гадзіну ў ложак пасля кожнага прымання ежы.

Я ўпэўненая, што звычка гэта вельмі дрэнная, бо я ўсё адно не сплю.

І гэта вымушае мяне хлусіць, бо я не кажу ім пра гэта – ніколі!

Папраўдзе, я пакрысе пачынаю баяцца Джона.

Часам ён падаецца мне вельмі дзіўным, ды і Джэні таксама, бывае, выглядае загадкава.

Зрэдчас у галаву прыходзіць думка – але толькі ў якасці навуковай гіпотэзы – што гэта ўсё праз шпалеры.

Я бачыла Джона, калі ён не ведаў, што я за ім назіраю, я проста нечакана заходзіла ў пакой па нейкую драбязу і некалькі разоў заўважала, як ён ГЛЯДЗЕЎ НА ШПАЛЕРЫ! Тое самае з Джэні. Аднойчы я заспела яе, калі яна кранала шпалеры.

Яна не ведала, што я ў пакоі, і калі я запыталася ў яе спакойна, вельмі спакойна, як мага больш стрыманым тонам, што яна робіць са шпалерамі, яна рэзка павярнулася, нібыта схопленая падчас крадзяжу, даволі злосна глянула на мяне і спытала, чаму я так яе напалохала.

Яна сказала, што шпалеры пакідаюць след на ўсім, што іх кранаецца, яна бачыла жоўтыя плямы на ўсёй маёй вопратцы і на вопратцы Джона, і дадала, што нам трэба быць больш ахайнымі.

Канечне, гэта гучала даволі бяскрыўдна. Але я ведаю, яна вывучала ўзор, і я ўпэўненая, што яго не разгадае ніхто, акрамя мяне!


 

Цяпер маё жыццё нашмат цікавейшае, чым раней: у мяне з’явілася тое, да чаго можна імкнуцца, чаго чакаць, за чым назіраць. Я насамрэч цяпер ем лепш і паводжуся спакайней.

Джон так цешыцца, што я папраўляюся! Ён надоечы нават пажартаваў, што я квітнею насуперак маім шпалерам.

На яго жарт я адказала смехам. Я і не збіралася яму казаць, што гэта ДЗЯКУЮЧЫ шпалерам, ён бы адно пакпіў з мяне. Ён, магчыма, нават збіраецца забраць мяне адсюль.

Але я не хачу з’язджаць, пакуль я не разгадаю ўсё да канца. Застаўся яшчэ тыдзень, я думаю, гэтага хопіць.

Мне цяпер нашмат лепш! Я мала не сплю па начах – так цікава назіраць за развіццём узору. Затое адсыпаюся ўдзень.

Днём ад назіранняў я стамляюся і блытаюся.

Увесь час прабіваюцца ўсё новыя парасткі паганак, і новыя жоўтыя разводы растуць вакол іх. Я ніяк не магу за імі ўсачыць, хоць не раз спрабавала зрабіць гэта самым сумленным чынам.

У гэтых шпалераў найдзіўнейшы жоўты колер, які я сустракала! Ён нагадвае мне пра ўсе жоўтыя рэчы, якія мне даводзілася бачыць, але рэчы не такія прыгожыя, як, напрыклад, кветкі казяльца, а такія, як застарэлыя плямы, гідкія пажаўцелыя рэчы.

І ў шпалераў ёсць яшчэ адна адметнасць – пах! Я заўважыла яго, калі мы толькі засяліліся ў гэты пакой. Але тады было столькі сонечнага святла і свежага паветра, што ён не замінаў. Цяпер ужо тыдзень, як вісіць туман, ідзе дождж, і, не зважаючы на тое, зачыненыя вокны ці адчыненыя, гэты пах тут паўсюль.

Ён запаўняе ўвесь дом.

Я адчуваю, як ён прасочваецца ў гасцёўню, як тоіцца ў кабінеце, як хаваецца ў прыхожай, як, распластаўшыся на сходнях, чакае мяне.

Ён пранікае ў мае валасы.

Нават падчас шпацыру, калі я неспадзеўкі паварочваю галаву – пах тут як тут!

І пах гэты вельмі своеасаблівы! Я гадзінамі спрабавала прааналізаваць яго, каб урэшце зразумець, да чаго ён падобны.

Спачатку ён не такі і кепскі, ён вельмі слабы, але ўсё ж гэта самы востры і ўстойлівы пах з тых, што я калі-небудзь сустракала.

У такое вільготнае надвор’е, як цяпер, ён проста невыносны. Я прачынаюся сярод ночы і адчуваю, як ён навісае нада мной.

Спачатку ён мяне непакоіў. Я ўсур’ёз падумвала падпаліць дом, каб заглушыць гэты пах.

Але цяпер я да яго прызвычаілася. І адзінае, што ён мне нагадвае, – гэта КОЛЕР шпалераў. Жоўты пах.

На сцяне ўнізе, каля самага плінтуса, я знайшла дзіўную метку. Рысу, якая акаляе ўвесь пакой. Яна цягнецца па-за кожным прадметам мэблі, акрамя ложка. Даўгая, простая, яна АПАЯСВАЕ пакой і выглядае, нібы яе церлі і церлі.

Цікава, чым яна зробленая, і кім, і навошта. Па коле, па коле, па коле – па коле, па коле, па коле – і мне робіцца млосна.


 

Нарэшце я нешта насамрэч адкрыла.

Дзякуючы начным назіранням за зменамі на шпалерах, я нарэшце ўсё разгадала.

Вонкавы ўзор НАСАМРЭЧ рухаецца! І не дзіва: гэта жанчына ўнутры трасе яго!

Часам падаецца, што жанчынаў мноства, а часам – што толькі адна: яна адчайна поўзае там і сваімі рухамі страсае ўзор.

На самых асветленых участках яна практычна не рухаецца, а ў самых зацемненых – нават хапаецца за пруты і трасе іх з усяе моцы.

І яна ўвесь час спрабуе вылезці. Але ніхто не здольны прабрацца праз гэты ўзор – настолькі ён шчыльны. Думаю, мабыць, таму тут столькі галоваў.

Яны толькі высунуцца вонкі, а ўзор ужо пачынае іх душыць, пераварочваць, засцілаць бельмамі вочы.

Калі б гэтыя галовы былі пакрытыя ці хаця б зрубленыя, было б яшчэ не так страшна.


 

Я думаю, удзень гэтая жанчына адтуль выходзіць!

Адкуль я ведаю? Скажу па сакрэце: я яе бачыла.

Я бачу яе з усіх сваіх вокнаў!

Гэта тая самая жанчына. Я ўпэўненая, бо яна заўжды поўзае, а большасць жанчынаў не поўзае ўдзень.

Я бачу яе на доўгай алеі між дрэваў: яна паўзе, а калі раптам з’яўляецца экіпаж, то кідаецца пад парэчнік.

Я яе зусім не вінавачу. Вядома, быць заспетай на карачках сярод белага дня – гэта так прыніжальна!

Я заўжды зачыняю дзверы, калі поўзаю удзень. Я не магу поўзаць ноччу, бо ведаю, Джон адразу нешта западозрыць.

Джон цяпер такі дзіўны, мне зусім не хочацца яго раздражняць. Лепш бы ён перасяліўся ў іншы пакой! Да таго ж, я не хачу, каб нехта, акрамя мяне, выпусціў гэтую жанчыну ўначы.

Часам мяне цікавіць, ці можна пабачыць жанчыну з усіх вокнаў адначасова.

Але як бы хутка я ні паварочвалася, мне ўдаецца пабачыць яе толькі з аднаго акна.

І хаця я бачу яе ўвесь час, яна МОЖА поўзаць хутчэй, чым я паварочваюся.

Часам я бачыла яе далёка ў полі, яна паўзла так хутка, нібы воблака, якое гоніць моцны вецер.


 

Калі б жа толькі можна было прыбраць гэты вонкавы ўзор! Хаця б паспрабаваць, мала-памалу.

Таксама я адкрыла яшчэ адну надзвычайную рэч, але гэтым разам я не раскажу пра яе! Людзям нельга вельмі давяраць.

Засталося ўсяго два дні, каб прыбраць гэтыя шпалеры, і мне падаецца, Джон пачынае нешта заўважаць. Мне зусім не падабаецца яго позірк.

І яшчэ я чула, як ён задаваў Джэні шмат прафесійных пытанняў пра мяне. А ёй насамрэч было што расказаць.

Яна сказала, што я шмат сплю ўдзень.

Джон усё-ткі ведае, што ноччу я сплю кепска, хоць я так ціха сябе паводжу!

Ён і мне задаваў розныя пытанні, прыкідваўся добрым і спагадлівым.

Нібыта я не бачу яго наскрозь!

Але, з іншага боку, не дзіва, што ён так сябе паводзіць, – ён ўжо тры месяцы спіць у пакоі з гэтымі шпалерамі.

Яны цікавяць толькі мяне, але я ўпэўненая: і Джон, і Джэні таксама пад іх таемным уплывам.


 

Ура! Сёння апошні дзень, але мне яго хопіць. Джон застанецца ў горадзе нанач і вернецца толькі ўвечары.

Джэні хацела легчы спаць са мною (што за праныра!), але я ёй сказала, што, без сумневу, высплюся нашмат лепей, калі буду спаць адна.

Гэта было вельмі разумна, бо я была не зусім адна! Як толькі месяц асвяціў сцены і небарака зноў пачала поўзаць і трэсці ўзор, я падхапілася і кінулася ёй на дапамогу.

Я цягнула, яна трэсла, я трэсла, яна цягнула. І да раніцы мы сарвалі некалькі ярдаў тых шпалераў – вялізны кавалак над маёй галавой, – вызваліўшы ад іх амаль палову пакоя.

І пасля, калі ўзышло сонца і гэты жудасны ўзор пачаў з мяне смяяцца, я дала сабе зарок, што скончу з ім сёння ж!

Мы з’язджаем заўтра, і служкі вывозяць мэблю з пакоя, каб зрабіць яго такім, якім ён быў раней.

Джэні глянула на сцяну са здзіўленнем, але я нязмушана патлумачыла, што зрабіла гэта ўсяго толькі на знак помсты злавесным шпалерам.

Джэні, засмяяўшыся, адказала, што не адмовілася б сама зрабіць тое самае, але мне нельга моцна стамляцца.

Як жа яна здрадзіла сабе гэтым разам!

Але ж я тут, і ніхто не кране шпалеры, акрамя мяне, – ніхто ЖЫВЫ!

А ўсё ж яна хацела выставіць мяне з пакоя, гэта было відавочна! Але я адказала, што тут так спакойна, пуста і чыста, што я з задавальненнем зноў прылягу і добра высплюся. Я нават папрасіла не будзіць мяне да абеду: калі прачнуся, я паклічу яе сама.

І вось яна сышла, сышлі служкі, вынеслі ўсе рэчы. У пакоі не засталося нічога, акрамя вялізнага ложка, прыбітага цвікамі, і палатнянага матраса, які быў на ім ад пачатку.

Мы сёння будзем спаць унізе і заўтра адплывем дахаты на лодцы.

Мне падабаецца пакой, асабліва цяпер, калі ён зноўку пусты.

Як жа дурэлі тут тыя дзеці!

Ложак яўна пагрызены!

Але мне час брацца за працу.

Я зачыніла дзверы і выкінула ключ праз акно на сцяжыну.

Я не хачу выходзіць і не хачу, каб нехта ўваходзіў, пакуль не прыедзе Джон.

Я хачу яго моцна здзівіць.

У мяне тут ёсць вяроўка, якую нават Джэні не знайшла. Калі жанчына насамрэч выберацца і захоча ўцячы, я змагу звязаць яе!

Але я забылася, што не змагу дацягнуцца далёка, калі не будзе на што стаць!

Гэты ложак НЕЛЬГА зварухнуць!

Я спрабавала падняць і пасунуць яго, пакуль не ўдарылася, а потым ад злосці адкусіла ад яго кавалак з аднаго краю, ды ад гэтага толькі зубы забалелі.

Потым я сарвала ўсе шпалеры, да якіх магла дацягнуцца, стоячы на падлозе. Яны прыклееныя надзвычай моцна, і ўзору гэта на руку! Усе гэтыя прыціснутыя галовы, лупатыя вочы і паганкі, што ўзнікаюць бесперапынна, проста лопаюцца ад смеху!

Я да такой ступені раззлаваная, што здольная і на адчайны ўчынак. Напрыклад, скокнуць з акна падаецца мне выдатным практыкаваннем, але пруты занадта моцныя, нават каб толькі паспрабаваць.

Да таго ж, я ніколі гэтага не зраблю. Канечне, не. Я выдатна ведаю, што такі крок памылковы і яго могуць няправільна зразумець.

Мне нават не хочацца ГЛЯДЗЕЦЬ з акна. На вуліцы так шмат гэтых паўзучых жанчынаў, і поўзаюць яны так хутка.

Цікава, яны ўсе выбраліся з гэтых шпалераў, як і я?

Але я абачліва прывязалася вяроўкай, якую прыхавала, і МЯНЕ ніхто не выкіне на дарогу!

Мяркую, калі прыйдзе ноч, мне прыйдзецца вярнуцца за той ўзор, і гэта так балюча!

Нашмат прыемней быць на волі ў гэтым вялізным пакоі і поўзаць тут, колькі пажадаю.

Я не хачу на вуліцу. І не выйду, нават калі Джэні мяне пра гэта папросіць.

Бо там, на вуліцы, мы вымушаныя поўзаць па зямлі, і наўкола ўсё зялёнае, а не жоўтае.

Тут жа я магу поўзаць па гладкай падлозе. А маё плячо якраз на ўзроўні той лініі, што па коле апаясвае ўсе сцены, я трымаюся яе і таму не заблытаюся.

Джон ужо за дзвярыма!

Нічога не атрымаецца, малады чалавек, вы не зможаце адчыніць!

Як жа ён лямантуе і грукае!

А цяпер крычыць, каб прынеслі сякеру!

Прыкра ламаць такія прыгожыя дзверы!

– Джон, даражэнькі! – прамовіла я салодкім голасам, – ключ унізе, на прыступках, пад платанавым лістом!

Пасля маіх словаў ён змоўк на некаторы час. А потым сказаў як можна спакайней:

– Любая, адчыні дзверы!

– Я не магу. Ключ унізе ля ўваходных дзвярэй пад платанавым лістом!

Я паўтарыла гэта некалькі разоў, вельмі мякка і павольна, і паўтарала так часта, што яму ўсё ж давялося схадзіць і праверыць, і ён, канечне, знайшоў ключ і ўвайшоў да мяне. І раптам застыў ля дзвярэй.

– Што здарылася?! – закрычаў ён. – Божа, што ты робіш?

А я ўсё адно працягвала поўзаць, толькі глянула на яго праз плячо.

– Я выбралася нарэшце, – сказала я, – нягледзячы на вас з Джэні. Я абарвала большасць шпалераў, вы не зможаце засунуць мяне назад!

І з чаго раптам яму страчваць прытомнасць? Але так адбылося, і ён упаў проста ў мяне на дарозе, ля самай сцяны, і мне кожны раз даводзілася праз яго пералазіць!


Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2010

Чытайце таксама

Мантэгю Родс Джэймс

Мантэгю Родс Джэймс

Ангельскі пісьменнік, тэкстолаг і бібліёграф-медыявіст, майстар ghost story

Марэк Вадас

Марэк Вадас

Сучасны славацкі пісьменнік. У 2006 годзе атрымаў прэстыжную прэмію Anasoft Litera

Ўолт Ўітмэн

Ўолт Ўітмэн

Амерыканскі паэт, эсэіст і журналіст.

Эдгар Алан По

Эдгар Алан По

Амерыканскі паэт, навэліст, журналіст, філосаф, крытык, заснавальнік дэтэктыўна-фантастычнага жанру ў літаратуры

1193