№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джойс Кэрал Оўтс

Тры дзяўчыны (Three Girls)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева


У букінісце “Стрэнд” [1] на скрыжаванні Брадвея і Дванаццатай вуліцы адным снежным сакавіцкім надвячоркам 1956 году, калі брадвейскія ліхтары залівалі наваколле дзіўнаватым святлом сэпіі, мы былі дзвюма студэнткамі нью-ёркскага ўніверсітэта, дзяўчынамі-паэткамі, што прабіраліся між скарбаў гэтага сховішча, нібы праз зараснікі чароўнага лесу. Пачатак сёмай. Над зацярушаным ззяннем Манхэтэнам – непраглядна-чорная ноч. Снегапад і пакрытыя лёдам ходнікі крыху адпужалі наведнікаў – у гэтую гадзіну іх тут было менш, чым звычайна, але ж тут былі мы. Сярод іншых засяроджаных і дзівакаватых заўсёднікаў. У сваіх армейскіх куртках, мехаватых нагавіцах колеру хакі, гумавых ботах на маланцы. У сваіх шарсцяных шапках (звязаных тваімі нястомнымі пальчыкамі), нізка нацягнутых на бледныя дзявочыя лбы. Зачараваныя кнігамі. Зачараваныя “Стрэндам”.

Ніводная кнігарня з элегантнымі вітрынамі абсалютна “новых” кніг, не вабіла нас так, як скразнякі Стрэнду, яго скрынкі, поўныя брудных, зашмальцаваных кніжак, падобных да сметніц на Чатырнаццатай вуліцы, –

НАВІНКІ ТЫДНЯ, ПА НАЙЛЕПШЫМ КОШЦЕ, СУСВЕТНАЯ КЛАСІКА, КНІГІ ПА МАСТАЦТВЕ

ЗНІЖКА 50 %, КРЫТЫКА, УСЁ ДА 1, 98$, РЭШТКІ

25¢ – 1$. Цвёрдая/мяккая вокладка. У выдатным стане/падзертыя. Прыгожа аздобленыя/танны друк і папера. А за імі і па баках на гэтай бязмежнай прасторы, дзе разгульвае рэха, – вялізныя паліцы кніг, кніг, кніг, што ўздымаюцца на 15 футаў над тваёй галавой, проста да каванай бляшанай столі. Паліцы з кнігамі так высока, што каб дабрацца да іх, патрэбная лесвіца і жвавасць малпы (як у цябе).

Мы былі зачараваныя Стрэндам і адна адной у ім. Пад наглядам сярдзітых маладых прадаўцоў – паэтаў, як мы, ці драматургаў/актораў/мастакоў. У пакутах невымоўнага маладога кахання я глядзела на цябе. Як і заўсёды такімі рамантычнымі надвячоркамі ў Стрэндзе, крадзешся між праходаў, кпіш з няшчасных кніжак – мноства з іх зусім не вартае тваёй увагі. Бэстсэлеры, практычныя дапаможнікі, ужытковае мастацтва, прымітыўныя гісторыі некага ці нечага. Жаночыя раманы, сентыментальная любоўная лірыка. Патрыятычныя кнігі, кнігі для абываталяў, кнігі, якім не стае эзатэрычных вокладак. Мы былі дзяўчатамі-паэткамі, палка апантанымі Т. С. Эліятам, але пагардлівымі да Роберта Фроста, якога нас прымушалі вучыць у школе – у сталовай ці інтэрнаце ў прысутнасці тупаватай грамады, нібы тайным шыфрам, мы гарэзліва абменьваліся цытатамі з Эліята. Мы захапляліся, хоць і крыху збянтэжана, паэзіяй Ейтса, яшчэ больш нас бянтэжыла хвалёная вартасць Паўнда, нас моцна вабілі смелыя метафары Кафкі (гэты прусак!) і Дастаўескага (сэксі-забойца Раскольнікаў і Падпольны чалавек былі нашымі героямі-бунтаўнікамі), і Сартра (“Пекла – гэта іншыя”, мы ведалі), і мелі падставы лічыць сябе іх нашчадкамі, хаця, натуральна, мы былі прадстаўнікамі амерыканскага сярэдняга класу, белымі і, да таго ж, жанчынамі. (Але тым не менш, мы не былі “сярэднестатыстычнымі” жанчынамі. Шчыра кажучы, мы падзялялі мужчынскую пагарду да простай “сярэднестатыстычнай” жанчыны).

Раздумваю над кіпаю кніг, ад якіх пачашчаецца пульс, амаль сарамліва кранаючы “Дыскамфорт ад культуры” Фройда, “Век розуму” Крэйна Брынтана, “Сталенне на Самоа” Маргарэт Мід, “Вясёлку” Д. Г. Лоўрэнса, “Страх і трымценне” К’еркегора, “Смерць у Венецыі” Мана – раптам ты нечакана праслізгваеш за маёй спінай і кранаеш маё запясце (ты ніколі не рабіла так раней, праўда?) і шэпчаш “хадзі сюды” так, што мяне працінае гучанне тваіх словаў, у якіх хаваецца: “Я хачу табе паказаць нешта чароўнае/нечаканае/надзвычайнае”. Вершамі былі для нас гэтыя адкрыцці ў “Стрэндзе”, адшуканымі вершамі, каб захаваць іх у сэрцы. І я з радасцю пайшла за табой, хоць і прыхоўваючы сваю радасць: “Ну, што там?”, быццам ты мне перашкодзіла ці, можа, мы пасварыліся напярэдадні, лопнулі нацягнутыя дзявочыя нервы. Так, ты была наіўнай і самазасяроджанай, і ў прысутнасці людзей напышлівых і недалёкіх цябе адольвалі прыступы капрызнага маўчання і рэзкіх зменаў настрою. Я вельмі кахала і баялася цябе, разумеючы, як лёгка ты можаш разбіць мне сэрца, сэрца, якое яшчэ ніхто не разбіваў, бо ніколі яшчэ яно не было такім безабаронным.

З радасцю, але і са сваёй заўсёднай насцярожанасцю я рушыла за табой праз лабірынты кніжных паліцаў, скрынак і стэлажоў да самай столі АНТРАПАЛОГІЯ, МАСТАЦТВА/СТАРАЖЫТНАЕ, МАСТАЦТВА/РЭНЕСАНС, МАСТАЦТВА/СУЧАСНАЕ, МАСТАЦТВА/УСХОДНЯЕ, МАСТАЦТВА/ЗАХОДНЯЕ, ПАДАРОЖЖЫ, ФІЛАСОФІЯ, КУЛІНАРЫЯ, ПАЭЗІЯ/СУЧАСНАЯ, дарогу там вераломна асвятлялі адно голыя шасцідзесяціватавыя лямпачкі, там пакупнікі такія ж дзівакаватыя, як мы абедзве, стаялі між шэрагамі паліцаў і чыталі кнігі ці сядзелі згорблена на ўслончыках і раздражнёна ўздымалі на нас вочы. Не задаючы пытанняў, я ішла за табой, аж пакуль ля ПАЭЗІЯ/СУЧАСНАЯ ты не спынілася і не штурхнула мяне наперад, а потым за кут, і я стаяла разгубленая, не ведаючы, што мушу пабачыць, пакуль ты нецярпліва не торкнула мяне ў бок і не тыцнула пальцам, і цяпер паміж шэрагаў я заўважыла тую, што здымала кнігі з паліцаў, заглядала ў іх і відавочна была захопленая чытвом, – жанчына прыкладна майго росту (для дзяўчыны ў 1956-м я была даволі высокай) у мужчынскай марской куртцы да шчыкалаткі, з рукавамі, што цалкам хавалі запясці, а на галаве – бежавы мужчынскі фетравы капялюш, нацягнуты па самыя вочы, як і нашыя вязаныя шапачкі. Яе валасы практычна цалкам былі схаваныя пад ім, адно толькі невялікая коска бялявых валасоў на карку, а яшчэ на ёй былі чорныя нагавіцы, запраўленыя, па ўсім відаць, у каўбойскія боты, заплямленыя соллю. Гэта нехта, каго мы ведаем? Старэйшая сімпатычная студэнтка з універсітэта? Дзяўчына-паэтка, як мы? Я ўжо збіралася збянтэжана штурхнуць цябе ў бок, як раптам бландынка павярнулася, беручы новую кнігу з паліцы (“Цюльпаны і коміны” э.э. камінгса – я заўжды буду памятаць гэтую назву!), і я пабачыла, што гэта Мэрылін Манро.

Мэрылін Манро. У “Стрэндзе”. Як мы. І, падавалася, яна тут адна.

Мэрылін Манро, зусім адна!

Цалкам засяроджаная пошукам сярод кніг, безуважная да наваколля і да нас. Падавалася, ніхто (яшчэ) не пазнаў яе, акрамя цябе.

І ў гэтым неспадзяванка: жанчына была ці не была Мэрылін Манро. Бо яна паўставала асобай, цалкам заглыбленай у выбар, прагортванне і чытанне кніг. Было заўважна, што гэтая асоба – чытачка. Адна з тых, хто чытае. Унікліва, палка. З усёй душою. І яна чытала паэзію, яе вусны маўкліва складалі словы. Безуважна яна выцерла нос краем далоні – настолькі была паглыбленая ў чытанне. Бо калі ты па-сапраўднаму чытаеш паэзію, паэзія чытае цябе.

І ўсё ж гэтая жанчына была Мэрылін Манро. І нягледзячы на наш здаровы розум, на нашую пагарду да дурных клішэ галівудскіх меладрамаў, мы ўсё роўна, хоць і не зусім свядома, чакалі побач з ёй Галоўнага героя: Кларка Гейбла, Роберта Тэйлара, Марлона Брандо.

Напаўсвядома мы чакалі салодкіх гукаў музыкі, што адкрыюць для нас новую сцэну з кінафільма.

Але ніякага мужчыны не было з ёй побач, як і з намі, у “Стрэндзе”. Ніякага Галоўнага героя, ніякага цёмнага прынца.

Як і нам (мы пачалі адчуваць), гэтай Мэрылін Манро мужчына быў непатрэбны.

Цягам паловы гадзіны, якая нам падалася надзвычай доўгай, Мэрылін Манро блукала між паліцаў у аддзеле ПАЭЗІЯ/СУЧАСНАЯ, а за тры метры дзве дзяўчыны-паэткі назіралі за ёй са сваёй схованкі, сціскаючы адна адной рукі. Мы былі агаломшаныя тым, як мала гэтая жанчына нагадвала бліскучую “Мэрылін Манро”. Тую яркую бландынку з вокладкі, сэкс-сімвал Галівуда, абсалютна не цікавы інтэлектуалам (мы так думалі, мы, якія нічога не ведалі пра таемную сувязь паміж Мэрылін Манро і Артурам Мілерам); яна была больш падобная да нас (амаль), чым да галівудскай акторкі. Мы проста паміралі ад цікаўнасці, чыю паэзію праглядала Мэрылін Манро: Элізабэт Бішап, H.D. [2], Роберт Лоўэл, Мюрыэл Рукейзер, Гары Кросбі, Дэніс Левертоў… Пяць ці шэсць з іх Мэрылін Манро вырашыла набыць, рушыла да выхаду, ускінула скураную сумку на плячо і нацягнула ніжэй капялюш.

Мы не маглі супрацівіцца, мы мусілі пайсці за ёй! Мы намагаліся не перашэптвацца, нібы ўсхваляваныя школьніцы, і не хіхікаць так гучна, як нам таго хацелася, і ты штурханула мяне пад рэбры, каб неяк супакоіць, у тваім паглядзе чыталася: “Цішэй! Не сапсуй нам усё!” Я прызнавала, што была больш грубай з нас абедзвюх, высокая нехлямяжая Рыма – Валадарка Птушак [3], з эластычнымі рудавата-чырвонымі валасамі, нібы чубком экзатычнай птушкі, а ты была прывабнай мініяцюрнай брунэткай з прыгожымі габрэйскімі вачыма колеру цёрну і даўгімі вейкамі, ты – хітраватая гімнастка і я – задзірлівая баскетбалістка, ты – паэтка-“эксперыментатар” і я, прывязаная да “формы”, нашыя супрацьлеглыя таленты прарасталі ўнутры. Якая з нас выйдзе замуж, народзіць, знікне ў “сапраўдным” жыцці, а якая будзе настойліва ісці наперад і ў свае трыццаць, пакуль яе не пачнуць друкаваць і з цягам часу яна не стане “сапраўдным” паэтам, – ці мог нехта тым снежным сакавіцкім вечарам 1956-га прадказаць гэта?

Мэрылін Манро рухалася праз лабірынты кніг, і мы ішлі следам, нібы ў лабірынце мараў, паўз СПОРТ, паўз ВАЙСКОВУЮ СПРАВУ, паўз ВАЙНУ, паўз ГІСТОРЫЮ/СТАРАЖЫТНУЮ, паўз пазнавальных заўсёднікаў “Стрэнда”, што насупіліся, заглыбіўшыся ў кнігі, паўз пазяханні самаўпэўненых барадатых прадаўцоў, што на бялявую акторку звярнулі не больш увагі, чым хоць калі звярталі на нас, і вось – ПРЫРОДАЗНАЎСТВА, перад якім яна спынілася, і тут зноў цягам няспешных хвілінаў (“Стрэнд” працаваў да 9-й вечара) Мэрылін Манро ў сваім мужчынскім амплуа блукала і раздумвала, здымаючы з паліцаў кнігі, шукаючы нечага. Нарэшце яна схілілася, разглядаючы вялізны ілюстраваны фаліянт (цікаўнасць мяне перамагла! Я адвяла тваю руку і ветліва праслізнула паўз Мэрылін Манро, прамармытаўшы “прабачце”, проста крыху крануўшы яе, але не прыцягваючы ўвагі) – “Паходжанне відаў” Чарлза Дарвіна, падарункавае выданне. Дарвін! “Паходжанне відаў”! Мы былі паэтамі, то бок пагарджалі навукай, ці думалі, што пагарджалі, ці пагарджаць мусілі, каб быць сапраўднымі паэтамі ў высокім сэнсе, як Т. С. Эліят ці Ўільям Батлер Ейтс, а такі выбар з боку Мэрылін Манро, падаваўся нам вычварэнствам. Але менавіта гэтую кнігу Мэрылін Манро хуценька вырашыла набыць, беручы яе ў рукі і рухаючыся далей.

Гэты зухаваты капялюш, якому мы ўжо пачалі зайздросціць, і гэтая кароткая бялявая коска. (Пазней мы задумаліся: валасы Мэрылін Манро ў касе? Мы ніколі не бачылі, каб у нейкім кіно ці на фота ў яе была каса. Што гэта значыла? Гэта значыла хоць нешта? Яна кінула кінематограф і пачала новае, ананімнае жыццё сярод нас?)

Раптам Мэрылін Манро азірнулася на нас і насупілася, як насупліваецца дзіця (мы гаварылі ўслых? яна пачула нашыя думкі?), і на яе твары з’явілася неўразуменне – не трывога ці раздражненне, а менавіта амаль дзіцячае неўразуменне: “Хто вы? Вы абедзве. Вы сочыце за мной?” Мы тут жа адвялі пагляд. Мы шэптам распачалі спрэчку пра кнігу, якую адна з нас выхапіла з паліцы: “Гісторыя батанічных садоў Англіі”. І нас не раскрылі. Мы спадзяваліся!

Але цяпер мы паводзіліся больш асцярожна і стрымана. Бо што калі б Мэрылін Манро злавіла нас і дазналася, што мы ведаем?

Яна, мабыць, кінула б свае кнігі і выбегла б са “Стрэнда”. Якая страта для яе і для кніг! І для нас таксама.

А як мы хваляваліся за яе неасцярожнасць! Баяліся, што яе пазнае пакупнік (-мужчына) ці прадавец (-мужчына). Дзяўчына ці жанчына захавалі б яе таямніцу (мы так думалі), але ніводзін мужчына не змог бы ўтрымацца, каб не пачаць адкрыта пазіраць на яе, пераследаваць яе і нарэшце з ёй загаварыць. Канечне, акторка-бландынка ў букінісце “Стрэнд” не была сабою – зусім не спакуслівая, зусім не “сэксі”, не святлейшая за іншых бландынак у гэтай мужчынскай вопратцы, што не прыцягвае ўвагі, у гэтых ботах з налётам солі, яна магла быць кім заўгодна – мужчынам ці жанчынай – але наўрад ці зоркай Галівуда, наўрад ці кінабагіняй. Але ўсё ж калі прыгледзецца, яе можна пазнаць. Калі паспрабуеш, узброіўшыся хоць кропляй фантазіі, то пабачыш “Мэрылін Манро”. Гэта падобна да дзіцячай гульні, калі ўглядаешся ў лістоту, траву ці хмаркі на небе, і раптам бачыш нечы твар ці паставу, а пасля ўжо проста не можаш не бачыць тыя прыхаваныя рысы, ужо яны самі глядзяць проста на цябе. Тое ж было і з Мэрылін Манро. Калі ўжо мы пабачылі яе, нам падавалася, што яе мусіць заўважыць – і пазнаць – кожны, хто кіне на яе хоць позірк. А калі мужчына яе пабачыць! Мы баяліся, што яе таямніца адразу раскрыецца! І тут жа акторку-бландынку аточаць, абкружаць. Як жа неасцярожна і легкадумна з яе боку было прыйсці ў букініст “Стрэнд” адной, думалі мы. Яна ж запраста магла б наведацца ў Ціфані [4], магла б шпацыраваць па вэстыбюлі “Плазы” ці Ўолдарф-Асторыі, ад фанатаў і непажаданых прыхільнікаў яе бараніла б багатае наваколле Верхняга Іст-Сайда [5], але тут?! У дэмакратычным “Стрэндзе”, на скрыжаванні Брадвея і Дванаццатай вуліцы?!.

Мы былі ў разгубленасці. Я амаль злавалася на яе. Так рызыкаваць! Але ты, сціскаючы мне запясце, мела іншае больш дасціпнае тлумачэнне.

– Яна думае, што такая ж, як мы.

Ты мела на ўвазе: проста чалавек, чалавек без імені. Жанчына, як і мы. Сярод звычайных непрыкметных пакупнікоў (збольшага мужчын) “Стрэнда”.

І ў ім, гэтым жаданні Мэрылін Манро, стаіўся сум. Быць як мы. Таму што, натуральна, гэта было немагчыма. Усе, нават дзве дзяўчыны-паэткі, маглі сказаць Мэрылін Манро, што яна ўжо спазнілася для гісторыі. Яна ўжо ў свае трыццаць (а пасля мы палічылі, што ёй было менавіта столькі) “Мэрылін Манро” ўвайшла ў гісторыю, і назад шляху для яе не было. Яе фільмы, яе фотаздымкі. Яе твар, фігура, імя. Увайсці ў гісторыю – значыць быць духоўна скрадзенай і не мець магчымасці вярнуцца. Быццам маланка мусіла ўдарыць у будынак, дзе месціўся “Стрэнд”, быццам сапраўдны электрычны ток мусіў крануць і змяніць толькі аднаго-адзінага індывіда ў пустым і бяскрайнім сусвеце, і, як падавалася, з чыстай выпадковасці ім стала маладая жанчына з бялявай касою і ў фетравым капелюшы, што прыкрывае твар. Чаму? Чаму яна, а не хтосьці іншы? Вы можаце запярэчыць, што гэткі падарунак лёсу – недарэчнасць, прычым незаслужаная, для аднаго з цэлага мноства, і па логіцы будзеце мець рацыю. І ўсё ж “Мэрылін Манро” ўвайшла ў гісторыю, а ты не. Яна застанецца нават тады, калі маладая жанчына з бялявай касой памрэ. І нават калі б тая хацела памерці, “Мэрылін Манро” не змагла б.

Цяпер яна – маладая жанчына са светлай касой – несла поўны абярэмак кніжак. Мы спадзяваліся, што яна ўжо амаль скончыла і хутка сыдзе, пакуль бесцырымонныя вочы незнаёмцаў не заўважылі яе і не выкрылі, але не – яна здзівіла нас, рушыўшы да аддзела ЮДАІСТЫКА. На страшных паліцах гэтага аддзела, куды мы раней ніколі не заходзілі, стаялі кнігі на шматлікіх мовах: іўрыт, ідыш, нямецкая, руская, французская. Некаторыя з і выглядалі такімі старажытнымі! На шчасце для нас, усе назвы кніг, якія даставала Мэрылін Манро, былі па-ангельску: “Габрэі Усходняй Еўропы”, “Абраны народ: Поўная гісторыя габрэйства”, “Габрэі Новага Свету”. Хуценька Мэрылін Манро паклала сваю торбу і кнігі долу, прысела на ўслончык і пачала праглядаць кнігу, насупіўшыся, як маладая дзяўчына ў пошуках нечага важнага, нечага, што яна ведала – ведала! – мусіла быць там; у такой нязручнай позе яна праседзела каля пятнаццаці хвілін, слінячы пальцы, каб раскрыць зліплыя старонкі, старонкі, якія не гарталі, а тым больш не чыталі цэлыя дзесяцігоддзі. Яна насуплівалася, але і ўсміхалася. Ледзь заўважныя вертыкальныя рыскі клаліся між бровамі, калі яна засяроджвалася; яе вочы хутка прабягалі друкаваныя радкі, затым вярталіся і запавольвалі свой рух. Цяпер мы былі ўжо так блізка, што маглі заўважыць гарачыя шчокі акторкі-бландынкі і напаўраскрытыя вільготныя вусны, што, падавалася, маўкліва рухаліся. Што яна чытае ў гэтай старажытнай кнізе, што ў ёй можа так шмат значыць для яе? Таямніца раскрытая? Таямніца, што выратуе яе жыццё?

– Гэй вы! – гукнуў прадавец сваім гугнявым ліслівым голасам.

Мы трое, уздрыгнуўшы, павярнуліся.

Але прадавец звяртаўся не да нас. Не да бландынкі-акторкі, што схілілася над “Абраным народам”, не да нас, што трымаліся побач. Прадавец злавіў некага, хто хаваў кнігу ў кішэню паліто, – не самы надзвычайны выпадак для “Стрэнда”.

Пасля гэтага лёгкага засмучэння Мэрылін Манро стала не па сабе. Яна павярнулася і адкрыта глянула на нас, і хоць мы няўмела спрабавала схавацца, нашы пагляды сустрэліся. Яна ведае! Але праз імгненне, яна зноў вярнулася да сваёй кнігі, упарта і зацята вырашыўшы скончыць чытаць тое, што пачала, пакуль мы працягвалі сноўдацца паблізу, цяпер ужо выкрытыя і расчырванелыя, але ўсё ж адчуваючы, што можам яе абараніць. Яна нас бачыла, яна ведае. Яна нам давярае. Мы бачылі, што Мэрылін Манро была прыгожая ў сваёй ананімнасці, хоць яна ніколі не падавалася нам прыгожай як “Мэрылін Манро”. Праз увесь гэты макіяж, фальшывасць, карыкатурную сэксапільнасць, рэзкую, як удар у пахвіну. Усё гэта было вульгарным і інфантыльным. Гэтая ж маладая жанчына была прыгожая без макіяжу, нават без памады на вуснах, у сваіх мужчынскіх апранахах, з кароткай касой. Прыгожая: яе скура светлая і бледная, яе здзіўленыя вочы ясна-блакітныя. Амаль сарамліва яна азірнулася на нас, каб праверыць, ці мы яшчэ там, і ўсміхнулася. Так, я бачу вас абедзвюх. Дзякуй, што не называеце майго імя.

Назаўжды мы з табой запомнім тую ўдзячную прыветную ўсмешку.

Назаўжды мы з табой запомнім, што яна давярала нам, як, магчыма, мы не даверыліся б самім сабе.

І таму праз многія гады я адчуваю гонар за нас. Мы былі такімі маладымі.

Маладымі, упартымі, пыхлівымі, няўпэўненымі ў сабе, хаця і “надзвычай здольнымі”; прынамсі, нас у гэтым пераконвалі. Але маладымі мы сябе не лічылі: табе было дзевятнаццаць, мне дваццаць. Для свайго ўзросту мы былі сталыя і ў той жа час нясталыя. Мы былі добра дасведчаныя ў інтэлектуальным плане і непрадказальныя ў эмацыйным. Мы моцна шанавалі тое, што называлі мастацтвам, і пагарджалі тым, што называлі жыццём. Мы былі занадта заглыбленыя ў сябе. І тым не менш, з якой цярплівасцю і жаданнем захінуць назіралі мы за Мэрылін Манро, якая сядзела на нізкім услончыку сярод паліцаў ЮДАІСТЫКІ, а выпадковыя пакупнікі праходзілі міма, мармычучы “прабачце” ці нават зусім не заўважыўшы ні яе, ні нас – яе вартаўнікоў. І вось нарэшце – што за палёгка! – яна закрыла вялізны том, вырашыўшы яго набыць, і паднялася з услончыка, збіраючы свае шматлікія набыткі. І мы стрымаліся (такая спакуса!) і не прапанавалі ёй паднесці рэчы, хоць так моцна гэтага праглі, а толькі пайшлі за ёй на разумнай адлегласці, пакуль Мэрылін Манро прабіралася праз лабірынты кнігарні да прылаўка на выхадзе з крамы. (Яна аглядалася на нас? Яна зразумела, што мы з табой – яе абаронцы?) Калі б нехта надумаў наблізіцца да яе, мы б тут жа перагарадзілі яму дарогу. Мы б паўсталі паміж Мэрылін Манро і кім бы там ні было. Але ж як дзіўна: ніхто з наведнікаў “Стрэнда”, заглыблены ў пошукі кніг, не звярнуў на яе асаблівай увагі, прынамсі, не больш, чым на нас. Кнігалюбы, і асабліва аматары букіністычнай кнігі не з тых, хто цікаўна разглядае людзей, – адно толькі кнігі. Ля прылаўка ў пачатку кнігарні – а да яго шлях не блізкі – касір будзе больш пільным, так мы думалі. Адзін з іх, падавалася, ужо сочыць, як набліжаецца Мэрылін Манро. Ён ведаў? Ён мог здагадацца? Ужо чакаў яе?

Набліжаючыся да прылаўка пад яркім флуарэсцэнтным святлом, Мэрылін Манро, відаць, упершыню завагалася. Яна навобмацак дастала са сваёй торбы цёмныя акуляры і надзела іх, падняла каўнер сваёй марской курткі, нацягнула ніжэй капялюш.

І ўсё роўна яна не магла наважыцца. Менавіта тады я зрабіла крок наперад і ціха прамовіла:

– Прабачце, а ці магу я купіць кнігі за вас? Тады вам не давядзецца ні з кім размаўляць.

Светлавалосая акторка паглядзела на мяне праз вялізныя цёмныя акуляры. Яе вочы толькі крышку былі заўважныя праз лінзы. Вочы сарамлівай дзяўчыны, напужаныя і ўдзячныя.

Я так і зрабіла. З тваёй дапамогай. Дзве дзяўчыны-паэткі поплеч, жвавыя і дзелавыя, робяць пакупкі за Мэрылін Манро – разам шаснаццаць кніг – у цвёрдых і мяккіх вокладках, амаль новыя і старыя, аблупленыя, зашмальцаваныя кнігі на агульную суму ў 55,85 даляраў. Ашаламляльная лічба! За ўсе два гады, якія я хаджу ў “Стрэнд”, я давала касіру толькі некалькі даляраў, а тут рука задрыжала, калі я працягнула яму дваццацідаляравыя банкноты, амаль чакаючы ад гэтага шчаціністага барадача пытання пра тое, дзе я іх узяла. Але касір, як заўжды, ледзь на мяне зірнуў. А Мэрылін Манро, вызваліўшыся ад сваіх кніг, ужо праслізнула праз турнікет і чакала нас каля ўваходу.

І калі мы прынеслі яе пакупкі ў дзвюх трывалых торбах, яна пайшла нам насустрач. Стаіўшы дыханне, мы думалі, яна расцалуе нас. Але замест гэтага яна сунула ў нашыя здзіўленыя рукі тоненькі том, які выцягнула з адной з торбаў, – “Выбраныя вершы” Марыяны Мур.

Мы прамармыталі “дзякуй”, але бландынка-акторка ўжо нацягнула ніжэй свой фетравы капялюш і рушыла праз асветлены ліхтарамі снег на поўдзень ад Брадвея. Мы бязвольна пайшлі за ёй следам, чакалі, пакуль яна выкліча таксі, але яна гэтага не зрабіла. Мы ведалі, што не мусім ісці за ёй. На той момант нам было ўжо млосна ад напружання мінулай гадзіны, і ў прыліве дзіцячай радасці, мы ўзяліся за рукі. Такія шчаслівыя!

– Ого. О божа, Мэрылін Манро. Яна падарыла нам кнігу. Няўжо гэта праўда?

Так, праўда: мы мелі “Выбраныя вершы” Марыяны Мур як доказ гэтаму.

Той снежны сакавіцкі надвячорак у букінісце “Стрэнд”. Той чароўны надвячорак Мэрылін Манро, калі я пацалавала цябе ўпершыню.




Каментар

[1] Strand – знакамітая букіністычная крама ў Нью-Ёрку.
[2] H.D. – Так падпісвалася амерыканская паэтка Хільда Дулітл.
[3] Гераіня рамана Ў. Г. Хадсана “Зялёныя маёнткі” (Green Mansions: A Romance of the Tropical Forest, 1904).
[4] Прэстыжная ювелірная крама ў Нью-Ёрку.
[5] Самы заможны раён Нью-Ёрка.


© The Ontario Review, Inc., 2004

Друкуецца з ласкагава дазволу аўтара.
Translated and printed with the permission of the author.

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2010

Чытайце таксама

Франк Варжак

Франк Варжак

Французскі пісьменнік.

Ўолт Ўітмэн

Ўолт Ўітмэн

Амерыканскі паэт, эсэіст і журналіст.

Марыя Канапніцкая

Марыя Канапніцкая

Польская паэтка, празаік, літаратурны крытык, публіцыст і перакладчыца

Таццяна Нядбай

Таццяна Нядбай

1160