№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джойс Кэрал Оўтс

Дзяўчына з падбітым вокам (The Girl with the Blackened Eye)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева


МНЕ ЯГО ТАК падбілі аднойчы! Было нібыта намалявана, як у клоўна. Абодва вокі былі скалечаныя і выродлівыя, але правае зацякло настолькі, што практычна не расплюшчвалася, людзі, мабыць, бачылі мяне... цікава, што яны думалі. Дакладней, гэта вам мусіць быць цікава. Ніхто ж не прамовіў ні слова, мяркую, не хацеў умешвацца. Але вам усё роўна мусіць быць цікава, што рабілася ў іх галовах.

Часам я бачу сябе ў люстэрку, прыкладам, сярод ночы мне трэба ў ванну, і я бачу невыразны твар, твар жанчыны, якую не пазнаю. І гэтае вока.

Дваццаць сем гадоў.

У Амерыцы гэта цэлае жыццё.

ТОЕ ЖУДАСНАЕ ЗДАРЭННЕ адбылося, калі мне было пятнаццаць і я другі год вучылася ў каледжы і жыла з сям’ёй у Мэнла-парку ў штаце Каліфорнія, дзе мой бацька працаваў зубным хірургам (што было дарэчы: мне спатрэбілася аперацыя на зубах і дзяснах, каб выправіць пашкоджанні ротавай поласці). Жудаснае і дзікае. Страшнае. Я ніколі не казала тым, хто ведае мне цяпер. Асабліва маім дочкам. І муж не ведае, ён бы гэтага не вытрываў. Нам было ўжо амаль па трыццаць, калі мы пазнаёміліся, навошта было варушыць мінулае. Я ніколі гэтага не раблю. Я не з такіх. Я назаўжды з’ехала з Каліфорніі, калі паступіла ў каледж у Верманце. І мая сям’я пераехала. Яны цяпер у Сіэтле. Стасункі ў нас крыху нацягнутыя, мы ніколі не гаворым пра тое. Ніколі не называем яго імені. Нібыта гэтага не было ніколі.

А калі і было, то з кімсьці іншым. З нейкай старшакласніцай у семідзясятых. Дурнаватае дзяўчо, якое насіла майкі на лямках і такія цесныя джынсы, што мусіла класціся на ложак, каб у іх уціснуцца, і валасы завязвала ў хвост. З такім вось дзяўчом.

МЯНЕ ГВАЛТОЎНА ВЫКРАЛІ ў пятнаццацігадовым узросце. Такое магло здарыцца незалежна ад вас, гвалтоўна выкралі, нібы самалёт разбіўся ці маланка ўдарыла. Тут не можа быць чалавечага фактару – амаль што. Чалавечы фактар застанецца безыменным. Я ішла праз паркоўку супермаркета да аўтобуснага прыпынку, каля 17.30, у будні дзень, у супермаркет мы зайшлі з аднагодкамі пасля школы, а тады я кіравалася дахаты, і гэта неяк здарылася, толькі не пытайцеся як, мужчына задаваў мне пытанні ці проста нешта казаў, я толькі звярнула ўвагу, што ён дарослы, магчыма, узросту майго бацькі, любы дарослы выглядаў для мяне на ўзрост майго бацькі, натуральна, за выключэннем зусім старых і сівых. Нічога такога ў яго выглядзе не кінулася мне ў вочы, толькі пасля я ўспомніла пярсцёнкі на яго пальцах, што вымусілі мяне зацікаўлена глянуць яму ў твар, і тут жа нешта стукнула мяне па патыліцы за вушамі, і я падалася наперад і асела, нібыта ён спераду падхапіў мяне на кручок, я ўпала тварам на вінілавую абіўку аўтамабіля ці фургона, а новы ўдар ці ўдары вырубілі мяне. Гэта было як анэстэзія. Ты ў адключцы.

Гэта было гвалтоўнае выкраданне. Як можа такое апісваць сведка, якая была там і якая ў той жа час была ахвярай? Але нічога пра тое не памятала, бо яно здарылася так хутка і не магло яе асабіста крануцца.


УСЁ ЯК ЯНЫ кажуць. Ты там і не там. Ён прыехаў у тое мястэчка, што ў Саномскіх гарах, гэта я даведалася пасля, у той барак, як яго называлі, і гвалтаваў мяне, і біў мяне, і катаваў электратокам, і тушыў цыгарэты аб мае грудзі і жывот, і казаў, што нібыта ўсё пра мяне ведае, усе мае сакрэты, казаў, якая я распусная дзяўчынка, якая кепская і эгаістычная, як і ўсе прадстаўнікі прывілеяванага класу, як ён гэта называў. Я кажу, што ўсё гэта ён рабіў са мной, але насамрэч гэта ў большай ступені датычыла майго цела. Як барак, што нібыта і быў недзе там, у Саномскіх гарах, на поўнач ад Хільсбурга, але насамрэч мог быць дзе заўгодна цягам тых васьмі дзён, і я магла быць дзе заўгодна разам з ім, я проста хапалася за жыццё, як любы з вас хапаўся б за саламінку, праз якую мог бы дыхаць, лежачы глыбока пад вадой. А вада тая мутная, і паверхні не бачна.

Ён сышоў і пасля вярнуўся. Ён пакінуў мяне звязанаю ў ложку – на кушэтцы з тонкім і вельмі брудным матрасам. У бараку было ўсяго толькі два вакенцы, а на іх – шчыльныя жалюзі. Было спякотна на працягу таго, што мне падавалася днём. Было прахалодна і вельмі ціха ўначы. Мае скрываўленыя ногі нылі ад болю, і ўсё цела ныла і шчымела, я не магла думаць і ўвесь час была ў нейкім паўзабыцці, у стане напаўсвядомасці, як кажаце вы, усведамляючы сябе асобай.

А вы ведаеце, што называеце сваёй асобай? Гэта не сапраўдныя косці ці зубы ці нешта шчыльнае. Яна больш падобная да полымя. Полымя можа гарэць роўна, а можа калыхацца ў павевах ветру, а можа згаснуць, і ад яго не застанецца і следу, нібыта і не было ніколі.

У мяне былі разбітыя вочы, ён мясіў мае вочы сваімі кулакамі. Векі распухлі, я кепска бачыла. Я нібыта і не старалася бачыць, я берагла зрок да таго часу, пакуль стану дужэйшай. Твару мужчыны я практычна не заўважыла. Я адчувала яго, але не бачыла, не магла яго распазнаць. Як вы не змаглі б распазнаць саміх сябе, калі б ніколі не бачылі сябе ў люстэрку ці на партрэце.

У адным са сноў я казала сваёй сям’і, што пэўны час іх не пабачу, што я сыходжу. Сыходжу я. Хачу сказаць “бывай”. Іх твары былі размытыя. Мая сястра, якая была мне бліжэйшая, чым бацькі, сястра, старэйшая за мяне на два гады, якую я горача любіла, плакала, яе твар быў размыты слязьмі. Яна запыталася, куды я сыходжу, і я адказала, што не ведаю, але я хацела развітацца, я хацела сказаць “я люблю цябе”. І сон быў такі яскравы, мне падавалася, што ўсё адбываецца насамрэч і што яно рэальным за тое, што было са мною цягам таго часу, як я пазней даведалася, роўнага васьмі дзён.

Гэта мог бы быць паўтор аднаго і таго ж дня ці, прыкладам, восемдзесят дзён. Значэнне мела месца, а не дзень. Нібыта вымярэнне, у якое ты мог трапіць ці якое магло б паглынуць цябе глыбінным цячэннем. Яно побач, але ніхто не здагадваецца пра яго існаванне. Пакуль ты там не апынаешся, ты пра яго не ведаеш; але як толькі ты там, гэта ўсё, што табе вядома. І па-іншаму ты не можаш пра яго расказаць. Толькі блытана, недасведчана.

ЧАМУ ЁН ПРЫНЁС мне паесці і папіць, чаму дазволіў мне жыць, ніколі не будзе вядома. Астатніх ён забіваў праз некалькі дзён. Варта думаць, яны яму прыядаліся. Адно цела ён закапаў у лесе, недзе за сотню ярдаў ад барака, іншых скідваў уздоўж Шашы 101, паўночней, у бок Крэсэнт-сіці. І, магчыма, былі іншыя, пра якіх ніхто не ведаў, ніхто не знайшоў, ніхто не пазнаў. Пра ўсе гэтыя факты, калі гэта напраўду факты, я даведалася пазней, як і пра тое, што іншыя дзяўчаты і жанчыны былі старэйшыя за мяне, самай старэйшай было трыццаць, а самай малодшай, з тых, што значацца ў спісах забітых, – васямнаццаць. Таму меркавалася, што ён злітаваўся нада мною, бо адразу на той паркоўцы, адкуль выкрадаў мяне, не зразумеў, што я была такая маладая, а калі ўся пабітая ў тым бараку, пачала страчваць вагу, то, мусіць, наагул выглядала як дзіця. Я шмат плакала і клікала: “Мама! Ма-ма!”

Як мае дзеткі, калі падраслі, клікалі б: “Ма-ма!”, калі б пабачылі начны кашмар. Але я ніколі пра такое не думаю.

Мужчына з пярсцёнкамі на пальцах кажа: “З нейкай прычыны, якой я пакуль не ведаю, ён цябе пашкадаваў”.

Пазней я вярнулася ў мінулае і ўспомніла, што быў такі момант, зрух у маім лёсе, калі ён упершыню дазволіў мне памыцца. Памыцца! Ён бачыў, што я саромеюся, а я, натуральна, была сціплаю, ахайнаю дзяўчынаю. Ён мне дазволіў. Ён, мабыць, дапамагаў мне крыху. Ён здымаў кляшчоў з маёй скуры, там, дзе яны былі ледзь бачныя і наліліся крывёю. Ён ненавідзеў кляшчоў! Яны выклікалі ў яго агіду. Ён сышоў і вярнуўся з ежай і дыетычным рутбірам. Мы елі разам, седзячы на краі кушэткі. І аднойчы надвячоркам ён выпусціў мяне на паляну. Нібы на пікнік. Яго тлустыя пальцы і мае. Смажанае кураня, бульба фры і салат з пашынкаванай капусты. Мае рукі трэсліся, а рот гарэў. І страўнік зводзіла ад голаду, і ад спазмаў мяне скручвала ўдвая, нібы ён усадзіў мне ў жывот нож і павярнуў. Але я ўсё роўна магла крыху есці, маленькімі кавалачкамі. Я не памірала з голаду. Пабачыўшы, як фарба зноў вяртаецца на мой твар, ён быў узрушаны, усхваляваны. З лёгкім папрокам ён сказаў: “Гэй, матыль можа з’есці больш за цябе”.

Я памятаю гэтых маленькіх бледна-жоўтых матылёў наўкола барака. Цэлы рой. І крычыць сойка, чакаючы моманту зляцець уніз і скрасці чаго са стала.

Думаю, мне было даволі кепска. Я трызніла. Мае дзясны былі запаленыя. Чатыры зубы зламаныя. Кроў сцякала, трапляючы ў глотку, ад гэтага мяне нудзіла, я ванітавала. Але я магла дайсці да машыны, трымаючыся за яго, я магла нармальна сесці ў пасажырскае крэсла, прышпіліўшыся, ён заўжды правяраў, ці прышпіліў мяне, і шчыкалаткі моцна сціскала вяроўка. А затым мы выязджалі з лесу, і ў перадгор’і я не пазнавала Саномскае ўзвышша, і сонца вісела высока ў небе ў паўпразрыстай дымцы, і я страчвала лік гадзінам, то выпадаючы, то зноўку вяртаючыся ў свой час, але заўважала, як ажыўлены рух трасы змяняецца прыгарадным, як более светлафораў, мы праязджалі праз паркоўкі, такія вялізныя, што ні канца ні краю не бачна, залітыя сонцам пляцоўкі і шэрагі бліскучых аўто, нібы надмагільныя камяні, якія я раптам пабачыла на могілках, што цягнуліся да бясконцасці.

Ён хоча, каб я ўвесь час была з ім, так ён сказаў. Я за табой сачу, дзетка. Можа, я была яго здабычай? Адзіная жаночая здабыча за ўсе сямнаццаць месяцаў выкраданняў/згвалтаванняў/забойстваў, якую ён паказаў публічна. Не змардаваная, не задушаная, не згвалтаваная да смерці, не збітая да смерці і не закапаная, як падла (пра гэта я даведалася пазней). Ці, можа, я мусіла сведчыць свету, калі б толькі свет зазірнуў праз лабавое шкло машыны, – я яго дачка. Сведчыць – пра што? Гэй, я нармальны. Гляньце, я добры хлопец.

Толькі валасы дачкі былі зблытаныя і бляклыя, а вочы пабітыя, а адно вока заплыло настолькі, што не расплюшчыць. Яе рот – распухлая і ацеклая рана. Крывападцёкі на яе твары, шыі, руках і рэбрах патрэскаліся, а худое цела пакрывалі гнойны апёкі і раны. Але ўсё ж ён дазволіў мне памыцца і памыць адзенне, а таму я была цяпер не такая брудная. Ён даў мне майку завялікага памеру і ўжо запэцканую, але я была ўдзячная яму і за гэта. Па абшарах парковак мы кружылі, нібы акулы ў пошуках ахвяры. Я заўважала, як людзі заглядалі ў машыну і бачылі мяне ці, можа, не бачылі мяне, усё адбівалася ў лабавым шкле (ці не так?), бо сонца свяціла на ўсю моц, і таму яны, магчыма, не бачылі мяне, ці добра не бачылі. Але некаторыя, заўважыўшы мяне, адварочваліся. Тады мне чамусьці не прыйшло ў галаву, што мяне ўжо мусілі шукаць, што мой твар з’яўляўся ў газетах і на тэлебачанні. Мой твар – такім, якім ён быў раней. Тады я не думала пра той, пра іншы свет. Я наагул больш не думала. Гэта было падобна да анэстэзіі: ты ёй аддаешся і знаходзіш там спакой – амаль што. Кружляючы па паркоўках з чалавекам, што насвіствае, напявае, далікатна і манатонна прамаўляе сам сабе, я зразумела, што ён таксама не думаў, як не думае драпежная рыба, кружляючы па паверхні акіяну. Маўклівыя рухі акул, што ніколі не спыняцца. Найбольш я думала пра тое, як сядзець роўна: трымаць галаву на шыі, што зусім не проста, а дрот пры гэтым моцна ўпіваецца ў шчыкалаткі і перакрывае крываток. Таму мае ступні анямелі. Я ведала пра гангрэну, я ведала, як чарнеюць і гніюць пальцы і ўся ступня. Ад бацькі я ведала пра гніенне зубоў і гніенне дзяснаў. Я спрабавала не думаць пра тых незнаёмцаў, якія, хутчэй за ўсё, мяне бачылі, напраўду бачылі і адвярнуліся, няўпэўненыя ў тым, што бачылі, але адчуўшы, што тут нешта не так і не жадаючы дазнацца больш.

Проста дзяўчына з падбітым вокам, падумаеш, можа, яна таго і вартая.

ЁН СКАЗАЎ: “Мусіць быць нейкая прычына, чаму ён цябе пашкадаваў”.

Ён сказаў даўнім-даўнім голасам майго таты. Ведаеш што, дзетка? Ты проста не такая, як усе. Вось чаму.

КАЗАЛІ, ШТО ЁН вар’ят, гэта былі ўчынкі вар’ята. І я б не аспрэчыла. Хоць і ведала, што гэта не так.

РУДАВАЛОСАЯ ЖАНЧЫНА Ў ЖАКЕЦЕ колеру хакі і такіх самых штанах. Канечне, у яе было імя, але гэтае імя я б не хацела ведаць, ніводнае з іх. Гэта была жанчына, а не дзяўчына. Цяпер ён перасадзіў мяне на задняе крэсла аўто, і таму пасажырскае крэсла вызвалілася. Ён надзейна прышпіліў мяне. Добра, дзетка? Будзь харошай дзяўчынкай. Па гэтай вялізнай паркоўцы мы ехалі ўжо на змярканні. Калі толькі пачалі запальваць ліхтары. (Дзе гэта было? У Юкаі? Там я ніколі не была. Рудавалосая жанчына – мой адзіны ўспамін пра Юкаю).

Ён зняў свае пярсцёнкі. Адзеў белую бейсболку.

І вось рудавалосая жанчына ідзе побач з ім, усміхаецца, размаўляе з ім, нібы са старым знаёмым. Я гляджу на ўсе вочы, я вельмі здзіўленая. Яны падыходзяць да машыны. Я ніколі нават уявіць не магла, пра што размаўлялі тыя двое. Ён абмяняе мяне на яе. Я была моцна напужаная. Мужчына ў бейсболцы і бліскучых цёмных акулярах пытаецца нешта ў рудавалосай жанчыны – што? Як праехаць? І ўсё ж ён прымусіў яе ўсміхнуцца, паміж імі ўзнікла сэксуальная разняволенасць. Яна была ўжо спелая жанчына з прыгожымі формамі, з грудзямі, якім я магла толькі пазайздросціць, і сцёгнамі, што абцягвалі вузкія штаны колеру хакі, модныя штаны на завязках. Я адчувала прыступ злосці да гэтай жанчыны, прыступ пагарды, агіды – якая ж яна дура, нічога не падазрае, нахіляецца глянуць на мяне, мабыць, ён сказаў, тут сядзіць яго дачка, можа, ён сказаў, што тая хоча задаць ёй пытанне? Можа, што яна хоча парады дарослай жанчыны? А праз імгненне жанчына адчуе, як яе запхнуць на пярэдняе сядзенне, уніз тварам, тварам на грудзі, бездапаможную, усё адбудзецца так хутка – пальцам пстрыкнуць не паспееш, яна не паспее нават ускрыкнуць. Так хутка, што адразу разумееш, як шмат разоў такое адбывалася раней. Дзяўчына на заднім сядзенні толькі міргае, глядзіць і не можа прамовіць ні слова, хаця ніхто не заткнуў ёй рот, яна здольная паклікаць на дапамогу не больш, чым жанчына, што змагаецца за сваё жыццё за некалькі цаляў ад яе. Яе сэрца сціскаецца ад шкадобы, яна застагнала, калі мужчына пачаў біць тую кулакамі. Раз’юшаны, крыклівы! Вочы вылезлі з вачнічаў! Няўжо ніводнага сведкі?! Няўжо ніхто не бачыў?! Ён рупна агортвае коўдрай жанчыну, якая ўжо абмякла, шчыльна абкручвае яе галаву і грудзі, закідвае ногі ў машыну, зачыняе дзверкі, заскоквае на месца кіроўцы і заводзіць аўто, шчаслівы, напявае сабе пад нос. А дзяўчына плача на заднім сядзенні. Калі б мела слёзы, плакала б.

Дзіўным чынам працуе чалавечае ўспрыманне: я думала, што я і ёсць тая жанчына на пярэднім сядзенні, нібыта нічога перад гэтым і не адбылося.

МЕНАВІТА ТАДЫ, мне падаецца, я пабачыла маці. На паркоўцы. Там хадзілі пакупнікі, збольшага жанчыны. І маці была адной з іх. Я ведала, што гэта не можа быць яна, так далёка ад дома, я ведала, што знаходжуся за шмат кіламетраў ад дома, таму гэта не магла быць яна, але я бачыла маму, якая пераходзіла дарогу перад аўто, хутка рухаючыся ў напрамку Lord&Taylor.

І ўсё ж я не магла памахаць ёй, мае рукі наліліся свінцом.

ТАК. У БАРАКУ я была вымушаная глядзець на тое, што ён рабіў з рудавалосай жанчынай. Цяпер я бачыла, навошта я патрэбная яму: я стану сведкай яго раз’юшанасці, абурэння, агіды. Як ён прывязваў яе запясці да жалезных ножак ложка, разводзіў ёй ногі і прывязваў шчыкалаткі. Голаю рудавалосая жанчына не мела сілаў супрацівіцца. Не было ў ёй больш ні сэксуальнай разняволенасці, ні ўпэўненасці. Цяпер ёй не пазайздросціш. Цяпер ёй можна пагарджаць. Цяпер табе не хочацца стаць ёю. Яна стане куранём на пожагу.

Я была вымушаная глядзець, я не магла закрыць вочы ці адвярнуцца.

Бо гэта ўжо адбылося, гэта ўжо завершылася. У гэтым была нейкая ўпэўненасць, і ў гэтай ўпэўненасці – спакой. Калі збегчы немагчыма, тое, што адбываецца, ужо адбылося. Не аднойчы, а мноства разоў.

Калі спыняеш барацьбу, гэта робіцца падобным да кахання.

Рудавалосая жанчына ў сваім жаху гэтага не ведала. Але я была сведкай, я ведала.

Яны запытваліся ў мяне пра яго. Я бачыла толькі нейкія фрагменты. Нібы часткі аднаго пазлу. Быццам хуткія кадры ручной камерай. У яго бледная спіна, друзлыя цягліцы ля пояса і крыху больш мускулістыя плечы. Такая сабе шырокая потная спіна ў прышчах. Частка цела, якую ў мужчынаў кшталту майго бацькі я ніколі не пабачу. Не такую. Не напятую, не напружаную. І пах ад яго валосся, нібы ад загуслага машыннага масла. У яго былі цёмныя жорсткія валасы са срэбнымі ніткамі сівізны то тут то там, а на макаўцы праз валоссе праглядваў чэрап. Усё яго цела і ногі то вялізнымі хвалямі, то слабымі ручаінкамі пакрывалі валасы, нібы вадой ці травой. Ён бурчэў, ён стагнаў на нейкіх дужа высокіх нотах. А калі павярнуўся, я пабачыла невыразны ў сваёй лютасці твар і не пазнала яго. І смочкі. Смочкі мужчынскіх грудзей, віннага колеру, нібы ягады. А паміж ног боўталася яго раз’юшаная штуковіна, нібы кавалак гумы, слізкая і цёмная ад крыві.

Я ўспомніла, так, у яго былі татуіроўкі. Бруднаватыя, нібы пляміны атраманту. Я ніколі не магла разгледзець іх. Я ніколі не магла разгледзець яго. Не наважылася б, як і вы не наважыліся б глянуць на сонца ад страху аслепнуць.

Ён трымаў нас разам тры дні. Маю на ўвазе, рудавалосая жанчына была тут тры дні, практычна ўвесь час непрытомная. І была ў гэтым нейкая літасць. Ты вучышся зважаць на маленькія літасці і быць удзячнаю за іх. Ён бы не забіў яе ў бараку. Калі ён скончыў з ёй, калі перапоўніся агідай да яе, ён зацягнуў яе ў машыну. Я засталася адна, напужаная. Але пасля ён вярнуўся і сказаў: “Ладна, дзяўчо, едзем катацца”. Я магла хадзіць, але ледзь-ледзь. Мне было млосна. Я сядзела на заднім сядзенні аўто, як вялікая лялька: без касцей і без волі.

Ён запхаў жанчыну ўніз пад сабою, схаваў яе, загарнуўшы галаву і цела ў коўдру. Яна больш не супрацівілася, яе цела абмякла і зрабілася бязвольным, бо яна таксама аслабла ў гэтым бараку, яна схуднела. Ты навучылася быць слабой, каб дагадзіць яму, бо не хацела яго злаваць нават у драбніцах. Але ўсё ж жанчыне ўдавалася гаварыць тым слабым здушаным голасам, поўным благання. Не забівай мяне, калі ласка. Я не скажу нікому. Я не скажу нікому, не забівай. У мяне маленькая дачка, калі ласка, не забівай мяне. Калі ласка, Божа. Калі ласка.

Я не ўпэўненая, што гэты голас я (нейкім чынам) не прыдумала. Голас майго ўяўлення. Ці тэлебачання. Ці гэта мой голас, калі б я стала старэйшай і мела дачку. Калі ласка, не забівай мяне. Божа, калі ласка.

Ты заўжды чуеш гэты голас, калі на самоце і ў цішыні.

ПАСЛЯ ЯНЫ ВЫРАШЫЛІ, што ён запанікаваў. Гледзячы аб’явы на ТВ, фотаздымкі яго “ахвяраў”. Калі і дзе яго бачылі апошні раз: Парк Мэнла, Юкая. Паведамлялі прыкметы выкрадальніка паводле сведкаў, і паліцыя склала фотаробат – яго твар, грубейшы, страшнейшы і старэйшы за сапраўдны, што хаваўся гэтым разам за цёмнымі акулярамі. На малюнку ён быў гладка паголены, цяпер жа на шчоках была шчэць, калючая шчэць, валасы ён завязаў у хвост, а бейсболку нізка нацягнуў на лоб. Але ўсё роўна яго можна было пазнаць па малюнку, нібыта зробленага сляпым. Таму ён запанікаваў.

Першую машыну, на якой ездзіў, ён недзе кінуў, цяпер у яго была іншая, скрадзеная, са змененымі нумарамі. Ты пачынала разумець, што яго жыццё складалася з такіх вось маніпуляцыяй. Ён нястомна шукаў новыя выдумкі, нібы свавольнае дзіця, і акрамя гэтага, у яго, падаецца, не было іншай мэты, а калі я пасля даведалася пра яго мінулае, пра яго сямейнае жыццё ў Сан-Хасэ, яго зняволенні падлеткам, юнаком, дарослым злачынцам, якога пад слова гонару выпусцілі з турмы ўзмоцненага рэжыму Бакерсфілда, я блакавала гэтыя веды як мяне не датычныя, не датычныя мужчыны, які існаваў выключна для мяне – і на кароткі час, хоць і безыменная, бо ён ніколі не пытаўся, як мяне завуць, я існавала выключна для яго. Я з пагардай паставілася да “фактаў”, бо спасцігла, што набор фактаў не дадае ведаў, і безасабовыя веды не складаюць сапраўднага ведання.

– Ведаеш што, дзетка? Ты проста не такая, як усе. Ты асаблівая. Вось чаму.

ЕДЗЕМ ХУТКА, ДАЛЕЙ да перадгор’яў. Дарогая рабілася ўсё горшай і вузейшай. Траплялася мала транспарту, адно мінівэны і кэмперы. Ён не размаўляў з рудавалосай жанчынай, што стагнала і ныла пад яго крэслам, толькі са мной, у люстэрка, як рабіў мой тата, калі я ехала на заднім сядзенні, а мама спераду. Ён запытаўся:

– Як ты, дзяўчо?

– Нармальна.

– Усё нармальна, га?

– Так.

– Я цябе адпушчу, дзяўчо. Ведаеш, га? Я дам табе свабоду.

Я не магла на такое адказваць. Мае апухлыя вусны расцягнуліся ў нечым падобным да ўсмешкі, усмешкі ветлівасці.

Калі, канечне, не хочаш памяняцца? З ёю.

І зноў я не магла адказаць. Я не зусім разумела пытанне. Усмешка апякала вусны, але гэта была шчырая ўсмешка.

Ён прыпаркаваў аўтамабіль на ўзбочыне. Ён счакаў, больш машын не было. Над галавой не лёталі самалёты. Ён сказаў: “Давай, дзяўчо, памажы мне”. Я падняла свае ногі, што, падавалася, не гнуліся, падавалася, былі худымі і чужымі для мяне, я выбралася з машыны, я перамагала млосць, дапамагаючы яму са звязанай жанчынай. Ён скінуў з яе пакрывала, пад ім – бледны заплылы твар – яе твар больш не вабіў: струпаваты рот і запужаныя вочы, у яе былі карыя вочы, я не забуду, як малілі тыя вочы. Бо гэтыя вочы былі мае, толькі належалі чалавеку, які быў вырачаны, а я не. А пасля ён сказаў так дзіўна: “Стой тут, дзяўчо. Глядзі за машынай. Нехта з’явіцца – сігналь. Разы два-тры. Ясна?”

Я прашаптала “так”. Я глядзела ў рыхлую глебу.

Я не магла цяпер глядзець на жанчыну. І не глядзела, як яны пасунуліся ў лес.

Магчыма, гэта была праверка – ён пакінуў ключ запальвання. І ўсё для таго, каб я паверыла, што змагу з’ехаць адсюль, змагу прывесці дапамогу ці выбегчы на дарогу і таксама паклікаць на дапамогу. Магчыма, я магла прывесці дапамогу. У яго быў пісталет, у яго былі нажы, але ж я магла з’ехаць. Аднак сонца свяціла мне ў галаву, і я не магла зварухнуцца. Ногі наліліся свінцом. Вока распухла і пульсавала болем, я не магла яго расплюшчыць. Я думала, што гэта праверка, але не была ўпэўненая. Пасля яны запытваліся ў мяне, ці была ў мяне тады хоць нейкая магчымасць збегчы, і я заўжды адказвала: не, ніякай магчымасці. Таму што так яно і было. Менавіта так яно было для мяне, і патлумачыць я не магу.

Але я памятаю пра ключ запальвання і пра дарогу непадалёк. Ён задушыць жанчыну, такім быў яго спосаб забойства, і, мне падавалася, я гэта ведала. Гэта зойме некалькі хвілінаў. Гэта не самы просты спосаб забіць. Я магла б пабегчы, магла б пабегчы па дарозе ў спадзеве, што нехта праедзе, я магла б схавацца, і ён бы не знайшоў мяне ў гэткім гушчары, калі б ён пазваў, я б не адгукнулася. Але я стаяла побач з машынай, бо папросту не магла ўсяго гэтага зрабіць. Ён давяраў мяне, я не магла здрадзіць яму. Нават калі б ён пасля забіў мяне, я не магла б яму здрадзіць.

Так, я чула крыкі ў лесе. Думаю, чула. А можа, гэта былі сойкі. А можа, я чула свае ўласныя крыкі. Але я чула.

ПРАЗ НЕКАЛЬКІ ДЗЁН ён памрэ. Яго прыстрэліць паліцыя на паркоўцы матэля ў Петалуме. Чаму ён быў там, за пяцьдзясят міляў ад барака, я не ведаю. Ён пакінуў мяне ў бараку, прышпіліўшы ланцугом да ложка. Там ставала бруду, мухаў і мурашоў. Ланцуг дазваляў карыстацца прыбіральняй. Але прыбіральня забілася. Жалюзі на вокнах былі спушчаныя. Я не наважылася іх падняць ці зламаць рамы, але я выглянула і пабачыла толькі паляну пад покрывам зеляніны. Часам над хацінай праляталі маленькія самалёты. Верталёт. Мне хацелася верыць, што нехта выратуе мяне, але я ведала лепш, ведала, што ніхто мяне не знойдзе.

Але яны знайшлі.

Ён сказаў ім, дзе барак, калі паміраў. Ён зрабіў гэта для мяне. Ён намаляваў прыкладную мапу – і ў мяне яна ёсць! Але не арыгінал, а ўсяго толькі копія. Ён больш ніколі мяне не пабачыць, і я з цяжкасцю магу ўспомніць яго твар, бо ніколі і не бачыла яго па-сапраўднаму.

Яго фотаздымкі не дакладныя. І нават яго імя, што надрукавалі, уводзіць у зман. Бо гэтае імя магло б належаць каму заўгодна, а не яму.

У сваім цяперашнім жыцці я ніколі не гавару пра гэта. Я ніколі нікому не казала. Няма сэнсу. Чаму я расказала вам, я не ведаю: вы можаце напісаць пра мяне, але захаваеце маю таямніцу.

Таму што калі вы напішаце пра мяне, пра тое, што адбывалася са мной так даўно, ніхто не даведаецца, што гэта я. Вы пакажаце ўсё так, што ніхто не здагадаецца, таму я вам давяраю.

Маё жыццё апасля гэтага – несапраўднае. Тое жыццё, тыя восем дзён, былі надта сапраўднымі. І, падаецца, гэтыя два жыцці між сабой не звязаныя, праўда? Я спазнала, што вынік не можа быць сведчаннем ніякай прычыны. Філосафы ўсё спрачаюцца на гэты конт, але калі ведаеш, значыць, ведаеш. Сувязі між імі няма, хоць людзі хацелі б яе бачыць. Калі мяне знайшлі, я вярнулася ў сваю школу і скончыла яе разам са сваім класам, я паступіла ў каледж у Верманце, праз некалькі гадоў сустрэла свайго мужа ў Нью-Ёрку, выйшла за яго і нарадзіла дзяцей. І маё жыццё не змянілася б, я думаю, калі б мяне не “скралі” ў пятнаццаць гадоў.

Канечне, я, бывае, бачу яго. Апошнім часам часцей. На вуліцы, у аўтамабілі. Я бачу яго ў профіль. У тых бліскучых акулярах і белай бейсболцы. Яго перадплечча, густое валоссе, татуіроўку, я бачу яго. І самае страшнае, што яму толькі трыццаць два.

Яшчэ зусім малады. І ўсё жыццё наперадзе – амаль што.

© The Ontario Review, Inc., 2004

Друкуецца з ласкагава дазволу аўтара.

Translated and printed with the permission of the author.

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2010

Чытайце таксама

Імануэль Вайсглас

Імануэль Вайсглас

Нямецкамоўны пісьменнік і перакладчык габрэйскага паходжання

Тадэвуш Бароўскі

Тадэвуш Бароўскі

Польскі паэт, адзін з самых уплывовых празаікаў паваеннага часу

Марыю ды Са-Карнэйру

Марыю ды Са-Карнэйру

Партугальскі паэт і празаік, адзін з заснавальнікаў новай, мадэрнісцкай, літаратуры ў Партугаліі, яскравы прадстаўнік пакалення “Арфея”

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

900