Адкрыццё новага вялікага гандлёвага цэнтра ва Ўэст-эндзе, пераважна з жаночымі крамамі, прымусіла задумацца: ці сапраўды жанчыны робяць пакупкі? Вядома, яны ходзяць па крамах – рупліва, як пчолы, што ляцяць на пошукі нектару, – але ж ці можна сказаць, што яны там робяць пакупкі? Улічваючы патрачаныя грошы, час і энергію, строга ўзяты курс на закупкі мусіў пацягнуць за сабой пастаяннае забяспечанне звычайных хатніх патрэбаў. Але ж вядома, што для служанак (а таксама для хатніх гаспадыняў з любых саслоўяў) не мець неабходных побытавых рэчаў – амаль што справа гонару. “К чацвяргу ў нас скончыцца крухмал”, – праракуюць яны з фаталізмам – і сапраўды, у чацвер крухмалу ў іх ужо няма. Яны прадказваюць з дакладнасцю да хвіліны, калі скончацца іхныя запасы, і калі ў чацвер у крамах кароткі дзень – адчуваецца іх поўны трыюмф. Крама з крухмалам можа знаходзіцца ля іхнага дома, але жаночы розум адмаўляецца ад такога відавочнага спосабу папоўніць вычарпаныя запасы. “Мы ў іх не бярэм”, – і гэтае месца адразу ж адступае за межы дасягальнасці. Заўважым і тое, што як сабака, які ганяе авечак, рэдка дакучае найбліжэйшаму статку, – так і жанчына толькі зрэдчас купляе нешта ў крамах па суседстве. Чым далей знаходзіцца крыніца папаўнення запасаў – тым цвярдзейшая жаночая рашучасць дачакацца, калі запасы скончацца. Напэўна, не прайшло і пяці хвілін, як адплыў Каўчэг, – і жаночы голас абвясціў, што заканчваецца птушыны корм. Некалькі дзён таму дзве мае знаёмыя спадарыні прызналіся, што адчулі няёмкасць, калі прыяцелька завітала акурат апоўдні, – яны не змаглі прапанаваць ёй застацца паабедаць, бо (казалі яны з непрыхаваным гонарам) “у доме нічога не было”. Я быў ім заўважыў, што на іхнай вуліцы цэлая купа прадуктовых крамаў, і можна было лёгка накрыць стол за пяць хвілін. “Такое, – адказалі яны з непахіснай годнасцю, – нам бы нават да галавы не прыйшло”, – і я адчуў сябе так, нібыта прапанаваў ім нешта на мяжы з непрыстойнасцю.
Але ў забяспечанні літаратурных патрэбаў іх пакупніцкая здольнасць церпіць поўны правал. Калі вы раптам выдалі кнігу, якая зазнала хаця б каліўца поспеху, то можаце быць пэўныя, што атрымаеце ліст ад амаль не знаёмай вам лэдзі, у якім тая спытае, “дзе дастаць гэтую кнігу”. Яна ведае яе назву, аўтара, выдаўца, але вось як яе дастаць – невырашальная задача. Вы адпішаце ёй, што зварот па дапамогу да гандляра кукурузай або скабяным таварам толькі прывядзе да расчаравання ад змарнаванага часу, і параіце зайсці ў кнігарню як самае надзейнае месца. Праз пару дзён яна зноў напіша: “Усё ў парадку, я пазычыла кнігу ў вашай цёткі”. Вядома, тут мы бачым прыклад Звышпакупніка, таго, хто знайшоў Лепшы Шлях, але бездапаможнымі яны застаюцца нават тады, калі такія абыходныя сцежкі або палёгкі недаступныя. Адна лэдзі з Ўэст-энду казала мне, што цікавіцца ўэст-хайланд-тэр’ерамі і хоча больш даведацца пра гэтую пароду. І вось праз некалькі дзён у свежым нумары аднаго з нашых вядомых штотыднёвікаў я сустрэў выдатны артыкул на гэтую тэму і згадаў гэта ў лісце, назваўшы дату выхаду нумару. “Я не магу дастаць гэтую газету”, – патэлефанавала яна. І яна не магла. Яна жыла ў горадзе, дзе шапікі можна было лічыць, напэўна, тысячамі, і яна праходзіла міма тузіну такіх шапікаў падчас сваіх штодзённых паходаў па крамах, але артыкул пра ўэст-хайланд-тэр’ераў, які так яе цікавіў, з такім жа поспехам мог быць надрукаваны ў малітоўніку, што захоўваецца недзе ў будысцкім манастыры Усходняга Тыбету.
Грубая безразважнасць пакупніка-мужчыны выклікае толькі варожую ўсмешку ў назіральніцы-жанчыны. Котка, якая расцягвае задавальненне ад пераследу адной мышы на доўгі летні надвячорак, а потым, магчыма, нават выпусціць яе, без сумневу, адчувае такую ж самую пагарду да тэр’ера, які энергічна хапае пацука за дзесяць секунд. Нядаўна, калі я падыходзіў да канца свайго невялікага спісу пакупак, мяне пабачыла адна знаёмая лэдзі, якую – адхіліўшыся ад указання, дадзенага трыццаць гадоў таму яе хроснымі, – будзем называць Агатай.
– Не будзеце ж вы купляць прамакальную паперу ТУТ? – выгукнула яна ўсхваляваным шэптам, і ў яе быў такі непадробна заклапочаны выгляд, што я міжволі спыніўся.
– Я адвяду вас у “Карункі і візэрункі”, – сказала яна, як толькі мы выйшлі з крамы. – У іх ёсць такія мілыя адценні прамакальнай паперы – і жамчужная, і лавандавая, і ў скрутках, і гафраваная.
– Але мне патрэбная звычайная белая прамакальная папера, – сказаў я.
– Не хвалюйцеся. Мяне ведаюць у “Карунках і візэрунках”, – недарэчы адказала яна. Агата, відаць, меркавала, што прамакальную паперу прадаюць толькі ў малой колькасці і толькі па знаёмстве – людзям з незаплямленай рэпутацыяй, якім можна верыць, што яны не будуць выкарыстоўваць яе ў небяспечных і незаконных мэтах. Прайшоўшы ярдаў дзвесце, яна пачала адчуваць, што ейная гарбата цяпер важнейшая за маю прамакальную паперу.
– А навошта вам прамакальная папера? – раптам спытала яна. Я спагадліва патлумачыў:
– Калі я пішу лісты, то падсушваю ёю атрамант, каб не было кляксаў. Гэта, здаецца, прыдумалі кітайцы ў другім стагоддзі да нараджэння Хрыстова, але я не ўпэўнены. Ну і апрача таго, – адзінае, што я яшчэ магу прыдумаць, – гэта скруціць шарык для кацяняці, каб тое з ім гулялася.
– У вас жа няма коціка, – заўважыла Агата з чыста жаночай прагай выкрываць праўду.
– Але ў любы момант можа зайсці бяздомны, – адказаў я.
Так ці інакш, я застаўся без прамакальнай паперы.