№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Лешак Энгелькінг

Інвентарызацыя апакаліпсісу

Вершы

Пераклад з польскай Андрэй Хадановіч

Пяты дом

(Dom piąty)

— Вось тут пяты дом, —
адказаў мне прахожы,
прымружыўшы вока.
— Там ёсць спачывальні
з парцьерамі з плюшу,
шмат лесвічных клетак
і клетак для птушак,
кіно і кавярня,
скразняк і пах ружаў,
чытальная заля
паўночнага неба,
але невядома,
што можа таіцца
ў ягоных падвалах.

Густоўныя дзверы,
і клямка паблісквае
зыркаю зоркай,
нібыта палохае
і ўвадначас
запрашае на сходы.

— Яшчэ невядома,
што можна сустрэць
на ягоным гарышчы,
якія пачвары,
крывавыя бестыі,
страшныя монстры,
жахлівыя здані... —
сказаў мне прахожы
і знік у цямрэчы.

А я адчыніў
дзверы пятага дому.

* * *

(Więc wszystko to przypisy...)

Усё ў гэтым свеце —
каментар да невядомага тэксту.
Цытаты,
напісаныя дзіўнымі літарамі,
заўвагі на палях,
спасылкі пад знакам «зорачкі».

Зірні, вечаровае неба
усё ў спасылках.

* * *

(Na początku...)

Спачатку
фокуснік дастаў з капелюша
неба і зямлю.

І зямля была пустая.

Потым ён стукнуў чароўнай
палачкай аб дно цыліндра —
і з’явіліся жывёлы.

І голуб выляцеў з яго рукі.

Але гэта яшчэ не ўсё.
Потым ён выцягнуў маленькага,
не вельмі зграбнага фокусніка.

І пакланіўся.
Бурныя апладысменты
былі яму ўзнагародай.

А цяпер выступаць клоўну.

* * *

(Ach, ta druga młodość!)

Ах, гэта другая маладосць!

Спакуснай усмешкай паблісквае
штучная сківіца.

Яны сядаюць за школьныя парты,
бэйбусы і гарэзы,
цягаюць сябровак за косы,
страляюцца шарыкамі з паперы,
расказваюць анекдоты,
салёныя, як бочка солі.

І тут уваходзіць Настаўнік.

Заняткі ў трэцюю змену
пераходзяць у чацвертае вымярэнне.

Інвентарызацыя апакаліпсісу

(Księgowy apokalipsy )

Нябесная кантора
піша:
сем анёлаў,
сем чараў гневу,
дваццаць чатыры старцы,
коннае войска:
дзве цьмы разоў па цьме,
траціна рэк,
зорка Палын —
адна.

Але найгоршая праца яшчэ наперадзе,
вось дзе напраўду вялікія лічбы:
уратаваныя — гэта яшчэ можна вытрымаць,
гэта кветачкі,
а вось асуджаныя...

* * *

(Zmarli są zagranicą...)

Хто памёр — цяпер за мяжой
За сцяной
За жалезнай заслонай
Не даходзяць адтуль ні лісты
Ні паштоўкі
Мы не ведаем нават
Ці жывыя яны ці здаровыя
Як яны маюцца там
Бо ніхто не ездзіць туды
Ні на працу ні ў адпачынак
І нікога няма
Хто мог бы
Хоць нешта пра іх апавесці
Прынамсі нікога
Каму б мы паверылі

* * *

(Ulica Wolności? — powtórzyła pytanie...)

Волі? — паўтарыла яна пытанне.
Вам у турму?
Бо гэта там, дзе турма.
Бачыце, вунь, вартавыя вышкі?
Вуліца Волі — там.

© Leszek Engelking, 2009.

Пераклад з польскай – Андрэй Хадановіч © 2009

Чытайце таксама

Лешак Энгелькінг

Лешак Энгелькінг

Польскі паэт, перакладчык, мастацтвазнаўца, літаратурны крытык

Бэла Шагал

Бэла Шагал

Пісьменніца, жонка і муза мастака Марка Шагала.

Сара Тысдэйл

Сара Тысдэйл

Амерыканская паэтка Сара Тысдэйл нарадзілася 8 жніўня 1884 году ў сям’і, што адносілася да забяспечанага сярэдняга класу

Роберт ван Гулік

Роберт ван Гулік

Нідэрландскі ўсходазнаўца, дыпламат, музыка, аўтар ангельскамоўных аповесцяў пра суддзю Дзі

2327