№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Габрыэле Д'Анунцыё

Ліст Габрыэле Д’Анунцыё легіянеру-дабравольцу Афрыканскай кампаніі Агастына Лацарота (Lettera di Gabriele D'Annunzio al Legionario Volontario per la Guerra d'Africa Agostino Lazzarotto)

Пераклад з італьянскай Аксана Данільчык


Фанфары афрыканскага ветру і яго першы гарачы подых на вашых прыгожых антычных тварах не могуць — мой гонар у гэтым упэўнены — не могуць заглушыць моцы таго раптоўнага гераічнага парыву, які сыходзіць на мяне з твайго ліста, мой дарагі паплечнік, легіянер Агастына Лацарота, з тваіх успамінаў, з памяці аб Сагры [1], з вобразаў Тысячы [2], з вобразу мілага Луіджы Кавалі [3] з Вічэнцы. “Вялікі дух у слабым целе” блізкі мне. Як у часы Сагры, ён дакранаецца да маёй рукі, калі я пішу.

Але сум, падобны да нуднай старасці, перарваны гэтым шматгалосым полымем, цяпер вось вяртаецца і прыгнятае мяне. Луіджы Кавалі было столькі ж гадоў, колькі мне цяпер, калі ў Вічэнцы пахавалі маленькае, амаль бязважкае цела, і ягоны дух уліўся ў нябёсы.

Я, стары і нямоглы, жыву чаканнем. Я ўжо болей не ваш камандзір і не магу ім быць. Не магу, як у Ф’юмэ [4], абагнаць вас, ідучы ў атаку і на штурм.

Я — о Бог мой! — равеснік пакалення Дагалі [5] і Адуі [6] (тых дваццацігадовых і трыццацігадовых). І ўсё ж адчуваю пякучае кляймо на сваім плячы: так, кажу я, ганебнае кляймо, якое належыць сцерці, якое Дучэ новай Італіі сатрэ не марудзячы “насуперак усяму і насуперак усім”.

Вы рушыце да перамогі. Яшчэ ніколі так бязлітасна — я б сказаў, так фатальна — не гучаў загад перамагчы і разбіць ушчэнт. Карціна новай велічы не будзе поўнай інакш чым праз сапраўдны старажытнарымскі трыюмф над варварамі і іх хаўруснікамі. Зразумейце мяне.

Я скупы на словы. І вы будзьце скупымі на словы: захавайце ўвесь ваш імпэт для чыну.

Вось мае ганаровыя знакі, легіянер Агастына Лацарота: цяльняшка і медны медаль, а на ім выбітае маё імя побач з мужным выразам і ваяўнічым заклікам “Suis viribus pollens” [7].

Абдымаю ў тваёй асобе ўсіх студэнтаў-дабравольцаў з Вічэнцы; яны ведаюць, хто я, і я ганаруся тым, што я — вечны студэнт і грамадзянін горада Вічэнца.


Вітарыяле, 8 ліпеня 1935 г.

Габрыэле Д’Анунцыё




[1] Італьянскае слова “сагра” першапачаткова ўжывалася ў значэнні “гадавіна асвячэння царквы і звязанага з гэтым свята”, але пасля пачала абазначаць народнае свята ўвогуле, звычайна звязанае з пэўнай гастранамічнай традыцыяй. У дадзеным тэксце, хутчэй за ўсё, маюцца на ўвазе юбілейныя святкаванні 1915 году, калі ў пачатку мая на мысе Куарта каля Генуі, дзе адбылася пасадка на караблі славутай Тысячы дабравольцаў Гарыбальдзі, быў адкрыты помнік Гарыбальдзі. Габрыэле Д’Анунцыё, які прыехаў на цырымонію з Францыі, выступіў там з палымянай прамовай, у якой агітаваў за ўдзел Італіі ў Першай сусветнай вайне.

[2] Дзузэпэ Гарыбальдзі (1807—1882) — народны герой Італіі, у 1860 годзе узначаліў Тысячу, рэвалюцыйны атрад, які выступіў на дапамогу вызваленчаму паўстанню на Сіцыліі.

[3] Луіджы Кавалі (1839, Сан-Назарыё (Вічэнца) — 1924, Вічэнца) — палітык, сенатар, удзельнік барацьбы за аб’яднанне Італіі, адзін з дабравольцаў паходу Тысячы Гарыбальдзі.

[4] Ф’юмэ (цяпер харвацкая Рыека) — горад, які па выніках Першай сусветнай вайны адышоў да Югаславіі, але ў 1919 г. быў захоплены ўзброенымі атрадамі, на чале якіх стаяў Габрыэле Д’Анунцыё, і вызвалены рэгулярнай італьянскай арміяй толькі пасля надання гораду статусу самастойнай рэспублікі ў 1920 годзе. Падчас акупацыі Рыекі выявіліся шматлікія элементы палітычнага стылю фашысцкай Італіі: масавыя шэсці ў чорных кашулях, ваяўнічыя песні, старажытнарымскае прывітанне паднятай рукой і эмацыйныя дыялогі натоўпу з правадыром.

[5] Дагалі — горад у Эрытрэі, вядомы ў сувязі з бітвай 1887 г., якая скончылася разгромам італьянскага войска.

[6] Адуа — горад у Эфіопіі (Абіссініі), вядомы ў сувязі з бітвай 1896 г. падчас Італьянска-эфіопскай (Першай абісінскай) вайны. Бітва таксама скончылася паразай італьянцаў.

[7] Поўны ўласнай сілы (лац.).


© Аксана Данільчык, пераклад, каментар, 2011

Пераклад з італьянскай – Аксана Данільчык © 2013

Чытайце таксама

Ганна Сілівончык

Ганна Сілівончык

Беларуская мастачка

Джон Глендэй

Джон Глендэй

Анка Упала

Анка Упала

Пісьменніца і перакладчыца з Магілёва

Павал Орсаг Гвездаслаў

Павал Орсаг Гвездаслаў

Славацкі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік славацкай літаратуры

116