№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Песня пра Раланда (La Chanson de Roland)

Пераклад з французскай Зміцер Колас

І


Сем год наш Карл, вялікі імператар,
Вядзе вайну ў Гішпаніі зацята.
Скарыў ён горны край увесь да мора:
Не ўстояў перад ім ніводзін горад,
Ніводзін замак, палі ўсе муры,
І толькі ў Сарагосе на гары
Кароль Марсыль трымае абарону.
Ён служыць Магамету й Апалону:
Не ўнікне нехрысць кары і праклёну!


ІІ


Кароль Марсыль у Сарагосе правіць.
Сабраў ён у сваім цяністым садзе
Сваіх падданых больш за дваццаць тысяч
І, лежачы на ложы мармуровым,
Так прамаўляе герцагам і князям:
“Благую навіну сказаць вам мушу!
На згубу нам французскі імператар,
Магутны Карл, прыйшоў у край наш мілы.
З ім бітву выйграць мы не маем сілы,
Ягоных войскаў не адолець нам.
Хто ж дасць парады мудрасцю сваёю,
Як мне пазбегчы ганьбы і магілы?”
Маўчаць паганцы, толькі Бланкандрэн,
Чый замак у Валь-Фондзе, просіць слова.


ІІІ


Лічыўся між мудрэйшых Бланкандрэн,
Свайму гаспадару адданы рыцар,
І ўжо не раз разумнаю парадай
Марсылю-каралю быў у прыгодзе.
Сказаў ён: “Вам няма чаго баяцца.
Адпраўце Карлу, велеганарліўцу,
Сваё пасланне, каб яго запэўніць
У дружбе і адданасці сваёй.
І падарыце Карлу разам з гэтым
Ільвоў, сабак, мядзведзяў і вярблюдаў,
І тысячу лавецкіх ястрабоў.
І ў пяцьдзясят павозак запражыце
Чатыры сотні мулаў, нагрузіўшы
Даверху іх і золатам, і срэбрам:
Няхай наймітам ён заплаціць гэтым.
Удосталь ён наш мілы край папляжыў,
Цяпер няхай вяртаецца дадому,
У Францыю, у Ахен, стольны горад,
А вы яму пры гэтым абяцайце,
Што да яго прыедзеце на свята
Заступніка Міхала, каб хрышчэнне
Прыняць паводле іхнага закону
І быць яму адданейшым васалам.
Калі ж захоча Карл дзеля гарантый
Заложнікаў узяць — давайце згоду. 
Каб выклікаць давер, яму пашліце
Сыноў баронаў. Я й свайго пашлю,
Хоць ён там можа нават і загінуць.
Ды лепш няхай яны галовы страцяць,
Чым мы — наш гонар і наш мілы край,
Ганебнымі паўстаўшы жабракамі”.


ІV


І кажа Бланкандрэн: “Я прысягнуцца
Гатовы барадой сваёй сівою,
Што, так зрабіўшы, болей вы французаў
Не ўбачыце. Калі ж яны дадому
Ўсе пойдуць і разыдуцца па хатах
І Карл у стольнай у сваёй бажніцы
Заступніку Міхалу фэст наладзіць,
Яны ад нас у вызначаны тэрмін
Ні звесткі і ні згадкі не пачуюць.
Суворы Карл у лютым гневе будзе
І дасць загад заложнікаў забіць.
Ды лепш няхай свайго я сына страчу,
Чым мы ўсе страцім сонечны наш край,
Сябе аддаўшы ў вечныя пакуты”.
“Ён праўду кажа”, — мовяць сарацыны.
[...]

Марсылевы паслы прыходзяць да імператара Карла і клянуцца яму, што іх уладар гатовы быць пакорлівым Карлавым васалам і прыняць хрысціянства. Карл збірае на раду сваіх баронаў і расказвае пра Марсылевы прапановы. Граф Раланд раіць не давяраць сарацынам. Але граф Ганэлон мае іншую думку, і шмат хто яго падтрымлівае. Тады пачынае вырашацца пытанне, каму ехаць паслом у Сарагосу.


ХХ


Кароль прамовіў: “Рыцары-французы,
Пасла вам трэба выбраць між сабою,
Каб ён завёз Марсылю мой адказ”.
Тады сказаў Раланд: “Няхай паедзе
Айчым мой Ганэлон”. І ўсе бароны
Згадзіліся: “Ён лепшы сярод нас”.


ХХІ


— Што ж, Ганэлон, — прамовіў імператар, —
Ты чуў, цябе абралі ўсе французы,
Хадзі ж, вазьмі пальчатку і жазло.
Тут Ганэлон ускрыкнуў: “Сір, я знаю:
Раланд знарок усё гэта падстроіў.
Ён больш дабра не ўбачыць ад мяне —
Ні ён, ні яго сябар Аліўе,
Ні пэры Францыі, што так яго шануюць!
Я ў гэтым, сір, клянуся ім пры вас”.
— Ты ў гневе, — Карл прамовіў Ганэлону, — 
Ды ўсё ж паедзеш ты: я загадаў.
— Паеду я, хоць лёс, відаць, сустрэну
Той, што й Базыль і брат яго Базан.


ХХІІ


Калі ж я ў Сарагосу мушу ехаць,
Адкуль ніхто звароту не знаходзіў,
То нагадаю: з вашаю дачкою
Жанаты я і сына Бадуэна
З ёй маю, найзграбнейшага хлапца:
Як вырасце, ён слаўны будзе рыцар.
І ў спадчыну яму я пакідаю
Ўсе тытулы і землі ўсе мае.
А вас прашу я ім апекавацца,
Бо мне ніколі больш яго не ўбачыць.
Адказваў Карл: “Занадта ты чуллівы,
Ды ўсё ж паедзеш ты: я загадаў”.


ХХІІІ


У роспачы вялікай Ганэлон.
Куніцавае футра скінуў ён,
На ім каптан з іскрыстага ядвабу,
На твары — гонар, у вачах — агонь,
Стан дужы, моц у круцізне рамён;
Чаруюцца яго красою пэры.
Раланду кажа ён: “Як ты пасмеў
Прапанаваць мяне паслом к Марсылю?!
Ці ты забыў, што я айчым табе?
Чакай жа, калі Бог дазволіць мне
Вярнуцца, ты спазнаеш столькі гора,
Што будзеш помніць пра яго да скону!”
Сказаў Раланд на гэта Ганэлону:
“Ад пыхі вас, відаць, пакінуў розум.
Вядома ўсім: не страшны мне пагрозы,
Ды мысліцьме пасол заўжды цвяроза,
І я гатоў, калі кароль захоча,
Паехаць да Марсыля замест вас”.


ХХІV


— Замест мяне паслом ты не паедзеш:
Ты не васал мне — я не твой сеньёр.
Загад мне даў кароль, і ў Сарагосу
Адпраўлюся я сам. Але запомні:
Я крыўды не дарую і адпомшчу!
Раландаў смех адказам быў яму.


ХХV


Пачуўшы, што Раланд з яго смяецца,
Граф Ганэлон бы ашалеў ад злосці,
Зайшлося ў лютым гневе яго сэрца,
І ён прамовіў: “Ты мне ненавісны,
Бо праз цябе несправядлівы выбар
Паў на мяне. Але я верны Карлу
І выканаць гатоў яго загад”.


ХХVІ


І вось кароль дае яму пальчатку.
(О, як хацеў бы граф яе не браць!)
Ды ледзь ён да пальчаткі дакрануўся,
Як выпала яна з ягоных рук.
І ўскрыкнулі французы: “Божа слаўны!
Бяду нам прадракае гэты знак”.
А Ганэлон шапнуў: “Чакайце ж весткі!”.


ХХVІІ


І так прамовіў ён да караля:
“Дазвольце, сір, збірацца мне ў дарогу,
Ўсё роўна ехаць мне — нашто ж марудзіць”.
— Дык едзь жа з Богам, — адказаў кароль
І, асвяціўшы графа хросным знакам,
Жазло яму і грамату аддаў.
[...]

Выпраўляючыся разам з сарацынскімі пасламі ў Сарагосу, раззлаваны Ганэлон клянецца адпомсціць Раланду і па дарозе раіцца з Бланкандрэнам, як гэта можна зрабіць. Прыехаўшы да Марсыля, ён перадае каралю маўраў Карлаў ультыматум, але потым дамаўляецца з нявернымі, як вераломна напасці на ар’ергард Карлавага войска і загубіць Раланда.


ХLIV


— Шаноўны Ганэлон, — сказаў Марсыль, —
У смеласці мой люд не мае роўні.
Я рыцараў чатыры сотні тысяч
Магу сабраць і Карла разаб’ю.
Адказваў Ганэлон: “Пустыя мары!
Вы толькі войска згубіце дарэмна.
Не трэба глупстваў, будзьце разумнейшы:
Пашліце Карлу столькі падарункаў,
Каб шчодрасць іх уразіла французаў.
Заложнікаў са дваццаць атрымаўшы,
Кароль адразу ў Францыю збярэцца
І толькі ар’ергард пакіне ззаду
З пляменнікам Раландам на чале
Ды Аліўе, яго адважным сябрам.
Даверыўшыся мне, вы іх заб’еце.
Тады і ў Карла пыхі будзе меней,
І больш на вас не пойдзе ён вайной.


ХLV


— Шаноўны Ганэлон, — Марсыль прамовіў, —
Парайце ж, як са свету зжыць Раланда?
Адказваў Ганэлон: “Я навучу.
Як пойдзе Карл праз Сызскія цясніны,
Ён тыл ахоўваць ар’ергард пакіне.
Ў ім будуць і Раланд, яго пляменнік,
І Аліўе, ва ўсім яму адданы.
На іх нашліце войска ў сотню тысяч:
Няхай дасць ар’егарду першы бой.
Французы ў гэтай бойцы паслабеюць,
Хоць шмат крыві і вашай праліецца.
Тады адразу дайце бой другі:
Не ў першым, то ў другім Раланд загіне.
А вы, сабе здабыўшы збройнай славы,
Ніколі больш не збачыце вайны”.


ХLVI


“Як будзе ў бойцы той Раланд забіты,
Без правае рукі Карл застанецца.
Калі ж найлепшых рыцараў французскіх
Галовы там палягуць, больш кароль
Ніколі не збярэ ўжо гэткай сілы.
І мір у вашых землях запануе”.
Абняў пасла Марсыль пры гэтых словах
І скарбы даставаць прад ім пачаў.


ХLVII


Сказаў Марсыль: “Слоў лішніх не люблю.
Ды радца добры мусіць даць заруку.
Кляніцеся ж Раланда выдаць нам”.
Адказваў граф: “З ахвотай прысягнуся”.
І клятву даў на мошчах, што ў дзяржанне
Свайго мяча Мэрглеса ён заклаў.
Так здрадзе быў пакладзены пачатак.
[…]

Ганэлон вяртаецца да Карла і запэўнівае яго ў міралюбстве сарацынаў. Паверыўшы графу, Карл пастанаўляе вывесці войскі з Гішпаніі…


LIX


Мінула ноч, настаў світанак ясны.
Ў паветры трубы й горны загучалі.
І вось кароль да войска выязджае.
“Бароны, — імператар прамаўляе, —
Праз горныя цясніны шлях прад намі.
Каго ж у ар’ергардзе мне паставіць?”
Адказваў Ганэлон: “Найлепш — Раланда.
Ні ў кога больш не знойдзеце адвагі”.
Пачуўшы гэта, Карл зірнуў на графа
І змрочна мовіў: “Ты — сапраўдны д’ябал,
Шалёнай злосцю ты наскрозь працяты!
Хто ж выступіць наперад з авангардам?”
Адказваў Ганэлон: “Ажэр-датчанін,
Ён выканае добра гэту справу”.


LX


Калі Раланд пачуў сваё імя,
Як рыцару належыць, адказаў:
“Сір Ганэлон, я вельмі ўдзячны вам,
Што даручыць мне маюць ар’ергард.
Клянуся, што са мной не страціць Карл
Ні збройнага, ні ўючнага каня,
Ні мула, ні звычайнага асла,
Здабытых намі доблесцю мяча”.
На гэта адказаў Раланду граф:
“Я ведаю, таму і раіў вас”.


LXI


Раланд пачуў, што будзе ў ар’ергардзе,
І так сказаў айчыму ён з пагардай:
“Ах, баязлівец і нікчэмны здраднік!
Вы думалі, я выпушчу пальчатку,
Як вы жазло згубілі перад Карлам?”


LXII


І так Раланд прамовіў каралю:
“Лук з вашых рук я з годнасцю прыму —
Мяне падстаў не будзе папракнуць,
Бо я, жывы, яго не абраню,
Як мой айчым пальчатку з вашых рук”.
Кароль тужліва звесіў галаву,
Сівую сумна гладзіць бараду,
Ды не стрымаць гаручых слёз яму.


LXIII


Да Карла падыходзіць князь Нэмон —
Найлепшы між васалаў ён барон — 
Ды кажа імператару: “Кароль,
Цяпер Раланд занадта угняўлён,
Бо ў ар’егард прызначаны быў ён,
Ды з гэтым лепш не справіцца ніхто.
Ўручыце ж лук яму славуты свой
І дайце тых, хто б графу дапамог”.
Кароль даў лук — Раланд прыняў яго.
[...]

Карл прапануе Раланду ўзяць у ар’ергард палову ўсяго свайго войска, але Раланд адмаўляецца і застаецца ахоўваць адыход французаў з дваццаццю тысячамі ваяроў. Ведучы свае дружыны праз горныя цясніны, Карл пакутуе ад благіх прадчуванняў, здагадваючыся пра Ганэлонаву здраду. Сарацыны тым часам рыхтуюцца да нападу.


LXXXIII


Вось Аліўе на ўзгорак узышоў.
Гішпанскіх земляў перад ім прастор,
Там безліч сарацынаў бачыць ён:
На кожным ззяе золатам шалом,
Паўсюль бляск дзід і велічных шчытоў,
Кальчуг багатых, воінскіх сцягоў.
Не можа Аліўе злічыць палкоў:
Іх процьма, імі ўвесь пакрыты дол.
Разгублены карцінаю такой,
Спускаецца к французам мужны вой,
Каб расказаць пра ўсё, што бачыў ён.


LXXXIV


“Там сарацыны! — мовіў Аліўе. —
Вы столькі іх не бачылі нідзе.
Іх сотня тысяч, кожны пры шчыце,
Ў шаломах і кальчугах яны ўсе,
З кап’ём ці дзідай востраю ў руцэ.
Тут будзе бой, як не было яшчэ.
Хай сілы Бог вам дасць і зберажэ!
Трымайцеся, і ворагу — канец!”
Французы — у адказ: “Не падвядзем!
Мы ўсе ў баі прыняць гатовы смерць”.


LXXXV


Прамовіў Аліўе: “За імі моц.
Нас мала, каб прыняць няроўны бой;
Раланд, мой дружа, ў свой трубіце рог!
Яго пачуўшы, Карл бы нам памог”.
Раланд сказаў: “Я ж боязі такой
Не выяўлю, бо страчу гонар свой.
Мой Дзюрэндаль, мой меч, імкнецца ў бой,
Няхай жа ён абмыецца крывёй
Паганцаў! У цяснінах гэтых гор
Чакае іх усіх смяротны лёс”.
[...]

Трымайцеся, і ворагу — канец!”
Французы — у адказ: “Не падвядзем!
Мы ўсе ў баі прыняць гатовы смерць”.

Нягледзячы на настойлівыя ўгаворы Аліўе, Раланд адмаўляецца клікаць на дапамогу і ўступае ў бітву. Французы змагаюцца адважна, але сілы занадта няроўныя. Жывымі застаюцца толькі шэсць дзясяткаў французскіх рыцараў.


СХХХІ


Раланд убачыў: таюць войска сілы.
Ён сябра Аліўе свайго паклікаў.
“Ратуй вас Бог, мой дружа, паглядзіце,
Васалаў колькі тут знайшло магілу.
У скрусе я за любую Радзіму,
Што столькі слаўных рыцараў згубіла!
Эх, дзе вы, Карл, кароль наш, дружа мілы?!
Што, Аліўе, рабіць мне, падкажыце?
Як Карлу перадаць ад нас навіну?”
Адказваў Аліўе: “Запозна клікаць.
Ўжо чым няслава — лепш мы ўсе загінем!”


СХХХІІ


Раланд сказаў: Падам я трубны знак,
Карл у гарах пачуе Аліфан
І войску павярнуць аддасць загад”.
— Была б то ганьба! — Аліўе сказаў. — 
На ўвесь ваш род праз вас лягла б яна,
І вам яе не змыць было б ніяк.
Не слухалі, калі я раіў вам.
Цяпер ж я вам згоды сам не дам:
Калі ўжо кроў цячэ ў вас па руках,
Трубіць вялікай годнасці няма.
— То сарацынаў кроў! — сказаў Раланд.


СХХХІІІ


Раланд сказаў: “Ідзе ліхая бойка!
Я дам сігнал, і Карл паверне войска”.
Адказваў Аліўе: “Ў чым тут геройства!
Калі я раіў, вы былі нязгодны,
Ды ўніклі б страт такіх, каб тут кароль быў!
Цяпер няма каму ўжо слаць папрокі...
Клянуся вам сваёю барадою:
Калі дасць Бог мне ўбачыцца з сястрою,
Вас Альда не абдыме больш ніколі”.


СХХХІV


Сказаў Раланд: “Чым вы так угняўлёны?”
Адказ яму быў: “Вы ўсяму віною.
Адвага — добра, толькі з галавою!
Павінна смеласць меру мець і розум.
Нас пагубіла вашае геройства,
Цяпер мы Карлу не паслужым болей.
Каб вы адразу знак далі ды з войскам
Кароль прыйшоў — перамаглі б мы ў бойцы;
Марсыль забіты быў бы ці ў палоне.
Бядою стаў нам ваш вялікі гонар.
Не будзем Карлу болей мы падмогай.
Калі ж ён страціць рыцара такога, 
Як вы, то ўсім французам будзе сорам.
Канец прыходзіць нашаму сяброўству,
Бо смерць разлучыць нас яшчэ да ночы”.


СХХХV


Пачуў іх арцыбіскуп, і каня
Ён залатымі шпорамі уцяў.
Пад’ехаўшы, ён так сказаў сябрам:
“Раланд і Аліўе, прашу я вас
Дзеля святых: не трэба гэтых звад.
Цяпер ратунку нам ніхто не дасць,
Але трубіце — хай пачуе Карл:
Адпомсціць сарацынам ён за нас,
Каб радасць іх вялікай не была!
Французы сыдуць з коней і ў трунах
У Францыю звязуць наш тленны прах,
Каб там з вялікім жалем пахаваць,
Як і прынята, ў кляштарных мурах:
Нас не з’ядуць тут зграі злых сабак”.
“Вы слушна мовілі! — сказаў Раланд.
[...]

Французы змагаюцца далей, але на іх ідуць усё новыя і новыя сілы сарацынаў. Гінуць найлепшыя Раландавы паплечнікі. Але даведаўшыся, што Карл з усім сваім войскам вяртаецца назад, сарацыны мусяць з ганьбаю адступіць.


CLXVII


Раланд убачыў, што спаткалі смерць
І пэры ўсе, і сябар Аліўе,
І слёзы пацяклі ў яго з вачэй.
Ды раптам твар яго ўвесь спалатнеў, 
І больш працяў наскрозь, як востры меч:
Граф апусціўся долу і самлеў.
“Ах, бедны мой барон!” — сказаў Турпэн.


CLXVIIІ


Убачыў арцыбіскуп, што Раланд
Упаў у непрытомнасці, й журба
Яго апанавала. Аліфан
Узяў ён і пайшоў праз Рансэваль
Да скал, з якіх бруілася вада,
Каб графу даць папіць, але хада
Няпэўная была ўжо ў святара:
Ён сам увесь крывёй ужо сплываў.
І вось яшчэ ступіў ён раз ці два,
Ды, сэрцам аслабеўшы, ніц упаў.
Наблізіўся яго смяротны час.


CLXIX


Ачнуўся граф Раланд тым часам зноў,
На ногі ўстаў, адольваючы боль,
І ўсцяж акінуў ён вачыма дол:
Ляжаць яго паплечнікі наўкол,
Між імі — у траве Турпэн-барон:
За Бога ён ахвяраваў жыццём.
Пакаяўся святар, і рукі звёў,
Да неба ён звяртаецца з мальбой,
Каб Усявышні ў рай прыняў яго.
Заснуў Турпэн наш слаўны вечным сном.
Служыў ён Карлу словам і мячом.
Няхай яму даруе ласку Бог!


CLXX


Граф бачыць: нежывы ўжо арцыбіскуп — 
Рассечаны жывот, звісаюць кішкі,
Мазгі з глыбокай раны вонкі выйшлі.
Склаў рукі ён, іх да грудзей прыціснуў,
І як загадваў хрысціянскі звычай,
Схіліўшы голаў, так прамовіў шчыра:
“О знатны родам і адважны рыцар!
Дазволь за цябе Богу памаліцца.
Не будзе ўжо ў яго такога сына:
Стаць роўняю апосталам маглі б вы.
Як Бога — вы, так вас усе любілі.
Хай знойдзе вашая душа спачынак
І Бог прад вамі браму ў рай адчыніць!”


CLXXI


Адчуў Раланд, што блізкая ўжо смерць:
Мазгі цякуць ужо ў яго з вушэй.
Малітву ён за пэраў Богу ўзнес
І кліча Гаўрыіла да сябе.
Ён Аліфан адной рукой бярэ,
Другою Дзюрэндаль бярэ, свой меч,
І ў землі сарацынскія ідзе
Далей, чым можа стрэліць арбалет.
Два дрэвы там растуць на кургане,
Там чатырох глыб мармуровых снег.
Раланд самлеў там у апошнім сне
І смерць сваю рыхтуецца сустрэць.
[...]

Прыходзіць Карл з войскам, сарацыны ў паніцы адступаюць. Імператар вяртаецца на поле бітвы і знаходзіць там Раландава цела.


ССХІІ


“Хай злітуецца Бог з цябе, Раланд!
Хай узнясецца ў рай твая душа!
Французам смерць твая — вялікі жаль,
У скрусе я, няма мне больш жыцця!
Тут рыцары мае знайшлі магілу...
Прамілы Божа, сын святой Марыі!
Мне не вярнуцца ў Сызскую цясніну — 
Няхай мая душа тут плоць пакіне
І на нябёсах злучыцца з другімі,
А маё цела хай схаваюць з імі!”
Карл у журбе рве бараду сівую.
Нэмон-князь мовіць: “Дужа Карл смуткуе”.


ССХІІІ


“Кароль мой, — кажа Жафруа Анжуйскі, —
Не аддавайцеся вы гэткай чорнай скрусе.
Загад вам трэба даць, каб адшукалі
Нашых байцоў, што тут галовы склалі:
Знясем мы іх у брацкую магілу”.
І загадаў кароль: “У рог трубіце!”


CCXIV


Вось Жафруа Анжуйскі даў сігнал:
Загад пачуўшы, спешыліся воі,
Сваіх сяброў знайшлі на полі бою,
І ў брацкую магілу знеслі іх.
У войску шмат асоб святога стану:
Абатаў, мніхаў, біскупаў, плябанаў.
Над мёртвымі звяршаць абрад яны:
Іх адпяюць, адпусцяць ім грахі,
Абкураць трупы ладанам і мірам.
З пашанай пахаваным быць героям,
Ды спаць ім тут: усіх не ўзяць з сабою...


CCXV


Карл загадаў зямлі не аддаваць
Траіх: Раланда, Аліўе й Турпэна,
Рассекчы грудзі ім і выняць сэрцы,
Іх загарнуўшы ў дарагі ядваб.
І вось паклалі целы трох баронаў,
Абмыўшы добра іх віном на перцы,
Ў аленевыя шкуры завінуўшы,
Ў тры беламармуровыя труны.
І загадаў тады кароль Атону,
І Жэбуэну, і Тыбо, й Мілону
У Францыю іх везці ў трох павозках, 
Пакрыўшы зверху галазскім ядвабам.
[...]


ССХСІ


Прамовіў Карл да графаў і князёў:
“Што з вязнямі рабіць мне, падкажыце?
Яны прыйшлі прасіць за Ганэлона,
Ў заложнікі іх даў мне Пінабэль”.
Французы адказалі: “Ўсіх павесіць!”
Пазваў Карл распарадчыка Бабруна
І загадаў: “На шыбеніцу іх!
Але глядзі, клянуся барадою:
Калі хтось уцячэ — ты сам заплаціш”.
Бабрун сказаў: “Зраблю, як загадалі”.
Сто латнікаў па вязняў ён паслаў,
І трыццаць чалавек іх пакаралі:
Хто здраджвае — з сабою губіць іншых.


ССХСІІ


На раду зноў сыходзяцца нармандцы,
Брэтонцы, пуатвінцы і баварцы,
І вырак аднадушны ўсе выносяць:
Памрэ хай страшнай смерцю Ганэлон.
Да коней чатырох яго падводзяць,
За рукі і за ногі вяжуць моцна,
І, вывеўшы на поле перад коньмі
Кабылу, адпускаюць лейцы ім.
Учуўшы волю, коні гарачацца,
Ляцяць наперад хутка, нібы вецер,
І жылы вырываюць Ганэлону,
Канечнасці ад цела адрываюць — 
Заліта ўся трава яго крывёй.
Ён памірае смерцю баязліўца:
Не будзе здраднік здрадаю хваліцца.


ССХСІІІ


Адпомсціўшы злачынцу, імператар
Ўсіх біскупаў у свой палац склікае — 
Французаў, і баварцаў, і германцаў.
“Ад маўраў я палонную прывёз.
Адчуўшы шчырасць слоў і дзеяў нашых,
Прыняць яна жадае нашу веру,
Каб спас яе душу ад мук Гасподзь”.
“Амін, — сказалі біскупы. — За хросных
Прызначце ёй высакародных паняў”.
І вось сабраўся люд каля крыніцаў:
Тут хрысціцца гішпанская царыца,
Ад сёння будуць зваць яе Юльянай,
І будзе яна вернай хрысціянкай.


ССХСІV


Як справядлівы суд кароль закончыў
І гнеў яго вялікі ўжо суняўся,
І прыняла хрышчэнне Брамімонда,
Дзень адышоў, і зноў настала ноч.
І вось, калі ўжо Карл узлёг на ложа,
З’явіўся Гаўрыіл з пасланнем Божым:
“Карл, падымай хутчэй сваю дружыну
І ў Бірскую зямлю ідзі ўсім войскам.
Там Эмф, цара Віўена стольны горад,
Паганцамі з усіх бакоў абложан.
Чакаюць хрысціяне дапамогі”.
Але ісці ў паход кароль не хоча.
“За што мне, — кажа Карл, — пакутаў столькі?!”
Ірве ён бараду і плача горка.

На тым Турольд сваю канчае песню.
Пераклад з французскай – Зміцер Колас © 2013

Чытайце таксама

Павел Шыдэл

Павел Шыдэл

Польскі паэт, празаік, рэдактар.

Гіём Апалінэр

Гіём Апалінэр

Французскі паэт, празаік, крытык, наватар пачынальнік сюррэалізму

Оскар Ўайлд

Оскар Ўайлд

Оскар Фінгал О’Флаэрці Ўілс Ўайлд — брытанска-ірландскі паэт, празаік, драматург, эсэіст, адзін з самых вядомых пісьменнікаў позневіктарыянскага перыяду, яркая знакамітасць свайго часу

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

3058