№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Альбэр Камю

Здрадлівая жонка (La Femme adultère)

Пераклад з французскай Зміцер Колас


Вось ужо некалькі хвілінаў па аўтобусе кружыла нядошлая муха, якая немаведама адкуль узялася, бо ўсе вокны былі паднятыя. Яна бясшумна і зморана сноўдала сюды-туды па салоне. Жанін страціла яе з вачэй, але потым убачыла, як тая садзіцца на нерухомую руку мужа. Было зімнавата. Муха пацепвалася пры кожным парыве ветру, што ўдараў у шыбы хвалямі хрусткіх пясчынак. Пад бразгат абшыўкі і скрогат рысораў машына, цяжка перавальваючыся з боку на бок, ледзьве пасоўвалася наперад у рэдкім святле зімовага ранку. Жанін зірнула на мужа. Кароткія сіваватыя віхры над нізкім і вузкім ілбом, шырокі нос і няправільнай формы рот надавалі Марсэлю выгляд надзьмутага фаўна. Пры кожнай выбоіне на дарозе яго падкідала, і ён навальваўся на Жанін сваім грузным целам. Потым, расставіўшы ногі, адкідаўся назад і зноў утаропліваўся ў прастору нерухомым позіркам, па-ранейшаму адсутны і млявы. Адзіным, што ў ім яшчэ жыло, здаваліся пухнатыя безвалосыя пальцы, якія выглядалі яшчэ карацейшымі пад рукавамі шэрага фланелевага пінжака, што спаўзлі ніжэй ад манжэтаў кашулі і цалкам схавалі запясці. Яны так моцна сціскалі пастаўленую між каленяў палатняную валізку, што нібыта нават не адчувалі нясмелых перабежак мухі.

Роў ветру раптам пачуўся мацней, і пясчаны туман вакол аўтобуса яшчэ болей згусціўся. Пясок цяпер лупіў у шыбы цэлымі жменямі, быццам іх кідала нечая нябачная рука. Муха зябка варухнула крылцамі, падсела на лапках і ўзляцела. Аўтобус замарудзіў хаду, і здавалася, вось-вось спыніцца. Але неўзабаве вецер нібыта пацішэў, смуга крыху праяснілася, і машына зноў набрала хуткасць. Скрозь пыльную завесу, што хавала сабой краявід, праглядалі прарэхі святла. За акном вынырнулі і адразу зніклі дзве-тры чэзлыя збялелыя пальмы, нібы выразаныя з шэрай бляхі.

— Ну і мясціны! — прамовіў Марсэль.

У аўтобусе было поўна арабаў, якія, здавалася, спалі, захінуўшыся ў свае бурнусы. Некаторыя сядзелі на лавах, падагнуўшы пад сябе ногі, і пры хадзе аўтобуса іх гайдала мацней за астатніх. Іх маўчанне і безудзельны выгляд урэшце пачалі прыгнятаць Жанін: ёй здавалася, што падарожжа з гэтым нямым эскортам доўжыцца ўжо некалькі дзён. Але аўтобус адышоў ад канцавой чыгуначнай станцыі толькі гэтым світанкам і ўсяго дзве гадзіны каціў у ранішнім халадку праз панылае камяністае плато, чые простыя роўныя лініі цягнуліся, прынамсі ў момант ад'езду, аж да чырванаватага далягляду. Пазней, аднак, узняўся вецер і паступова праглынуў неабсяжны прасцяг. 3 той пары пасажыры ўжо нічога не бачылі; яны адзін за адным пасціхалі і цяпер моўчкі плылі ў гэтай своеасаблівай белай ночы, час ад часу абціраючы вусны і вочы, раздражнёныя дробным пяском, які прасочваўся ў машыну.

— Жанін!

Яна здрыганулася, пачуўшы, як яе кліча муж. І які ўжо раз падумала, як смешна гучыць гэтае імя ў дачыненні да яе, такой дзябёлай і дужай. Марсэль хацеў ведаць, дзе чамаданчык з узорамі. Пашнарыўшы нагой у пустой прасторы пад лавай і намацаўшы нешта цвёрдае, яна вырашыла, што гэта і ёсць чамаданчык. Яна не магла нагінацца — у яе адразу пераймала дыханне. Але ў школе яна была першая ў гімнастыцы і ведаць не ведала, што такое задышка. Хіба гэта было так даўно? Дваццаць пяць гадоў назад. Дваццаць пяць гадоў, якіх, здаецца, зусім не было, бо яшчэ толькі ўчора яна вагалася ў выбары паміж вольным жыццём і шлюбам, толькі ўчора з трывогаю думала пра той дзень, калі, можа быць, ёй давядзецца ў самоце сустрэць сваю старасць. Але яна была не адна — побач сядзеў той самы былы студэнцік юрфака, які ніяк не хацеў ад яе адчапіцца. Урэшце яна вымушаная была яго прыняць, хоць ён быў крыху малы ростам і ёй не надта падабаліся яго прагны адрывісты смех і залішне вірлаватыя чорныя вочы. Затое ёй падабалася яго жыццёвая стойкасць, уласцівая ўсім французам з гэтага краю. Ёй падабаўся той пакрыўджана-расчараваны выгляд, які ўзнікаў у яго кожны раз, калі падзеі ці людзі не спраўджвалі яго спадзяванняў. І галоўнае — ёй падабалася быць каханай, а ён напраўду распесціў яе сваім абыходжаннем. Ён так часта паказваў, што яна для яго існуе, што ўрэшце яна рэальна адчула сваё існаванне. Не, яна была не адна.

Гучна сігналячы, аўтобус пракладаў дарогу праз нябачныя перашкоды. Але ўсярэдзіне салона не было ніякага руху. Раптам Жанін адчула на сабе нечы погляд і, павярнуўшы галаву, зірнула на лаву насупраць, па той бок праходу. Гэта быў не араб, і яна здзівілася, што не заўважыла яго раней, у момант ад'езду. Апрануты ў форму французскага кантынгенту ў Сахары і шэры палатняны картуз, з загарэлым, выцягнутым і завостраным тварам, ён крыху нагадваў шакала. Утаропіўшыся на Жанін светлымі вачыма, ён пільна разглядаў яе з нейкім пахмурным выглядам. Яна адразу пачырванела і адвярнулася да мужа, які па-ранейшаму ўзіраўся некуды ўперад, у смугу і вецер. I яна шчыльней захінулася ў паліто. Але перад вачыма ўсё яшчэ стаяў французскі салдат, доўгі і тонкі, такі тонкі, нібыта быў злеплены з нейкага сухога і нетрывалага матэрыялу, з сумесі пяску і касцей. Толькі цяпер яна прыгледзелася да арабаў вакол, убачыўшы іх худыя рукі, абпаленыя сонцам твары, і ёй падалося, што, нават нягледзячы на свае прасторныя строі, яны свабодна сядзяць на лавах, у той час як яна з Марсэлем ледзь умяшчалася на сваёй. Яна падабрала крысы паліто. Далібог, яна таксама не такая ўжо тоўстая, ну, хіба што мажная, дзябёлая, як кажуць, у целе, але па мужчынскіх поглядах яна адчувала, што ўсё яшчэ застаецца жаданай — асабліва дзякуючы свайму крыху дзіцячаму твару і жваваму позірку яркіх вачэй, што не зусім стасаваліся з яе буйным целам, ад якога — яна ведала — веяла цеплынёй і спакоем.

Не, усё ішло зусім не так, як ёй некалі ўяўлялася. І калі Марсэль захацеў узяць яе з сабой у вандроўку, яна запратэставала. Ён планаваў гэтую паездку даўно, з таго самага часу, як скончылася вайна і справы зноў набылі нармальны ход. Зрэшты, і перад вайной дробны гандаль тканінай, які ён пераняў ад бацькоў, кінуўшы вывучэнне права, забяспечваў ім не сказаць, каб вялікі дастатак. Але ж, калі жывеш на ўзбярэжжы, маладыя гады могуць быць заўсёды шчаслівыя. На жаль, Марсэль не надта любіў абцяжарваць сябе фізічна і неўзабаве зусім перастаў вадзіць маладую жонку на пляж. Іх маленькая машынка служыла толькі раз на тыдзень, калі яны па нядзелях выязджалі за горад. У астатнія дні ён аддаваў перавагу свайму магазіну з рознакаляровай тканінай, які месціўся пад цяністымі аркадамі гэтага напалову тубыльскага, напалову еўрапейскага квартала. Яны жылі над крамай у трохпакаёвай кватэры з арабскімі шпалерамі і мэбляй у каланіяльным стылі. Дзяцей у іх не было. Так міналі гады, у нязменным прыцемку, пры паўзачыненых аканіцах. Лета, пляжы, прагулкі, нават неба засталіся недзе далёка. Марсэля, здаецца, не цікавіла нічога, апроч яго справаў. Жанін спадзявалася, што зможа ўрэшце загарэцца сапраўдным пачуццем да грошай, але невядома чаму любові да іх у яе не ўзнікала. Зрэшты, яна імі карысталася. І муж не быў скнарам; наадварот — ён быў вельмі шчодры, асабліва з ёю. «Калі са мной што-небудзь здарыцца,— казаў ён,— ты не застанешся без сродкаў». Што ж, сродкі былі, сапраўды, патрэбныя — каб жыць. Але дзе ўзяць сродкі, каб забяспечыць тое, што не ўваходзіць у лік самых простых чалавечых патрэбаў? Падсвядома гэтае пачуцце раз-пораз пачынала яе трывожыць. Тым часам яна дапамагала Марсэлю весці яго канторскія кнігі і калі-нікалі падмяняла ў краме. Цяжэй было ўлетку, калі спёка знішчала нават салодкае адчуванне нуды.

І раптам, якраз у самы разгар лета,— вайна, Марсэль мабілізаваны, потым прызнаны непрыдатным да службы, дэфіцыт тканіны, поўны застой у справах і толькі бязлюдныя і спякотныя вуліцы. Цяпер, калі б нешта здарылася, у яе не было б супраць гэтага ўжо ніякіх сродкаў. Таму, як толькі тканіна зноў пачала ўзнікаць на рынку, Марсэль надумаў аб'ехаць вёскі на высокіх плато на поўдні і дамовіцца аб продажы тавару тамтэйшым арабскім гандлярам наўпрост, а не праз пасрэднікаў. Ён хацеў, каб Жанін паехала з ім. Яна ведала, што з транспартам дагэтуль існуюць цяжкасці, яна мучылася на задышку і хацела б лепей застацца і чакаць яго дома. Але ён настойваў, і ўрэшце яна саступіла — каб адмовіцца, трэба было надта многа энергіі. I вось яны ехалі, але гэта было далёка не так, як ёй уяўлялася. Яна апасалася спёкі, безлічы мух, брудных гатэляў, прапахлых ганушовым смуродам. Яна і не думала пра холад, рэзкі вецер і гэтыя голыя, ледзь не сібірскія ўзгор'і, заваленыя вялізнымі глыбінамі. Яшчэ ёй мроіліся пальмы і мяккі пясок. Цяпер яна бачыла, што пустэльня — гэта штось іншае, гэта адны камяні, камяні паўсюль — і ў небе, дзе не было нічога, апроч халоднага і рыпучага каменнага пылу, і на зямлі, дзе паміж камянёу прабіваліся толькі сухія былінкі.

Нечакана аўтобус спыніўся. Не паварочваючы галавы, шафёр прагугнявіў нешта на мове, якую яна чула ўсё жыццё, але ніколі не разумела.

— Што здарылася? — папытаўся Марсэль.

Шафёр, гэтым разам па-французску, растлумачыў, што, відаць, у карбюратар забіўся пясок. Марсэль пачаў клясці гэты жахлівы край. А шафёр, засмяяўшыся на ўсе зубы, запэўніў, што ўсё гэта нястрашна — карбюратар ён хутка прачысціць і яны паедуць далей. Ён адчыніў дзверы, і ў тое ж імгненне халодны вецер, уварваўшыся ўсярэдзіну, упіўся пасажырам у твар тысячамі дробных пясчынак. Арабы адразу скурчыліся, схаваўшы насы ў бурнусы.

— Зачыні дзверы, — зароў Марсэль.

Але шафёр, смеючыся, ужо вяртаўся назад. Ён няспешна ўзяў з-пад прыборнае дошкі некалькі інструментаў і, зрабіўшыся адразу маленькім у пясчанай смузе, зноў знік спераду аўтобуса, так і не зачыніўшы дзвярэй. Марсэль глыбока ўздыхнуў:

— Магу цябе запэўніць, што ён і матора ніколі ў жыцці не бачыў!

— Перастань,— сказала Жанін.

Раптам яна скаланулася. На ўзбочыне зусім побач з аўтобусам стаялі ўхутаныя з галавой нерухомыя постаці. З-пад капюшонаў, пераматаных паверх шматлікімі столкамі тонкай тканіны, віднеліся толькі вочы. Невядома адкуль узяўшыся, яны моўчкі глядзелі на пасажыраў.

— Пастухі,— прамовіў Марсэль.

У салоне панавала поўная цішыня. Пасажыры, угнуўшы галовы, нібыта прыслухоўваліся да голасу ветру, выпушчанага на волю пасярод гэтых бясконцых пляскатых узгор'яў. Жанін раптам са здзіўленнем заўважыла, што вакол не відаць амаль ніякага багажу На чыгуначнай станцыі шафёр закінуў на дах іхні куфар і некалькі скруткаў тканіны. А ўсярэдзіне на багажных сетках ляжалі толькі пляскатыя паўпустыя кашы ды вузлаватыя палкі. Відаць, гэтыя жыхары поўдня вандруюць улегцы.

Тым часам шафёр, з ранейшым засяроджаным выглядам, ужо ўскочыў у аўтобус. Толькі яго вочы смяяліся над павязкай з тонкага вэлюму, якой ён таксама абкруціў твар. Абвясціўшы, што яны зараз паедуць, ён зачыніў дзверы. Вецер аціх, і адразу выразна пачуўся пясчаны дождж, які сыпаў у шыбы. Матор чхнуў і захлынуўся. Але пасля доўгіх упрошванняў стартэр нарэшце завёўся, і шафёр прымусіў яго некалькі разоў зараўці, ціскаючы на газ. Рэзкім штуршком машына кранулася з месца. 3 нерухомай масы ўкручаных у лахманы пастухоў узнялася рука і растала ў смузе недзе ззаду. Аўтобус амаль адразу заскакаў на калдабанах дарогі, якая прыкметна пагоршылася. Арабы безупынна калываліся ад трасяніны. Жанін пачала ўжо адчуваць, як яе адольвае сон, калі раптам перад ёй узнікла жоўтая скрынка з жавальнымі пласцінкамі з пальмавай смолкі. Салдат-шакал ёй усміхаўся. Яна нерашуча пачаставалася і падзякавала. Шакал схаваў скрынку ў кішэні і адразу нібыта праглынуў усмешку. Цяпер ён ізноў глядзеў перад сабой на дарогу. Жанін павярнулася да Марсэля, але ўбачыла толькі яго салідны карак. Ён узіраўся скрозь шыбу ў згусцелы туман, што ўздымаўся над рухомымі гурбамі пясчанага пылу.

Яны ехалі ўжо шмат гадзінаў, і ўсё жыццё ў салоне аціхла пад цяжарам стомы, калі раптам звонку данесліся крыкі. Абапал аўтобуса беглі апранутыя ў бурнусы дзеці, якія падскоквалі, ляскалі ў ладкі і круціліся, як ваўчкі. Аўтобус ужо каціў па доўгай вуліцы з нізкімі хатамі: яны ўязджалі ў аазіс. Вецер дзьмуў з не меншаю сілай, але часцінкі пяску, натыкаючыся на перашкоду, якой былі сцены, ужо не засланялі святла. Неба, аднак, па-ранейшаму было абложанае. 3 жудасным скрогатам тармазоў аўтобус спыніўся пасярод крыклівага натоўпу перад гатэльчыкам з павеццю на гліняных слупах і з бруднымі вокнамі. Жанін выйшла і, ступіўшы на зямлю, адчула, як яе ўсё яшчэ гайдае. Па-над хатамі яна ўбачыла воддаль стромкі абрыс жоўтага мінарэта. Злева вымалёўваліся першыя пальмы аазіса, і яе пацягнула туды. Але хоць час хіліўся да поўдня, холад заставаўся пранізлівым, і пры парывах ветру яна пацепвалася. Павярнуўшы галаву, яна пашукала Марсэля, але спачатку ўбачыла толькі салдата, які накіроўваўся ў яе бок. Яна чакала, што ён усміхнецца ці павітаецца з ёю. Але ён прайшоў, не зірнуўшы, і знік. Марсэль тым часам займаўся спусканнем чамадана з тканінаю, вялізнага чорнага куфра, успёртага на дах аўтобуса. Мяркуючы па ўсім, гэтая справа была няпростая. Паклажай займаўся адзін шафёр, але і ён спыніўся, на ўвесь рост выпрастаўшыся на даху і пусціўшыся ў перамовы з натоўпам у бурнусах, які колам абступаў машыну. Абложаная з усіх бакоў гэтымі нібыта вычасанымі з косці, абцягнутымі скурай тварамі, прыгнечаная гартаннымі крыкамі, Жанін раптам адчула, наколькі стамілася.

— Я пайду,— сказала яна Марсэлю, які нецярпліва спрабаваў аклікнуць шафёра.

Яна ўвайшла ў гатэль. Яе сустрэў гаспадар, худы, сугнеістага выгляду француз, які правёў яе на другі паверх. Мінуўшы галерэю, што ўзвышалася над вуліцай, яны трапілі ў нумар, дзе з мэблі аказаліся толькі жалезны ложак, пафарбаванае белай эмалевай фарбаю крэсла, не завешаная нічым шатня ды, за трысняговаю шырмай, умывальны столік з ракавінай, пакрытай слоем тонкага пясчанага пылу. Калі гаспадар зачыніў за сабой дзверы, Жанін адчула холад, якім дыхалі голыя, пабеленыя глінкаю сцены. Яна не ведала, ні куды дзець сваю сумку, ні куды падзецца самой. Можна было або легчы, або заставацца стаяць і ў абодвух выпадках калаціцца ад холаду. Яна засталася стаяць, не выпускаючы сумкі і гледзячы ў неба за вузкім, падобным да байніцы акенцам амаль пад самаю столлю. Яна чакала, хоць сама не ўсведамляла чаго. I адчувала толькі самоту, пранізлівы холад і нейкі асаблівы цяжар у тым месцы, дзе было сэрца. Яна нібыта мроіла наяве, амаль не ўспрымаючы шуму, што падымаўся з вуліцы, дзе чуліся гучныя Марсэлевы крыкі, але выразна адчуваючы плёхкат ракі, што ўрываўся ў байніцу, народжаны ветрам у пальмах, якія, здавалася ёй, падступілі яшчэ бліжэй. Потым вецер нібыта падвоіў сілу, і мяккі шолах ператварыўся ў посвіст хваляў. У сваім уяўленні яна бачыла за сценамі цэлае мора гонкіх і гнуткіх пальмаў, раскудлачаных шалёнымі ўдарамі навальніцы. Усё было зусім не так, як яна чакала, але гэтыя нябачныя хвалі асвяжалі яе натамлёныя вочы. Яна стаяла, цяжка асунуўшыся, апусціўшы рукі, згорбіўшыся, і па яе набрынялых нагах пачынаў падымацца холад. А яна мроіла пра гонкія, гнуткія пальмы і тую дзяўчыну, якою калісь была.

Прывёўшы сябе ў парадак, яны спусціліся ў сталовую залу. Голыя сцены былі тут размаляваныя пальмамі і вярблюдамі на ружова-фіялетавым цукерачным фоне. Скрозь арачныя вокны сачылася рэдзенькае святло. Марсэль распытаў гаспадара гатэля пра гандляроў. Потым стары араб з ваенным медалём на гімнасцёрцы прынёс ім есці. У Марсэля быў заклапочаны выгляд, і ён нервова шкуматаў свой хлеб. Ён не дазволіў жонцы выпіць вады.

—Яна не гатаваная. Выпі віна.

Але віна Жанін не любіла, потым яе заўсёды разморвала. Апроч таго, у меню прапанавалі свініну.

— Ну дык што, што Каран забараняе свініну. Каран жа не ведаў, што, калі яе добра падсмажыць, ад яе не будзе ніякай хваробы. А ўжо мы гатаваць умеем. Пра што ты зноў сабе думаеш?

Жанін ні пра што не думала ці, можа быць, пра гэтую перамогу кухараў над прарокамі. Але трэба было спяшацца. Заўтра раніцай яны выязджалі далей на поўдзень, і да вечара трэба было сустрэцца з усімі найбольш важнымі гандлярамі. Марсэль падагнаў старога араба, каб той прынёс каву. Араб без ніякай усмешкі кіўнуў і аддаліўся, ледзьве перастаўляючы ногі.

— Цішэй едзеш, далей будзеш,— хмыкнуў Марсэль.

Аднак каву неўзабаве прынеслі. Амаль імгненна яе праглынуўшы, яны выйшлі на пыльную і халодную вуліцу. Марсэль паклікаў маладога араба, каб дапамагчы яму несці куфар, але дзеля прынцыпу доўга абмяркоўваў з ім памер узнагароды. Прынцып гэты, як Марсэль чарговы раз патлумачыў Жанін, заключаўся ў яго цьмяным перакананні, што арабы заўсёды просяць удвая, каб ім далі чвэрць. Жанін адчувала сябе ніякавата і ледзьве цягнулася за двума мужчынамі. Пад тоўстае паліто яна паддзела яшчэ і ваўняную вопратку, і цяпер ёй вельмі хацелася б займаць меней месца. Апроч таго, ад свініны, хоць яна сапраўды была добра падсмажаная, і ад кроплі віна, якую яна ўсё-ткі выпіла, усярэдзіне ў яе адчуваўся пэўны цяжар.

Яны ішлі паўз мясцовы скверык з пыльнымі дрэвамі. Арабы, што трапляліся насустрач, саступалі ўбок, падбіраючы крыссе бурнусаў, але, здавалася, зусім не бачылі іх. Нават тыя, што былі апранутыя ў лахманы, захоўвалі, на думку Жанін, ганарлівы выгляд, якога яна не заўважала ў арабаў са свайго горада. Яна ішла следам за куфрам, які пракладаў дарогу ў натоўпе. Праз браму ў крапасной сцяне, складзенай з вохрыстых гліняных блокаў, яны трапілі на невялікую, абсаджаную такімі самымі скамянелымі дрэвамі плошчу. Па шырэйшым яе боку, на другім канцы, размяшчаліся скляпеністыя павеці і крамкі. Але яны спыніліся пасярод плошчы каля пафарбаванай блакітнаю глінкай невялікай будыніны ў форме вертыкальна выцягнутага яйца. Усярэдзіне ў адзіным пакоі, святло ў які трапляла толькі праз дзвярную пройму, за адшмараваным да бляску дашчаным прылаўкам стаяў сівавусы стары араб. Падымаючы і апускаючы імбрычак, ён наліваў гарбату ў тры маленькія рознакаляровыя шклянкі. Марсэль і Жанін яшчэ не паспелі разгледзець нічога іншага ў паўзмроку лаўкі, але ўжо ля дзвярэй былі сустрэтыя свежым водарам мятнай гарбаты. Ледзь пераступіўшы парог, абвешаны з усіх бакоў гірляндамі алавяных імбрычкаў, падносаў і кубкаў, сярод якіх стаялі турнікеты з паштоўкамі, Марсэль апынуўся перад самым прылаўкам. Жанін засталася каля ўвахода. Яна адышла крыху ўбок, каб не засланяць святла. І ў гэты момант заўважыла ў прыцемку, за плячыма ў старога, яшчэ двух арабаў, якія з усмешкай глядзелі на іх, седзячы на тугіх мяхах, што запаўнялі ўсю ўнутраную частку крамы. На сценах віселі чорна-чырвоныя дываны і гафтаваныя хусты, а ўвесь дол быў пазастаўляны пакетамі і стосамі невялікіх скрыняў з нейкім араматычным зернем. На прылаўку побач з бліскучымі мядзянымі шалямі і старым метрам з выцертаю градуіроўкай быў расстаўлены шэраг пернікаў. Адзін пернік, з раскручанаю абгорткай, якой служыла тоўстая сіняя папера, быў адкушаны з самага верху. Нарэшце, калі стары гандляр паставіў на прылавак імбрычак і павітаўся, праз мятны водар гарбаты пачалі прабівацца пахі воўны і спецыяў, што луналі ў пакоі.

Марсэль гаварыў хутка, нібыта спяшаючыся, тым нізкім голасам, які ўзнікаў у яго заўсёды, калі ён гаварыў па справах. Потым ён адчыніў куфар, пачаў вымаць тканіну і хусты, адсунуў шалі і метр, каб раскласці тавар перад гандляром. Ён нерваваўся, павышаў нечакана тон, неўпапад смяяўся і нагадваў няўпэўненую ў сабе жанчыну, якой вельмі хочацца спадабацца. Скончыўшы, ён шырока развёў рукі, на мігах сімвалізуючы куплю й продаж. Стары трасянуў галавой, перадаў паднос з гарбатай двум арабам у сябе за плячыма і прамовіў усяго некалькі словаў, якія, здаецца, расчаравалі Марсэля. Ён адразу скруціў тканіну, запхаў яе ў куфар і, абцёршы з ілба ўяўны пот, гукнуў малога насільшчыка. Яны рушылі да павецяў. У першай краме, дзе гаспадар спачатку таксама меў непранікальны алімпійскі выгляд, ім пашанцавала ўсё ж трошкі больш.

— Яны ўсе тут лічаць сябе за Усявышняга! — сказаў Марсэль. — Але ж і ім гандляваць нечым трэба! Цяпер нікому не лёгка.

Жанін ішла следам моўчкі. Вецер амаль суцішыўся. Месцамі пачынала праглядаць неба. 3 блакітных калодзежаў, што рассякалі хмарныя тоўшчы, лілося халоднае, яркае святло. Яны пакінулі плошчу і пачалі хадзіць па маленькіх вулачках уздоўж гліняных муроў, над якімі звісалі звялыя снежаньскія ружы ці часам ссохлы, падгнілы гранат. Над кварталам луналі пахі пылу і кавы, змяшаныя з дымам ад спаленай драўнянай кары, водарам бараніны і сырога каменю. Крамкі, што туліліся ў разрывах паміж муроў, трапляліся далёка адна ад адной; Жанін адчувала, як яе ногі ўсё болей цяжэюць. Але ў мужа настрой пакрысе святлеў продаж пачынаў наладжвацца, і разам з ім лагаднеў ён сам; ён называў Жанін «сваёю маленькай». Паездка выдавалася не бескарысная.

— Вядома,— казала Жанін,— так нашмат лепш, калі з імі дамаўляешся непасрэдна.

Па яшчэ адной вуліцы яны павярнулі назад да цэнтра. Блізіўся надвячорак, неба ўжо амаль цалкам раскрылася. Калі яны спыніліся зноў на плошчы, Марсэль, паціраючы рукі, пяшчотна зірнуў на куфар, што стаяў перад імі.

— Глядзі,— раптам сказала Жанін.

Высокі, хударлявы, моцнага целаскладу араб у пальчатках, мяккіх жоўтых ботах і нябесна-блакітным бурнусе ішоў з іншага канца плошчы, велічна ўзняўшы свой бронзавы ад загару твар з арліным профілем. Толькі закручаная турбанам арабская павязка дазваляла адрозніць яго ад тых французскіх афіцэраў з каланіяльнай адміністрацыі, якімі часам так захаплялася Жанін. Паволі сцягваючы з адной рукі пальчатку, ён роўнай хадой набліжаўся да іх, але глядзеў, здавалася, кудысь па-над іх галовамі.

— Ну-ну,— прамовіў Марсэль, паціскаючы плячыма,— гэты ўжо, відаць, лічыць сябе за генерала.

Тут сапраўды ўсе мелі аднолькава ганарлівы выгляд, але гэты ўжо яўна перагінаў. Хоць уся плошча вакол была абсалютна пустая, ён кіраваў проста на куфар, не бачачы ні куфра, ні іх. Адлегласць паміж імі хутка скарачалася, і калі араб насунуўся зусім блізка, Марсэль раптам ухапіў куфар за ручку і пацягнуў назад. Араб прайшоў міма, нібыта нічога не заўважыўшы, і такой самай хадой рушыў далей да крапаснога мура. Жанін зірнула на мужа, у яго быў знаёмы пакрыўджана-расчараваны выгляд.

— Яны тут думаюць, што ім ужо ўсё дазволена,— сказаў ён.

Жанін нічога не адказала. Дурная фанабэрыя гэтага араба абурала яе, і раптам яна адчула сябе няшчаснай. Ёй хацелася з'ехаць, яна марыла пра сваю ўтульную кватэрку. Ад думкі пра вяртанне ў гатэль, у зледзянелы пакой яе кідала ў смутак. Нечакана яна прыгадала, што гаспадар гатэля раіў ёй падняцца на дазорную пляцоўку форта, адкуль адкрываўся від на пустэльню. Яна сказала пра гэта Марсэлю, дадаўшы, што куфар яны маглі б пакінуць у нумары. Але ён быў стомлены і хацеў крыху падрамаць перад вячэрай.

— Ну калі ласка,— сказала Жанін.

Ён зірнуў на яе раптам з уважліваю абыходлівасцю.

— Ну вядома, дарагая, вядома,— адказаў ён.

Яна чакала яго перад гатэлем на вуліцы. Натоўп у белых строях рабіўся ўсё болей шматлікім. У ім не сустракалася ніводнага жаночага твару, і Жанін нават здалося, што яна ніколі раней не бачыла адразу столькі мужчын. Але ніводзін на яе не глядзеў. Некаторыя толькі паволі паварочвалі да яе свае нібыта невідушчыя, худыя і выпетралыя на сонцы абліччы, якія здаваліся ёй усе падобныя адно да аднаго, — што ў салдаціка ў аўтобусе, што ў араба ў пальчатках, — аднолькава ганарыстыя і адначасова хітрыя твары. Яны паварочвалі да чужаземкі гэтыя твары і, не заўважаючы яе, лёгкай і бязгучнай хадой абыходзілі міма, і яна яшчэ мацней адчувала, як у яе набрыньваюць лыткі. Гэтае непрыемнае пачуццё разам з прагным жаданнем хутчэй адсюль з'ехаць павялічвалася з кожнай хвілінай. «Нашто я сюды прыехала?» Але Марсэль ужо выходзіў з гатэля.

Калі яны пачалі ўзбірацца па крапасной лесвіцы, была пятая гадзіна вечара. Вецер цалкам аціх. Чыстае па ўсёй шырыні неба мела цяпер блякла-блакітны барвенкавы колер. Холад стаў болей сухі і бадзёры і пашчыкваў у шчокі. На сярэдзіне пад'ёму ім трапіўся стары араб, які паўляжаў, прытуліўшыся да сцяны; ён спытаў, ці не патрэбен ім праваднік, але нават не варухнуўся, нібы загадзя быў упэўнены ў іх адмове. Лесвіца была доўгая і стромая, нягледзячы на мноства прамежкавых гліняных пляцовак. І па меры ўзыходжання прастора вакол шырэла, і яны ўздымаліся да ўсё больш неабсяжнага, халоднага і сухога святла, у якім кожны гук у аазісе далятаў да іх з выразнаю чысцінёй. Пранізанае праменнем паветра нібыта дрыжала, і гэтае трымценне ўзмацнялася з кожным крокам, быццам іх хада спараджала ў крышталёвым святле гукавую хвалю, якая разбягалася ўсё болей і болей шырокімі коламі. I у тую хвіліну, калі яны апынуліся на дазорнай пляцоўцы і іх позіркі адразу згубіліся ў неабсяжным даляглядзе далёка па-за пальмавым гаем, Жанін падалося, што ўсё неба вакол загучала адной яркай і кароткаю нотай і яе шматкроць адбітае рэха запоўніла сабою ўсю прастору ў яе над галавой, потым раптам аціхла, каб пакінуць яе, знямелую, перад бязмежным абсягам.

Яе позірк паволі бег з усходу на захад, не сустракаючы ніводнае перашкоды ўздоўж усёй дасканала выгнутай лініі гарызонту. А ўнізе, у яе пад нагамі, ляпіліся адзін да аднаго блакітныя і белыя пляскатыя дахі арабскага горада, апырсканыя цёмна-чырвонымі крывавымі кроплямі перцаў, што сохлі на сонцы. Нідзе не было відаць ні душы, але з унутраных дворыкаў, разам з дымам, прапахлым пражанай кавай, даляталі гукі вясёлай гамонкі і нейкае незразумелае шорганне. Крыху воддаль пальмавы гай, падзелены на няроўныя квадраты глінянымі агароджамі, шамацеў верхавінамі дрэваў пад подыхам лёгкага ветрыку, які зусім не адчуваўся тут, на дазорнай пляцоўцы. Яшчэ далей пачыналася вохрыста-шэрае царства каменя, якое цягнулася аж да самага далягляду, і на ўсім гэтым абшары не ўгадвалася ніякіх прыкметаў жыцця. Толькі непадалёк ад аазіса, побач з уэдам, які з захаду агінаў пальмавы гай, віднеліся шырокія чорныя намёты. Вакол іх нерухома размясціўся статак вярблюдаў, якія выглядалі адсюль зусім дробнымі, утвараючы на фоне шэрай зямлі цьмяныя знакі нейкай таямнічай пісьмовасці, сэнс якой трэба было расшыфраваць. Цішыня над пустэльняю была бязмежнай, як і сама прастора.

Жанін, у якой адняло мову, стаяла, наваліўшыся ўсім целам на парапет, і была няздольная адвесці вачэй ад бездані, што распасціралася перад ёю. Побач нецярпліва тоўкся Марсэль. Яму было халодна і карцела хутчэй спусціцца. На што тут было глядзець? Але яна не магла адарваць позірку ад гарызонту. Там, далёка на поўдні, дзе зямля злучалася з небам у адну чыстую лінію,— там, як ёй раптам здалося, нешта чакала яе, нешта такое, чаго яна дагэтуль не ведала, але чаго ёй заўжды не хапала. З набліжэннем сутоння святло паступова мякчэла, ператвараючыся з крышталю ў вадкасць. І адначасова жанчына, закінутая сюды толькі праз волю выпадку, адчувала, як у сэрцы ў яе паступова мякчэе і развязваецца вузел, зацягнуты гадамі жыцця, звычкай і сумам. Яна глядзела на лагер качэўнікаў. Яна не бачыла яго жыхароў, ніводзін сілуэт не ўзнікаў між намётамі, але яна магла думаць толькі пра іх — пра тых, аб чыім існаванні дагэтуль амаль не здагадвалася. Адрэзаныя ад сусвету, бяздомныя, яны былі невялічкаю жменькай, якая бадзялася па гэтым шырокім абшары, што адкрываўся ейнаму позірку, але быў усяго толькі мізэрнаю часткай яшчэ большай прасторы, якая распасціралася ў галавакружную далеч на тысячы кіламетраў на поўдзень — аж да тае мяжы, дзе ўрадлівыя воды першай ракі жывілі нарэшце магутны лес. І спрадвеку ссохлыя і вышкрабеныя да касцей землі гэтага неабсяжнага краю нястомна таптаў малалікі люд, які нічога не меў, але й не служыў нікому, застаючыся гаротным і вольным гаспадаром свайго дзіўнага царства. Невядома чаму, гэтая думка напаўняла Жанін такою салодкай і бязмежнай маркотай, што ў яе самі сабой змружваліся вочы. Яна ведала толькі, што гэтае царства было ёй заўжды абяцанае і што, разам з тым, яно ўжо ніколі не будзе належаць ёй, ніколі, апроч, можа быць, гэтага хуткаплыннага імгнення, калі яна зноў расплюшчыла вочы і ўбачыла раптам нерухомае неба і застылыя патокі святла, і ўсе гукі і галасы, што даляталі з арабскага горада, адразу змоўклі. Ёй здалося, што ўвесь сусвет спыніўся ў сваім руху і з гэтай хвіліны ніхто больш не састарыцца і не памрэ. Жыццё паўсюль нібыта замерла, і толькі ў яе ў сэрцы, у тое ж імгненне, нехта заплакаў ад болю і зачаравання.

Але святло аднавіла рух, сонца, выразна акрэсленае і пазбаўленае цеплыні, схілілася на захад, які трошкі паружавеў, а на ўсходзе тым часам паўстала шэрая хваля, гатовая паволі абрынуцца на велічную прастору. Завыў першы сабака, і яго далёкі крык узняўся ў паветра, якое адразу яшчэ болей пахаладнела. Тады Жанін заўважыла, што ў яе ляскаюць зубы.

—Мы зараз падохнем,— сказаў Марсэль. — Ты здурнела. Хадзем назад.

I ён неяк нязграбна ўзяў яе за руку. Разам парахманеўшы, яна адвярнулася ад парапета і пайшла за ім. Стары араб на лесвіцы нерухома глядзеў, як яны спускаюцца ў горад. Яна ішла, нікога не заўважаючы, прыгнечаная нечакана вялізнаю стомай, ледзьве цягнучы сваё цела, цяжар якога здаваўся цяпер невыносным. Захапленне, якое яе ахапіла, ужо некуды знікла. Цяпер яна адчувала сябе надта вялікай, надта аб'ёмнай і таксама — надта белай для гэтага свету, у якім апынулася. Толькі дзіцё, маладая дзяўчына, сухарлявы мужчына і ўвішны шакал былі тымі адзінымі, хто мог бязгучна ступаць па гэтай зямлі. А што тут магла яна, апроч як дацягнуць да чарговага сну, дацягнуць да смерці?

I яна сапраўды неяк дацягнулася да рэстарана, ідучы наперадзе мужа, які ўвесь час маўчаў і толькі зрэдку жаліўся, што стаміўся, і яна, квола змагаючыся з апанаваўшай яе прастудай, пачынала ўжо сама адчуваць, як у яе падымаецца тэмпература. Потым яна дацягнулася і да ложка, у якім да яе далучыўся Марсэль, адразу пагасіўшы святло і так ні пра што не спытаўшы. Пакой быў ледзяны. Жанін адчувала, як па целе разліваецца холад і адначасова расце гарачка. Ёй было цяжка дыхаць, кроў пульсавала ў жылах, але не грэла, і ў ёй пачынаў разрастацца незразумелы страх. Яна павярнулася на старым ложку, і той зарыпеў пад яе вагой. Не, яна не хоча хварэць. Яе муж ужо спаў, і яна таксама павінна заснуць, так, павінна. За акном-байніцай чуліся прыглушаныя шумы горада. Старыя грамафоны ў маўрытанскіх кавярнях гугнява выціналі мелодыі, якія яна цьмяна ўгадвала скрозь лагодны гоман натоўпу. Трэба спаць. Але яна ўзялася пералічваць чорныя намёты; нерухомыя вярблюды паплылі за павекамі, і раптам яе душу закруціў вір бязмежнай самоты. Ну навошта, навошта яна сюды прыехала? 3 гэтым пытаннем яна заснула.

Трошкі пазней яна прачнулася зноў. Вакол панавала поўная цішыня. Толькі на ўскраінах горада ў маўклівай начы хрыпла брахалі сабакі. Жанін здрыганулася. Яна перакруцілася на другі бок, адчула побач цвёрдае плячо мужа і раптам, у паўсне, прытулілася да яго. Не могучы цалкам заснуць, яна плыла ў паўдрымоце, з падсвядомаю прагнасцю ўхапіўшыся за гэтае плячо, як за самы надзейны ратунак. Яна нешта шаптала, але з яе вуснаў не злятала ніводнага гуку. Яна нешта шаптала, але сама не разбірала што. Яна толькі адчувала цяпло, якое ішло ад мужа. І так ужо дваццаць гадоў, кожную ноч, з ягоным цяплом, заўсёды ўдваіх, нават у хваробе, нават у дарозе, вось як цяпер... Дый што яна рабіла б дома, адна? Дзяцей няма! Можа, ёй не стае гэтага? Яна не ведала. Яна проста ішла за Марсэлем, і ўсё; ёй падабалася адчуваць, што яна камусьці патрэбная. Адчуванне сваёй неабходнасці — гэта была адзіная радасць, якую ён ёй дарыў. Ён наўрад ці яе кахаў. У кахання, нават калі яно з дамешкам нянавісці, не настолькі пануры твар. Але які твар у кахання? Яны кахаліся ў цемры, навобмацак, не бачачы адно аднаго. А ці ёсць іншае каханне, апроч начнога, каханне, здольнае крычаць пра сябе пасярод белага дня? Гэта ёй было невядома, затое яна ведала, што патрэбна Марсэлю і ёй самой патрэбная гэта патрэбнасць, што яна жыве ёю ноччу і днём, асабліва ноччу, кожную ноч, калі ён не хоча заставацца адзін, не хоча старэць, не хоча паміраць, з гэтай упартасцю ў твары, якую яна пазнавала часам у тварах іншых мужчын — адзіным агульным выразе ўсіх гэтых вар'ятаў, якія хавалі сваё вар'яцтва пад маскай разумнасці, пакуль не даходзілі да шаленства і не кідаліся ў роспачы да жаночага цела, каб, няхай без жадання, схавацца ў ім ад той жудасці, якую для іх уяўлялі самота і ноч.

Марсэль крыху паварушыўся, нібыта каб адсунуцца ад яе. Не, ён яе не кахаў, ён проста баяўся ўсяго, што не было ёю, і ім абаім даўно ўжо трэба было б расстацца, каб да канца сваіх дзён спаць у адзіноце. Але хіба хто-небудзь здольны заўжды спаць адзін? Так робяць толькі нямногія, каго іх пакліканне ці бяда адарвалі ад іншых, і цяпер яны кожны вечар кладуцца ў ложак сам-насам са смерцю. Марсэль так ніколі не змог бы, не, толькі не ён, кволае, безабароннае дзіцё, якое заўсёды палохаў боль,— яе дзіцё, вось праўда, дзіцё, якому яна патрэбная і якое якраз у гэты момант ціхенька заенчыла. Яна крыху мацней прыціснулася да яго, паклала руку на ягоныя грудзі. I у думках паклікала тым ласкавым імем, якім некалі ахрысціла ў найвышэйшы момант кахання, якое зрэдчас і цяпер яны ўжывалі паміж сабою, але ўжо не задумваліся аб тым, што кажуць.

Яна клікала яго ўсім сэрцам. Яна таксама ўрэшце мела патрэбу ў ім, у яго сіле, у яго дробных дзівацтвах, ёй таксама было страшна памерці. «Калі б я адолела гэты страх, я была б шчаслівая...» Раптам яе захлынула невытлумачальная, трывожная туга. Яна адхілілася ад Марсэля. Не, нічога яна не адолее і ніколі не будзе шчаслівай — на праўдзе яна так і памрэ, не вызваліўшыся ад гэтае ношы. Яе сэрца балела, яна задыхалася пад вялізным цяжарам, які раптам для сябе адкрыла і, уразумеўшы, што нясе яго дваццаць гадоў, з усяе сілы старалася цяпер скінуць. Яна хацела вызваліцца ад яго, нават калі Марсэль, нават калі іншыя ніколі гэта зрабіць не змогуць. Цалкам прачнуўшыся, яна прыўстала на ложку і прыслухалася да поклічу, які здаўся ёй зусім блізкім. Але з ускраінаў ночы даляталі толькі прыглушаныя і нястомныя галасы сабак. Узняўся зноў лёгкі ветрык, і яна чула, як ягоныя хвалі пераліваюцца ў пальмавым лісці. Ён прылятаў з поўдня — адтуль, дзе пад зноў нерухомым небам цяпер змешваліся пустэльня і ноч, дзе спынялася ўсё жыццё, дзе ніхто ўжо не старыўся і не паміраў. Але хвалі ветру ўжо выдыхліся, і яна не была ўпэўненая, ці чула што-небудзь увогуле, апроч бязгучнага поклічу, які ўрэшце магла сама прымусіць гучаць ці змоўкнуць, але сэнс якога так і застанецца назаўжды для яе не зразумелым, калі яна не адкажа цяпер, неадкладна. Так, неадкладна, яна была ў гэтым упэўненая.

Яна ціха ўстала і знерухомела каля ложка, прыслухоўваючыся да мужава дыхання. Марсэль спаў. Але ўсяго праз імгненне цеплыня, назапашаная ў пасцелі, знікла, і яе скаваў холад. Павольнымі рухамі яна пачала апранацца, навобмацак знаходзячы адзенне ў слабым святле вулічных ліхтароў, якое сачылася скрозь аканіцы. З чаравікамі ў руках яна рушыла да парога. Потым, пастаяўшы яшчэ хвіліну ў прыцемку, пачала асцярожна адчыняць дзверы. Рыпнула ручка, і яна застыла. Сэрца шалёна стукала. Але прыслухаўшыся і пачуўшы, што ўсё вакол ціха, яна супакоілася і націснула трошкі мацней. Ручка паварочвалася так марудна, што ёй здавалася, гэта ніколі не скончыцца. Нарэшце дзверы адчыніліся, яна выслізнула з пакоя і зачыніла іх з такімі самымі перасцярогамі. Потым зноў счакала, прыпаўшы шчакой да драўлянай створкі. Праз хвіліну да яе данеслася аддаленае Марсэлева дыханне. Тады яна павярнулася і пабегла па галерэі, адчуваючы на твары ледзяное паветра ночы. Гатэльныя дзверы былі зачыненыя. Пакуль яна разбіралася з засаўкай, наверсе лесвіцы ўзнік начны вартаўнік з заспаным абліччам, які пачаў ёй нешта казаць па-арабску.

— Я хутка вярнуся,— сказала Жанін і выбегла ў ноч. Над пальмамі і дамамі з чорнага неба звісалі гірлянды зорак. Яна бегла па той кароткай, цяпер бязлюднай вулічцы з дрэвамі, што вяла да форта. Холад, якому больш не было патрэбы змагацца з сонцам, ужо цалкам авалодаў ноччу; ледзяное паветра апальвала лёгкія. Але яна бегла, амаль усляпую, скрозь поўны змрок. Праўда, у канцы вуліцы раптам узніклі нейкія агеньчыкі, якія, рухаючыся ўлукаткі, пачалі набліжацца. Яна спынілася, пачула сухое, ледзь улоўнае стракатанне і нарэшце, за выраслымі ўжо агнямі, убачыла вялікія бурнусы, пад якімі паблісквалі тонкія колы ровараў. Бурнусы пранесліся ўсутыч з ёю, у цемры ў яе за плячыма мільганулі тры чырвоныя плямы і адразу зніклі. Яна кінулася бегчы далей да форта. Пасярэдзіне пад'ёму пякота ў лёгкіх стала такою вострай, што яна хацела спыніцца. Але апошні парыў мімаволі вынес яе на пляцоўку, да парапета, і яна прыпала да яго жыватом. Яна задыхалася, усё плыло ў яе перад вачыма. Бег зусім яе не сагрэў, і яна дрыжала ўсім целам. Але халоднае паветра, якое яна хапала сутаргавымі глыткамі, урэшце роўна пацякло па жылах, і дрыготку пачала выцясняць кволая цеплыня. І тады перад яе вачыма адкрыліся начныя прасторы.

Ніводзін подых, ніводзін гук, апроч рэдкага прыглушанага парыпвання камення, якое ад холаду ператваралася ў жвір, не парушалі самоты і цішыні, што атулялі Жанін. Але ў наступнае імгненне ёй падалося, што неба, быццам уцягнутае ў нейкі марудны, цягучы карагод, пачынае кружыцца над яе галавою. У глыбінях сухой і халоднай ночы нястомна ўспыхвалі тысячы зор, і іх зіхатлівыя ледзяшы, адразу сарваўшыся, неўпрыкмет пачыналі слізгаць да лініі гарызонту. Не могучы звесці вачэй, Жанін назірала за гэтымі зыркімі іскрамі, якія некуды несла невядомаю плынню. Яна таксама пачынала кружыцца з імі, і гэты нерухомы бег паступова падводзіў яе да самых нетраў яе ўласнае існасці, у якой цяпер ішла барацьба паміж прагным жаданнем і холадам. Зоры, адна за адной падаючы ў яе на вачах, пагасалі сярод камянёў пустэльні, і з кожным разам Жанін усё больш раскрывала сваю душу ночы. Яна дыхала, забыўшы пра холад, пра цяжар быцця, пра бессэнсоўнасць ці ўстыласць свайго існавання, пра тужлівую трывогу жыцця і смерці. Пасля ўсіх гэтых гадоў шалёных уцёкаў ад страху, калі яна бегла без мэты, сама не ведаючы куды, яна нарэшце спынілася. I у той жа час ёй падалося, што яна набыла свае карані, і жыццёвыя сокі зноў напаілі яе сасмяглае цела, якое больш не дрыжала. Прыціснуўшыся жыватом да парапета, уся падаўшыся ўперад да рухомага неба, яна толькі чакала, калі суцішыцца яе ўсхваляванае сэрца і ў ёй усталюецца поўная цішыня. Апошнія блясткі сузор'яў звесілі свае гронкі яшчэ ніжэй над даляглядам пустэльні і знерухомелі. І тады воды начнога змроку з невыцерпнай лагодай пачалі напаўняць Жанін, заліваючы сабой холад. падымаючыся паступова ад цёмных прадонняў яе істоты, пакуль урэшце не хлынулі бясконцым патокам, пераліўшыся цераз край і сарваўшыся з вуснаў разам ціхімі енкамі. У наступнае імгненне ўсё неба расчынілася па-над ёю, распасцёртай на спіне на халоднай зямлі.

Калі Жанін з тымі ж перасцярогамі вярнулася ў нумар, Марсэль па-ранейшаму спаў. Але нешта буркнуўшы, калі яна клалася побач, праз хвіліну нечакана ўсхапіўся ў пасцелі. Ён штосьці загаварыў, але яна нічога не зразумела. Тады ён устаў, запаліў святло, якое поўхай сцебанула яе па твары, і, хістаючыся ўзад і ўперад, пабрыў да ўмывальні. Ён доўга хлябтаў мінеральную ваду з бутэлькі, што стаяла ля ракавіны. І калі ўжо збіраўся залезці пад коўдру, раптам застыў, стоячы адным каленам на ложку і ўтаропіўшыся на жонку неўразумелым позіркам. Яна плакала, заліваючыся слязьмі, без сілы стрымацца.

— Нічога, мой дарагі, — казала яна,— нічога, гэта я так.


Апавяданне было надрукаванае ў кнізе: Выбраныя творы / Альбэр Камю (пераклад з французскай мовы З. Коласа; прадмова І. Сая). — Мн.: Мастацкая літаратура, 2005. — 429, [2] с. — (Скарбы сусветнай літаратуры).

Пераклад з французскай – Зміцер Колас © 2005

Чытайце таксама

Уладзімір Жылка

Уладзімір Жылка

Беларускі паэт, культурны дзеяч, перакладаў паэзію

Роберт Энтан Ўілсан

Роберт Энтан Ўілсан

Амерыканскі раманіст, эсэіст, філосаф, псіхолаг, анархіст

Юлі Таўбін

Юлі Таўбін

Беларускі паэт і перакладчык, прадстаўнік урбаністычнай плыні ў беларускай паэзіі 1920—1930 гг.

Ўільям Блэйк

Ўільям Блэйк

Ангельскі паэт, мастак, містык і візіянер. Апярэдзіў свой час

425