№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Э. Ч. Асонду

Ліст з дому (A Letter from Home)

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева


Дарагі сыночак,

Чаму ты не дасылаеш грошы праз Вестэрн Юніян, як робяць у Амерыцы ўсе добрыя нігерыйскія дзеці? Чаму не наведваешся дахаты? Ты ажаніўся з белай? Не забывайся, я ўжо знайшла табе жонку. Завуць яе Нгозі. Яе бацькі — дабрадзейныя хрысціяне, яе маці, як і я, уваходзіць у Лігу дбайных каталічак. Глядзі толькі, не сапсуй цудоўныя стасункі, што я ўсталёўвала многія гады з сям’ёй Нгозі.

І прашу цябе, не рабіся такім, як сын Какі, якога адправілі ў Амерыку з грашыма нашай абшчыны, а ён вярнуўся з белай жанчынай і забараніў бацькам наведвацца ў свае апартаменты для белых, што ў заможным цэнтры Лагасу. У яго вялізныя сабакі, і белая жонка абыходзіцца з імі як з дзецьмі. У той адзіны раз, калі ён праведваў сям’ю, ён адмовіўся спаць у старым бацькавым доме — бач ты, занадта брудна — і начаваў са сваёй жонкай у гатэлі. А яшчэ ён хацеў парукацца са старэйшынамі абшчыны і нават не збіраўся пасці ніц, як добра выхаваны сын.

Ці ж Нгозі недастаткова прыгожая на тым фотаздымку, што я паслала табе, — даўгая сукенка, а ў руках — кветка гібіскуса? Яна хадзіла ў Настаўніцкі каледж для каталічак і з тых жанчынаў, што нараджаюць моцных сыноў.

Сын Агагі, які паехаў у Германію ўсяго некалькі гадоў таму, выслаў бацьку вялікі чорны BMW і ўжо заканчвае будаваць прыстанішча на дваццаць пакояў, а яшчэ закладае фундамент пад гатэль. Мой мілы сыночак, я ўжо на схіле жыцця і на стомленых каленях хачу пагушкаць сваіх унукаў, перш чым сысці ў рай у многія прыстанішчы, што падрыхтаваў для мяне Гасподзь. З мяне ўжо смяецца ўся вёска — я прадала свой адзіны кіёск на рынку Аінгба, каб сабраць грошай і выслаць табе, сынок, у Амерыку, і цяпер у мяне больш няма кіёска на рынку — як нейкая служка, я гандлюю на вуліцы.

Памятай, ты абяцаў купіць мне аўто і наняць кіроўцу, каб я сядзела на заднім сядзенні, як жонка прэм’ер-міністра, і аддавала б загады, а ён бы павёз мяне да маіх сябровак, і тыя пазелянелі б ад зайздрасці. Я ўсё малюся, каб ты не стаў падобным да блуднага сына з Біблейскай прытчы, які змарнаваў усю сваю спадчыну на віно і жанчынаў.

Ты ж памятаеш дачку Обі. Яна паехала ў Італію працаваць прастытуткай, пасля таго як ты з’ехаў у Амерыку. Вось толькі летась яна вярнулася з багатымі падарункамі бацькам і нават пабралася шлюбам з хлопцам з прыстойнай сям’і. Яны вянчаліся ў царкве, і святар сказаў, што хоць блуд яе грахоўны, але яго цалкам змыла крывёю Хрыста (пасля таго як тая ахвяравала вялізную суму на рамонт царкоўнага даху). Цяпер яна выношвае сына, і ўжо ніхто не памятае, што некалі яна была прастытуткай у Італіі.

Ты бачышся з іншымі афрыканцамі, каб не забывацца на свае карані? Ты яшчэ знаходзіш там афрыканскую ежу? Бо баюся, калі ты пачнеш есці як белы, то і думаць будзеш як белы. Сынку, пераглядзі свае погляды і вярніся да каранёў, як некалі блудны сын, каб магла я дабраславіць цябе, перш чым памру.

Я зашмат патраціла на дамы сытасці для Нгозі. Я пасылала яе туды за свой кошт, каб жанчыны навучылі яе клапаціцца пра мужа, карміць яго ды таўсцець самой і стаць кругленькай, як спелая дынька. Барані Божа, каб дзяўчына з такой прыстойнай сям’і, як Нгозі, выглядала на сваім вяселлі бы перасушаная рыбіна бонга. Бо дамы сытасці для будучай нявесты сёння каштуюць нятанна, а настаўніцы ў іх ужо знікаюць — маладое пакаленне лічыць тыя дамы перажыткам. Маладзейшыя хочуць, каб іх жанчыны былі сухімі і худымі, як швабры. Хіба яны не ведаюць, што ўначы мужчыну трэба, каб было за што ўхапіцца?!

Сыне, толькі ж не рабі з мяне пасмешышча. Прашу, не дай тым, хто пазычыў у мяне зубную пасту, мець бялейшыя зубы і свяжэйшае дыханне. Ты ж памятаеш сына Адзілі (вы разам вучыліся ў малодшай школе)? Ён быў мясцовым нягоднікам: паліў марыхуану і шчыкаў дзяўчатак за зад. Дык ці можаш ты ўявіць сабе, што гэты эфулефу, гэты лайдачына, аднойчы прачнуўся і выдаў, што збіраецца паехаць у Еўропу па сушы?! Мы ўсе вырашылі, што марыхуана яму ў галаве канчаткова закараціла, але як жа мы памыляліся! Спачатку ён паехаў у грузавіку з памідорамі на поўнач, пасля перасеў на аўтобус да Малі, адтуль з караванам вярблюдаў перайшоў пустыню Сахару. Некаторыя загінулі ад смагі, а ён выжыў. Знайшоў працу на будоўлі ў Марока, крыху падзарабіў і заплаціў туарэгам, каб дапамаглі яму даплысці на лодцы да Гішпаніі. Гішпанскім уладам ён сказаў, што ён ліберыйскі ўцякач, які ратуецца ад вайны, і яны далі яму дазвол на працу. О, табе трэба было быць тут, калі праз пяць гадоў ён вярнуўся — у тэлевізарах, золаце, бразготках, адзенні і з кіпай грошай, якія ён папросту кідаў на вецер. У тыя некалькі дзён, калі ён быў тут, дом яго бацькі стаў жаданым месцам для ўсіх — кожны ішоў туды паесці і выпіць. У глыбіні душы я не хацела ісці туды за натоўпам, але ж мне і не дужа хацелася чуць папрокі, што я не зычу яму шчасця. Таму я прыцягнулася туды, і ела, і піла, і радавалася за яго сям’ю, як усе наўкола. Але людскія вочы глядзелі на мяне з пытаннем: калі ж твой сын прыедзе з прэзентамі, калі запросіць нас піць і есці, як зрабіла сям’я Адзілі? Ты, чый сын паляцеў у Амерыку, паглядзі на сына Адзілі, які рушыў пешшу і вярнуўся з падарункамі. Не тое каб нехта запытаўся наўпрост, але я бачыла гэтае пытанне ў іх вачах. Іх вочы неадступна сачылі за мной, калі я піла кока-колу, ела рыс джалоф і смажаную ялавічыну, калі танчыла шалёна, як курыца з адсечанай галавой. Хлопец з’ехаў назад, цяпер ужо на самалёце, паабяцаўшы бацьку, што наступным разам разбурыць яго старую халупу і на яе месцы паставіць новы маёнтак.

Я была хацела аддаць тваю нявесту Нгозі твайму малодшаму кузэну Азуку, хацела, каб яна нарадзіла мне дзіцятка пагушкаць на каленях, пакуль яны яшчэ не зусім заржавелі. Але маці Нгозі і чуць пра тое не захацела. Яна цынічна пляснула рукамі, зашыпела, бы змяюка, і гаркнула: ці ж яе дачка — кавалак ялавічыны на стале мясніка, каб людзі падкідвалі, узважвалі і перакідвалі іншаму пакупніку? Сказала мне, што калі яе дачка зноў выйдзе замуж, яна пашукае ёй лепшую сям’ю, дзе ўсё расце і квітнее, а не ўсыхае, як у нас. З таго часу яна кінула хадзіць у Лігу дбайных каталічак, і цяпер штораз шыпіць ды пераходзіць на другі бок вуліцы, калі я іду насустрач.

Табе цяпер напраўду няма ніякага прабачэння за тое, што не шлеш мне грошай, — Вестэрн Юніян адчыніў свой офіс проста ў нас на вуліцы. Штодня я бачу, як мужчыны і жанчыны, чые клапатлівыя дзеткі цяпер у Амерыцы, велічна ўваходзяць у офіс і выносяць вялізныя пачкі найраў. Яны махаюць вольнай рукою і так моцна трымаюць пачкі, нібы баяцца, што я папрашу ў іх пазыкі.

Не думай, што я не чую парадаў ад самых розных людзей з усіх бакоў. Як кажуць у нас, гуртом і слана добра біць. Аднойчы знахар прапанаваў мне наслаць чары на цябе ў Амерыцы, каб ты кінуў усё і першым рэйсам вярнуўся дахаты. Але ты мой сын, ты прыйшоў на гэты свет з-паміж маіх ног, і я не зраблю нічога, што магло б табе нашкодзіць. Сына Акалосі тымі чарамі прымусілі вярнуцца з Амерыкі. Цяпер ён дома, носіць стары жакет, ходзіць туды-сюды па вуліцы, пералічваючы ўголас сталіцы штатаў ЗША, і пужае школьнікаў смехам гіены.

Я табе, канечне, не пагражаю, але, калі ласка, не ўводзь мяне ў грэх. Ты нарадзіўся ў год, калі амерыканцы прызямліліся на Месяцы і вярнуліся з той дзіўнай хваробай вачэй пад назвай Апалон. Я яшчэ памятаю, калі людзі вярнуліся з Месяца, ва ўсіх чырванелі вочы і з іх ліліся слёзы, як з крана. Казалі, што гэта Божая кара за тое, што людзі Зямлі занадта блізка глянулі Яму ў вочы і пакінулі свае сляды ў Яго на твары. Таму я зусім не здзівілася, калі ты сказаў, што збіраешся ў Амерыку вучыцца. Нават у дзяцінстве, калі ты глядзеў па нашым старым чорна-белым тэлевізары вестэрн “Залатое дно”, ты кожны тыдзень абіраў сабе новае імя. Адзін раз ты быў Дэн Блокер, у другі тыдзень — Пурнэл Робертс, аж да Майкла Лэндана і Лорні Грына. Хлопчыкам ты надзяваў каўбойскі капялюш, у зубы браў сухі кавалак драўніны, уяўляючы яго сігарай, пагардліва крывіў вусны і гаварыў у нос, як акторы з тэлевізара. Мяне не здзівіла, калі ты сказаў, што едзеш у Амерыку, бо ты нарадзіўся ў год, калі амерыканскі сцяг усталявалі на Месяцы, і калі падчас начных гульняў, калі свяціў месяц, іншыя дзеці бачылі там чалавека, ты заўжды бег дахаты, каб сказаць мне, што бачыў, як амерыканскі сцяг махае табе з Месяца.

А цяпер я хачу расказаць табе сямейную таямніцу. У пачатку 1940-х твайму бацьку абяцалі месца ў Гарвардскім універсітэце. У тым самым Гарвардзе, што нарадзіў вялікага панафрыканіста і лідара барацьбы за незалежнасць нашай краіны, Яго Вялебнасць Н’намдзі Азіківэ. Твой дзед прадаў усю сваю каўчукавую плантацыю Кампаніі аб’яднанай Афрыкі, каб здабыць грошы і выправіць твайго бацьку на караблі судаходнай кампаніі “Элдэр дэмпстэр”. І твая бабуля прадала свае залатыя ўпрыгожанні. Калі твой бацька дабраўся да прычала ў Лагасе, то трапіў у рукі махляроў, якія запэўнілі, што ён зможа павялічыць свае грошы ўдвая. Махляры былі салдатамі Заходнеафрыканскіх памежных войскаў, нядаўна звольненымі пасля баёў у Бірме. Яны цэлымі днямі сноўдаліся па прычале ў пошуках легкаверных вяскоўцаў, як твой бацька. Ён жа разважыў, што калі грошай стане ўдвая больш, ён зможа паслаць адну палову бацькам, а з другой паехаць у Амерыку. Махляры забралі яго грошы, а яму далі чорную драўляную скрынку і загадалі не адчыняць яе да наступнага дня. А калі твой бацька адчыніў яе, то знайшоў там палоскі паперы, акуратна выразаныя пад памер банкнотаў. Ён быў вельмі разгублены і ўжо быў збіраўся кінуцца ў Атлантычны акіян, але жанчына, што прадавала бабовыя пірагі ля прычала, спыніла яго і забрала дахаты. Ён уладкаваўся настаўнікам у прыватнай школе і змог назбіраць грошай, каб дабрацца да Сьера-Леонэ ў пошуках лепшай долі. А яго сям’я думала, што ён вучыцца ў Амерыцы. Ён быў у Сьера-Леоне, калі яго бацька, твой дзед, захварэў. Як першаму сыну яму трэба было ўскласці бацькавы рукі на грудзі, калі той уздыхне ў апошні раз. Старэйшыны параіліся і вырашылі папрасіць знахара наслаць чары на твайго бацьку ды вярнуць яго дахаты. І гэтыя чары прывялі твайго бацьку назад са Сьера-Леонэ. Калі той прыехаў, яго бацька ўжо адышоў на той свет, але паспеў праклясці сына, бо той разбіў яму сэрца. Ён сказаў, што як твой бацька засмуціў яго, так і ягоныя дзеці зробяць тое самае з ім.

Ты яшчэ памятаеш птушак, што ляцелі проста з Аўстраліі ў нашу вёску, каб звіць гнёзды на рысавых палях? На іх лапках былі бліскучыя залатыя бранзалеты са словамі “Мельбурнскі заасад”. Ты, мабыць, памятаеш, як хадзіў глядзець на іх гульні і спевы, на тое, як яны дзяўблі рысавае зерне і цялёркаліся ў сажалках ля поля. Гэта былі вялізныя рознакаляровыя птушкі з пер’ем, нібыта расфарбаваным пэндзлем. Сяляне іх не чапалі. Яны паводзіліся тут па-каралеўску, ніколі не парушалі парадку, як мясцовыя нахабныя птушкі, і шукалі толькі тыя зярняткі, што апалі на зямлю. Калі надыходзіў час збіраць рысавы ўраджай, яны гуртаваліся разам, раіліся колькі хвілінаў, нібыта молячыся на добрую дарогу, і ўсе разам падымаліся ў неба.

Але аднойчы адна птушка-госця засталася. Калі іншыя птушкі згуртаваліся, рыхтуючыся да палёту, яна сядзела на зямлі і дзяўбла нешта, не зважаючы на іх. Птушкі рабілі ёй знакі і загаворвалі з ёй на сваёй пранізлівай птушынай мове, але тая не звяртала ўвагі. Засмучаныя, птушкі пакінулі яе. Наступнага дня прыйшлі сяляне, яны спрабавалі адагнаць госцю і пераконвалі яе, што трэба ляцець, трэба вяртацца на радзіму, але яна ўсё стаяла і дзяўбла рысавыя зярняткі. Праз нейкі час яна павольна падляцела да групы мясцовых нахабных птушак і пачала разам з імі спусташаць не сабраны яшчэ рыс. Сяляне сказалі сабе, што птушка больш не паводзіцца як госця, а таму вырашылі зрабіць з ёй так, як і з мясцовымі. Яны забілі яе стралою і прыгатавалі на абед з рысам. Сын мой, спадзяюся, ты не станеш як тая аўстралійская птушка, што забылася на сваю радзіму.


© E. C. Osondu, 2011

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2011

Чытайце таксама

Сігб'ёрн Обстфэльдэр

Сігб'ёрн Обстфэльдэр

Нарвежскі празаік, драматург, паэт-мадэрніст.

Ежы Шаняўcкі

Ежы Шаняўcкі

Польскі драматург і фельетаніст, сябра Польскай акадэміі літаратуры

Рыку Коранэн

Рыку Коранэн

Фінскі пісьменнік. Нарадзіўся ў Турку. Дэбютаваў у 2003 годзе.

Маргарэт Этвуд

Маргарэт Этвуд

Канадская паэтка, раманістка, эсэістка, літаратурны крытык і эка-актывістка.

1120