№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Герман Чарлз Босман

Зоркі над вельдам (Starlight on the Veld)

Пераклад з ангельскай Алена Пятровіч


Была халодная ноч, сказаў дзядзька Схалк Лоўрэнс, зоркі свяцілі такім марозным святлом, якое часам можна ўбачыць зранку на вільготнай траве, калі, пераблытаўшы паравіны году, рана прачнуцца, забыўшыся, што на дварэ — зіма. Вецер нагадваў дзяўчыну, якая са слязьмі расказвала зоркам сваю гісторыю кахання і здрады.

Мы з Янам Акерсэ паехалі на запрэжанай асламі павозцы ў Дэрдэпорт. Вярталіся мы ўвечары. Ян Акерсэ сказаў мне пра дарогу вакол падножжа гары — найкарацейшы зваротны шлях у Драгефлей. У выніку мы сядзелі перад вогнішчам у вельдзе [1], чакаючы раніцы. Лепш бы мы папрасілі кафра [2] паказаць нам кароткі зваротны шлях да падножжа гары.

— Але ж я ведаю, што гэта была правільная дарога, — настойваў Ян Акерсэ, кідаючы ў агонь чарговае бярэмя галля.

— Значыць, гэта быў не той пагорак, — адказаў я, — або не тая павозка. Калі толькі ты не хочаш, каб я паверыў, нібыта сяджу дома, у сваёй вітальні.

Святло полымя ціха танчыла на спіцах павозкі, і мне было прыемна думаць, што Яну Акерсэ не менш халодна, чым мне.

— Забаўная ноч, — сказаў Ян Акерсэ, — але я вельмі няшчасны і галодны.

Гэтаму я таксама быў рады. Я ўжо быў пачаў баяцца, што яго ўсё задавальняе.

— Ты ведаеш, як высока ад нас зоркі? — спытаў мяне Ян.

— Не, як высока адсюль — не ведаю, — сказаў я. — Але аднойчы я вылічваў, у мяне тады быў з сабой аловак. І я быў у Хайвельдзе. А адсюль, дзе мы цяпер, у Лоўвельдзе, зоркі нашмат далей. Бачыш, яны нават выглядаюць меншымі.

— Так, відаць, што так, — адказаў Ян Акерсэ, — але школьны настаўнік расказваў мне розныя рэчы ў бары ў Зэйрусце. Ён сказаў, што астраномы вылічваюць адлегласць да зоркі па колькасці гадоў, якая патрэбная, каб знайсці іх у тэлескопе. Гэты школьны настаўнік абмакнуў палец у брэндзі і намаляваў шмат усялякіх малюнкаў на барнай стойцы, каб паказаць мне, як гэта робіцца. Але адна частка малюнка пастаянна высыхала, пакуль ён маляваў другую. Ён сказаў, што гэта найгоршае сухое брэндзі. Да таго ж ён так і не паспеў усё растлумачыць, бо прыйшла бармэнка з анучкай і ўсё выцерла. Тады настаўнік прапанаваў мне пайсці з ім, каб паказаць мне ўсё на дошцы ў класе. Але бармэнка не дазволіла нам узяць шклянкі ў прыватны бар, і настаўнік зноў пацярпеў няўдачу.

— Гэта, відаць, нейкі новы від настаўнікаў, — сказаў я, — такі від, які вучыць дзяцей, што зямля круціцца вакол сонца. Дзіўна, што яго не выгналі з працы.

— Яго выгналі, — адказаў Ян Акерсэ.

Гэта я таксама быў рады пачуць.

Здавалася, нібы побач з месцам, дзе мы спыніліся, быў вадапой. Змрочна завыла пара шакалаў. Ян Акерсэ падскочыў і закінуў больш дроваў у агонь.

— Не люблю я крыкі гэтых жывёлін, — сказаў ён.

— Гэта ж усяго толькі шакалы, Ян, — адгукнуўся я.

— Я ведаю, — адказаў ён, — але я думаю пра нашых аслоў. Не хачу, каб яны спужаліся.

Раптам з цёмнага кустоўя да нас даляцела глыбокае скавытанне. І яно гучала не надта тужліва. Ян Акерсэ похапкам закінуў дроваў у агонь.

— Відаць, лепей нам запаліць два вогнішчы і легчы спаць паміж імі, — сказаў Ян Акерсэ. — Нашыя аслы будуць менш баяцца, калі ўбачаць, што мы з табой у бяспецы. Ты ж ведаеш, як працуе мозг у асла.

У святле агню цьмяна выступалі шкілеты высокіх дрэваў, аб’едзеныя тэрмітамі, і хутка ў нас ужо было два вогнішчы. Да таго часу, як глыбокі рык з хмызоў данёсся да нас другім разам, я ўжо зрабіў нават большае вогнішча, чым у Яна Акерсэ, — выключна дзеля спакою нашых аслоў.

Затым зноў усё сціхла. Было толькі чуваць, як вецер блытаецца ў калючым галлі і ціха шапоча нешта, што можна пачуць толькі ўначы ў бушвельдзе [3].

Ян Акерсэ ляжаў на спіне, паклаўшы рукі пад галаву, і глядзеў на зоркі.

— Я чуў, што гэтыя зоркі — таксама сусветы, як і наш, — сказаў ён, — і што на іх нават жывуць людзі.

— Але я не думаю, што яны могуць вырошчваць кукурузу, — адказаў я, —занадта высока. Як ланцуг Снэўберге на Капскім паўвостраве. Але я думаю, у іх няблага выходзіць гадаваць коней і скаціну. Тут, у нізінах, у Марыка і Ватэрбергу, гэта складана: занадта шмат конскіх хваробаў і мух цэцэ.

— І матылькоў, — сонна прамармытаў Ян Акерсэ, — з залатымі крыламі.

Неўзабаве я таксама заснуў. А калі прачнуўся, вогнішчы ўжо дагаралі. Я ўстаў і закінуў дроваў. Пабудзіць Яна Акерсэ я здолеў не адразу, бо мае вельдскуны [4] былі не дужа добрыя, з мяккім мыском. Урэшце ён сеў, пацёр вочы і сказаў, што не заплюшчыў іх ні на хвілю. Ён быў упэўнены, што не спаў усю ноч, бо — сказаў ён — увесь час уяўляў, як ганяўся за мухамі між зораў.

— І я б злавіў іх, — дадаў ён, — толькі са мной здарылася нешта дзіўнае, калі я пераскокваў з адной зоркі на іншую. Нібыта нехта мяне пнуў.

Ян Акерсэ падазрона зірнуў на мяне.

Тады я сказаў: нескладана заўважыць, што гэта ён спаў.

Калі вогнішчы разгарэліся, Ян Акерсэ зноў сказаў, што гэта забаўная ноч, і зноў пачаў размаўляць пра зоркі.

— Як думаеш, Схалк, — спытаў ён, — што маракі робяць на моры, калі не ведаюць дарогі і навокал няма ніводнага карабля, каб спытаць?

— У іх усё запісана на кавалку паперы з чырвонымі і сінімі стрэлкамі, — сказаў я, — і ёсць чорныя лініі, якія паказваюць шлях з Кейптаўна да выспы Св. Алены. І графікі, дзе пазначана, на колькі міляў уніз апусціцца карабель, калі патоне. Я быў на выспе Святой Алены падчас англа-бурскай вайны [5]. На караблі можна жыць, як у фургоне, запрэжаным валамі. Толькі, канечне, там не так камфортна. І адлегласць паміж партамі большая, чым паміж дзвюма стаянкамі.

— Я недзе чуў, што маракі арыентуюцца па зорках, — сказаў Ян Акерсэ, — цікава, з чаго б гэта людзі расказваюць мне такія рэчы...

Нейкі час ён ляжаў моўчкі, глядзеў на зоры і думаў.

— Памятаю, як аднойчы я спыніўся пераначаваць на верандзе ў Эні Стэйн і размаўляў з ёй пра зоркі, — сказаў Ян Акерсэ праз нейкі час. — Я збіраўся на фургоне з валамі да Лімпапо, бо была засуха. Я нагадаў Эні, што мяне не будзе да пачатку дажджоў, і сказаў, каб штоночы, калі я паеду, яна глядзела на пэўную зорку і думала пра мяне. Я паказаў ёй, на якую зорку глядзець. Вось гэтыя тры зоркі, побач, па простай лініі. Яна мусіць згадваць пра мяне, гледзячы на тую, што пасярэдзіне, сказаў я. Але Эні сказала, што Вілем Мостэрт, які паехаў на Лімпапо тыдзень таму, ужо выбраў гэтую, сярэднюю, зорку, каб згадваць пра яго. Ладна, сказаў я, тады верхняя зорка. Але Эні сказала, што верхнюю заняў Стофел Брынк. Урэшце я згадзіўся на ніжнюю, і Эні сказала, што будзе глядзець штоночы менавіта на ніжнюю з усіх трох зорак і думаць пра мяне; тут яе бацька, які, відаць, чуў усю размову, зайшоў на веранду і спытаў, што рабіць з воблачнымі начамі, і гэта, на яго думку, было вельмі дасціпна.

— І што было? — спытаў я Яна Акерсэ.

— Эні вельмі раззлавалася, — адказаў ён, — і сказала бацьку, што ён вечна ўсё псуе. Сказала, што ёй зусім не смешна, тым больш што я — ужо трэці хлопец, якому ён кажа адно і тое ж. Сказала, якая розніца, дурны хлопец ці не, — яе бацька не мае права кпіць з яго. Было прыемна чуць, што Эні стаіць за мяне. Так ці інакш, тое, што было пасля, — гэта доўгая гісторыя. На Лімпапо я сустрэўся з Вілемам Мостэртам і Стофелам Брынкам. Мы былі разам некалькі месяцаў. І гэта, напэўна, было дзіўным відовішчам для чужаніцы: бачыць траіх хлапцоў, якія штоночы сядзяць вакол вогнішча і глядзяць на зоркі. Мы трымаліся па-сяброўску, і калі прыйшлі дажджы, утрох выправіліся назад у Марыка. І тады я зразумеў, што бацька Эні меў рацыю. Я маю на ўвазе воблачныя ночы. Як я зразумеў, была акурат такая ноч, калі Эні збегла ў Ёханэсбург з суседам, які ехаў на пошукі працы ў рудніках.

Ян Акерсэ ўздыхнуў і вярнуўся да сваіх думак.

Але за нашымі размовамі і сном ноч ужо заканчвалася. Мы пакінулі толькі адно вогнішча і па чарзе дадавалі ў яго вецце. Перад самым світанкам зрабілася халодна, і мы абодва дрыжалі.

— У кожным разе, — сказаў Ян Акерсэ праз нейкі час, — цяпер ты ведаеш, чаму мяне так цікавяць зоркі. Я быў зусім хлапцом, калі гэта здарылася. І я мала каму расказваў пра гэта. Усяго чалавекам сямнаццаці. Астатнія не сталі б слухаць. Але заўсёды ў ясныя ночы, калі я бачу шэраг з гэтых трох яркіх зорак, я доўга ўглядаюся ў ніжнюю, і мне здаецца, што яна неяк па-сяброўску свеціць мне. Відаць, гэта мая зорка, і яе святло адрозніваецца ад святла іншых зорак... і ведаеш, Схалк, у Эні Стэйн такія чырвоныя вусны. І такія доўгія, мяккія валасы, Схалк. І гэтая яе ўсмешка...

Потым зоркі пасвятлелі, і мы пачалі зганяць аслоў і рыхтавацца ў дарогу. І я хацеў ведаць, што б падумала Эні Стэйн, калі б ведала, што ўсе гэтыя гады быў чалавек, які глядзеў у ясныя ночы на зорнае неба і марыў пра яе вусны, яе валасы і яе ўсмешку. Але калі я падумаў пра гэта, то зразумеў адказ. Канечне, Эні Стэйн не падумала б нічога пра Яна Акерсэ. Увогуле нічога.

І, без сумневу, Эні Стэйн мела б рацыю.

Але было дзіўна думаць, што мы цэлую ноч размаўлялі пра зоркі. І да гэтага моманту я не ведаў, што ўсё гэта было праз гісторыю кахання, якая здарылася шмат гадоў таму.

Мы залезлі ў павозку і скіраваліся дадому.

— Я ведаю, што школьны настаўнік з бара ў Зэйрусце памыліўся, — сказаў урэшце Ян Акерсэ, — калі спрабаваў патлумачыць, як далёка ад нас зоры. Ніжняя з гэтых трох зорак — о, яна толькі што ўпала, — вельмі блізка ад мяне. Сапраўды, вельмі блізка.



 

[1] Вельд (veld) — паўднёваафрыканскі стэп (афр.).

[2] Кафры — назва, якая давалася цемнаскурым жыхарам Паўднёвай Афрыкі, паганцам.

[3] Бушвельд — рэгіён на спякотным і сухім паўночным усходзе Паўднёвай Афрыкі і суседніх краін.

[4] Вельдскуны (veldskoens) — моцны скураны ці замшавы абутак (афр.).

[5] Востраў Святой Алены ангельцы выкарыстоўвалі як вязню (самы знакаміты зняволены — Напалеон). Туды былі высланыя каля 5 тысяч бураў.


Пераклад зроблены паводле выдання: Herman Charles Bosman. Mafeking Road. Brookling, Archipelago Books. 2008.


© Алена Пятровіч, пераклад

Пераклад з ангельскай – Алена Пятровіч © 2013

Чытайце таксама

Лена Элтанг

Лена Элтанг

Нарадзілася ў Ленінградзе, скончыла факультэт журналістыкі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта

Рышард Капусціньскі

Рышард Капусціньскі

Польскі рэпарцёр, журналіст, празаік, паэт, фатограф, “імператар рэпартажу”

Войцех Кучак

Войцех Кучак

Польскі празаік, паэт, сцэнарыст, кінакрытык, спелеолаг

Станіслаў Бараньчак

Станіслаў Бараньчак

Польскі паэт, літаратуразнаўца, крытык, эсэіст, перакладчык, актыўны дзеяч Салідарнасці

918