№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Герман Чарлз Босман

Персікавы брэндзі Вілема Прынсла (Willem Prinsloo’s Peach Brandy)

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева


Не, сказаў дзядзька Схалк Лоўрэнс, у Грот-Марыка кветак не вырасціш. Гэта някепскае месца для кукурузы, і аднойчы я нават сабраў неблагі ўраджай цыбулі ў садку, што разбіў за дамбай. Але тое, што называюць кветкамі, тут бывае рэдка. Мабыць, праз спёку. Ці праз засуху.

Тым не менш, калі б я ні заводзіў гутарку пра кветкі, я штораз успамінаю ферму Вілема Прынсла на гары Аб’ятэрскап, дзе ладзілі танцы, думаю пра збляднелага Фрыца Прэторыюса, які ванітаваў, седзячы на дарозе, думаю пра белую ружу, што некалі зухавата насіў на сваім капелюшы. Але больш за ўсё я думаю пра Грыту.

Калі ісці паўз маю ферму да вяршыні і звярнуць позірк на паўночны захад, можна пабачыць Аб’ятэрскап за хрыбтом Дварсберге. Людзі скажуць вам, што там, на Аб’етэрскапе, жывуць прывіды і што некалі яна была домам ведзьмаў. І гэтаму я ахвотна веру. На Аб’ятэрскапе я быў усяго аднойчы. Здарылася тое шмат гадоў таму. І пасля я больш ніколі туды не хадзіў. Але зусім не ад прывідаў ды ведзьмаў я трымаўся падалей.

Грыта Прынсла мусіла вярнуцца дахаты з пансіёна шляхетных дзяўчат у Зэйрусце, куды яна паехала вучыцца ангельскім манерам, пісанню дыктовак і іншым высакародным прадметам. А таму, каб адзначыць яе прыезд, Вілем Прынсла, бацька Грыты, наладзіў грандыёзныя танцы на сваёй аб’ятэрскапскай ферме.

Мяне на свята запрасілі. І Фрыца Прэторыюса таксама. І ўсіх белых з нашай мясцовасці ад Дэрдэпорта да Рамоўтсы. Больш за тое, практычна ўсе яны прыйшлі. Натуральна, кожны з нас хваляваўся перад сустрэчай з Грытай. У пансіёне шляхетных дзяўчат яна засвоіла столькі ўзвышаных навукаў, што цяпер мы не наважыліся б балбатаць з ёй па-простаму, нібы яна звычайная бурская дзяўчына. Але найболей у Аб’ятэрскап нас прыцягвала слава Вілема Прынсла, які рабіў найлепшы персікавы брэндзі ў нашых мясцінах.

Фрыц Прэторыюс загаварыў са мной пра бяду, якой нарабіла Грыціна навука.

— Эх, дружа, — сказаў ён, — каб ты ведаў, як я баюся загаварыць з ёй! Але я ўзяўся крыху падцягнуць свае веды. Учора вось дастаў старую грыфельную дошку, на якой пісаў яшчэ ў школе, апошні раз сямнаццаць гадоў таму, і рашыў некалькі прыкладаў. Складаў ды адымаў. Паспрабаваў быў крыху памножыць, але ж я зусім забыўся, як гэта робіцца.

Я сказаў Фрыцу, што хацеў бы яму дапамагчы, але так далёка, як да множання, я ў навуцы ніколі не прасоўваўся.

Надышоў дзень танцаў. Паштовая павозка, везучы Грыту да дома яе бацькі, мінула раніцою Драгедал. Па абедзе я апрануўся. Надзеў чорны пінжак, жаўтавата-карычневыя штаны і ружовую кашулю. А таксама абуў карычневыя боты, што набыў каля году таму і яшчэ не меў нагоды выйсці ў іх у людзі. Бо я б выглядаў поўным дурнем, расхаджваючы па ферме ў крамных ботах, калі наўкола ўсе носяць самаробныя вельдскуны [1].

Сеўшы на каня і выправіўшыся ўніз па Урадавай дарозе, фарсіста ссунуўшы капялюш набок, я быў упэўнены, што на танцах лёгка стану першым франтам.

Сонца ўжо пачынала садзіцца, калі я наблізіўся да падножжа Аб’ятэрскапа, якое мусіў аб’ехаць, каб дабрацца да фермы Вілема Прынсла, што мясцілася ў лагчыне між двух узгоркаў. Едучы, я думаў, што за глупства пасяліцца ў месцы, дзе, кажуць, водзяцца прывіды. Дрэвы тут былі вышэйшыя і гусцейшыя, як і паўсюль, дзе зямля падымаецца ўгору. А таксама нашмат цямнейшыя.

Наўкола тут ляжалі цяжкія дзікаватыя цені. Мне яны былі зусім не даспадобы. Я ўспамінаў гісторыі пра ведзьмаў Аб’ятэрскапа і тое, што яны рабілі з падарожнікамі, заблукалымі ў цемры. Заблукаць жа сярод гэтых высачэзных дрэваў было як нагу ў бот уставіць. Таму я пусціў свайго каня галопам, каб як найхутчэй выбрацца з гэтага змрочнага месца. Коні ўсё ж добра чуюць прывідаў ды ведзьмаў, і маім абавязкам было прасачыць, каб конь не спужаўся дарэмна. Асабліва калі па сцяжыне раптам пранёсся халодны вецер і раз ці два мне пачулася, як злавесны голас выгуквае маё імя. Я пагнаў яшчэ хутчэй. Але неўзабаве азірнуўся і зразумеў, у чым справа. Гэта Фрыц Прэторыюс імчаў галопам за мною.

— Чаго ты так ляцеў? — запытаўся Фрыц, калі я сцішыў каня, каб ён змог мяне нагнаць.

— Хацеў мінуць гэтыя дрэвы, пакуль не сцямнела, — адказаў я. — Каб каня не пужаць.

— А я думаў, чаго гэта ты нясешся, схапіўшы яго за шыю, — адзначыў ён. — Усё каб супакоіць.

Я змаўчаў. Але заўважыў, што Фрыц таксама апрануўся фарсіста. Насамрэч я абыходзіў яго кашуляй і ботамі, але на ім быў шэры гарнітур, а штаны ён заправіў у шкарпэткі. Да таго ж ён меў насоўку, якую, выхваляючыся, выцягваў з кішэні ўжо колькі разоў.

Канечне, зайздросціць такім, як Фрыц Прэторыюс, не ў маіх правілах. Але мяне злавала сама думка, што ён выстаўляе сябе поўным пасмешышчам, беручы на вечарынку такую заморскую прыдумку, як насоўка.

Мы прыехалі да дому Вілема Прынсла. У вельдзе [2] стаяла столькі павозак для валоў, што гэта нагадвала сапраўдны абаронены павозкамі лагер. Прынсла сустрэў нас ля дзвярэй.

— Праходзьце сюды, kêrels [3], — сказаў ён. — Танцы ў пярэднім пакоі. А персікавы брэндзі — на кухні.

Хаця пярэдні пакой быў вялікі, сюды набілася столькі народу, што танчыць было амаль немагчыма. Але ўсё ж не так шмат, як на кухні. Ды і музыка ў пярэднім пакоі — некалькі чалавек гралі на гітарах і канцэрцінах [4] — была не такой гучнай, як музыка на кухні, дзе ніхто не граў, затое кожны нешта сам сабе напяваў.

І па ўсім гэтым мы здагадаліся: вечарынка была што трэба.

Прабавіўшы з паўгадзіны на кухні, я вырашыў, што варта схадзіць у пярэдні пакой. Дарога туды з кухні падалася мне цяпер няблізкай, а таму некалькі разоў даводзілася абапірацца аб сцяну, каб крыху падумаць. Я мінуў яшчэ некалькі чалавек, што таксама абаперліся аб сцяну ў развагах. Адзін нават вырашыў, што лепш за ўсё думаецца седзячы на падлозе і абхапіўшы галаву рукамі.

Як можна пераканацца, Вілем Прынсла рабіў проста выдатны персікавы брэндзі.

А потым я пабачыў Фрыца Прэторыюса і вокамгненна прыйшоў у сябе. Ён бесклапотна памахваў сваёй белай насоўкай у такт музыцы і размаўляў з дзяўчынай, што ўсміхалася яму сваімі яснымі вачыма, чырвонымі вуснамі і белымі зубамі.

Я адразу зразумеў: гэта Грыта.

Яна была высокай, зграбнай і вельмі пекнай, а яе чорныя валасы ўпрыгожваў вянок з белых ружаў, сабраных, як можна было здагадацца, гэтым ранкам у Зэйрусце. Да таго ж яна зусім не выглядала на тую, у чыёй прысутнасці трэба выдаваць сябе за чалавека разумнага і адукаванага. Насамрэч я адразу ж адчуў, што мне зусім не спатрэбіцца табліца множання, якую я вырваў з канца школьнага сшытка і засунуў у кішэню пінжака перад самым выхадам з дому.

Уявіце, як цяжка мне было загаварыць з Грытай, пакуль тут круціцца Фрыц. Але нарэшце гэта ўдалося, і, ведучы з ёй размову, я з задавальненнем прасачыў краем вока, куды накіраваўся Фрыц. Ён пайшоў на кухню, памахваючы за сабой насоўкай. На кухню, поўную смеху, спеваў, і персікавага брэндзі Вілема Прынсла.

Я сказаў Грыце, што я Схалк Лоўрэнс.

— Ага, я чула пра цябе, — адказала яна, — ад Фрыца Прэторыюса.

Я ведаў, што гэта значыла. А таму расказаў ёй, што Фрыц славіцца сваёй хлуснёй на ўвесь Марыка. Ды парасказваў і іншага пра яго. Праз дзесяць хвілін, калі я ўсё яшчэ расказваў пра Фрыца, Грыта ўсміхнулася і сказала, што скончыць аповед пра яго я магу неяк іншым разам.

— Але ж адну рэч я мушу расказаць табе цяпер, — настойваў я. — Калі Фрыц даведаўся, што ты будзеш на танцах, ён пачаў рабіць хатняе заданне.

Я расказаў ёй пра грыфельную дошку і прыклады, і Грыта ціха засмяялася. Мяне зноўку ўразіла, якая ж яна прыгожая. Яе вочы блішчэлі ў святле свечак. Ружы здаваліся яшчэ бялейшымі ў яе цёмных валасах. І ўвесь гэты час вакол нас кружлялі танцоры, музыкі гралі вясёлыя матывы, а з кухні даляталі дзікаватыя трыюмфальныя воклічы.

Астатняе адбылося вельмі хутка.

Я нават не памятаю, як. Але я ведаю дакладна, што калі мы стаялі на вуліцы пад высачэзнымі дрэвамі і зоркі свяцілі з вышыні, я з лёгкасцю мог паверыць, што Грыта была зусім не дзяўчынай, а адной з тых аб’ятэрскапскіх ведзьмаў, што плялі свае дзівосныя чары.

Але калі б нехта пачуў мяне, то ніколі б не здагадаўся пра тыя дзікія, страшныя пачуцці, што бурлілі ў маім сэрцы.

Я расказваў Грыце і пра леташнюю засуху, і пра тое, як цяжка засцерагчы дзверы і рамы ад тэрмітаў, і пра тое, як мае новыя карычневыя боты здзерлі скуру з пальцаў на нагах, калі я хутка крочыў.

Пасля я падышоў да яе вельмі блізка.

— Грыта, — прамовіў я, беручы яе за руку, — Грыта, я хачу табе нешта сказаць.

Яна вызваліла сваю руку. Але зрабіла гэта вельмі мякка. Амаль шкадуючы.

— Я ведаю, што ты хочаш сказаць, — адказала яна.

Я здзівіўся.

— Адкуль ты ведаеш, Грыта? — запытаўся я.

— О, я шмат чаго ведаю, — зноў засмяялася яна, — не дарма ж я вучылася ў пансіёне шляхетных дзяўчат.

— Ды не пра тое, — я адразу ж запярэчыў, — я не хачу гаварыць пра правапіс ці арыфметыку. Я хацеў сказаць табе, што…

— Калі ласка, не трэба гэтага казаць, Схалк, — перабіла мяне Грыта. — Я… я не ведаю, ці вартая я таго, каб пачуць такое. Я нават не ведаю…

— Але ты такая мілая! — усклікнуў я. — Я мушу табе сказаць, якая ты мілая!

І ў той самы момант, калі я зрабіў крок да яе, яна адступіла, каб ухіліцца. Я не мог зразумець, як яна так добра ўсё пралічыла. Бо як бы я ні намагаўся, я не мог злавіць яе. Яна з лёгкасцю і грацыёзнасцю хутка пакрочыла між дрэваў, а я штосілы прыпусціў за ёй.

Аднак стрымлівала мяне не толькі прага ведаў, а і мае новыя боты. І персікавы брэндзі Вілема Прынсла. І яшчэ аглобля воза — яе ніжні край, што хаваўся ў траве.

Але грымнуўся я не моцна. Трава там была даўгая і густая. І нават калі ўпаў, вялізным шчасцем напоўнілася маё сэрца. І больш нічога ў свеце мне было не патрэбна.

Грыта спынілася. Павярнулася. Раптам яе цела, зграбнае і цёмнае сярод ценяў, хіснулася ў мой бок, а рука слізганула ў валасы. Яе пальцы крануліся вянка. І наступнае, што я помню, — маленькая белая ружа, да якой я змог дацягнуцца.

Я заўжды буду памятаць захапленне, з якім я падняў ружу, трымценне, з якім прышпіліў яе да свайго капелюша. Я заўжды буду памятаць шуміху, што ўсчалася, калі я ўвайшоў на кухню. Усе кінулі піць, каб толькі паглядзець на ружу на маім капелюшы. Маладыя адпускалі жарты. Старэйшыя хітра падміргвалі і паляпвалі па спіне.

Хаця Фрыца Прэторыюса і не было на кухні, каб стаць сведкам маёй перамогі, я ведаў, што ён усё роўна неяк пра гэта пачуе. І зразумее, што такому хлопцу, як ён, цягацца са мной, Схалкам Лоўрэнсам, — поўнае нахабства.

Рэшту ночы я быў героем.

Мужчыны на кухні пасадзілі мяне на стол. Яны ўсё частавалі мяне брэндзі і пілі за маё здароўе. І пасля, калі тузін іх павалок мяне на двор, каб пакласці на павозку на свежым паветры, яны заваліліся толькі адзін раз.

На світанні я ляжаў усё на той жа павозцы.

Калі я прачнуўся, то адчуў моцную млосць, пакуль не ўспомніў пра Грыціну ружу. Тая белая ружа дагэтуль была на маім капелюшы, каб увесь свет ведаў, што Грыта Прынсла з усіх мужчынаў абрала менавіта мяне.

Але што я не хацеў, каб свет ведаў, — дык гэта тое, што я спаў у павозцы нават тады, калі ўсе госці ўжо разышліся. А таму я паскакаў вельмі ціха, задаволены, што яшчэ ніхто не прачнуўся і мяне не пабачыў.

Галава ў мяне круцілася, але ў душы я адчуваў узмахі зялёных крыльцаў. І хоць стаяў ужо дзень, у траве шапацеў той самы лёгкі ветрык, што быў тады, калі Грыта, стоячы пад зорамі, кінула мне ружу.

Я павольна ехаў між дрэваў па схіле Аб’ятэрскапа і ўжо наблізіўся да месца, дзе сцяжына зноў паварочвала на поўдзень, калі пабачыў штосьці, што прымусіла мяне зразумець: у гэтых модных пансіёнах дзяўчат вучаць не надта добра.

Спачатку я пабачыў на ўзбочыне каня Фрыца Прэторыюса.

Потым я пабачыў самога Фрыца. Ён сядзеў, прыхінуўшыся да акацыі, абапершыся шчакой на калені. Выглядаў ён бледным і хворым. Але што яшчэ больш прымусіла мяне задумацца пра пансіён шляхетных дзяўчат, дык гэта Фрыцаў капялюш, які валяўся на зямлі крыху наводдаль ад гаспадара, і маленькая белая ружа на ім.



 

[1] Вельдскуны (veldskoens) — моцны скураны ці замшавы абутак (афр.).

[2] Вельд (veld) — паўднёваафрыканскі стэп (афр.).

[3] Kêrels — хлопцы (афр.).

[4] Канцэрціна — язычковы пнеўматычны музычны інструмент, гармоніка з храматычным гукавым шэрагам без гатовых акордаў.


Пераклад зроблены паводле выдання: Herman Charles Bosman. Mafeking Road. Brookling, Archipelago Books. 2008.

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2011

Чытайце таксама

Лешак Энгелькінг

Лешак Энгелькінг

Польскі паэт, перакладчык, мастацтвазнаўца, літаратурны крытык

Бэла Шагал

Бэла Шагал

Пісьменніца, жонка і муза мастака Марка Шагала.

Сара Тысдэйл

Сара Тысдэйл

Амерыканская паэтка Сара Тысдэйл нарадзілася 8 жніўня 1884 году ў сям’і, што адносілася да забяспечанага сярэдняга класу

Роберт ван Гулік

Роберт ван Гулік

Нідэрландскі ўсходазнаўца, дыпламат, музыка, аўтар ангельскамоўных аповесцяў пра суддзю Дзі

796