№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Герман Чарлз Босман

Раскоша з Рамоўцы (Splendours from Ramoutsa)

Пераклад з ангельскай Яніна Прыстаўка


— Не, — прамовіў дзядзька Схалк Лоўрэнс, — не, я не разумею, чаму людзі заўсёды просяць мяне апавесці ім гісторыю. Яны, канечне, ведаюць, што я апавядаю лепш за ўсіх астатніх. Нашмат лепш. Што мне незразумела, дык гэта прычыны, з якіх яны слухаюць гісторыі. Я не кажу пра час засухі ў Марыка, бо тут усё зразумела: чалавек можа сядзець на верандзе, курыць трубку і піць каву, пакуль я апавядаю, такім чынам, мая гісторыя адцягвае час, калі неабходна ісці на свідравіну пад гарачае сонца, каб пампаваць ваду для быдла.

Па той паважнай манеры, з якой фермеры з Марыка ў пэўныя моманты просяць мяне апавесці гісторыю, я заўсёды мог зразумець, што цяпер няма ветру, які круціць млын, і што ручка вадакачкі такая цяжкая, а вада ў калодзежы такая глыбокая. У гэткія дні я часта заўважаў маркоту ў вачах чалавека, які адчуваў, што гісторыя ўжо хутка скончыцца, а яму неўзабаве давядзецца надзяваць капялюш і развітвацца.

А калі я ўжо скончыў апавядаць, ён звычайна кажа: “Так, дзядзька Схалк. Гэтак яно і адбываецца ў жыцці. Так, твая гісторыя мае глыбокі сэнс”.

Але я ведаю, што насамрэч ён увесь час разважаў пра тое, наколькі глыбока ў свідравіне вада.

Дык вось, я пачынаю задумвацца над тым, што прымушае людзей прасіць мяне апавесці ім гісторыю менавіта тады, калі яны маюць нейкую іншую на тое прычыну. Калі яны звяртаюцца да мяне ў добрыя дні, у якія не трэба нічога араць ці ставіць агароджу з калючым дротам пад спякотным сонцам. І мне здаецца, што гэтыя прычыны нават глыбейшыя за сэнс любых гісторый і ваду ў свідравінах падчас засухі.

Возьмем, напрыклад, Крыш’яна Гейла. Слухаў ён аднойчы гісторыю. Натуральна, з яго боку гэта было неразумна, асабліва таму, што гісторыю яму апавядаў не я. Ён пачуў яе ад аднаго індуса-касіра з Рамоўцы. Крыш’ян Гейл апавёў гэтую гісторыю мне, але я наўпрост яму сказаў, што яна не надта мяне ўразіла. Я сказаў, што хто заўгодна адразу здагадаецца, чаму прынцэса сядзела каля калодзежа. Відавочна, што яна прыйшла туды не толькі таму, што хацела піць. Таксама я дадаў, што гісторыя дужа зацягнутая і што нават думай я пра нешта іншае, я ўсё роўна апавёў бы яе так, каб людзям захацелася даслухаць яе да канца. Я таксама звярнуў увагу на мноства іншых такіх дэталяў.

Крыш’ян Гейл сказаў, што я, несумненна, маю рацыю, але той чалавек, які апавёў яму гісторыю, быў проста індусам, а для індуса, пэўна, гэта нават зусім няблага. Таксама ён сказаў, што ў краме было даволі шмат пакупнікоў, і гэта перашкаджала індусу апавядаць гісторыю як след, бо яму даводзілася ўвесь час нязручна стаяць бокам і ўзважваць розныя рэчы, трымаючы нагу на вагах.

Па тоне, якім Крыш’ян Гейл апавядаў пра індуса, можна было падумаць, што ён яго шкадуе.

Таму я гаварыў з ім вельмі рашуча.

— Індус з крамы ў Рамоўцы, — сказаў я, — калісьці апавядаў мне нашмат лепшыя гісторыі. Аднойчы ён сказаў, што сярод тых кававых бабоў, якія ён прадаў мне, не было гарэлай кукурузы. Іншую гісторыю, не горшую за папярэднюю, я пачуў, калі…

— І можна падумаць, што прынцэса пайшла да калодзежа і чакала там, — перабіў мяне Крыш’ян Гейл, — толькі таму, што аднойчы бачыла там юнака.

— Была яшчэ адна добрая гісторыя, — настойваў я, — нібыта ў меху з жоўтым цукрам, які я набыў у яго, зусім не было пяску з пустэльні Калахары.

— І яна бачыла яго толькі аднойчы, — працягваў Крыш’ян Гейл. — І яна была прынцэсай.

— І мне давялося аддаць большую частку таго цукру свінням, — сказаў я, — бо ён не раставаў і не саладзіў кавы. Проста збіраўся, як бруд, на дне кубка.

— Яна чакала ля калодзежа, бо закахалася ў яго, — скончыў Крыш’ян Гейл, запінаючыся.

— Я проста змяшаў яе з кукурузным кормам для свінняў, — сказаў я, — і яны вельмі хутка ўправіліся з ежай. Забаўна, што свінні так хутка ядуць.

Больш Крыш’ян Гейл не прамовіў ані слоўка. Пэўна, зразумеў, што я не дазволю яму ўразіць мяне гісторыяй, якую апавёў індус, дый, варта сказаць, не вельмі добра апавёў. Я разумеў мэту індуса. Ён вырашыў адплаціць мне такім нечаканым спосабам толькі таму, што я перастаў наведваць ягоную краму пасля таго непрыемнага выпадку з зернем кавы і цукрам, якія выявіліся гарэлай кукурузай і пяском Калахары, як я тлумачыў некаторым маім суседзям. Ён вырашыў зрабіцца маім супернікам. Ён таксама пачаў апавядаць гісторыі.

Паколькі я пачаў значна раней за яго, ён карыстаўся самымі рознымі забароненымі прыёмамі. Напрыклад, апавядаў пра прынцэс. І пра палацы. І пра сланоў, упрыгожаных жоўтымі і чырвонымі пакрываламі, прывучаных па загадзе таптаць каралеўскіх ворагаў. У той час як я мог апавесці толькі пра сланоў, якія не насілі чырвоных пакрывалаў ці залатых бранзалетаў і якім справы не было да таго, вораг ты каралю ці не: яны проста кідаліся на цябе, як умелі, без спецыяльнай падрыхтоўкі.

Спачатку я падумаў, што з боку індуса вельмі несправядліва апавядаць гэткія гісторыі. Я не мог з ім супернічаць. І я пачаў думаць, што некаторыя прамоўцы на выбарных сходах мелі рацыю, калі казалі пра індыйскую праблему.

Але калі я абдумаў усё гэта як след, то зразумеў, што няма чаго хвалявацца. Індус мог апавядаць якія заўгодна гісторыі пра прынцэс вярхом на слане. Бо ёсць адна рэч, якая, я ўпэўнены, заўсёды будзе атрымлівацца ў мяне лепей, чым у індуса. У некалькіх словах, нават не згадваючы пра прынцэсу, мне было пад сілу па-майстэрску давесці да людзей, што было ў яе на сэрцы. А гэта нашмат важней за палацы, за храмы і за сланоў з залатымі ўпрыгожаннямі на нагах.

Магчыма, індус зразумеў, што я маю рацыю. У любым выпадку, неўзабаве ён ужо не марнаваў часу сваіх пакупнікоў на гісторыі пра імператараў, а толькі казаў ім, што раствор ад авечых паразітаў ці тавот скончыліся. А магчыма, яго пакупнікі проста стаміліся слухаць яго.

Аднак да таго некаторыя фермеры закідалі мне ў прыемна-забаўляльнай, як яны лічылі, манеры, што, калі я хачу заставацца ў модзе, самы час ужо і мне дадаваць у свае гісторыі экзотыку. Яны казалі, што мне трэба ўвесці хаця б караля і парачку прынцаў, а таксама караван сланоў з намаквалендскімі дыямантамі ў вушах.

Я казаў, што яны вярзуць глупства: які мне сэнс апавядаць пра каралёў і прынцэс, а таксама вучоных сланоў і г.д., калі я нічога пра іх не ведаю і нават не ўяўляю, што яны павінны рабіць.

— Яны і не павінныя нічога рабіць, — патлумачыў мне тады Фрыц Снэйман. — Ты проста можаш дадаць, што працэсія са сланоў ды прынцаў праходзіла непадалёк ад таго месца, дзе разгортваюцца падзеі тваёй гісторыі. Ты можаш проста згадаць пра іх, дзядзька Схалк, і не дадаваць анічога ажно да таго часу, як будзеш ужо ў сярэдзіне наступнай гісторыі. Ты можаш растлумачыць, што людзі з працэсіі былі ніяк не звязаныя з тваёй гісторыяй, бо проста праходзілі міма па дарозе ў нейкае іншае месца.

Канечне, я сказаў, што гэта бязглуздзіца. Бо калі я буду ў кожнай гісторыі згадваць адну і тую ж працэсію, людзі з яе праз столькі аповедаў будуць вельмі змучаныя дарогай. Караван атрымаецца занадта пыльным і занядбаным.

— І наступным разам, калі будзеш апавядаць нам пра дзяўчыну, якая ішла ў Зэйруст на прычасце, дзядзька Схалк, — працягваў Фрыц Снэйман, — можаш сказаць, што два мужчыны трымалі над ёю чырвоны парасон, у валасах яе былі каштоўныя ўпрыгожанні, а сама яна танчыла танец змяі.

Я ведаў, што Фрык Снэйман кажа не падумаўшы, а проста згадаўшы тое, што ён бачыў у кіно.

Тым не менш, мне давялося выслухаць нямала такіх заўваг, пакуль індус з Рамоўцы не кінуў разводзіць антымоніі, забаўляючы сваіх пакупнікоў.

Час ішоў, падступіла засуха, а таму фермеры Марыка праводзілі шмат часу на свідравінах, падымаючы і апускаючы цяжкія ручкі помпы. І ўсе амаль забыліся на спробу індуса апавядаць гісторыі. Нават Крыш’ян Гейл нарэшце прызнаў, што ў яго гісторыях было зашмат вялікапышнасці.

— Усё, што ён апавядае пра храмы і ўсялякае такое, — прызнаўся Крыш’ян Гейл, — з белай падлогай і шліфаванымі чырвонымі камянямі… а таксама пра раджаў... Ты ведаеш, што такое раджа, дзядзька Схалк? Не, я таксама не ведаю. Ад усяго гэтага можна стаміцца. Насамрэч вартая ўвагі была толькі адна яго гісторыя. Тая, пра прынцэсу. У яе валасах былі каштоўныя камяні, а на яе сукенцы — сапраўдныя перліны. А юнак так ніколі і не даведаўся, чаму яна прыходзіла туды. Ён не здагадаўся, што яна кахала яго. Напэўна, я няправільна апавёў табе гісторыю першы раз, дзядзька Схалк. Магчыма, мне трэба апавесці яе табе зноў. Я ўжо шмат каму апавёў.

Але я паспешліва адмовіўся. Я сказаў, што не трэба апавядаць адно і тое ж, бо я вельмі добра памятаю гісторыю і, калі ён не супраць, я б не хацеў слухаць яе другі раз. Бо апавядаючы другі раз, яе можна сапсаваць.

Я таксама патлумачыў, што гісторыя настолькі заваражыла яго толькі таму, што ён быў малады і зялёны. Я назваў яму іншых маладых людзей з Марыка, якіх я ведаў у розныя часы, і якія таксама спачатку рабілі няправільныя высновы, а потым усведамлялі гэта ды прыходзілі да мяне падзяліцца.

— Ты толькі таму так зацікавіўся той гісторыяй, — павучаў яго я, — што табе падабаецца ўяўляць сябе на месцы таго юнака.

Крыш’ян Гейл пагадзіўся са мной, што менавіта гэта і было прычынай яго цікавасці да гісторыі індуса. І дадаў, што ў юнака з Марыка не было б у такой сітуацыі аніякіх шанцаў. Ён увесь час думаў бы пра засуху, пра хваробу быдла і пра маскітаў, якія не давалі ўночы спаць.

А калі Крыш’ян Гейл сыходзіў ад мяне, я добра бачыў, што ён зайздросціць маладому індусу з гісторыі. Як я ўжо заўважыў, у гісторыях і ў людзях, якія іх слухаюць, ёсць нешта дзіўнае. Больш дэтальна я разважаў пра гэта ў гарачы поўдзень некалькімі тыднямі пазней, калі ўбачыў Леці Вільюн. Сонейка свяціла на яе падняты ўгару тварык і на яе ярка-жоўтыя валасы. Яна сядзела, запусціўшы адну руку ў сухую леташнюю траву, і я падумаў, якая ў яе грацыёзная фігурка і тонкія запясці.

І, вядома, з той прычыны, што Леці Вільюн прыехала сюды не на слане з аранжавай гунькай і залатымі бранзалетамі, і на ёй не было караляў з чырвоных камянёў, Крыш’ян Гейл ведаў дакладна, што яна не прынцэса.

І здаецца мне, менавіта таму, размаўляючы з ёй і апавядаючы ёй тую гісторыю пра прынцэсу ля калодзежа, Крыш’ян Гейл так і не даведаўся ўсёй праўды пра Леці Вільюн і пра прычыну, якая прымусіла яе прыйсці туды, на самы санцапёк, да свідравіны.


Пераклад зроблены паводле выдання: Herman Charles Bosman. Mafeking Road. Brookling, Archipelago Books. 2008.

© Яніна Прыстаўка, пераклад

Пераклад з ангельскай – Яніна Прыстаўка © 2013

Чытайце таксама

Джэймс Дуглас Морысан

Джэймс Дуглас Морысан

Амерыканскі паэт, эсэіст, аўтар песняў, вакаліст гурта The Doors

Павел Гюле

Павел Гюле

Польскі празаік, паэт, драматург, сцэнарыст, літаратурны крытык. Піша пра Гданьск і ваколіцы

Хенрык Нордбрандт

Хенрык Нордбрандт

Дацкі пісьменнік, аўтар шэрагу зборнікаў вершаў, эсэ, раманаў, падарожных нататак. Лаўрэат прэміі Дацкай акадэміі (1980), літаратурнай прэміі Шведскай акадэміі (1990).

Ісроэл-Ешуэ Зінгер

Ісроэл-Ешуэ Зінгер

Пісьменнік, старэйшы брат нобелеўскага лаўрэата Ісака Башэвіса-Зінгера.

901