№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ежы Шаняўcкі

Мараход (Żeglarz)

П'еса

Пераклад з польскай Ігар Скрыпка


Дзея І


Скульптурная майстэрня. У шкляным эркеры на подыюме — вялікая мадэль помніка. Помнік — прыгожая, стройная, “шляхетная” постаць капітана Нута-марахода. Побач — паруснік, што напалову патануў у марскіх хвалях. На канапе ляжыць Скульптар. Праз акно эркера паглядае на вуліцу смутная мілая дзяўчына, якую завуць Мэд.

СКУЛЬПТАР. Табе сумна, Мэд?

МЭД. Сумна.

СКУЛЬПТАР. Чакаеш...

МЭД. Чакаю.

СКУЛЬПТАР. А было б добра, вельмі добра, калі б ты не сумавала... (можа, чакаў адказу, бо змоўк, але паколькі і дзяўчына маўчыць, гаворыць далей) ...Каб мая сястра не сумавала... (Маўчанне). Як добра, што побач са мной не каханка, а сястра... каханка мяне б мучыла... а я хачу толькі адпачыць, адпачыць пасля...

МЭД. ...Пасля творчых намаганняў... (Сказала гэта, нібы думаючы пра нешта іншае, усё паглядаючы на вуліцу).

СКУЛЬПТАР. Так, “пасля творчых намаганняў”. Добра сказала... Я хацеў сказаць проста “адпачываць пасля працы”... І абяцаю, што буду зараз адпачываць доўга... Можа, месяц, можа, два, а мо нават год... (праз імгненне) А можа, паехаць некуды далёка-далёка... Памятаю, ты любіла гаманіць са мной пра далёкія падарожжы... (Задумаўся).

МЭД. Так... я з табой часта размаўляла пра далёкія краіны...

СКУЛЬПТАР. Ну дык паедзем. (Маўчанне). Мэд, цябе зусім не цікавіць тое, што я кажу, ты думаеш пра нешта іншае.

МЭД. Не... я слухаю, кажы...

СКУЛЬПТАР. Пазіраеш у далячынь і... чакаеш... Мы з рыбацкай сям’і... Гэта ўжо ў крыві ў дочак марскіх рыбакоў — чакаць... Паплыве нехта дарагі ў мора, а яны глядзяць на далёкія ветразі, вывучаюць неба, услухваюцца ў крык чайкі — ці не голас гэта варожы, які буру вястуе. (Праз імгненне). Але ты не бойся, Мэд... Ян неўзабаве вернецца.

МЭД. Ужо даўно павінен быў вярнуцца...

СКУЛЬПТАР. Відаць, мае там нейкія важныя справы.

МЭД. І найважнейшыя можна павырашаць за паўтара году.

СКУЛЬПТАР. Але мілая Мэд... Трэба зразумець, што адно — “найважнейшая справа” для дзяўчыны, іншая — для мяне, скульптара, а іншая — для такога, як ён... Можа, ён там знайшоў, у гэтых далёкіх краях, нейкія старыя папірусы, нейкую мумію альбо нешта яшчэ больш важнае і не можа ад гэтага адарвацца.... Гэта трэба зразумець.

МЭД. Так... магу зразумець, што для яго старая мумія даражэйшая за маладую... нявесту... Але разумець гэта паўтара году — гэта трохі... (амаль праз слёзы) занадта доўга...

СКУЛЬПТАР. Што? Ты ўжо бунтуеш?

МЭД. Не... Чакаю... (прыслухваецца) . Да нас нехта ідзе.

СКУЛЬПТАР. Адкуль ведаеш, што да нас?

МЭД (стаіць нібы ў нейкім прадчуванні). Ведаю... (праз імгненне) Але гэта... гэта яшчэ не... ён...

Званок. Скульптар ляніва ўстае, ідзе адчыніць дзверы. Уваходзіць Рэктар.


РЭКТАР. Вітаю шаноўнага майстра.

СКУЛЬПТАР. Маё шанаванне пану рэктару. Мая сястра.

РЭКТАР. Вельмі прыемна пазнаёміцца з сястрой нашага майстра. Шаноўны майстар! Мы разам з распарадчыкам і адміралам вырашылі сустрэцца ў вас, каб супольна абмеркаваць некалькі справаў. Бачу, я прыйшоў першым.

СКУЛЬПТАР. Прысядзьце, адпачніце, калі ласка.

РЭКТАР. Вялікі дзякуй. Я дазволіў сабе прынесці творцы помніка капітану Нуту сваю новую кнігу... маю сціплую працу пра таго ж капітана Нута.

СКУЛЬПТАР. Гэта не сціплая, а вельмі паважная праца. Глядзі, Мэд.

МЭД. Так, паважная.

СКУЛЬПТАР. Вялікі вам дзякуй.

РЭКТАР. Тут ёсць усё, што я змог сабраць пра капітана. Прытрымліваўся метаду, паводле якога трэба пачаць ад дзяцінства капітана, а скончыць яго смерцю.

МЭД. А хіба можна інакш?

РЭКТАР. Можна, безумоўна, можна. Можна і ад канца да пачатку.

Званок, Скульптар ідзе да дзвярэй.


О, гэта альбо распарадчык, альбо адмірал.

Уваходзяць Распарадчык з Адміралам.


Абодва.

РАСПАРАДЧЫК. Мой паклон майстру. (Прадстаўляе Адмірала) Вельмішаноўны пан адмірал...

Вітаюцца.


СКУЛЬПТАР. Мая сястра.

Вітаюцца.


РАСПАРАДЧЫК. Мой любы майстра, пагамонім пра нашыя справы. Набліжаецца дзень адкрыцця помніка. Праз некалькі тыдняў мы сарвем покрыва з бронзавай постаці капітана Нута...

Тут уздыхнуў Рэктар, паківаў галавой Адмірал.


Адна з гарадскіх плошчаў будзе напраўду ўпрыгожаная... (Паказвае на помнік).

РЭКТАР. Ба... ба...

АДМІРАЛ. Велічна ўпрыгожаная...

РАСПАРАДЧЫК. На мае плечы як распарадчыка камітэта ўскладаецца абавязак дэкараваць плошчы асобамі высокага стану. І гэта нялёгка! Бо трэба спалучыць іерархію з маляўнічасцю груп. Парадак, бяспеку і каб ніхто не быў абражаны — гэта я бяру на сябе. Гэта павінна быць зроблена практычна, прыстойна і эстэтычна. І менавіта з эстэтыкай вы мне дапаможаце.

СКУЛЬПТАР. Э-э, пан распарадчык, трэба ўсю грамаду выпусціць на плошчу — хто першы, той лепшы. Ці ж я ведаю, хто з іх першы, а хто другі...

АДМІРАЛ. Але можа, мне вы не адмовіце ў сваёй эстэтычнай дапамозе. (Адчыняе скрынку). Вось макет марской выставы, якая распачне сваю дзейнасць у сувязі з адкрыццём помніка.

СКУЛЬПТАР. Але цудоўна! Дамкі, брамкі, газоны, глядзі, Мэд!

МЭД. Так, прывабна. Нібы ў крамах забавак.

АДМІРАЛ. На жаль, не ўсе павільёны атрымліваецца запоўніць.

РЭКТАР. Няўжо напраўду, дарагі адмірал, так мала экспанатаў?

АДМІРАЛ. Няшмат. Яшчэ неяк дамо рады з гістарычным аддзелам, з навукова-забаўляльным... Цікавы будзе аддзел марскіх жывёлаў, жывых і чучалаў; аддзел “мараходных легендаў” падаецца нават прыстойным. Але падкажыце, спадарства, чым запоўніць павільён, прысвечаны капітану Нуту? Родны горад капітана, а няма ніякіх экспанатаў, звязаных з ім...

РЭКТАР. Ёсць толькі дом, у якім — праўдападобна — убачыў святло дня капітан-герой. Але дом у павільён не перанесці...

РАСПАРАДЧЫК. Асабліва калі ўлічыць, што яго надбудавалі, і цяпер ён вышэйшы за ўвесь павільён.

СКУЛЬПТАР. Так, было б цяжка.

РЭКТАР. У мяне пытанне: навошта ўвогуле ставіць павільён для экспанатаў, калі гэтых экспанатаў, як той казаў, няма.

АДМІРАЛ. Але мы не можам абысціся без экспанатаў, звязаных з капітанам Нутам. Я нават даў аб’яву. “Шукаю рэчы капітана Нута...”

РАСПАРАДЧЫК. І што? Беcпаспяхова? Ніхто не звярнуўся?

АДМІРАЛ. Паспяхова. Звярнуўся.

РЭКТАР. Хто?

АДМІРАЛ. Адзін сталяр прынёс мне кульгавы столік і сказаў, што гэта столік капітана Нута. Мне падалося, што столік надта спешна прыстараны. Дзюркі, якія выгрызаюць чарвячкі, былі, мне падаецца, пракручаныя свярдзёлкам.

РЭКТАР. Гэта мудры сталяр.

АДМІРАЛ. Не толькі мудры, але і бессаромны. Бо калі я ў яго спытаў, якія ён мае доказы, што гэта столік капітана Нута, ён мяне адказаў: “А якія ў вас ёсць доказы, што гэта не столік капітана Нута?”

РАСПАРАДЧЫК. І што?

АДМІРАЛ. Што было рабіць, узяў столік...

Спампаваць тэкст цалкам можна па спасылцы ніжэй:

Пераклад з польскай – Ігар Скрыпка © 2013

Чытайце таксама

Айн Рэнд

Айн Рэнд

Амерыканская пісьменніца і філосаф, стваральніца філасофскага кірунку "аб'ектывізм"

Дар'я Трайдэн

Дар'я Трайдэн

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Уладзімір Жылка

Уладзімір Жылка

Беларускі паэт, культурны дзеяч, перакладаў паэзію

764