Неяк знік без весткі дазорца маяка Аспінвол, што недалёка ад Панамы. Здарылася гэта сярод буры: верагодней за ўсё небарака падышоў да самага берагу скалістай выспы, на якой стаіць маяк, і яго змыла хваляй. Пэўна, так яно і адбылося, бо назаўтра не знайшлі яго лодкі, што звычайна стаяла ў бухце.
Вызвалілася пасада дазорцы маяка, на якую трэба было найхутчэй знайсці замену, бо маяк мае немалое значэнне як для мясцовага руху, так і для судоў, што ідуць з Нью-Ёрка ў Панаму. У затоцы Маскітаў шмат плыткіх пясчаных месцаў, паміж якіх праплыць цяжка нават удзень, а ўначы і пагатоў, асабліва сярод імглы, якая падымаецца над вадой, нагрэтай промнямі субтрапічнага сонца. Таму адзіным правадніком для шматлікіх судоў было святло маяка.
Клопат па пошуку новага дазорцы зваліўся на плечы консула Злучаных Штатаў у Панаме, а быў гэта немалы клопат, бо замену трэба было знайсці за дванаццаць гадзінаў, да таго ж наступнік мусіў быць сумленным чалавекам, нельга было ўзяць абы-каго, і ўрэшце, наогул бракавала кандыдатаў. Жыццё на вежы даволі цяжкое і зусім не ўсміхаецца разняволеным і закаханым у свабоду жыхарам Поўдня. Дазорца маяка робіцца вязнем. Ніколі, апроч нядзелі, ён не мае права пакінуць сваю скалістую выспу. Лодка з Аспінвола штодзень прывозіць яму прадукты і ваду і тут жа адплывае, а на ўсёй выспачцы плошчай на адзін морг [1] няма больш нікога. Дазорца жыве ў вежы, утрымлівае яе ў парадку; удзень вывешвае рознакаляровыя сцяжкі ў адпаведнасці з паказчыкамі барометра, а ўвечары запальвае святло. Можа, і не было б гэта цяжкою працай, калі б дазорцу, каб запаліць агонь на вяршыні вежы, не даводзілася пераадольваць чатырыста крутых і дужа высокіх прыступак штодзень, а часам і некалькі разоў на дзень. Наогул гэта жыццё сапраўднага мніха ці нават пустэльніка. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што містэр Ісаак Фалконбрыдж меў немалы клопат — адшукаць вартую замену нябожчыку. Лёгка сабе ўявіць яго радасць, калі наступнік неспадзявана знайшоўся ў той самы дзень.
Гэта быў чалавек ужо стары, гадоў семдзесят ці нават болей, але бадзёры, з рухамі і паставай жаўнера. Валасы былі цалкам сівыя, скура загарэлая, як у крэолаў, але, мяркуючы па блакітных вачах, ён паходзіў не з Поўдня. Выраз твару ў яго быў прыгнечаны і смутны, але сумленны. З першага погляду ён спадабаўся Фалконбрыджу. Заставалася яго праэкзаменаваць, вакол чаго і завязалася наступная размова:
— Вы адкуль?
— Я паляк.
— Што рабілі дагэтуль?
— Бадзяўся ў выгнанні.
— Дазорца маяка павінен любіць сядзець на месцы.
— Мне трэба адпачыць.
— Вы служылі? Маеце пасведчанне ганаровай урадавай службы?
Стары дастаў з-за пазухі выцвілы акравак ядвабу, падобны да шматка харугвы, развязаў яго і прамовіў:
— Вось пасведчанні. Гэты крыж я атрымаў ў трыццатым годзе. А гэты гішпанскі, з карлістоўскай вайны. Трэці з французскага легіёну. Чацверты атрымаў у Венгрыі. Потым змагаўся ў Штатах на баку Поўдня, але там не даюць крыжоў — вось толькі папера.
Фалконбрыдж узяў паперу і пачаў чытаць.
— Хм! Скавінскі? Гэта вашае прозвішча? Хм! Дзве харугвы здабытыя ўласнаручна ў штыхавой атацы... Вы былі мужным жаўнерам!
— Патраплю быць і сумленным дазорцам.
— Там трэба штодзень па некалькі разоў падымацца на вежу. У вас здаровыя ногі?
— Прайшоў пехатой паўсвету.
— All right! Ці абазнаны вы ў марской службе?
— Тры гады служыў на кітабойным судне.
— Спрабавалі розныя прафесіі?
— Не зазнаў толькі спакою.
— Чаму?
Стары зварухнуў плячыма.
— Такі лёс...
— Усё ж на дазорцу маяка вы падаяцеся мне застарым.
— Сэр, — раптам узрушана азваўся кандыдат, — я вельмі зняможаны. Шмат, бачыце, перажыў. Гэтага месца я горача прагну. Я стары, мне хочацца спакою! Павінен сабе нарэшце сказаць: тут мусіш асесці, тут твой порт. Эх, сэр! Усё залежыць толькі ад вас! Другі раз такой пасады мне не знайсці. Гэта шчасце, што быў я ў Панаме... Прашу вас... Напрамілы Бог, я як карабель: калі не зайду ў порт, патану... Калі хочаце ашчаслівіць старога чалавека... Клянуся, што буду служыць сумленна, але... досыць гэтага бадзяння...
У блакітных вачах старога была такая гарачая мальба, што Фалконбрыдж, які меў простае добрае сэрца, расчуліўся.
— Well! — сказаў ён. — Я вас бяру. Будзеце дазорцам маяка.
Твар старога асвятліўся невымоўнай радасцю.
— Дзякуй.
— Ці можаце сёння ехаць на вежу?
— Так, вядома.
— Ну тады good bye!.. І яшчэ: за любое парушэнне па службе вы будзеце звольнены.
— All right!
У той самы вечар, калі сонца зайшло за перашыек, а прамяністы дзень змяніўся ноччу, новы дазорца, відавочна, быў ужо на месцы, бо маяк, як заўжды, кідаў на ваду пучкі яскравага святла. Ноч была спакойная, ціхая, напраўду субтрапічная, ахутаная лёгкім туманам, які ствараў каля месяца вялікае вясёлкавае кола з мяккімі, амаль празрыстымі берагамі. Мора крыху хвалявалася, збіралася на прыліў. Скавінскі стаяў на гаўбцы, тутсама, каля агромністых вогнішчаў, падобны знізу да малой чорнай кропачкі. Спрабаваў сабрацца з думкамі і асэнсаваць свой новы стан. Але думкі былі цяжкія і бязладныя. Ён пачуваўся як загнаны звер, які ўрэшце схаваўся ад пагоні на нейкай недаступнай скале ці ў пячоры. Прыйшоў нарэшце час спакою. Пачуццё бяспекі напоўніла нейкай невымоўнай асалодай яго душу. Цяпер ён мог з гэтай скалы кінуць выклік даўняму выгнанню, даўнім няшчасцям і паразам. Ён быў як карабель: бура ламала яго мачту, рвала ветразі і канаты, кідала ад хмар на самае дно мора, біла хвалямі, плявалася пенай — але ён, аднак, даплыў да порта. Вобразы буры ў ягоных думках проціпастаўляліся ціхай будучыні, што чакала яго.
Пра некаторыя свае дзіўныя прыгоды ён расказаў Фалконбрыджу, але не згадаў яшчэ пра тысячы падзеяў. На бяду, як толькі ён разбіваў дзе-небудзь намёт і разводзіў вогнішча, збіраючыся застацца там назаўсёды, нейкі вецер вырываў калкі намёта, развяваў вогнішча, а яго самога нёс на пагібель. Паглядаючы цяпер з гаўбца маяка на іскрыстыя хвалі, ён успамінаў усё, што давялося яму прайсці.
Змагаўся ў чатырох частках свету і на выгнанні паспрабаваў сябе ва ўсіх прафесіях. Сумленны і працавіты, ён не раз разжываўся грашыма і заўжды траціў іх насуперак усякай асцярожнасці і прадбачлівасці. Працаваў на залатых капальнях у Аўстраліі, шукаў дыяменты ў Афрыцы, служыў урадавым стралком ва Усходняй Індыі. Паспрабаваў узбіцца на ўласную гаспадарку ў Каліфорніі — сухмень згубіла пасевы; пачаў гандляваць з дзікімі плямёнамі, што жылі ў бразільскай глыбінцы, — ягоны плыт разбіўся на Амазонцы, а ён, бяззбройны і практычна голы, бадзяўся па лясах некалькі тыдняў, харчаваўся дзікімі пладамі, рызыкуючы загінуць у пашчы дзікага звера. Пабудаваў кавальскі варштат у Арканзасе — ён згарэў у гарадскім пажары. Усплыў недзе ў Скалістых Гарах у рацэ Індыян і цудам быў уратаваны канадскімі жаўнерамі. Служыў матросам на рэйсавым судне, потым гарпуннікам на кітабойным: абодва караблі пацярпелі крушэнне. Меў фабрыку цыгар у Гаване — і быў абкрадзены партнёрам акурат тады, калі ляжаў хворы на жоўтую ліхаманку. Урэшце прыехаў у Аспінвол — і тут мусіць быць канец ягоным няшчасцям. Што яшчэ яго можа дастаць на гэтай выспачцы? Ні вада, ні агонь, ні людзі. Зрэшты, ад людзей Скавінскі зла зазнаў няшмат. Часцей сустракаў добрых, чым благіх.
Часам здавалася, што яго пераследуюць усе чатыры стыхіі. Тыя, хто яго ведаў, казалі, што шчасця не існуе, і гэтым тлумачылі ўсе няўдачы. А ён урэшце пачаў вар’яцець. Верыў, што нейкая таемная помслівая сіла гоніцца за ім паўсюль, па ўсіх марах і акіянах. Ён не любіў пра гэта гаварыць; толькі часам, калі ў яго пыталі, што ж гэта за сіла, таямніча паказваў на Палярную зорку і адказваў, што ўсё гэта адтуль... Няўдачы здараліся так часта, што маглі падкасіць любога. Але Скавінскі меў індзейскую цярплівасць, нязломную сілу волі і высакароднае сэрца.
У Венгрыі яго часта пхалі штыхом, бо не хацеў хапацца за стрэмя, якое было яму паратункам, і крычаць: pardon. Гэтаксама не паддаваўся і няшчасцю. Лез угару ўпарта, як мурашка. Спіхнуты сто разоў, ён падымаўся і спакойна працягваў сваё падарожжа сто першы раз.
Гэта быў сапраўдны дзівак. Стары жаўнер, загартаваны Бог ведае ў якіх агнях і пакутах, біты і куты не раз, меў сэрца дзіцяці. Падчас эпідэміі на Кубе прыехаў туды толькі для таго, каб аддаць дзецям усе свае запасы хініну, не пакінуўшы сабе ані грама.
Было дзіўна яшчэ і тое, што, паспрабаваўшы сябе ў столькіх занятках і паўсюль напаткаўшы няўдачы, ён не траціў веры, што ўсё будзе добра. Узімку ён заўжды ажыўляўся і прадказваў вялікія перамены. Чакаў іх нецярпліва і думкай пра іх жыў цэлы год. Але зімы міналі адна за адной, і Скавінскі дачакаўся толькі таго, што яны пабялілі яму галаву.
Урэшце ён пастарэў, пачаў страчваць сілы. І цярплівасць яго зрабілася пакорай. Даўні спакой змяніўся на схільнасць да сентыментальнасці, і загартаваны жаўнер гатовы быў расчуліцца і пусціць слязу з любой нагоды. Да таго ж, часам яго апаноўвала настальгія, якую магла выклікаць любая акалічнасць: від ластавак, старых птушак, падобных да вераб’ёў, снег на гарах ці пачутая нота, падобная да чутай раней... Урэшце яго захапіла адна толькі думка — пра адпачынак. Яна цалкам завалодала старым і ўвабрала ў сябе ўсе іншыя жаданні і надзеі. Вечны выгнаннік не мог пажадаць нічога лепшага і даражэйшага за ціхі куток, дзе можна адпачыць і сустрэць канец.
Можа, менавіта таму, што нейкае дзівацтва лёсу кідала яго па ўсіх марах і акіянах, ён думаў, што найвялікшае людское шчасце — не бадзяцца ў выгнанні. Папраўдзе гэта даволі сціплае шчасце, аднак ён марыў пра гэта як пра нешта недасяжнае і нават не думаў спадзявацца. Але ж зусім неспадзявана за дванаццаць гадзінаў знайшоў сабе пасаду, найлепшую для сябе з усіх на свеце. І няма нічога дзіўнага ў тым, што ўвечары, запаліўшы святло маяка, адчуў нейкую ніякаватасць, нават сам пытаў у сябе, ці праўда гэта, і баяўся адказаць: так. Але рэчаіснасць красамоўна сведчыла на карысць праўды; гадзіны сплывалі адна за адной, а ён усё стаяў на гаўбцы. Глядзеў, спраўджваў, пераконваўся. Здавалася, ўпершыню ў жыцці ён бачыў мора, бо поўнач адбіла на аспінвольскіх гадзінніках, а ён усё яшчэ не пакідаў сваёй паветранай вяршыні — і глядзеў.
Унізе пад яго нагамі грала мора. Лінза маяка адбівала ў цемру агромністы авал святла, за якім вочы старога губляліся ў чорнай далечыні, таямнічай і страшнай. Далячынь, здавалася, бегла да святла. Доўгія верставыя хвалі выплывалі з цемры і разбіваліся аб падножжа выспы, і паказваліся іх успененыя грэбні, азораныя ружовым святлом маяка. Прыліў мацнеў і заліваў пясчаныя косы. Таямнічая мова акіяну з надыходам поўні рабілася ўсё больш надрыўнай, падобнай то да гуку гармат, то да шуму лясоў, то да далёкіх галасоў людской гаворкі. На хвілю ўсё сціхала. А потым ад вушэй старога адбівалася некалькі вялікіх уздыхаў, потым нейкія рыданні — і зноў грозныя выбухі. Урэшце вецер разагнаў туман, але прынёс чорныя хмары, што засцілі месяц. З захаду дзьмула ўсё мацней. Хвалі ўжо дасягалі стромы выспы, аблізваючы пенай падмурак маяка. Недзе далёка лютавала бура. У цёмнай разбушаванай прасторы бліснула колькі зялёных ліхтароў, падвешаных да карабельных мачтаў. Зялёныя кропачкі то ўздымаліся высока, то падалі ўніз, то завальваліся на адзін ці на другі бок.
Скавінскі спусціўся ў сваю хатку. Бура пачала скавытаць. Там, на дварэ, людзі на караблях змагаліся з ноччу, з цемрай, з хваляй — а ў хаце было спакойна і ціха. Нават водгулле буры слаба адчувалася праз моцныя муры, і толькі размеранае “цік-так” гадзінніка закалыхвала зняможанага старога.
II
Сплывалі гадзіны, дні і тыдні... Матросы сцвярджаюць, што часам, калі мора дужа ўсхваляванае, яно кліча іх сярод ночы і цемры па імені. Калі марская бясконцасць можа так клікаць, то, магчыма, гэтаксама кліча і іншая бясконцасць, яшчэ больш цёмная і таямнічая, і чым больш ты змучаны жыццём, тым мілейшы гэты покліч. Але каб яго пачуць, патрэбная цішыня. Да таго ж старасць любіць адчужэнне, нібыта ў прадчуванні магілы. Маяк стаў для Скавінскага такой напаўмагілай.
Маладыя людзі калі і пагаджаліся на такую службу, то ў хуткім часе сыходзілі. Дазорца маяка — зазвычай чалавек немалады, замкнёны і пануры. Калі ж ён выпадкова пакідае маяк і апынаецца сярод людзей, то ходзіць паміж іх як чалавек, абуджаны ад глыбокага сну. На вежы няма ўсялякіх дробных уражанняў, якія па жыцці вучаць звычайна ўсё прыкладаць да сябе. Усё, з чым сутыкаецца дазорца, вялікае і пазбаўленае пэўных, акрэсленых формаў. Неба — гэта адна сутнасць, вада — іншая, а сярод гэтай бясконцасці — самотная людская душа! Гэта жыццё, у якім думка ёсць хутчэй одумам, ад таго одуму не абуджае дазорцу нічога, нават ягоны занятак. Дзень падобны да дня, як дзве пацеркі ў ружанцы, і толькі змены надвор’я прыносяць хоць нейкую разнастайнасць.
Аднак Скавінскі пачуваўся шчаслівым, як ніколі ў жыцці. Уставаў на досвітку, падмацоўваўся, чысціў лінзы маяка, а потым, седзячы на гаўбцы, углядаўся ў марскую далеч, і вочы яго не маглі насыціцца малюнкамі, што адкрываліся перад ім. Звычайна на агромністым бірузовым тле былі бачныя чародкі надзьмутых ветразяў, якія іскрыліся ў промнях сонца так моцна, што аж вочы мружыліся ад празмернага бляску. Часам караблі, кіруючыся пасатамі, ішлі выцягнутым шэрагам адзін за адным, нібы ланцуг чаек ці альбатросаў. Чырвоныя бочкі, што пазначалі дарогу, калыхаліся на хвалі лёгкім, лагодным рухам; паміж ветразяў штодзень апоўдні з’яўляўся вялікі шэры плюмаж дыму. Гэта параход з Нью-Ёрка вёз пасажыраў і тавары ў Аспінвол, цягнучы за сабой доўгі ўспенены шлейф.
З другога боку гаўбца бачыў Скавінскі як на далоні Аспінвол і яго рухлівы порт, і ў ім лес мачтаў, караблі і лодкі, а крыху далей — белыя дамкі і вежы горада. З вышыні маяка дамкі былі падобныя да гнёздаў чаек, лодкі — да жукоў, а людзі рухаліся як маленькія кропачкі па белым каменным бульварчыку. Зранку лёгкі ўсходні павеў прыносіў няпэўны шум людскога жыцця, што перакрываўся свістам параходаў. Апоўдні надыходзіў час сіесты. Рух у порце сцішаўся, чайкі хаваліся ў шчыліны скалаў, хвалі лянотна запавольваліся, а тым часам у гарадку, на моры і на маяку наступаў час цішыні. Залатыя пяскі, ад якіх адбіваліся хвалі, блішчэлі, як залатыя плямы на водных абшарах, а вежавы слуп цвёрда ўзвышаўся ў блакіце. Струмяні сонечных промняў ліліся з неба на ваду, на пяскі і на скалы.
У такія хвіліны старога агортвала немач, поўная слодычы. Ён адчуваў, што гэты адпачынак створаны менавіта для яго, і яму больш нічога не было патрэбна. Скавінскі наталяўся ўласным шчасцем, але чалавек хутка прызвычайваецца да лепшай долі, і паступова ён пачынаў у яе верыць і разважаў так: калі людзі будуюць дамы для калек, то чаму ж Богу ўрэшце не прыгарнуць свайго калеку? Час ішоў і пераконваў яго ў гэтым. Стары зжыўся з вежай, з маяком, з абрывам, з плыткімі месцамі і з адзінотай. Пазнаёміўся таксама з чайкамі, што гнездаваліся ў скальных шчылінах, а ўвечары ладзілі веча на даху маяка. Скавінскі звычайна кідаў ім рэшткі сваёй вячэры, так што птушкі хутка прызвычаіліся, і потым, калі гэта паўтаралася, то збіралася цэлая плойма белых крылаў, а стары хадзіў сярод птушак, як пастух сярод авечак. У часы адліву ён сыходзіў на нізкія, пясчаныя наносы, на якіх збіраў смачных слімакоў і пекныя ракавінкі з перлінамі, якія хваля пакінула на пяску. Уначы, пры святле месяца і маяка, ён хадзіў па рыбу, якая вадзілася ў залівах.
Урэшце ён палюбіў свае скалы і бяздрэўную выспачку, парослую толькі дробнымі тлустымі раслінкамі, з якіх сачылася ліпкая жывіца. Убоства выспачкі з лішкам кампенсавалася далёкімі краявідамі. Апоўдні, калі паветра рабілася цалкам празрыстым, было відаць усё Міжземнамор’е аж да Ціхага акіяну, пакрытае найбуйнейшай расліннасцю. Скавінскаму часам здавалася, што бачыць ён адзін агромністы сад. Пучкі какосавых пальмаў складаліся ў пышныя букеты тут жа, за дамамі Аспінвола. Далей, паміж Аспінволам і Панамай, быў відаць агромністы лес, над якім шторанку і штовечар навісала чырванаватае воблака выпарэнняў — сапраўдны субтрапічны лес, заліты стаячай вадой, аплецены ліянамі, шумеў сцяной пальмаў, ятрышнікаў, малочных, жалезных і гумовых дрэваў.
Праз свой тэлескоп стары мог разгледзець не толькі дрэвы, не толькі разложыстае лісце бананаў, але нават грамадкі малпаў, вялікіх марабу і чародкі папугаяў, што збіраліся часам як дажджавая хмара над лесам. Скавінскі ведаў зблізку падобныя лясы, калі пасля крушэння на Амазонцы блукаў тыднямі па падобных зялёных скляпеннях і гушчарах. Ведаў, што пад цудоўным, прыцягальным абліччам хаваецца небяспека і смерць. Пасярод ночы чуў блізкі замагільны рык ягуараў, бачыў вялікіх змеяў, што віселі на дрэвах накшталт ліянаў, ведаў пра сонныя лясныя азёры, у якіх вадзіліся скаты і кракадзілы. Ведаў, пад якім ярмом жыве чалавек у тых пушчах, дзе асобныя лісты могуць вытрываць яго дзесяцікротную вагу, дзе водзяцца крыважэрныя маскіты, драўнінныя п’яўкі і атрутныя павукі. Усё сам зазнаў, сам убачыў і сам перацярпеў; тым большай асалодай было глядзець з вышыні на гэтыя лясы, на іх прыгажосць, але быць ахаваным ад іх здрады.
Вежа абараняла яго ад усякага зла. Пакідаў яе ён вельмі рэдка раніцай у нядзелю. Апранаў тады вартавы гранатавы капот са срэбнымі гузікамі, на грудзі вешаў свае крыжы, і яго малочная галава падымалася з нейкай задуменнасцю, калі чуў каля выхаду з касцёла, як крэолы гутарылі паміж сабой: “Прыстойны ў нас дазорца маяка”. — “І не ерэтык, хаця і янкі!” Але адразу пасля імшы вяртаўся ён на выспу, і вяртаўся шчаслівы, бо не давяраў людзям. У нядзелю ён таксама чытаў гішпанскую газету, якую набываў у гарадку, ці нью-ёркскі “Геральд”, пазычаны ў Фалконбрыджа, і сквапна шукаў у іх навіны з Еўропы. Беднае старое сэрца! На гэтым маяку, на другім паўшар’і, білася яшчэ яно для роднага краю... Часам таксама, калі лодка, якая прывозіла яму штодзень прадукты і ваду, прыставала да выспачкі, сыходзіў ён з вежы пагутарыць з вартавым Джонсам. Але потым відавочна здзічэў. Перастаў бываць у горадзе, чытаць газеты і спускацца на палітычныя размовы з Джонсам. Міналі цэлыя тыдні, а ніхто яго не бачыў. Адзіным знакам, што стары яшчэ жывы, было знікненне прадуктаў, пакінутых на беразе, і святло маяка, што запальвалася штовечар з такой рэгулярнасцю, з якой сонца ўстае з вады ў тых краях. Відавочна, стары стаў абыякавы да свету. Прычынай таму не была настальгія, бо нават яна знікла ў поўным адчужэнні. Увесь свет для яго цяпер пачынаўся і заканчваўся на выспе. Ён ужо зжыўся з думкай, што не пакіне вежы да смерці, і папросту забыўся, што ёсць яшчэ нешта па-за ёй.
Лагодныя блакітныя яго вочы зрабіліся як вочы дзіцяці, замілаваныя далеччу. У доўгай адасобленасці, у надзвычай простым і вялікім атачэнні пачаў стары траціць пачуццё ўласнай своеасаблівасці, перастаў існаваць як асоба, а ўсё болей зліваўся з тым, што яго атачала. Ён не асэнсоўваў гэтага, толькі адчуваў, але ўрэшце здалося яму, што неба, вада, яго скала, вежа, залатыя пяскі, выдзьмутыя ветразі, чайкі, прылівы і адлівы — гэта нейкая вялікая еднасць і адзіная агромністая таямнічая душа, і ён сам занураецца ў гэтую таямніцу і адчувае гэтую жывую душу. Патануў, закалыхаўся, забыўся — і ў гэтым абмежаванні ўласнага своеасаблівага быцця, у гэтым напаўжыцці-напаўсне адшукаў спакой, падобны да напаўсмерці.
III
Але настала абуджэнне.
Аднаго разу, калі лодка прывезла ваду і запасы прадуктаў, Скавінскі сышоў з вежы і заўважыў, што, акрамя звыклага набору, ёсць яшчэ адзін пачак. На пакунку былі паштовыя маркі Злучаных Штатаў і выразны адрас “Skawiсski Esq.”, выпісаны на тоўстай парусіне. Стары зацікаўлена разрэзаў пакунак і пабачыў кнігі: узяў адну, перагарнуў, рукі пачалі моцна дрыжаць. Паднёс да вачэй у паняверцы, здалося яму, што сніць — кніжка была польская. Што гэта значыць? Хто мог даслаць яму кнігу? Забыўся, вядома, што яшчэ ў пачатку сваёй працы дазорцам маяка прачытаў у “Геральдзе” пра ўтварэнне Польскага таварыства ў Нью-Ёрку і што неяк даслаў таварыству палову сваёй месячнай пенсіі, якую, зрэшты, не меў куды траціць на вежы. Таварыства на знак падзякі даслала кнігі. Усё гэта было натуральна, але ў першую хвіліну стары не мог гэтага ўсвядоміць. Польскія кнігі ў Аспінволе, на яго вежы, у адзіноце, былі для яго нейкім дзівам, подыхам даўніх часоў, цудам. Яму падалося, як тым матросам сярод ночы, што нешта паклікала яго па імені ўлюбёным, даўно забытым голасам. Праседзеў нейкі час з заплюшчанымі вачыма і быў пэўны, што калі іх расплюшчыць, сон знікне. Не! Раскрыты пакунак ляжаў перад ім, асветлены бляскам вечаровага сонца, а на ім — разгорнутая кніга. Калі стары зноў працягнуў да яе руку, то пачуў у цішыні біццё ўласнага сэрца. Зірнуў: вершы. Зверху тытульнага аркуша быў выпісаны вялікімі літарамі назоў, ніжэй было імя аўтара. Імя Скавінскаму было знаёмае: ведаў, што належыць яно вялікаму паэту, чые вершы ён нават чытаў у трыццатыя гады ў Парыжы. Потым, змагаючыся ў Алжыры і ў Гішпаніі, чуў ад землякоў пра вялікі талент і папулярнасць прарока, але так прызвычаіўся да карабіна, што не браў у рукі кнігі. У сорак дзявятым годзе ён выехаў у Амерыку і ў сваім авантурным жыцці не сустракаў палякаў, а польскіх кніг — і пагатоў. Прагна і ўсхвалявана ён перагарнуў тытульную старонку. Здалося, што на яго самотнай выспе настаў урачысты момант. Было спакойна і ціха. Гадзіннікі Аспінвола прабілі пятую гадзіну. На ясным небе не было ніводнай хмурынкі, некалькі чаек луналі ў блакіце. Акіян быў закалыханы. Хвалі ледзьве паплёсквалі пры беразе, лагодна расплываючыся па пяску. Удалечыні смяяліся белыя дамкі Аспінвола і купкі пальмаў. Напраўду было неяк урачыста, ціха і паважна. Раптам сярод спакою прыроды раздаўся дрыготкі голас старога, што чытаў уголас, нібыта каб лепей зразумець:
Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына!..
Што варта ты, ацэніць той належным чынам,
Хто цябе ўтраціў. Вось красу тваю жывую
Зноў бачу і апісваю, бо скрозь сумую [2]...
Скавінскаму не хапіла голасу. Літары пачалі скакаць уваччу, у грудзях узнялося нешта накшталт хвалі ад сэрца вышэй і вышэй, прыглушаючы голас, сціскаючы горла... Праз момант стары авалодаў сабой і пачаў чытаць далей:
Святая дзева, што бароніш Чанстахову
І ў Вострай браме свеціш, што ўзяла ў ахову
Наш слаўны Навагрудак з добрым верным людам,
Як мне жыццё ў дзяцінстве ты вярнула цудам,
(Калі ў адчаі маці пад тваю апеку
Мяне здала, і мёртвае я ўзняў павека
І зразу змог пайсці к тваіх святынь парогу
За вернутыя сілы даць падзяку Богу),
Так цудам зноў нас вернеш на Айчыны ўлонне.
Хваля пачуццяў захлынула старога. Ён усклікнуў і кінуўся на зямлю, яго малочныя валасы змяшаліся з марскім пяском. Ужо сорак гадоў прабегла, як не бачыў краю, і Бог ведае колькі не чуў роднай мовы, а цяпер тая самая мова сама прыйшла да яго — пераплыла акіян і знайшла яго, самотніка, на другім паўшар’і, такая каханая, такая дарагая, такая прыгожая! У плачы, які страсаў яго, не было болю, толькі раптоўна абуджаная бязмерная любоў, у параўнанні з якой усё астатняе — нішто... Ён папросту выбачаўся гэтым вялікім плачам перад улюбёнай, далёкай зямлёй за тое, што так састарэў, так зжыўся з самотнай скалой, што зацерлася ў ім туга па радзіме. А цяпер “вяртаўся на Айчыны ўлонне” — і сэрца ў яго разрывалася. Хвіліны міналі адна за адной, а ён усё ляжаў. Чайкі праляталі над маяком, пакрыкваючы нібыта ў клопаце за свайго прыяцеля. Надыходзіла гадзіна, калі ён звычайна карміў іх рэшткамі сваёй вячэры, нават колькі з іх зляцелі з вяршыні маяка да яго. Потым іх стала болей, яны пачалі яго злёгку дзяўбці і біць крыламі каля галавы. Шум крылаў абудзіў яго. Выплакаўшыся, ён меў цяпер спакойнае, прасветленае аблічча, а вочы яго былі нібыта натхнёныя. Ён аддаў усю вячэру птушкам, што з гоманам накінуліся на яе, а сам зноў узяў кнігу. Сонца ўжо прайшло над садамі і лесам Панамы і заходзіла за Міжземнамор’е, да другога акіяну, але Атлантыка была яшчэ поўная бляску, а ён чытаў далей:
Тым часам перанось дух сумны мой сягоння
У край лясных узгоркаў і лугоў духмяных,
Шырока над блакітным Нёмнам разасланых...
Змрок ледзь зацёр літары на белай старонцы, змрок кароткі, як імгненне вока. Стары адкінуў галаву на скалу і заплюшчыў вочы. А тым часам “святая дзева, што бароніць Чанстахову” забрала ягоную душу і перанесла туды, “дзе жыта серабрыцца”. На небе яшчэ палымнеў захад, а Скавінскі ў змроку ляцеў да ўлюбёнага краю. Увушшу шумелі сасновыя лясы, цяклі родныя рачулкі. Ён бачыць усё, як было. Усё ў яго запытваецца: “Памятаеш?” Ён памятае! І бачыць: шырокія палі, межы, лукі, лясы і вёскі. Ужо ноч! У гэты час яго маяк ужо асвятляў марскія далі — але цяпер ён у роднай вёсцы. Старая галава спачывае на грудзях і сніць. Малюнкі прабягаюць перад вачыма хутка і бязладна. Ён не бачыць роднага дому, бо знішчыла яго вайна, не бачыць ані бацькі, ані маці, бо яны памерлі, калі ён быў яшчэ дзіцем, а вёска — нібы ўчора яе пакінуў: шэраг хатаў з агеньчыкамі ў вокнах, грэбля, млын, два ставы, што агалошваюцца ўночы хорамі жабаў. Колісь у сваёй вёсцы стаяў на варце, і цяпер мінулае зноў паўстала перад вачыма. Вось і цяпер ён стаіць на варце: здалёк карчма паглядае палымянымі вачыма, і грае, і спявае, і грыміць сярод начной цішыні тупатам, гукамі скрыпкі і басэтлі: “У-га! У-га!” Уланы там выкрасаюць іскры з-пад сваіх падковаў, а яму так нудна аднаму на кані! Гадзіны цягнуцца марудна, урэшце святло гасне; цяпер, як вокам кінуць, імгла: пара ўзнімаецца над лукой і абдымае цэлы свет у цемры белым туманам. Праўдзівы акіян! Але гэта лукі: нядоўга чакаць, пакуль драч азавецца ў цемры ці бугай закрычыць у чароце. Ноч спакойная і халодная, сапраўдная польская ноч. Непадалёк шуміць сасновы бор без ветру... як марская хваля. Хутка світанак усход пабеліць: ужо і пеўні пяюць на плоце. Адзін аднаму перадаюць голас ад хаты да хаты, і жураўлі курлыкаюць недзе высока. Улан бадзёры, здаровы. Нешта там гутарылі пра заўтрашнюю бітву. Гэй! І пойдзе, як усе пойдуць, з крыкам і харугвамі. Маладая кроў грае ў жылах, хаця начны павеў яе і астуджае. Світае, ужо світае! Ноч бляднее: з ценю выходзяць лясы, палі, шэраг хат, млын, таполі. Рыпіць калодзеж, нібы бляшаная харугва на вежы. Якая ж гэта каханая зямля, пекная ў ружовым бляску світанку! Адзіная, адзіная!
Ціха! Дбайны вартавы чуе, што нехта набліжаецца. Напэўна, ідзе змена каравула.
Раптам нейкі голас раздаўся над Скавінскім:
— Гэй, стары, уставайце! Што з вамі?
Стары расплюшчыў вочы і здзіўлена паглядзеў на чалавека, што стаяў перад ім. Рэшткі сну змагаліся ў ім з рэчаіснасцю. Урэшце відзежа паблякла і знікла. Перад ім стаяў Джонс, партовы вартавы.
— Што з вамі? — запытаў Джонс. — Вы захварэлі?
— Не.
— Вы не запалілі маяк. Пойдзеце са службы. Лодка з Сан-Жэрома разбілася аб скалы, на шчасце, ніхто не загінуў, інакш пайшлі б пад суд. Сядайце са мной, астатняе пачуеце ў консульстве.
Стары збляднеў: ён напраўду не запаліў учора маяк.
Праз колькі дзён Скавінскага бачылі на пасадцы ў карабель, што ішоў з Аспінвола ў Нью-Ёрк. Бядак страціў пасаду. Перад ім адкрываліся новыя дарогі выгнання; вецер зноў гнаў лісток па марах і акіянах, зманьваючы імкненнем да волі. За гэтыя дні стары вельмі асунуўся і пахіліўся, але вочы яго гарэлі. У новых дарогах жыцця ён меў на грудзях кнігу, якую час ад часу прыціскаў рукой, нібы баючыся, што і яна згубіцца...
Каментар:
1. Морг — састарэлая адзінка вымярэння плошчы зямлі ў сярэднявечнай Заходняй Еўропе, у прыватнасці ў Рэчы Паспалітай, роўная прыблізна 0,56 га, або плошчы, якую адзін чалавек можа ўзараць з канём ці скасіць за адзін дзень.
2. Тут і далей урыўкі з паэмы “Пан Тадэвуш” цытуюцца ў перакладзе Пятра Бітэля.