№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мэнке Кац

Малітва каменя зрабіцца ветрам

Вершы

Пераклад з ангельскай Таццяна Галідэй

Вяртанне ў вёску Міхалішкі

(Return to the Village of Michalishek)


1.

Калі Вельке-містык, увесь у лахманах і латах, вярнуўся з усіх
тутэйшых пякелішкаў да абсмаленай крушні, што некалі
была вёскай-пяюхай Міхалішкі, ён убачыў, нібы
той Абрам, кінуты ў вогнішча, — ружамі палаюць
уcкрэсіны. Ён продкаў убачыў сваіх, пыхлівых нябогаў.
Яны пратачыліся праз абсмаленыя гады,
іх слёзы перамяшаліся з попелам
Жабрацкай Прысады. З болем выла цішыня
гучней за галодную зграю ваўчыную
па-над месяцовым жахам
лесу. Пер’е ненажэрных
груганоў запаланяла
вецер.

2.

Вельке-містык убачыў Бога, што госцем на небе, як чалавек на зямлі.
Ён убачыў, як памірае Бог з апошнім промнем смяротнага заходу.
Бог, мёртвы жабрак, благае жыцця ад пылу, што
некалі быў яго стварэннямі. О, каб жывы быў Янкель,
даўганосы кравец, ён пашыў бы
святы саян для Бога, але цяпер яму ляжаць зусім
непакрытым з усімі мярцамі ў знікаючым леце,
у аголенай восені. Габрыэль,
вылецеўшы з летуценняў Даніэля,
абняў спачувальнымі крыламі
райскую істоту Бога,
Праенчыў кадзіш над першым і апошнім жыццём
на Зямлі: Бог
мёртвы.

3.

Вельке-містык стаяў, падобны да байкара,
слухаючы буру — тысячакротны праклён
Богу, здзек з агорнутых навальніцаю
нябёсаў, лямант, што разадраў прастору й час, долу
зрынуў анёлаў. Ён чуў, як пярун за перуном
абвяшчалі свой узыход на пасад Гаспадара,
каб уладарыць над спустошанымі
нябёсамі, светам
кожнай блыхі
на зямлі.

4.

Вельке-містык убачыў Месію, што над Бога нябачнай
магілаю прамаўляў на развітаньне з адумерлым уладаром жыцця і смерці: Бог, ты патануў у сваіх грахах.
Калі я, сын Давіда, з’яўлюся — ты ўстанеш,
як і ўсе смяротныя, на адпушчэнне грахоў і чарвяку, і чалавеку,
і скаціне.
Толькі тады ты зможаш сказаць, што святло першага золку —
гэта добра, і што рай, толькі без пекла, — гэта добра,
і зямля без жалобы — гэта добра. Ён
убачыў адыход Месіі, што злажыў
аброк вярнуцца пры канцы
ночы і дня. Разгублены натоўп
паўшых анёлаў, як зблукалае
быдла, прысебрыўся
да танцораў-мядзведзянятаў,
гарэзаў
лесуноў.



Размова пры стале

(A Chat around the Table)

 

1.Да Гáры

(To Harry)


Размова пры стале —
гэта адвечнае падарожжа
з часоў, калі на свеце былі
цягнікамі вятры, хмары —
караблямі, а кіт Ёны — першай падлодкай,
толькі спушчанай на ваду, каб
даць тарпедай па грахах Ніневіі.
О, так праходзім з табою пpаз час і прастору
за кубачкам кавы, мы блізімся да канца
смутку. Я бачу, як вязніца відовішчна ператвараецца
ў замак, дзе мая чароўная каханая будзе марыць пра мяне
тысячу гадоў, пoкуль я не прыйду абудзіць яе пацалункам
і не павяду яе да нашага вострава небывалага свету — да
нашага стала.

2. Вечар

(Evenіng)


Вечар.
Сонца коціцца
пад коламі, як
затаптаны твар
прыдушанага Геркулеса.
Апошнія прамяні — анёлы, аслепленыя
дымам. Ва ўсіх вітрынах распрадаецца збляклае сонца, бы яблык
з Садому. Ноч. З нажамі ў зубах гвалтоўнікі сочаць за кожнай
жанчынай: аголенай нявестай, згвалтаванай на сметнікавай кучы.
Цені іхныя цікуюць па завулках пад спалоханымі зоркамі.
Падазроная рука нагадвае змея, што спакусіў
матухну Еву пад забароненым дрэвам. Смерць на вуліцах: гэта
стрэльба ў выглядзе Бога. Мы ля нашага стала вечныя,
смерць — выдумка далёкіх часоў, але летнія нябёсы майго
дзяцінства заўсёды будуць нагадваць пра блакітнае забойства.
Я навучыўся ад
мудрых ваўкоў абмінаць святло, хавацца ў логаве адзіноты.
Я бачыў, як памерлыя жаўнеры баяцца, што старэйшыя па званні (чысцюткія, як адліхтаванае зло, з вачамі лютымі,
як тыя зацятыя мурашкі) пагоняць іх, мёртвых,
паміраць зноў, калі яны не ўстануць, каб
казырнуць уладару магілаў.
Я бачу дрэва, што выцягнулася ўпоперак
вуліцы, што хіліцца да
д’ябла: скалечаная
памяць
мая.

3. Летуценне

(Daydream)


Мне мроіцца:
Мае ўпартыя
дзяды адважыліся
ўцячы з нябёсаў, каб далучыцца да нашага стала, нашага
асабістага свету цудаў, каб дакрануцца
зноў да захапляльных грахоў
зямлі, каб сказаць нам, як cyмye Бог
на небе сярод святых занудаў.
П’ю за няпрывідных продкаў сваіх
(што жывуць у маім чэрапе, мары, костках),
якія адольвалі волатаў у легендах.
Яны чуюць Нью-Ёрк, які глушыць маркоту,
пануе над абранымі душамі — гладкі ад здаволенасці, узброены
шумам надзьмутай годнасці, святой лускі Раю.

4. Вавілон

(Babel)


Аэра-
план разрывае
сталёвыя нервы
нябёсаў. Я бачу, як Нью-Ёрк
лезе ўверх, насуперак
Божаму гневу: і абрынаецца ўніз Вавілон.
Я бачу будынак Эмпайр Стэйт,
ён ляжыць-адпачывае, як агромністая рэліквія, і
ўспамінае пра народы, а вежы яго
ў краіне аблокаў. Я бачу, як Амерыка мкне да Марсу,
пакідае нас з табою ля нашага стала, нашай найвышэйшай
планеты. Яна ляціць праз траўні й верасьні далёкага
заўтра, слухае вершы, што напісаныя будуць
яшчэ ненароджанымі паэтамі аб нашым былым дваццатым стагоддзі.

5. Каваль мараў

(Dreamsmіth)


О, дзень
далёкі поруч,
і ты ля стала, о,
мараў творца! О, прайсці ад
стагоддзя да стагоддзя,
як з вуліцы на вуліцу, пачуць
першае слова Бога, руку паціснуць з попелу
створанаму Адаму, ён віе вянок з лісця смокваў, што прыкрые голую дзетародную кветку Евы. Потым — далей, у канец
жыцця, махнуўшы на развітанне апошняму чалавеку на зямлі,
апошняму анёлу на небе. Пабачыць, як Бог карчуе
дрэва жыцця, каб зрабіць апошні стол у Раі, каб пагаманіць
з табою і са мною і з вятрамі ўсіх былых і будучых крыўдаў.

6. Сняжынка

(Snowflake)


О, сняжынка, найшчаслівейшае стварэнне Бога!
Яе жыццё, момант бляску трывалейшы за
ўсе мёртвыя планеты. Я бачу, як сняжынкі й херувімы лётаюць
крыло да крыла, і думаю пра крокі закаханых:
Гера й Леандр на беразе, змытыя
хваляй самотнага мора. Давайце
вучыцца ў сняжынкі ўспрымаць смерць як
народзіны — усё ёсць цуд; давайце вучыцца
быць добрымі нават да гною, давайце
жыць, кахаць і паміраць, як
сняжынка, пакідаючы
адно аднаму
пацалунак або
слязу.

7. Аб смутку

(On Grіef)


О наш
стол,
любы сябра, слухаў ён
праз гады нашу гарачую
гаману, падзяляў экстаз
кожнай палкасці; о, калі ён
разваліцца ўшчэнт, яго смерць
засмуціць нас больш за страту
нуднага прэзідэнта, пыхлівага генерала:
кaта ў медалях. Памерлыя ці жывыя — яны
браты па зброі з д'ябламі космасу,
якія акупуюць Месяц, каб вітаць скон на зямлі, зрабіць
вока ваўкалака з кожнае Зоркі, быць заадно з тымі,
хто ўсхваляе памерлых жаўнераў,
штампуючы свае душы ў золаце.

8. Малітва старога стала

(Prayer of an Old Table)


О, Божа бяздушных светаў, я малю цябе
з руінаў старога веку, клышаногі, з хісткай стальніцай. Я
баюся старызніка больш за анёла
смерці. Я прагну, каб піла перацерла мяне ў пілавінне, каб я набіў пілавіннем і жыццём ляльку-каралеву немых дзяцей, або
хай мяне пусцяць па ветры, як
малітву за праклятых, прыгожых
і вырачаных. Бо, асуджаны на
полымя, на пыл, на шчэнт, я
ведаю — вырачаныя будуць
тут да апошняга
захаду сонца
на зямлі.



Лес каля вёскі Заборцы

(Forest of Zaborchі)


Поўнач. Зімовая сцюжа.
Ільдзістыя крышталі аздабляюць
паддашкі, як кветкі марозу.

Мароз выпісвае на
зледзянелых шыбах лёсы
вандроўных бадзяг,

згубленых у лесе
пад Заборцамі. Галодная воўчая
зграя блукае па лесе.

Малыя, пассаўшы цыцкі ваўчыцы,
выццём пранізваюць ночы
дзікага лесу.

Царэўна русалак, пад
зверхнасцю якой спявае хор мораў,
вяртаецца на бацькаўшчыну да

Рэчкі Вяллі
з падарункам з-па-за свайго люстэрка
для маёй цудоўнай каханай

Парагулі, якая прыходзіць
ад змяркання да світання цешыцца
са мной у маіх марах.



Да праўдатворцы

(To a Truthmonger)


Люцейшы за ўсіх
звяроў — голая праўда. Ты
мулу зрабіла з мяне,
ненажэрнага павука,
яка, зебу, змея з’едлівага.

Так, ты сама праўда,
Навостраная, як катаў нож
каля майго горла,
і няма пад рукой авечкі,
каб ахвяраваць за мяне.

Я цар усіх
ілгуноў. Вандруючы праз
мінулыя часы, дабраўся
аж да Бога, я біўся з Адамам,
з Раю ўцёк з голай Евай.

На ранку Ева стала ці то
дзевай, ці то рыбай, зробленай з
падманнага рабра, калі яна пачула:
“Дай гасцінца, бо ашукаю! Тут —
зломца праўды ўсіх праўдаў”.

О лютасэрдая
праўда, я для цябе добранькі
вырадак прынёс марынаваны яблык
для змучанай голадам,
слязьмі зацалаванай нявесты з галоднага краю.

Ці праўда гэта сляпая багіня
з вочкамі, як у бульбы,
якая дакопваецца да хлусні, як да пярліны,
якая захоча, каб маю галаву ссеклі і
ўсадзілі на безгаловага дракона?

Мая апошняя хлусня будзе
люстраным адбіткам
надпісу на маім магільным камні пры
вандроўным сонцы, якое і ўверх, і ўніз, і нікуды, і ўсюды.



Габрэйскі паэт

(A Yіddіsh Poet)


Я габрэйскі паэт, вырачаны трубадур,
каваль мары, высмеяны мужыком
і лямантам гладкага сноба,
як свістам бізуна: жаргон!
Гэтак зганеныя слёзы майго народа — жаргон?

Ідыш, утвораны, як Адам, з пылу чатырох кутоў свету,
непагасная знічка Вечнага Жыда,
смага пустэльняў.
Мая родная мова неапрацаваная, як рана, як смех,
як згаладалы без кахання пацалунак, як
позірк нявольніка — апошні, прагны — на лёткую птушку.
Смакуй слова, выклятае й неміласэрнае, як землятрус.
Слухай слова, стрыманае і збалелае, як сляза.
Падзівіся на слова, яснае і празрыстае, запаленае радасцю, як прамень.
Узыходзь па слове — шурпатым і магутным, як краб.
Гарцуй на слове — свабодным і неўтаймоўным, як бура.

Ідыш,
Голы праклён, кінуты супраць магутнасці бязлітасных ворагаў.
Імглісты світанак пасля бойні ў чорны год.
Суняты вокліч кожных знямелых вуснаў Трэблінкі.
Малітва каменя зрабіцца ветрам.



Нацюрморт двухтысячнага году

(Stіll Lіfe of the Year Two Thousand)


Уяўляю раўніну, на ёй Ісая — скуты ланцугамі прарок.
Атрутавае дзіця бавіцца ў клетцы добранькага васіліска.
Языкі полымя на вятры гартаюць старонкі самотнага малітоўніка.

Скокі вясёлых хімераў.
Бог без прытулку на нябёсах вые ў руінах Масквы.
Самаробныя зоркі — служкі цемры і граху.
Ісуса зноў прыбілі цвікамі да крыжа.

Абваленыя вежы ў скурчаных жалезных долах Манхэтэна.
Брадвей — стары святляк.
Дваццатае стагоддзе — свяжуткая магіла.
Сонца з акрываўленым бэрлам, змерзлае і сляпое.
І я ўсё тая ж іскра ў асляпляльнай легендзе на ймя Нью-Ёрк.



Спазненне на пяць хвілін

(Fіve Mіnutes Late)


Ты познішся, ужо прайшла хвіліна,
Я чакаю ў кавярні
у прадчуванні вялікага цуду.

Праз дзве хвіліны шматлюдная кавярня
здаецца пустою, як пасля навалы,
калі натоўп абдымаў мяне, цёк, як няспынная рака.

Праз тры хвіліны эльфы пагрызлі пазногці на маіх нагах.
Я баюся, ты ніколі не прыйдзеш, можа, ты стрэла
Ікара па дарозе і паляцела да сонца.

Чатыры хвіліны — чатыры лапы вaўкалака,
які выхапіў цябе, як схаваную скарбонку, знянацку.
Што ж засталося ад цябе — хіба што згвалтаваная німфа?

Вежы падвячоркам паўзуць ад мроі да мроі.
Дзверы-круцёлкі вяртаюць Нью-Ёрк
раз-пораз да яго досвітку, да нечапанай прыроды.

Праз пяць хвілін я маю спатканне з палкім жаданнем.
Ты ніколі не жыла й не памірала, мая каханая, але
ты перaязджаеш мяне ўсімі коламі каранаванага горада,
але мяне камянуюць запруджаныя вуліцы Нью-Ёрка.



Праз сто гадоў

(A Hundred Years Hence)


О, праз год гэтак сто, мой сынку,
Сямігадовы кемлівы гарэзнік,
мы будзем усе з радасцю там.

Мы станем часткай усіх цудаў
і чараў, сплеценых павукамі, —
казкай праз год гэтак сто.

Кожнае рэха адгукнецца рэхам:
мы неўміручыя, яшчэ не нарадзіўся ветрык,
каб мусіў знікнуць, каменьчыка няма нежывога.

І ў ручаі ад кінутага каменя
кругамі пойдуць усе сонцы,
якія селі тут за тыя сотні гадоў.

Мы пойдзем да ненароджаных дзетак —
сняжынак некранутых у снах,
мы ўсе будзем з асалодай там.

Нам вецер стане блізкім сваяком.
(Я чую — лісты гамoняць аб нараджэнні, аблятаючы.)
Толькі нейкіх там сто гадоў, мой сынку,
Гэй, смерць радасна знойдзе сваю смерць.

 

пераклад з ангельскайТаццяна Галідэй

Упершыню надрукавана ў Запісах 27 БНІМ

Пераклад з ангельскай – Таццяна Галідэй © 2013

Чытайце таксама

Рудальф Блюмнэр

Рудальф Блюмнэр

Нямецкі паэт-дадаіст, актор. Зняўся ў фільме "Голем" (1915)

Руноскэ Акутагава

Руноскэ Акутагава

Японскі паэт, празаік, эсэіст эпохі Тайсё, класік новай японскай літаратуры

Вольга Такарчук

Вольга Такарчук

Польская пісьменніца, эсэістка, сцэнарыстка, паэтка

Джэймс Мэцью Бары

Джэймс Мэцью Бары

Шатландскі драматург і празаік, найбольш вядомы дзякуючы казцы “Пітэр Пэн”

3065