№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Хмарка

Я б шалела разам з бурай…

Вершы

Старая хатка

Восень… Вецер завывае…

У халоднай цьме-імгле

Хатка туліцца старая,

Бы сумуе па цяпле.

Зімна хатцы сярод поля;

Навакол гусцее змрок…

Хатку горкая нядоля

Пахіліла ўсю на бок.

Дзюрак шмат у кожнай сценцы,

Ў шыбах шкла зусім няма,

Ў хатцы дроў — а ні паленца,

А ўжо блізіцца зіма…

Гаспадар яе пакінуў —

У чужую старану

Ён паехаў і загінуў,

Кінуў матку ў ёй адну.

Доўга матанька чакала,

Ці не вернецца сынок?

Думкі нудныя снавала,

Пазіраючы ў той бок…

Падлічала дні ды ночы,

Слёз без ліку праліла,

Асляпіла свае вочы,

Захварэла ды злягла…

З’ела гора сірацінку,

Ад тугі сышла ў труну…

Непрытульную хацінку

Ў полі кінула адну…

Нудна хатцы ў адзіноце —

З кім размову завясці? —

З кім парадзіцца ў бядноце?

Дзе падкрэпу ёй знайсці?

Стогне вецер, уздыхае…

Навакол гусцее змрок…

Хатка туліцца старая,

Пахіліўшыся на бок.

[1921]

 

 

Зімовы лес

 

Сціхла к ночы ліхая мяцеліца.

Нерухомыя дрэвы стаяць.

Снег пушыстаю коўдраю сцелецца —

Нават крокаў сваіх не чуваць.

 

Ціха ў лесе — птушынымі спевамі

Не абудзіцца сон баравы;

Пад маркотна-маўклівымі дрэвамі

Ты не знойдзеш зялёнай травы.

 

Прамінуліся ночкі вясновыя,

Казка гожая лета прайшла,

Утужлівыя, сумныя, новыя

Восень думкі з сабой прывяла.

 

Спахмурнеўшы пад шэрымі хмарамі,

Уздыхаючы ціха ўва сне,

Лес, спавіты жалобнымі марамі,

Ўспамінаў, сумаваў па вясне.

 

Час сыходзіў. У вопратцы белыя

Апрануўшысь, зіма падышла,

Мары лесу тужліва-нясмелыя

Белым снегам сваім спавіла.

 

Супакоілась к ночы мяцеліца,

Вочкі зоркі мігцяць у гары.

Снег бялюткаю коўдраю сцелецца

Ў нерухомым, маўклівым бары.

 

[1921]

 

 

На могілках

 

Ціхія могілкі, могілкі смутныя,

Вабіце вы маё сэрца бяссільнае:

Кветкі задумныя, дрэвы магутныя,

Неба над гэтым блакітна-прыхільнае.

 

Шэрыя крыжыкі лісцем затканыя,

Белыя помнікі — варта маўклівая;

Жыцця забранага мары схаваныя

Ціха шапоцяць мне казку тужлівую.

 

Ціха ўстаюць прад вачыма маркотнымі

Зданні мінулага з смутнай пакораю,

З песняй жалобнаю, з песняй гаротнаю

Нікнуць у далі чаргою няскораю.

 

Спевы сціхаюць за імі хаўтурныя,

Слёзы ліюцца з вачэй мімавольныя.

Хіляцца ніжай бярэзінкі хмурныя,

Туляцца к могілкам кветкі бяздольныя.

 

Доўга сяджу я, знямогай спавітая,

Сэрца жальбуе ціхутка бяссільнае.

Шчырымі косамі сонца аблітае,

Неба ўсміхаецца роўна-прыхільнае.

1/ХІІ 1921 г.

 

 

Ты ўзбудзіў

 

Ты ўзбудзіў маё сэрца, пясняр малады,

Сваёй песняй аб шчасці, аб волі,

Разагнаў мае думкі жальбы ды нуды,

Мае стогны аб горкай нядолі.

 

Ты душу ўскалыхнуў мне, музыка-дудар,

Ты паклікаў мяне да змагання,

Аджывіў у грудзёх маладых маіх жар,

Запаліў ў маім сэрцы каханне.

 

Ты вярнуў мне вясновыя мары мае

Сваёй дзіўнаю, шчаснаю песняй,

І душа за табою аб шчасці пяе,

Нібы птушка ў палёх на прадвесні.

 

Развярнуў прада мной ты бязмежны абшар,

Асвяціў мае сумныя вочы,

Разагнаў чараду гэтых жудасных хмар,

Што заслалі мне сонцы, бы ў ночы.

 

Ты залезныя краты турмы паламаў,

Растапіў крыгу лёду цяжкую.

Сваёй песняй душу мне да дна ўсхваляваў —

І забыці яе не магу я.

 

Гэту песню я чую на яве, у сне —

І на сэрцы так лёгка, прыемна…

Я складаю ў душы гімн каханню, вясне,

Да цябе лячу думкай таемнай…

 

Дык спявай-жа, спявай, мой пясняр-чарадзей, —

Хай пра долю забуду цяжкую.

Кліч да шчасця мяне, кліч да жыцця грамчэй —

І з табою паўсюды пайду я.

[1923]

 

 

Закутаму

 

Ахвярую братом працоўным, што

дагэтуль пад панскай няволяй

 

Заўжды вер! Толькі веры ў сабе не губляй

Ў перамогу святла над імглою.

Толькі сілы ў душы ты сваёй захавай,

Каб змагацца з нядоляй ліхою…

 

Хай не ласкаў твой кут, на табе многа пут, —

Калі прагнеш ты сонца ды волі,

Калі хочаш ты жыць, дык табе не забыць

Шчасных дзён, перажытых, ніколі.

 

Хай ты зломіш сябе, хай растопіш ў жальбе,

Ў шкадаванні вясновыя сілы…

Зноў надойдзе вясна і пакліча яна

Цябе з жудаснай гэтай магілы.

 

З гэтай цёмнай труны, дзе святляныя сны,

Думкі волі знікаюць нясмела,

Дзе халодная ймгла навакол залягла,

Дзе шчаслівая песня знямела.

 

Заіскрацца яны, тыя думкі вясны,

І памкнецца душа маладая

Вольным спевам пяяць, на прасторы лунаць

Пад чырвонымі сцягамі мая…

 

Не саромся ты іх, гэтых думак жывых,

Не глушы іх у сэрцы ніколі, —

Гэта — жыцця закон, ён знішчае прыгон,

Ён прыводзіць да шчасця, да волі.

 

Вер ў жыццё! — Не бядуй, што васенняя ноч

Закавала цябе ланцугамі.

Сілы ў сэрцы збірай, каб прыгон гэты змоч —

І злучысь, вольны, з вольнымі намі!

14/Х1923 г.

 

 

Каб я мела…

 

Калі б сэрца мела волю,

Кабы жыцце дала долю,

Калі б скрыдлы за плячыма,

Кабы далі прад вачыма,

Я б з пакорай не сядзела —

Ўдаль памкнулася бы смела…

Не хавала б твар у рукі,

Не глушыла б сэрца гукі.

Я б спявала шчасця песні,

Нібы птушка на прадвесні.

Я лунала б па-над морам,

Шапацела б з лесам-борам…

Пеставала б кветкі ў полі,

Шчыра цешачыся з волі.

Я б купалась ў косах сонца,

Я б смяялася бясконца…

А у цёплай летняй ночы —

Цалавала б зорак вочы…

У блакіце я б лунала…

І таго б было мне мала:

Ад знаёмых мне абшараў

Я ўзвілася б ў цемру хмараў,

Пачала бы гульні з імі,

Нібы з сябрамі сваімі…

Закруцілася б з віхурай,

Я б шалела разам з бурай…

А як сціхла б навальніца,

Перасталі б хмары біцца,

Я б, у сябры ўзяўшы зорку,

Пачала бы з ёй гаворку…

Шмат цікавага б пачула,

Покуль ночка б не мінула.

А як ўстала б толькі сонца —

Зноў пяяла бы бясконца…

Так, не ведаючы гора,

Я б лунала у прасторы,

Каб мне жыцце дала долю,

Калі б сэрца мела волю.

14/ІІІ-24


Падрыхтаваў да друку Віктар Жыбуль.

Чытайце таксама

Амбраз Бірс

Амбраз Бірс

Амерыканскі пісьменнік і журналіст, выбітны публіцыст-сатырык свайго часу.

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Хорхе Луіс Борхес

Хорхе Луіс Борхес

Аргентынскі празаік, паэт і публіцыст. У 1920-я гады зрабіўся адным з заснавальнікаў авангардызму ў гішпанамоўнай лацінаамерыканскай паэзіі.

Гай Валерый Катул

Гай Валерый Катул

Старажытнарымскі паэт перыяду позняй рэспублікі, найбольш значны з кола неатэрыкаў, “новых паэтаў”

2590