№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Дзіна Кампана

Дзень неўрастэніка

Вершы з кнігі “Арфічныя песні”

Пераклад з італьянскай Аксана Данільчык

Дзень неўрастэніка (Балонья)

La giornata di un nevrastenico (Bologna)

Снежаньскім полуднем стары горад вучоных і святароў ахуталі туманы. У далечы, над раўнінай, якую скаланалі выбухі шуму, прасвечваліся ўзгоркі. На чыгуначнай лініі побач у падманным промні свінцовага святла выгружалі тавар. Уздоўж акружной дарогі фанабэрыста плылі няясныя жаночыя фігуры, захутаныя ў футры, з рамантычна ўзбітымі валасамі, набліжаліся дробнымі механічнымі крокамі, уздымаючы свае пухнатыя гаржэткі, як птушкі з вясковага двара. Глухія ўдары і свіст з таварнай станцыі разбаўлялі манатоннасць, разлітую ў паветры. Машынная пара змешвалася з туманом, правады звісалі паміж гронкамі ізалятараў тэлеграфных слупоў, што выплывалі адзін за адным.

***

З праломаў чырвоных гарадскіх сценаў, раз’едзеных туманом, маўкліва адкрываюцца доўгія вуліцы. Падступная пара туману слабее між палацамі, накрываючы вяршыні вежаў, доўгія маўклівыя вуліцы, пустыя, як пасля рабавання. Дзяўчаты, малыя і цемнаскурыя, па-майстэрску закручаныя ў шалікі, праходзяць, падскокваючы, вуліцамі, ствараючы адчуванне яшчэ большай пустэчы. І ў жаху туману, на гэтых могілках, яны раптоўна здаюцца мне мноствам дробных жывёлінак, аднолькавых, чорных, якія падскокам ідуць выношваць у доўгай летаргіі свае вядзьмарскія сны.

***

Шматлікія студэнткі пад галерэямі-порцікамі. Адразу бачна, што мы ў культурным цэнтры. Часам паглядаюць з наіўнасцю Афеліі, купкамі па трое, гаворачы вуснамі-кветкамі. Мае каляжанкі, што ідуць на заняткі, утвараюць пад порцікамі бледны цікаўны картэж сучасных грацый! Студэнткі-прыродазнаўцы ўсміхаюцца не пульсуючай у горле палымянай д’анунцыянскай усмешкай, як філалагіні, а рэдкай і стрыманай, намеранай і нацягнутай, з невядомым прагнозам.


***

(Кавярня.) Прайшла Руская. Язва яе вуснаў палала на бледным твары. Прыйшла і прайшла, несучы далей кветку і язву сваіх вуснаў. Вытанчанай хадою, надта простай, надта ўпэўненай яна прайшла. Снег працягваў падаць і з абыякавасцю раставаць у брудзе вуліц. Швачка і адвакат смяюцца і балбочуць. Захутаныя фурманы высоўваюць з каўняроў галовы, як здзіўленыя жывёлы. Сёння кідаецца ў вочы ўся манатонная і брудная шэрасць горада. Усё растае, як снег, у гэтым балоце, і ў глыбіні душы я адчуваю, якое салодкае гэтае знікненне ўсяго, што прымушала нас пакутаваць. Тым больш салодкае, што хутка снег непазбежна ляжа белым покрывам, і тады мы зможам ізноў адпачыць у белых снах.


Перада мною люстэрка, чуецца бой гадзінніка: святло даганяе мяне з-пад порцікаў праз завесу шкла. Я бяру асадку. Пішу. Што — не ведаю, мае пальцы ў крыві, пішу: “каханак у паўзмроку ўпіўся пазногцямі ў твар каханкі, каб знішчыць сваю мару… і г.д.”.


(Зноў на вуліцы.)
Востры сум. Мяне спыняе мой стары школьны сябар, які яшчэ тады выяўляў здольнасці, а цяпер стаў падслепаватым смярдзючым выкладчыкам прыгожага пісьменства: спыняе мяне, спавядаецца з усё больш бруднай усмешкай. Прыходзіць да высновы: ты мог паспрабаваць адправіць што-небудзь у “Аморэ ілюстрата [1]…”


(Вуліца.)
Вось непазбежны рой сіньярынаў-інтэлектуалак, бруяцца пад порцікамі, як аэрапланы, смяюцца і гергечуць, выскаляючыся ў паляванні, здаецца, на ўсіх ворагаў навукі і культуры, якіх расшкуматаюць на прыступках кафедры. Але ўжо час! Іду, каб запэцкацца ў брудзе вуліцы; час, бо тытулаваны асёл караскаецца сюды з цяжарам чорнай упарадкаванай навукі…..............................................

................................................................................................................................................................


На парозе дома я абарочваюся і бачу класічнага вусатага гіганцкага тайнага агента………………………………………………………..


Ах, старыя норавы! Ах, колькі шэльмаў!

***

(Ноч.) Насупраць агню — люстэрка. У яго глыбокай фантасмагорыі мільгаюць голыя нямыя целы: целы млявыя і пераможаныя ў незгасальным і нямым полымі, і — як па-за часам — белыя целы, здзіўленыя і застылыя ў водблісках патухлага коміна: белая, ад майго знясіленага духу аддзялілася маўкліва, аддзялілася Ева, і я прачынаюся.

 

Прагульваюся ў жудаснасці порцікаў. Кропля крывавага святла, пасля змрок, пасля кропля крывавага святла, пяшчота пахаваных. Знікаю ў завулку, але ў змроку пад ліхтарняй бялее прывід з нафарбаванымі вуснамі. О, Шатан, ты, што ставіш начных прастытутак на дно скрыжаванняў, о ты, што з ценю паказваеш агідны труп Афеліі, о, Шатан, злітуйся над маёй працяглай пакутай!     

 

Сірока (Балонья)

Scirocco (Bologna)

Была гэта мелодыя ці нечы подых? Нешта далятала з-за шыбы. Я адчыніў акно: гэта сірока; аблокі, што беглі ўдалечыні пад купалам неба (ці не там было мора?), тоўпіліся ў срэбнай яснасці ў тым месцы, дзе Аўрора пакінула залацісты ўспамін. Горад агаліў магутныя бэлькі на адкрытых пляцоўках галоўных фартыфікацыйных вежаў з пацямнелай цэглы, яшчэ вільготнай ад нядаўняга дажджу: стваралася ўражанне нейкага вялізнага порта, пустога і схаванага, з адкрытымі складамі зерня пасля ранішняга адплыцця караблёў у пошуках прыгодаў: у той час як з гарачымі далёкімі подыхамі сірока, здавалася, яшчэ даляталі знізу залатыя водбліскі сцягоў і караблёў, што перасякалі выгнутую лінію далягляду. Адчувалася чаканне. Над  бруеннем спакойных галасоў у паветры свабодна ўладарылі серабрыстыя галасы дзяцей. Горад адпачываў ад свайго ліхаманкавага запалу. Быў пярэдадзень свята: Вігілія. Я адчуваў, як усё суцішылася: успаміны, надзеі… я таксама пакідаў іх за даляглядам, што выгінаўся недзе ўнізе: і далягляд, мне здавалася, хацеў бы калыхаць іх у стракатых водблісках сваіх аблокаў, якія рухаліся ў бясконцасць. Я быў вольны, быў адзін. Я атрымліваў асалоду ад весялосці сірока, ад яго пяшчотных подыхаў. Я бачыў зімовы туман, які ён гнаў перад сабой: аблокі, што адлюстроўваліся ўнізе ў плямістай брукаванцы, у срэбных адбітках, у імгненным перламутравым святле жаночых твараў, у пераможных вачах, пяшчотных і глыбокіх: я праводзіў вачыма ў перспектыву галерэй няпэўныя стварэнні з меладычнымі плюмажамі, я чуў звонкі крок, які згасаў лёгкімі рытмічнымі ўдарамі: пасля глядзеў на чырвоныя вежы з чорнымі бэлькамі, з адкрытымі пустымі тэрасамі, што ўдзень і ўночы пазіралі ў бясконцасць.

 

Была Вігілія.     

***

Я выйшаў на вуліцу. Вялікая чырвоная галерэя-порцік з цёмнымі ліхтарамі: кнігі, што я чытаў падлеткам, былі выстаўленыя ў адной з вітрынаў разам з эстампамі. У канцы — мармуровае ззянне вялікага сучаснага будынка, выгнутыя сталёвыя сцябліны з белымі шарамі з чатырох бакоў.

 

Маленькая плошча Святога Джавані была пустая: дзверы турмы не аздаблялі прывабныя юныя прасталюдзінкі, якіх я раней там бачыў.

***

Праз пазалочаную плошчу з маленькімі пахавальнямі ў белым шлейфе свайго плюмажа юная фігура — вочы шэрыя, рот акрэслены чырвонымі далікатнымі лініямі — прайшла ў асветленай неахопнасці неба. Бялела ў нябеснай смузе мелодыя яе крокаў. Нешта новае, дзіцячае, глыбокае было ў расчуленым паветры. Чырвоная цэгла, памаладзелая ад дажджу, здавалася, струменіла смутныя прывіды, увасобленыя ў ценях цнатлівага болю, што праходзілі праз яе смутны сон (сумежныя аднолькавыя аркі паступова раставалі ў палях за гарадской брамай між узгоркаў); пасля нейкі вялікі абрыс узнік і праплыў перад вачыма, грандыёзная нахіленая дзявочая галава служанкі рухалася адпаведна рытму маладых крокаў, аздобленая моцнай ружовай сківіцай і час ад часу цьмяным святлом чорнага вока над дужым працавітым плячом, над рукою, набрынялай маладосцю, нямая.

*** 

(Прастадушныя, выкшталцона прычасаныя служанкі мітусіліся з кашамі, поўнымі рознай спажывы, выгульвалі сваю свежую чароўнасць за гарадской брамай. Палеткі навокал былі зусім зялёныя. Вялікія размытыя масы дрэваў сваёй дымкай навісалі над нізкімі ўзгоркамі, іх контур у небе надаваў фантазіі пэўную форму; святло, катрынка, якая спрабавала перадаць сціплую паэзію прасталюдзінаў пад высачэзнай фабрычнай трубой над пусткай сярод расфарбаваных жанчын ля брамаў. Змрочныя гарадскія кварталы ажывалі чырвонымі шчупальцамі: пляцоўкі вежаў з вялізнымі бэлькамі пад купалам неба, апошнія подыхі цёплых далёкіх водбліскаў у велічнай яснасці, асляпляльнай і роўнай, калі праз арку брамы я рушыў у зеляніну, а пушка сваім стрэлам пазначыла поўдзень: вакол мяне адны вераб’і мітусіліся ў кароткіх пералётах вакол возера, нібыта напісанага Леанарда.)


[1] Штотыднёвая газета для жанчын, якая публікавала шмат літаратурных твораў адпаведнай тэматыкі. Выходзіла ў Мілане ў 1897—1928 гг. 

Пераклад з італьянскай – Аксана Данільчык © 2017

Чытайце таксама

Войцех Кучак

Войцех Кучак

Польскі празаік, паэт, сцэнарыст, кінакрытык, спелеолаг

Кейт Шапэн

Кейт Шапэн

Амерыканская пісьменніца

Роберт Энтан Ўілсан

Роберт Энтан Ўілсан

Амерыканскі раманіст, эсэіст, філосаф, псіхолаг, анархіст

Марыя Шцястна

Марыя Шцястна

Нарадзілася ў Валашскім Мэзыржычы, у Астраве вывучала гісторыю мастацтва, цяпер жыве ў Празе і прафесійна займаецца вырабам ювелірных упрыгожанняў

1477