№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ія Ківа

Лісце крычала на ўсе галасы

Вершы

Пераклад з украінскай, з рускай Юля Цімафеева

***

сыне на склад завезлі шмат палатна

колеру другой сусветнай вайны кажуць

моцнай як вера людзей у светлую будучыню

шчыльнай як ілюзіі пра ўсеагульную роўнасць

каштоўнай як жыцці якіх не злічыць

 

нам трэба пашыць вялікі чырвоны сцяг

ім мы накрыем забітых у канцлагерах

задушаных на канспіратыўных кватэрах

самастойна памерлых у мулкіх ложках

паўшых смерцю героя ў свяшчэннай вайне

 

нам трэба пашыць вялікі чырвоны сцяг з чорнаю свастыкай

ім мы накрыем забітых у ярах і равах

пагнаных на прымусовыя працы

самастойна памерлых у мулкіх ложках

паўшых смерцю героя ў свяшчэннай вайне

 

кожнаму сваё як і сказана было

драцяны бог вяшчае з кожнай радыёкропкі

праца робіць свабодным мой хлопчык

мы нясём мір усім людзям

чорнае сонца і ў цемры свеціць

 

 

 

***

калі мы сыходзілі з горада     

лісце крычала на ўсе галасы

вы ж нам не чужыя, застаньцеся

 

калі спілоўвалі дрэвы

нашы дзеці гаварылі напаўголаса

яны ж нам не чужыя, застаньцеся

 

цяпер мае родзічы

жывуць у сталіцы Башкартастана

маюць прозвішча Шаўчэнка

і гавораць па-руску   

 

а дрэвы ідышу навучылі карэнне

зямля іх разбяры

 

 

 

***

ці ёсць у кране ў нас гарачая вайна

ці ёсць у кране ў нас халодная вайна

як гэта няўжо зусім без вайны

абяцалі ж што будзе пасля абеду

на ўласныя вочы бачылі аб’яву

“вайна з’явіцца пасля чатырнаццаці нуль-нуль”

 

і вось ужо тры гадзіны мы без вайны

шэсць гадзін без вайны

а што калі вайны не будзе да вечара

ні папраць без вайны

ні прыгатаваць

чаю пустога без вайны не выпіць

 

і вось ужо восем дзён без вайны

ад нас кепска пахне

жонкі не хочуць класціся з намі ў ложак

дзеці забылі ўсмешкі і наракаюць

чаму мы заўжды думалі што вайна ніколі не скончыцца

 

станем мы станем хадзіць па вайну да суседзяў

на той бок нашага зялёнага парку

баяцца расплюхаць вайну па дарозе

лічыць жыццё без вайны часовымі цяжкасцямі

 

у тутэйшых мясцінах лічыцца ненатуральным

калі вайна не цячэ па трубах

у кожны дом

у кожную глотку

 

 

 

***

я :кажа Марына: чалавек-уцякач

ювенальнае мора сораму вайны папрокаў

што наступае на цела спячага горада

 

я заяц што танчыць на адной ацалелай назе

цыркавы карагодны

 

чуеш як рыпяць маснічыны часу

лапы кінутыя мае

ля самага кораня нязграбна жагнаюцца

 

я :працягвае яна/яно: чалавек-пекла

ноч у маіх вачах прасвідравала зрэнку

 

я стаю на вагах сусвету

і разгойдваю адчужальныя сведчанні

 

акт гвалту так даўна пачаўся

што ў кожнага дзеяння парасць паўстала

 

я :сцвярджае яно: запалёная костачка

ў роце агністага вінаграду

планавая дэфларацыя залоз

 

я не ведаю размоўцу ў твар але ў гэтых пустотах

раней вадзіліся звяры з мноствамі языкоў

і хадзілі пешшу пад зіхатлівым брыдкім каўпаком

 

і вось дзверы травы зачыняюцца

ніц ляцяць стужкі святла

я апынаюся ў жываце бясконцай дарогі  

 

тут пад кожнай мяжой ззяе сталовая ртуць

і па-здрадніцку пахне паленым цукрам дома

і свечкай палае на снезе мой след прастылы  

 

 

***

калі мне было трыццаць тры, урачы казалі

што я ніколі не буду хадзіць без кійка

а сёння я магу прабегчы шэсць кіламетраў

толькі ў гэтым ніякай маёй заслугі

 

я бягу толькі калі жыццё да мяне цёплае

калі сонечныя промні бяруць мяне на рукі

і нясуць як вялізную плюшавую цацку

мяккалапую каалу, яе дзіця

 

(у прыцемках з ільду і туману

боль выціскае цела як сухую анучу

раскатвае як прасавальную дошку)

 

я бягу і бягу  

сцежкамі парку імя ленінскага камсамола

коламі няіснага стадыёна “Лакаматыў”

бягу з дзяўчатамі з Гладкоўкі

(“у нас на Гладкоўцы згвалтавалі кожную другую”)

пакуль сонца не пакідае на маёй скуры брудныя адбіткі

дня у якім бег – адзінае даступнае намаганне

 

я бягу і бягу

пад сонечнымі ўдарамі гэтага часу

калі ўсё, што атрымліваецца, – гэта бегчы і плакаць

запіхваючы паветра ў лёгкія, як стэрыльную вату

размотваючы засвечаную стужку дарогі

 

нібыта танныя кеды з сэканд-хэнда

здольныя затаптаць фізічныя і ментальныя траўмы

закляваць вышытымі на іх пеўнямі

закатаць у асфальт, як казалі ў дзевяностыя

калі я пачала бегаць без супынку

 

дзень, згорнуты ў кулак болю, бяжыць на месцы

галавакружны, як эфект вертыга

мёртвы, як шнары, што прабілі норы нагамі

у жываце маёй жыццёвай прасторы

 

 

***

ты кажаш: вось яблык

я аддаю табе зерне сэрца

 

і хаваеш язык

зусім не гаворыш пра тое

што сусветнае дрэва – з паперы

 

на ім столькі слоў неразумення

што галіны заплакалі высокім дажджом

 

а мы схаваліся ў вавілонскай вежы

і ціша запала ў нашыя студні

нікому яе не дастаць

 

мы ходзім па дне на руках

ходзім удзень надзяваючы вочы

ходзім з латкамі атраманту на ратах

 

б’ём у выпнуты жывот сутоння

як у вайсковы барабан

кожным пагонам нашых пятак

 

нашы сэрцы яшчэ занадта зялёныя

каб прамаўляць моваю бога

  

 

 

***

у нас у жыватах

дзіцячая чыгунка

працуе кругласутачна

 

правадкі аглухлыя

ваенна-кропельную трывогу

імёны бога

бісерныя нашы целы

мы зашываем у брушную сценку плачу

 

агні гэтай маруднай ночы

так цесна гараць

 

мы ватнымі пальцамі

кранаем шум трывожнай вады

што рвецца вонкі

 

слухаем зямлю

што ледзь варочае языком

 

мы ў ноч уцягваем запясці

але загоеныя ўчасткі

праязджаем з заплюшчанымі вачыма

і пасажыры сустрэчных вагонаў

потым расказваюць

што такіх людзей яшчэ ніколі не бачылі

 

добра хопіць

нічога апрача праўды

яны гавораць абсалютна іначай

 

гэтыя вырадкі зноў выводзілі

мёртвых дзяцей на шпацыр

з крыж-накрыж перабітымі ратамі

 

пляваліся бінтамі і крывёю

бруднымі пяткамі білі нам у вокны

не давалі рабіць рамонт бягучых падзей

 

мы штоночы

выносім сябе на падваконне

насустрач запалёным суставам імгненняў

і просім у сонца літасці

 

мы не хочам паказваць швы нашых дзён

нам трэба дахаты

 

яшчэ і яшчэ

 

 

 

***

у мантажных склейках імені патаўшчаюцца

памятныя разрывы голасу

(закадравага і ўнутрывантробнага)

 

лінія жыцця абрываецца на скрыжаваннях

такая будова сацыяльнай трывожнасці

у тэксце гэтага горада без знакаў адрознення

 

мы стаім і падлічваем секунды па святлафорах

гадзіннікі звяраючы з дыханнем мясцовасці

запальваем паходні ружаў на кончыках языкоў

 

спячая ліхаманка тонкімі пальцамі

перабірае валасы дрэваў

якія мы пасадзілі на каранцін

 

а пупышка выйдзе?

а галінка?

 

 

 

***

перакочвае ў роце каменне застылае мора людзей

тую мёртвую мову часу якою мы зробімся

калі нітку жыцця вецер зрэжа як кветку

і ўпляце ў доўгую ноч забыцця

 

мёртвыя кажуць: мы шукалі дом як святло

і не знайшлі і зямля пасадзіла за стол нас

і цяпер мы ямо кожны дзень брудную музыку цішы

цёмныя сполахі згадак перакладаючы з вуснаў у вусны

 

мёртвыя кажуць: усё што мы ведалі стала чужым

нашы вуліцы рушылі ў зямлю следам за намі

і цяпер нам не выйсці з гета гісторыі

бо наша мінулае – мёртвая атрутная вада

 

мёртвыя кажуць: жывыя п’юць надзею з нашых костак

але мы згубілі ў дарозе насенне надзеі

і становяцца ва ўвесь рост у горле рубам і вочы хаваюць

як каменне што цяжка кладзецца жывым пад язык

 

 

 

***

дзе сляпы ўзіраецца ў апошнюю галізну

ходзіць іголка дном сіняй сукенкі

 

вецер многавачысты

зрывае павязкі з відзежаў

перакочваючы горлачкі смагі

ад сумненняў да інсомніі

 

так цёмна ў чэраве знямелых прастораў

але каханая кажа: стану табе кветкаю айвы

стану персікавай костачкай твайму сэрцу

і смерць выпускае слязу ў абдымкі трывогі

і яблыкі выварочваюць плоць бурштыну

 

маўчанне – ніткі ў роце будучыні

Пераклад з украінскай, з рускай – Юля Цімафеева © 2021

Чытайце таксама

Ян Якаб Слаўэрхоф

Ян Якаб Слаўэрхоф

Ян Якаб Слаўэрхоф (зрэдку падпісваўся Джон Равэнсвуд, John Ravenswood) – паэт, празаік, перакладчык, карабельны доктар, адзін з найбуйнейшых пісьменнікаў Нідэрландаў ХХ ст

Жорж Санд

Жорж Санд

Французская пісьменніца

Мігель дэ Сервантэс

Мігель дэ Сервантэс

Пісаць біяграфію сусветна вядомага пісьменніка і салдата Мігеля дэ Сервантэса Сааведры – справа абсалютна няўдзячная: творчасць яго даследаваная ўздоўж і ўпоперак, а жыццёвы шлях апісаны так, што нават бібліяграфія зойме шмат старонак

Гай Валерый Катул

Гай Валерый Катул

Старажытнарымскі паэт перыяду позняй рэспублікі, найбольш значны з кола неатэрыкаў, “новых паэтаў”

831