№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Баляслаў Лесьмян

Мой скон ужо распачаты

Вершы

Віфлеем
(Betlejem)
 
Сон у сне. З веек пыл асыпаецца зорны.
Што ўсе гэтыя бачанні маюць на мэце?
Я іду ўслед за Магамі ў свет ілюзорны,
Не падобны да ўсіх іншасветаў на свеце.
 
Я бягу, толькі б бегчы, адпрэчваю горыч:
Горыч, страх ці трывога нічога не значаць.
Вунь і першыя статкі на пашы, а поруч —
Віфлеемскія вокны, што Бога не бачаць.
 
Што ж, цяпер ці ніколі. Іду да пячоры.
Часу мала, спяшайся, зямная галеча.
А пастух — што там цуды! — храпе ля разоры.
Імем Зоркі прашу: уставай, чалавеча.
 
Дзе падзеліся Магі? — "Гавораць, нібыта
Разам з Магамі золата, ладан і міра
Разляцеліся ў пыл, сталі жменькамі жвіру
Ля карчмы, дзе дарога вядзе да нябыту".
 
Дзе Марыя? — "Пра гэта не знаюць нічога
Ні магіла, ні неба. Адказу не будзе".
Ну а Бог? — "У труне. Нават шэпчуцца людзі,
Што няма й не было тут ніякага Бога".
 
Дзе ж цяпер Магдаліна? — "А тая няўцешна
Узіраецца ў смерць і не чуе цкавання.
То вяртайся назад, ты спазніўся так смешна..."
Ды няма ні нагод, ні прычын для вяртання.
 
пераклад з польскай — Кацярына Маціеўская
 
 
 
Параза
(Klęska)
 
Мне здавалася колісь, што з цемры хаосу
Ў свет я выбег — нябачны і вольны ад лёсу.
 
Што мацнейшы за рэшту відзежаў і зданяў,
Сам сабе сніў я казку свайго існавання,
 
Што павольна, няўлоўна, амаль без ахвоты
Маю прышласць кашмары збіралі ў цянёты
 
І што часу яшчэ мусіць сплысці нямала,
Перш чым знойдзе мяне між палеткаў навала…
 
Толькі ўслухацца мусіў я ў зло, як у споведзь,
Бо змякчыць яго цяжка, лягчэй — абяскровіць.
 
Варажыла мне цемра… Я помню шэпт ценю:
Што да ўдару растане спадзеў на збавенне.
 
Я на помач паклікаў — і як завярцела:
Перш з’явілася рана, пасля — тое цела…
 
Бо між мной і паразай няма і хвіліны:
Не было тых часін, калі я шчэ не гінуў.
 
пераклад з польскай — Ганна Янкута
 
 
 
Год нябыту
(Rok neistnenia)
 
"Наперадзе год нябыту, год жудаснага бясквету,
Нібы матылькі, налета вымруць наўкола дзяўчаты.
Я першай чэзну сваволі, мой скон ужо распачаты —
І ўжо — зірні! — паміраю, і ўжо я чужая свету!
 
Вучыся хацець маю смерць, пажадна лашчыць адсуту,
Пустэчу кусаць, якая мроіцца чырванню вуснаў.
Вер у экстаз маіх ценяў, вер у вачэй каламуту:
Хто сапраўды памірае, толькі і ёсць спакусным".
 
Вучыўся кахаць мярцвячку, пазногцяў сінія перлы
Вуснамі браў асцярожна і долькі павек закрытых,
Ад грудзяў благаў пяшчотаў, як у магіле зарытых,
Яна ж у адказ — нічога, бо надта ж была памерлай.
 
"Ці прагнеш маіх цалункаў, ці грэешся маім жарам?
Ці муляе мо цямрэча, цісне мо неіснаванне?
Дай ведаць, ці адчуваеш, дай смутку майму адхланне:
Трымці ад маіх любошчаў, калі зазнаеш іх зараз!"
 
"Чаму не верыш памерлай? Цудаў я ўжо не баюся,
Здаюся твайму каханню і ў жары тваім згараю,
І прагну тваіх цалункаў — і ўсё марнейшай стаюся,
І прагну тваіх любошчаў — і ўсё мацней паміраю".
 
пераклад з польскай — Марыя Мартысевіч
 
 
 
***
(Puściła po stole swawolący wianek...)
 
"Коціцца вянок мой па стале драўляным:
Той, хто першы зловіць, будзе мне каханым".
 
Ён злавіў — і ўсюды змоўк птушыны пошчак.
"Што ж, адкуль ты родам?" — "Родам я — нябожчык".
 
"Што са мной? Знікаю ў непрагляднай ночы".
"Гэта я — табе я закрываю вочы".
 
"Толькі што была я — больш нідзе не буду".
"Ты нідзе не будзеш, бо цяпер ты ўсюды".
 
пераклад з польскай — Кацярына Маціеўская

Чытайце таксама

Альбэр Камю

Альбэр Камю

Французскі пісьменнік і філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму, “сумленне Захаду”

Джэймс Дуглас Морысан

Джэймс Дуглас Морысан

Амерыканскі паэт, эсэіст, аўтар песняў, вакаліст гурта The Doors

Эрнэст Сава

Эрнэст Сава

Франкамоўны пісьменнік беларускага паходжання

Ян Руар Лейквол

Ян Руар Лейквол

Нарвежскі пісьменнік.

489