№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Паўль Цэлан

Мы чэрпалі цемру да дна

Вершы

Пераклад з нямецкай Юля Цімафеева

Вока часу

(Auge der Zeit)

 

Вось яно, вока часу:

скоса глядзіць

з-пад сяміколернага брыва.

Яго павека агнём абмытае,

яго сляза — гарачая пáра.

 

Сляпая зорка ляціць да яго

і плавіцца на гарачэйшым вейку:

у свеце робіцца цёпла,

і памерлыя

распускаюцца і цвітуць.

 

Мы бачым цябе

(Wir sehen dich)

 

Мы бачым цябе, неба, мы бачым цябе.

Воспіну за воспінай

ты праганяеш,

прышч за прышчом.

Так множыш ты вечнасць.

 

Мы бачым цябе, зямля, мы бачым цябе.

Душу за душою

ты адпускаеш,

цень за ценем.

Так дыхаюць пажары часу.

 

Скажы і ты

(Sprich auch du)

 

Скажы і ты,

скажы як апошні чалавек,

скажы сваё слова.

 

Скажы —

Але не аддзяляй не ад так.

Дай свайму слову сэнс:

дай яму цень.

 

Дай яму ценю даволі,

дай яму столькі,

колькі ты ведаеш наўкол цябе

дзеляць поўнач і поўдзень і поўнач.

 

Азірніся:

глянь, якое жывое ўсё кругом —

У смерці! Жывое!

Той кажа праўду, хто кажа цень.

 

Але звужаецца месца, на якім ты стаіш:

Зараз куды, ценем раздзеты, куды?

Устань. Адчуй вышыню.

Стань танчэйшым, непазнавальнейшым, далікатнейшым.

Далікатнейшым: ніткай,

па якой хоча зорка спусціцца:

каб долу, долу сплываць

і бачыць сваё мігценне: у зыбанні

вандроўных слоў.

 

Tenebrae

(Tenebrae)

 

Блізка мы, Пане,

блізка, рукой падаць.

 

Падаліся ўжо, Пане,

учапіліся адно ў аднога, нібы

цела кожнага з нас было

целам тваім, Пане.

 

Маліся, Пане,

маліся да нас,

мы блізка.

 

Гнутыя ветрам ішлі мы,

ішлі мы кланяцца

кратарам і равам.

 

Да вадапою ішлі мы, Пане.

 

Кроў тое была, тая,

якую праліў ты, Пане.

 

Яна блішчэла.

 

Яна ў вочы нам кінула твой вобраз, Пане.

Вочы і вусны такія раскрытыя і пустыя, Пане.

Мы выпілі, Пане.

Кроў і вобраз той, што быў у крыві.

 

Маліся, Пане.

Мы блізка.

 

Кветка

(Blume)

 

Камень.

Камень у паветры, якому я рухаўся ўслед.

Вока тваё, як камень, сляпое.

 

Мы рукамі

былі,

мы чэрпалі цемру да дна, мы знаходзілі

слова, што блізіла лета:

кветка.

 

Кветка — слова сляпога.

Вока тваё і вока маё:

прыглядваюць

за вадой.

 

Узрастанне.

Сэрца-сцяна за сэрца-сцяной

разгортваюцца.

 

Яшчэ адно падобнае слова, і малаткі

замахаюць на прасторах. 

Пераклад з нямецкай – Юля Цімафеева © 2021

Чытайце таксама

Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт

Польская журналістка

Албэрту Каэйру

Албэрту Каэйру

Непарыўна звязаны з Фэрнанду Пэсоа

Сігб'ёрн Обстфэльдэр

Сігб'ёрн Обстфэльдэр

Нарвежскі празаік, драматург, паэт-мадэрніст.

Вольга Такарчук

Вольга Такарчук

Польская пісьменніца, эсэістка, сцэнарыстка, паэтка

374