№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Артур Сайманз

Ночы ў горадзе

Вершы

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута
“П’янкі геліятроп”
(White Heliotrope)
 
Вар’яцтва, белая пасцель,
Спадніцы ўпалі на кілім,
Закінуты раман, а з ім —
Румяны, шпількі, карамель.
 
Люстэрка высмактала твар
Да найглыбейшых таямніц,
Цяпер яно — адна з крыніц
Тваіх амаль забытых чар.
 
Я ноч не спаў, я ўвесь дрыжу,
Ты ж, паўадзетая ў паўсне,
Глядзіш так дзіўна на мяне,
І сонна я ў адказ гляджу —
 
Так рвецца памяць у галоп
(Баяцца? Бласлаўляць свой крах?),
Калі я зноў адчую пах
Духоў “П’янкі геліятроп”.
 
 
 
Ночы ў горадзе
(City Nights)
 
І. У цягніку
(I. In the Train)
 
Цягнік — праз горад і плыні
Сутоння, што рвуць напалам
Пальцы заблытаных вуліц.
Чырвоны, аранжавы, сіні —
Агні вызіраюць з-за рам,
Іскрыстыя погляды вуліц.
 
Імчыцца цягнік, шум і гам,
Дымок распаўзаецца, стыне,
Спужаўшы насельнікаў вуліц.
Як мог бы, то скочыў бы сам
У ноч — і далей, у пустыню
Сляпучай бясконцасці вуліц!
 
 
 
ІІ. У Тэмпле
(II. In the Temple)
 
Туман, імжы цяжар,
Галіны тонкіх дрэў, што ноч
Трымаюць, а наўзбоч —
Рака, за ліхтаром ліхтар.
 
Як скачуць ліхтары!
Я грукат чуў з усіх бакоў
Вясёлых капытоў —
Імклівы рытм начной пары.
 
Прысады месяцу ў слязах
Вярталі скрушны ўздых.
Ізноў рэфрэн кранае слых
І месяц — у слязах.
 
 
 
Мелодыя
(The Tune)
 
Круціўся ў галаве дурны матыў,
Як ветракі ў нябеснай бездані пустой.
Чаму любоў, што зваў я вечнаю, згубіў,
А памяць, званая кароткаю, са мной?
Жыве любоў? Я чуў бяссоннаю парой
Ў самотным ложку тых мелодый пераліў.
У галаве стары ўспамін, стары матыў,
Як ветракі ў нябеснай бездані пустой.
Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2017

Чытайце таксама

Фрэнсіс Брэт Гарт

Фрэнсіс Брэт Гарт

Амерыканскі празаік, вядомы па творах пра каліфарнійскіх золаташукальнікаў

Ія Ківа

Ія Ківа

Паэтка, перакладчыца, журналістка.

Павал Орсаг Гвездаслаў

Павал Орсаг Гвездаслаў

Славацкі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік славацкай літаратуры

Карла Калодзі

Карла Калодзі

Італьянскі пісьменні і журналіст, аўтар знакамітай гісторыі пра Пінокіё

1310