№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эма Лазарус

Новы Езэкііль

Вершы

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута
Новы калос
(New Colossus)
 
Не бронзавы калос антычных дзён,
Што крокам берагі злучыць гатовы, —
Жанчына над затокай вечаровай
З паходняю, дзе, ўзятая ў палон,
 
Гарыць маланка — і маяк відзён!
О Маці ўцекачоў, ты ганаровы
Салют свой шлеш; дзе мост узняўся новы —
Над гаванню ўладарыць твой закон.
 
“Збірайце скарбы, даўнія дзяржавы! —
Гучыць з вышынь яе бязмоўны кліч. —
А ўсіх, хто прагне волі, прагне славы,
 
Выгнаннікаў, што ваш спазналі біч,
Сюды адпраўце, дзе жывы й ласкавы
Над брамай залатой гарыць мой зніч!”
 
 
 
Праліў Лонг-Айлэнд
(Long Island Sound)
 
Я помню поўдзень у мясцінах гэтых,
У жніўні, калі сонца не бракуе
І вее свежы брыз, а я — цікую
За ветразем, што белы, нібы ветах.
Зіхцяцца хвалі ў бесканечнай гонцы,
Рыбацкія чаўны, на ўсход — заліў
(Яго лясок паўколам атуліў),
Блішчыць трава, і весялее сонца
У строгім небе, і навокал — сінь,
Стракочуць цвыркуны, смяюцца дзеці,
Нябачныя адсюль, шапоча плынь
І воблакаў дзівосныя суквецці
Знікаюць пакрысе, а я — цікую
І прыгажосць прыўлашчваю такую.
 
 
 
Новы Езэкііль
(The New Ezekiel)
 
Ці могуць косткі, ссохлыя здавён,
Ажыць па дваццаці вяках параз?
Ці гэта Дом Ізраілю, чый плён —
Як праспяваны гімн і даўні сказ?
 
Ці гэтыя сляды — усё, што ёсць
Ад святара, прарока, псальмара?
Няўжо ажывіць райскі вецер косць?
Ці рэбрам смерці плоць адзець пара?
 
Калісьці нам прароцтва даў Гасподзь.
Дыхні, павеў, ізноў — што маеш сіл:
Да косці цягне косць, да плоці — плоць,
 Хоць жыць магчыма нават між магіл.
 
Бо Дух — жывы! Паруш жа цішыню:
Дзе леглі косткі — войска, паўставай!
Сказаў Гасподзь: Я труны расчыню
І вас, жывых, у ваш адпраўлю край.
Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2018

Чытайце таксама

Сельма Лагерлёф

Сельма Лагерлёф

Шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры

Павал Орсаг Гвездаслаў

Павал Орсаг Гвездаслаў

Славацкі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік славацкай літаратуры

Кларк Эштан Сміт

Кларк Эштан Сміт

Амерыканскі паэт і празаік, мастак, скульптар. Пісаў апавяданні ў жанры фантастыкі, фэнтэзі і жахаў.

Ян Мілчак

Ян Мілчак

Славацкі аўтар апавяданняў, радыё і тэатральных п'ес, а таксама казак

1116