№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Ўолт Ўітмэн

О Манхэтан!

Вершы

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева
Дай мне дзівоснае ціхае сонца
(Give me the splendid silent sun)

І
Дай мне дзівоснае ціхае сонца ў найзіхатлівым праменні,
Дай мне з саду сакавіты восеньскі плод, спелы й чырвоны,
Дай мне поле, дзе някошаная каласіцца трава,
Дай мне альтанку, дай мне пруты, абвітыя лозамі,
Дай мне новае зерне кукурузы й пшаніцы, дай мне жывёлаў рахманых, што навучаць патолі,
Дай мне ночы такія спакойныя, як на высокіх плато на захад ад Місісіпі, і ў зоры ўглядацца,
Дай мне духмяны на досвітку сад з гожымі кветкамі, дзе магу я хадзіць ціхамірна,
Дай мне ў жонкі жанчыну з салодкім дыханнем, якая ніколі не стоміць мяне,
Дай мне цудоўнае дзіця, дай мне далёкае ад шумаў сусвету простае вясковае жыццё,
Дай мне спяваць дзікія песні з сабою сам-насам, адно для ўласных вушэй,
Дай мне самоту, дай мне Прыроду, дай мне зноў, о Прырода, сваю першародную мудрасць. 
 
Выпрошваю ўсё гэта (стомлены бясконцай мітуснёй, знясілены вайной і варажнечай),
Вымольваю незмаўкальна, і крыкі рвуцца з майго сэрца,
Але просячы, я ўсё роўна гарнуся да свайго горада,
Дзень за днём і год за годам,о горад, гуляць тваімі вулкамі,
Дзе ты палоніш мяне на час і адпускаць не хочаш,
Але насычаеш мяне, узбагачаеш душой, адорваючы паўсюдна людскімі тварамі.
(О я бачу, чаго я хацеў унікнуць, і, аспрэчваючы мае мальбы,
Я бачу, як мая душа топча тое, чаго яна прагла.)
 
ІІ

Трымай сваё дзівоснае ціхае сонца,
Трымай, о Прырода, свае лясы і лясныя зацішкі,
Трымай свае лугі з канюшынай і цімафееўкай, свае пшанічныя палі і сады,
Трымай сваю грэчкавую квецень і гул вераснёўскіх пчолаў над ёю,
Дай мне твары і вуліцы — дай мне бясконцыя чароды зданяў уздоўж тратуараў,
Дай незлічоных паглядаў — дай мне жанчын — дай мне тысячы таварышаў і каханкаў!
Штодня дай мне новых — дай мне з імі за рукі трымацца штодня!
Дай мне відовішчаў — дай мне вуліц Манхэтана!
Дай мне Брадвей з салдатамі на маршы — дай мне голасу трубаў і барабанаў!
(Салдаты пашыхтаваліся ў роты й палкі — адны збіраюцца ў дарогу, румяныя, дзёрзкія,
Другія, чый скончыўся час, вяртаюцца парадзелымі шэрагамі, юныя, але такія старыя, маршыруюць, ні на што не зважаючы.)
Дай мне ўзбярэжжы і прыстані ў чорнай аблямоўцы караблёў!
Вось гэта па мне! О жыццё насычанае, поўнае пад завязку і размаітае!
Жыццё тэатраў, бараў, вялізных гатэляў — па мне!
Кают-кампаніі параходаў па мне! людныя экскурсіі па мне! факельныя шэсці!
Шчыльныя брыгады, гатовыя да вайны, а за імі нагружаныя ваенныя машыны;
Людзі, незлічоныя, рухавыя, з моцнымі галасамі, пачуццямі, святамі,
Вуліцы Манхэтана, што гучна грукочуць, што адбіваюць бой барабанаў, як цяпер,
Несупынны і шумны ансамбль, ляскат і бразгат ружжаў (нават выгляд параненых),
Натоўпы Манхэтана і іх гармідарны ансамбль!
Твары і вочы Манхэтана— заўжды па мне! 
 
Горад караблёў
(City Of Ships)
 
Горад караблёў!
(О чорныя караблі! О лютыя караблі!
О прыгожыя вастраносыя параходы і паруснікі!)
Горад свету (бо ўсе тут народы,
Усе краіны зямлі аддаюць тут сваю даніну)!
Горад мора! горад спешных іскрыстых прыліваў!
Горад, чые радасныя прылівы няспынна імкнуць і адступаюць, згортваючыся і разгортваючыся віхрамі і пенай!
Горад прыстаняў і складоў! горад высокіх фасадаў з мармуру і жалеза!
Горды і палкі горад! жвавы, шалёны, дзівацкі горад!
Уздыміся, о горад! Не дзеля міру толькі, а будзь сабой, да вайны падобны.
Не бойся! не пераймай нічыіх узораў, акрамя ўласных!
Глядзі на мяне, о горад! увасабляй мяне, як я цябе ўвасобіў!
Я нічога з дараванага табою не адрынуў — усіх табою прынятых я прыняў;
Добрае ці благое, я ў цябе не пытаюся — усё люблю — нічога не асуджаю;
Я пяю і хвалю ўсё тваё — але хопіць міру;
У міры я пеў мір, але цяпер я маю барабан вайны;
Вайна, чырвоная, — песняй маёй на тваіх вуліцах, о горад! 
 
Горад оргій
(City Of Orgies)

Горад оргій, алеяў і ўцехаў!
Горад, у якім я жыву і спяваю, у тваёй сарцавіне, каб аднойчы праславіць цябе,
Не твае ўрачыстасці — не твае жывыя карціны, не твае спектаклі — мая адплата;
Не бясконцыя шэрагі тваіх дамоў — не караблі на прыстанях,
Не шэсці на вуліцах, не яркія вітрыны з таварамі напаказ;
Не мае размовы з людзьмі вучонымі, не мой удзел у імпрэзах ці святах;
Не яны — калі ж крочу я, о Манхэтан! твае частыя хуткія сполахі вачэй, што мне прапануюць каханне,
Прапануюць у адказ на маё — вось мая адплата;
Каханкі, нястрымныя каханкі, — адзіная мне адплата.
 
Манахата
(Mannahatta)

Я прасіў пра нешта адметнае і выключнае для майго горада,
І вось жа! узнікла спрадвечнае слова!
 
Цяпер я бачу, што ў імені, у слове, гучным, мудрым, бурлівым, пявучым, самастойным,
Я бачу, што слова майго горада — гэта слова старое,
Таму што я бачу, гэта слова гняздуе ў гняздоўі затокаў цудоўных,
Заможны, уздоўж у густой аблямоўцы паруснікаў і параходаў, востраў
у шаснаццаць міль даўжынёй, на аснове надзейнай,
Незлічоныя людныя вуліцы, высокія будынкі з металу, стромкія, моцныя, светлыя, велічна мкнуць у чысцюткае неба,
Прыліў, які так люблю, хуткі і шчодры на схіле дня,
Імклівыя марскія цячэнні, астраўкі, прылеглыя буйнейшыя выспы, пагоркі і вілы,
Шматлікія мачты, белыя прыбярэжныя параходы, баржы, паромы, чорныя марскія караблі, збудаваныя ўдала,
Вуліцы ў самым цэнтры, дзелавыя канторы маклераў, канторы купцоў і грашовых брокераў, вуліцы-рэкі,
Імігранты ўсё прыбываюць, пятнаццаць ці дваццаць тысяч за тыдзень,
Драбіны развозяць тавары, смелая язда фурманаў, загарэлыя твары маракоў,
У паветры лета, ярка ззяе сонца, плывуць у вышынях аблокі,
Зімовы снег, на санях бомы — на рацэ трэснуў лёд, крыгі ідуць то ўверх, то ўніз, гнаныя прылівамі ці адлівамі,
Гарадскія механікі, майстры, статныя, з прыгожымі тварамі, глядзяць табе проста ў вочы,
Перапоўненыя тратуары, калёсы, Брадвей, вось жанчыны, крамы й тэатры,
Мільённы народ — манеры вольныя і шляхетныя —галасы шчырыя — гасціннасць паўсюль — самая смелая і добрая моладзь,
Горад хуткіх і шумных водаў! горад шпіляў і мачтаў!
Горад у гняздоўі заліваў! мой горад!
Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2017

Чытайце таксама

О. Генры

О. Генры

Амерыканскі пісьменнік, празаік, аўтар папулярных навэлаў, гумарэсак

Ганна Сілівончык

Ганна Сілівончык

Беларуская мастачка

Іван Франко

Іван Франко

Іван Франко, украінскі паэт, празаік, навуковец, публіцыст і рэвалюцыйны дзеяч, нарадзіўся 27 жніўня 1856 году ў Галіцыі ў сям’і селяніна-каваля

Гай Валерый Катул

Гай Валерый Катул

Старажытнарымскі паэт перыяду позняй рэспублікі, найбольш значны з кола неатэрыкаў, “новых паэтаў”

510