№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Алфрэд Эдвард Хаўсмэн

Пакуль не пала вежа

Вершы

Са зборніка "Шропшырскі хлопец"
 
ІІІ
 
Рэкрут
(The Recruit)
 
Пакінь свой родны Ладлаў,
Сяброў, палі і дом.
Пакуль стаіць тут вежа,
Удача — за плячом.
 
Вяртайся ў дзень нядзельны,
Прыходзь у Ладлаў зноў,
Калі імшу адзвоняць
Для сцежак, рэк, млыноў.
 
Вяртайся ў панядзелак,
Калі гудзе кірмаш,
Калі званы спяваюць:
"Герой вярнуўся наш!".
 
Вяртайся з перамогай
Ці свой знайдзі спакой.
Пакуль стаіць тут вежа,
Ты ў памяці людской.
 
І гук ражка на золку
Пачуеш ты між дрэў,
І вораг пашкадуе,
Што ён цябе сустрэў.
 
І да апошняй бітвы
Заснеш у той зямлі,
Каб слёзы над магілай
Твае сябры лілі.
 
Пакінь жа, хлопча, Ладлаў,
Хай сэрца не дрыжыць:
Пакуль не пала вежа —
І памяць будзе жыць.
 
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
 
 
XV
 
Мне ў вочы не глядзі ніколі,
Не месца ў люстры іх мане —
Свой твар палюбіш мімаволі,
Сябе загубіш, як мяне.
Самотнымі начамі мара
Мне засцілае небакрай.
Але табе навошта кара?
У вочы мне не зазірай.
 
Я чуў, што з Грэцыі юнак,
Каханы ад усіх гарчэй,
У стаў лясны зірнуў няўзнак —
І ўжо не змог падняць вачэй.
Між кветак, што цвітуць наўкола,
Над плынямі зіхоткіх рэк
Стаіць у скрусе, позірк долу,
Нарцыс — але не юны грэк.
 
пераклад з ангельскай — Кацярына Маціеўская
 
 
Са зборніка "Яшчэ вершы"
 
Біскайская зямля
(The Land of Biscay)
 
І марак, і сухапутны,
слухай пра маю бяду,
Гледзячы з зямлі Біскайскай
у бяскрайнюю ваду.
 
Гледзячы з зямлі Біскайскай
на ваду і край нябёс,
Каля мыса я туляўся
з той бядой, што даў мне лёс.
Ззяў тады пажарам захад,
ледзянеў усход пусты,
Па слядах заходу сонца
плыў караблік залаты.
Залатыя меў ён мачты,
залатую меў хаду,
Залаты сцяжок глядзеўся
у бяскрайнюю ваду.
 
І сказаў я: “Любы сябра,
мару я аб караблях —
Дык давай на борт узыдзем
і да сонца возьмем шлях.
Ноч за спінаю пакінем,
хмуры горад і народ,
Адшукаем ратаванне,
там, дзе захад і заход”.
 
Ён у гавань уваходзіць,
я ж, падняўшыся на вал,
Разглядаю рулявога:
залаты ў яго штурвал.
Карабель, нябёсы, мора
у адным гараць агні,
І марак, што за штурвалам,
мне крычыць з далечыні,
І ляціць, нібы ад сонца,
крык над залатой вадой:
“Гэй, на беразе Біскайскім,
памажыце мне з бядой!”.
 
Я змаўчаў, яго пачуўшы,
ды глядзеў на далягляд.
Я з зямлі, ён — з акіяна,
мы маўчым, хоць думак шмат.
Я з бядой застаўся ў ночы,
ён жа ўзяў сваю бяду
І адплыў з зямлі Біскайскай
у бяскрайнюю ваду.
 
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
 
 
Са зборніка "Дадатковыя вершы"
 
XVII
 
Мой лёс не найгоршы, што ёсць на зямлі,
Мне зоры шчаслівую долю далі,
Ды ператвараюць жыццё маё ў жах
Мазгі ў галаве і пачуцці ў грудзях.
 
Дарэмна малю я пра лёгкасць, бядак,
Хоць большасць яе атрымала за так
І з тым падарункам шчасліва жыве —
Каменні ў грудзях, трыбуха ў галаве.
 
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
 
 
З жартоўных вершаў
 
Урывак з грэцкай трагедыі
(Fragment of a Greek Tragedy)
 
Хор:
О, найдарэчнаскуранаабутая
Вандроўцы голаў! Скуль каго шукаючы
Нашто якой дарогай да чаго прыйшла
Ты ў кут наш, салаўінейшы за іншыя?
У тым, каб даў адказ ты, — мэта роспытаў.
Але калі глухі й нямы выпадкам ты,
І з гэтых слоў не зразумеў ніводнага —
Махні рукою, каб аб тым паведаміць.
 
Алкмеон:
Я Беатыйскім шляхам прывандроўнічаў.
 
Хор:
Вярхамі плыў ці неслі вёслы стоп цябе?
 
Алкмеон:
Судружнасць ног маіх імкліва рухаў я.
 
Хор:
Пад Зеўсам зіхатлівым ці нахмураным?
 
Алкмеон:
Не бруд сандалі здобіць, а сястра яго.
 
Хор:
Не будзе крыўдна мне пачуць імя тваё.
 
Алкмеон:
Жаданае здабыць не ўсім прызначана.
 
Хор:
Тады скажы: у што пацэліў прыйсцем тым?
 
Алкмеон:
Спытаны пастухоў язык прамовіў, што…
 
Хор:
Кажы! Пакуль не скажаш, не дазнаюся!
 
Алкмеон:
Ды не скажу, пакуль перабіваеш ты.
 
Хор:
Працягвай, вусны я замкну маўклівыя.
 
Алкмеон:
…што гэта — Эрыфілы дом, ніяк інакш.
 
Хор:
Не ганьбіў горла ён хлуснёй ганебнаю.
 
Алкмеон:
А ці магу праз дзверы я ўвайсці туды?
 
Хор:
Ідзі, спяшайся ў дом нагою шчаснаю,
І, сыне мой, з аднога боку, добрым будзь,
І, з іншага пры гэтым боку, злым не будзь,
Бо так нашмат разважней, чым па-іншаму.
 
Алкмеон:
Памкнуся ў гэты дом стапамі й хуткасцю.
 
 
Хор:
 
<Страфа>
 
    Шукаць імёны
Для дрэнна ператраўленых разваг
    Нялёгка мне было,
    Але праз доўгі час
Выснову я зрабіў такую вось:
   НАШ ЛЁС — НЯПЭЎНЫ.
   Я гэты мудры закон
   У свой разважны жывот,
   Без воску запісаў,
І не стылом выводзіў словы там
З прычынаў многіх: НАШ, кажу я, ЛЁС
   НЕ ЎВЕСЬ УНІК НЯПЭЎНАСЦІ
І не з палёту птахаў-вешчуноў
   Я вывеў тую мудрасць,
І не трыножнік Дэльфаў так сказаў,
   І не Дадона,
А чэравам праніклівым сваім
   Я здолеў гэта сам.
 
 
<Антыстрафа>
 
   Нашто мне згадваць,
Як Зеўс кахаў Інахаву дачку?
   Багі, у кім шчодрасць ёсць,
   А літасці няма,
Далі ёй рогі, капыты і хвост,
   Дарунак прыкры,
   І ў дальні паслалі край,
   Прымусіўшы спасцігаць
   Жаванне дзікіх траў,
І доўга праз Аргіўскія палі
Яна блукала й ела крапіву
   З ахвотаю вялікаю.
І ўсё ж, хаця наедны гэты корм,
   А я яго не прагну.
Кіпрыда тронам хай не абярэ
   Маю пячонку.
Пры чым Іо наогул тут? Нашто?
   А каб жа ж сам я знаў.
 
 
<Эпод>
 
   Вось песню ўжо завяло
   Прарочае сэрца маё —
   Не ў танец песня заве.
   А вось паказаўся палац
   І праваму воку майму,
   І леваму воку не менш,
   Як бойня, можна сказаць,
   Дзе смерцяў калматых шмат
   І караблекрушэнняў кароў.
І вось кісійскі лямант я вяду,
   І з гучным стукам,
Які тканіну рве мне на грудзях,
   Гучыць у згодзе
Біццё маёй нядольнай галавы.
 
 
Эрыфіла (у доме):
Ах, сківіца сякеры крышыць голаў мне,
Прытым не словам крышыць, але справаю.
 
Хор:
Я з дому голас чую. Не падобны ён
Да крыку тых, якія скачуць радасна.
 
Эрыфіла:
Ён чэрап мой прабіў не на сяброўскі лад.
І зноў: да смерці хоча ён забіць мяне.
 
Хор:
Паспешліва судзіць я не люблю, але ж
Не ўсе, скажу я, ў гэтым доме шчасныя.
 
Эрыфіла:
Ах! Ах! Вось новы ўдар! Ужо іх тры цяпер!
У сэрца ўдарыў ён, хоць не прасіла я.
 
Хор:
Здароўем, калі так, цяпер слабая ты,
Затое арыфметыкай бясхібная.
 
пераклад з ангельскай — Антон Францішак Брыль

Чытайце таксама

Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт

Польская журналістка

Албэрту Каэйру

Албэрту Каэйру

Непарыўна звязаны з Фэрнанду Пэсоа

Сігб'ёрн Обстфэльдэр

Сігб'ёрн Обстфэльдэр

Нарвежскі празаік, драматург, паэт-мадэрніст.

Вольга Такарчук

Вольга Такарчук

Польская пісьменніца, эсэістка, сцэнарыстка, паэтка

1641