№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Джон Глендэй

Святасць блюзнерства

Вершы

Пераклад з ангельскай Андрэй Вылінскі
Кніга роду
(Genesis)
 
Аб’яднаная матэрыялісцкая царква вызнае,
што кожнае імгненне Бог знішчае сусвет,
адно каб уміг аднавіць, змененым і бяспамятным.
 
Усё, ад нашай бясформеннасці спачатку
да апошняга сполаху святла, сведчыць
пра гэты бясконцы доказ Яго любові.
 
Іх Біблія складаецца толькі з адной кнігі,
прадказальна названай "Кніга роду".
Там гаворыцца пра дзіўны куст, што згарае
 
у жахлівым улонні цішы, і пра страчаны сад,
дзе няма ані яблыкаў, ані змея,
дзе аголеныя з нявіннымі чакаюць і спадзяюцца.
 
 
 
Казка
(A Fairy Tale)
 
Яна жыла доўга і шчасліва,
вальсуючы па ўяўных залах у абдымках
прыгожага маладога прынца. Аднойчы яны
цалуюцца ўпершыню, ён забірае прызнанне ў каханні
 
і абарочваецца раптам нікчэмнай параненай пачварай,
што навісае над ёй, абрастаючы тоўстай шкурай.
Яе калоціць ад ягонага жоўтага подыху і дзікіх белых вачэй.
Кожную ноч у сваім асобным ложку яна чуе далёкае рэха
 
неверагодных шаленстваў, якія ператвараюць іх замак
у руіны цёмных пакояў з праклятым заснулым сэрцам.
Урэшце яна разумее яго дастаткова блага, каб спужацца
і вярнуцца пад раскіданым ваўчыным канвоем у абдымкі хворага бацькі,
 
які вітае яе журботным "бывай". Яны жывуць
з той пары на дыеце з простай аўсянкі і няпэўных жаданняў.
Калі мінакі пытаюць яе пра жыццё, яна вальсуе з кошыкам
бялізны ля сэрца з задуменнай усмешкай: "Жылі сабе..."
 
 
Бляшанка
(Tin)

                                                 (адкрывалку для кансерваў вынайшлі
                                                  праз 48 гадоў пасля бляшанкі)
 
Калі ты папрасіла напісаць верш пра каханне,
(яшчэ адзін верш пра каханне), я адразу ж
падумаў пра першыя крокі
 
кансервавай прамысловасці —
усе тыя назвы, дзіўна знаёмыя з дзяцінства:
Del Monte, Green Giant, Fray Bentos, Heinz.
 
Я падумаў пра Франкліна і яго атручаную каманду,
іх ціхі дрэйф на паўночны захад праз поўнач
да ўласных магіл, выдзеўбаных у сланцы,
 
і падумаў пра першую бляшанку з персікамі,
якая ззяла на пыльнай паліцы ў каморы,
нібы яшчэ не адкрыты радый —
 
самую першую бляшанку з персікамі
у свеце, да якой паўстагоддзя
цягнуліся мае пальцы.
 
 
 
Каўчэг
(Ark)
 
Няўжо мы напраўду паверылі,
нібы наша любоў зможа выжыць
на чоўне, нечым такім для нас
збудаваным з гнілога кедра,
прасмоленым, пакрытым саломай,
не маючы побач нікога, апроч нас саміх, —
ні крумкача, які б узлятаў у дождж,
ні голуба, які б вярнуўся з галінкай?
 
 
 
Пейзаж з чалавекам у паветры
(Landscape with Flying Man)
 
Я чытаў, што яму далі крылы.
Бацька прыладзіў іх, каб перанесці яго прэч.
 
Яны трымалі яго паўдарогі дамоў, а пасля ён упаў.
І ўпаў ён не таму, што ляцеў,
 
а таму што так палюбіў лётаць. Разумееш,
не гонар, не гравітацыя, а любоў
 
цягне нас уніз да гэтага свету.
Любоў забяспечвае нас крыламі, і потым яна ж
 
будзе сачыць, як мы тонем.
Душа здзяйсняе шмат пералётаў, сэрца — толькі адзін.
 
 
 
Незнаёмец
(Stranger)
 
Сёння я — новы чалавек,
незнаёмец у горадзе, які мне надакучыў.
 
Як проста ператварыцца ў здань —
адно толькі слова, адзін жэст, і мы слізгаем
 
праз вычварнае вязьмо чужых жыццяў
гэтак жа лёгка, як вада праз камень.
 
Толькі сёння, калі б я сустрэў сябе на вуліцы,
я б нават не павітаўся і не прыўзняў бы капелюша.
 
 
 
Вітрувіянскі чалавек
(Vitruvian Man)
 
Аднойчы я паспрабаваў
правесці контуры душы,
але ўсё, што я змог накрэсліць, —
 
дрыготкае блакітнае сонца,
раздзьмутая хмарка з коміксаў,
нуль вышынёй з мяне,
 
і гэта адразу нагадала мне
круг, які ён апісаў аднойчы
узмахам сепіевых рук,
 
калі выцягнуў іх за межы
нерата ўласнага цела,
схапіўшы аберуч пустэчу.
 
 
 
Чалавек, якога любілі пацукі
(The Man Rats Loved)
 
Гэта нават сапраўднай мелодыяй не было:
проста некалькі рэзкіх гукаў, якія ты выціснуў для суцехі,
 
пакуль важна крочыў скрозь маё дзяцінства
(але ж які горад убогі), апрануты напалову як маці,
 
напалову як бацька, і ніводная з паловаў не сядзела як след.
Я табе не паверыў, але ўсё роўна пайшоў, надта
 
прагнучы выпрабаваць уласны лёс, куды б ты ні павёў:
няхай сабе ў пячору ці ў штораз гучнейшую раку.
 
 
 
Складаны колер
(A Difficult Colour)
 
Уяві яго так:
падарожжа па моры. Ты выцягнуў
 
човен на гальку на ноч.
Вада злёгку мігціць.
 
Нехта ўказвае ў морак. Воддаль
на пагорку паляць фальваркі.
 
Зноў пачынаецца дождж, але ціха,
каб не парушыць святасць блюзнерства.
 
Ты стаіш і глядзіш, як дрыжаць
на вадзе блікі.
 
Ён — такі.
 
 
 
А цяпер чытай
(Now Read On)
 
чытай ніколі
нікім не запісанае,
 
шчырую хлусню,
нахабную праўду,
 
усе цішы, сабраныя
у кроплі атраманту,
 
што пазначае мяжу
паміж гэтым сказам
 
і тваім жыццём.

Copyright © John Glenday 1995-2009

Перaклaды зробленыя пaводле John Glenday. Grain. Picador, 2009, a тaксaмa aсaбістaгa сaйтa aўтaрa.

Пераклады вершаў Genesis, A Fairy Tale, Tin, Ark, Landscape with Flying Man, Stranger, Vitruvian Man, The Man Rats Loved публікуюцца з ласкавага дазволу Pan Macmillan, aтрымaнaгa пры дапамозе PLSclear.
 
Пераклад з ангельскай – Андрэй Вылінскі © 2017

Чытайце таксама

Генрых фон Кляйст

Генрых фон Кляйст

Нямецкі драматург, паэт і празаік

Мікалай Гогаль

Мікалай Гогаль

Рускі празаік, драматург, паэт, крытык, публіцыст украінскага паходжання

Крысціян Маргенштэрн

Крысціян Маргенштэрн

Нямецкі паэт, празаік і перакладчык, класік нямецкай літаратуры

Фёдар Свароўскі

Фёдар Свароўскі

Расійскі паэт і журналіст

112