№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Цыпрыян Каміль Норвід

У нататніку (W pamiętniku)

Верш

Пераклад з польскай Андрэй Хадановіч

Вершы былі ўпершыню надрукаваныя ў зборніку “Над попелам паразы – перамога”, які выйшаў да 200-гадовага юбілею паэта ў выдавецтве Змітра Коласа ў 2021 годзе.

 

1

Апроч кабет, каторым мандрагора

Парастрапала думкі, як валоссе, –

Дарогай Дантэ, шляхам Піфагора

І я прайшоў праз Лімбы – давялося!

 

2

Я напісаць бы мог дзесяцітомнік,

Пужаць жывых у суцяшэнне мёртвым,

Ды лепш на воды! Выдыхся паломнік –

Не везці ж гэта  п е к л а  на курорт вам!

 

3

Лепш паляваць на поспех колькі ўлезе,

Глядзець на свет у роспачы і шале:

В я к о ў  пражытых – як грыбоў у лесе,

А згадкі ўсё з усім перамяшалі.

 

4

Быць т а м  і  т у т,  ц я п е р,  р а н е й  і  п о т ы м,

І ўсё, што нешта значыць, перайначыць,

Каб не круціцца вечным калаўротам, –

Ды ўбачанага Пекла не разбачыць!..

 

5

Ці сустракаўся там з душою братняй?

Ці бачыўся з людзьмі? Скажы, з якімі?

Ні душаў, ні людзей у той вар’ятні,

А толькі  г у л ь н і  з душамі людскімі.

 

6

Няма пачуццяў, толькі іх спружыны

Ў напружаннні ўзаемнага іспыту,

Нібыта неўжываныя машыны

Працуюць ад энэргіі нябыту.

 

7

Бязмэтная іржавая руціна,

Час – мёртвы і прастора – нежывая,

І толькі за гадзінай б’е гадзіна,

Нібы цвікі тупыя забівае.

 

8

Замёршы ў неакрэсленым бясчассі,

Ды шпорай лёсу гнаныя ўсеўладнай:

Якая? дзе? падзея адбылася, –

Не могуць лічбай вызначыць дакладнай!

 

9

У тытанічным з вечнасцю змаганні

Стагоддзе? – ці хвіліна йдзе зямная, –

Кружляючы ў сумненні і ваганні,

Праходзіць, але цалкам не мінае…

 

10

Адначасова лічым і не лічым,

Як быццам пульс Іроніі бясконцы,

Хаду гадзін з аднолькавым абліччам,

Што б’юць – адна адну – у вечнай гонцы!

 

11

А той спружынны механізм Нічога –

Трагедыя без словаў і актора:

Як шмат нуды і роспачы як многа,

Бы ў музыцы, што не знаходзіць хору!

 

12

І люты гнеў вантробы скалане вам,

Нібы хвароба мучыць вас марская, –

Ч а м у?  н а в о ш т а  ванітуеш гневам? –

Не ведаеш, ды гнеў не адпускае.

 

13

Вось тут і пачынаецца  д а з н а н н е –

Выпрабаванне ўсёй тваёй істоты:

Усе адказы маеш, без пытання,

Усё, як на далоні, – х т о  і  ш т о  ты!

 

14

Пабачыш, як спадае, нежывое,

Усё, што ад традыцый, часу, моды;

Дзе ў прозвішча хаваўся радавое?

А што ў табе – тваім было заўсёды?

 

15

Пакуль гарыш смалістаю паходняй,

І яскаркі лятуць у чорнай стыні;

Ці паляціш, успыхнуўшы, с в а б о д н е й –

Ці ўсё, што  м а е ш, згасне і загіне?

 

16

Ці дагарыш на ветры, як зала і

Як попел? – ці са дна цябе самога

Нябесным дыяментам запалае

Над попелам паразы – перамога!..

 

17

Ды расказаць каму – з якой нагоды?

Што быў там, што глядзеў у вочы прорвам?

Стаміўся ваш паломнік! Лепш  н а  в о д ы –

Не везці ж гэта пекла на курорт вам!

 

18

Скакаць бы прэч ад гэтага вар’яцтва,

З адным табе адданым ягамосцем,

Што чхаў на ўсю гісторыю мастацтва,

Маўчыць, як  м а н у м е н т, бо ўласна  ё с ц ь  ім.

 

19

Каб выйсці на дарогу без падзелу

На там і тут, на  ш т о  б ы л о  і  п о т ы м,

Дзе толькі рух – м я ж а  душы і целу,

А небасхіл – за першым паваротам!

Пераклад з польскай – Андрэй Хадановіч © 2021

Чытайце таксама

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

Тадэвуш Ружэвіч

Тадэвуш Ружэвіч

Польскі паэт, празаік, драматург і перакладчык.

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Нямецкі пісьменнік-рамантык, кампазітар, дырыжор, мастак, музычны крытык, юрыст

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Многімі лічыцца першым афрыканскім паэтам-мадэрністам

606