№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Ўільям Батлер Ейтс

Возера Інісфры

Вершы

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута, Антон Францішак Брыль
Скрадзенае дзіця
(The Stolen Child)
 
Дзе гушчары са схонаў
Спускаюцца да вод
І вадашчураў сонных
Пужае чаплін лёт
У цішы ды глушы,
Там схавалі мы кашы —
У іх аж лішне
Крадзеных чырвоных вішняў.
То хадзем, дзіця людзей!
У чароўны край хадзем,
У таемны свет лясны,
Бо жыццё людcкое — слёзы, а нашто табе яны?
 
Дзе зіхценне поўні плынню
Ліецца на пяскі,
У стоенай мясціне
Пляцём мы зухаўскі
Даўні танец, поўны дзіваў,
Хітрых позіркаў ды ківаў,
Лёгкіх дотыкаў рукі —
Ляцім праз цёмны дол,
Рой вясёлы ды бязмоўны,
А сусвет, нягодаў поўны,
Неспакойна спіць наўкол.
То хадзем, дзіця людзей!
У чароўны край хадзем,
У таемны свет лясны,
Бо жыццё людское — слёзы, а нашто табе яны?
 
Дзе на схілах ля Глен-Кару
Не змаўкае звон вады,
Мы шапочам словы чараў,
Падабраўшыся туды,
Дзе дрэмлюць зоркі між чароту —
Сонным стронгам шал дзівачы
У мроі мы ліём,
І кратаем употай
Папараць, і тая плача
Над юным ручаём.
То хадзем, дзіця людзей!
У чароўны край хадзем,
У таемны свет лясны,
Бо жыццё людское — слёзы, а нашто табе яны?
 
Ідзе! Трывогі болей
Няма ў вачох.
Не чуць яму ніколі,
Як мыкае бычок,
Ды як мармыча мірна
Імбрычак над агнём
Ды ў цемры свірна
Скрабецца мышанё,
Бо ідзе дзіця людзей,
У чароўны край ідзе,
У таемны свет лясны,
Бо жыццё людское — слёзы, а нашто яму яны?
 
пераклад з ангельскай — Антон Францішак Брыль
 
 
 
Возера Інісфры
(The Lake Isle of Innisfree)
 
Устану і пайду я да выспы Інісфры,
Пастаўлю там хаціну і вуллі навакол
І дзевяць град для бобу ўскапаю на двары,
Каб адзінока жыць між пчол.
 
Я там спакой спазнаю, што кроплямі цячэ
Праз марыва світанкаў і цвыркуновы гам,
Там поўнач серабрыцца, пурпуру поўдзень тчэ,
І канаплянкі ўвечар там.
 
Устану і пайду я — бо і ўначы, і ўдзень
Я чую ціхі плёскат азёрнае вады,
Калі я на бульвары, калі вакол глухмень,
Я чую ў сэрцы кліч заўжды.
 
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
 
 
 
Песня старой маці
(The Song of Old Mother)
 
Я ўстаю на світанку, кленчу і дзьму,
Покуль з прыску расток агню не ўздыму.
Колькі ж скрэбці, пячы і распальваць мне,
Покуль зорка зноў у акно не зірне!
А дочкі не хочуць пакінуць пасцель
І мараць пра стужкі, іх чырвань і бель,
А дні свае бавяць яны ў пустаце —
Сумуюць, як пасмы ім брыз размяце.
Я ў працы — і старасць прыспешвае крок,
І ў прыску ўсё меншы ўзыходзіць расток.
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
 
Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута, Антон Францішак Брыль © 2017

Чытайце таксама

Вацлаў Граб’е

Вацлаў Граб’е

Чэшскі паэт, адзін з галоўных прадастаўнікоў біт-пакалення ў Чэхаславакіі

Ян Вагнэр

Ян Вагнэр

Нямецкі паэт і перакладчык

Рыку Коранэн

Рыку Коранэн

Фінскі пісьменнік. Нарадзіўся ў Турку. Дэбютаваў у 2003 годзе.

Юльян Урсын Нямцэвіч

Юльян Урсын Нямцэвіч

Беларускі польскамоўны паэт, празаік, драматург і палітычны дзеяч, прадстаўнік польскага Асветніцтва

189