№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марыя Мартысевіч

Women's Club

Вершы

Супольнае перабыванне

 

Калі выпісалі суседку па родах

з маленькай Юлечкай,

на іх месца нікога не паступіла.

Другі ложак застаўся пустым.

 

І тады мне падумалася,

што да нас падсялілі Багародзіцу,

каб мы не засталіся адны,

каб паказвала, як гушкаць і спавіваць,

каб падтрымлівала парадамі.

 

Не ведаю, праўда, якую: Жыровіцкую, Іверскую

або Міласцівую з гары Кікас:

санітарачка гаворыць, яны ўсе "нашыя".

 

А ў пятніцу

аддзяленне засталося амаль пустым:

усім, каму было можна,

аформілі выпіску.

Кажуць, іншую радзільню паставілі на рамонт,

парадзіх адтуль будуць прымаць у гэтай.

 

А я думаю, так кажуць для адводу вачэй

і гэта ўсё — Багародзіцы.

 

Адасобленыя ад свету,

не пакідаюць палатаў,

схіліліся над пластыкавымі люлькамі.

 

Чанстахоўскай баляць швы;

Траяручніцы зручна сцэджвацца;

Угрэшская не можа ўтаймаваць немаўля,

бегае на пост па дакорм;

Неапальная Купіна пранесла ў бальніцу кіпяцільнік;

Уладзімірская не спускае дзіця з рук, выганяе газікі;

у Корсунскай адышлі воды па дарозе ў Полацак.

 

Спатольніца Смуткаў засяроджана разглядае

белую пялюшку з казённай пячаткай:

ведае, што плашчаніца

будзе з той самай тканіны.

 

Гісторыя на шпалерах

 

Мама зрабіла пакой "для юнага капітана",

ды не заўважае, што карабель — пірацкі,

што ветразь парваны, палуба расхістаная

і балансуюць на рэі аднаногія цацкі.

 

Тата майструе мэблю "для маленькай прынцэсы",

ды не здагадваецца, што прынцэса — разбойніца,

што ёй бы не лялечны, а паляўнічы дамок,

пад ногі — скуру забітага ёй Віні-Пуха,

што ў шафе ціхутка плача палонны рыцар,

а гэтая мілая нянечка заўтра звольніцца.

 

І пакуль мама з татам глядзяць тэлевізар у залі,

дзеці спускаюцца з вежаў, высаджваюцца на бераг,

зрываюць сліняўчыкі, якія ім навязалі,

малююць сваю гісторыю на шпалерах.

 

Women's Club

 

Першае правіла жаночага клубу —

ўсім расказваць пра жаночы клуб.

Не чыніць пералюбу або чыніць пералюб

у залежнасці ад таго, ці магчымы шлюб.

 

У чарговым спадзеве, што гэты — нарэшце той,

пад завязку закідвацца фоліевай кіслатой.

Выйсці ў аптэку, купіць яшчэ кіслаты.

Прачынаешся ў Алма-Аты.

 

Гартаваць кулакі, бо самы важны двубой —

гэта выхад адна на адну з самою сабой.

З чужаземкай, якая па-твойму ні а, ні бэ.

Прачынаешся ў Душанбэ.

 

І няхай гавораць: вайна — справа маладух —

Незаўважна пакінуць бугурт, перавесці дух.

Саступіць свісток таму, хто яго пераняў.

Прачынаешся ў Кіеве.

Прачынаешся ў Кішыняў.

 

* * *

Я афармляю балкон у туніскім стылі.

Нехта слушна зазначыць,

што трупы яшчэ не астылі.

Але бачылі б вы, якія ў іх бялюткія вілы!

Нават мёртвы турыст пацвердзіць,

што гэта міла.

Якія там берберскія вазы і рымскія тэрмы!

Тэрор забываецца.

Застаюцца патэрны.

 

Вось Вікторыя, скажам, была каралевай са стажам,

але запомнілася столікамі з дэкупажам.

Дык ці варта было столькі часу страляць па бурах?

Я набываю бутэлечку кракелюру,

каб усё ў маім доме трэскалася, як зямля Абісініі.

 

Я фарбую парэнчы балкона белым і сінім.

 

Splendid Sunset

 я таксама напішу верш на свабоду хоць мне і не замаўлялі
Андрэй Адамовіч



Усе пішуць вершы пра Готланд.

І я напішу, хоць мне і не замаўлялі.

Ці мае права пісаць пра Готланд

жонка пісьменніка, якая прыехала туды з мужам?

У Доме творчасці быў толькі адзін  пакой з двухспальным ложкам —

кутні, на вуліцу,

і п’яныя шведскія падлеткі, падскокваючы,

грукалі нам у шыбы.

Таму мы ўвесь час сядзелі на кухні.

У доме было нешта мандэльштамаўскае,

хоць прозвішча дырэктаркі было Пастарнак —

пахла воцатам, фарбай.

Але свежага віна ў падвале мы не знайшлі,

таму даводзілася хадзіць у горад,

у алкагольную краму, якая зачынялася на выходныя.

Важна было закупіцца віном у пятніцу да трэцяй гадзіны,

важна было выпіць яго на пірсе.

 

У Беларусі нічога не адбывалася —

хіба што Андрэй Адамовіч пісаў “Верш на свабоду”.

У Еўропе адбываўся чэмпіянат Еўропы па футболе —

Швецыя грала з Украінай на другім паверсе, у бібліятэцы.

 

“Thank you for a splendid sunset!” —

пісалі пісьменнікі ў кнізе водгукаў Дома творчасці —

пад яго юрысдыкцыяй была лавачка на пагорку,

выстаўленая роўна па лініі пасадкі сонца ў Балтыку.

Пяць дошчачак, якія так шмат прынеслі літаратуры.

“Агулам я прабег па Готландзе

больш за трыста кіламетраў”, —

напісаў Валер Стралко:

самае катарсіяльнае з прачытанага ў гэтай кнізе.

 

У гадзіны, свабодныя ад сансэту,

мы гулялі ўздоўж мора і ратавалі камяні —

Вось гэтыя, круглыя,

мы вынеслі з пляжа Піпі Лангструмп,

а гэтыя ў форме ружаў эвакуявалі з выспы Фаро, з пляжа Бергмана.

Прыбіральшчыцы дома творчасці глядзелі на справу іначай:

раз на месяц яны выносілі з дому скрыню камянёў

і вярталі на пляж, вызваляючы ад пісьменнікаў.

Бачачы гэткія справы, давялося дакупіць

пазіцыю багажу ў авіяперавозчыка.

Удалося вывезці толькі самыя маленькія,

вялікія забраць не ўдалося.

 

Равы вакол гарадскога мура Вісбю

Параслі лопухамі, кменам і люпінамі —

але гэта не крычала пра заняпад,

а сведчыла пра раскошную экалогію.

Увогуле, усё такое гожае, такое ахайнае было на той выспе,

што вельмі карцела нешта там парушыць —

хоць бы закон.

На Готланд забаронена правозіць металашукальнікі —

захад супраць чорных капачоў,

прагных да срэбра вікінгаў.

Ведала б — правезла,

хоць мне і не замаўлялі.

 

***

Эра хэндмэйду

ўпарта трывала знадворку.

На плошчы замест ялінкі паставілі Singer —

ажурную Трыюмфальную арку,

і пад ёю на шворку

з гаспадынямі шпацыравалі дэкаратыўныя свінкі.

 

Пакуль іншыя ваявалі,

мы шылі

шлюбныя сукенкі з парашутнага шоўку.

Нізалі каралі з гільзаў.

Прышывалі апушку з шыншылы

рукавічкам з трыма пальцамі — трымаць вінтоўку.

 

Надавалі другое жыццё вінтажным каўнерыкам,

спалучалі хакі ды макі, шаўроны й пярліны,

дарылі шкляных анёлкаў алавяным жаўнерыкам,

што завывалі пад вокнамі пра клін жураўліны.

 

І толькі калі праз чыюсьці футболку з газетным прынтом

прарасло нязжатае мінулым летам калоссе,

мы нарэшце пачулі нейкі няўцямны стогн

і ўцямілі: пачалося.

 

* * *

Славянские ль ручьи сольются в русском море? Оно ль иссякнет?

Аляксандр Пушкін

Агульнавядома, што праз складаны сацыябіялагічны чыннік жанчыны бавяць у прыбіральні значна больш часу, чымся мужчыны. І таму ля дамскіх пакояў у людных месцах заўжды чарга.

У гэтай сувязі вельмі цікава сачыць за тым, як падчас культурніцкіх захадаў паводзяцца ў агульнай чарзе ў прыбіральню паэткі братніх славянскіх нацый.

Расійскія паэткі стаяць у чарзе ў прыбіральню на адлегласці метра адна ад адной. Першая ў чарзе стаіць на адлегласці двух метраў ад дзвярэй кабінкі. Паэткі стаяць, склаўшы рукі на грудзях, абсалютна моўчкі. Так, нібы яны незнаёмыя. Так, нібы гэта не чарга. Так, нібы гэта не прыбіральня. Так, нібы яны ўвогуле ніколі не сікаюць.

Беларускія паэткі стаяць у чарзе як тыя ялінкі — гожай падковай. Кожная элегантна нахіленая да вуха суседкі. У чарзе ў прыбіральню беларускія паэткі пляткараць.

Украінскія паэткі стаяць у чарзе ў прыбіральню парамі, некаторыя — тройкамі. Паэткі жарсна абдымаюцца і пяшчотна цалуюцца.

Ад расійскай чаргі аддзяляецца маскоўская паэтка й знікае за дзвярыма кабінкі. Расійскія паэткі выдыхаюць і расслабляюцца, але па-ранейшаму не вымаўляюць ні слова.

У беларускую прыбіральню заходзіць паэтка, чыя чарга. Астатнія паэткі вокамгненна пачынаюць перамываць ёй косткі.

Украінская чарга прасоўваецца вельмі павольна. Украінскім паэткам вельмі цяжка расставацца перад тым, як адна з іх заходзіць у прыбіральню.

Маскоўская паэтка не вызваляе кабінкі даволі доўга. "Сука! — злуюцца расійскія паэткі. — Якая ж яна сука! Усе мы ведаем, што яна там робіць. Пераапранаецца. Перад выступам. І ей-богу, макіяж папраўляе". Пры гэтым у чарзе па-ранейшаму пануе ціша.

Беларуская паэтка таксама не вызваляе кабінкі. Яна не змывае, каб шум вады не заглушыў перамывання яе костак. "Сука! — голасна каментуюць гэта іншыя беларускія паэткі, не задумваючыся, што іх добра чуваць у кабінцы. — Якая ж яна сука! Колькі можна сцаць?"

Кабінка ва ўкраінскай прыбіральні не замыкаецца. Калі адна ўкраінская паэтка заходзіць, другая надзейна прыціскае дзверы азадкам. "Сукі! — абураецца чарга, — якія ж яны сукі", — але тычыцца гэта не паэтак, а адміністрацыі памяшкання, якая ніяк не можа прышрубаваць на месца няшчасную засаўку.

Калі кабінак у беларускай прыбіральні дзве, то адна з іх абавязкова пустая, бо за плёткамі беларускія паэткі забываюць сачыць за вызваленнем кабінак. Сцяміўшы гэта, маўклівая паэтка з канца чаргі імкліва выходзіць наперад і займае вольнае месца. "Сука! Якая ж яна сука! — дзівяцца беларускія паэткі такому нахабству і спрыту. — Дарэчы, вы чулі, у яе жаніх у Маскве?"

Калі ва ўкраінскай прыбіральні дзве кабінкі, украінскія паэткі скачуць на ўнітазах, спрабуючы крануцца пальцаў адна адной над пераборкай.

Калі кабінак у беларускай прыбіральні тры, беларускія паэткі пачынаюць варажбу на кабінках. "Калі першай вызваліцца левая, — загадвае адна з паэтак трагічным голасам, — я выйду замуж за П. Калі правая — нараджу ад Б. Калі па цэнтры — мяне надрукуюць у ЛіМе". Паэткі ўнутры кабінак пачынаюць мітусліва парадкавацца — не кожны дзень выпадае шанец зламаць чужы лёс. Першай, на паўкорпуса апярэдзіўшы прысцяжных, вызваляецца кабінка ў цэнтры. "Бедная, лепей ужо за П.", — фальшыва спачувае чарга.

Але мы зусім забыліся пра чаргу ля расійскае прыбіральні. Маскоўская паэтка так і не вызваляе кабінкі. Пастаяўшы яшчэ крыху, расійскія паэткі моўчкі разыходзяцца па прыбіральнях на іншых паверхах.

Украінскія паэткі, скачучы, дабілі ўнітаз у адной з кабінак. Цяпер у прыбіральні працуе толькі адна. "Сукі! — абураецца чарга. — Якія ж яны сукі!" — па-ранейшаму маючы на ўвазе адміністрацыю памяшкання.

Разлік з варажбой на кабінках быў верны. Беларуская чарга пачынае рухацца інтэнсіўней. Да пачатку заключнае часткі паэтычных чытанняў кожная паспявае аператыўна справіць некаторыя першасныя патрэбы, у тым ліку патрэбу ў апошніх плётках.

Да ўкраінскай жаночай прыбіральні падцягваюцца ўкраінскія паэты. "Ёсць ідэя, — звяртаюцца яны, абдымаючы і цалуючы, да ўкраінскіх паэтак, — паэтычныя чытанні ў прыбіральні. Такога яшчэ ніхто не рабіў!" — "І сапраўды, ніхто!" — жыва адгукаюцца паэткі, адказваючы на абдоймы і пацалункі.

Беларускія паэткі вяртаюцца ў залу, дзе працягваюць вечарыну, па чарзе чытаючы вершы пра каханне й любоў з прысвячэннямі адна адной, П., Б., і газеце "ЛіМ".

На ранак пасля расійскае паэтычнае вечарыны прыбіральшчыца знаходзіць труп сканалай ад прыступу астмы маскоўскай паэткі.

Украінская паэтычная вечарына пераносіцца ў прыбіральню.

Чытайце таксама

Крысціна Бандурына

Крысціна Бандурына

Нарадзілася ў 1992 годзе ў Мазыры.

Маўрыцыё Бліні

Маўрыцыё Бліні

Італьянскі пісьменнік, шмат гадоў працаваў следчым

Антонія Поцы

Антонія Поцы

Генрых Кіршбаўм

Генрых Кіршбаўм

Паэт, літаратуразнаўца.

2683