№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Яўгенія Пфляўмбаум

Хай навальніца нашым сцягам будзе

Вершы

Не спіцца ўночы

 

Што?! Не спіцца, не спіцца ўночы,

Калі сэрца не кінула мар:

Дзіўнай сілаю буйна клякоча,

Пекным плёскатам выліцца хоча,

Хто б стрымаў?

 

Ня стрымаеш. Напружанай волі,

Думкі сталай, развагі сцюдзёнай.

Не паслухае сэрца ніколі,

Не аддасць сваёй чырвані-волі

За мільёны.

 

Чырвань, сінь павучыннем спавіты...

І кудзеліць шэпт цьмяных слоў,

Там за плыўкага неба ў блакіце,

У зялёных палёў аксаміце

Новым.

 

Праўда шэрая, кінь, пачакай! —

Ў вадаспадзе, бач, краскі квітнеюць, —

Першых дзён шчасця ты іх не чапай,

Лёсых галовак у іх не зрывай:

Пахаладзеюць.

1 сакавіка 1925 г. 

 

 

Навальніца

 

Навіслі хмары брудным рызманом

Пыл вочы сціснуў востра, непрыемна,

Гуллівым лёскатам звінелі воды Нёмну.

І бразнуў гром пякучы, патаемны.

 

Маланка?! Не, маланкі не было:

Яна скрыжалі зрэзала мінулым,

Яна сваё нясмелае святло

У чырвань-бляск не апранула.

 

А дрэвы гнуліся і енчылі, стагналі,

Са свістам стрэхі млелі саламяныя,

Цымбаліў вецер, дзіка падпявалі

Віхуры рытмамі страшнымі нечаканымі.

 

І здрыганулася жыццё кіпуча, вольна,

Агністым вокам кінула пагляд.

Абліла полымем шляхі зямлі мазольнай,

Абмыла фарбамі бліскучы вадаспад.

 

Праменне шчыльна атуліла грудзі,

Паснулі вочы ў радасным святле,

Хай навальніца нашым сцягам будзе,

Калі жыццё зноў змены нам прышле.

5 сакавіка 1925 г.

 

 

Брату

 

Бывае сон аголіць душу:

Крыніц таемных змые гніль,

Штодзённых думак сэнс парушыць,

Жыццю пакажа новы стыль.

 

І роснай раніцай поэта,

Абуджаны змяёй-вадой,

На сонца гляне зноў з імпэтам,

Зноў аджыве ў ім дарагое.

 

Каму ж сказаць аб тым, што плешча,

Ад сэрца ляваю гарачай,

Пякучай кропляй думкі цешыць,

Акордам хвойна-стромкім плача.

 

Скажу табе я, брат магутны,

Любоўю братняю глыбокай,

І сэнс у словах ледзьве чутных

Ты адшукаеш недалёка.

 

Скажу аб тым ліхім налёце,

Што атуліў мае жаданні,

І ў срэбна-ранічным узлёце

Сустрэў нячутнае змаганне.

 

Брат любы! Цяжка мне. Балюча

Знішчаюць радасць кіпці лёсу,

А неба — шэрая ануча —

Ня шле праменя на пракосы.

 

Шырэй пракос... і постаць смерці

Спаліла кветачку душы.

Пашто загінула?!. Не верце:

Не аджыве яна ў цішы.

 

Бо й цішыня ўсё тая ж смерць

З істужкай вобразаў імглістых,

Там стогну сэрца не павераць,

Не дасць адказу пах смалісты.

 

Ў тваіх вачох, яскравых змрокам,

Не адшукаюць там пакуты,

І слова шчырага здалёку

Не надышлюць душы сагнутай.

 

Даволі. Дзе блішчэлі слёзы —

Цяпер дрыжаць пяшчынкі смеху:

У срэбных кропельках бярозы

Знайшла я погляд родных стрэхаў.

7 жніўня, Новаузенск  

 

 

* * *

 

Я адна на далёкай чужыне,

У бязмежжы абшараў стэповых.

Я сумую па роднай краіне,

Па бяздонні палёў васільковых.

 

Роўна, гладка, як вокам не кінь:

Стэп! Крыніца казацкіх паходаў,

Тут прасторай палошчацца сінь

І глядзіцца у плынь срэбных водаў.

 

Колькі вобразаў моцных і смелых

Навяваюць прасторы імглістыя,

Колькі плыняў жывых і даспелых

Закрынічваюць радасць пярыстую!

 

Панясла мяне плынь бескалёрная;

Ціха плешчуцца хвалі панурыя;

Ой, ты, рэчка, сталёва-пакорная,

Супакой майго сэрца віхуры!

 

Дык няхай мая думка прыветная

На ўзбярэжжы жыццёвых прастораў

Заблішчыць мне жаданым светам

З прывітаннем вясенне-бадзёрым!

19 кастрычніка 1925

 

 

Легенда

 

Гордая цвіль чаравала мінулым

Свежую кветку вясновай даліны;

Цьмяныя шолахі зваблівым гулам

Ціха плылі у пластычнасці плыні…

 

Чары адвечныя!.. Чары узрочныя!

Любую кветку у хмельных павеях

Заласкаталі русалкі паўночныя,

У перлах расістых плывучыя феі…

 

Зблякнула кветка у змроку нязнанага,

Ціха пялёсткі звівалі журбу,

Стройнага келіха свежая рана

Ззяла пагрозаю будучых бур…

 

Смерць падпаўзла… а у хвалях сімфоніі

Чуецца рытм светлакудрай вясны.

Сонцам атулены гнеўныя скроні,

У сэрцы ж халодныя чорныя сны.

[1927]

Падрыхтаваў да друку Віктар Жыбуль.

Чытайце таксама

Ізі Харык

Ізі Харык

Беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт

Сельма Лагерлёф

Сельма Лагерлёф

Шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры

Дайва Чапаўскайтэ

Дайва Чапаўскайтэ

Літоўская паэтка, аўтарка драматычных твораў.

Жорж Санд

Жорж Санд

Французская пісьменніца

653