№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Люба Якімчук

Я надзену чорныя бровы

Вершы

Пераклад з украінскай Андрэй Хадановіч

Вусень

(Гусінь)

 

яе пальцы змерзлі й звузіліся

заручальны пярсцёнак злятае

цокае аб асфальт

яе пальцы трымцяць на вятры

як асенняе лісце калі

ля ног прапаўзае вусень

вусень танка

ля ног яе дачкі

 

двое падыходзяць і загадваюць

разгарнуць рукі як для воплескаў

углядаюцца ў пашпарт першы, другі раз

мацаюць яе мазолістыя пальцы

і знаходзяць на іх апёкі, толькі апёкі

дзе мусіў быць мазоль на ўказальным

ад снайперскай вінтоўкі

яны называюць яе пазыўны

а можа і не яе —

курва-мама

 

яны яе раздзяваюць

яны яе разглядаюць

яны разлягаюцца

злягаюцца

лаяцца

дзевяцёра

(яе ўлюбёная лічба)

у сініх халатах

(яе ўлюбёны колер)

у дзіравых красоўках

(яе ўлюбёны абутак)

дзевяцёра на адну раскудлачаную

не курву, а маму

 

а дзяўчынка сціснулася калачыкам

яна глядзіць і не плача

яна падымае мамін пярсцёнак

хавае ў роце, як сабака костку

і глядзіць, як вусень дажырае іх зялёны горад

 

 

Як я забіла

(Як я вбила)

 

усе мае сямейныя сувязі цяпер тэлефонныя

усе мае сямейныя сувязі праслухоўваюцца

ім цікава, каго я люблю болей, маму ці тату

ім цікава, на што хварэе мая бабуля, калі кажа ў слухаўку: ой, ой-ёй

яны заінтрыгаваныя, што думае мая сястра пра свайго хлопца

які раней быў маім

 

усе мае тэлефонныя сувязі кроўныя

уся мая кроў праслухоўваецца

ім трэба ведаць, колькі адсоткаў украінскай

польскай, расійскай і ці ёсць цыганская

ім трэба ведаць, чыім донарам я стала

ім трэба ведаць, ці гэта ўпаў гемаглабін, ці дах нада мной

і ці з клеткавых мембранаў можна пабудаваць межы

 

паміж мной і маёю мамай вырыта сотні магілаў

і я не ведаю, як іх усе пераскочыць

паміж мной і маім бацькам лётаюць сотні снарадаў

і я не навучылася глядзець на іх, як на птушак

паміж мной і маёй сястрой металічныя дзверы падвалу

што знутры падпірае рыдлёўка

паміж мной і маёй бабуляю шырма з малітваў —

ядвабныя тонкія сцены, за якімі не чутна, зусім не чутна

 

гэта так проста, падтрымліваць сямейныя тэлефонныя сувязі

гэта так танна, папаўняць рахункі бяссоннем і супакаяльным

гэта так п’яніць, слухаць чужую кроў, адзеўшы навушнікі

асабліва, калі мая кроў ператвараецца ў стрэл:

нах!

!

 

 

Варона, колы

(Ворона, колеса)

 

калі горада ўжо не было

пачаўся бой за могілкі

а якраз надыходзіў Вялікдзень

і драўляныя крыжы на свежых магілах

распусцілі свае папяровыя кветкі —

чырвоныя, блакітныя, жоўтыя

салатавыя, аранжавыя, малінавыя

 

вясёлыя сваякі налівалі сабе гарэлкі

а мёртвым — проста ў магілы

і тыя адтуль прасілі яшчэ і яшчэ, і яшчэ

і сваякі зноў налівалі

 

карнавал трываў, трываў карнавал

покуль зяць не натыкнуўся на расцяжку

ля магілы цешчы

а стары дзед заглядзеўся на неба

і застаўся без неба

мажны мужчына ўдарыў чаркай

і разбіў ёй агароджу сваёй жонкі

дробнае шкло ўпала яму пад ногі

як град з навальнічнай хмары

 

настаў Вялікдзень

і на магіле Воранавай Ганны Андрэеўны

стаіць варона — не помнік

а ў апошнім гняздзе Калеснікаў

дзе спачываюць Марыя Віктараўна, Піліп Васільевіч

ды Мікалай Піліпавіч

стаяць БТРа колы

 

хто яны мне, тыя колы й варона?

хто яны? ужо не згадаю

 

 

Бровы

(Брови)

 

не-не, я не надзену чорнай сукенкі

чорных туфляў і чорнай хусткі

прыйду да цябе ў белым —

калі давядзецца прыйсці

і дзевяць белых спадніцаў

будуць на мне адна пад адной

я сяду перад люстэркам

(яно будзе завешанае радном)

чыркну запалкай

яна абгарыць, і я

насліню яе й намалюю сабе

чорныя бровы

паўзверх маіх чорных

і будзе ў мяне дзве пары

мае і твае над імі

не-не, я не надзену чорнай сукенкі

я надзену чорныя бровы

твае на сябе

 

30 верасня 2014, Кіеў

Пераклад з украінскай – Андрэй Хадановіч © 2016

Чытайце таксама

Джакама Леапардзі

Джакама Леапардзі

Італьянскі паэт.

Ян Чачот

Ян Чачот

Паэт-рамантык, філамат, фалькларыст, этнограф і драматург, сябра Адама Міцкевіча

Яўгенія Пфляўмбаум

Яўгенія Пфляўмбаум

Беларуская паэтка

Мэйбл Паўэрз

Мэйбл Паўэрз

Аўтарка працаў пра жыццё паўночна-амерыканскіх індзейцаў, іракезскае племя сенэкаў прыняло яе ў клан Бакаса

680