№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Генрых Гайнэ

Якія вузкія вулкі вакол!

Вершы

Пераклад з нямецкай Ігар Крэбс
* * *
(So wandl ich wieder den alten Weg…)
 
Я зноў старою дарогай іду,
Завулкам, здаўна знаёмым,
Вось я перад домам кахання майго —
Пустым, закінутым домам.
 
Якія вузкія вулкі вакол!
Злятаецца дахаў зграя!
Становіцца дыбам шэры брук!
Я збегчы сілы не маю!
 
 
Памінанне
(Gedächtnisfeier)
 
Кадзіш мне не прачытаюць,
Не спяюць імшы панурай,
Ні чытаць, ні пець не будуць
Мне праз год пасля хаўтураў.
 
Будзе той дзянёк пагодны,
На Манмартр хадою чыннай
Выйдуць разам прагуляцца
Фраў Мацільда і Паўліна.
 
Фраў Мацільда сухацветам
Упрыгожыць мне магілу,
Прашапоча “Pauvre homme!”
І слязінку пусціць міла.
 
Ёй ужо не прапаную
Сесці, адпачыць з дарогі,
Бо жыву цяпер высока.
Ледзь яе трымаюць ногі!
 
Любая мая таўстушка,
Ты хістаешся ад стомы.
Вунь фіякры ля ўваходу,
Пешкі не ідзі дадому.
 
 
Вястун
(Die Botschaft)
 
Слуга, хутчэй сядлай каня,
Праз поле і праз бор
Да замка Дункана скачы,
На каралеўскі двор.
 
Ідзі на стайню і спытай,
Як зоймецца зара,
Якая з дочак караля
Ідзе да алтара.
 
Калі чарнявая, ляці
Маланкаю назад.
Калі ж бялявая, тады
Такі табе загад:
 
Вяроўку моцную купі,
Няспешна едзь дамоў
І, як убачыш ты мяне,
Падай яе без слоў. 
 
 
Карл І
(Karl I)
 
У хатцы лясной сядзіць кароль,
Сынка вугляпала калыша,
Маркотную песню мармыча пад нос,
Пад сенам скрабуцца мышы.
 
— Люлі-люлі, хто шастае там?
За сценкай чую бляянне.
Я бачу знак на тваім ілбе,
І смех твой — нібыта ў здані.
 
Люлі-люлі, каток памёр,
Я бачу на лбе тваім метку —
Ты станеш мужчынам, узнімеш тапор,
Дубы задрыжаць, мая дзетка.
 
Ад вугляпалавай веры былой
Не засталося нічога —
Іх дзеці не вераць у караля
І нават не вераць у Бога.
 
Каток памёр — вось радасць мышам!
Нас аддадуць на сорам,
Люлі-люлі — мяне, караля,
І Бога — прысудам скорым.
 
Адвага растала, слабее жыццё
У сэрцы, хваробаю сцятым.
Люлі-люлі, малы вугляпал,
Ты хутка зробішся катам.
 
Твая калыханка — мне за спачын.
Люлі-люлі, сівыя
Кудзеры зрэжаш ты мне перад тым,
Як меч уваткнеш у шыю.
 
Люлі-люлі, хто шастае там?
Ты царства здабыў, малеча.
Ты знімеш маю галаву з плячэй —
Такі быў лёс кашэчы.
 
Люлі-люлі, хто шастае там?
За сценкай чую бляянне.
Каток памёр — вось радасць мышам,
Спі, мой кáце, да рання!
 
 
* * *
(Sie haben mich gequälet)
 
Яны мяне катавалі,
Знішчалі мой спакой,
Адны — сваёй любоўю,
Іншыя — злосцю сваёй.
 
Яны мой хлеб труцілі,
Лілі мне яд у напой,
Адны — сваёй любоўю,
Іншыя — злосцю сваёй.
 
А тая, якая найболей
Мяне катавала здаўна,
Зусім на мяне не злавала —
Мяне не любіла яна.
 
 
* * *
(Ich steh auf des Berges Spitze…)
 
Раблюся сентыментальным,
Падняўшыся на гару:
“Калі б толькі быў я птушкай!” —
З тугою сабе гавару.
 
Калі б толькі ластаўкай быў я,
Тады ля твайго акна
Я звіў бы сабе гняздзечка,
І ты не была б адна.
 
Калі б толькі быў салаўём я,
Тады ля твайго акна
Свае салодкія песні
Я пеў бы табе давідна.
 
Калі б толькі быў я дзятлам,
Я б стукаў у сэрца — стук-стук,
Ты ж любіш усякіх дзятлаў
Лячыць ад дзятлавых мук.
 
 
Азра
(Der Asra)
 
На змярканні да фантана,
Дзе струмені пенна льюцца,
Кожны дзень ішла на шпацыр
Гожая дачка султана.
 
З кожным днём усё бляднейшы,
Кожны дзень стаяў нявольнік,
На змярканні ля фантана,
Дзе струмені пенна льюцца.
 
Вось аднойчы падступіла
Да яго дачка султана:
“Як завуць цябе, адкуль ты
Ды якога будзеш роду?”
 
Адказаў ёй раб: “Завуся
Магаметам, дом мой — Емен.
Я свой род вяду ад азраў,
Што ўміраюць, пакахаўшы”.
Пераклад з нямецкай – Ігар Крэбс © 2017

Чытайце таксама

Марыя Французская

Марыя Французская

Марыя Французская – паэтка, якая, як мяркуецца, нарадзілася ў Францыі ў канцы ХІІ ст

Імануэль Вайсглас

Імануэль Вайсглас

Нямецкамоўны пісьменнік і перакладчык габрэйскага паходжання

Марк Валерый Марцыял

Марк Валерый Марцыял

Рымскі паэт, стваральнік жанру эпіграмы ў яго сучасным выглядзе

Францішак Карпінскі

Францішак Карпінскі

Польскі паэт, адзін з пачынальнікаў польскага сентыменталізму.

1498