№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мацей Стрыйкоўскі

Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага (O początkach… sprawach rycerskiego sławnego narodu litewskiego)

Пераклад з польскай Алесь Бразгуноў


(1575—1578)

(урыўкі)


КНІГА ПЕРШАЯ etc.


Cлаўлю бітвы і вояў аўзанійскіх гожых,
Што ў ладдзях ветрагонных па провідзе Божым
Прыплылі, дацкі Зундзе, праз твае цясніны
У затоку на бераг жамойцкай краіны.
5 Марса, пана крывавых і жахлівых войнаў,
Слаўлю і пераможных рыцараў дастойных,
Грукат зброі, трывогі, меч крывавы страшны,
Супраціў за Айчыну, за вольнасці нашы.
Божа моцны, спрадвечны, Ты ўвесь свет трымаеш,
10 Ты ўсё мудрасці духам шчодра напаўняеш,
Пад пяром уваскрэсіць мне heroes слаўных
Памажы, як і дзеяў веліч старадаўных.
Прасвятлі мне мой розум, цемру чорнай ночы
Разбуры, каб на сховаў паглядзелі вочы
15 Апрахнеласць — у промнях пакажы вясняных
Ветраногага часу зайздрасцю схаваных.
Гэтай светлай задуме, да якой натхняеш
Верш слабы мой, дай рады, як сам тое знаеш,
Без Цябе тут, мой Пане, непадымны цяжар —
20 Найславуцейшы майстар, абамлеўшы, зляжа.
Сэрцаў нашых празорца і глыбокіх тайнаў,
Бачыш: я кіраваўся шчырасцю звычайнай.
Тут не дар мой прычына, не жаданне славы –
Праз мяне Ты адновіш мужных продкаў справы.
25 А пахіблю, паправіш мой распеў паволі,
Каб мужоў годных слава не згасла ніколі.
Сам вядзі простым шляхам; веру, не зграшу я,
Як слабым маім пёркам сам Бог пакіруе.
Музы, што на Парнасе звыклі весяліцца,
30 Што з крыніц геліконскіх даяце напіцца,
Дзеі вояў літоўскіх мужныя між бою
Славіць мне памагайце, скрытыя імглою!
Збройны Марс і Белона, апякайце ўнукаў,
Каб дастойную плату мелі пасля мукаў,
35 За якія па бітвах сталі як святыя –
Ахілесы, Алкіды, Гектары былыя.
Там, дзе Феб выязджае, дзе коні пускае,
Слава іхняй адвагі ўсюды залунае.
З мноствам дужых народаў часта мелі войны
40 (Русь, масква і крыжакі, і татарын збройны
Помніць іх) і ў айчыне ўсе жылі бяспечна.
Але хоць бы іх слава і трывала вечна,
Прах ад велічы мужных перамог застаўся,
Кожны век тонкім ценем, Гісторыя, стаўся:
45 Ты мінуўшчыны сведка, жыццяў ахмістрыня,
Кожнай цноты, прыгодаў ты прыклад і скрыня,
Без чаго й найважнейшы, як звер, памірае,
Век ягоны смерць мігам у зямлю хавае.
Дзе Гаштольт і Кезгайла, Вершула багаты,
50 Літавор, Забжэзінскі, дзе іх маяраты?
Як імгла, прамінулі, справаў іх не знаем,
Што былі тут калісьці, ледзьве прыгадаем.
Радзівілы, дзе святасць вашых спраў марнее,
Манівіды, дзе вашы й Хадкевічаў дзеі?
55 Кішкаў гетманаў слава дзе цяпер прыснула,
І Астрожскіх хіба ўжо мужнасць прамінула?
Дзе з Збаража, Заслаўя, Вішняўца княжаты?
Дзе Сангушкі, што войны ладзілі заўзята,
Баранілі Айчыну мужна й пераможна,
60 А цяпер цемрай скрыты за тое абложнай?
І з князьмі тое сама вялікімі маем,
Толькі Вітаўта, можа, часам прыгадаем.
А тых Вітаўтаў сотні ў Літве панавала!
Без пісьма ўсё, аднак жа, з імі ўслед прапала.
65 Мур маскоўскі Альгерда дзіды скаштавалі,
Кейстут, Любарт крывёю Прусы залівалі,
Тое ўсё прыўлашчона Вітаўту – ласкавы
З іх ніхто быў нашчадкам паапісваць справы.
А пакуль залатога пёрка не знайшлося,
70 Каб heroes літоўскім у вяках жылося,
Алавяным нанова ўваскрэсім іх цноты,
Ім узнёсшы падзяку слаўнае работы.

Цалкам тэкст можна спампаваць па спасылках ніжэй.


STr_pachatak.pdf   STr_pachatak.doc

Пераклад з польскай – Алесь Бразгуноў © 2011

Чытайце таксама

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

Тадэвуш Ружэвіч

Тадэвуш Ружэвіч

Польскі паэт, празаік, драматург і перакладчык.

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Нямецкі пісьменнік-рамантык, кампазітар, дырыжор, мастак, музычны крытык, юрыст

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Многімі лічыцца першым афрыканскім паэтам-мадэрністам

1287