№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Генрых Гайнэ

Егуда бен Галеві (Jehuda ben Halevy)

Урывак з паэмы

Пераклад з нямецкай Ігар Крэбс
Пачатак паэмы можна прачытаць тут: http://prajdzisvet.org/texts/kits/eguda-ben-galevi.html
 
II
 
“Там, на рэках Вавілона,
Мы рыдалі, да плакучых
Вербаў арфы прысланіўшы”, —
Помніш ты старую песню?
 
Помніш ты стары напеў,
Што спачатку элегічна
Падвывае і скуголіць,
Нібы чыгунок у печы?
 
Доўга ўжо — тысячагоддзі —
Ува мне кіпіць журбота!
Час залізвае мне раны,
Як сабака — язвы Ёва.
 
Дзякую, барбос, за сліну,
За нядоўгую палёгку.
Залячыць мне раны зможа
Смерць — але ж я неўміручы!
 
Чарадой гады мільгаюць,
Дзелавіта гудучы,
Бегае чаўнок у кроснах —
Ткач не ведае, што тчэ.
 
Чарадой гады мільгаюць,
Крапаюць людскія слёзы
На зямлю, якая з прагай
Іх усмоктвае ціхмяна.
 
Што за бурнае кіпенне!
Накрыўку зрывае. Слава
Мужу, што тваё патомства
Размажджэрыць аб скалу.
 
Дзякуй Богу! Заціхае
Чыгунок, і кіпень стыне,
І тужлівы сплін мякчэе,
Мой заходне-ўсходні сплін.
 
Вось і мой крылаты конік
Зноў бадзёра ржэ, абтросшы
Злы начны кашмар — я бачу
У вачах каня пытанне:
 
“У Іспанію паскачам —
Да малога талмудыста,
Што стаў першым між паэтаў,
Да Егуды бен Галеві?”
 
Так, ён першы між паэтаў,
Валадар сусвету мрояў
З каралеўскаю каронай,
Божай ласкаю паэт,
 
Што ў свяшчэнныя сірвенты,
Мадрыгалы і тэрцыны,
Канцанеты і газелы
Ўліў агонь сваёй душы,
 
Госпадам пацалаванай!
Бо напраўду роўны быў
Гэты трубадур найлепшым
Песнятворцам і лютністам
 
Русільёна і Праванса,
Пуату і ўсіх астатніх
Памяранцавых краін
Свету хрысціян галантных.
 
Свет галантных хрысціян
У краінах памяранцаў!
Як у прыцемку ўспамінаў
Ён блішчыць, звініць і пахне!
 
Дзіўны салаўіны свет!
Не сапраўдны Бог на небе —
Там фальшывы бог кахання
Разам з музамі ўслаўляўся.
 
Клірык з ружамі на плеху
На вясёлай мове ок
Пеў псалмы, а знатны рыцар
Без духоўнае пасады
 
Горда рысіў на кані,
Рыфмаваў, дэкламаваў
Дзеля шанавання дамы,
Сэрцам быў якой адданы.
 
Мінезінгер непазбежна
Мець павінен даму сэрца,
Бо каханне без каханай —
Як без масла бутэрброд.
 
І герой, апеты намі,
І Егуда бен Галеві,
Меў таксама даму сэрца,
Толькі не такога кшталту.
 
Не была яна Лаурай,
Той, чые свяцілы-вочы
У саборы распалілі
Найславуцейшы пажар,
 
Не была яна графіняй,
Што ва ўбранстве маладосці
На турнірах пераможцу
Галаву вянчала лаўрам,
 
Ці любоўнай казуісткай,
Пацалункавай схаласткай,
Языкатай дактрынёркай,
Што вяла суды кахання.
 
Тая, што любіў Галеві, —
Занядбаная бядачка,
Ўвасабленне заняпаду —
Гэта быў Ерусалім.
 
Для паэта ён з маленства
Быў адзінаю любоўю,
І яго душа трымцела
Ад імя Ерусалім.
 
Полымем палалі шчокі
Ў хлопчыка, калі ён слухаў
Пілігрыма, што з Усходу
Неяк прыбыў у Таледа.
 
Ён расказваў пра пустэчу
І руіны на тым месцы,
Дзе дагэтуль палымнеюць
Светлыя сляды прарокаў,
 
Дзе паветра набрыняла
Вечным подыхам Гасподнім.
“Што за мука гэта бачыць!” —
Пілігрым сказаў аднойчы.
 
Барада яго спадала
Белым серабром, а ўнізе
Зноў чарнела, і, падобна,
Пачынала маладзець.
 
Быў ён дзіўным пілігрымам:
Тысячагадовы смутак
У яго вачах чытаўся,
Ён шаптаў: “Ерусалім!
 
Ты, святы шматлюдны горад,
Стаў пустэльняй і прыстанкам
Для шакалаў, ваўкалакаў
І для гнюсных лесуноў.
 
У разбураных мурах
Там гняздзяцца змеі, совы,
А з акенца на паддашку
Весела глядзіць ліса.
 
Часам праз яго праходзіць
Абадраны князь пустыні,
Каб гарбатага вярблюда
Бур’яном пачаставаць.
 
Там сіёнскія пагоркі,
Дзе цвярдыня залатая
Сведчыла калісьці веліч
Найвялікшага цара,
 
Скрозь пакрыла пустазелле.
Там цяпер адны руіны,
Што глядзяць на нас тужліва
І, здаецца, горка плачуць.
 
Так, яны і праўда плачуць
Раз на год, у дзень дзявяты
Месяца журботы ава.
Са слязамі на вачах
 
Бачыў я буйныя кроплі,
Што па камянях сцякалі,
Чуў, як жаляцца калоны
Страчанага намі храма”.
 
Ад такіх апавяданняў
Сэрца юнага Егуды
Перапоўнілася страснай
Марай пра Ерусалім.
 
Страсць паэта — летуценне,
Прадчуванне і фатальнасць —
Перажыў такую ж буру
Ў замку Блай відáм шляхетны
 
Жафруа Рудэль — пачуў ён,
Як, вярнуўшыся з Усходу,
Рыцары ўздымалі чары
І захоплена кляліся:
 
“Верх чароўнасці ў манерах,
Перліна сярод жанчын —
Прыгажуня Мелісанда,
Маркграфіня з Трыпалі”.
 
І тады пачаў заўзята
Марыць пра яе паэт,
Апяваць яе — і стала
Цесна ў замку трубадуру.
 
Ён адправіўся ў дарогу
Плыў па моры, занядужаў.
Аслабелы, ледзь жывы
Ён да Трыпалі дабраўся.
 
Там цялеснымі вачамі
Ён убачыў Мелісанду,
Іх, аднак, у тую ж хвілю
Смертным ценем зацягнула.
 
Свой апошні гімн каханню
Ён прапеў ля ног любімай,
Дамы сэрца, Мелісанды,
Маркграфіні з Трыпалі.
 
Колькі дзіўных падабенстваў
Маюць жыцці двух паэтаў,
Хай другі й глыбокім старцам
Завяршыў вялікі шлях.
 
Бо Егуда бен Галеві
Смерць сустрэў каля каханай
Ціха галаву злажыўшы
У нагах Ерусаліма.
Пераклад з нямецкай – Ігар Крэбс © 2018

Чытайце таксама

Марына Цвятаева

Марына Цвятаева

Марына Цвятаева – руская паэтка, празаік, перакладчыца – нарадзілася 8 кастрычніка 1892 году ў Маскве ў сям’і прафесара Маскоўскага ўніверсітэта, вядомага філолага і ўсходазнаўцы Івана Цвятаева

Ішмаэль Бала

Ішмаэль Бала

Паэт, укладальнік анталогій нігерыйскай паэзіі, піша па-ангельску і на мове хаўса

Ян Якаб Слаўэрхоф

Ян Якаб Слаўэрхоф

Ян Якаб Слаўэрхоф (зрэдку падпісваўся Джон Равэнсвуд, John Ravenswood) – паэт, празаік, перакладчык, карабельны доктар, адзін з найбуйнейшых пісьменнікаў Нідэрландаў ХХ ст

Эрнэст Брыль

Эрнэст Брыль

Польскі паэт, празаік, драматург, перакладчык, журналіст

407