№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сара Тысдэйл

Эрына (Erinna)

Верш

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута
Гэты верш прысвечаны старажытнагрэцкай паэтцы Эрыне, якая памерла ва ўзросце 19 гадоў і з творчай спадчыны якой захавалася ўсяго каля 50 радкоў. Дакладна невядома, калі яна жыла. Паводле адной з распаўсюджаных легендаў пра паэтку, яна была сучасніцай, сяброўкай ці нават каханкай Сапфо, што, як цяпер вядома, не адпавядае рэчаіснасці. Магчымая прычына трываласці гэтай легенды — параўнанне творчасці дзвюх паэтак, якое дайшло да нас з антычных часоў: “Наколькі Сапфо перасягае Эрыну ў меласе, настолькі Эрына перасягае Сапфо ў гекзаметрах” (цыт. паводле У. Зельчанка). Даследчыкі творчасці Сары Тысдэйл мяркуюць, што ў гэтым вершы адлюстроўваецца хутчэй сяброўская, чым рамантычная сувязь паміж Эрынай і Сапфо, аднак тэкст верша пакідае шырокую прастору для інтэрпрэтацый.
 
Паслалі па цябе на развітанне —
Не адпірайся, бо ў тваіх вачах
Блішчыць сляза. Сапфо, калі цяпер
Ішла ты да мяне — гарэла сонца,
Калі ж мяне пакінеш, засмяецца
Зіхоткі луг, нябачнымі рукамі
Цябе абдыме сонца, як любоў,
І промнямі сваімі карануе.
А я ляжу, і мне — дарога ў змрок.
О, каб жа сонца ўбачыць — я б тады
Піла святло, аж покуль не аслепла б,
Я ўкленчыла б, і цалавала б травы,
І так бы птушак клікала — з журбой,
З такою прагай і такім трымценнем,
Што звабіла б іх, і пасля яны
На грудках неслі б свету пацалункі —
Мае дары. Хіба я не была
Чароўнай часам? Вочы, вусны, пасмы,
Што так любілі вецер, — ці ж яны
Не вартыя кахання? Ды мінула
Яно, і зноў міне, калі ўначы
Блакітным стане морак, толькі мне
Не ўбачыць ноч. Вазьмі маю руку,
Каб смерць між намі зараз не паўстала,
І слова дай мяне не адпускаць,
Спявай для смерці так, як для кахання, —
Ды не змякчыць яе: з усіх багоў
Яна адна людскіх дароў не хоча.
Мне страшна, страшна.
                                  Дзе твой твар, Сапфо?
Мінулай ноччу злая ліхаманка
Мне падарыла сон замест жыцця.
Здалося мне, што бачу чалавека,
Якога я кахаю; ён глядзіць,
Як я сюды заходжу, і маўкліва
Ідзе насустрач — ён, што ноч за ноччу
Мае мінае дзверы безуважна, —
І вось ён побач, вось мяне цалуе.
Такі мне сон падаравала смерць —
Занадта ён кароткі, каб жыцця
Мне каштаваць, аднак жа здолеў ён
Мае суцішыць вусны пацалункам.
Ён варты памірання. Не глядзі
З усмешкай сумнай у вачах зіхоткіх —
Ты можаш гора ў песню пераліць
І боль суняць. Ды меней за пясок
Свае цаню я песні — гоніць вецер
Пясчынкі паўз мяне кудысьці ў даль:
Што мне з таго, куды яны ўпадуць?
І што мне з песень, калі час іх здзьме,
Як брыз здзімае пырскі мёртвай пены
З вільготнага ўзбярэжжа і нясе
Шматкі назад у змучанае мора,
У забыццё. Нашто мне Апалону
Спяваць, калі любоў мяне не чуе?
Цябе запомніць свет: “Яна была
Каханкай дасканалай”. Я ж памру,
Бо так любіла жыць. Я ненавіджу
Пульс у тваіх руках — ідзі, Сапфо:
Нянавісць раніць. Хутка я памру,
Ты ж будзеш жыць і пакахаеш зноў.
Ён мог бы іншую вясну любіць.
Жыццё я не трымаю — адпускаю.
Дарма мяне сваім абвіла пасам
Кіпрыда. Лёс мой — смерць, а не любоў.
Ідзі, Сапфо, і сонца адшукай.
Мне скрушна, скрушна.
                                   О, Кіпрыды жрыца...
Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2018

Чытайце таксама

Сельма Лагерлёф

Сельма Лагерлёф

Шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры

Павал Орсаг Гвездаслаў

Павал Орсаг Гвездаслаў

Славацкі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік славацкай літаратуры

Кларк Эштан Сміт

Кларк Эштан Сміт

Амерыканскі паэт і празаік, мастак, скульптар. Пісаў апавяданні ў жанры фантастыкі, фэнтэзі і жахаў.

Ян Мілчак

Ян Мілчак

Славацкі аўтар апавяданняў, радыё і тэатральных п'ес, а таксама казак

2386