№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ўолт Ўітмэн

Як Адам на золку ўранні

Вершы

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева
Калі я пачуў на схіле дня
(When I Heard at the Close of the Day)
 
Калі я пачуў на схіле дня, як маё імя сустракалі
Воплескамі ў сталіцы, наступная ноч не зрабіла мяне шчаслівым,
Ці калі я п’янстваваў, ці калі свае планы ажыццяўляў, я не быў шчаслівым,
Але калі я прачнуўся на світанні ў ложку, цалкам здаровы, свежы, пявучы, удыхаючы спелае паветра восені,
Калі я пабачыў, як блякне поўня на захадзе і знікае ў ранішніх промнях,
Калі я самотна прайшоўся па беразе, раздзеўся, скупаўся, смеючыся халодным пырскам,і пабачыў, як уздымаецца сонца,
І калі я падумаў пра мілага сябра, свайго каханага, што едзе да мяне, о, тады я стаў шчаслівым,
О, тады мне дыхаць было асалодай, і ежа ўвесь дзень наталяла сыцей, і гожы дзень мінуў добра,
І наступны прыйшоў з не меншай радасцю, і вечарам таго дня прыехаў мой сябар,
І тою ноччу, калі ўсё сціхла, я чуў, як хвалі павольна і нястомна накатвалі на бераг,
Я чуў сіпенне й шолахі вады і пяску, што, да мяне звяртаючыся, шэптам віншавалі,
Бо мой каханы самы спаў пад коўдраю адной са мною побач той халоднай ноччу,
І ў цішы, у асенніх промнях поўні ён павярнуўся тварам да мяне,
Руку пяшчотна паклаўшы мне на грудзі, — той ноччу я быў шчаслівы.
 
 
 
Як Адам на золку ўранні
(As Adam Early in the Morning)
 
Як Адам на золку ўранні,
Выходжу са сваёй хаціны, сном узбадзёраны,
Сачы, як я іду, лаві мой голас, наблізься,
Крані мяне, краніся майго Цела далонню, пакуль іду,
Не бойся майго Цела.
 
 
 
Часам з тым, каго люблю
(Sometimes with One I Love)
 
Часам з тым, каго люблю, я гневам напаўняюся
ад страху, што я сачуся каханнем неўзаемным,
Але цяпер я думаю, не існуе кахання неўзаемнага, адплата будзе так або іначай
(Я горача кахаў адну асобу, але маё каханне не было ўзаемным,
І ўсё ж я праз яго стварыў гэтыя песні.)
 
 
Мы двое, як доўга нас ашуквалі
(We Two, How Long We Were Fool’d)
 
Мы двое, як доўга нас ашуквалі,
Цяпер жа, перайначаныя, мы ўцякаем імкліва ўслед за Прыродай,
Мы ёсць Прыродай, адсутнічалі доўга, але цяпер вяртаемся,
Мы робімся раслінамі, камлямі, лістотаю, карэннем і карою,
Мы ў глебу высаджаныя, мы каменне,
Мы два дубы, на просеках расцём мы бок у бок,
Мы на пашы, мы двое ў дзікай чарадзе такіх жа неўтаймоўных,
Мы дзве рыбіны, што ў моры разам плаваюць,
Мы квецень акацыі, ахутваем сцяжыны водарам увечар і ўранку,
Мы грубы бруд звяроў, раслінаў, мінералаў,
Мы коршакі драпежныя, лунаем у вышынях, углядаючыся долу,
Мы сонцы два яскравыя, мы тыя, што трымаюцца арбітаў і зораў, мы як дзве каметы,
Мы шнырым у лясах на лапах чатырох, мы ў ахвяру зубамі ўпіваемся,
Мы дзве хмаркі, раніцой і днём плывём высока,
Мы моры, што змешваюцца, мы дзве хвалі, што весела накатваюцца і заліваюць пырскамі адна адну,
Мы як атмасфера, празрыстыя, успрымальныя, падатныя і непадатныя.
Мы снег, і дождж, і стынь, і цемра, мы кожны плод і кожная стыхія на зямлі,
Мы калясілі шмат, пакуль мы двое зноў не вярнуліся дадому,
Мы ачысціліся ад усяго, апроч свабоды, усяго, апроч уласнай радасці.
 
 
У натоўпе
(Among the Multitude)
 
Сярод мужчынаў і жанчын у натоўпе
Я чую, як хтосьці абірае мяне таемнымі і незямнымі знакамі,
Не прымаючы ні бацькоў, ні жонку, ні мужа, ні брата, ні дзіця — нікога за мяне бліжэйшым,
Бянтэжацца некаторыя, але не ён, той хтосьці ведае мяне.
О, каханне і роўня,
Я верыў, што ты мусіш мяне адкрыць праз гэтыя цьмяныя здагадкі,
І я, калі цябе сустрэну, веру, што адкрыю цябе праз гэта ж у табе.
 
 
 
Хто б ты ні быў, што трымае мяне ў руках
(Whoever You Are Holding Me Now in Hand)
 
Хто б ты ні быў, што трымае мяне ў руках,
Без рэчы адной усё пазбавіцца сэнсу,
Я шчыра цябе папярэджваю, перш чым наблізішся,
Я не тое, што ты ўяўляеш, я зусім іншае.
Хто стане маім паслядоўнікам?
Хто запішацца ў прэтэндэнты на маю прыхільнасць?
Шлях гэты сумнеўны, вынік няпэўны, магчыма, фатальны,
Ты будзеш вымушаны кінуць усё астатняе, толькі я хачу быць тваім адзіным і выключным узорам,
Але тваё паслушэнства нават тады будзе доўгім і цяжкім,
На ўсю былую тэорыю твайго жыцця і ўсю прыстасаванасць да жыццяў іншых ты вымушаны будзеш забыцца,
І таму зараз жа адпусці мяне, каб не ствараць сабе турботаў, прымі сваю руку з майго пляча,
Адсунь мяне і йдзі сваёй дарогай.
Або іначай дзесь у лесе ўпотай дзеля выпрабавання,
Або на горным схіле пад адкрытым небам
(Бо ні ў накрытым дахам доме мне не з’явіцца, ні ў грамадзе,
У бібліятэцы я ляжу нямы, дурны, ці ненароджаны яшчэ, ці мёртвы),
Але, магчыма, з табою на вяршыні ўзгорка — упершыню на многа міль не бачачы нікога, хто мог бы падкрасціся знянацку,
Або, магчыма, плывучы з табой па моры або на ўзмор’і, або на нейкай ціхай выспе,
Я тваім вуснам тут мае крануць дазволю
Ў працяглым пацалунку таварыша ці пацалунку наважэнца,
Бо я і наважэнец, я і таварыш.
Ці, калі хочаш, схавай мяне пад вопратку,
Дзе я пачую, як б’ецца тваё сэрца, ці на тваім сцягне спачну,
Нясі мяне, калі ты рушыш наперад зямлёй ці морам;
Таму што проста кранаць цябе мне дастаткова, мне найлепш,
Таму, кранаючы цябе, я буду маўкліва спаць, пакуль ты вечна будзеш мяне несці.
Але гэта лісце табе адчайна хлусіць,
Бо ні лісця, ні мяне табе не зразумець,
Яно цябе ўнікне з самага пачатку і пасля тым больш, і я бясспрэчна цябе ўнікну.
Нават калі ты будзеш думаць, што дакладна злавіў мяне, дык вось!
Адразу ты заўважыш, што я цябе пазбег.
Бо гэту кнігу я напісаў не дзеля таго, што я ў яе ўклаў,
І ты чытаннем ёй не авалодаеш,
Ні тыя, што ведаюць мяне найлепш, мной захапляюцца й напышліва нахвальваюць,
Ні прэтэндэнты на маё каханне (акрамя некалькіх) не дасягнуць жаданага,
І мае вершы не будуць чыніць адно дабро, а столькі ж зла ці нават больш,
Бо ўсё не мае сэнсу без таго, каб мог ты шматкроць угадваць і не адгадаць маіх намёкаў;
Таму пусці мяне й ідзі сваёй дарогай.
 
Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2018

Чытайце таксама

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

Тэадор Нарбут

Тэадор Нарбут

Гісторык, археолаг, інжынер, бібліяфіл, апантаны даследчык гісторыі роднага краю

Оскар Ўайлд

Оскар Ўайлд

Оскар Фінгал О’Флаэрці Ўілс Ўайлд — брытанска-ірландскі паэт, празаік, драматург, эсэіст, адзін з самых вядомых пісьменнікаў позневіктарыянскага перыяду, яркая знакамітасць свайго часу

Уладзімір Бурыч

Уладзімір Бурыч

Рускі паэт, перакладчык, тэарэтык і прапагандыст верлібра.

202