№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эмі Лоўэл

Калі я здолела б злавіць зялёны ліхтар светляка

Вершы

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева
Інтэрлюдыя
(Interlude)
 
Калі я спякла бісквітныя кексы
І нацерла зялёны міндаль, каб пасыпаць зверху,
Калі я абарвала зялёныя хвосцікі ў суніцаў
І склала ягады на блакітна-жоўтую талерку,
Калі я разгладзіла зморшчыны на ільне, па якім шыла,
Што тады?
Заўтра будзе ўсё тое самае:
І кексы, і суніцы,
І голкамі ў тканіну і назад.
Калі сонца такое прыгожае на цаглінах.
Наколькі ж прыгажэйшы месяц,
Які коціцца па танклявых галінах слівы,
Месяц,
Які дрыжыць над клумбаю цюльпанаў,
Месяц,
Сцішаны,
На тваім твары.
Ты свецішся, Каханая,
Ты і той месяц.
Але хто чый адбітак з вас?
Гадзіннік б’е адзінаццаць.
Мне падаецца, калі мы наглуха зашморгнем шторы,
Ноч стане чорнай
Звонку.
 
 
 
Каханка
(A Lover)
 
Калі б я здолела злавіць зялёны ліхтар светляка,
мне хапіла б яго, каб напісаць табе ліст.
 
 
 
Галінка размарыну
(A Sprig of Rosemary)
 
Я не магу ўбачыць твой твар.
Калі пра цябе думаю,
То я ўяўляю твае рукі.
Твае рукі,
Які шыюць,
Трымаюць кнігу
Ці на імгненне застылі на падваконні.
Мае вочы заўсёды сочаць за тваімі рукамі,
Але ў маім сэрцы жыве гук твайго голасу,
І мяккае зіхценне — твая душа.
 
 
 
Venus Transiens
(Venus Transiens)
 
Скажы,
Ці была Венера прыгажэйшаю
За цябе,
Калі яна ўзнялася
На шапоткія хвалі,
Да берага плывучы
У сваёй ракавінцы?
Ці была відзежа Батычэлі
Дзівоснейшаю за маю,
І ці былі маляваныя ружы,
Якімі ён абсыпаў яе,
Каштоўнейшымі,
Чым словы, якімі я агортваю цябе,
Каб захінуць тваю празмерную гожасць,
Быццам вэлюмам
туманна-срэбным?
 
Для мяне,
Ты высішся
Ў плыткім і блакітным эфіры,
Аточаная яснымі вятрамі,
Нагамі ў сонечным праменні.
А хвалі, што прад табою сцелюцца,
Зырчэюць і варушаць
Пясок ля маіх ног.
 
 
 
У яркім сонечным святле
(Bright Sunlight)
 
Вецер закінуў край твайго шаля
У фантан,
Ён там кружыцца і плавае
Паміж гарлачыкаў,
Быццам сатканы з сапфіраў.
Але ты не зважаеш,
Ты пальцамі гладзіш лішайнік
На каменным вобадзе чашы,
А вачыма сочыш за высокімі аблокамі,
Што выплываюць над вастралістамі.
 
 
 
Ліст
(The Letter)
 
Неразборлівыя крамзоліны словаў на паперы,
Быццам мушыныя лапкі,
Што вы можаце расказаць пра ззянне поўні
У дубовай лістоце,
Ці пра цьмянасць майго акна, ці голую падлогу
У пырсках месяцовага прамення?
У вашых недарэчных выбрыках няма й намёку
На квецень глогу,
І гэты аркуш нудны, хрусткі, роўны, міла-цнатлівы
Пад маёй рукой.
 
Я стамілася, Любая, абдзіраць сваё сэрца
Аб прагу цябе,
Уціскаць яе ў дробныя кроплі атраманту
І дасылаць.
Я згараю тут ад самоты ў полымі
Вялікай поўні.
 
 
 
Белыя парэчкі
(White Currants)
 
Прынесці табе белых парэчак?
Не ведаю чаму, але я раптам уявіла гэтыя ягады.
І цяпер іх вобраз лашчыць мае пачуцці,
Падаецца, яны больш жаданыя, чым найяснейшыя смарагды.
Хаця ў маіх руках насамрэч пуста,
І я магла б абраць індыйскія самацветы,
Але я абіраю белыя парэчкі.
Можа, таму што ахрыплы вецер грукоча за рогам дома?
Я бачу, як ён акругляе вусны і агаляе іклы, змрочны і злавесны,
Ён рые, угрызаецца, знішчае кволае карэнне крокусу.
Назавем гэта белымі парэчкамі?
Можаш бачыць у іх сімвал, калі хочаш.
Можаш лічыць іх даўкімі, ці салодкімі, ці проста прыемнага колеру,
Абы ты прымала б іх,
І мяне.
Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2019

Чытайце таксама

Вірджынія Вулф

Вірджынія Вулф

Ангельская раманістка і эсэістка, адна з самых яркіх фігураў ангельскага мадэрнізму XX ст.

Кнут Гамсун

Кнут Гамсун

Нарвежскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Эдыт Сёдэргран

Эдыт Сёдэргран

Фінска-шведская паэтка Эдыт Ірэнэ Сёдэргран нарадзілася 4 красавіка 1892 году

Марыя Французская

Марыя Французская

Марыя Французская – паэтка, якая, як мяркуецца, нарадзілася ў Францыі ў канцы ХІІ ст

375