№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Івар Сільд

пачуццё што нешта не так

Вершы

Пераклад з эстонскай Вольга Гапеева
Добрыя рэчы
(Head asjad)
 
так нядобра, так нельга казаць пра сябе што ў цябе пальцы монстра і зневажаць сябе нельга
і потым я збіраю дзьмухаўцы і трыпутнік і тонкія струкі гарошку
лекуючы пачуццё што нешта не так што не такі як астатнія
толькі таму што ўсе гэтыя хлопцы ў клубах былі сама чортава ветлівасць
не трэба думаць што нешта будзе іначай як каляды без снегу або купалле
калі ні кроплі і ні мёртвай пчалы не ўпадзе з бэзавага неба
можна ці нельга, хто чорт яго бяры пакінуў крокамер уключаным
ў даволі самотным чэраве
адразу
нельга сказаць
 
 
 
Сублімацыя
(Sublimatsioon)
 
мае жудасныя ручышчы
караскаюцца па табе бы павучыныя
цыбатыя нашчадкі
 
з кожнай каморкай кончыкаў пальчыкаў
з кожным дымінутывам
 
адчуваю тваю пяшчотную сілу
што пульсуе ад крывяных цельцаў
і азону
 
мае жудасныя ручышчы
бы кроплі трызнення паэта
падаюць на цябе
 
 
 
Вечнае жыццё
(Gavene elu)
 
аўтар не можа памерці
чытач патрабуе, каб быў ён на сцэне
ізноў ды ізноў
 
галаграфічная асоба
шамкае заікаецца запінаецца
выпадкова
мяшаючы гісторыю жыцця
мяшаючы гісторыю поспеху
з бабулінымі перлінамі
рассыпаючы іх у думках па прастакутніку
 
усё паднялі
некаторыя кінулі
у такім гневе
што на ілбе засталася адтуліна
 
але ён не можа памерці
чытач патрабуе
хоча яснасці
ці спыняе знак стоп
ці ветранае бурлівае мора
ці можна тэарэтызаваць клятву
 
аўтар памёр на пачатку мінулага стагоддзя
але ягоны шкілет усё грукоча
скрыгоча зубамі
чэрап Гамлета на далоні
 
сцэна не дазваляе
уваскрашэнне не дазваляе
страх не дазваляе
 
гісторыя жыцця
гісторыя поспеху
 
аўтар бачыць сябе
у тысячы варыянтаў
як калейдаскапічны шызафрэнік 
боль у вачах ад дзесяцігоддзя хіпі
ЛСД
 
дома з кубкам гарбаты і кнігай
як чытач
аўтар уздыхае
насамрэч добра жывым быць
Sublimatsioon
Пераклад з эстонскай – Вольга Гапеева © 2018

Чытайце таксама

Рудальф Блюмнэр

Рудальф Блюмнэр

Нямецкі паэт-дадаіст, актор. Зняўся ў фільме "Голем" (1915)

О. Генры

О. Генры

Амерыканскі пісьменнік, празаік, аўтар папулярных навэлаў, гумарэсак

Аўдун Мортэнсэн

Аўдун Мортэнсэн

Нарвежскі пісьменнік і мастак.

Сашко Ушкалаў

Сашко Ушкалаў

Паэт, драматург, перакладчык з Харкава

441