№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джакама Леапардзі

Сон (Sogno)

Верш

Пераклад з італьянскай Аксана Данільчык

Быў ранак, праз зачыненыя аканіцы

У цёмны мой пакой яшчэ слабое

Святло з балкона пасылала сонца.

У гэты час, калі салодкі самы 

І самы лёгкі сон прымружваў вейкі,

Схіліўся да мяне і ў твар мне глянуў

Пяшчотны вобраз той, што навучыла

Мяне кахаць, а потым кінула ў слязах.

Здавалася не мёртвай, але сумнай,

Бы ўсе няшчасныя, калі руку паклала

На лоб мой і прамовіла з уздыхам:

“Ці згадваеш былое ты, жывы, хоць зрэдку?”

“Адкуль, — я вымавіў, — і як прыйшла ты,

Прыгажуня дарагая? О, колькі, 

Колькі мне балела і баліць, я і не думаў,

Што ты пра гэта можаш ведаць, боль мой

Ад гэтага рабіўся несуцешным.

Але ты зноў мяне пакінуць хочаш?

Я вельмі гэтага баюся. А з табою

Што адбываецца і што душу цяпер турбуе?

Ты тая, што й раней?” Адказвала яна:

“Твае развагі забыццё звязала,

Іх зблытаў сон. Памерла я, ты бачыў

Апошні раз мяне даўно жывою”.

Ад словаў гэтых боль нястрымны сэрца

Маё працяў. “У росквіце гадоў я згасла,

Калі жыццё яшчэ салодкае, а сэрца

Пераканацца ў марнасці надзеі

Чалавечай не паспела. Смяротна хворы

Будзе клікаць тую, што яго пазбавіць

Ад болю зможа, ды нясцерпны воблік

Смерці для маладых і лёс няўмольны

Да тых надзей, што гаснуць пад зямлёю.

Не мае сэнсу ведаць тое, што схавала

Прырода ад нявопытных, ад мудрасці

Няспелай боль сляпы мацнейшы”.

“Маўчы, о нешчаслівая, о дарагая,

Маўчы, — я адказаў, — ты словам гэтым

Маё руйнуеш сэрца. Дык ты памерла,

Зорачка мая, а я жыву? На небе

Было прадвызначана: пот смяротны

Трываць пяшчотнае і дарагое цела

Павінна, а маёй нікчэмнай абалонцы

Застацца цэлай? Думаў неаднойчы,

Што больш няма цябе жывой на свеце,

Ды што цябе ніколі не сустрэну,

Не мог паверыць. Ах, што смерцю ёсць,

Пытаюся? Я сёння гэта мог бы

На вопыце адчуць і ўратаваць

Безабаронную душу ад лёсу злога.

Я малады, ды маладосць мая

Растрачваецца і мінае, быццам старасць,

Якой баюся, хоць яшчэ зарана. 

Ды мала чым ад старасці адрозны квет 

Жыцця майго”. Прамовіла: “Абодва з плачам   

Мы нарадзіліся, усмешку сваю шчасце

Нам не дарыла, цешылася неба

З пакутаў нашых”. — “Але ўсё ж калі

На вейках слёзы ад твайго сыходу

І бледны твар, калі цяжар на сэрцы

Яшчэ цяпер ад смутку, адкажы:

Да беднага каханка спагады іскра

Ці любові, пакуль была жывой ты,

У сэрцы прамільгнула? Я ў адчаі

І спадзяваннях бавіў дні і ночы,

А сёння томіцца ў пустых сумненнях

Мой розум. І калі за чорнае маё жыццё

Ты хоць аднойчы горыч адчувала,

То не хавай, прашу цябе, бо згадкі

Мяне цяпер ратуюць, калі ў нашых дзён

Забралі будучыню”. Адказала:

“Суцешся, о няшчасны, на спагаду

Я сквапнай не была ў жыцці і зараз

Не такая, хоць не была шчасліваю сама.

Не скардзься ты на бедную дзяўчыну”.   

Ад гэтых бедаў нашых і кахання,

Што спальвала мяне, я закрычаў: “Дзеля

Юнацтва мілага імя і страчанай

Надзеі нашых дзён, дазволь, о дарагая,

Мне дакрануцца да тваёй рукі”. Павольна    

І тужліва яна руку мне падала.

Я цалаваў яе і прыціскаў да сэрца,

Што ад пяшчоты невыноснай цяжка

Грукацела, твар узмакрэў і грудзі,

У горле абарваўся голас, цёмна

Зрабілася ў вачах, калі яна ласкава

І ўважліва мне ў вочы паглядзела:

“Ужо забыўся, дарагі, — сказала, —

Што я былой не маю прыгажосці?

І ад кахання, о няшчасны, ты дарэмна

Палаеш і трымціш. Цяпер бывай нарэшце.

І душы нашыя няшчасныя, і целы

Развітваюцца назаўжды. Не для мяне

Жывеш і жыць ніколі больш не будзеш,

Бо лёс наш перарваў кахання клятвы”.

Тады ад роспачнага крыку і пакутаў

З вачмі, напоўненымі несуцешным плачам,

Ад сну я абудзіўся. У вачах маіх

Яна стаяла, і ў няпэўным промні сонца

Мне мроілася ўсё яшчэ яе аблічча.

Пераклад з італьянскай – Аксана Данільчык © 2014

Чытайце таксама

Роберт ван Гулік

Роберт ван Гулік

Нідэрландскі ўсходазнаўца, дыпламат, музыка, аўтар ангельскамоўных аповесцяў пра суддзю Дзі

Грэгары Корса

Грэгары Корса

Амерыканскі паэт і мастак, адзін з яркіх прадстаўнікоў Біт-пакалення

Узі Вайль

Узі Вайль

Ізраільскі празаік, кінасцэнарыст і перакладчык.

Ігар Паглазаў

Ігар Паглазаў

Беларускі паэт. Пайшоў з жыцця ў 13 гадоў

335