№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

Жанчына, што гаварыла праўду (The Woman Who Told the Truth)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Кацярына Маціеўская


(з цыклу “Рэджынальд пра галоўныя заганы”)


Жыла-была, пачаў Рэджынальд, жанчына, што гаварыла праўду. Безумоўна, звычка гэтая з’явілася не ўвадначас, а прарастала ў ёй павольна, нібы лішайнік на здаровым з выгляду дрэве. У яе не было дзяцей — тады ўсё магло б быць іначай.

Гэта пачалося амаль незаўважна, без асаблівых на тое падставаў, апроч той, што жыццё яе было даволі пустым, таму так лёгка было спатыкнуцца і пачаць гаварыць праўду па дробязі. А потым усё ўскладнілася: мяжа дазволенага была пяройдзеная, пачалася праўда па-буйному — і ўрэшце яна сказала праўду пра свой узрост. Яна паведаміла, што ёй сорак два гады і пяць месяцаў, — як бачыце, да таго часу яе праўдзівасць сягнула нават месяцаў. Гэта, мабыць, прыемна анёлам, але яе старэйшая сястра была не вельмі задаволеная. На дзень нараджэння нашай жанчыны замест білетаў у оперу, на якія тая спадзявалася, сястра даслала ёй паштоўку з відам на Ерусалім з Элеонскай гары, што, згадзіцеся, не зусім адно і тое ж. Помста старэйшай сястры можа прымусіць сябе чакаць, але, як Паўднёва-ўсходні экспрэс, урэшце прыбывае без спазненняў.

Сябры жанчыны спрабавалі адгаварыць яе ад надмернага патурання гэтай звычцы, але яна сказала, што заручаная з праўдай, пасля чаго ёй заўважылі, што не зусім разумна так часта з’яўляцца разам на публіцы. (Бо прадбачлівая жанчына не будзе рэгулярна абедаць разам з мужам, калі хоча асляпіць яго, нібыта Адкрыццё прарока, за вячэрай. Яму трэба даць час на забыванне, а паловы дня для гэтага недастаткова). І неўзабаве шэрагі яе сяброў месцамі парадзелі. Яе жарсць да праўды аказалася несумяшчальнай з шырокім колам знаёмстваў. Напрыклад, яна сказала Мірыям Клапшток, як менавіта тая выглядала на балі ў Ілексаў. Ну безумоўна, Мірыям пыталася пра бесстаронняе меркаванне, а нашая жанчына штодня малілася ў царкве за мір ва ўсім свеце, але свет, на жаль, поўны супярэчнасцяў.

Усе пагаджаліся на адным: кепска, што ў яе няма сям’і. З дзіцёнкам-другім у доме неяк несвядома пачынаеш утаймоўваць празмернае імкненне да праўды. Дзеці дадзеныя нам на тое, каб мы стрымліваліся ў выказванні найлепшых пачуццяў. Вось чаму тэатр, як бы ні намагаўся, ніколі не будзе больш штучным, чым жыццё, — нават у ібсэнаўскай драме трэба выкрываць тое, пра што звычайна маўчыш у прысутнасці дзяцей і слугаў.

Лёс ад пачатку наканаваў, каб мы гаварылі праўду, і па справядлівасці частку віны павінен узяць на сябе. Таму, не маючы дзяцей, нашая жанчына была вінаватая хіба што ў неасцярожнасці самога пацярпелага.

З часам яна адчула, што стала рабыняю таго, што спачатку было не больш чым марнай схільнасцю. І вось аднойчы ёй усё адкрылася. Любая жанчына кажа сваёй краўчысе дзевяноста працэнтаў праўды, астатнія ж дзесяць — гэта той нескарачальны мінімум маны, на які ніводная кліентка, якая сябе паважае, ніколі не зробіць замаху. Майстэрня мадам Драга была месцам сустрэчаў голай праўды з крыкліва адзетай маной, і там нашая жанчына адчула ў сабе сілы зрабіць апошнюю спробу і ўваскрасіць прастадушны фальш мінулых дзён. Сама мадам была апанаваная натхненнем і мела выгляд сфінкса, які ведае ўсё на свеце, але пра большасць ахвотна маўчыць. Яна б праславілася, калі б была ваенным міністрам, але ёй было дастаткова багацця.

— Я прыбяру вось тут, а потым — ну пацярпіце хвілінку, міс Ховард! — потым тут, а потым вось так збяру — упэўненая, вам будзе нашмат зручней!

Жанчына крыху павагалася. Здаецца, так мала высілкаў патрэбна было, каб проста моўчкі згадзіцца з мадам. Але звычку было ўжо не перамагчы.

— Баюся, — прамармытала яна, — што тут вось крышку, ну зусім крышачку...

І гэтым “крышачку” яна акрэсліла ўсю незваротнасць сваёй рабскай залежнасці ад праўды. Мадам не вельмі радавалася, калі ёй пярэчылі ў прафесійных пытаннях, а калі мадам страчвала вытрымку, асобная вытрымка знаходзілася ў вашым рахунку.

І ўрэшце надышла жахлівая хвіліна, якую жанчына ўжо даўно прадбачыла, — яшчэ адна маленечкая праўда, што трывожыла яе ў хвіліны абуджэння. Неяк золкай раніцай у сераду, з цяжкасцю падбіраючы словы, яна заўважыла кухарцы, што тая выпівае. Сцэна, якая адбылася пасля гэтага, запомнілася ёй так выразна, нібыта была напісаная ў яе ўяўленні самім Эбі [1]. Кухарка была добрая — такія кухаркі сыходзяць за добрых; а як сыходзяць, то яна і сышла.

На наступны дзень на абед заявілася Мірыям Клапшток. Жанчыны і сланы ніколі не забываюць несправядлівасці.




[1] Эдвін Остын Эбі (1852—1911) — амерыканскі мастак, ілюстратар, з 1878 году жыў у Англіі; у 1902 годзе быў афіцыйным партрэтыстам на каранацыі Эдуарда VII. Ілюстраваў кнігі вядомых аўтараў, у тым ліку Шэкспіра.

Пераклад з ангельскай – Кацярына Маціеўская © 2010

Чытайце таксама

Георг Гайм

Георг Гайм

Нямецкі паэт, празаік, драматург, ключавая постаць ранняга экспрэсіянізму

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

Шарлота Пэркінс Гілман

Шарлота Пэркінс Гілман

Амерыканская пісьменніца, эканаміст, выкладчык і ранні тэарэтык фемінісцкага руху

Густаў Майрынк

Густаў Майрынк

Аўстрыйскі празаік, драматург перакладчык, прадстаўнік “Пражскай школы”

466