№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вольга Такарчук

Прачынайся, ты забіты (Otwórz oczy, już nie żyjesz)

Апавяданне

Пераклад з польскай Ганна Пазюк


С. не ведала, чаго хоча. Не ведала, чаго шукае на паліцах мясцовай бібліятэкі і ў кнігарнях. Калі б яна захацела пра гэта дакладна апавесці, то, мабыць, закаціла б вочы ўгору, выцягнула б вусны, як для пацалунку, і бездапаможна развяла б рукамі. С. шукала больш натуральных герояў і больш праўдападобных злачынстваў. Больш складаных матываў і такіх доказаў, на якія следчы ніколі не зверне ўвагі. Не, гаворка ішла не пра кроў і мяса, не пра бойню, не пра жахі. Гэтага яна дастаткова бачыла і па тэлевізары. С. хацелася чагосьці нетыповага, не да канца зразумелага — чагосьці, што толькі зрэдзьчасу высоўвалася б на паверхню, каб нагадаць пра сябе. А яшчэ С. хацела такога, што яе закранала б, чапляла за жывое, не давала спаць. Гэта цяжка было растлумачыць бібліятэкарцы ці прадавачцы.

— Сама не ведаю, — казала яна, круцячы з недаверам кніжку, але ўрэшце яе брала. Чытанне дэтэктываў было справай прыемнай з усіх бакоў. Яно нагадвала прыбіранне, раскладанне па шуфлядах — пакрысе хаос ператвараўся ў парадак. Але часам і парадак надакучвае.

С. прыносіла з мясцовай бібліятэкі цэлыя валізкі кніжак. Чытала іх запоем на кухні ды ў метро. Дзве-тры на тыдзень. Брала таксама дэтэктывы менш вядомых аўтараў, былі сярод іх добрыя, былі й зусім ніякія. С. пакаштавала дэтэктываў з прэтэнзіяй на літаратуру, з глыбокім падтэкстам, не заўсёды ёй зразумелым; асвойталася з дэтэктывамі дзіўнаватымі, быццам нейкія гібрыдныя расліны, пасмакавала дэтэктываў-галаваломак, дэтэктываў-паэмаў, разабрала на часткі дэтэктывы-“матрункі”, дзе кожны наступны раздзел адкрываў ужо нейкі іншы сэнс, іншую гісторыю, з выгляду не звязаную з сюжэтам; прадзіралася праз дэтэктывы-трактаты, поўныя інтэлектуальных выкрунтасаў, алюзіяў, якія яна мусіла разумець, але не разумела; змагалася з такімі, што прыкідваліся не дэтэктывамі, а даследаваннямі пра спазнанне ці маральнасць. Былі сярод іх і злачынныя аповесці, якія на вачах у чытача руйнавалі жанравыя прынцыпы, рабілі з іх нейкі агідны фарш і — што найгорш — называлі забойцу, абмінаючы ўвесь святарны абрад следства. Альбо такія, што цешыліся з кожнага сказа, адсоўвалі злачынства на задні план, закаханыя ў свой эстэтызм, бы красуня — у сваё адлюстраванне. Альбо, напрыклад, такія — ад адной думкі пра гэта сківіцы сціскаліся ад гневу і абурэння, — якія апісвалі злачынства ў найдрабнейшых дэталях, а пасля пакідалі яго нявыкрытым. Вычварэнцы! У кнігарнях з’яўлялася ўсё больш такіх дэтэктыўных “кентаўраў” — нейкія тэхнадэтэктывы, дэтэктывы навукова-папулярныя, мілосныя дэтэктывы. С. чытала ўсё, прынамсі, цярпела гэта. Яшчэ не здаралася такога, каб яна пачала чытаць і кінула. Прачытаць першы сказ для яе азначала тое самае, што падпісаць кантракт ці ўзяць шлюб, які будзе доўжыцца да канца. І не было ўжо дарогі назад. Пакуль выкрыццё забойцы не разлучыць яе з кнігай.

Едучы ў метро дадому, С. прачытала першыя старонкі і з прыемнасцю адзначыла, што раман пачынаецца як трэба. Тут было ўсё, што яна любіла: рэалістычна і дакладна акрэсленае месца дзеяння, рэчы, апісаныя з увагаю да дэталяў, яскравыя характарыстыкі персанажаў. С. адчула ўдзячнасць да аўтара за клопат пра чыюсьці лысіну ці пакамечаныя штроксавыя нагавіцы, бо ўжо з гэтых штрыхоў ёй у цёмных мігатлівых шыбах вагона малявалася ўся карціна.

Апавядалася пра тое, што ў нейкім невялічкім, але прыгожа размешчаным палацыку ў Фландрыі адбывалася сустрэча майстроў дэтэктыўнага жанру. Уладаркаю сядзібы ды ініцыятаркай гэтага незвычайнага з’езду была каралева дэтэктыву, вельмі старая, гадоў за восемдзесят, Ульрыка.

С. па некалькіх фразах даволі падрабязных апісанняў уявіла яе шчуплай, да касцей высахлай бабулькаю з доўгімі кашчавымі пальцамі. Яна была падобная да Барбары Картлэнд, можа, таму, што таксама напісала колькі дзясяткаў кніг, якія прынеслі ёй славу. Блакітны ядваб сукенак Ульрыкі і празмерная колькасць залатых бразготак білі ў вочы. С. падумала, што яна, пэўна, пахне сенам, якое мае самы крохкі водар у свеце.

Ульрыка была фламандка, палацык спрадвеку належаў яе сям'і, але пасля бітвы пад Іпрам страціў сваю прывабнасць — мабыць, таму, што сама зямля тут смярдзела трупамі. С. зірнула на свайго суседа, які на каленях вёз у кошыку кацяня, і падумала, што трэба ўдакладніць, пра якія падзеі гаворка. Пра Першую сусветную ды іпрыт? Пэўна, так.

Знакамітая Ульрыка пастанавіла ў тэстаменце, што пасля яе смерці палацык у каштанавым парку стане асяродкам творчай працы, прытулкам для аўтараў дэтэктыўных раманаў. Унізе, адразу ля ўваходу, адна зала будзе прысвечаная ёй самой — жыццю і творчасці. Фотаздымкі, вітрына з рукапісамі, калекцыя шматмоўных выдан¬няў. Сваю бібліятэку, парк, прыгожанькі “рэно”, а таксама сваю найлепшую фламандскую кухарку (доўгага ёй жыцця!) яна аддасць у распараджэнне гасцей. Пакоі на першым паверсе, што месціліся ў цесным калідоры адзін пры адным, як каморкі, малыя і цёмныя, будуць служыць наступным пакаленням аўтараў на славу дэтэктыву.

Да свайго жалю, С. мусіла адкласці кнігу якраз тады, калі з найбліжэйшага да Баена вакзала сустракалі першага прыбылага. Ёй спадабалася, што па яго прыехаў аўтамабіль з палаца. Менавіта згаданы сіні “рэно”. Першым госцем быў той самы лысы мужчына ў пацёртых штроксавых нагавіцах.

С. паднялася з сеткамі на чацверты паверх і дацягнулася да сваёй кватэры. Адчыніла акно, і ў дом уляцеў яшчэ слабы й невыразны пах вясны. Мімаходзь С. заўважыла некалькі малых мушак на лістах кардону, што перанёс зіму амаль без пашкоджанняў. Пасля С. накарміла ката, паставіла ваду для макароны і, чакаючы, пакуль закіпіць, прысела на зэдліку ў кухні чытаць далей.

Мужчына зваўся Лангфэла і быў знакамітым ангельскім аўтарам дэтэктываў. Змораны далёкай дарогай, ён думаў толькі, каб перад сумеснай вячэрай хвілінку падрамаць. Аднак усё-ткі з цікавасцю глядзеў на маркотны імглісты краявід паўночнай Францыі, які, як яму здавалася, хутчэй паспрыяў бы напісанню сентыментальных трылераў.

— А праўда, што паблізу ёсць вялікія брытанскія вайсковыя могілкі? — запытаў ён у мажнога кіроўцы, які перад гэтым на станцыі дапамог яму пагрузіць дзве вялікія валізы, а цяпер прыязна ківаў, паварочваючыся ўсім целам да пасажыра. Машына рызыкоўна праехалася правымі коламі па ўзбочыне, і Лангфэла ўскрыкнуў.

Кіроўца выбачыўся і больш не сказаў ані слова. Таксама моўчкі занёс валізы наверх і паказаў яму пакой.

Калі Лангфэла дабраўся да свайго пакоя, вада для макароны закіпела, і С. занялася абедам. А потым не было ўжо й размовы пра чытанне: вярнуліся са школы дзеці, пазапальвалі ўсюды святло, уключылі тэлевізар, пасля з’явіўся муж С. — як звычайна, з кіслай, незадаволенай мінай. С. памыла посуд, а пасля дастала прасавальную дошку і за гэтай найнуднейшай у свеце працай правяла цэлы вечар. За кніжку яна ўзялася толькі позна ўначы, калі муж ужо спаў, жаласна пахропваючы, як малы хлопчык, якому ўзвалілі на плечы цэлы свет.

Лангфэла замовіў сабе гарбаты ў пакой, а пасля распакаваў рэчы і ўважліва агледзеўся. Пакой быў абсталяваны з нейкай паўночнай суровасцю: вялікі двухспальны ложак, стол для працы і прыгожая старая шафа. Акно глядзела ў парк, які цяпер, на змярканні, патанаў у фіялетавым сяйве. Аранжава свяцілася пажоўклае лісце каштанаў. Лангфэла незадаволена адзначыў, што ў пакоі няма лазенкі, і давядзецца ісці ў канец доўгага калідора. Да гарбаты падалі смятанкавы саладжэнік — як мае быць, на парцалянавым сподачку.

С. нядоўга думаючы ўстала і ўпоцемку пайшла на кухню. Вядома, яна не знайшла ў буфеце смятанкавых саладжэнікаў. Аднак ёй хапіла і пары падсохлых коржыкаў. Тым часам Лангфэла марыў пра шкляначку віскі, але вырашыў да вячэры ўніз не спускацца.

Другой у палацык тым вечарам прыбыла Ан-Мары дзю Лак. Нягледзячы на тое, што яе рукі прамерзлі да касцей, яна спрытна падвяла свой адкрыты аўтамабіль да пад’язной пляцоўкі. Пакуль С. даведалася пра яе няшмат. У кніжках дзю Лак дэтэктывамі заўсёды былі жанчыны і сваёй праніклівасцю пераўзыходзілі калегаў-мужчын. Ан-Мары курыла люльку і ніколі не здымала вычварнага галаўнога ўбору. Часам гэта быў просты фетравы кацялок, а часам — незвычайнае канацье з рафіі ды птушыных пёраў. З-пад яго выглядалі прамыя пасмачкі сівых валасоў. Падавалася, яна была адной з найразумнейшых жанчын у краіне. Героі яе кніг уражвалі бліскучымі дыялогамі. Як адзіная жанчына сярод запрошаных гасцей яна атрымала пакой з лазенкаю. Уяўляючы сабе гэты светлы жаночы пакой з крэмавымі шпалерамі, С. заснула. Апошнім вобразам, які яна яшчэ бачыла, былі доўгія пальцы францужанкі, што адкручвалі металічныя краны ў выглядзе рыбіных галовак.

Раніцай не атрымалася прачытаць ні старонкі. С. ехала на працу ў метро ў такой цісканіне, што ёй зрабілася млосна. Натоўп вынес яе проста пад ранішні веснавы дождж. С. бегла праз бліскучае цэнтральнае скрыжаванне горада да канторы і ўжо думала толькі пра тое, што трэба сёння зрабіць. Ад беганіны па мокрай слізкай вуліцы ў яе расхістаўся абцас, і даводзілася ступаць асцярожней, каб ён, чаго добрага, не адваліўся зусім. А пасля — шамаценне папераў, беспаспяховае рэгуляванне батарэяў, боль у галаве, якая ў душным паветры высыхае, нібы кукурузная кіёўка. Прэзентацыя новай крэдытнай праграмы, белая віскозная блузка, прыліплая да ўзмакрэлага цела. Згадаўшы халодны блакіт шаўкоў Ульрыкі, С. засумавала па Фландрыі. Не, не пачытаць ёй сёння спакойна, бо ўвечары яны з мужам ідуць на ўлазіны да знаёмых. У перапынку на ланч, калі ўсе сышлі ў бар альбо моўчкі елі па кутах свае канапкі, С. выцягнула з сумачкі кніжку, зачынілася ў дамскай прыбіральні і пачала чытаць.

Вячэра была а восьмай. Усе ўжо сабраліся — Ульрыка ў блакітным строі з неймавернай даўжыні муштуком, сівая і ўся ў поблісках золата. Упэўненая, уладная, іранічная і вострая, бы лязо. У некалькіх фразах, што апісвалі Ульры-ку, між радкоў чыталіся намёкі на яе жорсткасць. Але, можа, С. так толькі здалося. Лангфэла, яшчэ крыху заспаны, разгублены, ні стары, ні малады, як і ўсе ангельцы, у штроксавым пінжаку з нашытымі на локцях скуранымі лапікамі. Ан-Мары, экспансіўная (ах, як С. любіла гэтае слова, хаця і не зусім ведала, што яно дакладна азначае), зграбная і гнуткая, у доўгай плісаванай белай спадніцы й белым пуловеры, цёпла прывіталася з гаспадыняй, не раўнуючы дачка з матуляй, ці нават унучка з бабуляй. Яе бліскучая ўсмешка, якая без сарамлівасці адкрывала ўсе тайніцы яе ротавай поласці, здавалася, прамаўляла: “Глядзіце, мне няма чаго хаваць!” І яшчэ пан Фрухт — дробны, несіметрычны, нязграбны. Гледзячы на такога, міжволі шукаеш сляды нейкага прыхаванага калецтва, а пасля расчаравана ўрэўніваешся, што з ім усё ў парадку. І на закуску — а як жа без яго! — цемнаскуры малады амерыканец, станісты і прыгожы. Блізарукі Лангфэла ледзь не прыняў яго за лёкая. Гэты Лу Як-там-яго (С. не вельмі добра ведала замежныя мовы, а таму заўсёды мела складанасці з ангельскімі прозвішчамі) быў новым знаёмым Ульрыкі. Яна сцвярджала, што Лу піша найлепшыя дэтэктывы ў Амерыцы і за ім будучыня. Прынагодна Ульрыка ў пары словаў пераказала яго апошні раман “Божыя дрэвы”: бабулька ў інваліднай калясцы, найстарэйшая ў родзе, вынаходліва забівае непатрэбных ёй нашчадкаў з дапамогай соку канваліі, які раз-пораз дадае ў традыцыйную гарбату. Малады чалавек задаволена ўсміхаўся, слухаючы кампліменты. Падалі халодную закуску з печанай гародніны. А да яе — віно, марка якога нічога С. не казала. Старая гаспадыня вяла рэй у размове. Здавалася, яна трымала ўсіх у руцэ, як пачак сурвэтак.

А яшчэ за сталом прысутнічала маўклівая панна Шацкі, якая была для Ульрыкі кампаньёнкай, сакратаркай, пакаёўкай і, безумоўна, дзяўчынкай для біцця. Жанчына за сорак, пульхная, нібы прысыпаная попелам, яна нагадвала бісквіт у цукровай пудры. Вялікі карункавы каўнерык адцягваў увагу ад яе па-мацярынску заклапочанага твару. Калі да панны Шацкі звярталіся, яна чырванела, зарумяньвалася, нібы скарынка, прамянілася ружовым колерам малінавага жэле, але праз імгненне зноў блякла. Ульрыка была да яе больш чым жорсткай.

Едучы ў метро дадому і ўвесь час згадваючы пра абцас, С. даведалася пра гульню ў Забойцу. Яе трохі здзівіла, што замест таго каб весці сур’ёзную размову пра мэту прыезду, будучыню дэтэктыўнага жанру ў свеце ці, напрыклад, пра нядобрасумленнасць выдаўцоў і залішняе нахабства агентаў, яны проста расселіся на канапах у гасцёўні і пачалі гуляць. Відавочна, каб чытач мог бліжэй да іх прыгледзецца. Інтрыга ўжо мусіла завязацца. Ужо мусілі з’явіцца першыя асцярожныя падказкі. Цяпер С. пачала чытаць вельмі ўважліва. Калі б абедзве яе рукі былі свабодныя, С. пацерла б імі ад задавальнення: ну, пачынаецца. Але яны былі занятыя. У левай — кніжка, а правая падтрымлівала торбы з закупамі. Краем вока С. заўважыла, што на суседняе сядзенне сеў мужчына ў скуранцы з даберманам на кароткім павадку. Сабака паглядаў на яе непрыязна.

Сэнс гульні быў у тым, што ўсе мусілі заплюшчыць вочы, быццам спяць, а ў гэты час Вядоўца, ходзячы вакол гульцоў, дотыкам пальца вызначаў Забойцу. Потым Забойца паказваў вачыма на Ахвяру, якую бачыў, вядома ж, толькі Вядоўца. Ён абвяшчаў уголас імя, і ўсе прачыналіся — расплюшчвалі вочы. Цяпер пачыналася галоўная частка гульні — следства.

Трэба было паміж сабой вызначыць, хто Забойца. Калі гульцы памыляцца, Забойца забівае наступнага. Калі адгадаюць, Вядоўца выбірае новага Забойцу.

Спачатку С. не зусім разабралася ў правілах, і ўсё, шчыра кажучы, здалося ёй досыць дзіўным. Але хутка яна зразумела задуму апавядальніка: чытач мусіў атрымаць адпаведную порцыю інфармацыі пра герояў і стасункі паміж імі. С. прыняла гэтыя правілы за добры знак. Хай гуляюць.

Першай ахвярай быў Фрухт, вяла, вядома ж, Ульрыка.

— Прачынайся, Фрухт, — сказала яна, — ты забіты. Фрухт быў непрыемна здзіўлены тым, што яго забілі першага. Ён надзьмуўся і каўтнуў ладную порцыю каньяку.

— Ну, пачнем, — прыспешыла іх гаспадыня. — У каго з вас была падстава забіць спадара Фрухта?

— Можа, не будзем казаць “забіць”? — раптам ажывіўся Лу. — Можа, скажам “выключыць”, ці “нейтралізаваць”, ці як-небудзь яшчэ? “Забіць” гучыць нядобра. Бо, заўважце, ніхто, калі забівае, не думае, што забівае, майце гэта на ўвазе. Прынамсі я не хачу быць “забітым”.

— Але ж гэта толькі словы, — няголасна заўважыў Лангфэла. — Крыху пачуцця гумару, калега!

Астатнія таксама праігнаравалі заўвагу Лу, а ў дужках было напісана, што Ан-Мары падумала пра яго: “Неўротык”, — а ўголас дадала:

— Спадара Фрухта забіў Джон, Джон Лангфэла, бо ў таго пакой лепшы за ягоны. Бліжэйшы да лазенкі.

Лангфэла ў ролі падазраванага захаваў узорна каменны выраз твару, а Ульрыка ўсміхнулася:

— Нішто сабе для пачатку, але хацелася б нейкіх больш пераканаўчых матываў.

— Зайздрасць, — няўпэўнена прамармытала спадарыня Шацкі і адразу ж пачырванела.

— Ці магу я абараняцца? — спытаў Лангфэла. Ульрыка падтакнула:

— Вядома ж, абараняйся. У гэтым і сэнс. Абараняйся, нават калі вінаваты, уводзь нас у зман, замятай сляды. Інакш будзе нудна.

— Не думаю, што матыў зайздрасці можна ўспрымаць сур’ёзна, — пачаў ангелец. — Што такога мае спадар Фрухт, апроч лазенкі, каб яму зайздросціць? У Францыі дэтэктыў ніколі не будзе карыстацца такім попытам і павагаю, як у мяне на радзіме. З гэтага вынікае і павага, якой карыстаюцца аўтары. Я напісаў дваццаць чатыры кнігі, у мяне рэпутацыя, мае кнігі перакладзеныя на шмат моваў, мяне называюць класікам дэтэктыву.

Фрухт перапыніў яго на паўслове:

— Я не пішу дэтэктываў. Я пішу раманы, выкарыстоўваю прыёмы гульні, напрыклад, моўнай, звяртаюся да эрудыцыі чытача, апелюю пераважна да міфалагічных матываў. Я карыстаюся магчымасцямі гэтага жанру для літаратурнай гульні з чытачом. Гэта не банальныя дэтэктывы, як у... — тут ён прыкусіў язык і ўтаропіўся ў дно кілішка. Ульрыка заклікала яго да парадку:

— Ахвяра маўчыць. Такія правілы.

На жаль, у гэты момант С. мусіла перарвацца, каб выйсці на сваёй станцыі. Па дарозе дахаты яна хацела пачытаць ідучы, але вырашыла, што з расхістаным абцасам гэта будзе небяспечна. Гульня ёй спадабалася. Калі гуляць усур’ёз, яна магла б зрабіцца чымсьці накшталт групавой псіхатэрапіі. С. падумала, што можна прапанаваць яе хатнім. Муж перакідваўся з імі, можа, пяццю словамі на дзень, старэйшы сын амаль не бываў дома, а дачка зачынялася ў пакоі і слухала нудную бразгатлівую музыку. Нават кот цэлымі днямі праседжваў на балконе, з нейкай жывёльнай меланхоліяй углядаючыся ў суседнія шматпавярховікі. Хто з іх забіў бы ката?

С. хутка зрабіла на абед лазанню з паўфабрыкату і адпрасавала сабе выходную сукенку. Пасля яна доўга шукала любімую кашулю мужа і ўрэшце знайшла яе, брудную, запхнутую за батарэю ў лазенцы.

— Я чытаю цікавую кніжку, — сказала яна мужу ў таксоўцы, але той пачаў размаўляць з кіроўцам пра перавагу газавага паліва над бензінам.

Новы дом знаёмых аказаўся такі прыгожы, што С. нават сумна зрабілася. Гаспадыня вадзіла іх пакоямі, яшчэ поўнымі паху свежай фарбы і дрэва, паказвала абедзве лазенкі. У большай з іх была вялізная двухмясцовая ванна, і С. раптам страшна захацелася выкупацца ў такой. Наліць пеністай вадкасці для ваннаў і ляжаць сабе, чытаючы, цэлымі вечарамі. З келіхам шампанскага на гладкім кафлевым краі.

Гаспадар дому ганарліва распаліў навюткі камін. На імгненне зрабілася дымна, але ўжо адчынілі вокны ў сад, і крамяны подых веснавога, з пахам зямлі, вечара ўліўся ў пакой. С. дапамагала гаспадыні насіць салаткі і ўкладваць печыва ў кошыку. Мужчыны стаялі на тэрасе і курылі, разважаючы пра разнавіднасці дахавых пакрыццяў. Выпіўшы колькі бутэлек віна, яны з разрумяненымі тварамі сядзелі каля каміна і пляткарылі пра знаёмых. С. прыйшло ў галаву, што цяпер можна было б згуляць у Забойцу. Яна прапанавала ім гэта і пераказала ўмовы гульні. Усе згадзіліся, хоць і неахвотна. Спачатку вяла С. Яна кальнула ў спіну гаспадара, даючы яму ролю Забойцы. Ён тут жа забіў сваю жонку. Гульня не атрымалася, бо ўсе адразу дружна адкрылі праўду.

— Дурная гульня, — сказаў муж С. — Пагуляйма ў амбасадара.

— Чаму мы павінныя ў нешта гуляць? — запратэставала гаспадыня дому. — Мы так рэдка бачымся, шкада часу на гульню.

Яны адкаркавалі яшчэ бутэлечку віна і з келіхамі ў руках аглядалі свежапасаджаныя кусты рададэндранаў і фарзіцыі.

Вярнуліся дадому за поўнач. С. узяла ў ложак кнігу, але паспела прачытаць толькі пра тое, што пісьменнікі гулялі далей. Гэтым разам ахвярай была панна Шацкі, а Лангфэла быў пад падазрэннем у Лу. Забіў з помсты. “Гэта было б вельмі проста”, — падумала С. Але ў яе кружылася галава, таму яна паклала кнігу на падлогу каля ложка і заснула.

Прачнулася С. з непрыемным пачуццём, што праспала на працу, але з палёгкай успомніла, што сёння субота. Палоска сонечнага святла бязлітасна паказвала ўсе плямы на шэрым дывановым пакрыцці ў спальні. “Трэба яго калі-небудзь вымыць”, — сонна падумала С. Ідучы зварыць сабе кавы, яна ўбачыла ката, які нерухома сядзеў на балконе. Дзверы былі зачыненыя. С. тут жа пусціла яго ў кватэру — той спакойна ўвайшоў — ані знаку эмоцыяў з прычыны халоднага начлегу. Як дзеці маглі забыць пра ката? Нельга разлічваць нават на сваіх дзяцей. С. зрабіла два кубкі кавы і занесла іх у спальню. Каву для мужа паставіла з яго боку — у найгоршым выпадку вып’е халодную. Абаперлася на падушку і, п’ючы маленькімі глыточкамі гарачую каву, пачала чытаць. Менавіта так С. магла б правесці рэшту жыцця — не вылазячы з ложка і чытаючы дэтэктывы.

Кампанія ў кнізе працягвала гуляць. Вадзіў Фрухт, забілі Лу. С. спрабавала прасачыць за прыхаванымі матывамі. Яна была ўпэўненая, што апавядальнік наводзіць на нейкія сляды, але не магла скеміць, на якія. Ці трэба гэтую гульню ўспрымаць усур’ёз? Бо калі яна так падрабязна апісваецца, то мусіць мець нейкі сэнс для сюжэту. “Што за дзіўная кніжка”, — думала С. з усё большай нецярплівасцю.

Выявілася, што Лу забіла Ульрыка (гэта адкрыў апавядальнік). Гульцы не здагадаліся, і Ульрыка засталася непакаранай. Прапанавалі пакараць Лангфэла (“Яны разважалі гэтаксама, як я”, — заўважыла С. і ўсцешылася ўласнай кемлівасці). Вядома, нікому і ў галаву не прыйшло, што Ульрыка магла забіць свайго маладога ўлюбёнца з Амерыкі. А вось жа.

С. трохі разгубілася. Бо ў кніжцы пачаўся наступны дзень, а нічога яшчэ не здарылася. У Агаты Крысці ўжо быў бы труп, а тут гаспадыня маёнтка запрасіла ўсіх на шпацыр, і яны аглядалі клумбы з восеньскімі крэмавымі ружамі, гулялі па алеях, збіраючы цудоўныя зіхоткія каштаны. Пасля ланчу быў вольны час. Ан-Мары паехала на машыне па цыгарэты ў Баен. Ангелец выправіўся да вайсковых могілак. Ульрыка спала. Панна Шацкі працавала з карэспандэнцыяй. Лу... Што рабіў Лу? Некуды паехаў на ровары. Сустрэліся разам яны адно за гарбатай і зноў пачалі гуляць у Забойцу.

Як вынікала з багатага досведу чытання С. дэтэктываў, у гэтым месцы прыблізна ў кожнай трэцяй кніжцы пасля знаёмства з героямі мусіла адбыцца злачынства. “Можа, яно будзе пасля вячэры?” — падумала С. Цяпер яна чытала вельмі ўважліва, усведамляючы, што кожная падрабязнасць можа быць істотнай. Кожнае, нават дробнае, выказванне, кожны намёк. Але й пасля вячэры кампанія нявінна гуляла. Другі раз быў забіты Лу, але яго твар заставаўся непранікальным, пэўна, пра нешта сам сабе думаў. Неўзабаве па вегетатыўнай прыкмеце (румянец!) высветлілі, што яго забіла панна Шацкі. Зрэшты, здавалася, што ёй увогуле няважна, ці выкрыюць яе. Пасля забілі Ан-Мары, якая не прамінула зазначыць. што гэта змова супраць жанчын. С. заўважыла, што ва ўсіх гэтых магчымых камбінацыях (Вядоўца — Забойца — Ахвяра) у ролі ахвяры не бывае Уль¬рыкі. Яе абмінаюць — нібыта таму, што забіваць гаспадыню і славутую пісьменніцу, хай сабе ў гульні, лічыцца няветлівым.

Пасля ўсе размаўлялі ў гасцёўні пра літаратуру і незвычайныя спосабы забівання. Усім спадабаліся атручаныя маркі Лангфэла. Паштовая чыноўніца ў маленькім гарадку ў Ёркшыры такім чынам прыбірае магчымых пакупнікоў свайго дому, выстаўленага на аўкцыён. Пасля ўсе пайшлі спаць, і С. была ўпэўненая, што менавіта гэтай ноччу адбудзецца тое, што мае адбыцца. Цікава, хто каго заб'е? I чаму? У гэтую самую хвіліну прачнуўся муж, пацягнуў за коўдру, і С. праліла палову кубка на пасцель. Раззлаваная, яна пайшла наліць ванну. Мабыць, шум пабудзіў дзяцей, бо яны пачалі стукацца ў дзверы.

С. закруціла краны і ўладкавалася за маленькім столікам на кухні. Ёй карцела зазірнуць на апошнюю старонку (яна не рабіла гэтага ніколі-ніколі!). Уся гэтая кампанія паволі пачынала яе раздражняць. Раніца была такая ж, як і ўчора. Толькі яны (без Ульрыкі і панны Шацкі) вырашылі пакатацца на аўтамабілях. У Іпры выпілі салодкага фламандскага піва і з’елі бліноў. (С. падумала, што даўно не рабіла бліноў). На гэтым шпацыры выявілася, што Ан-Мары й Лангфэла добра ведаюць адно аднаго. Прынамсі, яны далі зразумець, што пазнаёміліся і пасябравалі некалькі гадоў таму. Фрухт нават пачаў падазраваць іх у нечым большым і прызнаўся ў гэтым Лу. Лу сказаў, што гэта іх не датычыць. Пасля Фрухт аддзяліўся ад групы, і ўсе яго чакалі, пакуль ён не вярнуўся, просячы прабачэння. Ён не сказаў, што рабіў. Паехалі дадому на гарбату, пасля сядзелі ў сваіх пакоях, а Лу заняў лазенку на добрыя дзве гадзіны. Чакаючы чаргі ў лазенку, С. зрабіла яшчэ кавы. Усе ўжо былі на нагах. Грукалі пры складанні канапы-ложкі, шумеў душ, жухаў цяжка напяты мужавы эспандэр. С. вырашыла чытаць далей, што б ні здарылася. Яна падумала, што хаця б у суботу мае на нешта права.

Гэтым вечарам зноў гулялі, і нехта забіў Ульрыку, быццам адчуўшы незадаволенасць С. Хто — ведаў толькі Вядоўца Лу, але астатнія не здагадаліся, і гэта засталося нявысветленым. Ульрыка была заўважна ўзрадаваная. Пасля загінулі Лангфэла і панна Шацкі. Забівалі Ульрыка і Ан-Мары. Фрухт здаваўся хворым і раней за ўсіх пайшоў спаць.

Раніцай усе прачнуліся жывыя і абсалютна здаровыя. С. расчаравана пераканалася ў гэтым, праверыўшы, хто прыйшоў на сняданак.

З гэтай кніжкай было штосьці не так. С. дайшла ўжо да паловы, але ніводная калізія дагэтуль не завязалася. Нічога не адбывалася. “Гэта немагчыма”, — падумала С. і яшчэ раз уважліва прагледзела вокладку, прачытала ззаду фрагмент рэцэнзіі, у якой тлустымі літарамі былі выдзеленыя словы “незабыўныя перажыванні” і “трымае ў напружанні да канца”. С. нічога не разумела. Гэта нейкая чухня. Яна ўжо была гатовая зазірнуць на апошнюю старонку. Дасведчаныя чытачкі дэтэктываў ведаюць, якое гэта злачынства. Гэта як выліць ваду разам з немаўлём, ссекчы сук, на якім сядзіш, выкапаць яму і самому туды ўваліцца. Пазбавіць сябе прыемнасці паступовага адкрыцця — значыць спляжыць сэнс аўтарскай працы, пасмяяцца з яго, напляваць на яго высілкі. С. была правільная чытачка, падпарадкоўвалася законам жанру і чым большую мела спакусу, тым больш супраціўлялася. Але калі ўсе госці Ульрыкі ў поўным здароўі дажылі да вячэры, С. не на жарт узлавалася. Яна пакінула кніжку на буфеце вокладкай дагары і ўзялася выконваць абрады сямейнай суботы. Яна папрасіла сына дапамагчы спячы бліны і здолела нават крыху з ім пагутарыць. Дачку адправіла ў цукерню па цеста, і пасля абеду яны ўчатырох папілі гарбаткі. Пасля ўсе разам глядзелі нейкі амерыканскі серыял, але, праўду кажучы, С. не магла на ім засяродзіцца. Яна думала пра тых, замкнёных у фламандскім замку. Думала пра панну Шацкі, пра тое, што яна прысвяціла Ульрыцы ўсё сваё жыццё. Ці напраўду Лангфэла і Ан-Мары маглі б быць разам? І дзе хадзіў Фрухт? Не любіла С. гэтага Фрухта. Здалёк было відаць, што ён штосьці задумаў.

С. ведала, што нехта некага заб’е, і таму непакоілася. Урэшце гэта мусіла адбыцца, бо яна ж дэтэктыў набыла. С. ціхенька выйшла на кухню і зноў прысела ля стала, застаўленага гатовымі блінамі (засталося толькі намазаць іх салодкім сырам). Прачытала некалькі старонак, але таварыства зноў размаўляла ды шпацыравала. С. перагарнула некалькі старонак і, наперакор сабе, прачытала адзін сказ:

“Сёння ўвечары я хацеў бы быць Вядоўцам, — сказаў Лангфэла і абвёў усіх позіркам”.

С. хутка закрыла кніжку з невыразным пачуццём віны, злая на сябе, расчараваная.

Увесь пасляпаўдзённы час С. праглядала газеты мінулага тыдня, потым узялася праць. Дзеці незаўважна ўпырхнулі, муж патануў у шклістым святле тэлевізара. Неўзабаве настаў вечар — доўгі, пусты, быццам ён выпаў з часу і распасцёрся па-над горадам у неспакойным чаканні. С. цьмяна адчула, што павінная нешта зрабіць, вырашыць нешта вельмі істотнае. Утульна ўладкаваўшыся на засцеленым ложку, яна думала. Праз нейкі момант усё падалося ёй вельмі простым. Яна надзела плашч і абулася. Да гасцёўні, што ўнізе, ёй удалося дабрацца без цяжкасцяў. Планіроўку С. ведала добра. На стале стаялі пустыя кілішкі з-пад каньяку і попельніца, поўная недакуркаў. Лесвіца была пакрытая мяк¬кім дываном, таму С. бязгучна паднялася наверх. Яна прайшла праз другі паверх, акінуўшы вокам шэраг замкнёных дзвярэй, ледзь бачных у цемры. С. дакладна не ведала, які з двух пакояў наверсе належаў Ульрыцы. Яна рызыкнула. Дзверы, калі С. іх адчыняла, лёгенька зарыпелі. Як толькі яе вочы крыху прызвычаіліся да цёмна-сіняй цемры (звонку, у парку, увесь час гарэлі ліхтары), С. убачыла маленькі калідорчык, пасля — бібліятэку з велізарным пісьмовым сталом пасярэдзіне, цёмнай чырванню цепліўся камін. Двайныя рассоўныя дзверы, мабыць, вялі ў спальню. Яны былі прачыненыя настолькі, што С. толькі ледзь іх кранула. Яна ўбачыла сумную карціну: бабулька спала, шырока разявіўшы бяззубы рот. Яна была амаль лысая. Яе цела нагадвала С. пачарнелую скурку ад банана. На начным століку ў шклянцы плавалі зубы, што аптымістычна паблісквалі ў святле паркавых ліхтароў. Праўду кажучы, толькі яны і здаваліся жывымі. Над імі трыюмфальна раскашаваў сівы парык са старанна ўкладзенымі, пэўна, паннай Шацкі, локанамі. С. агледзелася, але тут нічога прыдатнага не было, таму яна вярнулася ў бібліятэку і падышла да стала. Яе позірк упаў на нешта доўгае і вострае — нож для разразання паперы, невялікі, зручны, з аздобленым дзяржальнам, С. адчула ў далоні пукатасць разьбы і акруглую, прыемную на дотык паверхню дарагіх упрыгожанняў. “Біруза”, — падумала яна.

С. вярнулася ў спальню і асцярожна села на край ложка. Калі яна заносіла нож, Ульрыка ў невытлумачальным парыве інстынкту самазахавання прачнулася, прынамсі, расплюшчыла вочы.

“Што?” — непрытомна спытала яна, і тады С., адвярнуўшыся, нанесла ўдар.

С. здзівілася, што гэта было так проста. Нож на імгненне затрымаўся на нечым цвёрдым, а пасля ўвайшоў глыбей. Ульрыка ўздыхнула, так і не дачакаўшыся адказу на сваё пытанне.

С. ужо больш не хацела мець з гэтым нічога агульнага: яна адчувала агіду да гэтага мёртвага цела, да гэтага дому, да сябе. Жэстам, падгледжаным у дэтэктыўных фільмах, С. выцерла дзяржальна нажа аб пасцель і выйшла. Яна яшчэ чула водгалас вады ў нейкай з лазенак, калі зачыняла за сабой вялікія зашклёныя дзверы.

Прачнуўшыся наступнага ранку, С. адразу ж зрабіла сабе кубак добрай духмянай кавы, стоячы з’ела халодны блінок і з асалодаю пасунула падушкі да ўзгалоўя. Муж яшчэ спаў. Зрэшты, была нядзеля. С. пачала чытаць.

— Немагчыма, — сказала Ан-Мары. — Гэта нейкі жах.

Панна Шацкі бязгучна ўсхліпвала, цалкам закрыўшы твар вільготнай хусцінкай.

— Ведаеш, што мне прыйшло ў галаву? — пачаў Лангфэла, больш не дбаючы пра этыкет і кажучы ёй “ты”. — Ведаеш, што гэта значыць? Гэта нехта з нас.

— Вы, пэўна, звар'яцелі, — азваўся Фрухт, а яго голас небяспечна балансаваў на мяжы істэрыі. — Усе ж спалі...

— Уласна, пра тое й гаворка, спадар Фрухт, — ніхто з нас не мае алібі. Усе спалі ў сваіх пакоях, ніхто нікога не бачыў, нічога нельга сказаць пра гэтую ноч.

— Гэта мог быць нехта звонку… так, гэта відавочна, — Фрухт нават падскочыў ад хвалявання. — А прыслуга, тая дзіўная панурая фламандская пара?

— У іх быў выходны, — зарыдала панна Шацкі.

— Маглі і вярнуцца. Ульрыка добра да іх ставілася? Можа, не плаціла ім? Можа, здзекавалася з іх службы, а яны ўжо колькі гадоў хавалі крыўду, але гэтай ноччу перапоўнілася мера цярпення, не маглі больш трываць прыніжэння, не маглі...

— Ну, досыць ужо, досыць, спадар Фрухт, гэта патыхае кічам, — працадзіла скрозь зубы Ан-Мары. — Мы збіраем факты, а не домыслы. А вы, вы чаго маўчыце? — звярнулася яна да Лу.

Лу падняўся, запаліў цыгарэту і паціснуў плячыма.

— Гэта нейкі фарс, — прамовіў ён спакойна і флегматычна. — Яна сама гэта прыдумала. Гэта жарт, не разумееце? Яна, можа, цяпер падслухоўвае зверху і памірае са смеху.

Панна Шацкі зайшлася плачам:

— Яе забілі, забілі! Закалолі, як жывёлу!

Лангфэла крыху скрывіўся ад такога параўнання.

С. паднялася і, працягваючы чытаць, пайшла на кухню па яшчэ адзін блінец. Па дарозе зазірнула ў пакой сына. Той спаў апрануты.

— Панна Шацкі, вы ўжо тэлефанавалі ў паліцыю? — спытала Ан-Мары і падала ёй кілішак каньяку.

Зубы сакратаркі непрыемна застукалі па шкле.

— Не, спадар Лангфэла...

— Я думаў, што мы спачатку ўсё, што магчыма, высветлім самі, — сказаў Лангфэла і пачаў хадзіць па гасцёўні ўзад і ўперад. — Урэшце, усе мы цывілізаваныя людзі. Думаю, мы павінныя аднавіць сабе гэтую ноч. Па-першае, хто апошні бачыў Ульрыку?

— Я! — панна Шацкі ўзняла руку, як дзіця ў школе. — Я дапамагала ёй пакласціся і пасля яшчэ пэўны час прычэсвала... прычэсвала парык.

— Які парык? — спытаў Фрухт.

— Яна насіла парык. Вы гэтага не заўважылі? — злосна азвалася Ан-Мары.

— А мусіў?

— Вы пісьменнік, таму мусіце звяртаць увагу на такія рэчы.

— Як стасуецца пісанне з парыком? Вы несяце лухту.

Муж С. неспакойна паварушыўся і пацягнуў за коўдру. Яна паспела ў апошнюю хвіліну падхапіць кубак. Кававая пляма тужліва бранзавела на белай пасцелі. С. даведалася, што пасля ўчорашняй гульні ў Забойцу амаль усе адначасова пайшлі да сябе наверх. Толькі Фрухт яшчэ запарваў сабе вербену, але і ён адразу ж пайшоў у пакой. Нічога незвычайнага ён не заўважыў.

— Памятаю, што на стале засталіся недакуркі, але я падумаў, што не я павінен тут прыбіраць.

— Кожны з нас мог устаць сярод ночы й пайсці на трэці паверх, каб зрабіць гэта. Кожны, — сказала Ан-Мары. — І гэта агаломшвае.

— Можна пайсці на яе паглядзець? — раптам спытаў Лу. — Не веру, што яна нежывая. Яна была дужа спрытнай, каб даць сябе забіць ва ўласным ложку. Яна занадта разумная для такога.

Не чакаючы адказу, ён рушыў да сходаў. Усе падняліся й пайшлі за ім.

— Можа, нейкія ідэі ўзнікнуць на месцы забойства, — сказаў Фрухт. — Сачыце, каб нічога не краналі.

— Гэта не ваш дэтэктыў, — зласлівым шэптам сказала Ан-Мары.

С. адставіла пусты кубак і, расчырванеўшыся, чытала далей.

Лу схіліўся над памерлай і прыклаў вуха да яе пляскатых грудзей.

— У яе на галаве парык, — з дакорам сказаў Лангфэла. — Раней яго не было.

— Гэта я надзела. Яна ніколі не выходзіла без парыка, — растлумачыла панна Шацкі.

Лангфэла глядзеў на яе з непрыхаванай злосцю.

— Вы не павінны былі тут нічога кранаць.

— Я больш нічога не кранала. Нічога.

Жанчына аж паклала рукі на грудзі. Лу праз хустачку ўзяў нож для разразання кніг, які ляжаў на пасцелі, і агледзеў яго.

— Прыгожая рэч.

— Ну што, цяпер вы верыце? — крыху з’едліва спытала Ан-Мары.

Лу не адказаў, уважліва разглядаючы сродак забойства. Вакол дзяржальна абвівалася змяя, багата інкруставаная бірузою.

— Яна набыла яго ў Егіпце. Цікавілася археалогіяй.

— Звярніце ўвагу на рукі. Правая рука свабодная, а левая ляжыць на жываце. Панна Шацкі, яна была ляўшой?

— Пра што вы падумалі, пане Лу? — са спакойнай зацікаўленасцю спытаў Лангфэла.

— Нічога. Я падумаў, што гэта магло быць самазабойства.

С. пацерла рукі ад задавальнення. Выцягнула з мужавага пінжака цыгарэты і пайшла на кухню. Праз хвіліну там з’явіўся яе заспаны сын.

— Прывітанне, мама, — сказаў ён і дастаў з лядоўні сок.

— Калі ты вярнуўся? — спытала С. непрыветна, але падумала, што ўвогуле гэта яе не датычыць. Сын быў ужо зусім дарослы.

— Мама, я ўжо дарослы чалавек.

Яна хацела сказаць, што калі ўжо яны жывуць разам, трэба прыстасоўвацца да пэўных чалавечых нормаў, але адно набрала паветра ў лёгкія ды змоўчала. Сын узяў шклянку й пакет з сокам і пайшоў у свой пакой. Ізноў запанавала цішыня.

Лангфэла не верыў у самазабойства. Ён сцвярджаў, што Ульрыка была для гэтага занадта слабая. У фізічным сэнсе.

— Гэта вымагае моцы. Нож, здаецца, увайшоў па самае дзяржальна.

— Ці значыць гэта, што са спісу падазраваных належыць выключыць жанчын? — спытала панна Шацкі і тут жа залілася чырвоным румянцам.

Усе падазрона паглядзелі на яе.

— Вы апошняй бачылі яе, — азваўся Фрухт. — Паводле правілаў, вы падазраяцеся першай, — дадаў ён задаволена.

— Дарагі мсье Пуаро, гэта, мусіць, заўчасная выснова, — сказаў Лангфэла й халаднавата зірнуў на яго, а пасля адышоў, каб агледзець вокны ў спальні й бібліятэцы. Абодва былі зачыненыя знутры.

Было зразумела, што забойца мусіў увайсці праз дзверы на першым паверсе (і тады гэта быў нехта з іх) альбо звонку (і тады гэта быў хтосьці іншы, каго яны ўвогуле маглі не ведаць). На гэтым усё і спынялася.

— Дзе жыве гэтая сямейная пара? — спытаў Лу, спускаючыся па сходах у гасцёўню. — Чаму іх яшчэ няма? Ужо час снедаць.

— У іх у нядзелю выходны. Яны меліся паехаць да дачкі ў Баен, — адказала панна Шацкі.

— Тады хто б нам падаў сняданак, калі б з Ульрыкай было... калі б нічога не здарылася?

Панна Шацкі нахмурылася:

— Далібог, не ведаю. Ульрыка ўчора гаварыла з імі. Напэўна, яны пакінулі халоднае мяса. Мы б самі сябе абслужылі.

— Не палічыце дзіўным, — Фрухт накіраваўся на кухню. — Сапраўды прыгатаваныя дзве талеркі і хлеб, і нават гарбата насыпаная ў імбрык, — азваўся ён адтуль.

— Так, быццам яна ведала. Быццам падрыхтавала гэта. Гэта сведчыць на карысць самагубства, спадарства, — заўважыў Лу.

— Бадай, няма чаго цягнуць, трэба тэлефанаваць у паліцыю, — сказала Ан-Мары.

Лангфэла схапіў яе за руку.

— Пачакай. Паліцыя нікуды не падзенецца.

— Доказы могуць выпарыцца, — нясмела сказала панна Шацкі, — я маю на ўвазе пах забойцы ці нейкія іншыя сляды.

Лангфэла праігнараваў яе заўвагу. Ён прапанаваў спачатку ўсім паснедаць і выпіць кавы. Можа, нешта яшчэ прыйдзе ў галаву.

— Я смяротна галодны, — сказаў муж С., з’яўляючыся ў дзвярах кухні. На ім была старая паласатая піжама, у якой ён выглядаў як пастаялец дому састарэлых. С. ненавідзела гэтыя палінялыя палоскі.

— Ты пайшла ўчора спаць да вячэры, і я нічога не еў.

С. акінула яго ледзяным позіркам.

— Калі б можна было забіць вачамі, я быў бы ўжо мёртвы, — сказаў муж, а пасля абняў яе і пацалаваў. — А што са сняданкам? Сёння нядзеля.

С. вырашыла, што не дазволіць сабе кінуць чытанне.

— Дапусцім, гэта нехта з нас, — пачаў Лангфэла з поўным ротам. — Хм, прабачце, зараз пройдзе. Што гэта нехта з нас. Вы можаце аднавіць хаду нашых гульняў? Хто найчасцей забіваў Ульрыку і з якіх падставаў? Памятаеце?

— Здаецца, кожны яе забіў прынамсі раз, — сказала Ан-Мары.

Панна Шацкі аж ускочыла з месца.

— Я — не, я не забіла яе ні разу!

— А чаму? — падцяў яе Фрухт, і панна Шацкі адразу ж зачырванелася, як півоня.

— Я не насмелілася б. Колькі ўжо гадоў яна давала мне працу.

С. пачынала траціць цярпенне. Яны хадзілі па коле. Як яны маглі есці ў такі момант? Проста банда ідыётаў. С. адклала кніжку й загадала мужу рэзаць карэйку. Праз імгненне прыемны пах ня¬дзельнай яечні разбудзіў дзяцей. “Карміць, даваць есці, харчаваць, гатаваць — палова майго жыцця круціцца вакол ежы. Калі б я жыла адна, я б і яйка б сабе не зварыла”, — думала С. За сняданкам не ўдалося пазбегнуць невялікай сутычкі з прычыны позняга вяртання дадому. Скончылася тым, што сын пакінуў недаедзеную яечню і зачыніўся ў сваім пакоі. Праз хвіліну яны пачулі адтуль манатонную механічную музыку.

— Гаўнюк, — сказаў муж і выйшаў з кухні. Дачка, як нічога ніякага, папрасіла яе пафарбаваць ёй валасы ў чырвонае. С. адказала, што добра, згода, але калі тая прыбярэ пасля снядання. А сама зачынілася ў лазенцы й чытала далей.

— Вам не здаецца, што гэта проста дзіўная сітуацыя? Што ўсе мы аўтары дэтэктываў, але калі з намі здарылася тое, што ў нашых кнігах, усе мы аказаліся бездапаможнымі, абсалютна бездапаможнымі, — азваўся Лу.

— Цікавае назіранне, — падсумаваў Фрухт.

— У нас мала дадзеных, сітуацыя незвычайная, ніхто з нас не мае алібі, цяжка акрэсліць матывы... — пачаў Лангфэла.

Ан-Мары паклала сабе яшчэ скібачку карэйкі.

— Адна думка, што сярод нас ёсць забойца... Неяк гэта ўсё дзіўна.

— Добры дэтэктыў узяў бы нас нечым псіхалагічным. Як мяркуеце? — сказаў Лангфэла. — Яшчэ гарбаты?

Панна Шацкі, як належыць, паклала сталовы прыбор на пустую талерку.

— Думаю, трэба патэлефанаваць у паліцыю. — Лангфэла грукнуў рукой па стале і падняўся, быццам гэтая рэпліка раптам падштурхнула яго да дзеяння.

— Слухайце, — сказаў ён, — дамо сабе яшчэ адзін шанец. Пашукаем слядоў, сфармулюем, што маем. Прапаную выйсці і ўсё агледзець.

— Што вы задумалі? — падазрона спытаў Фрухт.

— Калі гэта быў хтосьці звонку, ён павінен быў пакінуць нейкія сляды, праўда ж? След бота, недакурак і гэтак далей. Калі нічога не знойдзем, паклічам паліцыю.

Пэўна, было ў яго энтузіязме нешта інтрыгоўнае, бо ўсе падхапіліся з-за стала. Але толькі не Лу.

— Мы ўсё затопчам, калі выйдзем такой гурмою, — сказаў ён, разглядаючы свае пазногці.

— Мы будзем хадзіць асцярожна, — кінуў Лангфэла ўжо з дзвярэй.

“Не, гэта немагчыма чытаць”, — падумала С.

У дзверы лазенкі асцярожна пастукала дачка і сказала, што ўжо распусціла фарбу.

— Іду, — адказала С.

Яна зайшла ў спальню Ульрыкі, спрабуючы не глядзець на цела, што ляжала на ложку. Не атрымалася. Ульрыка ў дзённым святле выглядала нашмат горш, яе не ратаваў нават парык. Кволыя кашчавыя пальцы на коўдры нагадвалі сукаватае вецце нейкага экзатычнага дрэва. Злёгку разяўлены рот быў як дзірка ў зямлі ў нейкія сутарэнні, цёмныя і вільготныя. Аднак у С. складалася ўражанне, што гэтае цела аніяк не звязанае са смерцю. Яно хутчэй нагадвала рэалістычную скульптуру, васковую фігуру, драматычную, але не страшную. С. далікатна ўзяла нож, які ўсё яшчэ ляжаў на пасцелі, і сцерла з яго засохлую кроў. На дыбачках спусцілася ўніз і праз прачыненыя дзверы на тэрасу выйшла ў парк. І адразу ж адскочыла, бо ўбачыла здалёк Лангфэла і Ан-Мары — яны чагосьці шукалі пад рададэндранамі. Убачыла яна і панну Шацкі — тая засяроджана корпалася каля каштанавай алеі. Удалечыні на пачарнелых ад сонца й дажджу арэлях гушкаўся Лу, курачы цыгарэту. Ён нешта крыкнуў Лангфэла і Ан-Мары. С. павярнула і выйшла на вуліцу праз парадныя дзверы. Яна адразу пачула шамаценне — гэта Фрухт калупаўся прутком у засохлым лісці тут жа, пад вокнамі спальні Ульрыкі. С. ад яго аддзяляла некалькі крокаў. Моцна сціснуўшы нож, яна па-кашэчаму падкралася да яго. С. нават узрадавалася, што гэта будзе Фрухт: не любіла яна яго.

— Прачынайся, ты забіты, — сказала яму С., а ён здрыгануўся і павярнуўся да яе.

Тады С. нанесла ўдар. Ягоныя вочы пашырыліся, а пасля позірк застыў і ўтаропіўся ў неба. Фрухт асеў на зямлю, не гледзячы на яе, заняты сваім сконам. Яна не чакала. Вярнулася ў дом, абрусам выцерла нож і паклала яго на стол у гасцёўні.

Лангфэла спатнеў. Вялікія кроплі поту сцякалі па ягоным твары. Падбароддзе дрыжала.

Панна Шацкі, гэтым разам вапнава-белая, набірала нумар паліцыі.

— Чакайце, калі ласка, — азвалася ўладным голасам Ан-Мары. — Цяпер справа праяснілася. Лу, гэта ты. Ты быў бліжэй за ўсіх ад дому.

— Не выдурняйся. Я быў гэтаксама далёка, як і вы. Паглядзі, дзе арэлі.

— Ты мог прабегчы гэтую адлегласць за 20 секундаў, нанесці ўдар і вярнуцца. Ты быў з Фрухтам на пяньку.

— Ты ашалела! Паводзіш сябе так, быццам мы высвятляем, хто з’еў саладжэнік з кладоўкі. Тут людзі паміраюць.

— Калі ласка, паклічам паліцыю. Я баюся, баюся, — шаптала панна Шацкі.

— Забойца шнырыць па доме. Яна не памерла, толькі нас забівае. Вам не прыходзіла ў галаву, што яна вампір? — сказаў раптам Лу і абаперся галавою аб сцяну. — Едзем адсюль.

Ан-Мары наліла ўсім па шклянцы віскі.

— Лу, мы цывілізаваныя людзі. Я не хачу слухаць гэтых прымітыўных бздураў, — сказаў Ланг¬фэла і адным духам глынуў змесціва шклянкі, не чакаючы лёду. Лу глядзеў на яго дзіўным позіркам, быццам са схаванай нянавісцю.

С. выйшла з лазенкі, на ўсялякі выпадак спусціла ваду, каб апраўдаць доўгую затрымку. Дачка сядзела з расплеценымі валасамі задам да дзвярэй. С. апускала старую зубную шчотку ў фарбу і накладала яе на доўгія светлыя валасы.

— Ты ўпэўненая, што гэты колер табе пасуе? – спытала яна. — Руды старыць.

— Гэта добра, буду выглядаць на дваццаць.

С. уздыхнула. Фарба крывавіла валасы пасмамі густой чырвані. Ёй была прыемная гэтая гульня з колерам. Яна падумала, ці не змяніць ёй таксама колер валасоў — са светла-попельных перайсці на чырвоныя. Але ёсць у чырвані нешта вульгарнае, нешта вельмі кічавае. “Буду выглядаць як дворнічыха”.

Раптам ёй захацелася некуды выйсці, вырвацца з нядзельнай задухі. Яна весела прапанавала ўсім паабедаць у рэстарацыі. Так, хадзем у індыйскую, тую, каля гандлёвага цэнтра, так, там нядорага і даюць вялікія порцыі.

— Я ўжо дамовіўся, — крыкнуў сын са свайго пакоя.

— Нічога, пойдзем утрох.

— Назад — ты за рулём, — абвясціў муж — як заўжды, калі меў ахвоту на піва.

С. падумала, што калі ён захоча, то ў яго добрая рэакцыя, але згадзілася. “Мы ўсё ж цывілізаваныя людзі!” — сказала яна сама сабе, пераймаючы Лангфэла.

Пакуль С. чакала дачку, якая мусіла вымыць і высушыць свае новыя зырка-рудыя валасы, ёй удалося прачытаць яшчэ два раздзелы.

Паліцыя прыехала ў час ланчу: камісар Фантанэ ў цывільным — у доўгім плашчы і капелюшы, ягоны асістэнт Як-там-яго ў форме, тры службоўцы і два крыміналісты — адзін з фотаапаратам, другі з валізай. Праз гадзіну прыехаў доўгі чорны аўтамабіль і забраў цела Ульрыкі. Яшчэ праз гадзіну — цела Фрухта. Пісьменнікі і панна Шацкі скупіліся на кухні, як статак спужаных авечак. Лу паведаміў пра свой ад'езд, але сутыкнуўся з рашучым пратэстам камісара Фантанэ.

— Бесчалавечна загадваць нам заставацца тут да заўтра, — сказаў Лу. — Так ці іначай, а спаць у гэтым доме я не буду. Калі ласка, зарэзервуйце мне гатэль у Баене.

Фантанэ па адным запрашаў іх у пакой у бібліятэцы, наспех падрыхтаваны да допыту, і задаваў слушныя пытанні. Разам яны згадалі, што пытаўся ён у іх пра адно і тое ж, нават у той самай паслядоўнасці. Якія стасункі звязвалі вас з Ульрыкай, як доўга вы адно аднаго ведалі, як часта бачыліся, што рабілі ў ноч забойства — момант за момантам, як вы лічыце, ці магло падчас вашага тут знаходжання здарыцца нешта такое, што б паслужыла непасрэднай прычынай злачынства, ці ведаеце вы і наколькі блізка ведаеце астатніх гасцей. Пасля абеду прыехаў яшчэ цэлы атрад паліцэйскіх, якія сістэматычна прачасалі парк і ваколіцы палацыка. Паслалі таксама па прыслугу. Яны прыбылі вечарам у стане, блізкім да сардэчнага прыступу.

— Вы каго-небудзь падазраяце, камісар? — спытаў яго потым Лангфэла.

У гэтым пытанні прагучалі ноткі фамільярнасці, быццам Лангфэла хацеў падкрэсліць, што размаўляе як роўны з роўным.

— Нават калі б падазраваў, то вам не сказаў бы. Вы мусіце гэта ведаць. Вы не просты падазраваны. Вы — аўтар дэтэктыўных раманаў. У вашай прысутнасці кожнае злачынства мусіць здавацца больш вытанчаным, чым яно напраўду ёсць.

Пасля камісар папрасіў аўтограф у нататнік.

— Калі ласка, напішыце: “Для камісара Фантанэ”, — дадаў ён.

Падчас гарбаты па Лу прыехала таксоўка. Ён развітаўся з усімі, нікому не гледзячы ў вочы. А потым Лангфэла сказаў Ан-Мары:

— Гэта ён. Галаву даю, што гэта ён. Адкуль яна яго выцягнула? Ведаеш якую-небудзь з ягоных кніжак?

— Вядома, ведаю, — адказала Ан-Мары з абурэннем. — Ён — найбольшая надзея дэтэктыўнага рамана ў Амерыцы. Часам тваё невуцтва і зацыкленасць на сабе мяне ўражваюць, Джон. Ты ўвогуле чытаеш што-небудзь, акрамя свайго?

— Ён быў нейкі дзіўны...

— Ён быў агаломшаны і не хаваў гэтага, як ты.

Лангфэла дастаў з кішэні насоўку і выцер лоб.

— Я не хаваю. Проста я не цярплю істэрычнасці. Я спрабую зразумець. Ты ўпэўненая, што... ён — гэта ён? Ты бачыла яго раней? Можа, нехта падрабіўся пад яго? — Джон Лангфэла ўжо складаў насоўку роўным квадратам. — Выхаду няма: альбо ён, альбо панна Шацкі.

Тут у кухню зайшоў асістэнт і загадаў ім ісці ў свае пакоі.

— А курыць можна? — зласліва спытаў Лангфэла, і было відаць, што ён пакрысе прыходзіць у сябе.

Іх папрасілі пачакаць. Яны замовілі нейкія вострыя стравы з ягняціны, а дачка-вегетарыянка — грыбы ў шпінаце і брокалі з сырам. І яшчэ вялікія лусты хлеба з часнаком. Яны больш прыглядаліся да людзей вакол сябе, чым размаўлялі. Калі ўжо аплацілі рахунак, С. выйшла ў прыбіральню і, мыючы рукі, паглядзела на сябе ў люстэрка. С. здзівілася, якая яна звычайная. Ніколі раней яна гэтага не заўважала. Калі б яна не была сабою, а кім-небудзь іншым, яна б ніколі не звярнула на сябе ўвагі. Звычайная жанчына сярэдняга веку, якая хавае сівізну пад светла-попельнымі валасамі. І апранаецца як чыноўніца. Але ж яна й была чыноўніцай. Гэтыя блузкі і жакеты, гэтыя сціплыя завушніцы. Гадзіннік на бранзалетцы. Колер памады, які ні з чым не стасуецца, уласна, цень колеру, цень памады. Вочы, якія відочна блякнуць, робяцца абы-якімі, невыразнымі. Цела ні надта тоўстае, ні надта худое, маленькі жывоцік — у яе веку рэч дазволеная. Тонкія залацістыя акуляры для чытання. Хадзячая ніякасць. Спадарыня Ніхто.

С. з прыемнасцю выйшла з прыбіральні проста ў хол гатэля. Упэўнена прайшла міма рэцэпцыі, дзе Лу, нахіліўшыся, запаўняў бланк. На драўлянай бірцы ключа С. заўважыла нумар яго пакоя — пяцьсот нейкі, пяты паверх. Падымаючыся так высока, яна задыхалася. І яшчэ гэты халерны абцас — зусім разбоўтаўся. Па дарозе С. шукала патрэбны прадмет, але ўбачыла толькі даволі вялікі цяжкі гліняны вазон на пляцоўцы паміж паверхамі. Не спыняючыся, яна выліла з яго ваду на дыван, а кветкі выкінула некуды ў цемру калідора. Вазон ёй удалося ўціснуць у сумку. С. зрабіла выгляд, быццам адчыняе нейкія дзверы, калі з’явіўся Лу з прыслугаю і валізамі. Яны не звярнулі на яе ўвагі. Вельмі добра. С. пачакала, пакуль хлопец выйдзе, і смела рушыла, выцягваючы з торбы цяжкі вазон. Але ён быў непатрэбны. Лу, як і ўсе гатэльныя госці, найперш падышоў да акна балкона і шырока яго расчыніў. С. подбегам кінулася да Лу. Заспеты знянацку, ён не паспеў нават азірнуцца.

С. выцягнула з торбачкі збан і асцярожна паставіла яго на столік, пасля паправіла валасы перад люстэркам і вярнулася ў залу.

— Колькі можна сядзець у туалеце? — рытарычна спытаў муж.

Калі сям'я вярнулася дадому, ужо сцямнела.

З пачуццём цяжкасці ад пераядання С. уселася ў фатэль і зноў пачала чытаць.

Слухаўку падняў Лангфэла. Яны ўтраіх сядзелі ўнізе ў гасцёўні і пілі віно. Фламандка на хуткую руку зрабіла ім нейкую вячэру, але амаль ніхто нічога не з’еў.

— Лу загінуў, — сказаў Лангфэла і апусціўся на канапу. — Выкінуўся з акна. Званіў Фантанэ.

На доўгую хвіліну запанавала напружаная цішыня.

— Ты меў рацыю, гэта ясна. Ён забіў спачатку Ульрыку, а Фрухт відавочна нешта ведаў, таму Лу пазбавіўся ад яго. Цяпер забіў сябе. Сумленне не вытрымала, — Ан-Мары асушыла кілішак.

— Я ўражаная вашай праніклівасцю, — загаварыла панна Шацкі, палымнеючы ад эмоцыяў, як цыкламен. — Тады гэта канец кашмару... хаця Лу быў такі мілы, не падобны да забойцы...

— Забойцы ніколі не падобныя да забойцаў, гэта старое правіла ў напісанні дэтэктываў. Найбольш падазроны той, хто выглядае найнявіннейшым. Дзе такое бывае, каб дзіця забівала? — францужанка замоўкла, але тут жа сама сабе адказала: — Вядома, у Агаты Крысці.

— Можа, пагуляем у Забойцу? — раптам прапанаваў Лангфэла зласліва-задаволеным тонам.

Было заўважна, што ён крыху нападпітку.

— Нас вельмі мала, — сказала панна Шацкі.

На жаль, у яе не было пачуцця гумару.

Тут зноў зазваніў тэлефон. Слухаўку ўзяла Ан-Мары.

— Камісар Фантанэ будзе тут праз лічаныя хвіліны. У яго ёсць нейкія неадкладныя пытанні.

Лангфэла напоўніў кілішкі і пайшоў на кухню па чарговую бутэльку віна. Там ён шукаў па шуфлядах гляйсар, бо фламандка сышла, заплаканая, дадому адразу пасля таго як падала ім вячэру. Чакаючы камісара, яны размаўлялі пра тэстамент Ульрыкі. Панна Шацкі патлумачыла ім, што амаль усё адыходзіць да Фонду, і, уласна, з учорашняга дня палацык зрабіўся асяродкам творчай працы пісьменнікаў дэтэктыўнага жанру.

— Гэта гучыць як жарт Усявышняга. Як Божы смех. Камічны абсурд, — Лангфэла бавіўся кілішкам. — Але так, тут будзе добра пісацца. Ідэальнае месца!

С. прапанавала мужу адкаркаваць бутэльку віна. У барчыку быў адно нейкі “эгрыбікавэр” [1], але ёй, шчыра кажучы, было ўсё адно. Стукнуліся кілішкамі, і яна вярнулася да чытання, а ён — да тэлевізара.

Фантанэ быў непрыемна здзіўлены іх добрым настроем. Тым не менш, ён дазволіў напоўніць сабе кілішак і адразу ж паведаміў, што мае ўсе падставы падазраваць: смерць Лу не была самагубствам. Усе ўмомант працверазелі. Камісар расказаў пра таямнічае з’яўленне вазона для кветак (“быццам нехта спачатку хацеў яго ўдарыць гэтым тупым прадметам”), а пасля выцягнуў з кішэні доўгі бліскучы прадмет.

— Абцас! — машынальна ўскрыкнула Ан-Мары.

— Не-не, вы па-за падазрэннем. Немагчыма было выбрацца адсюль непрыкметна, прыехаць хутчэй за Лу ў Баен і вярнуцца. Зрэшты, вы ж былі адно ў аднаго на вачах, праўда? — спытаў камісар і сарамліва кінуў позірк на абутак абедзвюх жанчын. Тады панна Шацкі, ізноў белая, як сцяна, сказала яму пра меркаванне Лу. Што Ульрыка не памерла, а калі памерла, то забівае ўсіх з таго свету.

— Перастаньце, панна Шацкі, слухаць гэтага не магу, — забурчаў Лангфэла. — Пане камісар, вы не думалі, што з нейкіх прычынаў, напрыклад, ад нерваў, Лу мог сам узяць гэты вазон, а абцас належыць… ну, скажам, пакаёўцы ці ранейшаму пастаяльцу? Ведаеце, мабыць, вам гэта падасца нахабствам, але мы ўжо ўсё высветлілі. З нейкіх дагэтуль нам невядомых прычынаў (мы можам пра іх толькі здагадвацца) Лу забіў Ульрыку. Можа, усё было ў нейкім запісе, у нейкіх абавязаннях...

— Можа, ён баяўся яе расчараваць, — задуменна дадала Ан-Мары.

— ...гэтага мы дакладна не ведаем. Так ці інакш, Фрухт быў сведкам чагосьці, нешта ведаў альбо пра нешта здагадваўся, таму Лу быў вымушаны ад яго пазбавіцца. Ён рабіў выгляд, што гайдаецца, а насамрэч чакаў толькі моманту, каб нанесці ўдар. Калі мы шукалі доказаў, ён падбег да Фрухта і забіў яго тым самым нажом для разразання старонак, якім раней — Ульрыку...

— ...аднак не вытрымаў згрызотаў сумлення, — падхапіла яго словы Ан-Мары. — Не мог вынесці таго, што зрабіў. Таму і з’ехаў ад нас. Бо насамрэч шукаў магчымасці самагубства.

Фантанэ ўздыхнуў і сказаў, што гэта ўсё вельмі пераканаўча. Аднак пасля, замест таго каб паддацца трыюмфальнаму настрою, пачаў распытваць іх пра зусім іншае. Напрыклад, ці ведаюць яны, колькі ў іх чытачоў.

— Як гэта — колькі чытачоў? — здзівілася Ан-Мары. — Вы пытаецеся пра наклады?

Фантанэ запісваў на сурвэтцы прыблізныя лічбы.

— Калі кніга ў публічнай бібліятэцы, яе чытаюць некалькі чалавек, гэта таксама трэба ўлічыць, — патрабаваў дакладнасці Лангфэла.

— Магчыма, гэта сотні тысячаў чалавек, — азваўся камісар і здзіўлена прысвіснуў. — А ці ведаеце вы, што гэта за людзі?

— Пераважна жанчыны. Жанчыны чытаюць больш, — не без прыемнасці адзначыла Ан-Мары.

Лангфэла думаў даўжэй.

— У пэўным сэнсе яны павінныя нечым нагадваць нас. Мусіць быць нешта агульнае паміж намі, інакш мы не паразумеліся б. На гэты конт у мяне свая тэорыя: чытанне дэтэктываў мае характар чыста тэрапеўтычнай кампенсацыі. Вазьміце пад увагу гэтыя, — Лангфэла кінуў позірк на аркуш з вылічэннямі камісара, — колькі сотняў тысячаў чытачоў. Калі б яны не чыталі дэтэктываў, то з пэўнасцю зрабіліся б забойцамі, — зарагатаў ён.

Камісар Фантанэ абвёў кругам папярэдні вынік і ўздыхнуў. С. неспакойна паварушылася. Зірнула на мужа — той драмаў перад тэлевізарам. “А ён пастарэў”, — падумала яна.

Ан-Мары няпэўнымі крокамі накіравалася наверх, зрабіўшы рукой знак, маўляў, “зараз вярнуся”. Панна Шацкі дробнымі глыточкамі піла сваё віно. Вочы яе блішчалі. Мужчыны размаўлялі пра сутнасць пісьменніцтва. Фантанэ задаў Лангфэла адвечнае пытанне, якое задаюць аўтарам: адкуль ён бярэ ідэі?

— Напраўду не ведаю, адкуль. Я проста ўважліва назіраю за рэчаіснасцю. Фантазія — рэч другасная, — Лангфэла казаў гэта так, быццам перад ім была вялікая аўдыторыя. — Дзевяноста працэнтаў поспеху — гэта працавітасць. Мне проста брыдка бачыць людзей, што трацяць час на розную лухту. Напісаць раман мог бы кожны. Я паходжу з сям'і, дзе цэняць уменне арганізоўваць час і творчую працу. А перадусім — лагічнае мысленне. Рэчаіснасць нашмат больш лагічная, чым мы пра яе думаем. Бо...

— Мне трэба выйсці, — раптам сказала С. — Нешта я пераела. Гэтая перчаная ягняціна паліць мне страўнік.

Муж уздрыгнуў, яго рассеяны позірк прабег па ёй і беспамылкова трапіў ізноў у тэлевізар.

Муж кіўнуў галавой, а С. абула чаравікі і ўзяла плашч. Потым падумала, што ён не спатрэбіцца, і зноў павесіла яго на вешалку. Праз чвэрць гадзіны, а можа, і меней, С. вярнулася. Муж не змяніў позы.

— Лепей? — спытаў ён.

— Лепей, — адказала С.

— ...усё рана ці позна можна высветліць рацыянальным чынам, — дагаварыў Лангфэла.

Фантанэ пагадзіўся.

— Інакш я не працаваў бы ў паліцыі. Але вы мусіце прызнаць, што сустракаюцца невырашальныя справы. У нашым архіве іх цэлая паліца.

— Ах, як цікава! Я з прыемнасцю пазнаёміўся б з такімі прыкладамі. Можа, нарадзілася б якая кніжка.

Камісар сабраўся сыходзіць і ўжо ў дзвярах нерашуча сказаў:

— Ведаеце, я не такі дэтэктыў, як у вашых кнігах, калі такія, як у вас, увогуле ёсць...

— Што вы маеце на ўвазе?

— Што ў жыцці ўсё выглядае інакш. У вас злачынства нейкае мізэрнае, убогае, зведзенае да звычайнай справы, пазбаўленае сапраўднага жаху. У вашых кнігах галоўнае — знайсці матывы й выкрыць злачынцу, быццам гэта ўсё паправіць. Шэраг ірацыянальных дзеянняў і вельмі рацыянальны вынік. Вы самі ў гэта верыце? Вас гэта не расчароўвае?

— Расчароўвае? Але ж мы імкнемся да праўдзівасці!

— Ба! А што гэта такое — праўда? — Фантанэ пацёр лоб, як бездапаможнае дзіця. — Мяне больш цікавіць механізм, тое, як усё гэта робіцца. Галоўнае — зразумець механізм.

— Як? — пафасна выкрыкнуў Лангфэла.

— А калі не высвятляць, а зацямняць? Не спрашчаць, а ўскладняць? Што вы думаеце пра такі метад?

— Што, халера бяры, вы хочаце сказаць?

— Што, напрыклад, рацыянальныя падзеі можна спасцігнуць толькі ірацыянальна...

— Вы мяне ўражваеце, пане камісар, — раптам сказала панна Шацкі. – Вы маеце на ўвазе дух Ульрыкі?

— Ах, не, вы не зразумелі. Прашу развітацца за мяне са спадарыняй дзю Лак. Зрэшты, заўтра ўсё адно пабачымся.

Фантанэ пайшоў да выхаду. Лангфэла жэстам затрымаў яго.

— Я схаджу па яе, — сказаў ён і рушыў наверх.

— Што цяпер са мной будзе? – спытала панна Шацкі, як малая дзяўчынка.

Фантанэ задумаўся, але не паспеў адказаць, бо зверху пачуўся грукат і спалоханы крык Лангфэла.

Панна Шацкі кінулася на шыю камісару Фантанэ і зарыдала ў істэрыцы:

— Яе ж забілі, забілі, так?! Яе таксама забілі! Нас усіх заб’юць!

Камісар гладзіў яе па галаве, спрабуючы супакоіць.

— Вам нічога не пагражае. Вы ж не пішаце кніжак, праўда?

Пасля ён спакойна падышоў да тэлефона і набраў нумар паліцыі. Цэлую гадзіну Фантанэ адчуваў на сабе нечы дзіўны, засяроджаны, уладны позірк.

С. адклала кніжку, хоць да канца засталася ўсяго старонка. Яна пацягнулася і пайшла на кухню распусціць сабе таблетку ад пякоткі. Ёй ужо не хацелася дачытваць. Потым С. села ля мужа, і яны да поўначы глядзелі нейкі амерыканскі фільм, поўны пагоняў і страляніны.

Раніцай, калі С. выпускала ката на балкон, яна ўбачыла, як да яе дому пад’ехаў паліцэйскі аўтамабіль. Убачыла, як з яго выйшлі трое мужчынаў і накіраваліся проста да яе лесвічнай пляцоўкі. Адзін з іх быў у плашчы і смешным нямодным капелюшы. Ёй падалося, што яна яго ведае.

 


 

[1] Egri Bikavér (венг. “бычыная кроў з Эгера”) — марка знакамітага чырвонага венгерскага віна.

 

© Olga Tokarczuk, 2001

Пераклад з польскай – Ганна Пазюк © 2007

Чытайце таксама

Рышард Крыніцкі

Рышард Крыніцкі

Польскі паэт, перакладчык і выдавец, прадстаўнік літаратурнай групы “Новая хваля” (Nowa Fala)

Ёзэф Чапэк

Ёзэф Чапэк

Чэшскі мастак, графік, фатограф, кніжны ілюстратар, эсэіст, брат Карэла Чапэка

Ян Бжэхва

Ян Бжэхва

Польскі паэт габрэйскага паходжання, аўтар вершаў і казак для дзяцей, перакладчык.

Таня Скарынкіна

Таня Скарынкіна

Беларуская паэтка і мастачка

577