№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сяргій Жадан

Мэры Крысмас, Джызус Крайст! (Viasiolaha Rastva, Isuse!) (Мері Крістмас, Джізус Крайст! (Veseloho Rizdva, Isuse!) )

Батлейка/batlejka

Пераклад з украінскай Марыя Мартысевіч


На аснове традыцыйных украінскіх вертэпаў і паданняў народаў Цэнтральнай Афрыкі

Звар'яцелы прафесар Мушка вельмі любіў чарапахавы суп у кубіках. Аднойчы
да яго прыйшлі прадстаўнікі партыі зялёных і сказалі: "Як вы можаце есці
чарапах, яны ж, як і вы, далядаюць сваіх дзяцей, кахаюцца, спяваюць
у рэшце рэшт".
(Чуваць спеў чарапахі).
Тады звар'яцелы прафесар Мушка выцягнуў гранату РГД-5 і сказаў:
"Чарапахі не спяваюць".
(Чуваць выбух гранаты РГД-5).
Часам улюбёны смак мацнейшы за сацыяльныя стэрэатыпы.
Чарапахавы суп у кубіках – насамрэч чарапахі не спяваюць!
(Чуваць спеў чарапахі, пасля выбух – спеў знікае).

Сацыяльная рэклама. Для бясплатнага размяшчэння ў эфіры.

Падзеі адбываюцца ў памежных раёнах Ізраілю і Палестыны. Група пакістанскіх наркабаронаў (gipsy kings, "тры цары"), даведаўшыся пра блізкае нараджэнне Ісуса, спрабуе нелегальна перасячы ізраільскую мяжу, каб прынесці Ісусу дары і такім сакральным чынам забяспечыць далейшы росквіт свайго злачыннага бізнэсу на новых тэрыторыях. Камандуючы аб'яднанага федэральнага кантынгенту, акопны генерал Ірад, які ў сваю чаргу кантралюе мясцовы рынак цяжкіх наркотыкаў, даведваецца пра намеры пакістанцаў і спрабуе ім перашкодзіць. Падчас мытнага дагляду ў скуру аднаго з наркабаронаў незаўважна ўжыўляюць чып – транзістарны індыкатар, з дапамогай якога федэралы адсочваюць перасоўванні пакістанцаў. Аднак прадстаўнікі ананімных спецслужбаў папярэджваюць трох цароў, і ім удаецца пазбавіцца ад пераследу. Адзін з цароў страчвае руку з чыпам, адарваўшы яе пры дапамозе самаробнага выбуховага прыстасавання.

У гэты час у памежных раёнах мае месца перапіс уцекачоў, якія жывуць у фільтрацыйных лагерах у буфернай зоне. Сярод іншых уцекачоў на перапіс ідуць Язэп з Марыяй. Марыя чакае дзіця і неўзабаве нараджае на ферме, наўпоблізь прыдарожнага кемпінга, у якім сям'я спынілася на ноч. Тут іх і знаходзяць наркабароны, а таксама натоўп ямайскіх эмігрантаў, якія пачулі ад сектантаў-вудыстаў у сябе на радзіме пра нараджэнне Ісуса і паспяшаліся перасячы Атлантычны акіян у пустых танкерных трумах, паколькі яны лічаць Ісуса новым эфіопскім каралём, чый прыход быў прадказаны яшчэ ў старых растаманскіх паданнях і першых пісьмовых помніках, прывезеных у Ямайку легендарнымі эфіопскімі правадырамі. На думку ямайцаў, Ісус мусіць аднавіць моц і суверэнітэт ідэальнага афрыканскага каралеўства.

Расчараваны Ірад, даведаўшыся пра ўдалы манеўр спецслужбаў, загадвае федэральнай авіяцыі здзейсніць ракетна-бомбавыя ўдары па фільтрацыйных лагерах. Гінуць тысячы мірных жыхароў, перадусім – дзеці і жанчыны. Аднак карныя аперацыі не прыносяць чаканага выніку. Марыя, Ісус і Язэп уцякаюць на поўдзень дзякуючы малавядомай егіпецкай паўстанцкай арганізацыі.

Падчас нелегальнага пераезду цераз пустэльню Марыя з Ісусам губляюцца. З’яўляецца Мама-Кока – некананізаваная альтэрнатыўная святая, адлучаная ад царквы, дзеля сустрэчы з якой мясцовыя жыхары ўжываюць моцныя галюцынагены. Мама-Кока дапамагае Марыі і Ісусу, не даючы ім памерці і кормячы іх лісцем кокі, прыгатаваным паводле старажытных рэцэптаў егіпецкіх памежнікаў. Марыя шчасліва вяртаецца да Язэпа.

Апошнія сілавыя рашэнні Ірада выклікаюць незадаволенасць у федэральных уладаў і прыводзяць да адстаўкі генерала. Ірад яшчэ нейкі час спрабуе ўтрымаць сферы ўплыву, ужываючы сучасныя піяр-тэхналогіі, але спецслужбы ўжо атрымалі "замову" на яго ліквідацыю. Згодна з прадказаннямі позніх іранскіх сураў, Ірад гіне падчас крымінальных разборак на цвінтары мёртвых тэлевізараў.


Сцэна першая.
Тэлестудыя.
Акопны генерал Ірад (стрэмны непрыемны суб’ект) дае інтэрв’ю
прадстаўнікам рэгіянальных СМІ


час гэта змяя што палюе на мятлікаў

гэта скажам расткі часнаку зялёныя сцёблы што цягнуцца ўверх ля будынкаў

ці масты над забруджанай рэчкай на якіх валяюцца

фісташкі і ад суперлато квіткі

хто ведае што насамрэч складае тваю прысутнасць


хто ведае можа ўсё гэта адно звер які паўзе па пяску

паўзе па пяску і гэты пясок нібы цеста і нібы цукар

і гэты пясок ён шклом засыпае паперы ў канторах

і маніторы ў кватэрах

развейваецца з кішэняў

насовак пустых бляшанак


яны казалі яны чакалі нас мы іх вызвалілі і таму

мы можам разлічваць на іх

яны сцвяржалі ўсё хутка наладзіцца ўласна што мы

ўсё наладзім з іхнаю дапамогаю

у гэтай краіне дзе нават не чулі пра гігіену

пра існаванне чыстай вады

таму што вада тут нібы пясок цёплая і знікомая

рассыпаецца паміж пальцаў

наша чорная дывізія хутка страціла баяздольнасць у іхных пясках

жаўнеры ўжывалі наркотыкі і ў паветры пахла

пехацінскімі шынялямі


зусім-зусім блізка да геройскай смерці і забыцця

бо час увесь час недзе побач ён увесь час дыхае табе ў плячо

ведаеце гэта як страчваеш форму забываеш пра бізнэс

так і жывеш

не адказваеш на лісты

не практыкуеш ранішнія прабежкі

і не прыходзіш на сустрэчы на якія мусіш прыходзіць

ці прыходзіш на іх так позна што лепш на іх і не прыходзіць


усё гэта толькі вялікая нябёсная анімацыя

нябёсы адно кавалкі аранжавага пластыліну

якім добрыя духі смерці вылепліваюць вочы жанкам і мужчынам

вылепліваюць сэрцы і вылепліваюць ружы

пластылін які прагінаецца пад чаравікамі

і пластылін якім вылепленыя горлы спявачак

усе нябёсы ўсе паднябессі


я заўсёды казаў чакай не чакай

такое ўражанне што дзяцей сваіх яны выкормліваюць воцатам

дзеці ў гэтай краіне растуць настойліва як вінаград

зоркі ў гэтай краіне гарачыя нібы дзеці ў тэмпературы

пясок пераганяе свае барханы з сенажацяў на сенажаці...


...акурат у той год стаяла надзіва халоднае лета

і лісце сцякала сокам бы соты мёдам

і белыя далёкія знерухомленыя планеты

віселі ў небе якое знізу здавалася мёртвым


і ў той год было шмат цяжарных жанчынаў якія нібы чарапахі

збіраліся каля сценаў і крамаў вяртаючыся з рынкаў

пад скураю іх жыватоў дыхалі немаўляты і пахі

ляталі над імі ашмёткамі нейкіх урыўкаў


я вырас у гэтай краіне якую ведаю па кожнай адзнацы

па тым як вычэсваюць бруд з валасоў ці ваду

выліваюць са збанаў яе жанчыны

так а яшчэ заўважна было як нехта пакідае ў небе адбіткі пальцаў,

нанізваючы нібы мятлікаў разбойнікаў на крыжавіны


Сцэна другая.
Кемпінг пры дробным жывёлагадоўчым кааператыве.
Муж і жонка, галоўныя героі п’есы, размаўляюць пераважна пра побытавыя
нягоды падарожжа.

– колькі нам брысці па свеце?


– ўсё


– і што цяпер?

– змірыцца


– сколькі птушак тут гняздзіцца?

хто там за акном?


– там дзеці


– з кім напраўду ты начуеш

гэты смак - дождж? хлеба скіба?


– то дзіця ўва мне – ты чуеш? –

плавае ўсю ноч як рыба

– гэтыя аўтазапраўкі ў пустэльні і кемпінгі ў перадгор’ях

хтосьці іх пакідаў на шляху, хтосьці іх рассыпаў як апельсіны

падарункамі на раство твайго сына


таму мы маем з табою безліч аздобаў мы іх перадаем з рук у рукі

мы маем шмат жоўтага хлеба і чорных алівак

мы маем воск і парфумы мы маем срэбныя споды

свістулькі і гонгі якія звіняць у нашых валізах

– але ці будзе ўсё гэта гучаць сёння ўночы?


Сцэна трэцяя.
Уцекачы з Ямайкі спяваюць госпэлс.
Настрой ва ўсіх бадзёры і прыўзняты.

добры эфіопскі кароль мусіў бы мінуць пяць межаў і сем партоў

каб трапіць да нас мусіў бы прыгнаць статкі

чорных кароў і зграі кітоў

каб залагодзіць усіх наглядчыкаў і іхных жонак сумных

каб запоўніць апошнюю з паражнеч са сваёй бяздоннай сумы


добры эфіопскі кароль прагоніць ільвоў з нашых палёў

з ім прыбудуць танцоры з вачыма дэльфінаў і дзеці

з крыламі жураўлёў

ён залепіць нам язвы глінай і раны заліе малаком

ён выме аскепкі з дзіцячых вачэй даўгім сваім языком


мы плылі да яго ў зачыненых трумах з пацукамі і тытунём

мы чулі як соль раз’ядае дрэва як мора рухае марскім акунём

у цёплай цемры гнілых нафтавозаў бы ў ягонай руцэ лежачы

ведучы адлік месяцам па месячках нашых жанчын


той хто прычакаў яго нараджэння бачыць як ён расце

як сталёвым белым нажом зразае шыпы на кусце

як знаходзіць нацельныя крыжыкі й круціць іх у руках

ці пяе эфіопскія песні седзячы ў прыцемках

Сцэна чацвертая.
Gipsy kings (Cancion del mariachi. (Morena del mi Corazon)).

– кожны з нас мае бранзалеты

кожны з нас мае знак на шчацэ

вось і з нябёс упалі каметы


як птушаняты

– як дождж на рацэ


– знаючы шлях чуючы трэбы

гонячы вослікаў з плоймай цюкоў

пакуль ува сне ў доўгім небе

раскладвае змей палатно плаўнікоў


– і толькі тарантулы і саламандры

перасячы змаглі б разам з намі час


– звозны тавар дзівосы з базараў

прорвішчы рэк аграмадзь берагоў


– мусіць што нехта знае і зараз

колькі шчэ йсці па якім са слядоў


– нават калі мы страцім мапу

можна вось тут дзе віно і пясок

гледзячы ўглыб зямлі бачыць нафту

чуць шэпты рыб

і цяжарных жанок


– пра гэта ніхто не ведаў тады пра гэта й цяпер мала хто ведае

але я ўжо бачыў як за імі паўзлі вужы і перабягалі гіены

як за імі кацілася спёка сярэблячы жоўтыя пяскі

ішлі кішаньковыя злодзеі і прадаўцы велікодных акцый

як за імі рухаліся вазкі гандляроў цыганскімі дыванамі

усе іх сваякі й землякі йшлі ў тагасветны цыганскі вырай

і калі хтосьці з іх паміраў

яны падбіралі яго

каб не пакідаць на паўдарозе

так што я бачыў адкуль яны выйшлі

праўда я так і не ўведаў ці маглі яны ўвогуле

хоць куды-небудзь прыйсці

Сцэна пятая.*
Язэп займаецца самааналізам і медытацыямі

чорныя пальцы майго ісуса якімі ён трымае зярняты шыпшыны

калі саранча асцярожна сядае яму на плечы

ад іхнага дотыку сцены кранае іней

а ён у заплечніку носіць люстэркі з непалу й званочкі авечыя


як срэбраныя відэльцы ягоныя белыя косці

пазногці яго як азёры дзе свецяцца лямпы

таму я ў яго прысутнасці заўжды пачуваюся госцем

нават у доме сваім дзе пасля яго застаюцца шэпты нібыта дамбы


калі ён плакаў то ціха звінелі ягоныя пацеркі

калі ён спаў на яго павеках віселі кроплі бурштыну

ён так гаварыў нібы запаўняў нябачныя ўпадзінкі

што побач былі ды не запаўняліся й на траціну


цяпер калі ўсе гавораць што ўсё адсюль пачалося

я думаю што напраўду пра іншае месца мова

бо нават калі прарочаць што прыйдзе здалёк святло – усё

роўна гэта не значыць што прыйдзе своечасова


а так я ведаю што ягоныя локці й калені

маюць водар дажджу маюць каштоўнасьць зброі

маюць смутак нібыта ільвы ў вязенні

маюць лёгкасць нібыта зебры на вадапоі


і ты ўсё адно паверыш калі яшчэ не ўдалося

вось восы хаваюцца ў яго валоссі

вось восы займаюцца нейкаю важнаю справаю

паміж левай яго рукою і праваю

Сцэна шостая.
Радыёперамовы шавіністычна настроеных пілотаў верталётнага
батальёна
ізраільскіх вайскова-паветраных сілаў.

– мы не маглі памыліцца? пралятаючы над каньёнамі

не так ужо й цяжка збіцца з курсу і трапіць у чужыя нябёсы

паколькі неба яно падступнае яно мае цьму ўваходаў і выхадаў

патаемных пакояў і калідораў, дзе боўтаецца вецер

быццам званочак на шыі каровы і асабліва ў тых месцах

дзе раўніна такая плоская што бачыш усе вострыя абрыўкі неба

якія звісаюць над ёю


– мы не маглі памыліцца

у нашых мапах нібы ў лёгкіх так шмат паветра

што яго дастаткова каб не заблукаць я бачыў нашы сляды

яны цягнуліся з усходу ад нашых базаў да сонных будынкаў

у якіх прачыналіся дзеці і акварыюмныя рыбкі


– я бачыў гэтых дзяцей раней і знаеш усё што я ў стане сказаць

гэта тое, што калі ў іхных жылах цячэ вада то гэта вада кіпень

яны ўсе нібы загадзя ведаюць чым скончацца іхныя сны

і якога колеру будзе трава на перавале

таму што неба над гэтай краінай вялікая лісіная норка з таемнымі

ўваходамі і выхадамі пра якія ведае толькі ліса што прабягае зверху

пакідаючы па сабе пах напалму


– таму мы не маглі памыліцца так што недзе між імі быў нехта адзін

хто не павінен быў дажыць да ранку той хто хаваўся ў гэтых норах

і каго нельга было выпудзіць адтуль нават нашым агнём і нашаю

прапагандай


– я часта думаю што будзе з тымі хто выжыў

і што будзе з намі ў гэтым выпадку

вырасшы сярод гэтулькіх душаў якія прыходзяць

штораніцы каб падкарміць сваіх акварыюмных рыбак

кім яны могуць стаць

ці стануць яны паляўічымі ці будуць яны паляваць у небе

на сваю старую лісу зь яе вечнымі глюкамі

ці дазволяць яны нам дапіць наш пасьляабедзенны скотч


– ведаеш той хто скажа што мы маглі памыліцца няхай прыедзе

сюды скажам турыстам вытрэсваючы зь белых

гольфаў падарожнікі ды

крэдытныя карткі ён пабачыў бы

што ў гэтых месцах ластаўкі над галавой узмахваюць крыламі

цяжка бы куры

і самі крылы ў іх вострыя як парасоны

яны раняць імі лісце на дрвах зразаючы яго

сваімі лёзамі


– з іншага боку я думаю што паколькі ніхто не бачыў гэтых дзяцей

ніхто не пабачыць гэтыя душы, якія марна будуць блукаць

у нябёсных норах

над ваколіцамі палестыны

некалькі тысячаў няўлічаных госпадам подыхаў маленькія

далоні што асцярожна

пляскаюць выганяючы са схову старую лісу

хто іх пабачыць калі канечне цяжкое ад іх паветра не прарвецца

дажджом над морам

ды яшчэ дызельнае паліва ў нашых машынах будзе

пахнуць адрэналінам

тут галоўнае трымацца далей ад пустэльні бо калі

набліжаешся аж заната

у эфір прабіваюцца іх эфемы з чорнай цягучай гумаю музыкі

яны спяваюць так быццам бы ім усім устаўленыя металёвыя

пломбы ў зубы якімі

яны ўгрызаюцца ў тваё горла адбіраючы мову як сыр або хлеб

але ж трымаючыся вышэй чым патрэбна можна надаўжды заблукаць

у гэтым небе дзе дзіцячыя разбамбаваныя душы б'юцца

аб бартавое шкло

нібы каўкі


– так а найгоршае тое што з часам ты пазнаеш кожную з іх

адрозніваючы

паступова кожны шнар на ключыцы кожны парэз на руцэ кожны

ідэнтыфікацыйны нумар

разумеючы што сярод іх кагосьці бракуе мусіў быць хтосьці яшчэ


хіба што мы памыліліся

але ж мы не маглі памыліцца

Сцэна сёмая.
Мама/кока, паводле агульнай ідэі –
другасны і неабавязковы персанаж,
яе з’яўленне тут можна трактаваць як галюцынагенную з’яву.
Можна, канечне, і не трактаваць.

мама/кока з табою лісце цыбулі

мокрыя валокны бавоўны фруктаў і мора

твая дарога сатканая з жоўтага і залатога

сягнуўшы твайго вуголля твайго карэння забудзеш чаго

і чаму ты хацеў учора


мама/кока калі ты дыхаеш жабрамі ты глытаеш

ваду як віно і чорны хлеб як рыбацкую мушку

калі ты знаходзіш поры ў вадзе і дыхаеш гэтай вадою

калі ты раскручваеш свой язык нібы кінастужку

воскам ляжаць нябёсы воскам і шакаладам

мама/кока любоў даражэйшая за яе апраўданне

мы мала бачылі але тое чаго мы не бачылі не варта нічога

з таго што мы бачылі так што яшчэ невядома

хто аблажаўся таму што твая дарога сатканая з жоўтага і залатога

таму невядома што будзе потым яшчэ невядома

Сцэна восьмая (business times).
Вугорка і вугорка – негатыўныя персанажы, уласніцы ценявога бізнэсу,
звязанага з купляй-продажам дзяцей з краінаў
Усходняй і Паўднёвай Еўропы ў Вугоршчыне, Польшчы і краінах, што
ўваходзяць у Шэнгенскую зону.
Другасныя персанажы, узятыя з вуснай народнай творчасці.

і вось цяпер вяртаючыся да сваёй справы

нумар такі-та гаворачы пра свой былы бізнэс

я папярэджваю: усе гэты вашы заявы

пра амаралку сорам і іншыя вашы трызні

усё гэта насамрэч гаўно яно нічога не важыць

бо гаворачы пра эканоміку мы прыходзім да разумення

што з такою хімернаю канстытуцыяй як скажам ваша

прадаваць дзяцей гэта трэба мець шмат умення


калі ты гандлюеш дзецьмі гэтаю дробнай свалотай

пра якую толькі й думаеш што табе ўпарылі шыла

трэба заўжды разумець усё што робіцца ўпотай

усё адно стане яўным так што ты адграбеш свае вілы

тым больш у наш час калі нават сам панятак

сумленны гандаль як бы ўжо й недарэчы

можна паспрабаваць спакайнейшы які занятак

аднак добры бізнэс ёсць добры бізнэс тут цяжка штось запярэчыць


у падобных справах галоўнае гэта каманда асабліва калі наўкола

цябе ўсяляікя підары якімі спрадвек наша нацыя

славіцца ці калі гандаль ідзе невыразна і квола

да таго ж на двары татальны дэфолт і інфляцыя

вось мы трымалі кантору мелі сваю кліентуру

мастурбацыйную юнь са спальнікаў будапешта

ўчасна плацілі падаткі госпаду богу і ў камендатуру

самі не заўжды разумеючы куды чорт дзяецца рэшта


да таго ж мы мелі сваіх пасрэднікаў у еўропе і на балканах

добрыя хлопцы калі не зважаць на спецыфіку іхнай працы

заўсёды з кучай фальшывага золата і памылкамі ў бізнэс-планах

з блеватнёй на ядвабных кашулях з сімптомамі пранцаў

адным словам народ нервовы фашысты і садаміты

вось яны й пастаўлялі сіротаў з косава і чарнагорскіх злыдняў

якія з’ядалі ўсё што трапляла ў рукі нібы тэрміты

але ж добры бізнэс ёсць добры бізнэс мы былі квіты


я сцяміла гэта зімою калі шчэ снягі не спалі

на берагах дунаю калі шчэ не цвілі абрыкосы

што дзесьці між нас ё крыса, што яны яе ўжо заслалі

так што вось-вось пасыпецца рознае гаўно і пагрозы

вось так вось мае сіроткі вось так вось мае коцікі

юныя мадэлькі са скоп’я гордая славянская раса

цяпер і мая аўтатраса на працяглым рамонце

і як браць да ўвагі мой тэрмін на працяглым рамонце траса


так што шыйце маю справу хавайце мяне ў крытку

давайце крышыце батон вы гэта выдатна ўмееце

спадары прысяжныя не палічыце за крытыку

добры бізнэс ёсць добры бізнэс ну вы гэта разумееце

і вось цяпер вяртаючыся да крыніц і пачаткаў

я бы хацела заклікаць вас не ўхіляцца ад тэмы

што ў рэшце рэшт такога благога зрабіла я для нашчадкаў

я ж немаўлят напрыклад не рэзала ў віфлееме

таму дарагі мой прысяжны папік з абвіслым нервам

каго б і наколькі сувора ты стаў бы судзіць за тых сто

тысячаў подыхаў што прадыхаюць штоночы густое афрыканскае неба

і перамаўляюцца мовай вершавых строф


але aless ist schoen mein lieber гэты наш beautiful business

kiene scheise папаша ані я ані ты не вінны

так безліч ліхога ў нас над галавою вісне

нібы рыбы ў дунаі нібы шлёндр у берліне

затое цяпер на мяне кожны будзе шыкаць

будуць сабе забаўляцца п’янкі бойкі ды блядкі

будуць маліцца ў цэрквах будуць пісаць у шпігель

будуць здымаць кінафільмы будуць спяваць калядкі

– ты думаеш ён прыйдзе?
– ён мусіць прыйсці ён разумее што справа зайшла занадта далёка
і што нельга ігнараваць гэту сустрэчу
– я думаю ён не прыйдзе вялікая спакуса
маючы справу са смерцю
працаваць праз пасярэднікаў
вестуны смерці даўно ўжо не выклікаюць належнай павагі
– ён моцна змяніўся
– ён проста пастарэў я бачыў яго
пасля ўсіх бамбардаванняў ён проста пастарэў
– ён мог бы неяк змяніць усе гэтыя рэчы
шкада што яму не хопіць часу
– а што калі ён не прыйдзе?
– для яго гэта выхад праігнараваць смерць
ён будзе блукаць у гэтай пустцы
не разумеючы зрэшты што свет навокал
усяго толькі могілкі тэлевізараў дзе кожнае жыццё
трымаецца свайго схову
і перагарэлыя кінескопы ляжаць як сэрцы патанулых матросаў

– думаю ён не прыйдзе


Могілкі мёртвых тэлевізараў. Размова вестуноў смерці.

Сцэна дзевятая.*
Ірад завяршае інтэрв’ю на аптымістычнай ноце.

калекцыянеры мятлікаў ў курсе якімі

крохкімі робяцца крылцы казурак іх маленькія цельцы

як сыпецца з іх труха і пясок цярушачыся

паміж пальцаў

гэтыя жалобныя лініі ўзораў я заўсёды казаў

рэч не ў ісусе а ў яго нараджэнні колер і пах

вось што застанецца ў тваёй памяці

батаніка смерці разлічаная на паглыбленае вывучэнне

гэта ўсё страчвае вагу

расчыняецца ў часе

як цукар

...марыя гатуе грэнкі сярод ільдоў

вакол зімовыя дрэвы й цэрквы ў снягах

звяры ўваходзячы сонна да халадоў

ёй подыхам грэюць лазовікі на нагах

у ейным доме ва ўсіх пакоях яе

чаплі сядзяць на галінах у кожным куточку

і падае белы град і ноч настае

быццам нябёсы развальваюцца на шматочкі

яшчэ на поўнае неба дыхаюць лёгкія

яшчэ адліга няўпэўненая такая

яе малітвы яшчэ кароткія й лёгкія

яе цяжарнасць яшчэ толькі перацякае


Нюрнберг–Харкаў,

травень–жнівень 2001

Ад аўтара

Гэты тэкст не пісаўся як тэкст літаратурны, то бок гэта ані падборка вершаў, ані паўнавартасны драматургічны тэкст. Пісаўся ён пад канкрэтную пастаноўку тэатра “Арабескі” на канкрэтную музыку гурта “Люк”, больш за тое – пад канкрэтных актораў. Уся рытміка тут задавалася музыкамі, зрэшты, фанетыка таксама. Так што друкаваць усе гэтыя песні паўднёвых славянаў у прынцыпе стрэмна, тым больш што пасля паспяхова заваленага ваярамі Алаха ўорлд трэйд цэнтру тэма кан’юнктурная і нікому ўжо не дакажаш, што пісаў я гэта яшчэ да чарговага ажыўлення палестынскай вайны. Увогуле, лепш за ўсё ўзяць гэты тэкст і пайсці з ім у тэатр на “Мэры Крыстмас, Джызуз Крайст!” з жывой музыкай і жывымі, зноў жа, акторамі. Або проста пайсці ў тэатр. Можна яшчэ паўтыкаць у вечаровы выпуск навінаў па тэлевізары, але па тэлевізары шмат рэкламы, а рэклама – гэта гаўно. Нават сацыяльная.


* Пераклад Андрэя Хадановіча (сцэна пятая; сцэна дзевятая – рыфмаваная частка)


© Сергій Жадан, 2009

Пераклад з украінскай – Марыя Мартысевіч © 2009

Чытайце таксама

Міхал Андрасюк

Міхал Андрасюк

Беларуска- і польскамоўны пісьменнік, журналіст, дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы

Іта Еліна

Іта Еліна

Оскар Ўайлд

Оскар Ўайлд

Оскар Фінгал О’Флаэрці Ўілс Ўайлд — брытанска-ірландскі паэт, празаік, драматург, эсэіст, адзін з самых вядомых пісьменнікаў позневіктарыянскага перыяду, яркая знакамітасць свайго часу

Леапольда Лугонэс

Леапольда Лугонэс

Аргентынскі паэт, пісьменнік, журналіст. Прадстаўнік мадэрнізму

1201