№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Казка пра Ёнса, які хацеў навучыцца трымцець (Om Jöns, som ville lära sig att rysa)

Казка

Пераклад са шведскай Алеся Башарымава

Чуў я старую песню з такімі словамі:

Мой хлопчык, раю: стань дурным,
каб лоб – як дуб, а думкі – дым, –
і пойдзе лад у гаспадарцы –

і ў гэтым творы ёсць таму пацверджанне, бо расказваецца тут пра шчаслівае падарожжа ёлупня з дубовай галавою па белым свеце. Але гэта, бадай, выключэнне, бо зазвычай патрэбна нямала высілкаў і намаганняў, а таксама цярпення і волі, каб дасягнуць сваёй мэты, справіцца з нечым, нават калі тое “нешта” і бязглуздае, як было ў выпадку Ёнса-Трымцельніка, пра якога я зараз апавяду.

Жыў сабе чалавек, і было ў яго два сыны, разумны ды дурны. Разумны быў цудоўным дзіцём, сцвярджалі нават, што ён чуе, як расце трава; але ж дурны быў дурнейшы, чым можна сабе ўявіць, ні да якой работы ён не быў гожы. Вось, скажам, трэба яму прынесці патакі да вячэры, а ён прыносіць чарвякоў. Або вяртаецца не раней, чым вячэрнія зоркі пачнуць вітаць яго з неба ці голад пакліча дахаты. Калі трэба было дапамагчы бацькам, дык рабіць гэта мусіў старэйшы; дурны ж Ёнс быў цяжарам для бацькоў. Але, як бы там ні было, але і старэйшы сын быў не без хібу: ён быў страшна баязлівы. Ні пад якім прымусам не пайшоў бы ён па пляшку віна ў чорнае скляпенне і не стаў бы ўначы ісці каля могілак. Калі яго прасілі пра штосьці такое, або калі ён чуў, як нешта грызе пацук, або калі нехта апавядаў жахлівую гісторыю, у яго валасы станавіліся дыбарам і ён крычаў: “Ух, я ўвесь трымчу, ух, я ўвесь трымчу!”

“Гм, – думаў Ёнс, – брат Ганс – хлопец талковы, ён разумее, у чым штука трымцення! Мусіць, гэта надзвычай прыгожае мастацтва – трымцець! Хацеў бы і я ім авалодаць”. І з таго часу яго займалі толькі думкі пра трымценне. Дзе б ён ні быў, куды б ні йшоў, ён паўтараў сам сабе: “Ах, вось бы патрымцець хоць разок!”

Тады маці сказала: “Я ўсё думала, дурасць выб’ецца з Ёнса, і ён паразумнее, але цяпер бачу, што дачакацца ад яго мы можам толькі клопату і стратаў”. А бацька сказаў так: “Слухай што, Ёнс, ты расцеш з кожным днём, хутка станеш высокі, як хвоя, здаровы, як вол. Час табе ўжо чаму-нічаму талковаму навучыцца, каб зарабляць свой хлеб. А навучыцца трымцець – гэта нават у цябе, дурнога, часу многа не зойме, толькі тым ані капейчыны ў каліту ты не дадасі”. І Ёнс не прыдумаў ніякага іншага адказу, акрамя як: “Ах, як бы спазнаць трымценне, ах, як бы спазнаць трымценне!” Маці глыбока ўздыхнула, а бацька толькі пахітаў галавой і прамовіў: “Думаю, ты занадта дурны нават для гэтага...”

Праз нейкі час зайшоў да іх званар, і бацька падзяліўся з ім сваёй бядой. Маўляў, адно няшчасце яму з малодшым сынам: у галаве яго толькі дурасць і мары, а ўсё, чаму ён хоча вучыцца, – дык толькі трымценню й нічаму іншаму. “О, дык гэтаму ён, пэўна, можа навучыцца ў мяне, – адказаў званар. – Пусці яго да мяне, і хутка ягоная мара спраўдзіцца!” Гэта задаволіла бацьку. Ён разважаў так: “Калі мой хлопец і да гэтага выявіцца няздатным, дык хоць гонар ягоны саб’ецца, што ўжо само па сабе нечага вартае”. І вось Ёнс мусіў падняцца са званаром на вежу і вучыцца там званіць.

Нейкім вечарам, калі абодва былі наверсе ў вежы, званар падумаў: “Ну чакай, зараз ты даведаешся, што такое трымценне!” – і загадаў Ёнсу званіць на вячэрню. Сам жа цішком выбраўся, прыйшоў дадому і завярнуўся ў белую прасціну; потым вярнуўся на званіцу і спыніўся на самай верхняй прыступцы, проста насупраць акна вежы. Калі Ёнс павярнуўся і заўважыў спавітую ў белае нерухомую постаць, якая вырачыла на яго свае вочы, дык крыкнуў: “Ты хто? Чаго хочаш?” Але пытанні засталіся без адказу. “Што, вушы поўсцю зараслі, а ці губы склеіліся? Шчыра табе раю ісці сваім шляхам, снежны чалавек, тут табе рабіць няма чаго.” Але постаць нічога не адказала і з месца не скранулася, бо званар жа хацеў навучыць Ёнса трымцець. Але той і не думаў гэтага рабіць – наадварот, Ёнс раззлаваўся. “Калі ты чэсны, дык кажы, што табе трэба! – крычаў ён. – А як не, дык я цябе са сходаў спушчу!” Званар не паверыў, што можна такога чакаць ад Ёнса, і таму не вымавіў ні слова. Тут ужо цярпенне Ёнса скончылася, і ён стралою кінуўся на здань, што не падрыхтавалася да такога рашучага нападу і – бадабэмсь! – упала і скацілася з усіх дзесяці прыступак храмавай вежы ў нейкі кут. І як яна там ні стагнала, як ні хрыпела, Ёнса тое не турбавала ніякім чынам. Ён спакойна вярнуўся да звона і, тузануўшы вяроўчыну, абвесціў вячэрнія маленні, потым празваніў нейкую вясёлую песеньку, спусціўся і зачыніў за сабой дзверы. Званарова жонка цярпліва чакала свайго мужа і дзівілася, што ён так доўга сёння не хоча вяртацца са званіцы, між тым як ужо быў позні вечар. Урэшце яна пайшла ў Ёнсаў пакой, каб глянуць, ці яго таксама няма. Але той пахропваў у сваім ложку. Званарова жонка раскатурхала яго і спытала: “Адказвай, храпун, дзе твой гаспадар?” Ёнс з цяжкасцю прадзёр вочы і адказаў: “Я сачыць за ім не наймаўся, і дзе ён, не ведаю!” – “Бог ты мой, – сказала жонка званара, – ён жа быў на званіцы разам з табой, грубіян, і не вярнуўся стуль!” – “Гм, – прабурчаў Ёнс, – на сходах вежы стаяў нехта апрануты ў белае і ніяк не хацеў размаўляць. Я падумаў, што гэта нейкі жулік, і спусціў яго з лесвіцы. Калі хочаце праверыць, ці ваш гэта быў муж, дык можаце схадзіць паглядзець. Шкада, калі ён”. І Ёнс павярнуўся да сцяны і зноўку захроп. А жонка званара схапілася за ключы, адчыніла дзверы ў званіцу і падбегла да лесвіцы. І праўда, там у куце ляжаў ейны муж, які стагнаў і хрыпеў са зламанай нагою.

Гэта было зусім не смешна. Званар мусіў доўга яшчэ заставацца ў ложку, а Ёнсаву бацьку давялося наймаць доктара за ўласныя грошы, што, вядома, было не вельмі прыемна. Хлопца, да таго ж, адправілі дахаты, але бацька быў болей не ў стане цярпець яго пры сабе і сярдзіта сказаў: “Ты зрабіўся шалапутам, не здольным нават заплаціць за ваду, якую п’еш! Ад цябе мне толькі сорам і няшчасці. Вось табе некалькі залатых, вазьмі і ідзі адсюль, каб мае вочы цябе не бачылі. Ніякай карысці з такога няўдахі, як ты. Ідзі куды ногі нясуць!” – “Добра, бацька, я пайду, – адказаў Ёнс, – толькі скажы, ці дазволіш ты мне вярнуцца, калі я навучуся трымцець?” – “Не, – адказаў бацька. – Толькі калі паразумнееш”. Сунуў тады Ёнс каліту з грашыма, што бацька даў, у сваю кішэню, хуценька развітаўся дый падаўся ў белы свет вандраваць.

Выбраўся Ёнс на шырокі гасцінец, ідзе адзін па дарозе і ўсё паўтарае: “Ах, каб жа трымцець навучыцца, ах, каб жа трымцець навучыцца!” А пачуў гэта нейкі мінак, і як што ім выпала сустрэцца непадалёк ад гары шыбенікаў, ён сказаў: “Глядзі – там стаіць трынога, дзе сямёра мужчын нядаўна святкавалі вяселле дачкі вяровачніка. Цяпер яны вучацца лётаць. Калі хочаш навучыцца трымцець, начуй там – і навучышся!”

“Ха-ха-ха, – рассмяяўся Ёнс, – кажуць людзі, што я дурны як пень, але не такі ўжо я й дурань, каб табе паверыць! Так хутка гэтаму, пэўна ж, не навучышся”. – “Проста ідзі туды, ясна? – адказаў мінак. – Даю слова, што ўранку ты ўжо будзеш умець трымцець!” Ёнс адказаў: “Калі кажаш праўду, дык атрымаеш з маёй кішэні пяцьдзесят рыксдалераў, што мне далі на вучобу. Прыходзь заўтра, пабачым”.

“Лаўлю на слове! Грошыкі будуць мае”, – адказаў незнаёмы дарадчык і пайшоў сваёй дарогай.

А Ёнс падаўся да шыбеніцы. Пад вечар пахаладала, і Ёнс сабраў трэсак і распаліў вогнішча. Спачатку ўсё было добра. Ёнс стаміўся пасля дарогі і прылёг. Агонь саграваў яго, і Ёнс заснуў сном праведніка. Але апоўначы касцёр дагарэў, і Ёнса працяў востры, ледзяны начны вецер і абудзіў яго. Ёнс ізноў распаліў агонь, але так і не сагрэўся. Тады ён заўважыў, што адзін са слупоў шыбеніцы пачынае спаднізу тлець. Ён кінуўся туды і адным рыўком скінуў палову шыбеніцы і некалькі засіленых. Ёнс закінуў шыбеніцу ў агонь і хутка сагрэўся. Але калі ён убачыў, як варушацца на ветры целы, што засталіся вісець, і б’юцца адно аб адное, дык прамармытаў: “Ага, вы ж змерзлі! Пачакайце, я здыму вас, вам трэба сагрэцца! Пасядзіце разам са мной і сваімі таварышамі”. Ён падняўся па драбінах, прыстаўленых да шыбеніцы, і зняў засіленых. Калі ўсе сямёра ціхамірна ляжалі адзін з адным побач, ён падкінуў дроў у агонь, і касцёр запалаў. Вакол ён пасадзіў целы. “Ці не праўда, небаракі, – спытаў Ёнс у найбліжэйшага цела, – тут значна лепей, чым там наверсе?” Але мярцвяк нічога не адказаў, дый астатнія сядзелі зусім нерухома. “Вы яшчэ не адталі, – сказаў Ёнс. – Пачакайце, я вас крыху бліжэй перасуну”. І ён падцягнуў іх яшчэ бліжэй да вогнішча, так што полымя перакінулася на іхную спарахнелую адзежу. Але яны ўсё адно заставаліся застылымі, скалелымі ды маўклівымі і не пераймаліся, што лахманы іхныя заняліся агнём. “Гэта пачынае надакучваць, – сказаў Ёнс. – Не хочаце па-сур’ёзнаму, дык я вас павешу назад”. І ён усіх семярых аднога за адным зноў павесіў на ранейшыя месцы. Потым загарнуўся ў сваё паліто, расцягнуўся каля вогнішча і заснуў так моцна, нібыта сам быў мёртвым.

Наступным ранкам чалавек, што даў Ёнсу добрую параду, падняўся як найраней, каб хутчэй атрымаць свае пяцьдзесят рыксдалераў. Але, прыйшоўшы да шыбеніцы, ён спярша мусіў доўга штурхаць і трэсці заснулага Ёнса, пакуль той не прачнуўся, і ўжо было ясна, што зноў яму давядзецца сысці ні з чым, бо Ёнс трымцець зусім не навучыўся. Ёнс расказаў, што адбылося ўначы з гэтымі нуднымі шарлатанамі, як ён спачатку іх зняў з шыбеніцы, а потым павесіў назад. Чалавек пахітаў галавой і падаўся прэч, сказаўшы на ўсё гэта: “Мне такія дзівакі яшчэ не трапляліся...” А Ёнс таксама пайшоў сабе далей і зноў заладзіў: “Каб жа навучыцца трымцець, каб жа навучыцца трымцець!” Гэта пачуў фурман, які ехаў той жа дарогай. Ён спытаў Ёнса: “Хто ты такі?” – “Не твая справа”, – адказаў хлопец. А фурман пытае далей: “З адкуль ты?” – “Не ведаю,” – быў адказ. – “Хто твой бацька?” – “Можаш у яго спытаць сам”. – “Гм, а чаму ты, між іншым, бадзяешся па свеце, неразумнае ты дзіця?”

“Я хачу навучыцца трымцець”. – “Трымцець? Такой бязглуздзіцы я яшчэ не чуў! Слухай, хлопчык, тут пры дарозе карчма – ідзі туды, вазьмі сабе пітва ды яства паболей, а калі будзеш плаціць па рахунку, даведаешся, як гэта – трымцець”. – “Ну што ж, пэўна, у гэтым ёсць рацыя”, – падумаў Ёнс, падзякаваў добраму фурману і пайшоў да карчмы.

Зайшоўшы ўсярэдзіну, ён сказаў: “Добрага дня!” – “Дзякуй, – адказаў карчмар. – Чым магу служыць?” – “Хачу вось навучыцца трымцець, – адказаў Ёнс. – І фурман параіў мне падсілкавацца тут, а як буду сыходзіць і плаціць за ўсё, дык, маўляў, навучуся нарэшце трымценню”. – “А ці не зламыснік ты, хлопец! – усклікнуў карчмар. – Ты ж пачакай, я табе сам заплачу, глядзі!” – “Ах, той ночы я ўжо спрабаваў з гэтай шыбеніцай, – працягваў сабе Ёнс, – але мне не пашэнціла; прынамсі, трымцець я не навучыўся”. Карчмар адказаў: “Ну, тут ужо ў цябе ёсць лепшая магчымасць, каб навучыцца трымцець. Бачыш стары замак вунь там на ўзвышшы? У яго старых сценах гаспадарыць зачараваны прынц, ці рыцар, ці хто ён там такі. Дык вось, той, хто правядзе там тры ночы, атрымае ў жонкі адзіную дачку караля, а яна ж наймілейшая дзяўчына, якую хоць калі асвятляла сонца. Апрача таго, у замку ёсць многа вялікіх скарбаў, якія могуць зрабіць заможнага мужчыну з убогага бедняка; але іх ахоўваюць злосныя здані, і яны выметуцца прэч не раней, чым нехта адважыцца правесці тры ночы ў верхнім пакоі. Зразумела, шмат хто ўжо наважваўся гэта рабіць, ды толькі ніхто з тых, хто пайшоў туды, назад не вяртаўся”. – “У тым, што ты тут кажаш, ёсць і добрае, і злавеснае, – сказаў карчмару Ёнс. – Таго злавеснага я не баюся, а тое добрае мяне не вабіць; адзінае, што мяне задаволіць, дык гэта калі я змагу там навучыцца трымцець”. Цэлую ноч ён ніяк не мог заснуць, так займала яго думка, што сярод гэтых старых замкавых руінаў ён урэшце навучыцца трымцець.

Наступным ранкам ён адразу ж выправіўся ў шлях. Спярша завітаў ён да караля і сказаў яму так: “Кароль-гаспадар, як будзе на тое вашая ласка, дык хацеў бы я правесці тры ночы ў зачараваным замку!” Кароль агледзеў хлопца з усіх бакоў, і той яму спадабаўся. Кароль даў Ёнсу дазвол і сказаў: “Сын мой, ты можаш узяць з сабою тры рэчы, але нічога жывога”. І Ёнс, які з дзяцінства любіў распальваць агонь і шмат разоў стаяў за варштатам ды такарным станком, адказаў яму: “Тады я прашу добрае крэсіва, варштат ды такарны станок, каб не змерзнуць і бавіць неяк час”. Для яго знайшлі тры гэтыя рэчы, і кароль загадаў у той жа дзень адправіць іх у замак.

Пад вечар прыйшоў туды і Ёнс, распаліў добранька печку ў адным з пакояў, і паставіў пры агні варштат і такарны станок. Спачатку ён думаў, як па-рознаму можна бавіць час, а як надумаўся ўволю, стаў чакаць, калі ж ён пачне трымцець. Ды колькі ні чакаў, нічога і блізкага не адбывалася. Так наступіла поўнач. Ёнс прылёг каля агню і пачаў старанна на яго дзьмуць. Раптам з кута нехта крыкнуў: “Мяў, мяў, мы змерзлі!” – “Хто змерз? – перапытаў Ёнс. – Ходзьце да агню, небаракі, ды пагрэйцеся!” Толькі ён сказаў гэта, як два здаровыя чорныя кашакі выскачылі з кута і селі па абодва бакі хлопца, страшна ўтаропіўшыся ў яго сваімі вялізнымі дзікімі вачыма, што ззялі, як вугалі. Неўзабаве адзін з іх сказаў: “Як думаеш, прыяцель, лепей нам у дурня пабіцца ці ў “верыш – не верыш” згуляць?” – “З прыемнасцю згуляю ў “верыш – не верыш”, – адказаў Ёнс, – калі вы толькі захапілі карты”. Каты карты захапілі, і гульня пачалася. Хутка хлопец заўважыў, што ў катоў на лапах даўжэзныя кіпцюры. “Фу, фу, якая брыдота, дазвольце сказаць! – ускрыкнуў ён. – У вашай мамкі хіба не было часу заняцца вашымі кіпцямі? Хадзіце, я вам іх падчышчу!” Ён схапіў абодвух катоў за шкіркі, заціснуў іхныя лапы ў такарным станку і абрэзаў кіпцюры стамескай. Але калі раз’юшаныя каты кінуліся на яго, каб пакусаць, ён адрэзаў ім галовы і выкінуў з акна ў замкавы роў, а следам і каціныя целы. Ды не паспеў Ёнс зачыніць акно, як з усіх кутоў выскачылі чорныя кашакі з жудасным мяўканнем, а сярод іх забегалі чорныя сабакі, якія, нібыта звар’яцелыя, варочалі сваімі бліскучымі вачыма, шчэрыліся і вусцішна вылі. Нейкі момант Ёнс проста стаяў і глядзеў на ўсё гэта, а потым схапіў свой сцізорык і замахаў ім вакол сябе з такой моцай, што шмат катоў і сабак ужо ляжала нежывымі на падлозе, пакуль астатнія спяшаліся збегчы праз печку і комін. Палеглых жывёл Ёнс, як і тых, кінуў у замкавы роў. Пасля ўсёй гэтай працы ён крыху стаміўся і хацеў адпачыць. На шчасце, у куце стаяў ложак; Ёнс прылёг і нацягнуў на сябе коўдру. Але не паспеў ён заснуць, як ложак сам па сабе пачаў варушыцца; ён катаўся па ўсім замку, уніз і ўгору па сходах, заскочыў у кухню і ў склеп, праехаўся па вежавых пакоях і сутарэннях; і раптам – гоп! гоп! – перакуліўся дагары нагамі, так што Ёнс апынуўся пад гарой бялізны. Але ён адкінуў коўдру і падушкі, выбраўся з гэтага вэрхалу і паклаўся спаць на прыпечку, бо агонь яшчэ гарэў моцна. Так ён і заснуў і ляжаў бервяном да самага ранку.

На світанку кароль накіраваўся да замка. Калі ён заўважыў, што хлапец нерухома ляжыць у куце, дык падумаў, што здані забілі яго, і спачувальна прамовіў: “Шкада ўсё ж хлопца”. Але тут Ёнс расплюшчыў вочы і сказаў: “Дабрыдзень, кароль-гаспадар, што так рана?” Кароль і здзівіўся і ўзрадаваўся, што Ёнс жывы, і сказаў: “Ну, як табе тут было, дарагі Ёнс?” – “Ах, усё было добра, кароль-гаспадар, – адказаў той, – толькі стаміўся я страшна”. – “І ўсё? – спытаў кароль. – Гэта мы хутка выправім; можаш у карчме есці, колькі душа папросіць, а карчмар сваё з казны атрымае. Але ўвечары ты вернешся сюды. Згодны?” – “Анягож, – адказаў Ёнс. – павінна ж прайсці тры ночы.”

Потым кароль вярнуўся ў свой палац, а Ёнс падаўся ў карчму. Калі ён зайшоў туды, карчмар не схацеў даваць веры сваім вачам, бо ён быў упэўнены, што Ёнсу ўжо даўно як прыйшоў канец, – але ж вось, жывейшы за жывых, ён стаіць перад ім. “Гэта ты сам, ці ж гэта твой прывід?” – здзіўлена ўсклікнуў ён. “Думаю, я сам, – адказаў Ёнс, – і ніхто іншы”. А карчмар далей распытвае: “Ну што, дык ты, пэўна, трымцець там добра навучыўся?” – “Не, – адказаў хлопец. – Усё было дарма, я ані каліва не зразумеў з гэтай навукі”. Ёнс еў і піў колькі хацеў за кошт караля, а як наступіў вечар, вярнуўся ў зачараваны замак і зноў распаліў агонь. Бліжэй да поўначы Ёнс, уладкаваўшыся ля печкі, зноў пачаў паўтараць: “Ах, каб жа я ўсё-ткі ўмеў трымцець!” Тут раптам нешта як трэсне ў коміне, нібыта ўвесь замак разам захацеў абрынуцца, і долу са страшным грукатам звалілася палова чалавека. “Ёшкін кот! – усклікнуў Ёнс. – Яшчэ мне паўмужыка тут не хапала! Добрая з нас кампанія – паўтара чалавекі, што й казаць! Ну што, хутка там рэшта будзе?” – Плясь! – звалілася тут другая палова ў печку. “Вось што, абадранцы, добра ж вы з маім агнём управіліся! – крыкнуў Ёнс. – А між тым мушу сказаць, каб я пра агонь не парупіўся, дык вы змерзлі б як цуцыкі. Але перадусім я распалю агонь зноўку”. Ён адкінуў чалавечыя паловы ўбок і расклаў агонь. Але калі ён абярнуўся, паловы зрабіліся адным, але неймаверна гідкім мужыком, неахайна злепленым з дзвюх частак, і сядзеў ён на Ёнсавым месцы.

“Э, дзядзька, шуруй адсюль; гэта маё месца! – крыкнуў Ёнс свайму кампаньёну. – Валі, пакуль цэлы, бо я чакаць не стану!” Мужык пасля такога звароту і не зварухнуўся, прыкінуўся торбай, і Ёнс саштурхнуў яго і сеў на сваё месца. Тут зноў пачало грукатаць у коміне, і адтуль вывалілася цэлая процьма брыдкіх мужыкоў, а разам з імі – мноства чалавечых касцей і чарапушак. Ёнс усхапіўся насустрач ім: “Вечар добры, спадары, чым магу служыць?” Але пачварныя мужыкі маўчалі, жудасна вырачыўшы вочы на хлопца. Потым адзін з іх паставіў тарчма дзевяць костак, а другі знайшоў некалькі чарапоў і стаў збіваць кеглі. “Батальён! [1] – закрычаў хлопец. – Слухайце, спадары, прыміце і мяне ў гульню, я так захапляюся кеглямі!” – “Калі маеш грошы, можаш гуляць”, – адказалі мужыкі. “Вядома, маю, – адказаў Ёнс. – Думаеце, я нейкі там валацуга?”

“Ну, дык бі тады”, – адказаў адзін з пачварных мужыкоў і сунуў адну чарапушку Ёнсу. Ёнс узяў яе і сказаў: “Брыжаватыя нейкі ў вас шары; патрымай, я спачатку падтачу вам іх!” Потым стаў за станок і падкругліў чарапы. А тады і гульня пачалася. Ёнс біў, але мужыкі білі лепей, так што ён прайграў некаторую суму. Тут Ёнс раззлаваўся і кінуў чарапы паміж костак так, што аж засвісцела. “Усе дзевяць!” – усклікнуў ён, але нячысцікі закрычалі: “Не, дванаццаць!” – бо на вежы якраз прабіла поўнач. Чары страцілі сваю сілу, і Ёнс адразу ж ізноў апынуўся адзін.

Але ён так стаміўся, што паваліўся на першым-лепшым месцы і моцна заснуў, і спаў, аж пакуль наступным ранкам кароль не з’явіўся з дзвярэй пакоя. Шырока пазяхнуўшы, Ёнс пацягнуўся і ўрэшце скінуў з сябе сон. “Дабрыдзень, кароль-гаспадар!” – павітаўся Ёнс. – “Дабрыдзень, – адказаў той і пацікавіўся: – Ну, як прабавіў ноч?” – “Дзякую за турботу, усё добра! – адказаў хлопец. – Сумаваць не давялося: спачатку прымаў гасцей з коміна, а потым мы разам гулялі ў кеглі з чалавечымі касцямі”. І ён расказаў усё, што адбылося цягам ночы. Кароль задрыжаў, толькі пачуўшы гэта, і сказаў Ёнсу: “Ну, цяпер ужо табе, напэўна, давялося патрымцець!” – “Не думаю. Мне было досыць весела, так, але трымцець я яшчэ не навучыўся”, – адказаў Ёнс. “Ну, дык навучышся, мабыць, за трэцюю ноч”, – адказаў кароль і вярнуўся ў палац. Ёнс жа пашкандыбаў у карчомку і ад душы наеўся.

Калі настала трэцяя ноч, Ёнс уладкаваўся на варштаце і сказаў сам сабе: “Як усё ж такі будзе сумна, калі я ніколі не змагу патрымцець”. Тут пачуўся нейкі трывожны і жудасны шум, грукат і шоргат, дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшлі шэсць агромністых мужчын. Яны ўнеслі на насілках труну, якую паставілі пасярод пакоя і зніклі. “Ага, – падумаў Ёнс. – Тут, напэўна, ляжыць мой стрыечны брат Петэр, што нядаўна памёр. Ну-тка зірну на яго”. Ён падышоў да труны і зняў з яе замок. Там ляжаў мярцвяк, увесь у крыві. Ёнс дакрануўся да яго, але адразу ж адхапіў сваю руку: “Фу, які халодны! Ты змерз, брат Петэр; пачакай, я цябе сагрэю.” Хлопец узяў мерцвяка на рукі і панёс да агню. Але мярцвяк сагравацца не хацеў. Ёнс па-ўсякаму стараўся: клаў яго на калена і расціраў яму рукі і ногі, каб кроў зноў пачала рухацца; калі гэта не дапамагло, паклаў мерцвяка ў сваю пасцель, распрануўся і прылёг з ім побач. Так яны і ляжалі, пакуль мярцвяк не сагрэўся і не пачаў варушыцца. Ён стаў расці, расці, і ўрэшце крыкнуў:

“Нашто патрывожыў ты мой спачын? Зараз я парву цябе на кавалкі!” – “Гэта мусова зрабіць неадкладна?” – спытаў Ёнс, павярнуўшыся. Тут ён рубануў нячысціка, укінуў у труну і хуценька павесіў замок на месца. Адразу ж з’явіліся шасцёра мужчын, узнялі насілкі і знеслі труну прэч.

Хутка ў пакой увайшоў велікан з доўгай і густой барадою і закрычаў на Ёнса: “Чарвяк, табе канец! Ты памрэш!” – “Спакойна, спакойна! – адказаў Ёнс. – Не будзем з гэтым спяшацца. Калі я мушу памерці, трэба спярша спытацца маёй згоды”. – “Пагодзішся, певень, нікуды не дзенешся!” – крыкнуў велікан. – “Ну, ну, супакойся! – адказаў хлопец. – Адкуль столькі важнасці? Як дойдзе да справы, я ж з цябе кашу зраблю сваім сцізорыкам!” – “Смелыя словы, – адказаў велікан. – Ты, напэўна, значна мацнейшы за мяне?” – “Праверым – даведаемся, – адказаў Ёнс. – Ну ладна, давай. Калі будзе так, як ты сказаў, я цябе адпушчу; хадзі, праверым, хто тут большы волат!”

Тады галіяф схапіў Ёнса і перанёс яго да кавадла, і стукнуў па кавадле сякерай так, што тое ўплішчылася ў зямлю. “Гэта, мабыць, нейкае чарадзейства? – спытаў Ёнс. – Сцеражыся, я магу лепей!” І хлопец падышоў да другога кавадла. Велікан, што хацеў добранька разгледзець, што там робіць Ёнс, нізка нахіліўся, так што ягоная барада ўпала на кавадла. Хлопец як стукне сякерай – аж барада заціснулася ў шчыліне ад удару! “Ну ўсё, мужык, ты мой, – кажа Ёнс. – Цяпер твая чарга паміраць!” Тут жа схапіўся ён за жалезны шост і так урабіў здаравенную спіну пачвары, што велікан пачаў стагнаць і ліць слёзы і нават даў такое абяцанне, што, маўляў, калі Ёнс яго вызваліць, дык ён пакажа хлопцу тры куфры з золатам, з якіх адзін належыць каралю, другі – убогім, а трэці атрымае сам Ёнс. “Згода, – адказаў хлопец. – За такую цану я цябе вызвалю. Але спачатку я мушу ўбачыць гэтыя куфры!” – “Тады выпусці маю бараду”, – папрасіў велікан. “Не, – адмовіўся Ёнс. – Не раней, чым я атрымаю грошы. Пацягнеш кавадла з сабой; давай, вядзі мяне на тое месца!” Натуральна, гэта была нязручная ноша, але што паробіш? Ды нічога не паробіш, і велікан павёў Ёнса ў склеп і паказаў тры куфры з грашыма. І ў той жа момант прабіла дванаццаць; кавадла звалілася на зямлю, а велікан знік. “Стой, стой!” – закрычаў Ёнс, бо і тры куфэркі таксама хацелі знікнуць. І яму і праўда ўдалося іх утрымаць і нават, хай і з вялікай цяжкасцю, перацягнуць адзін за адным у свой пакой. Скончыўшы з гэтай працай, ён паклаўся спаць і праляжаў да самага ранку. І зноўку пабудзіў яго кароль: “Ну, сёння ж ты трымцець навучыўся?” – “Не, на жаль, не, – адказаў Ёнс. – Але затое я атрымаў у падарунак куфар золата, і яшчэ адзін куфар маю для жабракоў, і для цябе, кароль-гаспадар, таксама ёсць куфар. Як можна навучыцца трымцець, калі табе дораць столькі грошай!”

Кароль сказаў: “Мой слаўны Ёнс, дай я цябе абдыму! Ты вызваліў замак ад духаў і вынес зачараваны скарб на белы свет! Ты атрымаеш маю дачку ў жонкі і станеш маім зяцем”. – “Яно-та добра, кароль-гаспадар, – сказаў Ёнс, – але я пакуль занадта дурны, каб жаніцца, бо я ж нават і трымцець не навучыўся”. – “А, не хвалюйся пра гэта, – адказаў кароль. – І дурнейшыя за цябе жаніліся; а што да навукі трымцення, дык ты яе, думаю, засвоіш у свой час”.

Тым Ёнс і задаволіўся. Ажаніўся ён з прынцэсай, і вяселле атрымалася шыкоўнае. Што яшчэ трэба для сапраўднага шчасця! Ёнс атрымаў і багацце, і цудоўную жонку, якую вельмі палюбіў, але ўсё ж такі працягваў мармытаць сабе пад нос: “Ах, каб жа патрымцець, ах, каб жа патрымцець!” – “Ну, чакай, – сказала сама сабе маладая жонка. – Я ўжо Ёнса трымцець навучу”. Яна адправіла сваю пакаёўку да ручая і загадала прынесці цэлае вядро вады з маленькімі рыбкамі. Уначы, калі ейны муж глыбока спаў, яна сцягнула з яго коўдру і выліла ўсё вядро на яго – цэлае вядро ледзяной вады з рыбкамі! Тут прынц Ёнс усхапіўся з гучным крыкам: “Брр, як я трымчу! Ніколі б не паверыў, што навучуся! Вух, вух, любая жонка, я трымчу па-сапраўднаму, я гэта цяпер умею!”




[1] Гульнёвы тэрмін, які абазначае, што збітыя ўсе кеглі разам.

Пераклад са шведскай – Алеся Башарымава © 2013

Чытайце таксама

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Ангольскі партугальскамоўны пісьменнік, журналіст, выдавец

Фрыдрых Дзюрэнмат

Фрыдрых Дзюрэнмат

Швейцарскі пісьменнік, драматург і мастак, лаўрэат мноства прэміяў

Марыс Леблан

Марыс Леблан

Французскі пісьменнік, аўтар дэтэктыўных раманаў пра Арсэна Люпэна

Генры Мілер

Генры Мілер

Амерыканскі пісьменнік і мастак

471