1.
— Мардыгіян — бог Зуль-Бха-Саіра, — напышліва прамовіў карчмар. Панаванне яго пачалося ў тыя пракаветныя часы, куды не сягае чалавечая памяць, у часы, якія патанаюць у ценях нават чарнейшых, чым скляпенні яго падземнага храма. У Зуль-Бха-Саіры не ведаюць іншых багоў, апроч Мардыгіяна. Усё, што памірае ў мурах горада, належыць яму. Нават каралі і яснавяльможныя паны пасля смерці трапляюць у рукі ягоных жрацоў, захутаных у шаты. Гэта — закон, гэта — традыцыя. І неўзабаве жрацы прыйдуць і па тваю нявесту.
— Але Элейт не памерла! — у адчаі пярэчыў яму юны Фарыём. — Гэта проста хвароба, якая сапраўды нагадвае смерць. Такое ўжо здаралася з ёю двойчы — яна падала непрытомная і некалькі дзён ляжала бледная, здранцвелая, быццам труп, адрынуты зямлёй. І абодва разы яна вярталася да жыцця!
Карчмар недаверліва паглядзеў на дзяўчыну з белым, як лілея, абліччам, якая нерухома ляжала ў ложку пасярод сціпла абсталяванай мансарды.
— У такім выпадку не варта было табе везці яе ў Зуль-Бха-Саір, — сказаў ён са змрочнай іроніяй. — Лекар агледзеў яе і абвясціў мёртвай. Жрацы ўжо атрымалі паведамленне пра смерць. Храм Мардыгіяна чакае яе.
— Але ж мы іншаземцы, мы прабылі тут адну толькі ноч! Мы прыйшлі з краіны Ксайлак, што далёка на поўначы, а сёння ўранку мусілі ехаць у Тасуун, у кірунку да Фараада, сталіцы Ёраса, які ляжыць ля ўсходняга мора. Відавочна, ваш бог не мае ніякіх правоў на Элейт, нават калі б яна і памерла!
— Усё, што памірае ў мурах Зуль-Бха-Саіра, належыць Мардыгіяну, — павучальна прагаварыў карчмар. — Іншаземцы — не выключэнне. Спакон вякоў расхінутая пашча ягонага храма зеўрае і прагне, і ніводзін чалавек — ні мужчына, ні жанчына, ні дзіця — не здолеў яе пазбегнуць. Кожны смяротны ў належны час мусіць стаць ежай для вялікага бога.
Фарыём здрыгануўся, пачуўшы гэтыя злавесныя і напышлівыя прамовы.
— Так, я чуў цьмяныя легенды пра Мардыгіяна, якія расказвалі вандроўнікі ў Ксайлаку, — прызнаўся ён. — Але я забыўся, як завецца горад, дзе пакланяюцца гэтаму боству, і мы з Элейт трапілі сюды выпадкова, не ведаючы, што гэта Зуль-Бха-Саір. Але нават калі б я ведаў, я ўсё роўна не паверыў бы, што гэткі агідны звычай напраўду існуе. Што ж гэта за бог, які сілкуецца мярцвячынай, як гіена альбо грыф? Не бог гэта, а звычайны вупыр.
— Ты блюзнерыш — спыніся! — з перасцярогай сказаў карчмар. — Мардыгіян спрадвечны і ўсёмагутны, як сама смерць. Яму пакланяліся на старых кантынентах, яшчэ да таго як Заціка ўзнялася з марскіх глыбінь. Міласэрны, ён ратуе нашыя целы ад гніення і магільнага чарвяка. Як у іншых краінах людзі аддаюць сваіх памерлых пахавальнаму агню, так і мы ахвяруем нашых нябожчыкаў вялікаму богу Зуль-Бха-Саіра. Ягоны храм — месца жаху і вечнай цемры. Жрацы прыносяць сюды памерлых і кладуць іх на каменны алтар, дзе тыя спачываюць, пакуль не прыйдзе па іх вялікі бог, які жыве ў сутарэннях храма. Ніхто з жывых, апроч жрацоў, не бачыў ягонага аблічча. На тварах жрацоў маскі, зробленыя са срэбра, нават іх рукі схаваныя пад покрывам, бо ніхто са смяротных не павінен глядзець на тых, хто бачыў Мардыгіяна
— Але ж ёсць у вас кароль, ці не так? Я звярнуся да яго са скаргай на гэтую жудасную, пачварную несправядлівасць! Ён абароніць мяне.
— Фенквар — наш кароль, але ён не здолеў бы табе дапамагчы, нават калі б і пажадаў. Тваю скаргу ніхто не будзе разглядаць. Мардыгіян вышэйшы за каралёў, і закон яго святы... Чуеш? Жрацы ідуць. Яны ўжо тут!
Фарыём пачуў, як зарыпелі прыступкі лесвіцы, што вяла на мансарду, і з жахам усвядоміў, што за лёс чакае яго каханую тут, у гэтым страшным незнаёмым горадзе. Тыя, хто падымаўся па лесвіцы, рухаліся з неймавернай хуткасцю, на якую няздольныя чалавечыя істоты. Крокі былі ўсё бліжэй і бліжэй, і неўзабаве чатыры дзіўныя постаці ўвайшлі ў пакой. Постаці былі захутаныя ў жалобныя адзежы пурпуровага колеру, а іх твары былі закрытыя маскамі з гравіраванага срэбра, зробленымі ў выглядзе чалавечых чарапоў. Можна было толькі здагадвацца, што хаваецца пад гэтымі маскамі і шатамі. Карчмар сказаў праўду — нават рукі жрацоў былі абцягнутыя бясформеннымі пальчаткамі, а іх пурпуровыя адзежы спадалі свабоднымі складкамі і цягнуліся па падлозе, як краі саванаў. Штосьці жахлівае было ў гэтых постацях, і злавесныя маскі здаваліся яшчэ не самым горшым — сапраўдны жах выклікалі іх нялюдскія, агідна прыгорбленыя паставы і звярыная спрытнасць, з якой яны рухаліся, нягледзячы на свае доўгія няўклюдныя ўбранні.
Жрацы трымалі ў руках спецыяльныя насілкі, зробленыя з пераплеценых скураных раменьчыкаў, а дзяржальнамі служылі зжаўцелыя чалавечыя косткі. Скура была выцертая і зашмальцаваная — пэўна, насілкамі карысталіся ўжо не першы год. Не сказаўшы ні слова Фарыёму і карчмару, не трымаючыся ўвогуле ніякага цырыманіялу, яны скіраваліся проста да ложка, на якім ляжала Элейт.
Дзіўным і пагрозлівым было іх аблічча, але Фарыём, амаль страціўшы розум ад гневу і скрухі, не думаў пра небяспеку. Ён выхапіў з-за пояса невялікі кінжал, сваю адзіную зброю, і, не зважаючы на спалоханы вокліч карчмара, ахоплены лютасцю, кінуўся да захутаных постацяў. Фарыём быў спрытным і мускулістым юнаком і, у адрозненне ад жрацоў, быў апрануты ў лёгкае адзенне, якое не скоўвала рухаў, што давала яму пэўную перавагу.
Жрацы стаялі да яго спінамі, але, нібыта прадбачачы кожнае яго дзеянне, двое з іх раптам абярнуліся са спрытнасцю тыграў, выпусціўшы з рук касцяныя дзяржальны насілак. Адзіным рухам, імклівым і няўлоўным, як у змяі, якая атакуе ахвяру, яны выбілі кінжал з рук Фарыёма. На юнака абрынуліся сакрушальныя ўдары цяжкіх, як молаты, кулакоў, захутаных у бясформенныя пальчаткі, а потым яго ўзнялі ў паветра і кінулі да процілеглай сцяны пакоя. Аглушаны ўдарам, ён некалькі хвілін ляжаў непрытомны.
Ачуўшыся, юнак убачыў тлусты, круглы, як поўня, твар карчмара, які спагадліва схіляўся над ім. Жах за Элейт, яшчэ вастрэйшы, чым прага помсты, канчаткова вярнуў яго да прытомнасці. Са страхам агледзеўшы паўцёмны пакой, ён убачыў, што жрацы зніклі, а ложак, на якім ляжала Элейт, стаіць пусты. Карчмар загаварыў урачыста, як на хаўтурах:
— Жрацы Мардыгіяна міласэрныя і паблажлівыя да тых, каго цяжкая страта даводзіць да адчаю ці нават вар'яцтва. Тваё шчасце, што яны спагадліва ставяцца да нас, простых смяротных з усёй нашай недасканаласцю.
Фарыём падхапіўся на ногі, не зважаючы на востры, пякучы боль, які працяў цела. Схапіўшы кінжал, што ляжаў на падлозе пасярод пакоя, юнак кінуўся да дзвярэй. Цяжкая рука легла на яго плячо, прымушаючы спыніцца.
— Сцеражыся, бо нават міласэрнасць Мардыгіяна мае межы. Нядобрая гэта справа —пераследаваць ягоных жрацоў, і яшчэ горшая — урывацца пад зацішныя і блаславёныя скляпенні яго храма.
Фарыём ледзь слухаў. Ён таргануўся і, вызваліўшыся з учэпістых рук карчмара, рушыў быў да выхаду, але карчмар зноў схапіў яго за адзежу.
— Калі ўжо ты вырашыў пайсці, заплаці за ежу і жытло, — запатрабаваў ён. — Апроч таго, ты вінен лекару за ягоныя паслугі. Пакінь мне належную суму, і я разлічуся з ім замест цябе. Заплаці цяпер, бо няма ніякай упэўненасці, што ты вернешся.
Фарыём выцягнуў кашэль, у якім быў увесь яго набытак, і не гледзячы высыпаў манеты ў прагна працягнутую далонь карчмара. Не развітаўшыся з ім ні позіркам, ні словам, юнак таропка, быццам яго пераследавалі дэманы, спусціўся па заплеснелай і паедзенай чарвякамі лесвіцы і выйшаў на змрочныя звілістыя вуліцы Зуль-Бха-Саіра.
Магчыма, гэты горад не надта адрозніваўся ад іншых, хіба што быў надзвычай стары і сумны, але Фарыёму, які дайшоў да найвышэйшай ступені адчаю, здавалася, што вуліцы горада — гэта падземныя лабірынты, якія вядуць у якісьці глыбокі і жудасны склеп. Сонца ўзышло над уступістымі гарадскімі гмахамі, але юнаку здавалася, што гэта не сонечнае святло, а цьмянае мігаценне знічак у змрочных глыбінях грабніц. Мінакі на вуліцах былі, відавочна, самымі звычайнымі людзьмі, але юнаку мроіліся пачварныя вупыры і дэманы, якія блукаюць па сцежках некропаляў.
З горыччу згадваў ён папярэдні вечар, калі яны з Элейт увайшлі ў браму Зуль-Бха-Саіра. Былі ўжо прыцемкі, Элейт ехала верхам на вярблюдзе — адзіным, які ацалеў пасля іхнага падарожжа праз паўночную пустыню, Фарыём крочыў побач, і абодва яны былі знясіленыя, але шчаслівыя. На мурах і купалах гмахаў пунсавелі апошнія водбліскі сонца, у вокнах дамоў зіхацелі залатыя агеньчыкі, і гэтае месца здавалася чароўным і безназоўным горадам мрояў. Закаханыя вырашылі застацца тут на дзень ці на два, а потым прадоўжыць сваё нялёгкае падарожжа ў Фараад, да Ёраса.
Яны выправіліся ў гэтае падарожжа не па ўласным жаданні. Фарыём, збяднелы юнак шляхетнага паходжання, быў асуджаны на выгнанне з прычыны таго, што яго погляды на рэлігію і ўладу супярэчылі перакананням імператара Калепаса, валадара ягонай краіны. Забраўшы сваю каханую Элейт, з якой ён толькі-толькі пабраўся шлюбам, Фарыём накіраваўся ў Ёрас, дзе жылі яго дальнія сваякі, ужо гатовыя прыняць маладых у свой гасцінны дом.
Яны падарожнічалі разам з караванам гандляроў, які накіроўваўся напрасткі ў Тасуун. Але на мяжы з Ксайлакам, сярод чырвоных пяскоў Селатыянскай пустэльні, караван атакавалі рабаўнікі. Большасць гандляроў была забітая, рэшта разбеглася па пустэльні, Фарыём жа і яго каханая ўратаваліся, пагнаўшы сваіх вярблюдаў наўскач. Жыцці іх былі выратаваныя, але яны збіліся з дарогі, згубіўшыся сярод бясконцых пяскоў пустыні. Так і не здолеўшы адшукаць дарогу ў Тасуун, яны паехалі па іншай — той, што вяла ў Зуль-Бха-Саір, вялізны горад на паўднёвым захадзе пустэльні, падарожжа куды не ўваходзіла ў іхныя планы.
Закаханыя змушаныя былі ашчаджаць грошы, таму вырашылі спыніцца ў вельмі сціплай карчме ў жабрацкім квартале Зуль-Бха-Саіра. Уначы Элейт напаткаў прыступ хваробы, на якую яна пакутавала ад нараджэння. Прыступы здараліся з ёю і раней, яшчэ да шлюбу з Фарыёмам, але лекары Ксайлака здольныя былі распазнаць гэтую хваробу і ведалі, якое патрабуецца лячэнне. Дзякуючы належнаму догляду стан Элейт значна палепшыўся, і была надзея, што хвароба больш не вернецца. Гэты трэці ў яе жыцці прыступ быў, несумненна, выкліканы стомленасцю і цяжкімі выпрабаваннямі, якія напаткалі іх падчас падарожжа. Фарыём быў упэўнены, што неўзабаве Элейт апрытомнее, але мясцовы доктар, якога выклікаў напалоханы карчмар, сцвярджаў, што дзяўчына памерла і, згодна з дзіўным законам Зуль-Бха-Саіра, мусіць быць аддадзеная жрацам Мардыгіяна. На адчайныя пратэсты юнака ніхто не звяртаў увагі.
Штосьці д'ябальскае было ў гэтым ланцугу падзей, праз якія Элейт, яшчэ жывая, але з прычыны сваёй хваробы падобная да нябожчыцы, трапіла ў кіпцюры паслугачоў падземнага бога. Ад пакутлівых разважанняў аб гэтай наканаванасці юнак ледзь не вар’яцеў і без мэты, быццам шаленец, кідаўся сярод натоўпу па звілістых вуліцах горада.
У дадатак да няўцешлівых вестак, атрыманых ад карчмара, юнак згадваў змрочныя легенды пра Зуль-Бха-Саір, пачутыя ім яшчэ ў Ксайлаку. Цьмяныя і блытаныя былі тыя паданні, і юнак здзіўляўся, як жа мог ён на гэта забыцца, і кляў сябе чорнымі праклёнамі за ўласную забыўлівасць, якая прывяла іх да згубы. Лепш бы яны з Элейт загінулі ў пустыні, чым трапілі сюды, у Зуль-Бха-Саір з яго вычварнымі звычаямі, у гэты страшны горад, чыя брама зеўрае, як драпежная глотка ў чаканні здабычы.
Горад быў цэнтрам гандлю, але вандроўнікі тут не затрымліваліся, баючыся агіднага культу Мардыгіяна — нябачнага пажыральніка мярцвячыны, які, паводле легендаў, заўсёды дзеліцца ежай са сваімі жрацамі, захутанымі ў шаты. Казалі, нібыта мёртвыя целы ў храме ляжаць па некалькі дзён — падземны бог не кранае іх, пакуль не пачнецца разлажэнне. Казалі таксама, што ў храме адбываюцца рэчы нават больш мярзотныя, чым пажыранне мярцвячыны, што пад яго цёмнымі скляпеннямі ладзяцца блюзнерскія рытуалы некрамантаў, і немагчыма нават вымавіць, з якімі яшчэ агіднымі мэтамі ўжываюцца целы памерлых, пакуль іх не аддадуць нарэшце Мардыгіяну. Для ўсіх народаў Кантынента сканаць у мурах Зуль-Бха-Саіра было найгоршым лёсам і самым страшным праклёнам. Але для жыхароў горада, якія ўшаноўвалі жахлівага бога-падальшчыка, гэта было самым звычайным пахавальным рытуалам. Могілкі, склепы, катакомбы, пахавальныя вогнішчы — ва ўсім гэтым яны не мелі ніякай патрэбы, бо іх памерлых забіраў падземны бог.
Фарыём здзіўлена назіраў за гараджанамі, занятымі сваімі паўсядзённымі справамі. Уздоўж вуліц ішлі насільшчыкі, цягнучы на плячах вузлы з хатнім начыннем. Крамнікі цярпліва чакалі наведнікаў. На гарадскіх кірмашах гучна спрачаліся гандляры і пакупнікі. Жанчыны пляткарылі і смяяліся на прыступках дамоў. Гэтыя людзі нічым бы не адрозніваліся ад іншаземцаў накшталт Фарыёма, калі б не іхныя ўбранні чырвонага, чорнага і фіялетавага колеру, а таксама дзіўны, даволі грубы акцэнт. Спакваля цені начных кашмараў пачалі раставаць, і, назіраючы за будзённым жыццём гараджан, Фарыём адчуў, што да яго паступова вяртаюцца супакой і ўраўнаважанасць. Страшная была ягоная страта, і жудасны лёс пагражаў няшчаснай Элейт, але цяпер, калі да яго вярнулася здольнасць разважаць, ён пачаў шукаць выйсце з гэтага адчайнага становішча. Ён павінен выратаваць яе з храма бога-падальшчыка!
Зрабіўшы намаганне, ён надаў твару бесклапотны выраз і закрочыў нетаропкай хадою так, каб нішто не выдавала ягонай занепакоенасці. Падышоўшы да вулічнага гандляра, які прадаваў мужчынскія ўпрыгожанні, юнак зрабіў выгляд, што зацікаўлена разглядае тавар. Скарыстаўшыся момантам, ён пачаў распытваць гандляра аб горадзе Зуль-Бха-Саір і яго традыцыях, быццам быў цікаўным вандроўнікам, які жадае даведацца пра звычаі іншаземцаў.
Гандляр трапіўся надзвычай гаманкі, і неўзабаве Фарыём даведаўся, дзе знаходзіцца храм Мардыгіяна. Храм месціўся ў самым сэрцы горада, і дзверы яго былі адчыненыя і ўдзень, і ўночы, каб кожны мог без перашкод увайсці ў яго. Аднак жа імшы там ніколі не служылі, за выключэннем таемных абрадаў, на якіх было дазволена прысутнічаць толькі жрацам падземнага бога. Вельмі нямногія асмельваліся ўвайсці ў гэтае свяцілішча, бо тут існавала прымха: быццам бы кожны, хто хоць раз увойдзе пад цёмныя скляпенні храма, у хуткім часе вернецца сюды зноў — ужо ў якасці ежы для бога-падальшчыка.
Мардыгіян з пункту гледжання жыхароў Зуль-Бха-Саіра быў добрым боствам. Як ні дзіўна, ён быў цалкам пазбаўлены якіхсьці асабістых рыс. Ён быў, так бы мовіць, безаблічнай стыхійнай сілай, якая разбурае і ачышчае, накшталт агню. Яго паслугачы таксама былі загадкавымі істотамі — яны жылі ў храме і выходзілі з яго толькі для таго, каб выканаць свае абавязкі магільшчыкаў.
Ніхто не ведаў, як праходзіць абранне на пасаду жраца, але лічылася, што сярод іх ёсць і мужчыны, і жанчыны, і колькасць іх застаецца нязменнай з пакалення ў пакаленне. Іншыя сцвярджалі, што яны ўвогуле не чалавечыя істоты, а стварэнні, якія належаць да таемнай старажытнай расы. Яны жывуць пад зямлёй, яны несмяротныя, і яны сілкуюцца мярцвячынай, як і падземны бог. Праўда, у апошнія часы з'явілася агідная ерась, паводле якой Мардыгіян — выдумка царкоўных іерархаў, а целы памерлых з'ядаюць самі жрацы. Мімаволі працытаваўшы гэтыя ерэтычныя пастулаты, набожны гандляр адразу ж выракся іх з імпэтам шчырага верніка.
Фарыём яшчэ трохі пагаманіў з ім на іншыя тэмы, а потым прадоўжыў сваё падарожжа па горадзе, чые пакручастыя вуліцы, вычварна выгінаючыся, вялі наўпрост да храма. Яшчэ не маючы адмысловага плану, ён вырашыў для пачатку агледзець мясцовасць. Аповед гандляра збольшага абнадзейваў: дзверы свяцілішча адчыненыя для ўсіх, і кожны, хто не мае страху, можа без перашкоды ўвайсці ў храм. Аднак калі ў храме не будзе іншых наведнікаў, апроч Фарыёма, яму цяжка будзе застацца незаўважаным. З іншага боку, ніводзін з жыхароў Зуль-Бха-Саіра не западозрыў бы ў ім зламысніка, які прыйшоў выкрасці цела з храма — гэткае блюзнерства было па-за межамі іх разумення. Адчайная дзёрзкасць гэтай задумы адводзіла ад яго падазрэнні і абяцала поспех у выратаванні Элейт.
Вуліцы, якімі ён крочыў, пачыналі весці ўніз, робячыся ўсё больш вузкімі, змрочнымі і пакручастымі. У нейкі момант яму здалося, што ён збіўся з дарогі, і ён хацеў быў спытаць дарогу ў мінака, калі раптам перад ім паўсталі чатыры жрацы Мардыгіяна, быццам вынырнуўшы з глыбіні старажытнай вулачкі. Жрацы цягнулі ўсё тыя ж пахавальныя насілкі, зробленыя з касцей і скуры. На насілках ляжала цела мёртвай дзяўчыны, і Фарыёма працяў смяротны жах, прымусіўшы яго здрыгануцца, бо здалося яму, што гэта Элейт. Але прыгледзеўшыся, ён зразумеў, што памыліўся. Дзяўчына была ўбраная ў сукенку, пашытую з нейкай дзівоснай заморскай тканіны. Рысы яе твару, змярцвела-бледнага, як у Элейт, былі аздобленыя цёмнымі кудзеркамі, падобнымі да пялёсткаў чорных макаў. Яе прыгажосць, юрлівая і раскошная нават у смерці, адрознівалася ад анёльскай чысціні Элейт, як трапічная лілея адрозніваецца ад нарцыса.
Маўкліва, трымаючыся на паважнай адлегласці, Фарыём ішоў за постацямі, захутанымі ў пурпуровыя шаты. Ён бачыў, як людзі з глыбокай пашанай збочвалі, даючы дарогу жрацам, што неслі пекную нябожчыцу, і гучныя выкрыкі вулічных гандляроў змаўкалі, калі яны праходзілі міма. Прыслухаўшыся да гамонкі мінакоў, якія напаўголасу перашэптваліся паміж сабой, Фарыём даведаўся, што імя нябожчыцы — Арктэла, і яна дачка ягамосці Квароса, гарадскога суддзі. Яна памерла раптоўна і пры загадкавых акалічнасцях, лекары так і не здолелі растлумачыць, ад чаго нябожчыца сканала так хутка, не страціўшы пры гэтым ні кроплі сваёй квітнеючай прыгажосці. Адны казалі, што забіла яе не хвароба, а невядомая атрута, другія ж меркавалі, што дзяўчына стала ахвярай злога вядзьмарства.
Жрацы нетаропка крочылі звілістымі вулачкамі, Фарыём рухаўся следам, стараючыся не згубіць іх з вачэй. Дарога рабілася ўсё больш стромкай, усё шчыльней грувасціліся высокія гмахі, і вуліцы ўсё больш нагадвалі дно горнай цясніны. Нарэшце перад юнаком паўстаў пусты круглы пляц, які зеўраў у самым сэрцы горада, і самотны храм Мардыгіяна пасярод пляца. Пляц быў выбрукаваны оніксавымі плітамі, вакол храма чарнелі кроны могілкавых кедраў, і ляжалі пад імі глыбокія цені, быццам адбіткі стагоддзяў, што адышлі ў нябыт.
Будынак быў складзены з незвычайнага камню, які меў чарнавата-пурпуровае адценне згнілай плоці і, здавалася, быў здольны паглынаць сонечнае святло — муры яго быццам засмоктвалі яскравае ззянне поўдня, ператвараючы яго ў суцэльнае чарноцце. Будынак храма, прысадзісты і пазбаўлены вокнаў, нагадваў велічэзны маўзалей. Чорныя парталы злавесна зеўралі ў цені кедраў. Фарыём сачыў за жрацамі, пакуль яны не зніклі ў чарноцці парталаў, быццам чатыры здані, з мёртвай Арктэлай на насілках. Брукаваны пляц вакол храма быў бязлюдны, але юнак не асмельваўся перайсці яго ў здрадніцкім святле поўдня. Абышоўшы па крузе плошчу, ён выявіў яшчэ некалькі ўваходаў у свяцілішча, якія былі адчыненыя і нікім не ахоўваліся. Плошча і храм здаваліся спусцелымі, але юнака перасмыкнула, калі ён падумаў пра тое жудаснае і нябачнае, што хавалася ў мурах свяцілішча, і прымроілася яму баляванне чарвякоў пад мармуровымі надмагіллямі…
Жахлівы храм узвышаўся перад ім, быццам пачвара, якая выпаўзла з падзямелляў на сонечнае святло. Ён адчуў, што зноў пачынае траціць розум ад адчаю і бяссілля: яго Элейт там, унутры храма, ляжыць у цемрадзі і магільным смуродзе, а ён вымушаны чакаць, пакуль не надыдзе змрок, каб ажыццявіць свой няпэўны і вельмі сумнеўны план яе выратавання. А тым часам яна можа апрытомнець, і тады, напэўна, памрэ ад жаху, не вытрымаўшы жудаснага відовішча... а магчыма, яе чакае штосьці яшчэ горшае, калі толькі цьмяныя паданні не падманваюць...
2.
Абнон-Тха, вядзьмак і некрамант, віншаваў сябе з выдатнай угодай, якую ён заключыў са жрацамі Мардыгіяна. Ён адчуваў, і, пэўна, небеспадстаўна, што ніхто, апроч яго, не здольны быў бы задумаць і ажыццявіць такі складаны план, праз які Арктэла, дачка ганарлівага Квароса, зробіцца ягонай нявольніцай. Ніводзін мужчына ў свеце, казаў ён сабе, не мае такіх сродкаў і такой магутнасці, каб атрымаць жаданую жанчыну гэткім мудрагелістым спосабам. Арктэла была заручаная з Алосам, шляхетным маладым гараджанінам, і вядзьмак не мог нават спадзявацца на яе прыхільнасць. Аднак Абнон-Тха быў не проста бяскрыўдным чараўніком, а адэптам і дасведчаным знаўцам д'ябальскіх "чорных мастацтваў". Ён ведаў заклёны, чыя знішчальная сіла была мацнейшай за кінжал ці атруту, а таксама заклёны, здольныя падняць мерцвяка з магілы, нават калі б той праляжаў у зямлі некалькі гадоў ці стагоддзяў. З дапамогай чарадзейства ён забіў Арктэлу, павядзьмарыўшы над васковай лялькай, і цяпер яе цела ляжала ў храме Мардыгіяна разам з іншымі памерлымі. Гэтай ноччу з дазволу жахлівых, захутаных у шаты жрацоў ён верне Арктэлу да жыцця.
Абнон-Тха не быў народжаны ў Зуль-Бха-Саіры, ён прыйшоў сюды шмат гадоў таму са злавеснага, ахутанага міфамі вострава Сотар, які размяшчаўся дзесьці на ўсходзе кантынента Заціка. Быццам сыты малады грыф, уладкаваўся ён каля муроў пахавальнага храма і ў хуткім часе дасягнуў істотных поспехаў, пачаўшы браць сабе вучняў і памагатых.
Вядзьмак супрацоўнічаў са жрацамі ўжо вельмі даўно, і ўгода, якую ён заключыў з імі цяпер, была далёка не першай. Жрацы дазвалялі яму карыстацца целамі памерлых, ахвяраваных Мардыгіяну, з адзінай умовай: падчас ягоных практыкаванняў у некрамантыі мерцвякі павінныя заставацца ў храме. Такі прывілей быў, з пункту гледжання жрацоў, парушэннем правілаў, але вядзьмак вельмі шчодра ім плаціў — вось толькі не грашыма, а тым, што гніе ды смуродзіць. Абодва бакі былі задаволеныя: вядзьмак клапаціўся пра тое, каб у горадзе заўсёды было дастаткова памерлых, якія ахвяраваліся падземнаму богу, сам жа Абнон-Тха заўсёды мог скарыстаць мерцвякоў для самых гнюсных і пачварных чарадзействаў.
Абнон-Тха быў цалкам сабой задаволены. У дадатак да свайго майстэрства магіі і выбітнай вынаходлівасці, разважаў вядзьмак, ён прадэманструе яшчэ і няўяўную адвагу. Ён збіраўся здзейсніць не проста злачынства, а нечуванае святатацтва: ажыўленне цела памерлай Арктэлы і выкраданне яе з храма. Такія злачынствы (выкраданне трупаў — звычайных ці надзеленых падабенствам жыцця) і страшная кара за іх згадваліся толькі ў легендах, бо такога не здаралася ўжо некалькі стагоддзяў. Тройчы пракляты лёс таго дзёрзкага, папярэджвалі паданні, хто асмеліцца, але будзе схоплены на месцы злачынства. Некрамант усведамляў усю рызыкоўнасць сваёй задумы, але ў той жа час не адчуваў страху.
Двое памагатых ведзьмака, Наргай і Вемба-Тзіт, якія ведалі пра ягоныя намеры, падрыхтавалі ўсё неабходнае для тайных уцёкаў з Зуль-Бха-Саіра. Пажадлівыя пачуцці да Арктэлы былі не адзінай прычынай, з якой вядзьмак вырашыў пакінуць горад. Ён прагнуў перамен, бо яму надакучылі дзіўныя законы і звычаі Зуль-Бха-Саіра, якія хоць і спрыялі яго заняткам некрамантыяй, у той жа час былі перашкодай, не даючы чараўніку разысціся на поўную моц. Ён збіраўся рушыць на поўдзень і пасяліцца ў адным з гарадоў імперыі Тасуун, дзе ў старажытных грабніцах утойвалася незлічонае мноства мумій.
Сонца пачынала хіліцца да захаду. Пяць верхавых вярблюдаў чакалі ва ўнутраным дворыку дома, які належаў Абнон-Тха, — велізарнага, але вельмі старога будынка, які нібыта схіляўся над круглым пляцам вакол храма. Адзін з вярблюдаў быў наўючаны куфрамі з найкаштоўнейшымі вядзьмарскімі кнігамі, манускрыптамі і іншым магічным рыштункам. Тры астатнія прызначаліся для Абнон-Тха, двух яго памагатых — і Арктэлы.
Скончыўшы зборы, Наргай і Вемба-Тзіт скіраваліся да свайго гаспадара. Абодва яны былі нашмат маладзейшыя за Абнон-Тха і таксама чужынцы ў Зуль-Бха-Саіры. Чарнявыя і вузкавокія, яны былі родам з Наата, вострава з амаль гэткай жа нядобрай славай, што і Сотар.
— Выдатна, — сказаў некрамант, калі яны, пачціва апусціўшы вочы, паведамілі яму, што ўсё падрыхтавана для ўцёкаў. — Нам застаецца толькі дачакацца спрыяльнай гадзіны. Паміж заходам сонца і ўсходам месяца, калі жрацы вячэраюць у дольных галерэях, мы зойдзем у храм і зробім усё неабходнае, каб абудзіць памерлую Арктэлу. Яны добра нажаруцца сёння! Я быў у верхнім свяцілішчы — мерцвякі, якія ляжаць на каменным алтары, ужо выспелі, і іх можна есці. Напэўна, Мардыгіян наесца таксама. Такім чынам, нам ніхто не будзе замінаць.
— Але майстар, — сказаў Наргай, злёгку здрыгануўшыся пад сваёй пунсовай накідкай, — ці варта ўчыняць такое? Навошта вам увогуле забіраць тую нябожчыцу з храма? Дагэтуль вы бралі целы памерлых у часовае карыстанне, на тэрмін, дазволены жрацамі, і заўсёды вярталі іх у належным стане. Ці варта парушаць закон вялікага бога? Людзі кажуць, што Мардыгіян не гняўлівы, але абражаць яго не трэба, бо помста яго будзе страшнейшая за помсту ўсіх іншых багоў. З гэтай прычыны ніхто не асмельваецца гнявіць яго і рабаваць ягонае свяцілішча. Расказваюць, што ў даўнія часы адзін шляхетны гараджанін вынес з храма цела жанчыны, у якую быў закаханы, і збег з ёю у пустыню. Але жрацы пераследавалі яго, бегучы хутчэй за шакалаў... а што здарылася з ім потым, у легендах гаворыцца вельмі цьмяна.
— Я не баюся ні Мардыгіяна, ні яго стварэнняў, — ганарліва прамовіў Абнон-Тха. — Мае вярблюды бягуць хутчэй, чым жрацы, нават калі жрацы не людзі, а вупыры, калі верыць чуткам. Апроч таго, наўрад ці яны кінуцца за намі ў пагоню: пасля свайго балявання яны будуць спаць, нажэршыся, як тыя грыфы. Яны прачнуцца толькі заўтра, калі мы ўжо будзем далёка ад горада, на шляху да Тасууна.
— Майстар мае рацыю, — сказаў Вемба-Тзіт. — Нам няма чаго баяцца.
— Але ж людзі кажуць, што Мардыгіян ніколі не спіць, — настойваў Наргай, — і пад чорнымі скляпеннямі свайго храма бачыць усё, што адбываецца ў свеце.
— Так, я таксама гэта чуў, — холадна прамовіў Абнон-Тха. — Але мяркую, што гэта звычайныя прымхі. Няма ніякіх доказаў, што бог — пажыральнік мярцвячыны напраўду існуе. Я ніколі не бачыў Мардыгіяна і не ведаю, спіць ён цяпер ці чуйнуе, але хутчэй за ўсё ён самы звычайны вупыр. Я добра ведаю гэтых дэманаў і іхныя звычкі. Гэта тыя ж гіены, толькі выгляд маюць больш агідны, і яны неўміручыя.
— І ўсё ж нядобра будзе абражаць Мардыгіяна, — ледзь чутна прашаптаў Наргай.
Гэтыя словы не абмінулі чуйнага вуха Абнон-Тха.
— Ніякай абразы тут няма. Я добра паслужыў Мардыгіяну і ягоным жрацам — дзякуючы мне іх чорны алтар ніводнага дня не стаяў пусты. І я ў некаторым сэнсе выканаю ўмовы нашай угоды: яны атрымаюць ад мяне мерцвяка як плату за мой прывілей некраманта. Заўтра малады Алос, жаніх Арктэлы, зойме яе месца сярод памерлых. А зараз пакіньце мяне, бо мне трэба павядзьмарыць над васковай лялькай, каб сэрца Алоса згніло — няхай злыя чары з'ядуць яго, як чарвівы яблык!
3.
Фарыём знемагаў ад нецярплівасці — гэты зіхатлівы, сонечны дзень ніяк не заканчваўся, і час цёк марудліва, як вада ў рацэ, чыё рэчышча заваленае трупамі. Не ў стане ўтаймаваць сваю ўзрушанасць, юнак без мэты блукаў па шматлюдных гарадскіх кірмашах, пакуль нарэшце неба на захадзе не афарбавалася ў колер шафрану. Гарадскія вежы на фоне палымнеючага захаду зрабіліся чорнымі, і вячэрні змрок разліўся над дахамі, як глыбокае шэрае мора. І тады юнак вярнуўся ў карчму, дзе Элейт напаткаў прыступ хваробы, і запатрабаваў свайго вярблюда, якога пакінуў у стайні. Асядлаўшы жывёліну, ён рушыў уздоўж паўцёмных вуліц, асветленых толькі агеньчыкамі свяцільняў ды свечак у вокнах дамоў. Ён накіроўваўся да цэнтральнай плошчы горада.
Вячэрні змрок ператварыўся ў начную цемру, калі юнак дабраўся да пустога пляца вакол храма Мардыгіяна. Дамы, якія абступалі плошчу, здаваліся мёртвымі і закінутымі, бо ніводнага агеньчыка не бачна было за іх шчыльна зачыненымі аканіцамі. Сам жа храм нагадваў згустак апраметнай цемрадзі, і не гарэла наўкол ніводнай знічкі — адно зоры мігцелі ў небе над гэтай велічэзнай грабніцай. Наўкол, здавалася, не было ні душы, і хаця гэтае бязлюддзе было спрыяльным для ажыццяўлення яго плану, Фарыём здрыгануўся, быццам ад ледзянога холаду, адчуўшы сваю самоту і безабароннасць. Капыты ягонага вярблюда гучна і звонка грукаталі па бруку, і юнак усведамляў: вупыры, стоеныя ў цемры, пэўна пачулі гэты пошчак і ўжо ведаюць, што ён тут.
Аднак ні гуку, ні руху не было наўкол — толькі магільная цемрадзь. Каля купы старажытных кедраў юнак спешыўся і прывязаў вярблюда да галіны, што схілялася нізка над зямлёй. Хаваючыся ў цені дрэваў, ён нячутна, як здань, наблізіўся да храма і павольна абышоў яго па крузе. Чатыры брамы, якія адпавядалі чатыром бакам свету, былі шырока расхінутыя, ніякіх вартаўнікоў там не было, а за брамамі панавала суцэльная цемра. Наблізіўшыся да партала з усходняга боку храма — менавіта там ён пакінуў вярблюда — юнак сабраў усю сваю адвагу і рушыў пад скляпенні, якія зеўралі чарноццем.
Пераступіўшы парог, юнак апынуўся ў суцэльнай цемрадзі. У паветры лунаў ледзь улоўны смурод гніення, а таксама разкаваты пах, быццам ад абвугленых касцей і пасмаленай плоці. Меркавана Фарыём знаходзіўся цяпер у вялізным калідоры. Прытрымліваючыся рукою за сцяну, юнак вобмацкам рушыў наперад. Неўзабаве калідор раптоўна павярнуў убок, і юнак убачыў далёка наперадзе сіняватыя агеньчыкі, якія мігцелі ў глыбіні галерэі: відавочна, гэта было галоўнае свяцілішча. У няпэўным святле паўставалі абрысы масіўных калон, а падышоўшы бліжэй, юнак разгледзеў некалькі постацяў. Яны ішлі, не заўважаючы яго — захутаныя ў шаты, з тварамі, схаванымі пад страшнымі маскамі ў выглядзе чарапоў. Двое з іх цягнулі мерцвяка. Фарыём, які стаіўся ў цені калідора, адчуў, што смурод гніення зрабіўся мацнейшым, калі яны праходзілі міма.
Неўзабаве змрочная працэсія знікла з вачэй, і ў храме зноў запанавала магільная цішыня. Юнак вычакаў некалькі хвілін, стоячы ў страху і сумненнях, перш чым асмеліўся рушыць далей. Нейкая вусцішная таямніца лунала пад гэтымі скляпеннямі, атрутная і задушлівая, як выпарэнні катакомбаў. У цемры слых юнака абвастрыўся, і яму прычуліся прыглушаныя спевы — цэлы хор дзіўных, нялюдскіх галасоў, якія, здавалася, ішлі з падзямелляў храма.
Крадучыся ўздоўж калідора, ён зачаравана глядзеў на тое, што было, несумненна, галоўным свяцілішчам: велізарная прысадзістая зала з мноствам калон, якія губляліся ў змроку; адзінай крыніцай святла тут былі мігатлівыя сінія знічкі, якія гарэлі ў свяцільнях-лампадах, усталяваных на вузкіх каменных слупах.
Фарыём стаяў на парозе свяцілішча, не асмельваючыся ўвайсці. Смурод згнілай і спаленай плоці зрабіўся больш адчувальным, быццам ён наблізіўся да яго крыніцы, а ля заходняй сцяны ў падлозе зеўраў уваход у падзямелле, адкуль чуліся дзіўныя спевы. Аднак у самой зале не было ніякіх прыкметаў жыцця — толькі мігацелі знічкі ды гойдаліся зыбкія цені. Юнак разгледзеў усярэдзіне залы абрысы вялізнага стала, высечанага з гэткага ж чорнага камню, што і будынак храма. На каменнай стальніцы, напалову асветленыя лампадамі, напалову схаваныя ў цені калон, ляжалі ўшчыльную чалавечыя целы. Фарыём зразумеў, што гэта чорны алтар Мардыгіяна, а мерцвякі на ім — ахвяры вялікаму богу.
Люты задушлівы страх і адчайная надзея змагаліся ў ягонай душы. Пераадолеўшы жудасць і агіду, выкліканыя прысутнасцю мерцвякоў, ён рушыў да каменнага стала. Алтар быў прыблізна трыццаць футаў у даўжыню і ўзвышаўся да ўзроўню грудзей, абапіраючыся на дванаццаць трывалых калон. Ідучы ўздоўж стала, Фарыём са страхам узіраўся ў мёртвыя целы, рупліва складзеныя ў шэраг тварамі да столі. Тут ляжалі мужчыны і жанчыны ўсіх узростаў і рангаў. Шляхетныя, заможныя гандляры спачывалі побач з жабракамі ў брудным рыззі. Некаторыя з іх сканалі нядаўна, некаторыя, відавочна, праляжалі тут некалькі дзён і ўжо пачалі гніць. У шчыльным шэрагу целаў там-сям былі пустыя прамежкі, быццам нехта сцягнуў мерцвякоў з алтара. Фарыём крочыў уздоўж каменнай стальніцы, імкнучыся разгледзець у няпэўным святле твар сваёй умілаванай Элейт. Нарэшце, дайшоўшы да процілеглага краю стала і ўжо амаль страціўшы надзею, ён знайшоў яе. Скошаная сваёй дзіўнай хваробай, змярцвела-бледная, нерухомая, ляжала яна на халоднай каменнай пліце. Сэрца Фарыёма напоўнілася радасцю — ён ведаў, што яна не памерла і не ўбачыць гэтага жахлівага храма, бо прытомнасць вернецца да яе яшчэ няхутка. Зараз ён мусіць выратаваць яе з Зуль-Бха-Саіра, і ўжо там, за мурамі ненавіснага горада, яна акрыяе ад сваёй немачы, так падобнай да смерці.
Кінуўшы позірк на цела, што ляжала поруч з Элейт, ён са здзіўленнем пазнаў прыгажуню Арктэлу — нябожчыцу, якую напярэдадні цягнулі на насілках жрацы, якіх ён пераследаваў амаль да самага храма. Зрэшты, ён адразу ж забыўся пра яе і схіліўся над Элейт, каб узяць яе на рукі.
У гэты момант юнак пачуў прыглушаны шэпт, што даносіўся з усходняга партала, праз які ён трапіў у храм. Мяркуючы, што гэта хтосьці са жрацоў, ён кінуўся на падлогу і запоўз пад важкі алтар, які быў тут адзіным магчымым сховішчам. Мігатлівае святло лампад было занадта слабым, каб развеяць густыя цені ля падлогі, і юнак, стаіўшыся сярод калон, на якія абапіраўся каменны стол, чакаў, пільна ўзіраючыся ў паўзмрок.
Галасы набліжаліся, і неўзабаве трое незнаёмцаў падышлі да алтара, спыніўшыся ў тым жа месцы, дзе стаяў юнак некалькі імгненняў таму. Ён мог бачыць толькі іхныя ногі, абутыя ў сандалі, і крысы іхных адзенняў чырвонага і пунсовага колеру — пэўна, гэта былі не жрацы Мардыгіяна. Не ведаючы, заўважылі яго ці не, юнак прыпаў да падлогі і выцягнуў з-за пояса кінжал.
Цяпер ён мог адрозніць тры галасы — адзін быў ганарлівы і ўладны, другі, гартанны, нагадваў гырканне тыгра, а трэці быў вісклівы і гугнявы. Незнаёмцы размаўлялі з дзіўным акцэнтам — не такім, як у жыхароў Зуль-Бха-Саіра, і многія словы былі незразумелыя Фарыёму. Зрэшты, незразумелай была амаль уся іхная гутарка.
— …вось тут… каля самага краю, — прамовіў ганарлівы голас. — Спяшайцеся… У нас няма часу важдацца.
— Слухаюся, Майстар, — адказаў гартанны голас. — Але што гэта? Яшчэ адна? А яна прывабная...
Тут незнаёмцы пачалі спрачацца, з асцярогай прыцішыўшы галасы. Здавалася, уладальнік гартаннага голасу даводзіў штосьці, з чым двое іншых не згаджаліся. Юнак мог адрозніць толькі асобныя словы, але скеміў, што імя першага спрачальніка — Вемба-Тзіт, а ўладальнік вісклівага голасу — Наргай. Нарэшце той, каго называлі не інакш як Майстар, выразна прамовіў:
— Не, я не ўхваляю… Гэта затрымае наш ад’езд… і адзін вярблюд змушаны будзе везці дваіх вершнікаў. Але бяры яе, Вемба-Тзіт, калі здолееш абудзіць без маёй дапамогі. У мяне няма часу вядзьмарыць над двума мерцвякамі адразу... Заадно пабачым, на што ты здольны як чараўнік.
Юнак пачуў, як Вемба-Тзіт замармытаў словы ўдзячнасці.
— А зараз змоўкні і не марудзь, — перапыніў яго голас Майстра. Фарыёму, які занепакоена разважаў над сэнсам гэтай дзіўнай размовы, здалося, што двое з трох мужчынаў прысунуліся бліжэй да алтара і нібыта схіліліся над целамі памерлых. Ён пачуў, як зашаргацелі краі адзенняў аб камень, а праз імгненне ўбачыў, што ўсе трое сыходзяць кудысьці ў глыбіню храма, пад шаты калон, у кірунку, супрацьлеглым усходняму парталу. Двое з іх неслі на руках нябожчыц — іхныя безжыццёвыя твары смутна бялелі ў паўзмроку.
Чорны жах працяў сэрца Фарыёма, бо ён зразумеў, што гэта былі за нябожчыцы. Выслізнуўшы са свайго сховішча, ён паглядзеў на каменны стол — так, сапраўды, Элейт знікла, а разам з ёю і тая, іншая, дзяўчына па імені Арктэла. Тры цьмяныя постаці рушылі да заходняй сцяны свяцілішча, якая патанала ў апраметным змроку, і неўзабаве цемра паглынула іх. Юнак не ведаў, былі рабаўнікі вупырамі альбо чымсьці горшым, але ён, забыўшыся пра небяспеку, кінуўся ўслед за імі. Ён павінен выратаваць Элейт!
Дасягнуўшы процілеглай сцяны храма, юнак апынуўся перад уваходам у неасветлены калідор і без развагаў скіраваўся туды. Далёка наперадзе ён разгледзеў водбліскі чырванаватага полымя. Затым пачуў натужлівае металічнае скрыгатанне, і чырвонае святло звузілася да памераў дзвярной шчыліны, быццам дзесьці ў глыбіні калідора зачыніліся дзверы пакоя.
Ідучы ўздоўж сцяны, ён наблізіўся да крыніцы гэтага злавеснага святла. Дзверы, абшаляваныя пацьмянелымі бронзавымі плітамі, былі прачыненыя, і перад вачыма Фарыёма паўстаў дзівосны пакой, асветлены крывава-чырвонымі агеньчыкамі, якія трымцелі і хісталіся ў свяцільнях, усталяваных на высокіх і чорных, як надмагіллі, падножжах.
Пакой быў абсталяваны з вычварнай раскошай, якая, як ні дзіўна, зусім не здавалася недарэчнай на фоне чорнага камню і хаўтурнага ўбрання храма. Тут былі канапы і кілімы з найкаштоўнейшых узорыстых тканін, цынобра і золата, срэбра і блакіт; у кутах курыліся духмяныя смолы ў жароўнях, выкаваных з невядомых металаў і ўсыпаных каштоўнымі камянямі. Нізкі столік быў загрувашчаны разнастайнымі склянкамі і магічнымі прыладамі, якія маглі ўжывацца і ў медыцыне, і ў чараўніцтве.
На адной з канапаў ляжала Элейт, побач з ёю, на другой канапе, паклалі цела Арктэлы. Рабаўнікі, якіх Фарыём упершыню ўбачыў у твар, займаліся падрыхтоўкай да нейкага рытуалу. Юнак раптам адчуў вар'яцкую цікаўнасць. Яго першым памкненнем было ўварвацца ў пакой, але ён стрымаўся і знерухомеў ля дзвярэй, зачаравана назіраючы.
Адзін з рабаўнікоў, высокі, немалады ўжо мужчына — мабыць, гэта быў Майстар, — завіхаўся каля мёртвай Арктэлы, усталёўваючы на падлозе маленькія жароўні, кадзілы і іншае магічнае начынне. Другі, маладзейшы, з вузкімі пажадлівымі вачыма, раскладваў гэткія ж прылады вакол Элейт. Трэці, таксама малады, з лютым абліччам, проста стаяў і назіраў за двума саўдзельнікамі са страхам і неспакоем.
Фарыём здагадаўся, што гэтыя людзі — чараўнікі. Са спрытнасцю, набытай за доўгія гады практыкі, яны распалілі кадзілы і жароўні, а потым адначасова, на два галасы, пачалі прамаўляць закляцці. Чараўнікі вымаўлялі словы заклёнаў з адмысловым рытмам, час ад часу перапыняючыся, каб пакрапіць жароўні дзіўным чорным алеем — і тады распаленае вуголле аглушальна шыпела, і воблакі жамчужна-шэрай пары ўздымаліся да столі. З кадзілаў паўзлі струменьчыкі дыму, падобныя да чорных гадзюк, звіваючыся і курчачыся ў шараватай смузе, і здавалася, быццам над пакоем лунаюць велізарныя выродлівыя здані. Пакой напоўніўся невыносна рэзкімі пахамі бальзамаў і смол, і Фарыём, удыхнуўшы гэтыя выпарэнні, адчуў, як падлога захісталася ў яго пад нагамі, пакой пачаў разгойдвацца, і ўсё наўкол зрабілася зыбкім і прывідным, як у сне.
Цяпер галасы некрамантаў гучалі як пераможныя спевы. Уладныя, патрабавальныя, яны нібыта прамаўлялі нараспеў словы нейкай блюзнерскай літанні. Натоўпы прывідаў мроіліся ў аблоках смугі, што ўздымалася над канапамі, на якіх ляжалі нябожчыцы — адна напраўду мёртвая, другая пагружаная ў мёртвы сон.
Калі клубы дыму і смугі трохі развеяліся, Фарыём убачыў, што Элейт зварухнулася, быццам абуджаючыся ад глыбокага сну, адкрыла вочы і прыўзняла бледную руку над узорыстымі падушкамі. Маладзейшы некрамант адразу ж спыніў свае спевы, абарваўшы іх рэзка і нечакана, між тым як напышлівы голас старэйшага працягваў прамаўляць заклёны, і Фарыём, сам пад уладай чараў, стаяў, не ў сілах варухнуцца.
Спакваля смуга раставала, як шаты прывіда. Юнак убачыў, як мёртвая Арктэла павольна, быццам самнамбула, паднялася на ногі. Спевы Абнон-Тха, які стаяў перад ёю, завяршыліся на ўрачыстай, пранізлівай ноце. У жудаснай цішыні пачуўся слабы ўскрык Элейт і пераможны вокліч Вемба-Тзіта
— Глядзіце, о Абнон-Тха! Маё вядзьмарства спрытнейшае, чым вашае, бо мая абранніца абудзілася раней за Арктэлу!
Злыя чары, якія трымалі Фарыёма ў здранцвенні, нарэшце развеяліся. Ён штурхнуў важкія дзверы з пацьмянелай бронзы, і яны, пранізліва скрыгатнуўшы завесамі, расхінуліся. Сціскаючы ў руцэ кінжал, юнак кінуўся ў пакой.
Элейт, з вачыма, пашыранымі ад спалоху і разгубленасці, бездапаможна пацягнулася да Фарыёма, намагаючыся падняцца з канапы. Арктэла, маўклівая і пакорлівая, стаяла перад некрамантам Абнон-Тха, быццам чакаючы ягоных загадаў. Яна выглядала як прыгожая, але бяздушная механічная лялька. Убачыўшы нечаканага госця, ведзьмакі адступілі ў глыбіню пакоя і выхапілі з-пад плашчоў кароткія мячы з выгнутымі лёзамі. Адным маланкавым ударам Наргай выбіў кінжал з рук Фарыёма — тонкае лязо пераламалася ля самага дзяржальна, сустрэўшыся з мячом ведзьмака, — а Вемба-Тзіт, узняўшы зброю, збіраўся ўжо абрынуць на юнака апошні смяротны ўдар, але Абнон-Тха загадаў яму спыніцца.
Фарыём, уз'юшаны, але бездапаможны, стаяў перад аголенымі лёзамі мячоў, пад пільным позіркам цёмных, як у драпежнай птушкі, вачэй Абнон-Тха.
— Я хацеў бы ведаць прычыну гэтага ўварвання, — сказаў некрамант. — Пэўна, ты не баязлівец, калі асмеліўся ўвайсці ў храм Мардыгіяна.
— Я прыйшоў па дзяўчыну, якая ляжыць цяпер у гэтым пакоі, — абвясціў Фарыём. — Гэта Элейт, мая жонка, якая была незаконна ахвяраваная падземнаму богу. Але скажыце, навошта вы прынеслі яе ў гэты пакой, забраўшы з алтара Мардыгіяна, і хто вы такія, з якой мэтай ажыўляеце памерлых накшталт гэтай няшчаснай жанчыны?
— Я Абнон-Тха, некрамант, а гэтыя двое — мае вучні, Наргай і Вемба-Тзіт. Будзь удзячным Вемба-Тзіту, бо менавіта ён вярнуў тваю жонку з абшараў смерці, зрабіўшы гэта з майстэрствам больш дасканалым, чым ў яго настаўніка. Яна абудзілася нават раней, чым ён скончыў прамаўляць закляцце.
Фарыём з недаверам утаропіўся на Абнон-Тха.
— Элейт не памірала, яна проста была ў непрытомнасці, — прамовіў ён. — І абудзіла яе зусім не чараўніцтва вашага вучня. Але ў любым выпадку, жывая Элейт ці мёртвая, гэта датычыць толькі мяне. А зараз дазвольце нам пайсці, я хачу як найхутчэй вывезці яе з Зуль-Бха-Саіра, у якім мы чужынцы.
Сказаўшы гэта, ён павярнуўся спінай да некрамантаў і рушыў да Элейт. Позірк яе быў яшчэ затуманены, але вусны ледзь чутна прашапталі імя Фарыёма, калі ён сціснуў яе ў абдымках.
— О, якое дзіўнае супадзенне, — саладжава прамовіў Абнон-Тха. — Я і мае вучні таксама збіраемся пакінуць Зуль-Бха-Саір, і менавіта гэтай ноччу. Для нас будзе вялікім гонарам, калі ягамосць складзе нам кампанію.
— Не, дзякуй, — коратка адказаў Фарыём. — Я мяркую, што мы мусім ехаць па розных дарогах. Элейт і я накіроўваемся ў Тасуун.
— Клянуся чорным алтаром Мардыгіяна, зноў цудоўнае супадзенне — мы таксама едзем у Тасуун! І нябожчыцу Арктэлу я забіраю з сабой, бо, на маю думку, яна занадта прыгожая для падземнага бога і ягоных вупыроў.
Фарыём адчуваў, якая чорная злосць хаваецца пад саладжавымі, здзеклівымі прамовамі некраманта. Таксама ён заўважыў, што Абнон-Тха зрабіў хуткі злавесны знак сваім памагатым. Бяззбройны, ён мог адно зрабіць выгляд, што прымае прапанову ведзьмака. Ён ведаў, што яму не дазволяць выйсці з храма жывым, бо вузкія вочы Наргая і Вемба-Тзіта, якія пільна глядзелі на яго, гарэлі прагай крыві і забойства.
— Пойдзем, — уладна прамовіў Абнон-Тха. — Час рушыць у дарогу.
Ён павярнуўся да нерухомай постаці Арктэлы і прагаварыў штосьці на незразумелай мове. З пустымі вачыма, крочачы, як самнамбула, нябожчыца рушыла за некрамантам, які накіраваўся да дзвярэй. Фарыём дапамог Элейт падняцца на ногі, шэпчучы ёй пяшчотныя словы кахання, каб хоць трохі суцішыць смяротны жах і ўзрушанасць, якія ўжо пачыналі авалодваць ёю. Яна магла ісці — праўда, вельмі павольна, няпэўнымі крокамі. Вемба-Тзіт і Наргай адступілі, прапускаючы іх наперад. Фарыём, адчуваючы, што будзе забіты, ледзь толькі павернецца да іх спінай, неахвотна адвярнуўся да выхаду, адначасова азіраючыся вакол з адчайнай надзеяй знайсці хоць што-небудзь, што зможа паслужыць зброяй.
Металічная жароўня, напоўненая распаленым да чырвані вуголлем, стаяла ля самых яго ног. Хутка нахіліўшыся, ён схапіў жароўню ў рукі і павярнуўся да некрамантаў. Юнак не памыліўся: Вемба-Тзіт, узняўшы меч, нячутна падбіраўся да яго, рыхтуючыся нанесці ўдар. Фарыём шпурнуў распаленую жароўню некраманту ў твар, і Вемба-Тзіт адхіснуўся, зайшоўшыся дзікім здушаным крыкам. Наргай, загыркаўшы, як раз'юшаны звер, люта накінуўся на безабароннага юнака. Выгнутае лязо яго ятагана бліснула чырванню ў злавесным святле лампад, і Фарыём ужо падрыхтаваўся з гонарам прыняць смерць — але ўдару не было. Наргай раптам знерухомеў, нібыта сустрэўшыся позіркам з вачамі Гаргоны.
Нібы падпарадкоўваючыся чыймусьці ўладнаму загаду, юнак абярнуўся і ўбачыў тое, што прымусіла Наргая застыць на месцы. Арктэла і Абнон-Тха стаялі перад адчыненымі дзвярыма — іхныя постаці надзвычай выразна вымалёўваліся на фоне велічэзнага ценю, які не магла спарадзіць ніводная рэч у гэтым пакоі. Цень запоўніў партал ад краю да краю, уздымаючыся амаль да самай столі — і раптам зрабіўся чымсьці большым, чым проста цень: цяпер гэта было сэрца цемры, суцэльнай і апраметнай, ад якой ішло невытлумачальнае, дзіўнае ззянне, слепячы вочы. Чырвоныя агні лампад пацьмянелі, і пакой, здавалася, напоўніўся ледзяным холадам смерці і міжзорнай пустэчы. Цень нагадваў магільнага чарвяка, велізарнага, як цмок, абрысы яго калонападобнага цела, выгінаючыся кольцамі, губляліся ў цемры калідора, і форма яго штохвілінна змянялася, нібыта ў ім кіпела і віравала неўтаймаваная моц, якая жывіцца сілаю разбураных сусветаў. На імгненне цень прыняў воблік дэмана з абліччам, пазбаўленым вачэй, і целам як у змяі, а потым, шугаючы і раздзімаючыся, нібыта дымлівае полымя, рушыў усярэдзіну пакоя.
Абнон-Тха адступаў, бязладна мармычучы ці то праклёны, ці то ахоўныя закляцці, але Арктэла, бледная, безабаронная, здранцвелая, не зрушылася з месца, і жахлівы цень абрынуўся на яе, ахінуў яе і прагавіта паглынуў.
Фарыём стаяў як зачараваны, прытрымліваючы за стан Элейт, якая знясілена абапіралася на яго плячо і, здавалася, была гатовая страціць прытомнасць. Ён ужо забыўся пра забойцу Наргая. Абодва яны — і Фарыём, і Элейт — выглядалі маленькімі і нікчэмнымі перад гэтым увасабленнем смерці і распаду. Вежа дымлівага полымя ўздымалася над тым месцам, дзе стаяла Арктэла, чарноцце расло і пашыралася, і цемра ззяла, пераліваючыся чорнымі вясёлкамі, нібыта спароджанымі падземным сонцам. Пачуўся прыцішаны гук, быццам патрэскванне вогнішча. А потым, раптоўна і жахліва, гэтая чорная хваля адхлынула з пакоя. Арктэла знікла, быццам растварыўшыся ў паветры, як прывід. У пакой уварваўся парыў ветру, ледзянога і гарачага адначасова, і востра запахла гарэлай плоццю, як ад згаслага пахавальнага вогнішча.
— Мардыгіян! — нема загаласіў Наргай. — Гэта быў вялікі бог Мардыгіян! Ён забраў Арктэлу!
Нібыта ў адказ на яго выкрыкі, пачулася рэха незлічонага мноства галасоў, агідных і нялюдскіх, як выццё гіен, якія прамаўлялі, паўтараючы зноў і зноў, імя бога Мардыгіяна. У цемры калідора паўстала цэлая зграя жахлівых істот, і толькі па пурпуровых адзеннях, якія ўсё яшчэ былі на іх, Фарыём пазнаў у гэтых істотах жрацоў бога-падальшчыка. Яны скінулі свае срэбныя маскі, адкрыўшы жудасныя абліччы, у якіх па-блюзнерску перамяшаліся рысы чалавечыя і звярыныя. Свае бясформенныя пальчаткі яны здзелі таксама... Іх быў цэлы тузін ці нават больш. Іхныя выгнутыя кіпцюры паблісквалі ў крывава-чырвоным святле, быццам сярпы з цёмнага металу; яны хмыліліся, агаляючы завостраныя зубы, доўгія, як цвікі, якія ўбіваюць у труну. Быццам зграя шакалаў, яны абступілі кальцом Абнон-Тха і Наргая, адціскаючы іх у дальні кут пакоя. Яшчэ некалькі істот, якія ўвайшлі пазней, са звярынай прагнасцю накінуліся на Вемба-Тзіта, які, апрытомнеўшы, стагнаў і курчыўся на падлозе сярод раскіданага вуголля з жароўні.
Здавалася, яны не звярталі ніякай увагі на Фарыёма і Элейт, якія моўчкі стаялі і глядзелі на іх, нібы ў здранцвенні. І тут адна з істот, якія тоўпіліся вакол Вемба-Тзіта, абярнулася і прамовіла глухім, нялюдскім голасам, які гучаў быццам з глыбіні зямлі:
— Ідзіце, бо Мардыгіян — добры бог, які забірае толькі памерлых і не кранае жывых. Але кожны, хто парушае ягоны закон, выкрадаючы трупы з храма, будзе мець справу з намі, жрацамі Мардыгіяна.
Фарыём і Элейт, якая ўсё яшчэ абапіралася на ягонае плячо, рушылі ў цёмны калідор. У пакоі пачаўся жудасны гармідар, у якім чуліся немыя крыкі чараўнікоў, змешаныя з гырканнем шакалаў і рогатам гіен. Калі Фарыём з Элейт дасягнулі свяцілішча, асветленага сінімі знічкамі, і накіраваліся да ўсходняга партала, крыкі ўжо сціхлі, і ў храме Мардыгіяна запанавала цішыня, глыбокая і непарушная, як мёртвы сон нябожчыкаў, што спачывалі на чорным алтары.
1934