№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Браты Грымы

Дамавікі (Die Wichtelmänner)

Казка

Пераклад з нямецкай Альгерд Бахарэвіч

Калядная казка братоў Грымаў “Дамавікі” выйшла нядаўна ў зборніку святочнага апавядання “Падарунак на Каляды”. У тым жа зборніку можна прачытаць таксама казку “Дзіця Марыі”.

 

Жыў адзін бедны шавец, у якога ўжо нічога не засталося, апрача скуры на адну пару абутку. І вось увечары ён выразаў закройку для ботаў, над якімі збіраўся працаваць заўтра. Сумленне ў яго было чыстае, ён лёг спакойна ў ложак, даверыў сябе Богу і заснуў. Раніцай ён памаліўся і думаў ужо сесці працаваць, глядзіць — а боты стаяць гатовыя ў яго на стале. Шавец здзівіўся і не ведаў, што сказаць на гэта.

Ён узяў боты ў рукі, каб разгледзець іх зблізку. Як акуратна ўсё зроблена — шво да шва! Гэта была праца сапраўднага майстра. Неўзабаве зайшоў пакупнік, і боты яму так спадабаліся, што ён заплаціў за іх больш, чым звычайна, і шавец змог за гэтыя грошы набыць скуры яшчэ для дзвюх параў.

Увечары ён зноў выкраіў скуру для ботаў і думаў на­ступнай раніцай з новымі сіламі ўзяцца за працу, але яму гэта не спатрэбілася. Бо калі ён падняўся, адбылося тое самае: боты былі ўжо гатовыя. Пакупнікі заплацілі шаўцу так шмат, што гэтым разам ён набыў скуру для чатырох параў. І гэтыя чатыры пары раніцай стаялі гатовыя ў яго на стале. Так ішло і далей: што ён рыхтаваў увечары, раніцай было ўжо гатовае, так што хутка ён займеў прыстойны заробак і нарэшце зрабіўся замож­ным чалавекам.

Але аднойчы ўвечары, незадоўга да Раства, шавец зноў рабіў выкрайку для ботаў і перад тым, як пайсці спаць, сказаў сваёй жонцы: “А што, калі мы не будзем класціся, а паглядзім, хто ж гэта нам так дапамагае?” Жонка пагадзілася і патушыла святло. Пасля гэтага яны схаваліся ў куце за адзежаю, якая там вісела, і пачалі ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў пакоі.

Апоўначы раптам з’явіліся два маленькія, прыгожанькія, голыя чалавечкі, селі за шаўцоў стол, узялі яго закройку і пачалі сваімі пальчыкамі так спрытна і хутка калоць, шыць, прыбіваць, што шавец вачэй не мог адвесці, такі ён быў здзіўлены. Яны не спыняліся, пакуль не скончылі працу, а потым шпарка паскакалі прэч.

Наступнай раніцай жонка сказала: “Чалавечкі зрабілі нас багатымі, мы мусім ім аддзячыць. Яны бегаюць сюды-туды, але не маюць нічога з адзежы і, відаць, мерзнуць. Ведаеш што? Я пашыю для іх кашулькі, каптаны, нагавічкі і кожнаму па пары панчохаў, а ты змайструй для кожнага пару чаравічак”. Муж сказаў: “Твая праўда, так і зробім”. І вось увечары, падрыхтаваўшы ўсё, што трэба, яны паклалі падарункі замест выкрайкі на стол і зноў схаваліся, каб паглядзець, як паставяцца да гэта­га чалавечкі. Апоўначы чалавечкі прыскакалі і хацелі адразу ж узяцца за працу, але скуры не было, яны знайшлі толькі маленькія апранахі. Спачатку чалавечкі здзівіліся, але потым вельмі ўзрадаваліся. Вельмі хут­ка яны надзелі ўсё гэта, расправілі прыгожую вопратку на сабе і заспявалі:


Ці ж мы не файныя хлапцы?

Чаму ж дагэтуль мы шаўцы?


І потым затанчылі, заскакалі па крэслах і па лаўках. Урэшце чалавечкі выскачылі за дзверы — і з таго часу больш не прыходзілі. Але ў шаўца цяпер усё было добра — і так да канца яго дзён, за што б ён ні браўся, усё яму ўдавалася як найлепш.

Пераклад з нямецкай – Альгерд Бахарэвіч © 2013

Чытайце таксама

Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт

Польская журналістка

Мантэгю Родс Джэймс

Мантэгю Родс Джэймс

Ангельскі пісьменнік, тэкстолаг і бібліёграф-медыявіст, майстар ghost story

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

2640