№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Іта Еліна

Дні майго дзяцінства (מימי ילדותי)

Фрагмент кнігі

Пераклад з іўрыту Алег (Давід) Лісоўскі

Я нарадзілася ў Ружанах, што ў Гродзенскай губерні, у дзень 17 кіслева 5629 г. [1] у бацькоў р. Ехіэля Міхла з дому Пінс і Хаі Цыпоры, дачкі знакамітага пана р. Шмар’і з дому Лурые — абодва гэтыя дамы вялікія ў Торы, у мудрасці, у дабрачыннасці, у гасціннасці і іншых такіх якасцях. І нават сёння яшчэ праходзіць перад маімі вачыма жыццё ў нашым доме ў тым маленькім, ціхім мястэчку.

***

У Магілёў

Калі мы з сястрой падраслі і мне было сем, тата пачаў клапаціцца пра наша будучае выхаванне. Уся сям’я сабралася і вырашыла паслаць маю старэйшую сястру ў Варшаву ў дом Зэева Яабеца, а мяне — у дом бабулі, маці маёй матулі, Ханы Лурыя ў Магілёў, што на Дняпры. Пачаліся зборы. Цёткі дапамагалі маці рыхтаваць для нас усё, як таго патрабуе вялікі горад, тата паехаў з сястрой у Варшаву, а мяне паслалі з папячыцелем нашага дому, Шломам дэр Гелерам, і бацькі не сумняваліся, што перадалі мяне ў надзейныя рукі. Развітанне было для мяне вельмі цяжкім, але я спадзявалася пабачыць вялікі горад і сваякоў з матчынага боку, якія тады ўсе жылі ў горадзе Магілёве.

Лупалава і раман Дынезона

Колькі дзён мы ехалі, я не памятаю, але калі мы прыбылі ў Лупалава, што знаходзіцца за паўгадзіны ад Магілёва, то сышлі на заезным двары выпіць гарбаты. Я слухала размовы паміж людзьмі, якія сядзелі каля стала, пра раман, што тады выйшаў і называўся “Дэр шварцэр юнгер манчык” [2]. Не думаю, што я ведала ці разумела меркаванні людзей, якія абмяркоўвалі кнігу. Але размова і спрэчка, што адбылася паміж імі, засталіся ў маёй памяці. Пра кнігу і яе аўтара я чула яшчэ не раз, пакуль не прачытала яе сама, калі вырасла.

2. У Магілёве

Мая выхавальніца ў Магілёве

Вялікі дом, у якім жыла бабуля Хана, стаяў паміж вуліцамі Ветранай [3] і Шклоўскай [4], а мая кузіна Груна Цукерман узялася стаць маёй выхавальніцай і клапацілася пра ўсе мае патрэбы. Яна рабіла гэта з вялікай любоўю да мяне, і прыязнасць да яе захоўваецца ў маім сэрцы да гэтага дня.

Вучоба ў пансіёне

Дачка маёй цётачкі не давала мне шмат часу, каб бадзяцца без справы, і як толькі мінула сем дзён з майго прыезду, яна запісала мяне ў Бельскі пансіён у падрыхтоўчы клас. Мовамі навучання былі руская і нямецкая альбо французская, згодна з палітыкай, якой трымалася тады Расіяй у дачыненні да тых дзяржаў. Быў таксама “казённы рабін”, які выкладаў Пяцікніжжа ў рускім перакладзе адну гадзіну на тыдзень. Але на гэтым дачка маёй цётачкі не спынілася і ўзяла для мяне “рэбэ”, каб вучыць мяне дома Пяцікніжжу і габрэйскаму пісьму. А паколькі я не ведала рускай мовы, яна запрасіла маладую рускую, каб лепш падрыхтаваць мяне да класаў.

Выпадак з маленькім парсючком

Мая настаўніца была дачкой папа. Аднойчы яна запрасіла мяне да сябе ў дом падчас іхняга Вялікадня, мне тады было сем, і калі я ўвайшла ў сталовы пакой і ўбачыла на стале цэлых маленькіх парсючкоў — засмажаных і ўпрыгожаных галінкамі дрэў і кветкамі, — на мяне напаў жах. Я стаяла і з агідай глядзела на гэтую карціну, як раптам да мяне падышла мая настаўніца з маленькім парсючком у руках і сунула яго мне ў нос. Тады на мяне напаў яшчэ большы жах, бо я думала, што яна мяне ўжо “знішчыла”. Я хутка пабегла ў пакой папа (яе таты) і апавяла яму пра ўсё, што адбылося, а слёзы цяклі з маіх вачэй без перапынку. Тады поп паклікаў да сябе дачку, на маіх вачах паваліў яе на падлогу і без літасці абсыпаў яе ўдарамі. Так я на ўласныя вочы ўбачыла помсту за яе жаданне навесці на мяне такі вялікі грэх і доўгі час не забывалася на гэта.

Гісторыя пра парасонік ад сонца і ўраганны вецер

Як я пісала раней, дачка маёй цётачкі Груна заняла месца маёй маці ў выхаванні і клопатах пра мае патрэбы — і ў вучобе, і ў забавах. Яна брала мяне на шпацыры і фэсты, якія ладзілі з вялікай урачыстасцю да дня нараджэння рускага імператара ці яго каранацыі і нараджэння дзяцей у яго сям’і. Вялікі і прыгожы сад, што ляжаў на гары, поўніўся вялікім мноствам кветак, а вакол яго адкрываўся цудоўны від. Адтуль з усіх бакоў была відаць рака Дняпро. Каля саду стаяў палац губернатара. Тое месца заўсёды выклікала ў нас страх і трапятанне, аднак там заўсёды было шмат мінакоў, што атрымлівалі асалоду ад яго цудоўнага выгляду падчас фэстаў, якія ладзіў урад у гонар урачыстых дзён. Аднойчы, калі я падчас такога фэсту шпацыравала разам з маёй выхавальніцай, падняўся моцны ўраган, які зрываў тое, што было на галовах мінакоў, а ў мяне з рук выхапіў маленькі і прыгожы парасон ад сонца з зялёнага шоўку, які я атрымала ў падарунак на дзень нараджэння. Мой смутак з нагоды страты быў надта вялікі. Калі мы знайшлі яго ў аптэцы каля нашага дома, ён быў зламаны і парваны і ляжаў бязжыццёвы, і мне не заставалася нічога, як абняць яго і плакаць па ім і па тым кароткім часе, што я ім карысталася. Хоць гэтыя рэчы неістотныя для чытача і нават для мяне самой, бо цяпер, пасля вялікага мноства пакут, якія я сустрэла за сваё жыццё, я ведаю, што такое сапраўдны смутак, але калі тады, у сем гадоў, я знайшла паламаны парасон, я думала, што няма большай бяды, чым тая, што адбылася ў мяне. Але з новым парасонам я хутка забылася на пакуты, што прынёс мне ўраган.

У доме маёй добрай бабулі

Было прыемна, вельмі прыемна вяртацца ў халодныя дні са школы і ўваходзіць у пакой бабулі, якая сядзела за столікам каля гарачага каміна, і кіпеў самавар, і на століку ляжалі кнігі “Цэна-у-Рэна” [5] і іншыя такога кшталту, якія яна чытала. Акрамя свяцільні, што была запаленая ў цэнтры пакоя, на стале стаяла яшчэ і свечка, што асвятляла літары “РаШІ” [6]  у “Цэна-у-Рэна”. Свечка выкарыстоўвалася яшчэ і для таго, каб смажыць маленькіх вэнджаных рыбак (яны называліся “флундэркес”) — калі я вярталася са школы, бабуля заўсёды гатавала мне іх і іншыя рэчы, якія, як яна ведала, былі для мяне смачныя.

Добрая бабуля песціла мяне больш за іншых сваіх унукаў і ўнучак, бо я была сярод іх малодшая, і яна заўсёды рыхтавала для мяне сюрпрызы, якія прыносілі мне радасць. Яна з радасцю глядзела, як я слухаю яе гісторыі пра тыя дні, калі яны з вечнай памяці дзядулем Шмар’яй Лурыя (я не мела гонару яго заспець) усёй сям’ёй ездзілі ў Ерусалім, і пра тое, якім доўгім было падарожжа па моры, і пра небяспеку, якая вісела над імі, калі яны два месяцы ці нават болей плылі на парусным караблі. Тады Ерусалім ужо знайшоў месца ў маім маленькім мозгу, і я марыла пра яго мары “1000 і адной ночы”, пакуль урэшце яны не здзейсніліся.

Актывістка Груна і яе брат-нігіліст

Наш дом быў вельмі вялікі, двухпавярховы і стаяў паміж дзвюма галоўнымі гарадскімі дарогамі. На першым паверсе жыў з сям’ёй начальнік паліцыі. Там жа знаходзіліся памяшканні паліцыі. На ніжнім паверсе з аднаго боку была турма, а з другога боку — кватэра бабулі і сям’і дзядзькі Ёсафа Цукермана, у якую ўваходзілі цётачка і яе дзве дарослыя дачкі, Груна і Цыпора. Першая была маёй выхавальніцай, здавала кватэры ў арэнду і мела частку прыбытку ад кватэр, што належалі чатыром яе сёстрам, дочкам вечнай памяці дзядулі Шмар’і Лурыя, сярод якіх была і мая маці. Паколькі маці і астатнія цёткі жылі ў іншых гарадах, Груна найлепшым чынам арганізоўвала перасылку грошай, што належалі кожнай з іх. Яна была дарадчыцай і папячыцельніцай сем’яў Лурыя і Цукерман. У яе было некалькі братоў, але я бачыла толькі аднаго, Эліэзэра Цукермана, першага нігіліста ў сям’і, які быў рэдактарам нігілістычнай газеты ў Пецярбургу, а калі ўлады выкрылі тыпаграфію і яго людзей, зрабіўся адным з тых, каго саслалі ў Сібір.

Я памятаю той жах, які напаў тады на сям’ю: яна не магла паверыць, што такія тэксты наогул можна чытаць. Нігіліст у высакароднай сям’і! Якой няшчаснай былі ўсе праз гэтую пляму. Сям’я не збірала грошай, каб вызваліць сына з сібірскага пекла. У адзін светлы дзень Эліэзэр Цукерман вярнуўся ў бацькоўскі дом, але не застаўся там надоўга: час тады патрабаваў ад нігілістаў вялікай працы, і яны зноў уцягнулі яго ў “святы занятак”, да якога яго душа была прывязаная ўзнёслай у яго вачах ідэяй ратавання рускага народа ад рабства і ідэяй перамогі над дэспатычнай дзяржавай. Ён быў адной з першых ахвяр, якія трапілі пад скіпетр улад (Вера Фігнер згадвае гэта у сваёй кнізе “Die Nacht um Russland” [7]). Хвароба нігілізму хутка распаўсюджвалася па пакутніцкіх бульварах. Яе іскра прайшлася па ўсіх арыстакратычных сем’ях, і шмат маладых хлопцаў ды дзяўчат раптам пакінулі бацькоўскія хаты і ўцяклі ў сталічны горад Пецярбург, дзе знаходзілася гняздо нігілістаў, усе клопаты якіх палягалі ў тым, каб навесці гібель на цара і яго сям’ю.

Праз тры гады, што я прабыла ў доме бабулі разам з сям’ёй дзядзькі Цукермана, прыехала маці з маёй сястрой Маргаліт (цяпер Маргаліт Мэюхас), якая была малодшая за мяне на тры з паловай гады.

9 ава ў доме бабулі

Я не магу забыць дзень 9 ава [8] у доме бабулі, яе кінот [9], плачы і енкі. Я заўсёды хацела параўнаць яго з 9 ава, які ўшаноўваецца ў Ерусаліме каля Сцяны плачу, але хоць я і была там некалькі разоў, у мяне не нічога не атрымлівалася, бо тое, што я адчувала, калі была дзяўчынкай і бачыла старую бабулю і сям’ю, што сядзелі на падлозе на маленькіх падушках, а перад імі стаяў стул з маленькай свечкай, каб асвятляць тэкст кінот, і ў пакоі панавалі цемра і змрок, і ўсе аплаквалі руіны Ерусаліма і Храма — усё гэта моцна адрознівала ад таго, што я адчувала, калі была на 9 ава тут.

Заручыны і дзень нараджэння

Дачка цётачкі, Груна Цукерман, працягвала клапаціцца пра мяне як добрая і адданая маці, пакуль не заручылася. Яе заручыны засталіся ў маёй памяці, бо на іх cабралася мноства сваякоў і сяброў і я атрымала шмат падарункаў на дзень нараджэння, які якраз тады і надарыўся. Перад маімі вачыма праплывала цудоўнае відовішча накрытых сталоў, на адным з якіх ляжалі каштоўныя падарункі для нявесты і жаніха, а на другім — ласункі, садавіны і разнастайныя булачкі. Не абышлося і без залатых яблыкаў і вінаграду, якія прынеслі з крамы, дзе ўзімку прадавалі плады з усходу. Вінаград быў загорнуты ў габлюшкі. Фунт каштаваў 40 капеек, а кожны залаты яблык — 6 капеек, бо гэта быў дэфіцыт.

Падарункі цётчынай дачкі

Я не бедавала ў дні дзяцінства. Калі я была маленькай дзяўчынкай, добра і прыгожа было ў бацькоўскім доме ў Ружанах, а пасля і ў бабулі Ханы Лурыя і цётчынай дачкі Груны Цукерман, якая была мне другой маці, пакуль мае бацькі не прыбылі ў Магілёў. Мне вельмі балюча, што я не захавала яе падарункаў — тых, што захоўваліся ў кнігах, тых, што яна на рускай мове напісала мне ад рукі на памяць, вершам і прозаю, у кнізе з прыгожым пераплётам. Я не зберагла іх, хоць павінна была захоўваць каштоўную памяць, і згубіла праз некалькі гадоў, калі мы былі ў Ерусаліме. Адна-дзве песні яшчэ захаваліся ў маёй памяці, і вось яны:

Ида, Ида, ты уедешь в далёкие страны,
Но я долго не забуду, как любила я тебя.

Мае бацькі і сястра ў Магілёве

Неўзабаве пасля заручын цётчынай дачкі мае бацькі з сястрой Маргаліт прыбылі ў Магілёў, каб пасяліцца ў ім. Дзве мае сястры, Сара Рохэль і Нэхама, засталіся яшчэ ў Ружанах у бабулі Гінды, татавай маці, пакуль маці не наладзіць жыццё ў Магілёве.

У доме, чвэрць якога належала ёй паводле завяшчання, нам вылучылі прыгожую і прасторную кватэру, і бабуля Хана цяпер жыла разам з намі. Наша кватэра была на другім паверсе, уваход са двара, і калі нам трэба было падымацца ў кватэру, мы кожны раз мусілі праходзіць перад вокнамі турмы на ніжнім паверсе — і кожны раз маглі праз акно і краты бачыць вязняў, што сядзелі там за лёгкія злачынствы.

Наша дапамога вязням

Калі мы з сястрой Маргаліт былі яшчэ маленькія, мы заўсёды былі гатовыя дапамагаць вязням, набываць ім цыгарэты, абаранкі, садавіну і іншыя рэчы. Усе набыткі мы перадавалі ім праз краты маленькімі ручкамі, якія маглі туды праціснуцца. Але нядоўга мы сумленна дапамагалі вязням: у другой палове нашага двара жыў з сям’ёй начальнік паліцыі, і праз пэўны час, калі як мы пачалі перадаваць вязням набыткі, ён, ідучы па двары, заўважыў, што мы робім. Нашы дзеянні былі супрацьзаконныя, і калі б мы не былі такія маленькія, нас бы дакладна пакаралі. Ён паслаў па нашу маці і папрасіў яе ў будучыні сачыць, каб мы не парушалі закону. Канечне, нашы дзіцячыя сэрцы вельмі пакутавалі ад гэтай забароны, але кантакты з вязнямі на гэтым спыніліся.

Нараджэнне сястры і васковыя свечкі да Ём Кіпура [10]

Што да згаданай вышэй сястры Маргаліт, я дагэтуль памятаю, як яна нарадзілася ў пост Гедальі 5633 года [11]. Цяжарная маці жыла тады ў доме дзядзькі Ёсафа Пінса, бо праз хваробу дзядулі Ноаха Пінса яна павінна была пакінуць дом, пакуль ён не акрыяе. І я таксама памятаю, як напярэдадні Ём Кіпура ў пакоі, дзе знаходзілася маці, паставілі дзве велізарныя свечкі з воску — іх усталявалі ў кавалку гліны, які знаходзіўся ў цэнтры вялікай міскі, поўнай вады, і яны гарэлі больш за 24 гадзіны. Уся гэтая сцэна стаіць перад маімі вачамі, нібыта я і зараз яе бачу. А вечнай памяці дзядуля так тады і не акрыяў і неўзабаве памёр.

Дачка начальніка паліцыі і яе пакаранне

У начальніка паліцыі была вялікая сям’я. Старэйшая дачка была прыгожая і какетлівая. Але добрых рыс у яе не было — у прыватнасці таму, што яна ненавідзела габрэяў і габрэек, якія прыходзілі ў дом. Яна брала гумовы шланг, падключала яго да крана з вадой і палівала тых, хто трапляўся пад руку. Калі яна бачыла, што мы, дзяўчаты, апранаем строі Малай Расіі, якія былі тады ў модзе, то адной з першых здымала з сябе такі ж строй, бо не жадала апранацца гэта жа, як мы. Акрамя гэтага, ёй падабалася ўводзіць нас у грэх, у прыватнасці, у Шабат.

Аднойчы яна папрасіла мяне ў Шабат зайсці ў прасавальны пакой, што знаходзіўся на двары, і дала мне ў руку гарачы прас. У той момант я забылася, што сёння Шабат, але калі тая пачала смяяцца, бо прымусіла мяне саграшыць, я зразумела, што здарылася, і плакала да таго часу, пакуль не прыйшла яе маці і не ўбачыла, што нарабіла яе дачка. Яна прынесла нам шмат пакут, і калі яе бацькам надакучыла вечна слухаць нашыя скаргі, яны паслалі яе ў пансіён гімназіі, і мы радаваліся, бо ведалі, што адаслаць яе туды — найгоршая з магчымых кар. Там яна павінна была адзяваць простае адзенне і чаравікі на нізкіх абцасах, і я памятаю, як мы радаваліся, калі бачылі яе на вуліцы сярод вучаніц пансіёна падчас шпацыру. Мы выкрыквалі з акна яе імя, бо жадалі, каб яна адчувала, што мы сочым за ёй.

Танец і антысемітызм

У школе, якую я наведвала, я адчувала нянавісць вучаніц-хрысціянак да габрэяў, асабліва ў дзень урока танцаў, пяты дзень тыдня. Настаўніца танцаў далучыла мяне да вучаніц старэйшых класаў, і яны не маглі гэтага сцярпець. Яны заўсёды даносілі на мяне, але даносы не прынеслі ім карысці, бо настаўніца ведала пра іх злыя намеры, і ім на злосць я была сярод першых танцорак.

У нас было асобнае адзенне для школы і танцаў. У школе мы насілі карычневую сукенку з бавоўны, чорны фартух і белыя каўняры, а адзенне для танцаў хоць і мела такі ж крой і колер, але рабілася з больш каштоўнай тканіны. Каўняры вучаніцы прышывалі самі, і найлепшая рукадзельніца атрымлівала падарунак ад дырэктаркі. Гэта быў стымул для вучаніц, якія хацелі дасягнуць поспеху ў шыцці.

Мае сімпатыі і іх процілегласці

Мы любілі не ўсіх настаўнікаў і настаўніц. У асаблівасці мы не любілі настаўніцу геаграфіі і настаўніцу матэматыкі. Абодва гэтыя прадметы мы таксама не надта любілі, і я заўсёды атрымлівала вымовы. Што мне падабалася больш за ўсё, дык гэта дапамагаць пакаёўцы ў хатніх справах, танцаваць, займацца гімнастыкай, рукадзельнічаць і чытаць кнігі, у прыватнасці “Рабінзона Круза”, “Дон Кіхота” і “Тысячу і адну ноч”. Час я здабывала кнігі, што не падыходзілі мне па ўзросце, атрымлівала вымову ад бацькоў і потым доўга не парушала іх забарону. Але калі мяне ўзялі на п’есу “Рэвізор” і на оперу “Русалка”, я пачала чытаць п’есы: “Рамэа і Джульету” Шэкспіра, “Аіду” і яшчэ іншыя, у якіх нічога не разумела. Але я любіла трагедыю, што адбывалася ў гэтых операх. Трагедыю жыцця і кахання!

Да генеральскага дому

Аднойчы мы з маці ехалі па мосце над Дняпром. Там адна ля адной стаялі зімовыя фурманкі. У адной з іх сядзела з сям’ёй жонка генерала, аднаго з высокіх вайсковых чыноў. Калі наша фурманка наблізілася да іх, генеральская жонка папрасіла маю маці дазволіць мне перайсці да іх, таму што яна хацела ўзяць мяне ў свой дом. Паколькі падобная просьба лічылася вялікім гонарам, маці пагадзілася. І пакуль я была ў доме генерала, мяне частавалі разнастайнымі цукеркамі, шматлікімі ласункамі і абдорвалі падарункамі. І па ўсім Магілёве хадзілі чуткі пра гонар, які дзякуючы мне спазнала мая маці.

Мой тата і студэнты ў Магілёве

Тата заставаўся ў Магілёве нядоўга, бо яго выклікалі ў Лондан на службу дэлегата ў камітэце місіі міністра Мошэ Мантэфіёры ў Ерусаліме. За таго кароткага часу, што мой вечнай памяці тата пражыў з намі ў Магілёве, у маёй памяці засталіся вечары, калі студэнты-гімназісты з высакародных сем’яў збіраліся ў нас і з вялікай увагай слухалі тату — да поўначы вёў з імі гутаркі. Бывала, калі пакаёўка ўжо спала сном праведнікаў, яны самі ставілі самавар. Яны хацелі слухаць бацькавы словы пра Тору, бо ён быў для іх не толькі выкладчыкам, але і настаўнікам, даваў ім добрыя парады ў час, калі пачаўся рух нігілістаў і шмат хто з моладзі далучыўся да яго, а іх бацькі праз гэта пакутавалі. Многія слухалі парады майго таты і трымаліся ад іх руху далей.

Прызначэнне таты на службу ў Ерусаліме

Падставай для запрашэння таты ў Лондан было тое, што доктар Ашэр прачытаў у газеце “а-Леванон”, якую выдаваў тады Ехіэль Брыль, артыкулы таты пра любоў да Зямлі Ізраіля і яго кнігу “Ялдэй рухі” [12], якую ён напісаў яшчэ ў маладыя гады. Доктар Ашэр пад уплывам вядомага магіда Цві Даенава паведаміў камітэту місіі Мантэфіёры, што са сваімі ведамі і мудрасцю гэты юнак ёсць тым чалавекам, якога можна адправіць у Зямлю Ізраіля і перадаць ў яго рукі кіраўніцтва над усім, што патрэбна камітэту місіі Мантэфіёры для выплат працоўным.

Пра заняткі таты, і яго адданасць справе, і ўсе беды, і лаянку, і подласці, ад якіх ён пакутаваў у Ерусаліме, я апавяду ў наступных главах. А цяпер мне трэба працягнуць успаміны пра дыяспару. Два разы тата ездзіў у Лондан, і камітэт прымаў яго з павагай і ветлівасцю, а калі ён вярнуўся ў Магілёў, то застаўся з намі на некалькі месяцаў і пачаў рыхтавацца да паездкі ў Ерусалім. Два гады мы чакалі, пакуль ён выкліча нас у Ерусалім. Тыя два гады былі падобныя да дзясятка гадоў.

Заняткі маці і бабулі

Калі я вярталася са школы ў зімовыя дні, маці і бабулю сядзелі кожная за сваім заняткам. Маці мяла тканіну, каб тая зрабілася белай і тонкай, у яе былі навалачкі і прасціны, якімі тады дзеля прыгажосці накрывалі ложкі. Аднойчы яна расказала, што яшчэ жывучы ў Ружанах, яна шыла цэлыя покрывы для ложкаў. І вось убачыў іх сваяк Фрыдленскі з Навагрудка, і яны яму вельмі спадабаліся. Маці аддала іх прадаўцу за 200 рублёў, а грошы ахвяравалі лякарні і Талмуд-Торы, якую сямья Пінс падтрымлівала за свой кошт.

Часам бабуля Хана сядзела з кнігай “Цэна-у-Рэна” і чытала яе маці ўголас, а часам вязала цёплыя шкарпэткі і пальчаткі, якія насіліся ў зімовыя дні. Узімку да маці штотыдзень прыходзілі па вечарах блізкія і добрыя сяброўкі, каб пагуляць у карты ў “аку” і ў “прэферанс”, а атрыманыя грошы дзялілі на некалькі частак: для цдакі [13] тут і ў Зямлі Ізраіля, а таксама для прыслугі.

3. Паміж Магілёвам і Ерусалімам

Смерць бабулі

Пасля пераезду таты ў Ерусалім маці засталася ў Магілёве з бабуляй Ханай Лурыя, якая ўжо аднойчы ездзіла ў Ерусалім — тады, калі туды ездзіў дзядуля р. Шмар’я Лурыя. Яна моцна хацела паехаць з намі ў зямлю Ізраіля, аднак праз месяц пасля таго, як сям’я пачала рыхтавацца да дарогі, яна да нашага болю захварэла на запаленне лёгкіх і памерла раней, чым змагла адправіцца на святую зямлю, пра якую марыла дні і гады. Яна грэла душу надзеяй зноў пабачыць блізкіх з сям’і Рыўлін, якія пасяліліся ў Зямлі Ізраіля, але да нашага болю яе спадзяванні не спраўдзіліся.

Пытанне карміліцы

Праз шэсць месяцаў пасля таго, як тата пакінуў Магілёў, нарадзіўся мой малодшы брат. Нам трэба было знайсці для яго карміліцу, бо ў нашым багатым доме маці не кармілі дзяцей, а бралі ў дом карміліцу, і яна жыла з намі, пакуль не выкормлівала хлопчыка ці дзяўчынку — часам ажно на два гады. Потым яна была нянькай для іншых дзяцей у доме ці атрымлівала працу кухаркі. Было цяжка зайсці карміліцу-габрэйку для майго высакароднага брата (бо перад ім памерла ў самым росквіце двое маіх братоў, і гэта быў трэці, якога спадзяваліся выгадаваць і выхаваць для Торы, і для хупы, і для добрых учынкаў), але яе нарэшце знайшлі.

Гісторыі карміліцы

Гісторыі, што штоноч расказвала карміліца майго маленькага брата, якая жыла ў нашым доме прыкладна паўтара гады да нашага ад’езду ў Зямлю Ізраіля, я слухала з вялікай увагай. Гэта былі гісторыі пра дэманаў і духаў, апавяданні хасідаў і “іх рэбес” пра цуды і неверагодныя рэчы, што адбываліся ў іх жыцці. Усе гэтыя гісторыі не палохалі мяне, а душа прагнула яшчэ і яшчэ, асабліва калі яна апісвала папяровы мост, які трэба будзе перайсці габрэям падчас пераходу ў Зямлю Ізраіля, ці згадвалі, колькі гадоў спатрэбіцца жыхарам замежжа на тое, каб прайсці пад зямлёй “рухам даравання”, пакуль яны не дасягнуць Места. Як я радавалася ў думках, што мы не будзем цярпець усе гэтыя пакуты — бо на той момант, калі прыйдзе наш праведны Машыях, мы ужо пераедзем у Зямлю Ізраіля, і на ўласныя вочы ўбачым нашага Машыяха вярхом на белым асле, і прыйдзе наш паратунак.

Малітва і цуд

Два гады прайшло ў дыяспары без дарагога таты, і маме трэба было клапаціцца пра наша выхаванне і дапамагаць нам не сысці з прамога шляху і шляху выканання законаў Торы. Я ніколі не ішла ў школу, пакуль не прачытала малітву “Шмонэ-Эсрэ” [14], але гэта вучобе не перашкаджала. А аднойчы праз маю малітву нават адбыўся цуд. Усё было так. Маці часам траціла прытомнасць, і аднойчы, калі я стаяла і чытала “Шмонэ-Эсрэ”, я пачула раптам, як нешта павалілася. Якім вялікім быў мой жах, калі я ўбачыла маці, якая знепрытомнела і ляжала на падлозе, а на яе з самавара пачынае працякаць кіпень, бо яна упала, набіраючы ў шклянку гарбату. Каб мяне не было тады ў пакоі і я не зачыніла кранік, магла б здарыцца вялікая бяда, і ўсе, што вераць у цуды, кажуць: маці ўратавалася ад жудаснай бяды дзякуючы маёй малітве.

Мая вучоба і адзенне

Акрамя таго, што я вучылася ў школе, у мяне яшчэ быў “рэбэ”, які вучыў мяне Пяцікніжжу, і іншы настаўнік, які вучыў нас з сястрой габрэйскаму пісьму. Маці заўсёды клапацілася, каб мы былі апранутыя сціпла і густоўна, як дочкі паноў, бо мы заўсёды былі высакароднымі сярод больш багатых сем’яў.

Наведванні дабрачынных арганізацый з маці

Мая добрая маці брала мяне час ад часу з сабой на візіты ў дамы дабрачыннасці, дзе працавалі сёстры міласэрнасці. Я яшчэ помню тое, што маці і Голда Шор рабілі для цэнтра, у якім бедныя дзяўчаты вучыліся працаваць на швейных машынках — 60 гадоў таму яны былі дэфіцытам, і ўбачыць адну такую было для мяне цудам. Таксама дзяўчат там кармілі абедам, і я бачыла, як назіральніца напоўніла чарпак супам і дала яго гаспадыням, каб тыя пакаштавалі ежу, які вучаніцы атрымліваюць на абед. Як радаваліся бядачкі, аказаўшыся ў такім цэнтры, дзе пра іх клапоцяцца вытанчаныя і добрыя гаспадыні і дзе можна навучыцца прафесіі і пачаць зарабляць на жыццё працай уласных рук. Такім чынам, наша добрая маці заўсёды прывучала нас да добрых учынкаў, беручы ў месцы, дзе яны з сяброўкамі дапамагалі людзям, якім былі патрэбныя клопат і заступніцтва.

Паклон выяве Марыі

Калі я яшчэ была ў школе, у цара Аляксандра ІІ кінулі бомба і ён ледзь пазбег смерці. Тады ўсім вучаніцам, малодшым і старэйшым, загадалі пакланіцца выяве Марыі і падзякаваць ёй за цуд, які адбыўся з царом. З малодшых класаў я, а са старэйшых класаў Голда Шор збеглі з залы, дзе мы знаходзіліся, ведаючы, што габрэям такое пакланенне забароненае. З таго дня мы ўжо не вярнуліся ў школу, дзе нас чакала немалое пакаранне. Старэйшую Шор адправілі вучыцца ў Франкфурт, а мяне ў школу больш не пасылалі, бо набліжаўся наш ад’езд у Зямлю Ізраіля

Цукерман і яго дом

Я заўсёды любіла прыходзіць у дом Цукермана, дзе нас прымалі вельмі прыгожа: частавалі залатымі яблыкамі і вінаградам, якія былі дэфіцытам і не кожны заможны гаспадар мог дазволіць сабе набываць гэткія дарагія плады. У Шмар’ягу Цукермана было дзве дачкі, адна з іх выйшла за доктара Этлінгера, сына рава Этлінгера з Альтоны, а другая ўзяла мужа з сям’і Сімховіч са Слуцка. Яны былі багатыя, мелі раскошныя дамы, а ў іх бацькі Шмар’і Цукермана, дзядзькі маёй маці, быў самы багаты дом у Магілёве ў цэнтры горада. Насупраць гарадскога сада стаяла вялікая сінагога, з другога боку — банк Цукермана, а над ім быў размяшчаліся памяшканні, у якіх ён жыў са сваёй другой жонкай, Сарэль-Товай. Яна была ўнучкай Гаона з Вільні, мудрай, пабожнай, велікадушнай жанчынай і мецэнаткай, не пазбаўленая пры гэтым гонару, бо яна ведала пра сваю заможнасць і важнасць. Яна шмат рабіла дзеля дабрабыту мноства габрэяў, якія прыходзілі ў горад на святы, рыхтавала для іх вялікую колькасць мацы і бульбы.

Як я пісала раней, я любіла прыходзіць у дом Цукермана, але не толькі праз каштоўныя плады, але і для таго, каб прайсці па вялікіх і доўгіх салонах. З абодвух бакоў на іх сценах віселі люстры ад столі да падлогі, устаўленыя ў залатыя рамы, мэбля таксама была ў адпаведным стылі. Асобная зала была выдзеленая для вазонаў з этрогавымі дрэвамі, а паміж усімі гэтымі пакоямі стаяла вялікая сука́ [15]. Яшчэ там былі дзве вялікія вазы, зробленыя ў Кітаі, і кожны, хто бачыў іх, здзіўляўся іх прыгажосці і вытанчанасці. Я любіла слухаць, як маці расказвала Сарэль-Тове пра сям’ю, у якую прыйшла смерць, ці пра жанчыну, што хварэе на сухоты і павінна піць колькі літраў малака штодзень, ці пра гаспадара, які страціў спадчыну, і пра тое, колькі ім усім патрэбна для падтрымкі, і тая ніколі не адмаўлялася дапамагчы. У палацы Шмар’ягу Цукермана (бо яго дом сапраўды можна назваць палацам) былі выдзеленыя кватэры для генералаў і вяльможаў, каб яны маглі жыць там бясплатна. А пасля вайны паміж Турцыяй і Расіяй, калі шмат турэцкіх генералаў трапіла ў палон, Цукерман перадаў ім палац, і яны жылі там, пакуль вайна паміж Турцыяй і Расіяй не спынілася.

Памяць пра Ерусалім

Чорны камень на галоўным уваходзе, на якім быў высечаная фраза: “Калі забуду цябе, Ерусалім, няхай забудзе (гранне) мая правая рука”, застаўся высечаным і ў маёй памяці. І заўсёды, калі я прыходзіла туды з маці, я спынялася, каб прачытаць гэтыя радкі, і не забывала Ерусалім, да якога мая душа прывязаная назаўжды, і таму мая правая рука мае гонар напісаць гэтыя радкі.

Летняя рэзідэнцыя Цукермана

Прыгожа і прыемна было ў часы вакацый знаходзіцца ў летняй рэзідэнцыі Шмар’і Цукермана, які штогод запрашаў нас пажыць там разам з яго сям’ёй і домам Этлінгераў і Сімховічаў. Для кожнай сям’і быў асобны драўляны летні дом. Толькі дом Цукермана быў пабудаваны больш раскошна і быў большы за дамы яго дачок. Вакол дамоў раскінуліся выкшталцоныя сады, поўныя кветак, што цешылі позірк, і пладовых дрэў са смачнай садавіной.

Мы, хлопчыкі і дзяўчаткі, бадзяліся па гаях, шукалі грыбы і клубніцы, штодзень купаліся ў стаўку і бавіліся як душа пажадае. Поўная радасць, чыстая радасць была ў нас.

Часам мы дапамагалі чэлядзі збіраць вішні і суніцы і чысціць іх, а кухарка варыла з гэтых пладоў варэнне на цэлы год. Падчас збору мы елі ад тых пладоў і насычаліся, і не аднойчы, і не двойчы колькі дзён хварэлі ад грубай ежы. Нашым пакараннем было утрымлівацца ад паядання “гэтага чырвонага чырвонага”. У летняй рэзідэнцыі таксама было месца для купання ў вялікім стаўку, зробленым для сям’і, і мы штодня купаліся, бавіліся ў вадзе, вучыліся плаваць, і паказваючы ў гэтай справе стараннасць.

У суцэ Цукермана

Я бачу перад сабой гэтага прыгожага чалавека разам з яго жонкай Сарэль-Товай у іх прыгожай суцэ ў летняй рэзідэнцыі, у ноч Шабата Сукот. Ён сядзіць пасля пасілку і гутарыць з дочкамі, зяцямі і ўнукамі, і калі я гляджу, як на кожны Шабат наліваюць падрыхтаваную заварку, бо заварваць свежую нельга, мяне ўражвае адна рэч. Наша сям’я таксама была даволі строгай, але я не магу згадаць, каб і ў нашым доме таксама трымаліся такіх абмежаванняў.

Калі мы вярнуліся пасля свята дадому, да нас прыйшла сумная навіна, што матчын дзядзька, Шмар’ягу Цукерман, памёр ад сардэчнага прыступу ў дзень Сімхат-Торы [16]. Некалькі дзён таму мы пакінулі іх сям’ю радаснай і шчаслівай, і раптам абарвалася ніць яго жыцця, якое гонарам для яго сям’і, абарвалася, і з яго смерцю скончылася ўсё.

Пікнікі на Дняпры

Памятаю яшчэ пікнікі, якія рабілі нашы блізкія, гандляры з Магілёва, калі ў іх былі вялікія мачтавыя караблі на Дняпры. Прыкладна 50 мужчын і жанчын з сям’і плылі на караблі, дарослыя і дзеці, і вандравалі, і ладзілі пачастункі на рацэ. Такая вандроўка доўжылася, бывала, тры дні, карабель час ад часу прыставаў да берага, дзе можна было сысці на сушу, і мы збіралі свежыя арэхі, якія раслі ў тых мясцінах. Гэтым займаліся мы, дзяўчаты 10-12 гадоў. Мы забіраліся на дрэвы і маглі сабраць з іх усе арэхі, пакідаючы дрэвы абчышчанымі.

Мы гулялі на сушы, а калі стамляліся, вярталіся на карабель, які пасля рухаў далей і далей, і мы павольна-павольна аддаляліся ад сушы. Уражанне ад вандровак па люстры ракі заставалася ў маёй памяці да нашага падарожжа ў Зямлю Ізраіля па Чорным моры.

Паездка дзядзькі ў Ерусалім

Турэцка-руская вайна скончылася, і мой дзядзька Залман Лурыя, які ўзяў на сябе забеспячэнне патрэб рускага войска ў харчы і адзенні, зарабіў шмат грошай і даў зарок наведаць Зямлю Ізраіля. Калі яму быў яшчэ толькі год, бацькі прывозілі яго ў Зямлю Ізраіля, і калі ён вырас, яго душа заўсёды імкнулася наведаць Ерусалім. Урэшце ён трапіў туды і заставаўся там некалькі месяцаў, а калі з мірам вярнуўся ў Магілёў да дома і сям’і, то перадаў нам прывітанне ад таты, які ў той час жыў у Ерусаліме і чакаў нас з нецярпеннем.

Словы дзядзькі вельмі паўплывалі на дух маёй маці і далі ёй моцы пераадолець цяжкасці, што абяцаў маладой сям’і пераезд ў Ерусалім. Урэшце маці вырашыла пакінуць горад, дзе яна нарадзілася і дзе ўсе былі ёй вельмі дарагія, хоць ёй цяжка было думаць пра расставанне і пра такі далёкі шлях.

Гранат Зямлі Ізраіля

Калі дзядзька п. Залман Лурыя вярнуўся з Зямлі Ізраіля, ён прывёз шмат рэчаў на памяць пра Ерусалім. Сярод іх быў вялікі і прыгожы гранат, дзядзька аздобіў ім стол у зале. Кожнаму, хто прыходзіў яго наведаць, ён паказваў гэты плод, што радаваў вока, і кожны дакранаўся да яго рукамі. Ці магу я забыць, як жудасна раззлаваўся дзядзька, калі гранат разламаўся ў руках таго, хто яго трымаў, і ўпаў на зямлю, і ўсе яго бліскучыя чырвоныя зернейкі разам з кавалачкамі скуркі рассыпаліся па падлозе, і гэты прыгожы сувенір у адно імгненне знік? Мой дзядзька аплакваў яго, як разбурэнне Ерусаліма.

Маці і пасланцы з Іерусаліма

Слова “Ерусалім” не было для нас чужым, бо ўсе пасланцы, якія прыбывалі адтуль у Магілёў, спыняліся ў нашым доме, і маці дапамагала ім збіраць грошы для касы рабі Мэіра Бааль-а-Нэс. Яна хадзіла з адной з сябровак па дамах багатых людзей, якія шчодрай рукой давалі ахвяраванні. І яшчэ ў маёй памяці засталося, як маці вярталася з абыходу і падлічвала, што багачы давалі ёй па 5, 10, 15 рублёў (тады гэта лічыліся значным ахвяраваннем), і ў выніку атрымлівалася каля 500 рублёў для пасланца з Іерусаліма — вялікі капітал.

Аднойчы ў якасці пасланца прыйшла жанчына, яе звалі Хана Навардыкерн. Яна была мачыхай доктара Аўраама Гаркаві [17], жыла ў Іерусаліме з яго бацькам і  ўласнай асобай прыбыла ў якасці пасланца. Маці ёй таксама вельмі дапамагла. Госця шмат расказала нам пра жыццё ў Ізраілі. Мы з захапленнем глядзелі на ерусалімскую вопратку, на яе голеныя валасы, на яе хустку і нагавіцы, якія былі даўжынёй у локаць з паловай і выходзілі за край сукенкі.

Падрыхтоўка да пераезду

У той час пачалося ліставанне паміж татам і мамай наконт неабходнасці падрыхтаваць для яе і нас вопратку. Для гэтага трэба было перашыць сукенкі па ерусалімскім гусце, бо тамтэйшае адзенне адрознівалася ад еўрапейскіх строяў. Месяцы з два правяла швачка ў нашым доме, пакуль не скончыла усё перашываць. Мы, дзеці, радаваліся кожнай новай рэчы, якую для нас рыхтавалі. Усё адзенне, якое нам зрабілі, было з чыстай воўны. Як пісаў тат, у той час у Зямлі Ізраіля шалела малярыя, і адзіным ратаваннем было насіць ваўняную вопратку. Ён тлумачыў, каб мы прывезлі выхавальніцу-габрэйку, якая першы час будзе вучыць нас чужой мове і даглядаць, але тады любоў да Зямлі Ізраіл не была распаўсюджаная  і мы не маглі знайсці жанчыну, якая захацела б прынесці такую ахвяру. Нам не заставалася іншага выбару, як узяць у якасці гувернанткі рускую-хрысціянку, якая прагнула душой памаліцца на магіле Ешу ў Ерусаліме. Яна зрабілася нянькай для майго маленькага брата, якому быў год з паловай, і была яму і нам, дзяўчаткам, вельмі адданая.

Расставанне

Вельмі цяжка было маці расставацца з родным горадам, з адзіным братам і трыма сёстрамі, з сям’ёй і шматлікімі вернымі сяброўкамі. У параўнанні з ёй мы, дзеці, заставаліся вясёлымі і радаснымі, таму што мелі магчымасць упершыню ў жыцці адправіцца ў падарожжа на цягніку і караблі і ўбачыць гарады, і краіны, і таксама вялікае мора. У Зямлі Ізраіля мы будзем есці вінаград, гранаты, міндаль і разынкі, якіх, паводле слоў дзядзькі, які апавядаў нам пра гэта па вяртанні, у Ізраілі было мноства.

На працягу тыдня дзверы не замыкаліся. З ранку да вечара прыходзілі мужчыны, жанчыны і дзеці. Адны прасілі нас памаліцца за іх на святых месцах, іншыя — каб прыслалі ім чырвоных нітак, якімі абмотвалі магілу нашай прамаці Рахелі [18] для  хворых на краснуху і шкарлятыну (яе павязваюць вакол шыі ці на руку, каб паскорыць вылячэнне). Прасілі таксама прыслаць зямлі з Элеонскай гары, бо тыя, хто не будзе мець гонару ляжаць на Элеонскай гары ў Зямлі Ізраіля, прынамсі змогуць пакласці трошкі зямлі адтуль на свае магілы ў дыяспары. Шмат было разнастайных просьбаў, якія мая маці абяцала выканаць — і выканала.

Расставанне з Грунай — гісторыя з забітым

Цяжка, цяжка было мне расставацца з дачкой цёткі Грунай, якая была мне выхавальніцай, калі я жыла ў доме бабулі да таго, як бацькі пераехалі ў Магілёў. Я была вельмі прывязаная да яе, і не знікнуць з маёй памяці яе вялікія клопаты пра мяне, калі аднойчы забілі паліцэйскага і я выпадкова бачыла яго праз акно ў пакоі паліцыі. Усё было так. Зладзеі ўвайшлі пасля поўначы ў нейкі дом дзеля рабунку, а той паліцэйскі стаяў на пасце. І калі ён убачыў іх і хацеў перашкодзіць іх планам, яны там жа яго забілі і кінулі яго цела ў яму са смеццем. Наступным ранкам забітага прынеслі ў паліцыю, якая была ў нашым двары, і ў мяне была магчымасць убачыць раны на яго галаве і твары, і плямы крыві, і абрыўкі паперы, якімі прыкрылі раны. Горад стаяў на вушах, і хаўтуры прайшлі з вялікай урачыстасцю. Усе высокія чыноўнікі па чарзе неслі дамавіну, а вайсковы хор з песнямі праводзіў забітага да могілак. Я таксама ішла за нябожчыкам, але праз нейкі час мяне прымусілі вярнуцца дадому, бо вялікім быў мой жах праз твар забітага, які стаяў перад маімі вачыма і пазбаўляў пакою па начах, і Груна брала мяне ў свой ложак і супакойвала маю душу, пакуль мне не стала лепей.

Мой дзядзька раў Фрыдман

Спачатку развітацца з намі прыйшлі дзядзькі і цёткі з Ружанаў, і блізкія з іншых гарадоў, і нават мая карміліца, якая засталася ў нас пакаёўкай пасля таго, як выгадавала мяне.  Калі мы пераехалі жыць у Магілёў, яна прыслужвала ў бабулі Гінды. Яна была дарагім для нас чалавекам, да самай старасці адданым нашай сям’і.

Прыйшоў і мой дзядзька раў Давід Карлінэр, вядомы таксама як гаон Давід Фрыдман. Гэты дзядзька, якога я мела гонар ведаць, быў чалавекам невысокім, хударлявым і тонкім, апранаўся ў каптан з чорнага атласу і часам падпярэзваў вакол таліі доўгім чорным пасам. Лад яго жыцця, пра які я ведаю, бо дзядзька тыдзень жыў у нашым доме, быў наступны. Ён сілкаваўся толькі малаком — некалькі шклянак штодзень — з сухарамі. Увесь дзень ён вучыў Тору, а ноччу спаў на скураной канапе без падушкі. Падымаўся апоўначы і, седзячы на падлозе, паглыбляўся ў малітву Тыкун-хацот, аплакваючы знішчэнне Храма і молячыся, каб а-Шэм аднавіў славу нашага народа і святога горада Ерусаліма, як у былыя часы.

Я любіла гуляць у скураныя мячыкі, падкідваць іх дагары і лавіць, калі яны падаюць. Асабліва мне хацелася гуляць у Шабат, калі я была на канікулах, але па Шабатах маці не давала мне гуляць у мяч. Цяпер у мяне была магчымасць спытаць пра гэта ў дзядзькі рава Давіда Фрыдмана, і ён дазволіў. Радасці маёй не было межаў, і я была вельмі-вельмі ўдзячная яму за такі прысуд.

Падарожжа і фурманка

У тыя гады ў нашых мясцінах яшчэ не было чыгункі, і яшчэ было немагчыма знайсці вялікі воз, які ўмясціў бы нашу сям’ю з сямі чалавек. Таму мы арандавалі нешта накшталт фурманкі, якая называлася “бойд”, і на ёй мы маглі размясціцца разам з падушкамі, і скрынямі, і іншымі пажыткамі, з нарыхтаванымі ежай і напоямі. Усё гэта цягнулі два кані. Як я казала, тады нават не засталося ў калысках немаўлят, якія не пайшлі б праводзіць нас да станцыі, што знаходзілася ў дзвюх гадзінах ад горада. Некалькі гадзін цягнулася чарада з тых, хто нас праводзіў. Сярод іх на цудоўных фурманках ехалі прадстаўнікі сем’яў Цукерман, Этлінгер, Сімховіч, Ратнер, Шор, Эйдэльман, Эйдэльсон, Гаркаві, Гурвіц і іншых. Нарэшце надышоў час, калі мы мусілі развітацца з усёй нашай дарагой сям’ёй, з сябрамі і сяброўкамі, знаёмымі і знаёмкамі, і слёзы і енк не спыняліся, пакуль наш “бойд” не аддаліўся паціху ад усіх, хто доўгія гады быў нам дарагі.

1876—1881 гады

Каментары

1. 01.12.1868.
2. “Чорны малады хлопчык”. Аўтарам гэтага рамана быў Якаў Дынезон.
3. Потым — Вялікая Садовая, у наш час — вул. Ленінская.
4. Потым — Дняпроўскі праспект, у наш час — вул. Першамайская.
5. “Падыміцеся і глядзіце”, пераказ Торы на ідыш з каментарыямі і дадатковымі гісторыямі з Вуснай Торы, напісаны ў XVII ст. Якавам бен Іцхакам Ашкеназі. Вельмі папулярная кніга сярод жанчын.
6. Скарачэнне ад “рабэйну Шлома Іцхакі” — наш настаўнік Шлома Іцхакавіч. Шлома Іцхакавіч — знакаміты каментатар Пісьмовай і Вуснай Торы, які жыў у Францыі ў другой палове ХІ ст.
7. “Ноч над Расіяй”.
8. Дзень смутку па разбураным ерусалімскім Храме і ўсіх няшчасцях габрэйскага народа.
9. Жалобныя вершы, якія чытаюць 9 ава.
10. Дзень адкуплення — святочны пост на 10-ы дзень пасля габрэйскага Новага года.
11. 06.10.1872.
12. “Дзеці майго духу”.
13. Дабрачыннасці (іўр.).
14. Малітва з 18 блаславенняў (“шмонэ-эсрэ” — 18 на іўрыце), якую габрэі кажуць тройчы на дзень: ранкам, пасля поўдня і з надыходам ночы.
15. Будан, у якім габрэі павінны жыць падчас свята Сукот.
16. Шмар’ягу, сын Мардэхая, Цукерман памёр ва ўзросце 61 год у дзень 24 тышрэя 5639 года (21.10.1878). Інфармацыя з яго надмагілля, якое дагэтуль стаіць на габрэйскіх могілках Магілёва.
17. Аўраам Эліягу Гаркаві (17.10.1839, Навагрудак, — 15.03.1919, Петраград) — сапраўдны стацкі саветнік Расійскай Імперыі, усходазнаўца і гебраіст. Удзельнік шматлікіх навуковых суполак, аўтар артыкулаў Габрэйскай энцыклапедыі і Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Ефрона.
18. Чырвонай ніткай абмотвалі надмагілле, каб такім чынам далучыць хворага, які яе потым носіць, да заслуг прамаці Рахелі і такім чынам паспрыяць яго вылячэнню.
Пераклад з іўрыту – Алег (Давід) Лісоўскі © 2018

Чытайце таксама

Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў

Беларускі гісторык, празаік, эсэіст, паэт, папулярызатар гісторыі

Парфірый Гаратак

Парфірый Гаратак

Фіктыўны аўтар “Д’ябалічных парабалаў” – зборніка ўкраінскіх вершаваных пародыяў

Веньямін Блажэнны

Веньямін Блажэнны

Беларускі рускамоўны паэт, аўтар духоўных вершаў, сярод іншага распрацоўваў верлібр

Паўліна Скурко

Паўліна Скурко

Гісторык

1383