№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эфект Пігмаліёна

Я — мана, што заўсёды кажа праўду.
Жан Както

“Азіраючыся, я бачу вакол (у тым, што датычыць мяне) толькі густа нацукраваныя легенды, у якіх лыжка стане тарчма”, — напісаў у 1950 годзе ў кнізе “Цяжар быцця” французскі пісьменнік, мастак і рэжысёр Жан Както. Гэтыя словы як найлепей акрэсліваюць і гісторыю ягонага раману з акторам Жанам Марэ, якую за восемдзесят гадоў як толькі не паспелі назваць — і адным з найвялікшых раманаў стагоддзя, і ўзорнай гісторыяй кахання, і ўсімі магчымымі астатнімі штампамі, прыдатнымі хіба што для гучных загалоўкаў. Казка казкай, а ў жыцці ўсё не так. Праўда, нельга сказаць, што горш — прынамсі, цікавей.

Жан Както і Жан Марэ

У 1937 годзе 48-гадовы Жан Както ўжо быў легендай французскай культуры. Аднагодак Эйфелевай вежы за тры дзесяцігоддзі “жыцця ў мастацтве” паспеў столькі разоў змяніць эстэтычную праграму, што крытыкі ахрысцілі яго “змяёй ад літаратуры” — маўляў, суцэльныя звівы. Цяжка раз і назаўсёды ўнесці ў энцыклапедыю чалавека, які, нагуляўшыся ў салонную паэзію, рэзка пераходзіць да авангарду, прыдумляе сюррэалізм раней за сюррэалістаў, потым гэтак жа раптоўна звяртаецца да класічнай паэтыкі, у якой чорт скручвае ногі і шыю, а там і зусім піша п’есы, якія сам называе “бульварным тэатрам” і на якія ходзіць, без перабольшання, уся Францыя.

Жан Както ў 1937

Але гэта было крыху пазней, а ў 1937-м Както ўжо гадоў дзесяць з імпэтам перарабляў класічныя гісторыі на новы лад. Пачаўшы ў 1926-м з п’есы “Арфей”, гэты enfant terrible французскай літаратуры і галаўны боль французскіх крытыкаў, узяўшы ў абарот драматургаў ад Сафокла праз Шэкспіра да Мальера, у розны час напісаў “Рамэа і Джульету”, “Антыгону”, “Школу жонак”, “Рынальда і Арміду”, “Рыцараў Круглага стала”, “Цара Эдыпа”... з якога ўсё і пачалося.

На кастынг “Цара Эдыпа”, якога Както вырашыў паставіць з акторскай аматарскай трупай, прыйшоў нікому не вядомы 23-гадовы Жан Марэ. Гэта потым ён будзе Фантамасам і графам Монтэ-Крыста, капітанам Фракасам і графам Каліёстра, д’Артаньянам у “Жалезнай Масцы” і безліччу каралёў, графаў, маркізаў у касцюмных экранізацыях класікі. А тады ён быў у поўным сэнсе слова няўдачнікам, якому, адмаўляючы ў прыёме ў акторскую школу, раілі сцішыць істэрыку і які да гэтага засвяціўся ў некалькіх фільмах Марсэля л’Эрб’е. Гісторыю не зусім творчага супрацоўніцтва з апошнім Марэ шчыра выклаў у сваіх мемуарах: галоўная роля — праз ложак, а так будзеш эпізоднікам. Эпізоднік прыйшоў на кастынг, пазнаёміўся з мэтрам — і нечакана для ўсіх атрымаў ролю Эдыпа. Усе здзівіліся, трупа яшчэ і пакрыўдзілася. Спектакль меў поспех, а выканаўца галоўнай ролі раптам пачаў падаваць надзеі.

Жан Марэ ў 1938

Както ўзяўся за наступную п’есу — “Рыцары Круглага стала” — і прапанаваў Марэ адну з галоўных роляў — Галахада Беззаганнага. І папярэдзіў: “Калі вы пагодзіцеся граць гэтую ролю, усе будуць думаць, што вы са мной спіце”. — “Я буду ганарыцца”, — адказаў Марэ.

Гісторыю пачатку іх стасункаў пераказвалі столькі разоў, што Гугл беспамылкова выдасць яе любому цікаўнаму на запыт “както марэ катастрофа”. У мемуарах Марэ ўспамінае, што, адказваючы “Я таксама ў вас закаханы”, ён бессаромна маніў, баючыся за кар’еру, якая толькі-толькі ўрэшце пачалася, і дадае: “Але гэта было ненадоўга. Усе, хто набліжаўся да Жана, пачыналі яго любіць”.

Жан Както і Жан Марэ, Лазурны бераг, 1939

Пішучы пра “25-гадовы творчы і любоўны саюз” Както і Марэ, разнастайныя інтэрнэт-крыніцы вельмі перабольшваюць наконт такога доўгага любоўнага: яны пражылі разам некалькі гадоў, пасля чаго Както зблізіўся з мастаком Эдуарам Дэрмі, якога нашмат пазней усынавіў і прызначыў сваім спадкаемцам, а Марэ ўмудрыўся ажаніцца з акторкай Мілай Парэлі, праўда, развёўшыся праз два гады са словамі: “Мне яна занадта падабаецца, каб псаваць ёй жыццё такім мужам, як я”.

1947

Успомніўшы адзін з антычных міфаў, сучасныя складальнікі легендаў хуценька ахрысцілі Жана Както Пігмаліёнам, які высек з мёртвага мармуру Галатэю, закахаўся ў яе і далей па тэксце. Але, думаецца, у гэтай гісторыі было два Пігмаліёны. Пасля сустрэчы з Марэ Както разгарнуў бурную дзейнасць па ўсіх франтах, на якіх мог працаваць яго талент, а мог ён шмат дзе: мог вершы, прозу, п’есы і балетныя лібрэта, мог маляваць, мог ставіць фільмы і п’есы, а мог і граць у іх. Вершы таго перыяду поўныя матываў смерці і абнаўлення і амаль усе так ці інакш прысвечаныя Жану Марэ. 115 з іх сябры прапанавалі актору надрукаваць пасля яго смерці, але Марэ прыкладу з Кафкі не ўзяў і, даўшы інтэрв’ю, дзе расказаў усёй Францыі пра сваю арыентацыю, апублікаваў і гэтыя вершы, напісаныя ў перыяд іх сумеснага жыцця на плошчы Мадлен, 9.

Належыць нам забыць, што ёсць у свеце людзі,
Забыць пра іх святых, закон і пратакол.
Ад ценяў смерці мне выратаваннем будзе
Забойца-арханёл.

“Радасная смерць”. Спявае Філіп Білёр

Както і Марэ ў сваёй кватэры на плошчы Мадлен, 9

Легенды не захавалі дакладных пацверджанняў таго, што Марэ клапаціўся пра вечнасць, але пра Както — так. Атрымлівалася кранальна і крыху за рамкамі закона: сцягнуць крэслы з плошчы, бо дома няма на чым сядзець, скрасці шыльду ў выглядзе вялізнай пальчаткі з карчмы, бо Както яна спадабалася, ледзь не пабіцца з Како Шанэль праз кепскія паводзіны, даць у зубы крытыку, які нападаў на Както, — ды проста. Апошняе, дарэчы, было даволі неразважным учынкам, бо ўсё адбывалася падчас нямецкай акупацыі Парыжа, а крытык здабыў прыхільнасць нацысцкіх уладаў, але хто ж утрымаецца ад таго, каб даць у зубы крытыку. На пэўны час Марэ нават угаварыў Както перастаць прымаць опіюм, на залежнасць ад якога паэт пакутаваў з маладосці і якой цалкам не пазбавіўся да самай смерці.

1941

Але пра доўгі і плённы творчы саюз легенды не маняць.

У 1942 годзе Както, успомніўшы пра даўні досвед здымак фільма (яго адзіная на той час сюррэалісцкая стужка “Кроў паэта” выйшла ў 1933 годзе), вырашыў вярнуцца да гэтага віду вобразнасці, бо кіно любіў за “іррэальны рэалізм”: “Калі я расказваю, як паэт праходзіць скрозь люстэрка, мне ніхто не верыць, — казаў ён. Але калі я гэта паказваю...”

У 1943 годзе на экраны выходзіць фільм “Вечнае вяртанне”, зняты Както сумесна з рэжысёрам Жанам Дэлануа. Гісторыя пра тое, як легенды (у дадзеным выпадку легенда пра Трыстана і Ізольду) паўтараюцца так, што іх героі пра гэта не здагадваюцца, выбухнула ў акупаваным Парыжы бомбаю ў добрым сэнсе, а з Марэ, які бегаў на здымкі з вайсковых збораў, зрабіла ўлюбёнца Францыі. Улюбёнец Францыі, дарэчы, паспеў стаць нацыянальным героем і атрымаць Ваенны крыж — паводле афіцыйных крыніц, “за мужнасць і адвагу”, паводле яго самога, “за тое, што еў варэнне” і мужна выконваў загад камандавання не глушыць матор — загад, пра які, зрэшты, тады не ведаў.

Жан Както, Жан Марэ і Мадлен Салонь (выканаўца ролі Наталі-Ізольды) на здымках “Вечнага вяртання”

У 1946 годзе Както здымае фільм “Прыгажуня і Пачвара”. Марэ сыграў у ім тры ролі, прычым для ролі Пачвары яму кожны дзень накладалі грым па пяць гадзінаў: тры гадзіны на твар, па гадзіне — на рукі. “Трэба любіць жывёлаў так, як Жан любіць свайго сабаку, каб пагадзіцца на такое”, — жартаваў Както. Сабака Марэ Мулук, дарэчы, зняўся з гаспадаром у “Вечным вяртанні”.

Жан Марэ ў ролі Пачвары

Здымкі “Прыгажуні і Пачвары”

Жан Както, Жан Марэ, Мулук

З усяго, праз што на Марэ як на актору ставілі крыж разнастайныя эксперты ад мастацтва — фальцэт, часам надрыўнасць ігры, часам “драўляныя” рухі, — Както зрабіў, як сёння сказалі б, “фішку”. Трэба сказаць, атрымалася: прыхільніцы, пабачыўшы Марэ на вуліцы, страчвалі прытомнасць, яму штодзень прыходзіла да трохсот лістоў, на якія адказвала яго маці. Аднойчы, спазняючыся ў тэатр, Както пераблытаў і надзеў пінжак Марэ, рукавы якога, праз розніцу ў росце, давялося падкасаць. На наступны дзень Парыж пераняў “новую моду”. Както ўвогуле славіўся тым, што ствараў моду і часта кідаў яе яшчэ да таго, як іншыя заўважаць. Магчыма, яшчэ і таму да яго не вельмі прыхільна ставіліся стваральнікі брэндаў — хаця б таго ж сюррэалізму. Эскіз знакамітага пярсцёнка Trinity (альбо, па-французску, Troisanneaux) фірмы “Карцье” з трох відаў золата, напрыклад, таксама належыць Жану Както. Ён іх, дарэчы, дарыў асабліва блізкім людзям, у тым ліку Марэ і Эдуару Дэрмі.

Пярсцёнак Trinity

У 1949 годзе Както здымае свой самы знакаміты фільм — “Арфей”. Зноў з Марэ ў галоўнай ролі.

Жан Марэ і Франсуа Пер’е ў “Арфеі”

Кадр з фільма “Арфей”

Пасля “Арфея” Марэ, так бы мовіць, завязвае з артхаўсам, і ў ягонай кар’еры пачынаецца эпоха “плашча і шпагі”. Так цесна, як раней, яны з Както ўжо не супрацоўнічаюць, але з любых здымак у любой Амерыцы Марэ ляціць пры першых жа звестках, што з сябрам і настаўнікам нешта не так. Некаторыя кажуць, што здымацца ў “Фантамасе”, ад якога Марэ хацеў спачатку катэгарычна адмовіцца, яго ўгаварыў якраз Както — да таго часу папулярнасць Марэ зменшылася, ды і адкрытае прызнанне ў гомасэксуальнасці падпсавала рэпутацыю. У гэтай частцы кантынента складана ўявіць словы “французы” і “рэпутацыя” ў адным сказе, але французам, мабыць, лепш відаць. Прынамсі, аўтабіяграфічную “Белую кнігу”, у якой апісаў свой гомасэксуальны досвед, Както ў 1928 годзе выдаў ананімна.

1955 год, Както абраны сябрам Французскай акадэміі

У 1959 годзе на экраны выйшаў апошні фільм Както “Тэстамент Арфея” — з аднаго боку, своеасаблівы працяг папярэдняй стужкі, а з другога... сказаць “творчае крэда” было б занадта — ва ўзвышаных легендах героі рэдка засядаюць трыбуналам і здзекуюцца з аўтара, але ж крэда бывае розным. Галоўную ролю ў фільме рэжысёр сыграў сам, а апошняя роля Марэ, якую даў яму Както, супала з першай — цар Эдып.

Жан Марэ ў ролі Эдыпа ў “Тэстаменце Арфея”

74-гадовы Жан Както памёр 11 кастрычніка 1963 года ў сваім доме ў Міі-ля-Фарэ. Жан Марэ пражыў яшчэ 35 гадоў, увесь гэты час нагадваючы ўсім, хто слухаў, пра чалавека, які зрабіў ягонае жыццё такім, якім яно стала: выдаў кнігу “Неспасцігальны Жан Както” і мемуары “Гісторыі майго жыцця”, цэнтральнае месца ў якіх зноў жа адведзенае паэту, ставіў спектаклі па яго п’есах, маляваў, рабіў скульптуры, даваў інтэрв’ю, спяваў песні на словы Както — і не пераставаў гаварыць.

Капліца Святога Блэза ў Міі-ля-Фарэ, дзе пахаваны Жан Както (ХІІ ст.)

У 1959 годзе Както сам распісаў капліцу “пад уласны саркафаг”

Магіла Жана Марэ ў Валарысе

 

Упершыню надрукавана ў часопісе “Мэйкаўт” https://makeout.by/2014/03/14/efekt-pgmalena.html

Чытайце таксама

Гілберт Кіт Чэстэртан

Гілберт Кіт Чэстэртан

Ангельскі празаік, паэт і эсэіст

Чарлз Дыкенс

Чарлз Дыкенс

Знакаміты ангельскі празаік і безумоўны класік сусветнай літаратуры

Мухамед Эбну

Мухамед Эбну

Нарадзіўся ў Заходняй Сахары

Рышард Крыніцкі

Рышард Крыніцкі

Польскі паэт, перакладчык і выдавец, прадстаўнік літаратурнай групы “Новая хваля” (Nowa Fala)

321