Ад перакладчыка. Аўтар, да творчасці якога закарцела дакрануцца, — не вельмі вядомы, хаця назваць яго забытым у Беларусі таксама наўрад ці будзе карэктна. Гэтага беларускага яўрэйскага пісьменніка шанаваў светлай памяці літаратар-педагог Рыгор (Гірш) Рэлес і ў 1990-х почасту згадваў у сваіх лекцыях і артыкулах. Пісалі пра адораную сям’ю Рэйзенаў з Койданава і многія краязнаўцы, але пераклады твораў нават самага вядомага з сям’і на беларускую мне не сустракаліся.
Нарадзіўся Абрам (Аўром, Аўраам) Рэйзен у 1876 годзе і за свае 77 гадоў паспеў многае — яго творы выдаваліся аж у 12 тамах. Яго прызнавалі і як паэта, і як майстра апавяданняў, і як выдаўца. Служыў у расійскім войску, жыў і ў Мінску, і ў Варшаве. У юнацтве захапляўся левай ідэалогіяй, падтрымліваў Бунд. Атабарыўшыся ў 1911 годзе ў Злучаных Штатах Амерыкі, ён пісаў пра цяжкі лёс амерыканскіх працоўных; відаць, таму ў 1928 годзе яго запрасілі ў СССР. На мяжы ў Негарэлым, зусім побач з родным мястэчкам Рэйзена, госця вітала група яўрэйскіх пісьменнікаў, у тым ліку і пралетарскі паэт Ізі Харык, які да таго часу вярнуўся з Масквы… Зрэшты, візіт Рэйзена ў СССР — асобная тэма, а пакуль прапаную фрагменты з яго ўспамінаў пра Койданава і бацьку, якога звалі Калман (1848, Койданава — 1921, Мінск; як і яго знакаміты сын, К. Рэйзен фігуруе ў энцыклапедыях).
Пераклад выкананы паводле выдання: Reyzen, Avrom. Epizodn fun mayn lebn (Варшава, 1934).
Вокладка той самай кнігі Рэйзена.
Чаго не скажаш пра Койданава, маё роднае мястэчка, дык таго, што яно дыхала літаратурай. Жыхароў, якія цікавіліся яўрэйскім пісьменствам і пісьменствам наaгул, было вобмаль. Нягледзячы на тое, што мястэчка знаходзілася за 50 рускіх міль ад Мінска, дзе жыло некалькі знакамітых пісьменнікаў (праўда, большасць іх пісала на іўрыце) і дзе працаваў шэраг выдавецтваў з крамамі, якія мелі імя ў яўрэйскім свеце, мала хто ў Койданаве штось ведаў пра яўрэйскую літаратуру. І зусім нямногія ведалі, што мой бацька — які ў час майго дзяцінства быў оптавым гандляром, займаўся збожжам і лёнам — некалі, да жаніцьбы, практыкаваўся ў пісьменстве. Пасля вяселля ён толькі час ад часу папісваў вершы на іўрыце, нікому іх нават не паказваючы. Найлепшыя з іх ён перачытваў на самоце, знаходзячы ў гэтым адхланне ад гандлю, ад штотыднёвых клопатаў. Вельмі рэдка хто з местачкоўцаў бачыў іўрыцкія вершы і прозу аўтарства майго бацькі. Купка ягоных сяброў, якія нешта-такі разумелі ў літаратуры, да таго часу ўжо з’ехалі: адзін — на Валынь, другі — кудысьці далёка ў Расію, трэці — у Амерыку. Застаўся толькі Гірш, адзіны, старэйшы, брат майго бацькі. Гірш, не зважаючы на сваю вялікую набожнасць і рэлігійную вучонасць, любіў вершы і літаратуру ўвогуле. Але мой бацька, вальнадумец, нячаста сустракаўся са сваім братам, хоць той і жыў у суседнім доме.
З цягам часу я, дванаццацігадовы хлапчук, стаў адзіным чытачом і шанавальнікам яго творчасці…
Употай ад таты я ўжо і сам сёе-тое пісаў, але не іўрыцкія вершы-"напевы", а ідышныя куплеты. Я доўгі час не паказваў тату свае вершы, найперш таму, што яны пісаліся на ідышы, а не на іўрыце… Па-другое, я не верыў, што яны чагосьці вартыя, хаця мая бабуля з бацькавага боку, лагодная старая, якой я часам усё ж сёе-тое зачытваў, высока іх цаніла. За кожны верш яна мне нават давала пару капеек, каб я мог купіць чаго душа прагне. Вось так, праз бабулю, да таты дайшло, што я пішу вершы, і ён мяне моцна ўпікнуў:
— Што ты будзеш з іх мець? Вучы лепей мовы!
Меліся на ўвазе іўрыт і руская.
Аўтар у маладосці (фота з yivoencyclopedia.org).
Тым не менш ён і сам часам ствараў ідышныя вершы — праўда, ставіўся да іх зняважліва, як да рэчаў, што не маюць значнасці. У вольны час ён чытаў іх, калі cям’я была ў зборы. У доме тады было нешта накшталт свята. Мая маці — заўсёды змораная, бо дужа клапатала пра дзяцей — пакідала ўсялякую працу і сядала, склаўшы рукі. На яе ўжо састарэлым, але прыгожым твары блукала шчаслівая ўсмешка. Маці глытала кожнае слова і ціхенька пасмейвалася, калі даходзіла да гумарных месцаў. Зрэшты, калі ўжо бацька пісаў вершы на ідышы, то яны былі гумарныя і жартаўлівыя. Я, а асабліва мая старэйшая сястра, таксама лавілі кожнае слова з бацькавых ідышных вершаў… І ён сам мяняўся пры чытанні ўголас. Яго чорныя вочы запальваліся асаблівым агеньчыкам, а на бляклым твары з’яўляўся адбітак радасці.
Дык вось, бацька сваімі ідышнымі вершамі не надта даражыў і не так іх прыхоўваў, як іўрыцкія. Пачак іўрыцкіх вершаў, што збіраліся цягам гадоў, ён трымаў у надзейным месцы, а пару ідышных цягаў з сабой у кішэні, пакуль не губляў. Аднак калі мама прасіла агучыць ужо вядомы ёй верш, які ёй спадабаўся падчас першага чытання, то аказвалася, што бацька ведае яго на памяць. Здзіўляў ён нас і яшчэ болей.
Апрача ўласных татавых вершаў — натуральна, рукапісных — у доме амаль не было ні ідышных, ні іўрыцкіх кніжак. Дасёння мне дзіўна, што мой бацька прагавіта чытаў новыя кнігі, калі яму выпадала іх недзе пазычыць у вольныя ад працы дні, але дома трымаў толькі некалькі разрозненых томікаў нямецкіх паэм. Як я цяпер успамінаю, быў адзін томік Шылера (без вокладкі і тытульнага аркуша) і адзін — Гётэ. Дзе ён здабыў гэтыя кнігі, я не ведаю, але тата імі задавальняўся і не шукаў новых. Ён учытваўся ў іх нібыта ўпершыню і штораз знаходзіў у іх асаблівы сэнс. Аднойчы, калі бацька моцна захапіўся страфой (а можа, усім вершам "Надзея"), ён паклікаў мяне і сказаў:
— Ты нешта разумееш?.. Ты мог бы ведаць нямецкую мову нашмат лепей, чым ведаеш…
(Свет старэе i зноў маладзее, а чалавек усё спадзяецца на лепшае.)[1]
Паколькі мне было 13 гадоў і бацька ўжо ўклаў у мяне порцыю ведаў, ён прачытаў мне таксама свае вершы на іўрыце, а апрача таго — "Звон" Шылера. Вялізнае было ягонае захапленне гэтым творам. Я крыху ведаў нямецкую — ёй мяне вучыў мой лагодны, але патрабавальны бацька, гэта была мова, якую ён сам вывучыў у ешыве паводле перакладу Бібліі Мозэса Мендэльсона. Вядома, і я ацаніў вялікі шылераўскі твор.
Часам тата прыносіў новыя кнігі на рускай мове, якія ён здабываў у аднаго заможнага яўрэя (той меў вучонага сына). Чужыя кнігі трэба было вяртаць, і тата рэдка даваў чытаць іх мне. Калі ж кніга яму вельмі падабалася, ён не мог стрымацца і раіў:
— Нічога сабе кніга, можаш таксама пачытаць.
Ну, а калі кнігу мусова было вярнуць хутка, праз пару дзён, то ён прынамсі пераказваў мне асноўнае.
Адна з кніг, якую ён пазычыў у багатыра, называлася "Письма Шлим-Шлимазла" ("Лісты Няўдаліцы з Няўдаліц") і сатырычна асвятляла яўрэйскае пытанне. Захапіўся мой бацька гэтай кнігай проста неймаверна… Але кніга была пазычаная толькі на шабес, так што ён задаволіўся толькі тым, што перадаў нам, сямейнікам, некаторыя моцныя месцы. Ласкавыя чорныя вочы майго таты ў гэты час асабліва блішчэлі. У кнізе востра крытыкаваўся расійскі ўрад, і тата, пераказваючы тыя месцы, як бы яму помсціў. Тата паведаміў нам, што аўтар кнігі — яўрэй, і гэта поўніла яго, тату, дадатковым гонарам.
Тату асабліва імпанавала тое, што яўрэй напісаў кнігу па-руску. Калі ён аднойчы атрымаў у таго ж заможнага яўрэя твор Ляванды "Исповедь дельца" ("Споведзь дзялка"), ён гэтаксама захапіўся; цэлыя дні размаўляў са мною пра кнігу і яе аўтара… "Ён з Мінска, — сказаў тата пад канец з пэўнай гордасцю, — тут, у Мінску, многія яго ведаюць…"[2]
Час ад часу прыязджаў у мястэчка кніганоша, які таксама меў пры сабе брашуркі на іўрыце, а сярод іх — ідышныя кнігі з казачнымі гісторыямі. Кніжкі на ідышы аднойчы купіў тата, аднойчы — мая старэйшая сястра. Іўрыцкія кнігі, калі было нешта вартае, тата купляў таксама.
Але сапраўдная іўрыцкая літаратура знаходзілася проста на месцы, у вышэйзгаданага татавага брата, Гірша-эрудыта. Сярод іх — два гадавікі пад назвай "Гаасіф" (выданне Нахума Сокалава), два тамы "Кнэсэт Ісраэль" Шауля-Пінхаса Рабіновіча. На пытанне, чаму мой дзядзька купіў іх, той адказваў: "Таму, што ў гэтых "вольных" кнігах багата артыкулаў пра Талмуд і пазнейшыя рабінскія творы". Але мой тата ў гэтых цяжкіх фаліянтах шукаў найперш вершы і апавяданні; іх там таксама было багата. Так, у адным з гадавікоў "Гаасіфа" знайшоўся пераклад паэмы Гайнэ "Егуда бен Галеві", выкананы доктарам Шлома (Саламонам) Мандэлькернам. Тата мой захапіўся паэмай настолькі, што прачытаў яе некалькі разоў і многія месцы вывучыў на памяць.
Некаторымі кавалкамі з паэм, ад пачатку напісаных на іўрыце і змешчаных у тых зборніках, тата настолькі захапіўся, што сам вярнуўся да актыўнага вершаскладання. Некалькі сваіх новых вершаў ён нават адправіў у газету "Гацфіра", якую зрэдчас пачытваў. Але кароткі адказ "У друк не пойдзе" надоўга падрэзаў тату крылы; ён пісаў і далей, але ўжо не спрабаваў звязвацца з далёкімі і чужымі рэдакцыямі. Праўда, потым не ўтрымаўся і паспрабаваў шчасця ў "Гамейліцы", але гэты "Гамейліц" знаходзіўся яшчэ далей — аж у Пецярбургу… і нават у "паштовай скрыні" не адказаў.
І ўсё-такі гэта не збянтэжыла тату, ён не раззлаваўся на тагачасныя рэдакцыі, якія не спагадалі творчасці невядомага паэта… Наадварот, кожны ўпадабаны ім верш ён не толькі высока ацэньваў, але часам казаў сабе: "Вось гэты ўмее!" Ён лічыў, што кожны аўтар, які друкаваўся, лепшы за яго, хаця многія іўрыцкія вершы, друкаваныя ў той час у штодзённых газетах, значна саступалі вершам майго таты. Ён, без цені сумневу, меў паэтычны талент, што і праявілася праз некалькі гадоў, калі бацька ўласным коштам выдаў невялікі зборнік вершаў пад псеўданімам Ёна Гамія ("Ёна, які дыхае")[3].
Асабліва ў той час на тату падзейнічаў верш з "Гаасіфа" пад даўгім назовам: "Да яўрэйскай дзяўчыны, якая выракаецца нас". Імя паэта ў той час было для таты новым, гэтаксама і змест, і форма сталіся для яго новымі, свежымі. Тата мой атрымаў вялікую асалоду ад новага тону… Верш належаў Іцхаку-Лейбушу Перацу і сапраўды быў адметны на фоне тагачасных іўрыцкіх твораў, вылучаўся пачуццёвай сілай і прыгажосцю формы. (…)
У той жа час, недзе ў 1888—1889 гг., пачалі выходзіць зборнікі твораў на ідышы. У "Гацфіры" і "Гамейліцы" напісалі пра першы выпуск "Гойзфрайнда" ("Сябра для дома") і пра "Юдышэ фольксбібліятэк" ("Яўрэйскую народную бібліятэку") Шолам-Алейхема, але ў нашым мястэчку пра гэтыя выданні і почуту не было. Прыватная бібліятэчка знаходзілася ў руках меламеда. Усім яго багаццем быў шэраг раманаў Шомэра[4], Блаштэйна і некалькі іўрыцкіх раманаў Смаленскіна, Мапу… Зрэшты, нават Шомэр у яго быў на іўрыце. Пра літаратурныя зборнікі на ідышы бядак-меламед нічога не ведаў, а магчыма, і ведаў, бо раз на год ездзіў у Мінск па новыя раманы — але не верыў, што на іх знойдуцца ахвотныя. Адзінай праявай ідышнай літаратуры ў мястэчку быў штотыднёвік "Дос юдышэ фольксблат" ("Яўрэйскі народны лісток"), які выходзіў у Пецярбургу, на той час — пад рэдакцыяй Ісраэля Леві. Гэты штотыднёвік у мястэчку атрымліваў таксама толькі заможны яўрэй, у якога быў вучоны сын. Але яго выпускі рэдка траплялі да нас у дом, таму што багатыру самому падабалася чытаць гэтае выданне, і ён не так лёгка ім дзяліўся.
Калі які нумар да нас усё-такі трапляў, дома была вялікая радасць. У кожным нумары "Фольксблата" друкаваліся аповесці Карла Эміля Францоза, пераклады нейкага графа Квейтля, і хаця мы з татам ведалі, што перакладчык — ніякі не граф, гэты ганарысты псеўданім істотна дзейнічаў на нашую фантазію. Пад кожнай часткай стаяла ў дужках "працяг будзе", і гэта таксама выклікала цікавасць. Што далей станецца з Аўромкам-Чорным, героем аповесці Францоза?..
Аднак нячаста мы даведваліся пра заканчэнне гісторыі, бо цяжка было здабыць у багатыра нумары "Юдышэ фольксблата".
пераклад з ідыша і каментар — Вольф Рубінчык