№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вульф Сосенскі

Габрэйскія народныя апавяданні і жарты са збору Вульфа Сосенскага

Тэксты публікуюцца ўпершыню паводле рукапісаў, якія захоўваюцца ў архіве Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы. Падрыхтоўка да друку і заўвагі Віктара Жыбуля

 

ДА БРАТА Ў АМЕРЫКУ
З цыкла “Докшыцкія”, апавяданне
 
Лейба Розаў меў двух сыноў. Старшы Абрам нат здольны быў: на шостым годзе ўжо мог Біблію добра чытаць, навет[1] вытлумачыць усе каментары да яе, і так, што не кожны ўзрослы гэдак мог. Усе гаварылі: “Ну, Лейба, ваш сын вялікім вучоным будзе. Першы рабін-талмудыст!..”.
Што тату рабіць, калі кавалак хлеба дзецям даць не хапае, у хаце студзёна, ні аднаго паленца дроў у печ палажыць няма. Сына вучыць нат[2] добра, нат патрэбна, але грошы дзе браць? Без гэтага яго не навучыш! Так ён з добрага талмудыста выдатнага шаўца зрабіў.
На дзявятым годзе свайго жыцця маленькі хударлявенькі Абрашка такія добрыя боты шые — аж люба глядзець. Ды ж нямала дзіва бярэ.
Так, мала-памалу, хлапцу ўжо дваццаць год, хутка прызыў на царскую службу. “Не дажджэ наш царок, скулля яму ў бок, каб я яму служыў!” Напазычаў грошы ды ў Амерыку кульнуў.
Хлопец рухавы, чытаць-пісаць можа, хутка набіўся на толк. Два разы на год тату па дзесяць даляраў шле. Тата доўг выплаціў... Раптам да таты вураднік явіўся:
— Дай, татачка, трыста рублёў штрафу. Твой сын Абрам своечасова да воінскага начальніка на прызыў не явіўся.
— Што рабіць? Грошай няма.
Вураднік са стала шабасовыя ліхтары бярэ.
— Не бяры, — просіцца Розаў, — грэх-грэх, — кажа Лейба Розаў, — браць ліхтароў няможна. Маёй жонцы не будзе на чым у пятніцу вечарам Богу маліцца. Бога баяцца трэба.
Жонка тут жа заплакала, загаласіла. Вураднік злітаваўся, кінуў, ліхтароў не браў. Аб гэтым Лейба сыну напісаў. Сын з Амерыкі зараз тату доўг аддаць грошы прыслаў.
Ды ўсё на свеце йдзе сваёй дарогай. Так ужо меншаму сыну, Янкелю, чарга надышла, недалёкі той час — і яго на прызыў пазавуць. “Што рабіць? — думае Лейба. — З Янкелем саўсім рады няма. Абрам саўсім не такі. Ён у мяне малайчына, на ўсё годзен. Ён да Бога і да людзей. А гэты — тупіца. І ўсё там такому, калі ў салдаты пойдзе. Ён хутка там прападзе. Калі чалавек нягодны, калі дурань — ён ва ўсім усё вінаваты, — кажуць салдаты”. Так падумаўшы, Лейба сыну напісаў.
Абрам, атрымаўшы татаў ліст, зараз шыфскарту і грошы прыслаў. Янкель, нядоўга думаючы, паехаў за акіян у Амерыку. Брат Абрам свайго Янкеля тры дні ў Кэсэльгардэне[3] чакаў. Сустрэў, да сябе павёў. Вядома, чалавек з дарогі, утаміўшыся, замораны. Ён даў яму мейсца дзе спаць, павёў у лазню, апрануў і абуў па-амерыканску. У адным толькі бяда: Янкель мове тутэйшай няхутка навучыцца. А чалавек без мовы — што звер безгаловы. Такога горш нямога да працы не бяруць…
Вось тут, каб пазнаць тутэйшы вобраз жыцця, ёсць вядомы спосаб, які ўсе “зялёныя” новапрыбыўшыя сюды эмігранты ўпатрабляюць. Гэта даўно ўвайшло ў жыццё “зялёных”, гэта ўжо зрабілася прынцыпам і традыцыяй. Пажабраваць — інакш нельга пазнаёміцца з моваю і ладам жыцця, мусіш пахадзіць па хатах…
Не [да]спадобы Янкелю жабраваць. Не дзеля гэтага сюды ў Амерыку ён прыехаў.
— Чым жабраваць, лепей цару служыць! — ён гучна крыкнуў. — Як бедна дома жылі — усё ж не жабравалі. Ліха бяры такую хвалёную Амерыку! Во заехаў, што назад вярнуцца нельга — грошай жа-ж няма. Што рабіць? Кепска, кепска…
Бядуе Янкель, але церпіць, жджэ. А Абраму нат нясмачна на душы. Ён нічога не гаворыць, але думае: «Нат шкодна, што вытрэбаваў брата сюды, у гэтае пекла. Але ж праз цёмную ноч, праз пекла трэба ж прайсці, інакш ты сонца не ўбачыш. Мусіш, мой браточак, спрабаваць. Во, табе я купіў скрыначку з рамянём — на шыю начапіць. У ёй во, глядзі, усялякая дробная галантарэя. Зойдзеш да дзвярэй, разы тры пастучы, табе адчыняць. Зайдзі, пакланіся, адчыні скрынку, кажы “лук ін бокс”[4], і што каму спадабаецца — возьмуць. Табе грошы дадуць, не пакрыўдзяць. Толькі да кожнага слова прыслухоўвайся і запомні, каб хутчэй мове навучыцца. Гэта, канешне, трэба».
Навесіў на брата скрынку, блаславіў і выправіў… Брат пайшоў, а гэты тут у каморцы заплакаў:
— Прапала б ты, Амерыка, перш чым пазналі мы яе… Перш я пэдлер, цяпер брат мой пэдлер!
(Гэтае “бэтлер” — жабрак[5].)
Але… Пайшоў Янкель па хатах хадзіць і сам сябе бадрыць: “Азяўся за гуж — не кажы, што ня дуж — цягні!”. Лазае па сходах вялікіх гмахаў, ходзіць-ходзіць, лазае-лазае, ужо ногі забалелі. Стучыцца з дзвярэй у дзверы. Хто адчыняе, а хто не адчыняе. Другі адчыніць, але ўвайсці не дасць: за карк і вон, са сходаў далоў, аж скрынка рассыпалася. Ледзь свае бэбахі сабраў. Гарыць такая Амерыка! Усюдых яго толькі зялёным называюць. Чуе слова “дэр грынэр”[6], і ўсё. Так ён хадзіў доўгі, нат доўгі дзень. З усіх сіл ён выбіўся, умарыўся, згаладаўся, ды яшчэ і заблудзіў, не помніць, куды яму вярнуцца трэба, не ведае. Пытацца? Гаварыць не ўмее. Дзе тая хата, брат дзе жыве?
Раптам заўважыў чалавека. Хоць [той быў] нат паспешны, ён асмеліўся спытаць:
— Вы яўрэй. Дзе мой брат жыве?
А той яму на хаду адгукнуў:
— Ты літвак цэлам-коп.
(“Літвін крыжавая галава” — так польскія яўрэі беларускіх яўрэяў называюць: “літвак цэйлам-коп”.)
Нават яму ў вочы не глянуў, хутка пабег сваёй дарогай. Зжымалася Янкелева сэрца, горка яму. “Эт, — думае ён, — тут яўрэй не яўрэй і Казімэр не Казімір. Ну… трэба далей ісці. Падальш у лес — больш дроў найдзеш”. Завярнуў на другую вуліцу — у вокнах ужо агні свецяцца — ды як на адны сходы ўзышоў, стучаць не стаў — зразу наверх! Падышоў да адных дзвярэй, чуе: музыка грае, пяюць. Гэта зацікавіла яго, але не ведае, што там за дзвярамі робіцца: мо вяселле, мо нешта другое. А сэрца чукаецца. Не можа рашыцца: стукнуць у дзверы альбо не? Але рукі самі машынальна так моцна застучалі, што [дзверы] зараз расчыніліся.
А тут багатыя сталы ўбраны, каля іх розныя людзі п’юць, ядуць, гуляюць і пяюць. Ды як убачылі яго ўсе, са сваіх месц ускочылі, паўставалі. Гучна загаманілі: “Грынэр, грынэр! Пэдлер!” і г. д. Ён пастараўся, быстра расчыніў сваю скрынку і гаворыць (толькі тыя словы, што брат яго навучыў):
— Лук ін боокс!
Мужчыны як мужчыны, а жанчыны хахочуць, смяюцца бясконца. Ды як нешта запытаюць у яго, ён на сваю скрынку паказвае, гаворыць: “Лук ін бокс”. Тады смех яшчэ больш распалымаецца. Смяюцца ды між сабою гамоняць нешта невядомае, бо іх пытанняў [Янкель] не разумее. Так пацягнулася справа некалькі хвілін, а мо гадзіну часу, колькі — ён сам не помніць. Покуль ім самім, як відаць, была гэта цырымонія не абрыдала. Вось адзін азяў паперу, падышоў, са скрынкі адзін раздзел апаражніў, выняўшы адтуль тавар, палажыў на паперу на стол. Яму паказалі скрынку зняць з плеч. Ён зняў. Пасадзілі за стол. Налілі яму чарку гарэлкі, далі чым закусваць, а той старэйшы, нібы жартам, нанізаў на сябе скрынку: “Ну цяпер, пэдлер, купляйце — я прадаю, што вам трэба! Лук ін боокс!”. Зноў смех. Так ён ходзіць па ўсёй зале, просіць. Яму ў скрыначку кладуць грошы. Наклалі поўна ў той раздзел, і тое, што завернута ў паперы, такжа-ж яму аддалі.
Яму аддалі і паказалі выхад. Ён выйшаў. Колькі грошай ён мае — гэтага не ведае, але ё чым брату пахваліцца.
Прайшоў трохі. Хмельны той келіх ужо выткнуўся з галавы. “Ну што гэта за заробкі? Гэта ж жабрацтва. Ты, той стары, мне паказаў, як жабраваць, усе сталы абышоў, прасіў, далі патрохі, але ці гэдак можна жыць?! Жабраваць, прасіць? Не! Гэта не гадзіцца! Пайду да брата, падумаем мо назад дамоў цяпер”.
Ён агледзеўся, што ён жа блукаецца па чужых незнаёмых вуліцах. На сэрцы горка, у вачах цёмна, народу шмат, а пытацца некага. Навед жыд, свой брат, і то яму не па-брацку, а па-амерыканску адказаў. Была б на гэтым мейсцы рэчка якая — ей богу, утапіўся б і ўсё. Ай, Докшыцы, Докшыцы! І заплакаў, пэўна, гучна, бо зараз пачуў ён голас чалавека:
— Эй, аід, што плачаш? Тут ё яўрэяў багатых, а ты…
Янкель спужаўся, саўсім не ведае, што казаць, — нешта чалавек не знаёмы! А гутарка знаёмая. Гэта ж нашыя так гавораць! А мужык яго пытае:
— Адкуль ты?!
— З Докшыц, — адказвае ён.
— А чый ты будзеш?
— Хіба вы там каго ведаеце?
— Як жа ж не ведаць? Я Даўгінаўскі. Жызнеўскіх чуў? Мо не? Нас Жызнекамі называлі. А хто ты будзеш?
— Я Лейбы Розава сын з Докшыц.
— Шаўца гэтага! Я ж яго ведаю, жонку і дзяцей, твайго брата я часта тут спатыкаю.
— А я вось яго шукаю. Я зблукаўся й ніяк знайсці не магу.
— Пойдзем, браток, пойдзем. Ён жа во недалёка жыве.
Нат парадаваўся Янкель. Але баіцца: “Мо жулік які, злодзей які? Гэта ж Амерыка!!! А мо гэта сон сніцца мне? Я паваліўся на вуліцы, сплю, і сніцца…”.
Жызнеўскі кажа:
— Ты нешта баішся, нечага спужаўся ці што? Чаму ты так трасешся, зубамі ляскаеш, нібы ліхаманка якая? Супакойся, браце. Во жа той дом, у якім твой брат жыве, — зараз зойдзем.
— Праўда, гэта ж яго кватэра тут, цяпер я пазнаю, гэта й ёсць тое, што шукаў.
Ззаду голас пачулі:
— Янкэл, штэй, варт, авайле. (Стой, Янкель, пачакай трошкі.)
Ага, гэта Абрам, увесь свет ужо абышоў, брата шукаў. А як убачыў Жызнеўскага Юзяка — так парадаваўся, што аб усім забыў. Абое так шчыра пацалаваліся, пайшлі да Абрама на вячэру. Тут ужо было пацехі і смеху. Янкель пачаў апавядаць, як ён сабе запрацаваў гэтыя грошы. Абрам іх лічыць адмовіўся, Юзя таксама. Яны ведаюць амерыканскія капрызы і амерыканскія сюрпрызы. Не хацелі ведаць ягоныя грошы. Ведаюць, што гэта слёзы, не грошы. Але пра тую вясёлую кампанію — гэта іх зацікавіла. Ён усё падрабязна апавядаў:
— Яны мяне нешта пытаюць, не разумею што, кажу “лук ін боокс”. Яны ўсе рагочуць, аж за бакі хапаюцца. Зноў такое, што я сваё: “лук ін бокс”, яшчэ болей рагочуць.
— Гэта ж цябе пыталі: “Адкуль прыехаў?” Ты кажаш: “Лук ін бокс!” Яны пытаюць: “Ці жанаты? Дзе твая жонка?” — ты кажаш: “Лук ін бокс!” — “Ці маеш дзяцей?” І гэтак далей. Скажы ім, гультаям, дзякуй, і хай аб гэтым будзе канец.
На гэтым і Юзя пагадзіўся. Павячэралі ўсе трое, ляглі спаць, і апавяданню — канец.
Скарочанае старое апавяданне.
Запісаў В. А. Сосенскі
 
ЮДЭЛЬ-КА МІНСКІ
Гумарэскі
 
Мы яго звалі Юдэль-ка Мінскі, бо родам з Мінска. Яго прозвішча — Пак-н-трэгэр (Пакентрэйгер). Калісьці на Францішканскай[7] меў ён вялікую багатую краму. Але згарэў, з таго звар’яцеў.
Вось ён апынуўся ў Крайску. Калісь-нікалісь у Даўгінава прыходзіў. Ды так, што мой тата калісьці чаляднікам-краўцом працаваў у Мінску! Яны ведаліся, адзін аднаго зналі, Юдэль часта наведваўся да нас у хату…
Ён майму тату гаворыць:
— Габелька, слухай, Мінск — такі пекны, добры горад. Або Масква ці Пецярбург — такія ж гарады, ды ніякага тытула не маюць. Зэвічы — балотнае маленькае мястэчка — тытул мае: Рэб-Зэвічы называюць. Няўжо яны дастойны, каб тытул “Рэб”[8] насіць?! (М. Рубяжэвічы[9].) Хфаетон глянцаваны, карэта сіняя, на якой паны, князі раз’язджаюць, у каторых чацвёрак альбо шасцёрак коней, як ільвы, запрагаюць. Такіх без тытулаў называюць — проста “карэта”, або “фаэтон”. Простая драбіна, складзеная з чатырох палак на чатыры калёсы, і пара простых дошак, на якіх гной смярдзючы возяць, — гэта тытул мае: яго панарадам называюць. Ён пан і рад… (Панарад[10].)
Адночы ўвосені, апоўначы, Юдэль узабраўся за цмэнтажам у касцёл, ухапіўся за ўсе чатыры вяроўкі і давай сваёй шалёнай сілай цягаць. Званы моцна разам зазванілі. Выскачылі людзі, набеглі, і ксёндз прыбег. Думалі — трывога, мо пажар ці што. Нічога не відаць, а званы звоняць, равуць, крычаць: “Уставайце, бяжыце, ідзіце!”. Набат б’е, б’е. Ксёндз падбег, ухапіў за вяроўку:
— Стой, што ты робіш, Юдэль?!
— Я народ зазываю. Хай паглядаюць, пазнаюць, ведаюць, што на свеце робіцца. Глядзіце, пане пробашчу, наш Бог нат кепскі. У нас шмат хворых, бедных — усё ад Бога! Праўда?
— Праўда, праўда, — сцвярджае ксёндз.
— Ды колькі ў нас храмых, глухіх, сляпых, калек? Гэта ж усё ад Бога!!!
— Усё ад Бога, — паўтарае ксёндз.
— А глядзіце, які добры, які цудны ваш Бог. Вунь у куточку вісіць на крыжы. Насяры яму на галаву — ён табе анічога не скажа… — сказаў, сам наўцёкі, то б яму ад ксяндза дасталося б. (Хоць выраз няпекны тут, але… так яно.)
Аднойчы Юдэль папа спаткаў. Ён да яго хутка з запытаннем падышоў:
— Святы айцец, вы чулі гэту навіну?!
— Якую? Я навін ніякіх не чуў… — адказвае поп.
— Гэта ж на Гродзеншчыне вялікі быў пажар! Белавежская Пушча ўся згарэла! Датла спалена.
— Праўда? Так згарэла? — здзівіўся поп.
— Праўда-праўда, святы айцец, увесь лес згарэў. Усе птушкі і звяры згарэлі. Толькі адзін поп астаўся.
— Ах ты, акаянны! — поп посах падняў.
Юдка паспеў уцякаць…
В. А. Сосенскі
1964 год
Латвія

* * *

Вечарам на дварэ нешта трэснула. Але, відочне, моцны мароз яшчэ болі[11] сілы набірае. Вось ён і трашчыць.
Вокны замурованыя, рознымі вузорамі асвятляюцца ад хатняй лямпы. Светлы месяц і белы снег блішчаць у белай светласці зімняй ночы.
Стары Янкель ля цёплай грубкі грэе свае старыя плечы, тут жа пры ім на століку вялікая, тоўстая зашмальцаваная кніга ляжыць. Уляпіўшы вочы ў гэтую кнігу, ціхонька без слоў сам сабе чытае. Раптам пачуў: званочкі звоняць, сані дарогу труць, шаруюць.
Стары ўхапіў кажух, зімную бабровую шапку, хутка выбягае з хаты. Цікава, хто гэта едзе? Мо нехта зойдзе пагрэцца, закажа самавар? Аж, гэта праўда, так і ёсць.
Пяць фурманак сталі ў ганку ягонай хаты, ездакі пачалі выбірацца з саней.
— Вечар добры, вечар добры!
Абач, гэта ж уся даўгінаўская знаць едзе!
— Куды вы гэта?!
— У Докшыцы. Паязджайце і вы з намі, рэб Янкэф.
— А што там такое, каб і я з вамі ехаў? — пытае Янкель.
— Туды прыехаў Боал-шэм-тоў (прапаведнік). Паслухаем святое слова, пачуем, што скажа.
— А што мне слухаць? — кажа стары Янкель. — Вядома, скажа, каб я Бога баяўся! Дык мае суседзі цёнгля гэта гавораць. Я яшчэ сплю раніцай, і сонца спіць, а тут ужо стук у вакно, у дзверы. “Хто?” — пытаю. — “Янка Дубок”. — “Што хочаш?!” — “Янкелек, бойся Бога, дай келіх водкі, жонцы зубы забалелі, крычыць гвалт. Ратуй, Янкелька, прашу цябе, памагі”. Ну… раз так чалавек просіць, трэба даць. Вось даю, а ён кажа: “Гасподзь Бог падзякуе табе, Янкелек. Ён сваім дабром табе адкажа”. Зараз Язук Воўк прыходзіць: “Сцеражы Божа цябе, Янкелек, толькі маёй жонцы не кажы, я нат выпіць хачу. Мне надта ўжо жывот баліць”, — і абаімі рукамі трымаецца за жывот. — Дай паўквартачкі, бойся Бога, дай”. — «Які ж ты дурань, Язучок, каб я тваёй жонцы не казаў! Ты вып’еш паўквартачкі, зараз ап’янееш, жонка ўбачыць цябе п’яным, скажа: “У Янкеля напіўся, свіння гэтая!”, і ўсё!» — “Ей богу, не скажа, я і п’яным не буду, бо ўсё не вып’ю, я трохі толькі, дзеля хворага жывата. Нат баліць…”. А я не даю. Ён пачынае кленчыць, прасіць, усе малітвы нашыя і іхнія мне прачытвае, ды кожныя рэчы ўсё дабаўляе: “Ей богу”, “хавай божа”, “сцеражы бог”, “дай бог” ды “будзь здароў”, ды “за боскай ласкай”, “боскай міласці”, “боскай волі” і г. д. Нашто мне патрэбен ваш Боал-шэм, калі ў мяне тут у вёсцы болі ста такіх прапаведнікаў ёсцека, толькі дай выпіць гарэлкі, піва — во і Бог!
Праслухаўшы ягоную гутарку і насмешку, не рады былі, што астанавіліся ў Бубнах. Няхай бы трохі далей ехалі б — пагрэліся б у Крыпулі. Але ўжо няхай.
Абагрэўшыся, выйшлі з хаты, казалі:
— Эпікэйрэс!..
“Эпікэйрэс” — грэцкі філосаф-атэіст Эпікур (341 — 270 гады да н. э.). Няверуючага ў Бога называюць “эпікэйрэс”. Янкель “эпікэйрэсам” не быў. Ён толькі жартаваў. Але ў яго жартах чулася ісціннасць жыцця.
1878 год, Даўгінава.
Са слоў Шлёмкі Алейніка запісаў В. Сосенскі.
1910 год. Даўгінава
Віленскае губерні
Вілейскага ўезду
 
ВОСЬ І ПАГАДЗІЛІСЯ
 
Раз на год Хілька ехаў у Мінск. Накупляе старой вопраткі, ласкутоў, лакцявога тавару[12], прывязе, параспорвае, перашые, начысціць, зробіць як новае, а каторае — яшчэ лепш новага. Тады шые шапкі і выносіць на рынак, у кірмашовы дзень прадае. Людзі купляюць.
Да гэтага яшчэ адна прафесія была ў яго. Ён быў бадхенам[13]-музыкантам, на шмат струментах умеў граць. Бадхен, або маршалак, на вяселлях бавіў гасцей, у яго без ліку шмат было анекдотаў, казак, песень, яны нат цікавымі былі. Бо некаторыя з гэтых бадхенаў таленавітымі паэтамі былі, і незадарам духавенства іх не любіла, кепска адзывалася пра іх.
Вось і было здарэнне. На адным вяселлі былі рабін і бадхен. Абычна рабін хоча выказаць свае духоўныя узважванні, каб яго прамова мела эфект як рабінскае нравапавучэнне. А бадхен (яму ж трэба сабе хлеб зарабляць) хоча народ угодзіць, удзівіць, сваё мастацтва паказаць. Вось меж абаімі спрэчка пачалася. Бадхен улавіў добры мамэнт. (Калі рабін ужо добра ў злосці раз’ярашыўся.)
— Добрыя, мілыя сваты, я вам маленькую казачку скажу.
— Кажыце! Кажыце! — усе грамадой закрычалі.
— Паслухайце. У адзін дзень памерлі два чалавекі: рабін і бадхен. Рабін, як-ніяк, асоба духоўная, яму дарогу ўпярод, а бадхен што ж — пусцяк, бязбожнік і г. д. Але на той свет абое разам прыйшлі. А там ужо, як вядома, туды прыйшоўшы, ужо грэшны, як той казаў, у карчме і бані ўсе роўныя дваране. Але ж усё-ткі і там сумленне маюць. Да пана рабіна спачуцця і ўважэння болі, чым да няшчаснага бадхена. Вось, зразу нас асудзілі, мяне і яго, — на агонь абаіх! Мне як бадхену казалі дроў прынесці, а я ж — спрытны, лёгкі. Так, дровы ўжо гатовы, толькі дыхту дай. З уважэння да рабіна яго на дровы палажылі, а мяне на скавараду. Вось рабін і гарыць! А я пражуся… Ён гарыць, а я — пражуся. Эх! Добра… Ці гэта не жарт?! Скажыце, мілыя сваты?!
Ад такой казкі ўсе як зарагаталі. Рабін ухапіў шапку ў выхапку, хутка дахаты паплёўся. Вось і Хілька, бывае, скажа такое, што расплачуцца, загалосяць усе. Альбо зноў як заверне што-небудзь жартаўлівае — усе як засмяюцца, аж за дзясятыя рэбры хопіць…
Вось цяпер ён на кірмашы. З дошак — нібы шафка з паліцамі, на якіх шапкі ляжаць. Сам пры баку стаіць, пакупнікоў жджэ. Падыходзіць вясковы чалавек, бярэ шапку, кладзе сабе на галаву, тады другую аглядвае, прымярае. Сышліся на цану. Вынуў грошы, заплаціў і з новай шапкай у руцэ пайшоў.
Праз хвілю чалавек з шапкай вярнуўся:
— Хілька, бач: у шапцы — дзюрка!
— Гэта не дзюрка, гэта лах!
— Ага, — кажа той чалавек, — што ў мяне дзюрка, у цябе лах — дай бог, каб ты апух…
Праз некалькі месяцаў у мястэчку вяселле граюць. Багаты гандляр дачку выдае. З розных мястэчкаў і вёсак шмат гасцей прыехала. І той мужык у Хількавай шапцы з дзіркаю таксама тут. Яго там, дома, нанімалі сватоў прывезці сюды ў вяселле — у яго якраз быў добры конь, ды грошай хацелася трохі падзарабіць. Вось і ён тут.
Народу шмат, музыка грае, Хілька ў барабанчык б’е-б’е, ды калі ёсць патрэба — ён свае сказы сказвае, песні пяе. Музыканты акампануюць. Весела, як ужо ў вяселлях бывае. Той вясковец заўважыў, што Хілька трошкі падпіўшы ды ў нат добрым настроі, ззаду падышоў, зняў з яго галавы шапку (у хаце яўрэі ў шапках сядзяць), а сваю, калісьці ў яго купленую, яму на галаву паклаў. Сам — убок, адвярнуўся. Музыканты гэта заўважылі, але нічога не казалі. А другія заўважылі, што ў Хількі не тая шапка на галаве, думалі, мо які жарт ён хоча тут спраўляць. Раптам Хілька агледзеўся, зняў шапку з галавы, пакруціў туды-сюды: знаёмая шапка.
— Ага, спомніў: гэта не дзюрка, гэта лах!
А мужык адказвае:
— Каб ты здох за гэтакі лах!
— Ідзі, — казаў Хілька, — у маёй шапцы дахаты, ідзі!
Вось і пагадзіліся.
Даўгінава,
1902 год
 
ЖЫДОЎСКІЯ ЖАРТЫ

РУБЕЛЬ У ХАЛЯВЕ

Дароў не прынімай, таму што дары
сляпымі робяць відушчых.
                                   Ісход 23:8
Гэта помніць рабін. Так святым Майсеем напісана.
Але рабін нат бедна жыў, ды сямейка яго немалая была. І нядзіва: яго даход нат мізэрным быў. З чаго жыў чалавек? Калі па ўмове з кагалам (кагал — грамада, обчаства) ён прадаваў соль, дрожджы і шабасовыя свечы, на што была ўстаноўлена цана — напрыклад, соль у краме каштуе дзве капейкі гарнец, — яго цана: тры гарцы — сем капеек. Дражджэй у краме каштавала тры капейкі лот, рабіна цана: тры лоты — сем капеек. Такая ж цана і на свечы. Бедны не мае гэтых капеек рабіну пераплачваць. Ён за дзве свечкі не шэсць капеек плаціць, а толькі пяць. Вот і жыві на свеце ды выслухвай гэтых бедных, іх скаргі і жаль на беднасць і гора, але ад багатага, як-ніяк, рабіну капейка прыпадае, інакш саўсім прапаў бы.
І вось здарылася, што бедны Бэрка багатага Айзіка да рабіна на суд пазваў.
Рабін сядае за стол перад вялікай тоўстай кнігай. Бэрка сваю скаргу апавядае. Айзік чуе і думае: “Гавары, гавары, я зараз у рабіна праўду адкуплю”. Нагнуўся, быццам нос у хустачку высмаркаць, і сунь рабіну ў халяву вялікую манету. Гэта манета пачала рабіну муліць і нагу, і сэрца. Ён думае: як быць? Закон-закон, а ў бот з шырокай халявінай нешта ўвалілася. Пэўна, рубель. Што можа быць менш рубля?! І ён, нягледзячы на грэх, асудзіў як за срэбнага рубля. Паміраныя, хоць не ў згодзе, пайшлі. Рабін хутка разуў свой бот, адтуль выкаціўся вялікі мядзяны пятак — во табе рубель за няпраўду.
— Ах ты, лайдак! — крыкнуў рабін.
Жонка аж спужалася яго крыку і заплакала…
З народных анекдотаў
 
ЯЎРЭЙСКІЯ ЖАРТЫ

Па яўрэйскаму закону ў суботні дзень праца забаронена. Рабіць нічога не можна. Проста не пазволена. Святы дзень адпачынку. Пагэтаму ён “шабас” завецца. Рабін, папалудніўшы, лёг паспаць трохі.
Прачнуўшыся, устаў, памыўся, азяўся кнігу вялікую чытаць, вучыць.
— Ах, някепска было б склянку гарбаты цяпер выпіць.
Ён ціха падняўся са свайго мейсца, трохі пазяхаючыся, залажыў рукі на галаву сабе і гучна сказаў:
— Ой, Госпадзе Божа наш, якія ты нам добрыя законы саздаваў: у суботу сказаць “Ульяна, пастаў самавар!” — і гэта таксама нельга.
На кухні Ульяна, пачуўшы гэтыя словы, зразумела, што рабін хоча гарбаты папіць. Яна зараз парупілася паставіць самавар, і паставіла гарбату з цукрам на стол:
— Піце, рэбе.
Рабін павольна браўся піць.
Закон так і гаворыць: загадваць працу ў шабас, хоць бы і няверуючаму, — няможна. Але калі слуга-неяўрэйка нешта зварыла ці спекла для сваёй карысці, без усялякага загадвання, і сама з гэтага паспрабавала піць, есці і т. п. — тады з гэтага кожны можа есці і піць і г. д. у гэтым выпадку. Рабін без загадвання смела, бязгрэшна піў гарбату.
Ёшке Мэйшкес (Купершток)
Даўгінава, 1922 год

РАБІНА, КАРОВУ ЦЯГНІ!

У суботу прыбеглі хлопцы з крыкам да рабіна. Пытаюць:
— Рэбе! Што рабіць? Карова ўгразла, толькі рогі відаць. Зараз прападзе! Сягоння — шабас, ратаваць — можна? (Шабас — субота.)
— У суботу рабіць, дзетачкі, нічога нельга, нельга!
— Рэбе! Гэта ж ваша карова!
— Мая???
— Ага, ваша-ваша! — адказваюць.
— Бяжыце, дзетачкі, хутчэй, хутчэй ратуйце! Прападзе — дзе вазьму грошы другую купіць?! Ратуйце, дзеткі! Рабіна карову трэба ратаваць, цягніце!
Эля Мэер, шавец
Даўгінава, 1900 год

* * *

Дзяцюк, прывыкшы курыць.
У суботу нельга, а яму карціць.
Надта хочацца курыць,
каб папяроску запаліць.
Здаецца, не закурыць —
зараз памрэць.
Хутка пабег да рабіна.
— Скажыце, рэбенька, мне надта хочацца курыць. Пазвольце хоць адну папяроску выкурыць.
— Як табе гэта пазволіць, калі ў Бібліі ясна сказана: не паліць агонь у суботні дзень. Ён святы дзень, Госпаду твайму. Нельга курыць.
Дзяцюк, нічога не казаўшы, пайшоў дахаты…
Праз нейкі час гэтаму ж дзецюку давялося ў суботні дзень прайсціся каля рабіна хаты. Вялікае дзіва ўбачыў дзяцюк: рабін ляжыць на канапе ды курыць люльку з доўгім цыбуком.
— Ай, рэбе, што вы робіце! Вы мне казалі: нельга курыць, калі я вас пытаўся. А самі курыце. Гэта ж субота!!!
— Я ж нікога не пытаюся, — паступіў адказ рабіна.
 
* * *

Вайворэх-Довід —
осур-л-дабыр
сус пабег —
гэта ранішняя малітва[14].
Вайворэх-Довід —
Давід благаславіў.
Шлёмка ездзіў за дарогу, паўз школу, чуе: там Богу моляцца. Вось ён каня прывязаў да паркана, зайшоў памаліцца. Тым часам нейкі хлопец адвязаў каня. Конь пайшоў.
Закон такі: пры маленні можаш рухацца, сядзець, толькі нічога другога апроч малітвы не загаварыць. А тут конь пабег. Першы ўбачыўшы, падышоў молячыся, гаворыць гучна:
— Вайворэх-Довід — сус попех!
“Сус” — конь. З гэтага і асталася пагаворка: “Асур-лядабэр сус пабег”, “Осур нэльга дабэр”. Гэтакае яшчэ інасказаніе, каб другі не зразумеў, таксама гаворыцца: “Осур адабэр, сус пабег”. Ты, мол, разумей сам.
 
ДВОЕ Ў ДАРОЗЕ

Ходзяць разам, гутараць. Адзін пытае:
— Адкуль азялася гэтая пагаворка: “Цыган злодзей, а жыд круцель”?
— Хіба ты не ведаеш? — пытае другі.
— Не, не ведаю… — адказвае першы.
— Вось скажу. Калі раскрыжавалі святога Езуса на крыжы, не хапала цвікоў. Жалеза нат у вялікай было цане. Тым, што займаліся ўкрыжаваннем, выдалі ўсяго чатыры цвікі. Якраз у тую хвілю каля іх прайшоў цыган, і тут жа… Пачалі прыбіваць Езуса да крыжа. Прыбілі рукі, агледзеліся, што не хапае аднаго цвіка. Во, бяда, як быць?! Не ведаюць, што рабіць пачынаць! Раптам з’явіўся жыд. Вось папрасілі парадзіць. Ён засмяяўся і, смеючыся, азяў адну нагу, залажыў на другую і казаў: “Во, тут прыбівайце”. Так і зрабілі. З таго і пагаворка: “Цыган злодзей, жыд круцель”. Цыган сумеў цвік украсці, а жыд зразумеў нагу закруціць.
— Калі ўжо гэдак, дык кажы мне і аб гэтым: а чаму на крыжы голы, ні ў чым не апрануты, толькі фартухом наперадзе прывязаны ў паясніцы? А рукі выцягвае ў баках, нібы нічога не ведае, ад нечага адказваецца?
— Ведаю, братка, ведаю. Слухай. Гэты Езусік быў такі святы, як усе людзі святыя на зямлі. Ён гандляваў яйкамі. Думаеш, чаму на Вялікадня так многа яйцаў спажываюць, іграюць у яйкі і г. д.? Раз ён ішоў лесам, прадаўшы яйцы, на яго напалі бандыты, распранулі яго — шукалі грошы. Ён хутка выхапіў хустку і павязаўся ёю, а рукі расцягнуў, кажучы: “Грошы не маю, яйцы не дам”. Раптам нехта з бандытаў даў яму па галаве. Ён у гэтым выглядзе і астаўся. Так яго застыўшага павесілі, і яго гэты выраз вякуе ў вяках: “Амін”. Разумееш?
— Ага, гэта можа быць.
З народных апавяданняў
В. Сосенскі
Ікшкіле, 1964 год
 
 
У ЧАС ПАГРОМУ Ў ДАЎГІНАВЕ 1886 ГОДУ

У Наткаву хату ўварваўся Казімер, які перш быў заўсягдатаем у Наткавай хаце. Простым сябрам быў, а цяпер грабіць, ламае, б’е, ірве і г. д.
— Што ты робіш? Хіба Казімер звар’яцеў??? — запытаў Натка. — Як ты гэта сабе пазваляеш, Казімерка?
— Маўчы, Натка, маўчы. Сёння і Казімір не Казімер.
Даўгінава, 1886 год
 
* * *

У часе рэвалюцыі 17 года амаль што кожны стараўся быць партыйным, нават буржуі прыкрываліся маскай партыйнасці.
Некалькі хлапцоў з дзяўчатамі пасля працы йшлі на мітынг. Па дарозе йдучы, абмяркоўвалі некаторыя пытанні сучаснасці. Вось, дарэчы, адзін другога запытаў, да якой партыі той належыць.
— Я бальшавік.
А другі адзываецца:
— Я меншавік.
Трэці называе сябе эсэрам, а чацвёрты замоўк, не называў партыйнасці. Запыталі дзяўчыну Лэйку, хоць ведалі, што яна ярая бальшавічка.
— Я да яго партыі належу, — паказвае рукой на маўклівага.
Можна было падумаць, што яна збіраецца з ім свой лёс звязваць — хоча, здрадніца, калі гэдак ужо адказвала. Аж не! Тады ў таго хлопца раптам расчыніўся рот, і ў яго гутарка знайшлася:
— Мая партыя, — кажа ён, — К.В.Д.
Гэта ўсіх здзівіла. Дагэтуль назвы такой партыі ніхто не чуў.
— Ёсць такая? — пытаюць.
— Ёсць! — адказвае Лэйка. — К. — Куды. В. — Вецер. Д. — Дзьме.
Усе засмяяліся, і Лэйка працягвае казаць:
— У такіх якая ўлада — такая парада. Сёння бальшавік, заўтра меншавік, паляк або Калчак, як той мужык, меўшы толькі аднаго кажуха, як мароз, калі суха, ходзіць у гэтым жа кажусе, а калі дождж лье — выварочвае на другі бок і ходзіць у ім, як мядзведзь. Яму добра, цёпла і суха, не баліць галава, ні бруха.
Чуў ад сваёй Лэйкі.
Запісаў В. Сосенскі
 
* * *

На рынку спаткаліся Лэйба-рымар з рэвалюцыянерам Ягелам Пятром. Стары васьмідзесяцігадовы Лэйба не разумее:
— Што вы прычапіліся да нашага цара Міколы, яму спакою не даяце? Усё крычыце: “Далоў цара, далоў цара!”. Чым ён такі кепскі? Другі на ягоным мейсцы горшым быў бы, а ён — падумайце, які добры. Да нас ён не ходзіць, з намі не гаворыць, мы навуд не бачым яго і не ведаем яго. Хай жыве, пакуль сам прападзе. Зачым яшчэ крычаць-ганяць, я не разумею…
— Шкода, рэб Лэйб, так доўга ўжо пражылі на свеце, і яшчэ свайго цара не ведаеце. Як тая Ганна казала, сем гадоў нявестка ў хаце, і не ведала, што сучка без хваста. Каб вы ведалі, колькі людзей гэты камар пакусаў, колькі ў вастрог пасадзіў, у дзяцей хлеб адбіраў, бацькоў расстраляў, на катаргу паслаў! Ён крывапівец, свет губіць. Каб яго хутчэй пагубіць — людзям вальней трохі будзе жыць.
— Ах, калі гэдак — і я з вамі вайду, ей богу пайду… — з усёй моцы сваёй старым хрыпотным голасам закрычаў: — Далоў цара! Далоў! Каб ён так меў сілы жыць, як я маю сілы крычаць! Ура, ура!!!
З народных апавяданняў
В. Сосенскі
Даўгінава, 1905 год

* * *

Дэманстрацыя, вялікая дэманстрацыя. Шмат народу йдзе, транспарантаў-сцягоў шмат нясуць, гучна песні пяюць. Народ вясёлы, баявы, бадзёры. Ідуць!!!
Васьмідзесяцігадовы Рахміэль, чалавек слепаваты, глухаваты, ледзь ногі валачэ. І ён тут жа, і яму дэманстрацыя трэба, шлёпаецца за натоўпам, ідзе…
— Чаго ж вы ўдзельнічаеце ў гэтым руху? — яго запыталі.
Ён адказвае:
— Ведаеце, маю хутка паміраць. Прыду туды на той свет, мяне запытаюць, скажуць: “Рахміэль! У цацалістых быў? З цацалістамі на дэманстрацыі хадзіў? Гэтае змаганне, барацьбу бачыў?” Скажу: “Не, не бачыў”. Тады скажуць: “Рахміэль! Ідзі назад, паступай у цацалісты, паглядзі!” А як я адтуль вылезу??? Пэўна, зямля вылезці не дасць?..
 
КАЛІСЬЦІ ТАКІЯ АНЕКДОТЫ

Служанка ў першы год службы. Ува ўсіх гутарках яна гаворыць усё: “гаспадара хата”, “гаспадара дзеці”, “гаспадараў конь”, “гаспадара карова” і г. д.
У другім годзе яна ўжо кажа: “наша хата”, “нашы дзеці”, “наш стол”, “наш конь”, “наша карова” і г. д.
У трэці год ужо: “мая хата”, “мае дзеці”, “мой конь”, “мая карова” і г. д. Усё ўжо “маё”!
Выбралі дэпутата, далі мейсца ў выканкаме.
Першы месяц ён гаварыў “усё народнае”: “хата народная”, “канцылярыя народная”, “людзі — сябры, браты” і г. д.
Другі месяц ён кажа “ўсё наша”: “канцылярыя наша”, “хата наша”, “стол наш”, “людзі нашыя”.
Трэці месяц ён ужо гаворыць “усё маё”: “хата мая”, “канцылярыя мая”, “стол мой”, “людзі мае” і г. д.
Ён так асвоіўся, што ўсё належыць яму. Хутка яму паказалі, што парог таксама яму належыць.
Г. зн. яго выгналі.
Ікшкіле, 1964 г.
 
* * *

Бедны яўрэй спаткаў багатага, просіць міласці. Ён адказвае:
— Добра, што я не бяру, а ты хочаш, каб я даў!
— Як гэта?! Хіба вы бядней за мяне, што гэдак кажаце???
— Ведаеш, і ў гумне не умне, сёння — багат, заўтра — вінават. Я ж гандляр — у гандлі так бывае…
— Ведаю-ведаю, — кажа бедны, — гандаль даводзіць да банкроту. Але ад банкротаў вы яшчэ не збяднелі, а багацей сталі.
— Багацце такое: сёння маё, заўтра тваё…
— Дык давайце хутчэй мяняцца, чаго яшчэ заўтра чакаць?!
 
ЯК І ШТО

Мужык гарадзіў свой сад. Па вуліцы йшоў пан. Падышоў, пачаў лаяць мужыка, крычаць: “Не так гародзіш” і г. д. Абрыдла мужыку панская лаянка. Ён не вытрымаў, даў пану колам. Пан паваліўся. Справа найшла сваё мейсца ў судзе.
Суддзя пытае мужыка:
— Ну… скажы — як?!
— Як? Проста так. Як мог, ад галавы да ног.
— Не разумею, — кажа суддзя.
— Як разумеў, так калы ставіў: укопваў, убіваў.
— Ну… далей — што?
— Кол стаіць моцна, яго з мейсца не скрануць.
— А пан што?
— Пан??? Во, ён жывы, як той кол стаіць.
Суддзя, зразумеўшы, сказаў:
— За такія справы няма закону судзіць. Проста не лезь куды не трэба, у чужыя справы не мяшайся, панок, а то дастанеш і другі разок.
В. Сосенскі
 
ЖЫД — СПЯШЛІВЫ, ЖАБРАК — СМЯШЛІВЫ,
А ПАН — ПАРШЫВЫ-ХЦІВЫ

Янука Красоўскага, багатага мужыка з вёскі Навасёлкі, ведалі ўсе ў ваколіцы Даўгінава. Ягоныя коні таксама вызначаліся асобай выдатнасцю проціў другіх. Бывала, калі ён у святочны дзень да касцёла едзе — коні так шпарка ідуць — зямля пад іх капытамі аж трызніць-дрыжыць. Зато ж ён ніколі пешага не браў пад’ехаць, любога небараку без літасці ад свайго воза пугай ганяў…
“У злодзея ўсягды на свае грахі апраўданне знаходзіцца”. Ён гаварыў:
— Жыду і жабраку я на свой воз сесці не пазваляю.
— Чаму?!
— І пытацца няма чаго! Жыд заўсягды спяшыць, як сядзе — зараз пачне каня клясці, хоць той яго задарма возіць. “Каб здох!” — скажа. Жабрак — шмяшлівы, як узбярэцца на воз — зараз так падпусьціць, нагодзіць, хоць сам з возу злязай, яму каня аддавай, сам уцякай. Пагэтаму зарокся браць каго пад’ехаць.
Гэта логіка хцівага-паршывага ганарыстага дурня-хвастуна: я, маўляў, багаты, нікога не прызнаю, я добрых коней маю, пяшком не шугаю. А вы жабракі, ся….!
В. Сосенскі
Даўгінава, 1910 год

* * *

Аднойчы вясною суседзі Хаім і Мотка між сабою за мяжы ліхую спрэчку завялі. Ды такую злосную, што да бойкі справа дайшла. На іх крык шмат людзей набралася. Усе нібы іх пагадзіць хацяць. Вось двое ўхапілі Хаіма, трымаюць, каб не лез да Моткі кулакамі! А яшчэ двое трымаюць Мотку!
Як адзін, так і другі рвуцца. Адзін да другога крычаць:
— Усё, пусціце! Я яго задушу!
Така ж і другі рвецца — здаецца, як пусцяць альбо як вырвецца — бог ведае, што зробіць. Пэўна, уб’ець…
Мацей Місун з вёскі Узляны ішоў у мястэчка табакі купляць. Вось і ён падышоў гэту дзіўную бойку паглядзець.
— Дурні, — кажа ён, — чаго вы іх трымаеце?! Пусціце — забачыце, як адзін другому нічога не зробяць.
А гэтыя рэзвяцца, ірвуцца, крычаць:
— Пусціце, я яму… Я…
Мацей не вытрымаў, хутка падышоў да адных ды моцна крыкнуў:
— Пусціце! А то… я…
Гэтыя Хаіма пусцілі, другія Мотку таксама. Яны сталі абое, не ведаючы, што рабіць, засаромеліся і бягом у хату. Прысутныя “гура!” закрычалі, і вайне канец.
В. Сосенскі
Даўгінава, 1907 год
 
* * *

Стары, што ўжо дваццаць гадоў у другім веку жыве. Ён ужо глухі, сляпы і сагнуты. Але не трымаць жа жывога чалавека ў хаце з тым. Трэба штодзень выводзіць яго на свежым паветры асвяжыцца.
Вось прапраўнук, можа, пятага пакалення, гадоў дзесяці хлапец, яго за руку вядзе. Ходзяць паволі па вуліцы. Раптам хлопец стаў. Дзед пытае:
— Што стаў?! Пойдзем далей!
— Вяселле, дзедушка: людзей шмат, музыка грае.
Дзед не чуе. Хлапец узапор паўтарае:
— Дзедушка, вяселле! Музыка грае! Народу шмат! Да шлюбу йдуць!
Ледзь дзед дачуўся, што хлопец казаў. Тады ён забедаваўшы, качаючы галавой сказаў:
— Ай-яй, ім яшчэ ў галаве гэтая дурасць?! Ай, ай, ай…
Ад Мордуха Маркмана запісаў В. А. Сосенскі
Даўгінава, 1924 год
 
ХІЛЬКА-МАНЮКА

На прызбе мужыкі сядзяць, балакаюць-гамоняць. Дзеці круцяцца, танцуюць, гуляюць, пяюць. Раптам Хільку ўбачылі. Закрычалі:
— Жыд ідзе! Жыд ідзе!!!
Хілька прыблізіўся, падышоў і кажа:
— Хіба я жыд? Я ж Хілька!
Старыя мужыкі, добра ведаўшы Хільку, пачалі прасіць:
— Хілька, змані што-небудзь, кажы!
— Маніць нельга, будзеш караны богам і царом. Трэба праўду гаварыць.
— Ну, хай сабе праўду. Ды скажы нешта сапраўднае.
— Гэта можна… Я цяпер з горада. Там бачыў нат высокі гмах, ды такі, што яго дах у хмары ўпіраецца й так, ведаеце, упіраецца, што аж пацямнела, нібы не відаць. Там надта цёмна, аж зацёмна. Вось там ляцела карова, села на той дах, знесла яйка, а яно зараз скацілася, разбілася — з адной — два зрабілася. Ды як яны на зямлі апынуліся, з іх два жарабяты зараз радзіліся. Наш пан Зладзінскі-Халімскі-Ерусалімскі хутка жарабят ухапіў за хамуты ды ў свой хваетон запрог, каб ён здох! Сеў ехаць. Толькі лейцы азяў, раптам карова злезла з даху, звалілася, зламала сабе рог. Ды пану рагамі дала па плячох. Ён ледзь успеў пабегчы, схавацца — а ведаеце, куды? — да Хаіма на печ…
Ну, скажыце, ці гэта не праўда??? Амінь.
Ад самога шапачніка Хількі запісваў В. Сосенскі.
Даўно-даўно, ад не помню, калі гэта было.
 
* * *

Хілька зайшоў у Стаматалагічны інстытут, просіць, каб яму ўставілі зубы (пратэзы). Ён ужо дваццаць гадоў пенсіянерам, усе зубы ўжо выкрышыліся, есці не можа — няма чым. Яму адказваюць:
— Дзядушка! Усе студэнты на канікулы выехалі. Дактары таксама нат занятыя. Чакайце восені.
— Як думаеце, — пытае Хілька, — я да восені дажыву?! А можа, зараз памру. Ды спросяць мяне там: “Хілька, дзе твае зубы?!” — Скажу: “Аставіў там, на зямлі, дзе жыў”. — “Вярніся назад, прыйдзі сюды з поўным ротам, з зубамі!” А як вылезу з-пад зямлі? Зрабіце мне зубы, калі ласка!
Ад Міхайлы Хітрылы запісаў В. Сосенскі.
Вёска Мільча Барысаўскага павета,
1930 год
 
* * *

Дзеці з вялікім крыкам дахаты прыбеглі. Ды нат здзіўленымі.
— Мама! Тата! Каб вы чулі! Сягоння наш рэбэ Доля матам вылаяўся!
— Як гэта? — пытае тата.
— Прыйшоў камінар, Гэвэса сын Аблём, вычысціў комін і просіць, каб рэбэ яму за працу плаціў рубель. Якраз у рэбы грошай няма. Наш рэбэ бедны. Ён кажа: “Пачакай трохі, я табе пасля заплачу, цяпер грошай няма”. “Маць тваю маць! — Аблём закрычаў. — Дай грошы! Мне трэба! Дай, не магу чакаць!” Ды “маць” і “маць”. Рэбэ зазлаваўся ды як крыкне: “Богроб тваю маць з бацькам разам!” (Г. зн. “Пахавай тваю маці з бацькам разам!”) Мы засароміліся і ўсе са школы ўцяклі. Во як…
Хоць не пекная штука, але з песні слоў не выкідай і гэта мае быць запісана.
В. А. Сосенскі
Даўгінава Вілейскае
 
 
ТЭВІЯ І МОТКА

Мотка:
— Хто там ездзіць, што за пыл які? Глядзі.
Тэўка:
— Чорны конь? Белы сабака? Гэта мой тата.
Ёшкэ Мэйшкэс,
вёска Ніўнае, Барысаўшчына.
Жарт запісаў В. Сосенскі
1921 год
 
* * *

Жартаўнік па-яўрэйску завецца “лэц”.
Аднойчы адзін другога пытае:
— Слухай, усе кажуць, што Шмэрка — вялікі лэц (жартаўнік)! Што будзе ягоны тата?
— Яго тата? Падлец…

* * *

“Два японцы ў Манчжурыі”. Гэтых слоў грубая Рыва не магла выгаварыць. Яна кажа ўсё:
— Цвэй японцэс ін Майнджурэ.
Даўгінава, 1904 год
 
* * *

Янка:
— Калі ў вас будкі тое вясёлае свята, што “шалёныя дзяды завецца”? Як хлеб памалоцяць?
— Янкель:
— Хутка будзе. Зайдзі ка мне, зробім алхаім.
(Лхаім, г. зн. “на здароўе” — проста выпіць трохі.)
 
СПРЭЧКА (І)

На вазу сядзяць: Янка — вазак і Ціра-Лэя — чурак. У Мінск за таварам едуць. Седзячы на вазу заснулі — абое спяць. Конь пачуў, што седакі спяць — дык і ён стаў, і ён спіць…
Нейкія людзі ззаду наехалі на спячую стаянку. Нехта з іх спячаму каню даў пугай па спіне. Конь ад неспадзяванкі са спуду раптам воз ірвануў! Воз скалыхнуўся, седакі прачнуліся.
— Аяй-яй, і тры вярсты не праехалі мы.
— Яначка, змілуйся, паганяй! — просіць, крычыць Ціра-Лэя.
— Добра, паганю, паганю. Але ты не спі, — кажа Янка.
— А я ж цябе нанімала вязці мяне — так ты не спі!
Гэдак слова за словам, моцна пачалі сварыцца.
Ім насустрач стаў знаёмы Хаім.
— Чаго вы сварыцеся? — пытае ён. — Што за спрэчка?!
Абое яму сваю крыўду вылажылі-сказалі.
— Добра, кажа Хаім. — Ведаю, але я не суддзя. Трэба каня запытацца, што ён скажа. Не так?
Запыталі.
— Ведаеце, васпане, — кажа конь, — яны абое мне досыць ужо дакучалі. Я пытаю гаспадара: “Куды ехаць? Куды ісці?”. Ён адпавядае: “Не ведаю”, жме плячыма: “Не ведаю”. Я пытаюся ў Ціры-Лэі, седачыхі: “Куды ехаць?”. І яна кажа: “Не ведаю”. Ну, мае мілыя, калі вы не ведаеце, чаму мне ведаць? Вы заснулі, чаму мне не спаць?
Ад Янкі Ягелы запісаў В. Сосенскі, Даўгінава

 
СПРЭЧКА (ІІ)

Аднойчы Воз з Санямі сардэчна загаманілі.
— Каму лепей на свеце жыць? — запытаў Воз.
— Пэўна, табе, — адказваюць Сані.
— Не, — кажа Воз, — іменна табе. Ты гуляка, а я — сабака. Думаеш, мне добра трымаць на сваіх плячах па трыццаць-сорак пудоў? Ды цягайся па камянях, па пясках і балотах! Ды скупы гаспадар шкадуе трохі каламазі, каб хоць трошкі мякчэй мне было, каб мне скрыпаць-рыпаць-стагнаць не прыйшлося. Ды сушыся па дарогах усё лета — думаеш, жартачкі!!!
— Ай, ай, — кажуць Сані, — што табе трыццаць-сорак? На мяне ўдвая болі кладуць, а ты дурня цягай, цярпі пад цяжкай паклажай. Добра, калі ё снегу, а калі няма яго — як тагды?! Ай, як мае бакі мне баляць — тагды я крычу, крычу, і што? Нічога не лепшае.
Гэту іх спрэчку пачуў чалавек.
— Што вы, дурні, спрачаецеся? Спытай каня — ён вам скажа.
Добра, пагадзіліся спытаць каня. А ён кажа:
— Вы, абое, даяцеся мне ў знаку. Каб вас абоіх не ведаць!
Ад Мордкі Лазеўніка
В. Сосенскі
1921 год, Даўгінава
 
ЯЗУК І ШЛЁМКА
З цыкла “Суседзі”

— Шлёмка! Пазыч мне ўвясну — аддам увосені, добра? Пагаворкі кажуць: хто вясною пакладзець — той і ўзімку найдзець, і хто вясною не сеець, увосені — збярэць. На таку малаці, на млын вазі, з млына — у клець. Жонка хлеба і аладак напячэць.
— Што пяеш? — пытае Шлёмка. Кажы, што табе трэба! Табе збожжа, насенне сеяць пара і пачаць няма з чаго.
— Гэдак, — адпавядае Язук, — восенню ўсё танна, вясною — усё дорага, купляць не за што. Во і жыві, ідзі шукай, дзе ў каго каб пазычыць на восеннюю аддачу… Не так, Шлёмачка?
— Так, так, што табе трэба?! Кажы — што, як не памагчы? — гаворыць Шлёмка.
— Дай, калі ласка, гароху троху, бобу ля вантробу, ячмені паўжмені. Авёс, каб добра рос. Каб не ліха, дай і грачыха. Бульба на аладкі — і рахунак гладкі. Добра?
Адважылі таго-сяго — разам пудоў з дзесяць, толькі каню не павезці. Усё злажылі на воз, з зімы конь худы, ледзь павёз. Дзякуй богу, — думае Язук, — усёж-ткі — воз. Радасць на душы: ёсць чым пасеяць, будзе што пажынаць…
Шлёмка замаркоціўся, збедаваўся: а бадай ці нешта вырасце. У гэтага Язука конь слабы, сахі сваёй няма, у бараны аніводнага зуба. Карова не доіцца. Жонка хварэе. Працы шмат, а ён — адзін, як пень. Шкада, шкада чалавека. Вось я яму даў, пазычыў, памог. Хай карыстаецца на здароўе, хай спажывае. Нічога, боскі лёс нядарам чорта за вушы трос. Вырасцець чалавек рупны.
Вясну зязюлька прызязюліла, пракукавала, дзетак нагадавала, па свету іх разаслала:
— Ідзіце, дзеткі, у свет, глядзіце толькі — у добры след…
Лета някепскае было: лілі цёплыя дажджы, сонца грэла-сушыла, ветрык падзьмухаў, расіца тлусценькая сцяліла-бяліла. Усё, як надзіва, расло, нам дабро ішло…
Восень як восень, за дзень пагод восем. Ужо — Дзяды, чарнеюць сляды. Малатарні гудуць, на току цапы па калоссях б’юць. Хлеб у клець ідзець. А Язук Шлёмку доўг вядзець.
— Дзякуй табе, Шлёмачка, браточак міленькі, ты мне вясною памог, хай табе паможа Бог.
— Дзякуй табе за добрае слова і дзякуй за доўг. Але ж ты зашмат ужо прывёз! Можа, сабе і дзецям сваім нічога не пакінуў?
— Не! Шлёмачка, браток, бяры, спажывай на здароўе. Гэта — тваё. Бяры і нічога не гамані. А Соры, жонцы тваёй, мая Настуля — во, пэўна, з курыцы гасцінец за тое, што не спрэчыла табе за пазычку, што ты мне даў, як кажуць, у бядзе ратаваў. Дзякуй, дзякуй…
Запісана мною ад Язука Ляшковіча з вёскі Навасёлкі Даўгінаўскай воласці Вілейскага павета. 1929 года

[1] Навет (як і навед) — нават (абл.).

[2] Нат — тут і далей у значэнні ‘надта’.

[3] Кэсэльгардэн, або Кэсэльгартэн — так ідышамоўныя габрэі з Усходняй Еўропы называлі “Castle Garden” (“Замкавы сад”) — кругавы пясчаны форт на паўднёвым беразе вострава Манхэтэн, дзе месцілася першая іміграцыйная станцыя ў ЗША (функцыянавала там у 1855 — 1890 гг.). Цяпер форт больш вядомы пад назвай “Castle Clinton” ці “Fort Clinton” (“Замак Клінтан”, “Форт Клінтан”) і з’яўляецца нацыянальным помнікам.

[4] Лук ін бокс! (англ. look in box) — Паглядзіце ў скрынку!

[5] Бэтлер (betler) сапраўды перакладаецца з ідышу як ‘жабрак’. Тым не менш, у тэксце В. Сосенскі аддае перавагу сугучнаму слову ‘пэдлер’ (peddler) — разносчык тавараў па хатах.

[6] Дэр грынер (ідыш der griner) — зялёны.

[7] Францішканская — назва сучаснай вуліцы Леніна ў XVI ст. — 1866 г.

[8] Рэб (ідыш reb) — ветлівы зварот да мужчыны; параўн. спадар.

[9] Рубяжэвічы — у міжваенны час мястэчка Стаўпецкага павета Навагрудскага ваяводства, цяпер — вёска ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці.

[10] Панарад — калёсы без драбінаў.

[11] Болі — тут і далей: болей (абл.).

[12] Лакцявы тавар — той, які ўжо быў ва ўжытку (галоўным чынам, паношанае адзенне).

[13] Бадхен (ідыш badx(e)n, batxn) — вясельны штукар, маршалак, дэкламатар; аналаг тамады.

[14] Вядома, у кананічным тэксце гэтай малітвы, што ўваходзіць у “Шахарыт”, няма ніякага ‘асур ледабэр’ (іўр. — ‘забаронена размаўляць’) і ‘сус’ (‘конь’). Там тэкст перакладаецца так: “Давід дабраславіў Госпада перад вачыма ўсёй абшчыны”. — Каментар Вольфа Рубінчыка.

Чытайце таксама

Крысціна Бандурына

Крысціна Бандурына

Нарадзілася ў 1992 годзе ў Мазыры.

Маўрыцыё Бліні

Маўрыцыё Бліні

Італьянскі пісьменнік, шмат гадоў працаваў следчым

Антонія Поцы

Антонія Поцы

Генрых Кіршбаўм

Генрых Кіршбаўм

Паэт, літаратуразнаўца.

1560